Што падарыць на Каляды? 13 ідэй
Калі ты яшчэ не цалкам вызначыўся(-лася) з тым, чым пацешыць блізкіх у зімовыя святы, магчыма, табе прыйдзецца да спадобы штосьці з нашых ідэй. Усе гэтыя рэчы зроблены беларусамі і пра Беларусь.
Калі шукаеш небанальны каляндар на наступны год, вось варыянт ад мастачкі Вікторыі Багдановіч. Кожны месяц 2023-га будзеш разглядаць ў дэталях беларускі народны строй пэўнага рэгіёна. Віка рабіла накіды гэтай прыгажосці ў сшытку падчас вандровак па Палессі ды іншых беларускіх краях, дзе пільна захоўваюць мінуўшчыну, а потым сабрала свае назіранні ў практычную штуковіну. З гэтым календаром ты дакладна атрымаеш асалоду ад фактуры, колераў, арнаментаў, якія лічылі прыгожымі нашы продкі. А магчыма, пойдзеш у сваіх пошуках яшчэ далей. Прынамсі Васіль Кандзінскі, разглядаючы беларускі народны строй, вынайшаў абстрактны жывапіс і перакуліў мастацкі сусвет. Вось такі folk power!
Беларускае майстэрства саломапляцення сёлета занеслі ў Спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА. Самы час прыгледзецца да аксесуараў з саломы, якія робіць беларускі фолк-фэшн-брэнд Kanva. Спецыяльна да свята яны выпускаюць боксы з саламянымі цацкамі, а яшчэ мы вельмі рэкамендуем прыгледзецца да іх завушніц-павукоў. Яны зроблены не з саломы, а з латуні, але крыніца натхнення відавочная – эстэтыка саламяных вырабаў працуе тут напоўніцу. Можна замовіць адзіночныя завушніцы, пару ці цэлы сэт, каб камбінаваць павучкоў па-рознаму і блішчэць у навагоднюю ноч.
Беларуская школа керамікі таксама вартая таго, каб яе занеслі ў розныя ганаровыя спісы розныя пачэсныя арганізацыі. Зірні хаця б на мілату ад «Утки растопят лёд»: керамічныя кубачкі, талеркі, падсвечнікі, брошкі і іншыя прадметы, якія ўпрыгожваюць побыт. Мы асабліва ўпадабалі посуд, які распісаны пад сціплыя беларускія травы і кветачкі. Бо, які б год ні надыходзіў, рука заўсёды тчэ «заміж персідскага ўзора, цвяток радзімы васілька», а пах чабора – адзін з улюбёных пахаў ever.
Калі хочацца завесці ўласны талісман на будучы год, вось табе практычны варыянт: з аднаго боку – гэта пачварка, намаляваная мастачкай Наталляй Ліпскай, з другога – функцыянальная штучка, бо ў космашкатулку можна складаць пярсцёнкі ды іншую дробязь, якая вечна рызыкуе закаціцца пад канапу ў цёмны кут. Усе персанажы атрымаліся рознымі, са сваімі характарамі: «Хтосьці з іх наўмысна шукае Зямлю, каб паглядзець, як на ёй усё ўладкавана. Хтосьці ляціць на сваім караблі сотні гадоў, і яму добра на самоце. Хтосьці філасофствуе і чытае кнігі». Вызначыўся(-лася), які з іх – твой соўлмэйт?
Брэнд Belaruskicry найбольш вядомы кулонам з контурам Беларусі (які, дарэчы, існуе ў розных варыянтах: з натуральнымі каменчыкамі, з цырконіем, з дротам). Але ў іх таксама ёсць кулоны з эксклюзіўнай літарай беларускага алфавіту. Гэта крафтавы выраб са срэбра 925 пробы. У каталогу яго стваральнікі падкрэсліваюць, што «упрыгожанне прыцягвае ўвагу да беларускай мовы і пагрозы яе знікнення, бо па класіфікацыі ЮНЭСКА мова адносіцца да катэгорыі ўразлівых». Падтрымайма!
Гэтыя аксэсуары вырабленыя з ювелірнага сплаву, керамікі, рачнога жэмчугу, перламутру, пацерак. Майстарка спадзяецца, што яе завушніцы пацешаць тых, хто не можа дазволіць сабе насіць яркія колеры штодзень праз дрэс-код на працы ці праз тое, што няма фінансавых магчымасцяў купляць канарэечныя світшоты just for fun. Маленькі дроп цікавых завушніц выратуе тых, хто жадае прыўнесці ў свой лук бляск і яскравую кроплю колеру.
Паштоўкі з беларускімі краявідамі
Каб павіншаваць сваякоў і сяброў, якія зараз далёка і калядны мандарын з табой сёлета не падзеляць, бяры паштоўкі з цудоўнымі фатаграфіямі Palasatka. Зараз можна замовіць пак «Belarus» з роднай прыродай: каласы, травы, кветкі, туманы, ціхая вада, прасёлкавая дарога – тут ёсць усё, што сэрцу мёд. Таксама ў наяўнасці чароўны пак «Belarus. Mir» з Мірскім замкам, берасцейскім вакзалам і лепшым відам на Троіцкае прадмесце ў Менску.
Які беларус(-ка) не захапляецца грыбным паляваннем? Вось і міма гэтай лісічкі прайсці мы не змаглі. Міла Смальцэр прыдумляе і робіць пацешную кераміку, рэкамендуем падпісацца і сачыць за яе творчасцю ў інстаграме. Кубкі, масленкі, свяцільні, падстаўкі для пахошчаў і іншыя рэчы для дома ў яе выкананні такія жывыя, яркія і непасрэдныя! Штукі, якія ўжо прададзеныя, верагодна, можна паўтарыць – удакладняй праз дырэкт.
З гэтым календаром ты забяспечаны(-ая) як мінімум адной ідэяй для сторыз на кожны дзень новага года. Адрываеш аркуш – і атрымліваеш трапны напамін пра тое, як можна крыху зазямліцца і лепей зазнаць момант, у якім ты знаходзішся. Кажуць, што такія простыя рэчы дапамагаюць прапампоўваць усвядомленасць і развіваць карысную здольнасць адзначаць пазітыўнае, бо звычка выпрацоўваецца 21 дзень, а тут ты будзеш трэніць мускул радасці і натхняцца ўсе 365.
Гэтыя рабяты робяць прыемныя кухонныя ручнікі з лёну і афармляюць падарункавыя боксы. «Паўночны шоўк» выдатна ўбірае вільгаць і хутка сохне, яго валокны максімальна ўстойлівыя перад бактэрыямі (што асабліва важна для суперчысцюль), а на посудзе, якую выціраюць ільном, не застаецца ні варсінкі. Выбар адценняў для вырабаў з лёну тут проста ідэальны. У тон можна ўзяць і сімпатычны фартух.
Класны падгон для тых, хто хоча моцна (і прыгожа!) спаць у падарожжах. У сувенірнай краме пры мастацкім музеі Беларусі можна купіць маскі для сну з прынтам-фрагментам карціны з музейнай калекцыі. Можна прымерыць, напрыклад, лагодны погляд нявесты з «Няроўнага шлюбу», а можна паглядзець на свет пранізлівымі вачыма Марка Шагала.
Крафт-скрынка ад праекта «Этыка» – гэта не проста кашуля з вышыўкай крыжыкам, а гэта кашуля, вышыванку на якой ты зробіш самастойна: «каб не даць памерці народнаму скарбу і ўвесці традыцыйныя матывы ў сучасны гардэроб». У каробцы знойдзеш белую ці чорную кашулю патрэбнага табе памеру, ніткі, іголкі, пяльцы і пахучае сена-напаўняльінк. Брэнд «Этыка» строга адпавядае сваёй назве, таму інструкцыі па вышыўцы выдаюцца ў электронным варыянце, каб не псаваць лішнюю паперу, а самі кашулі – сэканд-хэндавыя. Рэсайклінг, апсайклінг і ўсё такое.
Часам, калі цёмных гадзін у сутках нашмат больш, чым светлых, трэба карыстацца адпаведна. Напрыклад, асвоіць тэатр ценяў – і адчуць на сябе ўсю сілу казкатэрапіі. Гэтая батлейка ўкамплектаваная фігуркамі для чатырох казак, якія ведаюць усе: гэта «Рэпка», «Курачка Раба», «Церамок» і «Калабок». Але, зразумела, калі фантазія разгуляецца, то, маніпулюючы 18 фігуркамі, можна паставіць неабмежаваную колькасць уласных казак. Сюжэты падкажа жыццё і мары, з якімі ты ўваходзіш у 2023 год.
Фото на главной: Palasatka