Цэнтр беларуска-яўрэйскай культурнай спадчыны прэзентаваў VR-рэканструкцыю Вялікай сінагогі ў Ашмянах. Макет будынка стаў чарговым аб'ектам мультымедыйнай экспазіцыі Belarus Shtetl, на аснове якой плануюць стварыць Віртуальны Яўрэскі музей Беларусі.
Папярэдні VR-будынак серыі – Волпаўская сінагога з Валкавыскага раёна – быў паказаны на міжнародных пляцоўках і ўключаны ў пастаянную экспазіцыю Яўрэйскага музея ў Парыжы.
Ашмянская сінагога – адзін з нешмалікіх помнікаў яўрэйскай архітэктуры рэгіёну, які захаваўся, хаця цяпер і знаходзіцца ў занядбаным стане. Сінагогу пабудавлі на мяжы XIX–XX стагоддзя, яна ўваходзіла ў склад традыцыйнага шулгойфа (сінагальнага двара) і служыла важным цэнтрам жыцця супольнасці. За строгім цагляным фасадам дагэтуль хаваецца ўнікальны дэкор: высокі купал з «зорным небам» і задыякальнымі роспісамі. Пасля закрыцця ў 1940 годзе будынак дзесяцігоддзямі выкарыстоўваўся не па прызначэнні, а цяпер існуе толькі адна гістарычная фатаграфія інтэр'еру.
VR-рэканструкцыя створана на аснове гэтага адзінага здымка, архіўных матэрыялаў і аналагічных інтэр'ераў сінагог мясцовасці. Купальныя роспісы, задыякальны цыкл і сонечны матыў над каўчэгам Торы былі ўручную адноўлены па слядах пігмента і супастаўных крыніцах і затым перанесены ў 3D-фармат.
Новую лічбавую мадэль можна выкарыстоўваць як аснову для магчымай фізічнай рэстаўрацыі.
Рэканструкцыя даступная ў вэб-версіі і ў фармаце віртуальнай рэальнасці (у Meta Store). Карыстальнікі могуць аглядаць экстэр'ер і інтэр'ер, у тым ліку жаночую галерэю, вывучаць дэкаратыўныя элементы з функцыяй павелічэння і пераключацца ў рэжым прагляду цяперашняга стану будынка. Распрацоўшчыкі таксама падрыхтавалі аўдыягід на рускай і англійскай мове: ён расказвае пра мястэчка, саму сінагогу і сімволіку яе роспісаў.
Цэнтр запрашае ўсіх цікаўных дзяліцца фатаграфіямі, дакументамі, прадметамі і вуснымі сведчаннямі з сямейных архіваў, звязанымі з яўрэйскай гісторыяй Беларусі.



