5 унікальных арганаў Беларусі – і рэдкая магчымасць іх пачуць
З 25 мая па 28 верасня 2025 года ў сямі касцёлах Беларусі – у Пінску, Лагішыне, Ружанах, Мядзведзічах, Іванава, Навагрудку і Іўі – пройдзе фестываль акадэмічнай арганнай музыкі Ars Magna Organi. Уваход на ўсе канцэрты фестывалю будзе вольны. Гэта выдатная магчымасць пачуць рэдкія гістарычныя інструменты і акунуцца ў атмасферу беларускіх касцёлаў. У гэтым матэрыяле мы падзелімся гісторыяй арганаў, якія гучацьмуць на канцэртах фестывалю, і крыху раскажам пра арганную культуру Беларусі – як яна развівалася ў мінулым і як гучыць сёння.
Для самастойных падарожнікаў: усе арганы Беларусі сабраны на зручнай мапе. На ёй рознымі колерамі адзначаны інструменты чатырох эпох: барока, рамантызму, міжваеннага перыяду і сучаснасці.
З гісторыі. Як развівалася арганная культура ў Беларусі?
Арганнай культуры на тэрыторыі Беларусі ўжо больш за 600 гадоў. Усё пачалося, калі ў далёкім 1408 годзе магістр Тэўтонскага ордэна Ульрых фон Юнгінген падарыў Ганне Смаленскай, жонцы князя ВКЛ Вітаўта, невялікі пераносны арган з адной клавіятурай.
У часы Вялікага Княства Літоўскага арганы гучалі ў большасці касцёлаў і ўніяцкіх храмаў. Прычым іх можна было паслухаць не толькі ў буйных гарадах накшталт Менска і Горадні, але і ў маленькіх вёсках – Жалудку, Струбніцы, Кемелішках, Лучаі, Мядзведзічах і іншых. Такая дэцэнтралізацыя здаецца дзіўнай, бо арган быў прадметам раскошы, яго пабудова каштавала дорага. Апроч гэтага, каб усталяваць арган, касцёл мусіў быць «крэпкім»: дах не павінен працякаць, а сцены – развальвацца. Да таго ж інструмент патрабаваў абслугоўвання, пастаяннай наладкі і, вядома, арганіста.
Цяпер у Беларусі больш за 130 арганаў, большая частка з якіх знаходзіцца ў касцёлах і была пабудавана да Другой сусветнай вайны. Але ў мінулым арганаў на тэрыторыі Беларусі было значна болей. Інструменты былі неад'емнай часткай літургіі: яны гучалі падчас спеваў гімнаў і псалмоў і падтрымлівалі харавыя спевы, задаючы ім танальнасць.
Але арган выконваў не толькі музычную ролю – ён быў яшчэ і дамінантным элементам храмавага інтэр'еру, які сваёй веліччу ўзмацняў рэлігійны досвед. Беларускі мастацтвазнаўца Анатоль Кулагін так апісваў ролю органа: «Арган, нават калі ён маўчаў, быў значны не толькі мастацка-дэкаратыўна, але і эмацыйна. Арган прыўносіў у інтэр'ер адчуванне ўрачыстасці і свята».
Арган у Фарным касцёле ў Горадні – самы вялікі з усіх гістарычных арганаў Беларусі. Фота Ксеніі Свірыд
Варта адзначыць, што тэрыторыя Беларусі была ўсходнім рубяжом, дзе сустракаліся і перасякаліся розныя рэлігійныя традыцыі. І хаця арганная культура рэдка пранікала ў праваслаўны свет, арганы гучалі не толькі ў каталіцкіх касцёлах, але і ў пратэстанцкіх храмах і ўніяцкіх цэрквах, што, вядома, уплывала на разнастайнасць музычных твораў. Гэтая спадчына адлюстраваная ў Астрамечаўскім рукапісе («Полацкім сшытку») – знойдзеным у ХХ стагоддзі 300-гадовым песенніку, у якім суседнічаюць уніяцкія спевы з усходняй хрысціянскай традыцыі і арганныя творы, напісаныя ў стылі раннебарочных школ Заходняй Еўропы.
Чаму арганная культура ў Беларусі пачала занепадаць?
Пасля далучэння беларускіх земляў да Расійскай імперыі ў канцы XVIII стагоддзя арганная культура пачала згасаць. У праваслаўным асяроддзі арган асабліва не выкарыстоўваўся, новыя касцёлы будаваць было амаль немагчыма, неяк падтрымліваць арганную культуру – таксама.
Яшчэ адным ударам для арганнай культуры стала скасаванне ўніяцкай царквы. Так, у 1829 годзе царква вырашыла, што арганы – лішні інструмент у грэчаскім богаслужэнні, і забараніла ўсталёўваць новыя. Пачаўся масавы дэмантаж арганаў ва ўніяцкіх храмах. Епіскап Іосіф Сямашка загадаў прадаць або зніштожыць усе арганы на працягу трох месяцаў. Большасць з іх так і не знайшлі новых уладальнікаў, таму мноства інструментаў з манастыроў у Горадні, Жыровічах, Кобрыне і іншых месцах былі беззваротна страчаныя. У адной толькі Полацкай епархіі было спалена 117 арганаў – складана ўявіць, колькі інструментаў магло б захавацца па ўсёй Беларусі.
Калі паглядзець на мапу Беларусі сёння, можна ўбачыць, што гістарычныя арганы сканцэнтраваныя ў заходняй частцы краіны. Праз Другую сусветную вайну і антырэлігійную палітыку на ўсходзе не засталося ніводнага старажытнага аргана, пабудаванага да 1939 года.
Арган у Лідзе. Фота Ксеніі Свірыд
Арганная культура сёння
Паступова арган выйшаў за рамкі рэлігійнага жыцця і пачаў існаваць як канцэртны інструмент. Менчукі ходзяць паслухаць гучанне аргана не толькі ў філармонію, але і ў Кафедральны касцёл у Верхнім горадзе і касцёл святога Роха, незалежна ад свайго веравызнання. Арганная музыка больш не абмяжоўваецца рэлігійнымі спевамі – на гэтых інструментах выконваюць і сучасную музыку, і нават эксперыментальныя творы. Арган стаў часткай свецкай культуры.
Адраджэнне цікавасці да арганаў можа дапамагчы (і ўжо дапамагае) аднаўляць старажытныя інструменты XVIII–XIX стагоддзяў. У кожнага з іх – свой лёс: з калецтвамі, якія нанеслі пажары, змена ўлады, мода, адсутнасць грошай. Усё гэта прымушала майстроў перабудоўваць інструменты і адаптаваць іх гучанне.
Арганны фестываль Ars Magna Organi – гэта магчымасць пачуць, як гучаць стогадовыя інструменты, і нагода выехаць за межы звыклага гарадскога маршруту. Вось некалькі арганаў, якія чакаюць цябе на фестывалі.
Пінск і арган, якому амаль 200 гадоў
Сабор Узнясення Прасвятой Панны Марыі (Google Maps – Леніна, 18) / Пагуляць па касцёле анлайн / 23 канцэрты ў рамках фестывалю
У сталіцу Палесся варта ехаць не толькі дзеля таго, каб пагуляць па старажытных вуліцах, але і каб паслухаць адзін з самых вялікіх гістарычных арганаў Беларусі. Інструмент быў пабудаваны ў 1836 годзе майстрам Войцехам Градзіцкім, а праз сто гадоў Вацлаў Бярнацкі перабудаваў яго, захаваўшы барочны корпус і дадаўшы сучасныя на той момант рысы гучання. Так, гэты арган спалучае ў сабе рысы барока і позняга рамантызму – дзякуючы гэтаму на ім можна выконваць самую розную музыку.
Арган знаходзіцца ў Саборы Ушэсця Найсвяцейшай Панны Марыі, і гэта не першы інструмент у яго гісторыі. Упершыню кароль інструментаў у пінскім касцёле згадваецца ў 1648 годзе – на жаль, у спісе страт, панесеных у выніку паўстання казакоў і мяшчан Пінска.
Так, арганы змянялі адзін аднаго, пакуль у 1836 годзе майстар Войцех Градзіцкі не пабудаваў новы інструмент, барочны корпус якога захаваўся да нашых дзён. Дзякуючы пуцявым запіскам этнографа Мікалая Ляскова мы ведаем, што ўжо ў 1862 годзе «велізарны і цудоўны арган грае толькі адною паловаю, бо іншая яго палова сапсаваная, і на папраўку яе патрабуецца значная сума, якой няма дзе ўзяць беднаму касцёлу».
За Першай сусветнай вайной металічныя трубы аргана вывезлі немцы, і з часам орган цалкам выйшаў са строю. У 1936 годзе майстэрня Вацлава Бярнацкага – у тыя часы найбуйнейшая па арганах на нашых землях – удыхнула ў яго новае жыццё, захаваўшы пры гэтым барочны корпус, частку драўляных трубаў, педальных рэгістраў і эфект Zimbelstern, які стварае гук званочкаў.
Фота Ксеніі Свірыд
Пінскі арган згадваў і Уладзімір Караткевіч у апавяданні «Званы ў прадоннях азёр»: «Тутэйшы арган быў пастаўлены ў 1833—1887 гадах архітэктарам Градзіцкім, а галасы для яго з чорнага дрэва, спецыяльна мочанага і сушанага, сканструяваў выключны наш майстар арганаў Рудніцкі з Вільні. Тады арган быў аб дзевятнаццаці галасах і двух мануалах з педаллю клапаннай канструкцыі.
У 1936 годзе яго рэканструяваў майстар Бярнацкі. Ён дадаў шэсць новых галасоў, а старыя дапоўніў новымі трубамі. Частку іх ён замяніў на сталёвыя, і арганіст, вялікі майстар сваёй справы і знаўца музыкі, і цяпер незадаволены гэтым: «Са старымі, драўлянымі, было лепей». Педаль цяпер пнеўматычнай канструкцыі. Не ведаю, як там было раней, але і цяпер гэта велічна і здорава. Ды і вонкавы выгляд гэтых срэбных трубаў, цёмнага золата капітэляў, блякла-зялёнага асноўнага фону здзіўляе гарманічнасцю».
25 траўня ў Пінску адбудзецца адкрыццё, а 28 верасня – закрыццё фестывалю арганнай музыкі Ars Magna Organi. Акрамя таго, на працягу лета ў пінскім касцёле пройдуць яшчэ два дзясяткі канцэртаў – дакладныя даты знойдзеш у інстаграме фестывалю.
Ружаны і найстарэйшы барочны арган
Касцёл Найсвяцейшай Тройцы (Google Maps – пл. 17 верасня, 10) / 15 канцэртаў у межах фестывалю
Фота: argany.by
Фота: palasatka
Гэта адзіны ў Беларусі барочны арган у канцэртным стане і самы стары ў Пінскай дыяцэзіі.
Першая згадка аргана ў Ружанах датуецца 1633 годам. Інструмент, як і сам касцёл, быў пабудаваны на грошы Льва Сапегі, канцлера Вялікага Княства Літоўскага. Арган, які мы бачым у ружанскім касцёле сёння, з'явіўся ў перыяд з 1732 па 1765 год.
Паколькі сам па сабе арган – складаны і дарагі інструмент, яго часта не замянялі цалкам, а перабудоўвалі, захоўваючы прыдатныя дэталі. Гэта размывала мяжу паміж «старым» і «новым» інструментам. Арган у Ружанах не стаў выключэннем і таксама перабудоўваўся вялікую колькасць разоў. З ім здараліся і пашкоджанні пасля пажару, і тэхнічныя няспраўнасці, і сваё бачанне прыгожага ў новага прыдворнага архітэктара – прывітанне Яну Самуэлю Бэкеру. Дзякуючы гэтаму немцу ў XVIII стагоддзі арган атрымаў новы праспект з незвычайным раслінным арнаментам, які неўласцівы арганам, пабудаваным у Вялікім Княстве Літоўскім.
Прасачыць лёс любога аргана можна па касцёльных інвентарах – так, Аляксандр Бурдзялёў, даследчык беларускіх арганаў і арганізатар фестывалю Ars Magna Organi, вывучыў ружанскія касцельныя архівы і вызначыў, да якіх эпох адносяцца розныя дэталі інструмента. Падрабязна гэтае даследаванне можна прачытаць у фэйсбуку Аляксандра.
Арган у Ружанах вылучаецца не толькі заморскім вонкавым выглядам, але і рэдкімі тэхнічнымі рашэннямі. Напрыклад, механізм эфекту Zimbelstern, які стварае гук званочкаў, і канструкцыя абмежавальнікаў уздыму меха сустракаюцца толькі ў некалькіх арганах Беларусі. Таксама захавалася архаічная педальная клавіятура з незвычайным дыяпазонам – магчыма, самая старая ў краіне.
К пачатку XX стагоддзя арган паступова зрабіўся непрыдатным. У 1939 годзе ў інвентары касцёла была адзначана адсутнасць мноства трубаў і пашкоджаны мех. Калі арган і гучаў на службах да 1980-х, то слаба і бязладна. Да 2024 года ніхто з тых, хто жыве цяпер, ніколі не чуў яго сапраўдных тэмбраў. І вось нарэшце летась арган быў адноўлены да канцэртнага стану і ўпершыню за 90 гадоў загучаў і працягвае гучаць у фармаце высокай акадэмічнай музыкі.
Мядзведзічы і аўтэнтычны орган эпохі рамантызму
Касцёл Святых Апосталаў Пятра і Паўла (Google Maps – Інтэрнацыянальная, 36) / 7 канцэртаў у межах фестывалю
У Беларусі не знойдзеш двух аднолькавых гістарычных арганаў – кожны з іх адлюстроўвае эпоху, у якую быў створаны і мяняўся пад уплывам гістарычных або бытавых падзей. Аднак нават на гэтым фоне арган у Мядзведзічах – асаблівы. І вось чаму.
Інструмент быў пабудаваны ў 1912 годзе ў Вільні майстэрняй Пятра Вайцяховіча і ўяўляе сабой тыповы ўзор познерамантычнага стылю. Інструмент дайшоў да нашых дзён у аўтэнтычным выглядзе.
Арган пабудаваны дастаткова нестандартна – таму граць на ім нязвыкла нават вопытным музыкантам. Але затое ўсе гэтыя асаблівасці робяць арган тэхнічна і акустычна ўнікальным. Да таго ж сам касцёл мае выдатную акустыку з доўгім рэхам, і разам з асаблівасцямі аргана атрымліваецца адно з самых цікавых гучанняў у краіне.
Орган адрэстаўравалі і вярнулі да жыцця зусім нядаўна – у 2020 годзе. Цяпер у Мядзведзічы можна прыязджаць, каб пачуць, як стогадовы інструмент гучыць у музыцы розных эпох – ад барока да сучаснай класікі.
Навагрудак і адзін з самых маленькіх гістарычных органаў
Касцёл Святога Махала Арханёла (Google Maps – вул. Міцкевіча, 1) / 8 канцэртаў у межах фестывалю
Фота: argany.by
Магчыма, менавіта сціплыя памеры гэтага аргана і выратавалі яго ад пагібелі. Але пра ўсё сваім парадкам.
Дакладна невядома, хто пабудаваў гэты арган, але па характэрных дэталях яго прыпісваюць Юзафу Радовічу – аднаму з самых пладавітых віленскіх арганных майстроў свайго часу.
Першапачаткова арган стаяў у драўляным касцёле, пабудаваным у канцы XVII стагоддзя, у вёсцы Ельня Лідскага раёна. Пасля Другой сусветнай вайны касцёл, на жаль, закрылі і разабралі. Але арган удалося выратаваць: ён шэсць гадоў праляжаў у хляве, пакуль ксёндз Антоній Дзям'янка не перавёз яго ў фарны касцёл у Навагрудку. Там інструмент захоўваўся да таго часу, пакуль яго не ўсталявалі ў Дамініканскім касцёле – тут ён знаходзіцца дасюль і тут мы і можам яго паслухаць. Доўгі час арган быў у непрыдатным стане, але ў 2016 годзе яго адрэстаўравалі.
Цяпер гэта адзін з самых маленькіх гістарычных органаў Беларусі, які дзякуючы сваім тэмбравым і акустычным якасцям выдатна падыходзіць для камернага ансамблевага выканання.
Іўе і арган у неагатычным стылі
Касцёл Святых Пятра і Паўла (Google Maps – вул. Маркса, 51) / 4 канцэрты ў межах фестывалю
Фота Ксеніі Свірыд
Рамантычны арган у Іўі быў пабудаваны ў 1899 годзе майстрам Фрыдрыхам Вайсенборнам з Якабштата (цяпер Екабпілс, Латвія). Аўтарства пацвярджае яго подпіс на аргане і пасланне будучым гаспадарам, што на меху трэба трымаць 20 цаглін.
Праспект аргана выкананы ў неагатычным стылі – і гэта дастаткова незвычайнае рашэнне для касцёла з барочным інтэр'ерам. Магчыма, так замоўцы хацелі падкрэсліць доўгую гісторыю храма. Праспект упрыгожаны драўлянымі імітацыямі трубаў, постацямі анёлаў і скульптурай цара Давіда з лірай.
***
Фестывальныя канцэрты таксама пройдуць у касцёле Святых Апосталаў Пятра і Паўла ў Лагішыне (Google Maps) і ў касцёле Узвіжання Святога Крыжа ў Янаве (Google Maps).
За інфармацыяй сачы ў інстаграме фестывалю.
Фота на галоўнай: palasatka