Татарская спадчына ў Беларусі: што і дзе паглядзець?

Татарская спадчына ў Беларусі: што і дзе паглядзець?

|

Культурная праграма

|

Аўтар:   Мария Томашевская

|

  6321

Беларускія татары зрабілі вялікі ўклад і ў развіццё рамёстваў, і ў культурны бэкграўнд нашай краіны. На працягу стагоддзяў яны вырошчвалі гародніну і даглядалі коней, выраблялі скуру і ахоўвалі дзяржаўныя межы. Цяпер у Беларусі жывуць каля 8 тысяч татараў. Пра тое, якую спадчыну яны збераглі, чытай у матэрыяле 34travel.

 

Гістарычная даведка

Татары жылі на тэрыторыі Беларусі яшчэ ў часы Вялікага Княства Літоўскага. Гэта і аселыя найміты з татарскіх ордаў, і ўлусы, якіх прывялі Вітаўт і Тахтамыш з сумеснага паходу ў 1397 годзе. Каля 50 тысяч татараў добраахвотна перасяліліся ў ВКЛ з Залатой Арды, калі тая аслабла і пагрузілася ў міжусобіцы. Нямала апынулася на нашых тэрыторыях і палонных. Напрыканцы XV – у пачатку XVI стагоддзяў да паўднёвых частак сённяшняй Беларусі даходзілі атрады Крымскага ханства. Баі вялі з пераменным поспехам – а захопленыя часта заставаліся тут назаўсёды: так, напрыклад, некаторыя з іх пасяліліся ў Горадні і літоўскіх цяпер Троках.

Татарам удалося захаваць культуру і звычаі, зберагчы абрады. Яны вызнавалі іслам, будавалі і наведвалі мячэці, гадавалі дзяцей згодна з шарыятам. Іх абавязкам была ваенная служба – ахова межаў княства, паходы супраць рыцараў-крыжакоў. Цікава, што службовых коней, зброю і амуніцыю татары павінны былі купляць за ўласныя сродкі.

Да XIX стагоддзя большая частка татараў стала сялянамі, рамеснікамі – яны ўмелі шыць, працаваць са скурай і коньмі. Некаторыя з іх рабілі кар'еру ў медыцыне і адукацыі.

 

 

Што захавалася: татарская спадчына ў Беларусі

Дакрануцца да татарскай гісторыі і культуры можна галоўным чынам у цэнтральных і заходніх рэгіёнах краіны. Пачнём з Менска – горада, дзе была адзіная ў Беларусі каменная мячэць. Вось некалькі мусульманскіх тэрмінаў, якія дапамогуць пагрузіцца ў кантэкст і культуру:

  намаз – штодзённая пяціразовая малітва;

  азан – гучны заклік да намазу, які можна пачуць з мячэці;

  муэдзін – служка мячэці, які абвяшчае азан;

  мінарэт – высокая вежа на мячэці, куды муэдзін падымаецца для азану;

  імам – духоўны кіраўнік абшчыны;

  мізар – татарскія могілкі;

  тэджвід – правілы арфаэпічнага чытання Карана для дакладнага вымаўлення кожнага гуку без скажэння сэнсу.

 

 

Менск


Татарская Слабада / Язэп Драздовіч


Татарскую Слабаду ў раёнах цяперашніх вуліц Заслаўскай, Замкавай, Шпалернай, Ракаўскай, Максіма Танка, Ціміразева, Машэрава і праспекта Пераможцаў (які раней называўся Малой Татарскай вуліцай) можна ўбачыць на працах Язэпа Драздовіча. Асобны гарадскі тапонім – Татарскія агароды – адносіцца да ўчастку паміж слабадой і берагам Свіслачы. Тут вырошчвалі гародніну, рыхтавалі сена для коней.

У гэтых кварталах жылі татары-рамеснікі, гандляры, службоўцы. Прыкладна ў канцы XVI стагоддзя тут узвялі драўляную мячэць, досыць сціплую ўнутры і без мінарэта – муэдзін абвяшчаў азан з ганка. У кастрычніку 1902 года на гэтым жа месцы адкрылі каменную мячэць – з вялікім цэнтральным купалам і шматпавярховым мінарэтам. Прыгожы будынак у візантыйскім стылі часта друкавалі на паштоўках.

Савецкая ўлада перайменавала вуліцы на манер эпохі, стварыла калгас «Татарскі агароднік». Мячэць, якая перажыла вайну, закрылі ў 1949-м і ўзарвалі ў 1962-м. Тады ж разбурылі менскі мізар.

Цяпер у Менску дзейнічае саборная мячэць, якую пабудавалі ў 2016 годзе. Яна размешчана па адрасе вул. Грыбаедава, 29. Унутры працуе Музей ісламу: там можна ўбачыць манеты з часоў гандлю на шляху «з варагаў у грэкі», касцюм імама Іўеўскай мячэці, пано з выявай стамбульскай мячэці Yeni Camii, надрукаванае ў Казані ў 1900 годзе.

Побач з мячэццю знаходзяцца мемарыял разбуранага мізару (могілак) і адзіны захаваны помнік – Хасеню Мустафовічу Аляксандравічу, удзельніку менскага падполля часоў Другой сусветнай.

 

 

Іўе

На гэтых тэрыторыях татары з'явіліся ў часы Вітаўта. За дапамогу ў Грунвальдскай бітве князь надзяліў іх землямі, паступова сфармавалася грамада. Драўляная мячэць на вуліцы Савецкай, 78, пабудаваная ў канцы XIX стагоддзя, за ўвесь гэты час не закрывала свае дзверы і не была пашкоджаная ў войнах. Яна з'яўляецца помнікам драўлянага дойлідства, прызнаная мусульманскім духоўным цэнтрам Беларусі. Тут дзейнічае школа, у якой дарослыя і дзеці вывучаюць арабскую вязь. Мячэць некалькі разоў рэстаўравалі: у 2014–2017 гадах яе абнаўлялі ў адпаведнасці з фатаграфіяй часоў Першай сусветнай вайны.
(Фота: B. Tamaševič, 1898)

У горадзе тры мізары. Адзін з іх – дзейны, размешчаны на скрыжаванні вуліц Савецкай і Мураўшчызны. Там можна ўбачыць пахаванні пачатку ХХ стагоддзя, на некаторых надмагіллях адлюстраваныя ўнураныя галінкі вярбы, з якіх крапаюць слёзы-расінкі.

Цэнтр Іўя ўпрыгожвае мемарыял дружбы чатырох канфесій, кожная яго стэла накіравана ў бок адпаведнага храма – касцёла, царквы, сінагогі і мячэці. Побач працуе Музей нацыянальных культур (Сайт / вул. 17 верасня, 9): там можна ўбачыць пасведчанне аб заканчэнні школы пры мячэці, датаванае 1892 годам, тэджвід 1970 года, стары шпіль з мінарэта Іўеўскай мячэці, архіўныя фота.

 

 

Наваградак

Тут татары таксама пасяліліся даўно: паводле гістарычных звестак, у другой палове XVI стагоддзя ў Наваградку ці яго ваколіцах жыў імам, якому падпарадкоўвалася парафія мясцовых і нясвіжскіх татараў. Яны займаліся вырабам скур, сельскай гаспадаркай, ваеннай справай. У 1796 годзе, згодна з прывілеем Станіслава Аўгуста Панятоўскага, у горадзе ўзвялі мячэць. Праз паўстагоддзя на гэтым жа месцы пабудавалі новую – менавіта гэты драўляны будынак і захаваўся дасюль. Вядома, што ў першай палове XIX стагоддзя чалец наваградскага межавага апеляцыйнага суда Іосіф Сабалеўскі пераклаў Каран на польскую мову.

З 1939-га па 1997 год тутэйшая мячэць не працавала, яе перабудавалі пад жылы дом. Але наваградскія мусульмане працягвалі рабіць намаз у сваіх дамах. Цяпер мячэць зноў дзейнічае. У 2013-м будынак абнавілі: адрамантавалі фасад, сам купал і паўмесяц на ім. Цяпер яно ацяпляецца, а ўнутры дзейнічае нядзельная школа. Навагрудская мячэць размешчана па адрасе вул. Леніна, 28. Мізар – за некалькіх кварталаў ад яе. Яго можна знайсці на скрыжаванні Інтэрнацыянальнай і Спартовай вуліц. У гісторыка-краязнаўчым музеі (Сайт / вул. Гарадзенская, 2) – пано з арабскай каліграфіяй.

 

 

Лоўчыцы і Католышы

За сем кіламетраў ад Наваградка, у ваколіцах вёсак Лоўчыцы і Католышы, татары, па розных версіях, з'явіліся альбо ў XV, альбо ў XVI стагоддзі. З XIX стагоддзя ходзіць легенда аб лоўчыцкім Контусе. Паводле падання, ён кожны дзень пераносіўся духам у Мекку і там маліўся над труной Магамета. Дзякуючы такім здольнасцям Контус аднойчы выручыў свайго памешчыка. Той, жадаючы выдаць замуж адзіную дачку, дазволіў ёй перайсці ў хрысціянскую веру. Потым прадаў маёнтак і на гэтыя грошы адправіўся паломнікам у Мекку – адмаліць свой грэх. Дабраўшыся да мусульманскіх святынь, задумаўся пра шлях дадому. Тут яго і стаўся ў прыгодзе Контус. Ён дапамог перанесціся назад у родныя краі. І, згодна з легендай, пахавалі Святога Контуса якраз каля вёскі Католышы. Цяпер там дзейныя мячэць і мізар, адны з самых старых у Беларусі.
(Фота: В.Васіленка / Wiki)

Тэрытарыяльна яны знаходзяцца ў Католышах, але называюцца Лоўчыцкімі. Упершыню мячэць згадваецца ў 1420 годзе. На працягу стагоддзяў яе не раз перабудоўвалі, пасля Другой сусветнай яна была паўразбураная. Будынак аднавілі ў 2002 годзе. Мячэць аднапавярховая, драўляная, з невялікай лесвіцай, якая вядзе да ганка. На мізары побач можна знайсці як старадаўнія каменныя помнікі, так і сучасныя надмагіллі. Тут пахаваныя афіцэры польскай і расійскай армій, духоўныя служыцелі, нашчадкі старажытных татарскіх родаў.

 

 

Даўбуцішкі

За 15 кіламетраў ад Смаргоні – хутар Даўбуцішкі: некалькі хат, аўтобусны прыпынак, мізар і руіны мячэці. Татарская грамада тут з'явілася яшчэ ў XVI стагоддзі. Драўляная мячэць, па розных версіях, магла быць пабудавана як у сярэдзіне, так і ў канцы стагоддзя. У XVIII—XIX стагоддзях тут быў адзін з самых шматлікіх мусульманскіх прыходаў на тэрыторыі Беларусі. Але праз гады будынак састарэў. Масіўны 12-гранны купал, які быў адной з архітэктурных асаблівасцяў мячэці, у 1970 годзе абрынуўся. З 1991-га помнік архітэктуры чакае рэстаўрацыі і ў разабраным выглядзе захоўваецца ў Музеі народнай архітэктуры і побыту ў Азярцы.

 

 

Докшыцы

Па адной з версій, горад нават названы ў гонар татарскіх майстроў, якія шылі конныя сёдлы для княжацкага войска – «докшыты». На гэтых землях яны таксама з'явіліся ў часы Вітаўта. У канцы XIX стагоддзя, паводле перапісу, у Докшыцах пражывала 68 татараў. Тут захаваўся вялікі мізар, цяпер яго можна знайсці ў глыбіні лесапарку на выездзе з горада па вуліцы Маякоўскага. На ўваходзе – брама з купалам і выявай паўмесяца.

 

 

Глыбокае і Амбросавічы

Хутчэй за ўсё, гісторыя татараў на гэтых тэрыторыях таксама пачалася ў XVI стагоддзі, але пісьмовых крыніц пра жыццё грамады ў тыя часы ў Глыбокім цяпер знайсці нельга. Вядома, што мясцовыя татары займаліся гарбарнай справай – у горадзе дзейнічала 16 майстэрняў, што ў 1931 годзе яны пабудавалі аднапавярховы малітоўны дом з гонтавым дахам на Татарскай вуліцы (цяпер гэта пачатак вуліцы Школьная). У гады Другой сусветнай мячэць згарэла.
(Фота: glubmusej.by)

У 1919 годзе тутэйшыя татары купілі ўчастак у вёсцы Амбросавічы, за 13 кіламетраў ад Глыбокага. Там быў закладзены мізар, які можна ўбачыць і цяпер.

 

 

Клецк і Асмолава

Мячэць з двух'ярусным мінарэтам у Клецку пабудавалі ў 1881 годзе. Яна размяшчалася ў Татарскім завулку (цяпер гэта вуліца Заслонава). Дрэва для ўзвядзення падарылі князі Радзівілы. Будынак некалькі разоў рамантавалі, але падчас вайны ён быў разбураны. Цяпер у Клецку дзейнічае малітоўны дом, які размешчаны на гэтай жа вуліцы, – яго можна пазнаць па паўмесяцы.

Сёлета ў гаспадарчым памяшканні Клецкага малельнага дома знайшлі рэліквію. Гэта зялёны ваўняны сцяг з паўмесяцам, зоркай і вышытай датай – 29 мая 1925 года. Такія сцягі звычайна ўсталёўваюцца на трыбунах, на якіх выступаюць імамы. Высветлілася, што, калі клецкую мячэць падпалілі, прадстаўнікі грамады рызыкнулі жыццём і паспелі выратаваць сцяг. Цяпер ён знаходзіцца ў Музеі ісламу ў Менску.

Мізар, якому ўжо больш за 400 гадоў, знаходзіцца ў вёсцы Асмолава, паміж Нясвіжам і Клецкам. Ён па-ранейшаму дзейнічае, грамада добраўпарадкоўвае яго і сустракаецца тут на святы.

 

 

Слонім

Гісторыя татараў у Слоніме пачалася ў XVI стагоддзі. У 1644 годзе стараста горада выдаў прывілей для мясцовых рамесных цэхаў і дадаў, што да іх адносяцца і татарскія майстэрні. Прадстаўнікі грамады займаліся гарбарнай справай, возніцтвам, рыбалоўствам, сельскай гаспадаркай. У запісах 1717 года згадваецца Татарская вуліца. У 1804-м тут пабудавалі драўляную мячэць з мінарэтам і купалам, якая ў канцы таго ж стагоддзя згарэла. Адноўлены праз год будынак праслужыў яшчэ некалькі дзесяцігоддзяў – і быў спалены ўжо ў 1944 годзе.

Цяпер на вуліцы Агінскага, 10, знаходзіцца дзейная мячэць. Яе адкрылі ў гаспадарчым аднапавярховым каменным будынку XIX стагоддзя. Гісторыя новай мячэці пачалася ў 1994 годзе.

Мізар тут дзейнічае з XVII стагоддзя. На яго тэрыторыі захавалася воінскае пахаванне салдат Расійскай імперыі мусульманскага вызнання, яно датуецца 1914 годам. Магілы і надмагіллі належаць да самых розных эпох, эпітафіі на іх напісаны і арабскай вяззю, і кірыліцай, і лацінкай. Дарога да мізару ляжыць праз лес, на выездзе са Слоніма ў бок Дзятлава.

 

 

Смілавічы

Татараў у Смілавічах – гарадскім пасёлку ў Чэрвеньскім раёне – згадвалі яшчэ ў 1592 годзе. Тут таксама была Татарская слабада, а мячэць дзейнічала з XIX стагоддзя. У 1930-м яе разбурылі. Новую, цагляную, пабудавалі ў 1996 годзе. Унутры яе захоўваюцца ўнікальныя кітабы часоў ВКЛ – кнігі, напісаныя на беларускай мове арабскай вяззю. Сучасную мячэць у Смілавічах можна знайсці па адрасе вул. Пясочная, 3. Мізар – на выездзе з горада, на вуліцы Шашэйнай, побач з вёскай Дукоршчына.

 

 

А што яшчэ?

У Гомелі, Маладзечне, Ашмянах, Відзах (Браслаўскі раён) дзейнічаюць мусульманскія малітоўныя дамы, перабудаваныя са звычайных жылых або гаспадарчых будынкаў. Многія мячэці, узведзеныя ў мінулых стагоддзях, згарэлі або былі разбураныя – засталіся толькі фатаграфіі і згадкі. Так, не былі адноўленыя мячэці ў Некрашунцах (Воранаўскі раён), Міры (Карэліцкі раён), Ляхавічах і іншых пунктах на карце Беларусі.

Мізараў у краіне налічваецца больш за 30, некаторыя з іх размешчаны ў вёсках, якіх ужо няма на карце.

Калі ж казаць пра вядомых прадстаўнікоў, выхадцам з татарскага роду быў бацька мастака Напалеона Орды. Пра яго біяграфію і творчыя маршруты мы распавядалі тут.

 

 

Як правільна наведваць мячэці і мізары?

У мячэць могуць заходзіць прадстаўнікі любой веры – галоўнае не рабіць гэтага падчас набажэнства. Перад уваходам трэба зняць абутак, жанчынам неабходна пакрыць галаву. Паводзіць сябе варта гэтак жа, як і ў любым храме: не шумець, не пакідаць смецце, не заходзіць у закрытыя памяшканні. Усё тое ж самае тычыцца і мізараў. Некаторыя татарскія пахаванні пашкоджвалі вандалы, таму абшчыны з вялікай увагай ставяцца да добраўпарадкавання месцаў памяці. Частка мізараў цяпер абгароджаныя, з брамкамі і клямкамі – пасля наведвання пахаванняў варта акуратна зачыніць вароты.

hand with heart

Получи доступ ко всем материалам 34travel

Подписка на 34travel – это идеи для поездок, авторские маршруты и фирменные гайды по городам мира, большие разборы тревел-трендов и актуальная информация из мира перелетов, виз и границ. Оформи подписку, чтобы ничего не пропустить.

ПОДПИСАТЬСЯ

Чытай таксама

9 мастацкіх музеяў і галерэй за межамі Менска

Пранізлівыя пейзажы, яскравыя маляванкі і нават манументальныя мазаікі.

Гайд па стылі: едзем глядзець беларускі мадэрнізм

Вывучаем рысы канструктывізму і бруталізму.

Страчаная спадчына: 7 руін Беларусі, якія ўражваюць сваім размахам

Сабралі некалькі паўразбураных выбітнасцяў Беларусі, да якіх варта ставіцца з асаблівай асцярожнасцю. 

5 унікальных арганаў Беларусі – і рэдкая магчымасць іх пачуць

Расказваем пра дзівосныя інструменты і занураемся ў гісторыю.

Як Ветка стала культавым цэнтрам стараабрадніцтва?

Беларускі культурны феномен ад уцекачоў з Маскоўскага царства.

10 абарончых храмаў Беларусі

Культавыя пабудовы, якія за сваё жыццё ўжо шмат чаго пабачылі.

Цяпер на галоўнай

Выходзіць новая фотакніга Belarus ад Касі Palasatka

Перадзамову па спецыяльнай цане можна аформіць да 10 лістапада.

Месца тыдня: Чачэрск

Даследуем Гомельскую вобласць.

Шлях Цмока, Іўеўскі памідор і фестываль вішні: 7 летніх святаў за межамі Менска

Ад рыцарскага фэсту да выступленняў народных гумарыстаў, ад памідорнага дартса да шаман-шоў.

5 унікальных арганаў Беларусі – і рэдкая магчымасць іх пачуць

Расказваем пра дзівосныя інструменты і занураемся ў гісторыю.

«Абсалютная цішыня»: фотагісторыя з восеньскай Ельні ад Светы Ярашук

«Збіралі журавіны адразу ў рот, стаялі па калена ў балоце, слухалі звонкую цішыню».

Менск

Лепшае, што ёсць у Менску, у новым гайдзе ад 34travel.

Як прайшоў Багач – галоўнае восеньскае свята беларусаў?

Будзь багаты, як восень!

Падкаст пра беларускую гастраномію: Экзотыка ў меню

Распавядаем пра моду на памаранчарні і нетыповыя прадукты ў Мінску 1920-х.

Падкаст пра беларускую гастраномію: Кава ці гарбата?

Гісторыя ўлюбёных напояў і традыцыйных дэсертаў.

Паказаць больш Паказаць больш