Менск

|

Гайды

|

Аўтар:   34travel

|

  38238

Вітаем у Менску! Для новай версіі фірмовага гайда 34travel мы рупліва адабралі галоўныя славутасці, слушныя інсайды ад локалаў, месцы для рамантычных шпацыраў, а таксама актуальныя бары, аўтэнтычныя кавярні і сапраўды годныя рэстараны. Сардэчна запрашаем у наш любімы горад!

Інфармацыя ў гайдзе актуальная на дату публікацыі – кастрычнік 2024.

Усе цэны дзеля зручнасці пазначаныя ў еўра, носяць інфарматыўны характар і могуць адрознівацца ад сапраўдных. На час публікацыі гайда за € 1 давалі BYN 3,5.

 

 

 

ТРАНСПАРТ
 

Як дабрацца з аэрапорта?

Нацыянальны аэрапорт (MSQ / Сайт / Google Mapsзнаходзіцца за 40 км ад цэнтра горада. Дабрацца да цэнтра горада можна на аўтобусах і маршрутках, што курсіруюць кожныя 20-30 хвілін і прыбываюць на Цэнтральны аўтавакзал (Google Maps). Расклад правярай на сайце аэрапорта. Дарога зойме каля гадзіны.

Калі аддаеш перавагу таксі, замаўляй машыну праз праграмы Uber (Сайт / App Store / Google Play), Яндекс Go (Сайт / App Store / Google Play). Гэта будзе танней, чым ехаць з таксістамі, якія зазываюць кліентаў на выхадзе з аэрапорта. Імі ж лепш карыстацца і ў горадзе – паездка на 8-10 км у сярэднім выльецца ў € 4-5.

 

Гарадскі транспарт / Квіткі

Чыгуначны вакзал, як і Цэнтральны аўтавакзал, размяшчаецца ў цэнтры горада, побач са станцыяй метро «Плошча Леніна». Наогул метро – самы просты і танны спосаб перасоўвання па горадзе. Менская падземка складаецца ўсяго з трох ліній, усё самае важнае – у пешай даступнасці ад станцый.

Адна паездка на метро каштуе € 0,25 (0,9 BYN). Білеты на аўтобус, тралейбус і трамвай яшчэ таннейшыя – € 0,23 (0,85 BYN). На сайце «Мінсктранса» знойдзеш усю інфармацыю пра аплату праезду. Можна купіць білет у метро, у кіёсках на прыпынку і ў кіроўцы (апошні будзе крыху даражэйшы – на 5 капеек). Альтэрнатыўныя варыянты – праграма «Оплати» (Сайт / App Store / Google Play / AppGallery) для наземнага транспарту і банкаўская картка для метро. 

Калі ты едзеш у Менск хаця б дні на 3–4, раім узяць праязны на рэлевантную тваім планам колькасць паездак або безлімітны праязны на столькі сутак, колькі табе трэба (гэта больш выгадна, чым купляць жэтоны ці білеты па адным). Праязныя і білеты прадаюцца ў касах метрапалітэну і ў шапіках «Мінсктранс» на прыпынках. 

Расклад грамадскага транспарту глядзі на сайце «Мінсктранса», карта метро – тут. Адсочваць патрэбны транспарт у рэжыме рэальнага часу зручна па «Яндэкс Картах».

Каршэрынг 

Калі захочаш арандаваць аўто, нагугліш не адзін дзясятак кампаній, якія прапануюць пракат. Аўтамабілі эканом-класа даступныя за € 20-30 у суткі. У сярэднім класе прапануюць пакатацца ад € 50 у суткі (пры гэтым сярэдні клас кампаніі разумеюць вельмі па-рознаму). Машыну мае сэнс браць, калі ты вырашыш пракаціцца куды-небудзь за межы горада (гл. «Месца тыдня» ў нашым праекце Go to Belarus). 

Апроч таго, у Менску працуюць каршэрынгавыя сэрвісы Anytime (Сайт / App Store / Google Play), Hello(Сайт / App Store / Google Play) і Multimotors (Сайт / App Store / Google Play / AppGallery)

 

Ровары / Самакаты

Веласіпедная інфраструктура Менска актыўна развіваецца, у цёплы час года пазнаёміцца з парай прыемных паркаў і заехаць в аддаленыя ад цэнтра куточкі ты зможаш па адной з веласцежак. Самы зручны велашэрынг, напэўна, Kolobike (Сайт / App Store / Google Play / AppGallery)  30 хвілін пакатушак за € 1. Схема работы простая: бачыш на вуліцы жоўты велік, скануеш на ім QR-код, катаешся, аплачваеш карткай. Апроч таго, узяць напракат жалезнага каня можна ў розных менскіх канторах (google it) – як правіла, чым больш дзён карыстаешся арэндным роварам, тым выгадней атрымліваюцца суткі. У сярэднім адны суткі € 7-9.

Калі твой выбар – электрасамакат, сцягвай Eleven(Сайт / App Store / Google Play / AppGallery) ці Whoosh (Сайт / App Store / Google Play / AppGallery)

 

Прыгарады

Надакучыць катацца па Менску – выпраўляйся за яго межы. На сайце Беларускай чыгункі можна праверыць наяўнасць білетаў на цягнікі ў іншыя гарады і вёскі Беларусі.

Калі для перасоўванняў па краіне табе спатрэбяцца міжгароднія аўтобусы, падказваем: Цэнтральны аўтавакзал (Google Maps – вул. Бабруйская, 6) размешчаны зусім побач з чыгуначным, проста пад гмахам гандлёвага цэнтра Galileo. Расклад аўтобусаў чэкай тут

 

 

ЖЫТЛО
 

У якім раёне спыніцца?

Сталіца Беларусі даволі кампактная, а яе транспартная сетка прадуманая і насычаная, і ўсё ж вопыт даследавання горада будзе больш яркім, калі пасяліцца недзе ў цэнтры.

Самы цэнтр-цэнтр – гэта першае транспартнае кальцо ў межах вуліц: пр-т Машэрава – вул. Казлова – вул. Першамайская – вул. Бабруйская. Распакаваўшы валізу дзесьці тут, ты апынаешся ў крокавай даступнасці да галоўных помнікаў архітэктуры, культурных аб'ектаў, тусовачных лакацый і дагледжаных зялёных зон. Калі ўсё ж пашырыш пошук да другога транспартнага кальца ў межах вул. Арлоўская – вул. Сурганава – вул. Дзянісаўская – пр-т Жукава – пр-т Пушкіна, то рэкамендуем здымаць нешта бліжэй да метро або каля Парку Перамогі, дзе можна атрымліваць асалоду ад прагулак ля вады ў цяні дрэў.


 

Дзе шукаць жытло?

У Менску зручна і выгадна сяліцца ў кватэрах на суткі. Большасць варыянтаў ёсць на сайтах kufar.byrealt.byhata.byflatbook.by
domovita.bygohome.by.
За нешта прыстойнае ў цэнтры горада аддасі ад € 40, за аддаленыя, але ўсё яшчэ сімпатычныя варыянты просяць ад € 30.

Для пошуку гатэля ці хостэла можаш выкарыстоўваць 101hotels.com ці hotellook.com. Нават калі не станеш браніраваць нумар праз гэтую платформу, то зможаш атрымаць вычарпальнае ўяўленне пра тое, дзе, што і пачым.

Калі ты з тых, хто не эканоміць, і аддаеш перавагу гатэлям сусветных сетак і пяцізоркавым гасцініцам, то ў Менску можаш спыніцца ў Renaissance Minsk Hotel (Сайт /​ Google Maps –​ пр-т Дзяржынскага, 1е), «Пекин» (Сайт /​​ Google Maps – вул. Чырвонаармейская, 36), Marriott (Сайт ​​/ Google Maps – пр-т Пераможцаў, 20), Hampton by Hilton (Сайт / Google Maps – вул. Талстога, 8), DoubleTree by Hilton (Сайт / Google Maps – пр-т Пераможцаў, 9)

Хочацца чагосьці камфортнага, але з мясцовым каларытам – тады гэта, магчыма, гатэль «Манастырскі» (Сайт / Google Maps – вул. Кірылы і Мяфодзія, 6), які знаходзіцца адначасова ў дзвюх паралельных рэальнасцях: Менска хрысціянскага і Менска тусовачнага. Яшчэ адзін аўтэнтычны варыянт у самым цэнтры – Zalkind Hotel (Сайт / Google Maps – вул. Рэвалюцыйная, 24), буцік-гатэль у гістарычным будынку XIX стагоддзя.

 

 

КУЛЬТУРНАЯ ПРАГРАМА
 

Турыстычная класіка

Праспект Незалежнасці – знаёмства з Менскам пачынаецца з 15-кіламетровай магістралі, што разразае горад на дзве паловы. Большасць класічных менскіх славутасцяў размешчаная калі не на самім праспекце, то паблізу ад яго. Уласна, сам праспект – таксама славутасць і ўнікальны прыклад сталінскага ампіру. Мастак і пісьменнік Артур Клінаў прыдумаў тэрмін «Горад Сонца» для апісання гэтай часткі Менска як асноўнай артэрыі Вялікай Камуністычнай Мары. Для паўнаты атмасферы прагулівацца па праспекце можна з нашым аўдыягідам.

Праспект Незалежнасці пачынаецца з аднайменнай плошчы (Google Maps), на якой месціцца Дом урада, пабудаваны ў 1930-х па праекце архітэктара Іосіфа Лангбарда, чый стыль да гэтага часу вызначае аблічча сучаснага Мінска (Лангбард таксама спраектаваў знакавыя будынкі Дома афіцэраў, Акадэміі навук, Тэатра оперы і балета, кінатэатра «Перамога»). Гэты будынак – самы вялікі ў Беларусі, хоць адразу так і не скажаш, таму што схаваны Дом урада ў самы кут плошчы.

Паводле добрай беларускай традыцыі, за два крокі ад помніка Леніну на плошчы стаіць храм – касцёл Святых Сымона і Алены (Google Maps – вул. Савецкая, 15), ці Чырвоны касцёл, пабудаваны ў 1910 годзе.

Праспектам курсуе аўтобусны маршрут №100 – таксама адзін з сімвалаў Менска, – але лепш, вядома, гуляць пешшу. Дойдзеш да плошчы Перамогі – звярні ўвагу на рагавы дом нумар 31 (Google Maps – пр-т Незалежнасці, 31) на беразе Свіслачы – менавіта тут у пачатку 60-х жыў Лі Харві Освальд, забойца Джона Кенэдзі.

Побач можаш адведаць выспачку спакою, якую пяшчотна любяць месцічы, – дворык касцёла Святога Роха (Сайт / Google Maps – пр-т Незалежнасці, 44а). Калі хочацца яшчэ больш цішыні, зазірні на старыя Вайсковыя могілкі (Google Maps – вул. Казлова, 11). Акрамя таго, што тут пахаваныя шматлікія вартыя людзі (напрыклад, Янка Купала, Якуб Колас і Кузьма Чорны), тут жа можна зірнуць на царкву Аляксандра Неўскага XIX стагоддзя – адзіны храм Менска, што амаль цалкам захаваўся ў тым выглядзе, у якім яго пабудавалі.

Далей праспект Незалежнасці пакажа табе яшчэ некалькі плошчаў, а напрыканцы ты патрапіш да Нацыянальнай бібліятэкі (Сайт / Google Maps – пр-т Незалежнасці, 116). Ромбакубактаэдр сховішча кніг прыцягвае турыстаў у першую чаргу агляднай пляцоўкай, з якой можна разгледзець савецкія мазаікі на дамах па праспекце Незалежнасці, разводдзе Сляпянскай воднай сістэмы і новыя амбітныя будоўлі горада. Кошт наведвання пляцоўкі – 5 BYN (€ 1,4).

Няміга. Каля станцыі метро з такой назвай знаходзіцца Верхні горад (Google Maps), дзе можна паспрабаваць адчуць атмасферу пачатку XIX стагоддзя. Тут знаходзіцца Кафедральны сабор Сашэсця Святога Духа (Google Maps – вул. Кірылы і Мяфодзія, 3) – галоўная праваслаўная царква горада, пабудаваная ў 1633–1642 гадах. На плошчы Свабоды стаіць гарадская Ратуша (Сайт / Google Maps – пл. Свабоды 2а), збудаваная ў 1600 годзе ў гонар атрымання Менскам Магдэбургскага права і адноўленая ў 2003-м па старых чарцяжах і малюнках. Улетку некаторыя вуліцы Верхняга горада становяцца пешаходнымі, па вечарах можна заспець выступленне музыкаў, зімой з'яўляецца калядны кірмаш.

Праз дарогу ад Ратушы – заціснуты паміж сталінкамі Архікафедральны касцёл Найсвяцейшага Імя Найсвяцейшай Панны Марыі (Google Maps – пл. Свабоды, 9), пабудаваны ў стылі віленскага барока ў 1700–1710 гг. Вядомы таксама як «касцёл езуітаў».

Калі спусціцца з плошчы Свабоды ўніз, да вуліцы Нямігі, можна ўбачыць яшчэ адну знакавую мінскую царкву – сабор Святых Апосталаў Пятра і Паўла (Google Maps – вул. Ракаўская, 4), узведзены ў 1612-м. Звярні ўвагу, што будынак сабора стаіць фактычна бокам да вуліцы – можна ўявіць маштаб перабудовы гэтага раёна Менска, якая праводзілася ў 1970-х. 

Праз раку ад Верхняга горада знаходзіцца Траецкае прадмесце (Google Maps) – афіцыйны турыстычны «кавалачак старога Менска». У XV–XIX стагоддзях тут актыўна сяліліся рамеснікі і гандляры, цяпер у Траецкім – офісы, жылыя кватэры, рэстараны, студыі, а таксама музей паэта Максіма Багдановіча. Невялікі мост ад прадмесця вядзе на Востраў слёз – помнік салдатам, якія загінулі падчас Афганскай кампаніі.

Непадалёк знаходзіцца пышны Тэатр оперы і балета (Сайт / Google Maps – пл. Парыжскай Камуны, 1). Помнік савецкага канструктывізму. Паводле задумы, будынак павінен быць чатырохпавярховым, аднак падчас будаўніцтва рэзка скончыліся грошы. Зрэшты, тэатр і без таго стварае велічнае ўражанне дзякуючы ідэальнай сіметрыі парку, статуям на франтоне і багаццю мармуру і крышталю ўнутры. 

 

Альтэрнатыва

Кастрычніцкая вуліца (Instagram / Google Maps– ілюстрацыя працэсаў джэнтрыфікацыі і рэвіталізацыі: тут усё яшчэ працуюць некалькі заводаў, аднак большая частка лофтавых памяшканняў аддадзеная пад клубы, бары, рэстараны, офісы, сілоўні ды іншыя студыі ёгі. На Кастрычніцкую прыходзяць, каб сфатаграфавацца з мураламі, якія засталіся пасля фестывалю стрыт-арту Vulica Brasil, паабедаць, выпіць, завесці новыя знаёмствы – увогуле патусавацца.

Асмалоўка (Google Maps – раён вуліц Чычэрына, Кісялёва, Камуністычнай) – лакацыя зусім іншага характару. Гэта, бадай, самае лагоднае і зацішнае месца ў цэнтры – зялёныя двары, бялізна на вяроўках, па-хатняму ўтульныя кавярні. Раён жоўтых двух- і трохпавярховых дамкоў за Оперным тэатрам будавалі ў 1940-я, час ад часу яго пагражаюць знесці, але, да радасці локалаў, Асмалоўка жыве і развіваецца.

Трактаразаводскі пасёлак (Google Maps – раён вуліц Чабатарова, Кашавога, Клумава, Стаханаўскай) – жылы раён, які будавалі адразу пасля Другой сусветнай. Тут збіраліся пасяліць працаўнікоў Трактарнага завода, які мусіў забяспечваць тэхнікай увесь СССР. Таму і да пабудовы жылля для рабочых падыходзілі маштабна: задумалі цэлы раён са сваёй архітэктурай і сістэмамі жыццезабеспячэння. Раён Трактарнага завода – гэта мінская Валета з самымі прыгожымі ў горадзе балконамі, ампірнымі пілястрамі, аркадамі і калонамі. Асабліва любяць мясцовыя дом на рагу Стаханаўскай, 2 і Клумава, 11 – там, дарэчы, ёсць класная кавярня Mon Nom (Instagram / Google Maps – гл. раздзел «Кава – Сняданкі»).

Два свежыя прыклады пераасэнсавання гістарычных і прамысловых раёнаў Менска – Ракаўскае прадмесце (Google Maps – раён Ракаўскай і прылеглых вуліц) і квартал К21 (Instagram / Google Maps – вул. Кальварыйская, 21). У першым выпадку донарам тэрыторыі стаў былы хлебазавод, у другім – мэблевая фабрыка. Рэнавацыі атрымаліся даволі ўдалымі, і цяпер абедзве лакацыі актыўна абжываюць модныя офісы і ядальні. Там прыемна прайсціся з кавай навынас ці пачыліць на адной з вулічных тэрас.

 

Паркі

Слушнае, сапраўднае знаёмства з Менскам не можа абысціся без прагулак па яго зялёных зонах і набярэжных. Грандыёзны экалагічны пояс з васямнаццаці паркаў перасякае наш горад па дыяганалі, разразаючы яго на дзве паловы. Зялёнага калідора такога маштабу няма ні ў адным еўрапейскім мегаполісе. Шмат хто з беларускіх і замежных архітэктараў лічыць, што водна-зялёны дыяметр мог бы стаць сапраўдным брэндам Менска.

Парк Горкага (Google Maps – ст. м. «Плошча Перамогі») – цэнтральная мінская «рэкрэацыйная зона» з дзіцячымі атракцыёнамі, парачкай немудрагелістых кавярань і трэніровачнай базай хакейнага клуба «Юнацтва» (каля якой нават летам можна пакачацца ў снезе, што ўтвараецца пры чыстцы коўзанкі). Раім зрабіць круг-другі на коле агляду, толькі скачы ў закрытыя кабінкі – з іх зручней аглядаць горад.

Парк Чалюскінцаў (Google Maps – ст. м. «Парк Чалюскінцаў») – прыгожы парк са старымі хвоямі, які будаваўся ў 1928–1931 гг. Збочвай з галоўных сцежак, каб прагуляцца ў цішыні і падыхаць свежым паветрам, кармі вавёрак, назірай, як у цёплае надвор'е дзядулі рэжуцца ў шахматы. Праз плот месціцца Батанічны сад (Сайт / Google Maps – вул. Сурганава, 2в), куды варта ісці адмыслова на квітненне пэўных калекцый

Лошыцкі парк (Google Maps – пр-т Чыжэўскіх, 10) – самы натхняльны і рамантычны парк Менска, галоўнае месца адпачынку жыхароў мікрараёна Лошыца. Цэнтральную частку парка грунтоўна адрэстаўравалі, цяпер тут роўныя сцежкі, утульныя альтанкі і маёнтак Любанскіх. Калі паглыбіцца ў парк, можна натрапіць на яблыневыя сады і рэшткі млына, дзе, паводле легенды, водзяцца чэрці. А непадалёк ад сядзібнага дома можна ўбачыць прывід Белай пані – апошняй гаспадыні сядзібы – Ядвігі Любанскай з Кяневічаў, якая патанула ў рацэ. 

Раён вадасховішча Дразды (Google Maps) – найлепшы спосаб пабыць на прыродзе, не выязджаючы з горада. Тут табе і лясныя вадаспады, і чырвоная дамба, і пшанічнае поле, і віды на агні вялікага горада. Патрапіць прасцей за ўсё па веласцежцы або збочыўшы да вады за «Мінск Арэнай».

 

Музеі і галерэі

Нацыянальны мастацкі музей (Сайт / Google Maps – вул. Леніна, 20; вул. К. Маркса, 24) – галоўны збор мастацтва ў Беларусі. Мае вялікая калекцыя класічнага жывапісу, старажытныя беларускія іконы і сармацкія партрэты роду Радзівілаў. Асобнай згадкі варты тутэйшы збор твораў сацрэалізму. А ў суседнім новым корпусе можна натрапіць на цікавыя часовыя экспазіцыі. За квіток у абедзве залы аддасі 14 BYN (€ 3,9), закрыта па аўторках. Каб занурэнне ў мастацтва прайшло максімальна прыгожа, раім паслухаць і нашы падкасты пра беларускі арт.

Нацыянальны гістарычны музей (Сайт / Google Maps – вул. К. Маркса, 12) размясціўся зусім недалёка ад мастацкага. Унутры – поўная рэтраспектыва жыцця беларусаў: ад старажытных плямёнаў і да цяперашняга часу. Усяго ў экспазіцыі больш за 400 каштоўных артэфактаў: напрыклад, пячатка Еўфрасінні Полацкай XII ст., арыгінальныя рыцарскія даспехі, калекцыя старажытных ікон і яшчэ мноства ўсякіх цікавостак. Квіток – 10 BYN (€ 2,8), у першы панядзелак месяца – 2 BYN (€ 0,6).

Галерэя «Арт-Беларусь» (Сайт / Instagram / Google Maps – вул. Казлова, 3) у Палацы мастацтва больш-менш рэгулярна ладзіць выставы сучаснага арту і пастаянна экспануе калекцыю «Белгазпрамбанка», у якой прадстаўлены Марк Шагал, Хаім Суцін, Лявон Бакст, Валенцій Ваньковіч, Восіп Цадкін. Уваход – 10 BYN (€ 2,8), выхадны ў панядзелак.

Музей-майстэрня Заіра Азгура (Сайт / Instagram / Google Maps – вул. Азгура, 8). Героі вайны, камуністычныя ідалы, народныя пісьменнікі – тут можна прачуць усё ХХ стагоддзе праз прызму творчасці галоўнага беларускага скульптара эпохі. Калекцыя музея налічвае 435 скульптур, выкананых у 1936–1992 гг. Такой высокай канцэнтрацыі леніных і сталіных на квадратны метр у свеце больш няма нідзе. Пры пэўным спрыце ты зможаш знайсці бюсты Канта і Гегеля. Лепш за ўсё адправіцца ў гэты музей, калі там праходзіць якое-небудзь разумнае мерапрыемства: лекцыя, творчая сустрэча, прагляд кіно пад адкрытым небам ці канцэрт (правярай афішу ў інстаграме). Кантраст антуражу і падзеі ўражвае.

У Нацыянальным цэнтры сучасных мастацтваў (Сайт / Facebook / Google Maps: вул. Някрасава, 3; пр-т Незалежнасці, 47) можна натрапіць на цікавы арт-перформанс, выставу маладых мастакоў ці нават спектакль. 

За Чырвоным касцёлам хаваецца невялікі будынак Музея гісторыі беларускага кіно (Сайт / Google Maps – вул. Свярдлова, 4) і былы будынак Малочнай кухні – адзін з самых яскравых прыкладаў канструктывізму ў Менску. Цяпер тут функцыянуе прастора ArtFabrika (Instagram / Google Maps – вул. Свярдлова, 2) – тут таксама даюць беларускае мастацтва – у фармаце выстаў, сустрэч, майстар-класаў. Чэкай афішу і выбірай падзею, заадно пазнаёмішся з унікальным архітэктурным помнікам.

«Монахром» (Instagram / Google Maps – вул. Кастрычніцкая, 16/3) – месца, дзе круцяць усялякі інтэлектуальны сінематограф, ладзяць рэтраспектывы культавых рэжысёраў, робяць незвычайныя музычныя вечары live. Афіша – у інстаграме. Інструкцыя, як знайсці прастору, – тут

У DK Gallery (Instagram / Google Maps – вул. Герцэна, 2а) экспануюць мастацтва мясцовых мастакоў, актыўна прасоўваюць маладыя таленты і ладзяць творчыя падзеі на злабадзённыя темы. Калі хочаш даведацца, чым жыве сучаснае беларускае мастацтва, зазірні сюды на выставу ці лекцыю.

У прасторы Flame Place (Instagram / Google Maps – пр-т Машэрава 9, к. 8) часта ладзяць займальныя івэнты накшталт кніжнай прэзентацыі, культурнай лекцыі, ранішняй ёгі або своп-вечарынкі, яшчэ там працуе бар і ёсць сімпатычны дворык.


***

Калі гэты гайд дапамог у тваім падарожжы, можна ў пару клікаў падзякваць рэдакцыі праз Ko-Fi. Дзякуй, што ты з намі, і класных табе вандровак!

 

КАВА
 

Specialty кава

Стваральнікі кавярань «Зерне» (Instagram / Google Maps: пр-т Незалежнасці, 46; вул. Казлова, 6; вул. Інтэрнацыянальная, 27б) былі аднымі з першых, хто адкрываў менчукам і гасцям сталіцы альтэрнатыўныя спосабы заваркі кавы. Усе «Зерні» знаходзяцца ў прыгожых лакацыях у цэнтры, прычым у кожнай установы – свая канцэпцыя ў дызайне інтэр'еру і свая атмасфера. Яны не браты-блізняты, так што ў кожнага(-ай) кавамана(-кі) горада сваё меркаванне наконт таго, які з пунктаў круцейшы.

Kitchen Coffee Roasters (Сайт / Instagram / Google Maps – вул. Кастрычніцкая, 16/3) – паўсакрэтнае месца на адваротным баку тусовачнай Кастрычніцкай з відам на спакойны бег Свіслачы і чыгунку. Тут пакаштуеш каву ад адных з найлепшых абсмажнікаў у Менску. Можна размясціцца ўнутры кавярні, але, калі надвор'е дазваляе, на вуліцы будзе зусім ідэальна: летам тут шыкоўная тэраса.

Marks (Instagram / Google Maps: вул. Карла Маркса, 11; вул. Кісялёва, 39; вул. Багдановіча, 23). Тут прапануюць сумясціць два галоўныя задавальненні гарадскога інтэлігента: кнігі і капучына на соевым малаку (можна і на звычайным, можна і не капучына, а, напрыклад, фільтр). У асартыменце стае моднага non-fiction у прыгожых вокладках (гл. «Шопінг – Кнігарні»). Можна ўзяць асобнік, каб пагартаць за кавай і вырашыць, ці вартае гэтае папаўненне для тваёй кніжнай паліцы. Кавярні вельмі адрозніваюцца вайбам, і мы рэкамендуем зайсці ў кожную.

River Espresso Club (Instagram / Google Maps – вул. Старавіленская, 6) прадуманая кавярня ў Траецкім прадмесці. Ідэальная кава ад людзей, якія ў ёй разбіраюцца, і простыя дэсерты, якія не замінаюць  раскрывацца смаку і водару зерня, – а што яшчэ трэба кававаму гурману?

Moby Dick (Instagram / Google Maps – вул. Кастрычніцкая, 16). Кава навынас на першым паверсе самага чорнага будынка на ўсёй Кастрычніцкай, ёсць утульная летняя тэраска. 

Why Knot? (Instagram / Google Maps – вул. Валадарскага, 21). У гэтай кавярні трэцяй хвалі не толькі вараць выдатную каву, але і гатуюць найсмачнейшыя кашы на сняданак і свежыя сэндвічы цэлы дзень. Камфортней за ўсё тут будзе тым, хто самым рэлевантным дызайнам для кавярні лічыць мінімалістычны інтэр'ер з белымі сценамі.

Demi Coffee Brewers (Instagram / Google Maps – вул. Карла Маркса, 17) – лакацыя ад маладых кававых энтузіястаў. Стылёвы дызайн, зручнае размяшчэнне ў самым цэнтры горада і выдатная кава. Можна і паснедаць – напрыклад, круасанам з чарыза або скрэмблам з белымі грыбамі і труфельным алеем.

«Рэдакцыя» (Instagram / Google Maps – вул. Гарадскі Вал, 12/2) – спэшалці кава, смачныя інстаграмныя сняданкі і вельмі прыемны інтэр’ер. А яшчэ незвычайныя дэсерты, напрыклад у выглядзе натуралістычнай бульбіны або яешні.

«1801» (Instagram / Google Maps: пр-т Незалежнасці, 95; пр-т Незалежнасці, 18) – калабарацыя гадзіннікавага завода «Луч» і лакальных кававых абсмажнікаў. Можна і кавы выпіць, і гадзіннік купіць. У меню – кававыя напоі як на аснове сумесяў, так і монагатункаў. Эксклюзіў установы – гатункі копі-лювак і black ivory, вядомыя спецыфічным спосабам апрацоўкі зерня.

Tiden (Instagram / Google Maps – вул. Куйбышава, 31) – самая экалагічная кавярня Менска: тут няма аднаразовага посуду, а яшчэ даюць зніжку, калі купляеш каву ў свой кубак. Шмат веганскіх дэсертаў, тосты і круасаны. Таксама ў кавярні прадаюць усякія класныя штучкі: шматразовыя кубкі для гарачых напояў, ручкі з перапрацаванага пластыку, мяшочкі для гародніны і шмат чаго яшчэ.

«Осмоловка» (Instagram / Google Maps – вул. Кісялёва, 23) – прыгожая кавярня з вінтажным настроем, які падтрымліваецца аднайменным малапавярховым раёнам (гл. раздзел «Культурная праграма – Альтэрнатыва»). Унутры атмасфера старога ўтульнага дома, на вуліцы пад дрэвамі стаяць размаітыя столікі і старое піяніна – адчуванне, быццам цябе запрасілі на бранч у чыёсьці радавое гняздо.  

Кавярня «26» (Instagram / Google Maps – вул. Ульянаўская, 30) – выдатная кава, сытныя сняданкі і аўтарскія дэсерты непадалёк ад чыгуначнага вакзала.

Black&White (Instagram / Google Maps – вул. Пятра Мсціслаўца, 10)laptop-friendly кавярня ад бадзёрых гарадзенцаў непадалёк ад Нацыянальнай бібліятэкі і станцыі метро «Усход». Вялізныя панарамныя вокны, выдатная кава, сытныя сняданкі – сырнікі, панкейкі, сэндвічы. Фішка меню – рошці (гэта такія швейцарскія «дранікі») з рознымі дабаўкамі.

Rixo (Instagram / Google Maps – вул. Кісялёва, 20) – зусім маладая лакацыя для аматараў ідэальнага эспрэса і мінімалізму. Бадай, адзінае ў горадзе месца, якое спецыялізуецца на эспрэса. Яго тут можна не толькі выпіць, але і з’есці: у меню маецца кававае марозіва.

Paragraph (Instagram / Google Maps: пр-т Незалежнасці, 37; вул. Карла Маркса, 9; вул. Кальварыйская, 5; вул. Няміга, 5). Берасцейская сетка кавярань некалькі гадоў таму ўварвалася ў Менск – і адразу стала ўлюбёнкай гараджан. Знайсці свабоднае мястэчка ў Paragraph бывае не так і проста. У кавярнях сеткі класны інтэр'ер, вялікі выбар дэсертаў уласнага прыгатавання і вялікая кававая карта. 

«Территория кофе» (Instagram / Google Maps – вул. К. Чорнага, 22) – у гэтай кавярні на ціхай вуліцы вараць каву ад паважаных шматлікімі абсмажнікаў, падаюць свежыя круасаны з сытнымі начыннямі, а яшчэ прапануюць разнастайную салодкую выпечку і крафтавы хлеб.

Сняданкі / Пякарні

Let it be (Instagram / Google Maps – вул. Кастрычніцкая, 23а). Ужо з самае раніцы Кастрычніцкая пачынае запаўняцца водарам свежай выпечкі: гэта ў пякарні Let it be падпякаюцца багеты і розныя іншыя віды хлеба: ад цыбульнага да бураковага. Але галоўнае тут – сняданкі, якія можна замаўляць увесь дзень. 

«Мечтатели» (Instagram / Google Maps – вул. Кісялёва, 28). У кавярні, якая размясцілася ў ціхім цэнтры – Асмалоўцы (гл. «Культурная праграма – Альтэрнатыва») – прапануюць не толькі выпіць добрай кавы, але і сытна пад’есці: тут пякуць вафлі і гатуюць выдатныя сняданкі.

Stories (Instagram / Google Maps – вул. Інтэрнацыянальная, 14) – прыемнае кававае месца ў цэнтры горада, якое менчукі любяць за свежую выпечку. Можна ўзяць мінімалістычны набор з круасана з маслам і джэмам, а можна і нешта больш грунтоўнае – сняданкі падаюць увесь дзень.

Oh! Beignet! (Instagram / Google Maps – вул. Свярдлова, 15) – стылёвая кавярня з монапрадуктам, дзе гатуюць французскія квадратныя пончыкі бенье з рознымі дадаткамі. І робяць гэта так добра, што адшукаць вольнае месцейка ў зале няпроста нават у будні. Зала, дарэчы, чароўна эклектычная: тут і вінтажная мэбля, і беларуская кераміка, і сцены з рознымі фактурамі. Рэкамендуем парваць гастранамічны шаблон і ўзяць пончык з чырвонай ікрой – гэта вельмі смачна.

LЁN (Сайт / Instagram / Google Maps – вул. Ракаўская, 25/1) – о, гэты дурманлівы водар свежых круасанаў, што лунае на ранішняй Ракаўскай! Але не толькі здобныя паўмесяцы румяняцца ў гэтай крафтавай пякарні – гатункаў выпечкі тут аж занадта: булачкі, паштэйшы, хлеб і шматлікае іншае. Да духмянай здобы тут падаюць добрую каву. Калі захочаш прывезці выпечку LЁN блізкім на гасцінчык, то яна прадаецца ў розных пунктах горада, ёсць і дастаўка . 

Moby Dick Caffe (Instagram / Google Maps – вул. Захарава, 24) кропка сеткі Moby Dick, якая працуе ў раёне плошчы Перамогі ў фармаце паўнавартаснай кавярні. Тут прапануюць тоўстае меню са сняданкамі (раім авакада-тост). Калі раніца абяцае быць цяжкай, да сняданку можна ўзяць келіх прасека.

Mon Nom (Instagram / Google Maps – вул. Клумава, 11 / вул. Стаханаўская, 2) – установа, якая размясцілася ў легендарным доме з русалкамі ў пасёлку Трактарнага завода  (гл. «Культурная праграма – Альтэрнатыва»). Калі цябе занясе ўбок ад цэнтра, то май на ўвазе, што тут падаюць сняданкі-канструктары і ўдзень, і ўвечары, можна прапусціць келіх пеністага ці чаго мацнейшага.

Цэлы дзень сняданкі падаюць у Benedict Bistro (Instagram / Google Maps – вул. Максіма Багдановіча, 23). У меню – з дзясятак варыянтаў прыгатавання яек, сырнічкі і (для самых галодных) вялікі англійскі сняданак. Увечары можна вярнуцца на пасту і кактэйль.

«Каравай» (Сайт / Google Maps – пр-т Незалежнасці, 38). Культавае месца сярод жыхароў раёна плошчы Перамогі, а таксама студэнтаў і школьнікаў. У краме прадаюць свежы хлеб проста з завода, а ў кафетэрыі – легендарную выпечку і свежыя пірожныя (рэцэпты правераныя цэлымі пакаленнямі менчукоў) па самых нізкіх коштах.

 

Цукерні

Буфет універсама «Цэнтральны» (Instagram / Google Maps – пр-т Незалежнасці, 23). Унікальнае менскае месца, у якое раім зайсці не столькі па ежу, колькі па атмасферу. Хоць хот-дог з морквай або слойка са шпінатам цалкам сытныя, а кава «Оскар» з яйкам і каньяком усё яшчэ бадзёрыць, сіла «Цэнтральнага» – у яго здольнасці аб'ядноўваць усіх: рабацяг, артыстаў, чыноўнікаў, студэнтаў і каго толькі не. Жырандолі і пано на сценах вартыя асаблівай увагі – так што вельмі раім адарваць позірк ад крэмавай карзіначкі (якую ты, вангуем, хутчэй за ўсё возьмеш) хаця б разок.

Cookie Rookie (Instagram / Google Maps – вул. Платонава, 10). Неймаверныя шу і макаронсы, дзеля якіх месцічы збочваюць на не самую прахадную вуліцу і ў даволі дзіўнае памяшканне з вахцёрам на ўваходзе. Павер, любыя намаганні вартыя гэтых смакаў. Апроч названых смакоццяў, рэкамендуем таксама мадлен і ромавую бабу – гэта вугляводны экстаз. 

Brioche (Instagram / Google Maps: вул. Старажоўская, 6; вул. Леанарда да Вінчы, 2) – французскія цукерні з нязменна смачнай выпечкай і дэсертамі. Адна знаходзіцца ў зручнай лакацыі ў цэнтры горада, другая – у модным прыгарадзе «Новая Баравая».

«Духовка» (Instagram / Google Maps – вул. Е. Полацкай, 5). Тут гатуюць бездакорна прыгожыя і смачныя дэсерты: кожны – гэта нешта на ўзвышанай мове кандытарскага мастацтва. За якасцю кавы тут таксама сочаць і закупляюць зерне ў найлепшых абсмажнікаў горада.

Moulin (Instagram / Google Maps: вул. Замкавая, 27; вул. Яна Чачота, 7) – французская пякарня-цукерня, адна з найстарэйшых менскіх устаноў такога кшталту, чыю выпечку і дэсерты месцічы спраўна купляюць з году ў год. Рэкамендуем узяць да кавушкі труфель або круасан з фісташкай і вішняй.

МО (Instagram / Google Maps: пр-т Дзяржынскага, 80; вул. Кіжаватава, 1a) – яшчэ адна французская сетка сямейнага фармату з парыжскім вайбам. Шэф-кандытарка і сузаснавальніца скончыла кулінарную школу Le Cordon Bleu ў Лондане, таму якасць дэсертаў і выпечкі тут выдатная.

 

Гарбата 

А калі ты ў чайнай тэме, зацані «Чайную почту» (Instagram / Google Maps – пр-т Незалежнасці, 44-3н, уваход з двара) – месца для свядомага рэлаксу. Тут запарваюць і прадаюць пуэры, белыя, зялёныя, чырвоныя і зёлкавыя гарбаты, дадуць пісьменную кансультацыю, а яшчэ ўвесь час праводзяць чайныя цырымоніі.

 

 

ЕЖА
 

Стрытфуд / Гарадскія кавярні

Самая алдскульная вулічная ежа Менска сканцэнтраваная на «кебабнай мілі» каля Камароўскага рынку (ст. м. «Плошча Якуба Коласа») на стыку ГЦ «Манетка» і ГЦ «Атлантык» па вуліцы Кульман  (Google Maps). Паток людзей тут невычэрпны: днём па шаўрму вышнуроўваюцца наведнікі рынку і работнікі блізкіх офісаў, а ноччу сцякаецца на дажор пярэсты натоўп – ад гламурных паненак на шпільках да суворых байкераў. Галоўная страва раёна – шаўрма, багата хто бярэ яе ў праверанай сетцы «Мираж» (Google Maps – вул. Кульман, 9). Але і на пунктах побач табе настругаюць нешта прыстойнае – тут ужо, як той казаў, што каму смакуе. Таксама на «Манеты» можна заправіцца хот-догам, сэндвічвм, фалафелем або блінам з начынкай. Тут жа працуе вялікая забягайлаўка з в’етнамскай ежай «Сайгон-Вьет» (Google Maps – вул. Кульман 5б), дзе можна ўзяць літрушку супу фо – тое, што трэба для пахмельнае раніцы.

На Кастрычніцкай за сытнае падсілкаванне адказвае «Кафе 3» (Instagram / Google Maps – вул. Кастрычніцкая 23) – сапраўдная класіка тусовачнай вуліцы. 24/7 там гатуюць сакавітыя сэндвічы з дзясяткамі начынак, наліваюць выдатную каву і сезонныя напоі. 

У блінных «Дэпо» и «Кафе 2» (Instagram / Google Maps: вул. Зыбицкая, 6; вул. Кастрычніцкая, 23) выпякаюць бліны з вялізнай колькасцю начынак на выбар. У абедзенны час прапануюць супчыкі і салаты.

Beten Gav (Instagram / Google Maps – вул. Кісялёва, 28) – установа з простай ізраільскай ежай і кампактным меню: хумус з кедравым арэхам, бабагануш, шакшука, фалафель і салодкі напой бубалех. Beten Gav знаходзіцца ў вельмі ціхім месцы, сюды прыемна зайсці на ланч.

У раёне вакзала адкрылася кебабная (Instagram / Google Maps – вул. Кірава, 11) ад каманды Moby Dick (гл. раздзел «Кава – Сняданкі»), дзе можна з’есці смачную шавуху, пазіраючы на крутыя мазаікі ў інтэр’еры.

«Гурман» (Google Maps – вул. Камуністычная, 7). Пельменная, але гэтая страва тут не адзіны варыянт насыціцца – меню даволі багатае: ёсць і стэйкі, і дранік (менавіта так, у адзіным ліку), і нават курыца ціка-масала. Асобнай згадкі варты мясцовы грыбны суп, дзеля якога мы сюды і наровім заехаць лішні раз. 

 

Рынкі / Фудкорты

Камароўскі рынак, або Камароўка, (Сайт / Instagram / Google Maps – ​вул. Веры Харужай, 8) – галоўны харчовы рынак сталіцы. Менчукі ездзяць сюды на выхадных па свежае мяса і агародніну-садавіну. Хоць насамрэч тут можна знайсці ўсё што заўгодна: ад рэдкіх спецый ці інгрэдыентаў для кітайскай кухні да сезонных ягад і грыбоў, сабраных энтузіястамі ціхага палявання. Да слова, пра Камароўку ў нас ёсць цэлы падкаст – каб грунтоўна падрыхтавацца да візіту.

У цёплую пару года і на калядныя святы ў Менску працуюць два фудкорты на адкрытым паветры: «Песочница» (Instagram / Google Maps – вул. Куйбышава, 45), Lidbeer Dvor (Instagram / Google Maps – вул. Кульман, 1/8) и «Лучшая улица» (Instagram / Google Maps – пр-т Незалежнасці, 95к16, тэрыторыя завода «Луч»). Фармат папулярны сярод менчукоў, якія аддаюць перавагу перахапіць што-небудзь на вуліцы, не абмяжоўваючы сябе ў выбары: гэта могуць быць fish & chips, бургер, піца, шашлык, така, трдзельнік і шмат чаго яшчэ. На фудкортах нярэдка праходзяць розныя тусоўкі, гучыць жывая музыка, паказваюць кіно ці футбольныя трансляцыі.

І яшчэ занатуем: на тэрыторыі Lidbeer Dvor па суботах разгортваецца сезонны фермерскі маркет «Усё сваё», дзе можна закупіцца вяндлінаю, сырамі, зелянінай, слодычам, соусамі і джэмамі, зробленымі не на бяздушным канвееры, а па ўсіх прынцыпах арганічнай гаспадаркі.

 

Беларуская кухня

«Камяніца» (Сайт / Instagram / Google Maps – вул. Першамайская, 18) – паважаны рэстаран аўтэнтычнай беларускай кухні з больш чым 20-гадовай гісторыяй. Інтэр'ер выкананы ў стылі сярэднявечнай карчмы, патрапіўшы ў якую абавязкова акунаешся ў атмасферу часоў ВКЛ. Тут ты можаш пакаштаваць цудоўную хранавуху, журавіну і медавуху ўласнага прыгатавання. Вялікі выбар нацыянальных страў, часта грае жывая музыка. 

«Кухмистр» (Сайт / Instagram / Google Maps – вул. Карла Маркса, 40) – яшчэ адна ўстанова-доўгажыхар у цэнтры горада, дзе гатуюць стравы беларускай і літвінскай кухні. Раім пачаць знаёмства з дэгустацыйнага сэту дранікаў, а працягнуць – верашчакай з блінамі, судаком па-палеску або віленскім баршчом з пампушкамі. 

«Лiтвiны» (Сайт / Instagram / Google Maps: вул. Свярдлова, 2; пр-т Пераможцаў, 119; вул. Прытыцкага, 156/1) – сетка ўстаноў з беларускай народнай кухняй у сучасным прачытанні. Тут можна пакаштаваць флякі па-старабеларуску, калдуны па рэцэпце графа Тышкевіча і, ясная рэч, дранікі з рознымі дадаткамі.


Мяса / Бургеры

Iskra (Instagram / Google Maps – вул. Кастрычніцкая, 23) – вартае пераўвасабленне легендарнага рэстарана Enzo. Тут абнавілі інтэр’ер, зрабілі яго мінімалістычным і захавалі курс на выдатныя бургеры і стэйкі. 

BurgerLab (Сайт / Instagram / Google Maps – вул. Кастрычніцкая, 19/4) – папулярная ўстанова з душой, якая ўжо некалькі гадоў корміць бургерамі тусоўшчыкаў і офісных работнікаў на Кастрычніцкай. Бургеры падаюць з катлетай, абсмажанай medium. Калі хочаш, булачку заменяць лісцем салаты.

Sabroso (Сайт / Instagram / Google Maps: вул. Куйбышава, 45; вул. Кастрычніцкая, 16) – легендарныя лацінаамерыканскія бургеры, па якія раней усе спецыяльна ганялі ў Маладзечна. Акрамя таго, у меню ёсць салаты, така ды іншыя пікантныя стравы родам з Паўднёвай Амерыкі.

 

Азіяцкая кухня

Flow (Сайт / Instagram / Google Maps – вул. Кастрычніцкая, 19) – рэстаран японскай кухні з выкшталцоным аўтарскім прачытаннем страў. Рэкамендуем узяць бао дабл з ялавічынай і труфелем, а на дэсерт – яблычны тарт з мусам з печанага яблыка. Асаблівасць установы – адкрытая кухня ў выглядзе шклянога куба, які можна абысці па перыметры. У цёплыя паравіны года працуе балкон-тэраса ва ўнутраным дворыку.

Umami (Сайт / Instagram / Google Maps – вул. Рэвалюцыйная, 28) – азіяцкае бістро, адно з самых гастранамічных месцаў горада. Незвычайныя спалучэнні прадуктаў і старанна вывераныя рэцэпты ад шэфа: павячэраць ва Umami – заўсёды маленькае задавальненне. У меню сэвічэ, тартары, поке, ролы. А яшчэ тут класныя аўтарскія дэсерты.

Thai Garden (Instagram https://www.instagram.com/thaigarden.by/ / Google Maps https://maps.app.goo.gl/Hdw5XMQvQGAjSjkH7 – вул. З. Бядулі, 8) – месца с правільнай тайскай кухняй для тых, хто любіць плакаць над ежай, а не над рамкомамі. Зрэшты, ступень вастрыні твайго Том яма, кары ці локшыны тут адрэгулююць па запыце. 

На выпадак, калі захочацца ролаў і сушы ў рэстараннай абстаноўцы, з прыгожай падачай і бездакорным сэрвісам, табе у «Ронин»(Сайт / Instagram / Google Maps – вул. М. Багдановіча, 78).

 

Італьянская кухня

Dialoghi (Instagram / Google Maps – вул. Пятра Мсціслаўца, 10) – прыгожы рэстаран італьянскай кухні ад першага беларускага шэфа, адзначанага ў гідзе Мішлен: Сяргей Варашылаў трапіў у прэстыжны спіс са сваёй віленскай установай Justa Pasta. У меню – піцы, пасты, рызота і іншыя стравы.

Cultura (Instagram / Google Maps – пр-т Пераможцаў, 100) – месца пра небанальную італьянскую кухню з азіяцкім твістам. Тартары, том ям, неймаверна смачныя італьянскія пінсы і пасты – гэта толькі частка таго, што варта пакаштаваць у «Культуры».

Траторыяй La Scala (Сайт / Instagram / Google Maps – вул. Няміга, 36) з выдатнай рэпутацыяй ужо больш за 10 гадоў кіруе італьянскі шэф Іньяцыа Роса. Сюды б мы раілі прыводзіць гасцей з Італіі, для вячэры з сям’ёй таксама пасуе як найлепей.

«Кафе 5» (Instagram / Google Maps – вул. Кастрычніцкая, 23а) – месца з ціхім дваром на шумнай Кастрычніцкай. Піцу тут гатуюць у дрывяной печы, да яе можна ўзяць пеністае віно ці піва.

 

Вегетарыянская / Веганская ежа

Om Namo (Сайт / Instagram / Google Maps – вул. Веры Харужай, 13) – індыйскае вегетарыянскае бістро. Тут падаюць здаровую і па-ўсходняму багатую на смакавыя спалучэнні ежу. Пакора, самосы, талі, гарбузовы і кукурузны супы, панір у разнастайных варыяцыях. Гаспадар установы Бікаш з задавальненнем камунікуе з гасцямі ў зале. 

«Масала» (Сайт / Instagram / Google Maps – вул. Старавіленская, 10) – яшчэ адно дэмакратычнае кафэ індыйскай кухні, але ўжо ў іншым сэрцы горада. Гаспадар установы таксама родам з Індыі, а таму ў аўтэнтычнасці страў сумненняў быць не можа. Році, пуры, панір або кары – меню шырокае, варта пакаштаваць усякае-рознае і запіць, вядома, масалай. Тут прапануюць опцыі веганскія, вегетарыянскія і з курыцы.

Vegetus (Instagram / Google Maps – вул. Кальварыйская, 21/5) – бар ад сеткі вегетарыянскіх крам. У меню – размаітыя стравы расліннага паходжання, уключна з бургерамі і дэсертамі. Ёсць дастаўка гатовых і замарожаных страў.

 

Вячэра / Атмасфера

SFB (Instagram / Google Maps – вул. Рэвалюцыйная, 17) – установа ад сеткі рыбных крам John Dory, куды абавязкова варта зазірнуць гурманам, якія фанацеюць ад дароў мора. Тут табе пададуць бездакорных вустрыц, краб-кейк, палтуса па-сіцылійску ці лобстар-рол. 

Le Gosse (Сайт / Instagram / Google Maps – пл. Свабоды, 13) – кафэ з флёрам вытанчанага французскага шыку ў самым цэнтры горада – на ціхай вуліцы з відамі. Звярні ўвагу на сняданкі – яны вельмі instagrammable.

Bloom Eatery (Сайт / Instagram / Google Maps – пр-т Пераможцаў, 110) прыгожы рэстаран з клапатлівым сэрвісам, у якім ганарацца якасцю сваіх прадуктаў і выверанай віннай картай. У Bloom гасцям практычна прапануюць вандроўку вакол свету: у меню знойдзеш стравы ад том яма і рызота да бабагануша і хамона.

Fiori (Instagram / Google Maps – пл. Свабоды, 8) – месца для модных сняданкаў з сяброўкамі ці вельмі прыгожых вячэрніх спатканняў. Яшчэ адна ўстанова такога кшталту – кафэ Feel's (Сайт / Instagram / Google Maps – вул. Юрова-Завальная, 15) у Ракаўскім прадмесці.

«Имена» (Сайт / Instagram / Google Maps – пл. Свабоды, 2) – модны рэстаран у цэнтры, з прыгожым інтэр'ерам і меню, дзе няма нічога лішняга. «Імёны» добры для вечароў, калі хочацца запаволіцца і, любуючыся відам на горад, адчуваць смак жыцця.

Babe (Instagram / Google Maps – вул. Кальварыйская, 21) – модная ўстанова ў квартале К21, якая працуе ў фармаце кавярні ранкам і ўдзень і dj-бара ўвечары. Інтэр’ер – лофт з антыкварнай мэбляй і крышталёвымі жырандолямі, на сталах – вінтажныя карункі і посуд з бабулінай шафы. Кухня – цудоўная, дыджэі – папулярныя.

Marbl (Instagram / Google Maps – пл. Свабоды, 4) – эстэцкі вінны рэстаран з відам на Верхні горад і Траецкае прадмесце. Кухня сярэднеземнаморская, імкнецца да высокай. Месца пасуе для ўрачыстай вячэры.

Pinky Bandinsky (Сайт / Instagram / Google Maps – вул. Камсамольская, 13а) – гэта стылёвы інтэр’ер, меню з фантазіяй, вялікая кактэйльная карта і запальныя dj-сэты па выходных. Кожны сезон абнаўляюць тэрасу, ператвараючы яе ў неймаверна фотагенічную лакацыю. Тут прыгожа, смачна, весела, таму забраніраваць столік у «Пінкі» нават на ланч лічыцца немалой удачай.

У «МонеМане» (Сайт / Instagram / Google Maps – пр-т Незалежнасці, 18) інтэр'ер кожнай дэталлю адсылае да творчасці французскіх мастакоў, якіх вечна блытаюць. Пэндзлі і фарбы, кнігі па мастацтве, карціны, мальберты – у рэстаране пануе атмасфера сапраўднай мастацкай майстэрні. Гатуюць таксама прыстойна, так што месца папулярнае – лепей браніраваць столік.

Le Cro Cro (Instagram / Google Maps – пр-т Незалежнасці, 32А) – элегантнае бістро з французскай кухняй падыдзе для прыгожага рамантычнага вечара або летуценнага нядзельнага бранчу. У доўгім меню – французская класіка з прыгожай падачай.

 

 

БАРЫ
 

Кактэйлі / Атмасфера

Gin&It (Instagram / Google Maps – пр-т Незалежнасці, 18) – адзіны менскі бар, які трапіў у прэстыжны сусветны рэйтынг 50 Best Discovery. Яго адзначылі за крутое меню з лакальным акцэнтам і гасцінную атмасферу. Нядаўна каманда папоўніла кактэйльную карту сэтам, які разаб’е сэрцы беларусаў: можна пакаштаваць на смак «Камароўку», «Галоўпачтамт», «Чырвоны касцёл», «Дынама» і іншыя культавыя месцы сталіцы.

«Молодой» (Instagram / Google Maps – вул. Харужай, 25) – месца пра юнацтва, андэграўнд і кам’юніці класных людзей. Вельмі вясёлае, крыху вар’яцкае, з вайбовым летнім дворыкам у атачэнні шынамантажоў.

Чарачная «Салют» (Instagram / Google Maps – вул. Герцэна, 2) – таксама крыху крэйзі, але вельмі вабная лакацыя з недарагімі напоямі і шпротамі ў меню. Тут цяснота, гоман, размаітасць: ёсць тусоўшчыкі з Зыбіцкай, ёсць студэнты і модныя рабяты, што заехалі пасля афтэрпаці на тусоўцы ў «Аксидентале» (гл. раздзел «Клубы / Вечарынкі»).

Drops (Instagram / Google Maps – зав. Музыкальны, 1/2) – бар-абсэнтэрыя, які месціцца ў адным дворыку з чарачнай «Салют» (а дакладней, у паўпадвале пад ёй). Тут смачныя аўтарскія кактэйлі і палымяны абсэнт, утульная атмасфера і цёплы сэрвіс.

«Легендар» (Instagram / Google Maps – вул. Рэвалюцыйная, 14) – мегаўтульная лакацыя з канцэпцыяй лясной казкі. Тут будуць аўтарскія кактэйлі з уласнымі гісторыямі і ашаламляльнай падачай, фонавая музыка, якую пастаянна хочацца зашазаміць, і сувеніры ручной работы.  

«Синяя коза» (Сайт / Instagram / Google Maps – вул. Рэвалюцыйная, 7) – бар месціцца ў спакойным і фотагенічным чырвоным дворыку. Калі хочаш чылавага вечара, раім зайсці сюды на бакал сухога віна або кактэйль. 

У Embargo (Сайт / Instagram / Google Maps – вул. Рэвалюцыйная, 7) ты перанясешся ў старое амерыканскае кіно, у якім хтосьці задумвае буйную авантуру. Месца, дарэчы, у тым жа чырвоным дворыку. Звыклага меню тут няма: проста апісваеш смак і эфект, на які разлічваеш, – і бармэн віртуозна замяшае нешта вельмі класнае – праверана!

У ваколіцах тусовачнай вуліцы Зыбіцкай (Google Maps) ты можаш шляхам спроб і памылак адшукаць бар па настроі і сэрцы сярод цэлай плеяды ўстаноў. Але менавіта ў Uno Mas (Instagram / Google Maps – вул. Герцэна, 12), крыху ўбаку ад галоўнай варушняковай артэрыі, цябе чакаюць класныя аўтарскія кактэйлі і атмасфера спякотнай лацінаамерыканскай вечарынкі. Часам сюды носа не ўбіць, затое знаёмствы заводзяцца неяк самі сабой.

El Pastva (Instagram / Google Maps – вул. Інтэрнацыянальная, 19) – яшчэ адзін душэўны бар з лацінаамерыканскім характарам. Фірмовыя кактэйлі, стылёвы кітч у інтэр’еры і хвацкія танцы пасля паўночы забяспечаныя.

«Рок’н’рольщик» (Instagram / Google Maps – вул. Машэрава, 15/4) – шумнае месца з вінілам і адчуваннем, што тут усе адно аднаго ведаюць. З ежы гатуюць неапалітанскую піцу з печы. 

«Персонажи» (Instagram / Google Maps – вул. К.Маркса, 33) – свежая ўстанова з кінаканцэпцыяй. Кожная дэталь прысвечана кінематографу: ёсць адсылкі да твораў Зямекіса, Кубрыка, Скарсэзэ і іншых мэтраў. Меню таксама ў тэме. Карацей, калі любіш кіно і музыку на вініле, варта зазірнуць.  

Піва

Malanka Taproom (Instagram / Google Maps – вул. Ленінградская 3) – невялікае крафтавае месцейка непадалёк ад вакзала: дзясятак кранаў ад лакальнага бровара Malanka, вялікі выбар крафта ў бутэльках, сяброўская атмасфера.

Mad Frog Taproom (Instagram / Google Maps – вул. Кальварыйская, 21/6) – душэўная лакацыя для аматараў крафтавага піва ў квартале «К21». Зайдзі, каб пад дыджэй-сэт ацаніць мід ад аднайменнага бровара ці пакаштаваць нешта яшчэ. Вельмі камфортнае месца для таго, каб прабавіць тут час перад вялікай вечарынкай у клубе.

Spin Bar (Instagram / Google Maps – вул. Кальварыйская, 21) – дэмакратычны бар з добрым выбарам, чаго б пакаштаваць. Атмасфера спрыяе камунікацыі, так што месца гэтае ўдалае як для сустрэчы з сябрамі, так і для пошуку новых знаёмстваў.

«1067» (Instagram / Google Maps – вул. Валадарского, 22) – паб з вялікім выбарам піва, уключаючы разліўны беларускі крафт, сакавітыя бургеры і лакальныя закускі накшталт дранікаў са свінымі вушамі.

 

Віно

Wine&Pinsa (Сайт / Instagram / Google Maps – вул. Рэвалюцыйная, 24) – вінны бар, дзе можна не толькі прапусціць куфлік, але яшчэ і з'есці сытную пінсу. Добрае месца для ўтульных вячорак.

«Вино. Ритмы. Горожане» (Сайт / Instagram / Google Maps – вул. Камсамольская, 9) – вінна-вінілавая ўстанова з грэчаска-ізраільскай кухняй. Прыемнае месца з добрым наборам напоеў. Выбар, дарэчы, смела давярай афіцыянтам: яны разбіраюцца. Да віна асабліва раім вялікую талерку з фалафелем.

«Невинный бар» (Instagram / Google Maps – пр-т Незалежнасці, 71) – месца з выдатнай віннай картай і гастранамічным меню з акцэнтам на Азію. Калі захочацца нечага зусім незвычайнага (да напояў, вядома), вазьмі мейзмен – страва кшталту рамена, але без булёну.

 

Клубы / Вечарынкі

​Accidental Point (Instagram / Google Maps – вул. Кальварыйская, 21) – інтэлігентная творчая прастора ў экс-завадскім квартале «К21». Дыджэі ставяць лёгкую электронную музыку, можна трапіць на вечар вінілу, джазавыя імправізацыі, вечарынку з хіп-хоп-танцамі або абмен хатнімі раслінамі.

У тэхнабары «Пролетариат» (Instagram / Google Maps – вул. Кальварыйская, 21) пастаянна праходзяць электронныя паці. У меню – толькі напоі і танцы для тых, чые ночы не для сну. 

Modul art platform (Instagram / Google Maps – вул. Кастрычніцкая, 16/3) – тут танцуюць пад drum and bass ды іншую электронную музыку, улетку адкрываецца тэраса, дзе грае што-небудзь чылавае. 

Наогул за падзеямі Менска лепш за ўсё сачыць у сацсетках устаноў (гэтых і іншых). Інфармацыю пра буйныя мерапрыемствы можаш узяць на сайце afisha.me . Але памятай: тусоўкі, на якіх ты апынаешся стыхійна, часта аказваюцца куды круцейшымі, – прыслухоўвайся да інтуіцыі і паддавайся плыні.

 

 

ШОПІНГ
 

Класіка

ГУМ (Сайт / Instagram / Google Maps – пр-т Незалежнасці, 21). Галоўны ўніверсальны магазін, што адкрыўся яшчэ ў 1951 годзе, застаецца свайго кшталту музеем савецкага гандлю, працягваючы шмат у чым прытрымлівацца традыцый і стылю тых часоў. Тут ты можаш купіць усё – ад мужчынскіх панталонаў да заручальных пярсцёнкаў. 

ЦУМ (Сайт / Instagram / Google Maps – пр-т Незалежнасці, 54). Яшчэ адна Мека савецкага гандлю, якая захавалася ці не ў першародным выглядзе, вітрына магчымасцяў беларускіх вытворцаў і цэнтр сувеніраў made in Belarus накшталт ільняных ручнікоў, керамічнага посуду ці касметыкі.

 

Сувеніры / Кнігарні

Present Simple (Сайт / Instagram / Google Maps: вул. Кальварыйская, 21; вул. Ратамская, 7) – букеты і падарункі, сабраныя вельмі густоўна. Ідэальнае месца, калі хочаш зрабіць каму-небудзь сюрпрыз.

Marks (Сайт / Instagram / Google Maps: вул. Карла Маркса, 11; вул. Кісялёва, 39; вул. Багдановіча, 23– утульная сетка прыгожых кнігарняў. Шмат выданняў пра культуру, філасофію, гуманітарныя навукі, ёсць сучасная мастацкая літаратура і якасная дзіцячая. Крама на Маркса пазіцыянуецца як «Кнігарня і крыху кавы», на Кісялёва – як «Лета Брэдберы», на Багдановіча – «Кава і кнігі выдавецтваў TASCHEN і gestalten».

«Веды» (Google Maps – вул. Карла Маркса, 36) – гэтая кнігарня славіцца сваім букіністычным аддзелам. Вялікі выбар збораў твораў у класічных савецкіх выданнях за вельмі ўмераны кошт. Калі будзеш праходзіць паўз «Букініста» (Instagram / Google Maps – пр-т Незалежнасці, 43) на плошчы Якуба Коласа – зазірні: там цікавая абстаноўка, шмат дзіўных кніжак за капейкі, але можна адкапаць і сапраўдны дыямент. 

Крама ў Мастацкім музеі (Сайт / Instagram / Google Maps – вул. Карла Маркса, 24). Сюды рэкамендуем ісці па разумныя сувеніры кшталту кніг па мастацтве, масак для сну з арт-прынтам і пінамі з вазамі з праспекта Незалежнасці ды іншымі лакальнымі мемамі.

 

Лакальныя брэнды

Trend Park (Сайт / Instagram / Google Maps – пр-т Пераможцаў, 9) – канцэпт-пляцоўка, дзе выдатна прадстаўлены беларускія дызайнеры. 700 квадратных метраў дызайнерскіх корнераў і астраўкоў з біжутэрыяй амаль выключаюць магчымасць не адшукаць нешта цікавае для сябе.

Weare (Сайт / Instagram / Google Maps – ТЦ Dana Mall, вул. Пятра Мсціслаўца, 9) – мультыбрэндавая прастора, дзе прадстаўленыя MurMur (Сайт / Instagram), Nine 22 (Сайт / Instagram), Uno Mas Uno (Сайт / Instagram) і яшчэ пара дзясяткаў беларускіх брэндаў.

MUA (Сайт / Instagram / Google Maps – вул. Камсамольская, 29) – брэнд стылёвага адзення, створанага жанчынамі для жанчын. Іх калекцыі – заўсёды пра элегантнасць, смеласць і французскі шык.

most wanted (Instagram / Google Maps – вул. Інтэрнацыянальная, 3) – сюды па жаноцкія сукенкі, незвычайны крой і модны мінімалізм на ўсе выпадкі жыцця.

Okegawa (Сайт / Instagram / Google Maps – вул. Фабрыцыуса, 9а) – стылёвае вулічнае адзенне і аксэсуары ў духу японскага мінімалізму. Рабяты пераважна апранаюць хлопцаў, але і дзяўчаты лёгка знойдуць сабе нешта крутое. Фішка брэнда – спалучэнне стылю, функцыянальнасці і дзёрзкасці. 

Espireo (Сайт / Instagram / Google Maps – вул. Пятра Мсціслаўца, 12) – эталонны гардэроб для жанчын. Калі ты ў пошуку якаснай актуальнай базы з носкіх матэрыялаў, мадэлі ад Espireo табе напэўна ўкінуцца ў вока.

Lovelace (Сайт / Instagram / Google Maps – вул. Дзімітрава, 5) – прыгожая жаночая бялізна з яркім характарам. Брэнд арыентаваны на эстэтыку, камфорт, бодзіпазітыў, экалагічнасць і любоў да коцікаў.

Parfoholic (Сайт / Instagram / Google Maps – вул. Гарадскі Вал, 8) – канцэптуальная і нішавая парфума ў стылёвай прасторы. Адзін з водараў –  Pornstar – ужо, дарэчы, паспеў стаць культавым.

Clans (Сайт / Instagram / Google Maps – вул. Казлова, 8) – стылёвая крама брэндавых красовак і streetwear у цэнтры горада. Тут знойдзеш Native, Saucony, Asics, Puma і іншыя маркі. 

Прычапурыцца ў абноўкі ад сусветных streetwear брэндаў кшталту Carhartt ці HUF можна ў маднявай прасторы Salarium (Сайт / Instagram / Google Maps – Траецкая набярэжная, 6).

 

Вінтаж / Барахолкі

KaliLaska (Instagram / Google Maps – вул. Кальварыйская, 21) – дабрачынная крама, дзе можна знайсці кнігі, негабарытную мэблю, адзенне, абутак, упрыгожанні, сумкі, пласцінкі, сувеніры. Хоць гэта рэчы, якія былі ва ўжытку, усе яны добрай якасці. Акрамя таго, тут працуе мілая кавярня і крама крафтавых аксесуараў.

Retroterra (Instagram / Google Maps – вул. Чырвонаармейская, 21/6) – антыкварная крама, у якой ёсць літаральна ўсё: ад старога посуду да буйнагабарытнай мэблі і прадметаў гардэробу. Сама прастора неймаверна эстэтычная і нагадвае музей. Там можна бавіць гадзіны навылёт, разглядаючы экспанаты і разважаючы пра гісторыі, што хаваюцца за імі. Сапраўдная рэтратэрапія.

Komok (Сайт / Instagram / Google Maps – вул. Мікалая Дразда 25А, к. 4) – яшчэ адзін партал у мінулае. Заліпальная камісійная крама з сотнямі артэфактаў з розных эпох. Па выходных тут часта праводзяць культурныя барахолкі, дзе можна пад музыку пацерціся паміж шэрагамі з моднай моладдзю, перабіраючы цікавыя рэчы.

Gartllery (Instagram / Google Maps – вул. Кастрычніцкая, 16, к. 26) – атмасферная крама вінілу і вінтажу, якая працуе з серады па нядзелю. Сотні кружэлак, старыя постары, паштоўкі і прадметы дэкору ўтульна размясціліся ў заводскім лофце з высокімі столямі і жывымі раслінамі. Перад пакупкай плытку можна паслухаць на прайгравальніку.

А ўвогуле розныя фэшн-барахолкі і экамаркеты – папулярная менская тэма. Каб заставацца ў трэндзе, сачы за навінамі «Вялікага моднага маркету» і «Open Шафы».

 

Гандлёвыя цэнтры

Калі табе патрэбныя «класічныя» ГЦ, у якіх прадстаўлены зразумелыя брэнды, працуюць фудкорты і кіназалы, то ў цэнтры горада гэтыя запыты задаволіць Galleria (Сайт / Instagram / Google Maps – пр-т Пераможцаў, 9). Калі хочацца больш разнастайнай ежы і каб грала жывая музыка – табе ў фудмол «Конкорс» в Galileo (Сайт / Instagram / Google Maps – вул. Бабруйская, 6). На выпадак, калі гэтага не досыць, па лініі метро лёгка трапіць таксама ў Dana Mall (Сайт / Instagram / Google Maps – вул. Пятра Мсціслаўца, 9) і Green City (Сайт / Instagram / Google Maps – вул. Прытыцкага, 156). А яшчэ нядаўна ў сталіцы запрацаваў ГЦ Prizma (Сайт / Instagram / Google Maps – пр-т Партызанскі, 79) з самым вялікім забаўляльным цэнтрам у Беларусі.

 

 

КАЛЯ МЕНСКА

У гэтым раздзеле мы прапануем некалькі месцаў, куды можна паехаць у аднадзённае падарожжа з Менска – на аўто або грамадскім транспартам. Яшчэ больш варыянтаў для вылазак па Беларусі можна адшукаць тут

 

Нясвіж (125 км/ Google Maps). Адзін з самых гістарычна значных гарадоў Беларусі. У XVI стагоддзі Нясвіж стаў радавым гняздом Радзівілаў, найбагацейшага роду ў гісторыі Вялікага Княства Літоўскага. Сам кароль Польшчы неаднаразова наведваўся сюды, каб пазычыць грошай у казну. Каля сарака прадстаўнікоў магнацкага роду займалі вышэйшыя дзяржаўныя пасады і паспелі парадніцца з польскімі і французскімі манархамі.

Пачаць агляд трэба з Нясвіжскага замка. Папрасі гіда расказаць легенды пра залачоных апосталаў у поўны рост або помсту Боны Сфорцы.

Пагуляй па вялізным старым парку з падкастам у навушніках, а затым кіруйся ў Фарны касцёл – першы ва Усходняй Еўропе храм у стылі барока, пабудаваны італьянскім дойлідам Джавані Бернардоні. У крыпце касцёла знаходзіцца радавая пахавальня Радзівілаў (трэцяя ў Еўропе па велічыні пасля скляпоў Габсбургаў і Бурбонаў).

На Рынкавай плошчы размясцілася ратуша, у якой адкрыты музей, а таксама «дом на рынку» – адзіны прыклад сярэднявечнай жылой забудовы, што захаваўся да нашага часу. І нарэшце, Слуцкая брама – былая ўязная брама і па сумяшчальніцтве гарадская мытня.

Патрапіць у Нясвіж можна, рухаючыся ад Мінска па брэсцкай трасе. Калі вырашыш паехаць аўтобусам, расклад можна знайсці тут

Мір (110 км/ Google Maps). Мірскі замак – яшчэ адзін з захаваных помнікаў сярэднявечнай архітэктуры. У пачатку XVI стагоддзі замак пачалі будаваць Ільінічы, але дынастыя хутка перарвалася, і Мір перайшоў ва ўладанне Радзівілаў. У замка нязвыкла ружовае адценне – у тыя часы было модна дадаваць у тынкоўку драблёную чырвоную цэглу.

Пасля вайны 1812 гады замак стаяў у запусценні, але ў канцы XIX стагоддзя зноў быў адноўлены, хоць і ненадоўга. Сучасную экспазіцыю збіралі па дробачках: падчас Другой сусветнай тут знаходзілася гета і ўсе драўляныя прадметы і багатая бібліятэка Святаполк-Мірскіх сышлі ў топку.

За замкам стаіць невялікая царква-пахавальня апошніх уладальнікаў Міра. На яе фасадзе – мазаіка з абліччам Хрыста, якая за сто гадоў ні разу не рэстаўравалася. Побач са сценамі замка знаходзіцца сажалка, але мясцовыя жыхары вераць, што яна праклятая, так што ў стары спіртзавод на беразе заходзіць не раім.

Мястэчка (ужо гарадскі пасёлак) Мір знаходзіцца ў 30 хвілінах язды ад Нясвіжа.

Ракаў (40 км / Google Map). Мястэчка за паўгадзіны язды ад сталіцы. У міжваенны перыяд (1921–1939) Ракаў уваходзіў у склад Польшчы і меў славу горада кантрабандыстаў, бо мяжа з СССР была літаральна ў пешай даступнасці. Тут працавала больш за сотню крам, казіно і нават публічныя дамы.

Захаваліся наступныя славутасці: Спаса-Праабражэнская царква канца XVIII стагоддзя, касцёл Маці Божай Ружанцовай і св. Дамініка ў стылі неаготыкі, збудаваны ў пачатку XX стагоддзя. Звярні ўвагу і на каталіцкую капліцу святой Ганны (каля могілак). Можна зірнуць таксама на старыя габрэйскія могілкі і ўзгорак, на якім калісьці горад зараджаўся.

Дудуткі (55 км / Сайт / Google Maps). Музейны комплекс, прысвечаны старадаўнім рамёствам, даволі папулярны ў турыстаў, якія шануюць інтэрактыў больш, чым аўтэнтычнасць. Тут ёсць ганчарная майстэрня, пякарня, бровар, гамарня, сыраварня – і гэта не ўвесь спіс майстэрняў, якія можна наведаць. Турыстам прапануюць самім папрацаваць падмайстрамі, а потым пачаставацца самагонкай з закускай. Акрамя таго, у Дудутках ёсць вятрак, а іх у Беларусі можна палічыць па пальцах.

Строчыцы (4 км / СайтGoogle Maps). Беларускі скансэн размешчаны ўсяго ў некалькіх кіламетрах ад МКАД. Музей народнай архітэктуры і побыту ўмоўна падзелены на тры часткі (Цэнтральная Беларусь, Падняпроўе і Паазер'е), якія даюць уяўленне пра традыцыйны побыт беларускіх сялян. Тут прыемна пагуляць у добрае надвор'е і часцяком можна патрапіць на якое-небудзь масавае гулянне. На тэрыторыі музея працуе «Беларуская карчма», у якой цябе традыцыйна накормяць дранікамі і пачастуюць мясцовымі настойкамі.

Менскае гарадзішча (10 км / Google Maps) археалагічны комплекс IX-XI стагоддзяў, дзе, паводле гістарычных звестак, і знаходзіўся старажытны Менск. Гарадзішча – гэта не столькі пра дзівосныя славутасці, колькі пра энергію месца. Толькі ўяві: менавіта з гэтых высокіх валоў і пачыналася гісторыя горада! Сюды прыемна вырвацца на пару гадзін з гарадской мітусні і проста падыхаць чыстым паветрам. 

 

***

Калі гэты гайд дапамог у тваім падарожжы, можна ў пару клікаў падзякваць рэдакцыі праз Ko-Fi. Дзякуй, што ты з намі, і класных табе вандровак!


Фота by palasatka. Пераклад на беларускую – Ліда Наліўка

 

|

Гайды

Аўтар:   34travel

  38238

hand with heart

Отблагодарить 34travel

Если наши материалы пригодились тебе в пути, сказать спасибо редакции можно, купив нам чашку кофе через Ko-fi. Всего пара кликов, никаких регистраций, комиссий и подписок. Спасибо, что ты с нами.

ЗАКИНУТЬ МОНЕТКУ

Чытай таксама

Сардэчна запрашаем: самыя прыгожыя брамы Беларусі

Раскошныя парталы, якія сустракаюць наведвальнікаў старажытных сядзібаў, манастыроў і цэлых гарадоў.

Тут нават камяні жывыя. Этнограф – пра палескія традыцыі, якія захаваліся да нашых дзён

Міфалогія старажытнага беларуса, якую можна назіраць ужывую.

Падкаст пра беларускую гастраномію: Экзотыка ў меню

Распавядаем пра моду на памаранчарні і нетыповыя прадукты ў Мінску 1920-х.

Цяпер на галоўнай

Як прайшоў Багач – галоўнае восеньскае свята беларусаў?

Будзь багаты, як восень!

Падкаст пра беларускую гастраномію: Экзотыка ў меню

Распавядаем пра моду на памаранчарні і нетыповыя прадукты ў Мінску 1920-х.

Падкаст пра беларускую гастраномію: Кава ці гарбата?

Гісторыя ўлюбёных напояў і традыцыйных дэсертаў.

9 мастацкіх музеяў і галерэй за межамі Менска

Пранізлівыя пейзажы, яскравыя маляванкі і нават манументальныя мазаікі.

Тут нават камяні жывыя. Этнограф – пра палескія традыцыі, якія захаваліся да нашых дзён

Міфалогія старажытнага беларуса, якую можна назіраць ужывую.

Забытая Беларусь: славутасці, якіх ужо няма

Спадчына, памяць пра якую застаецца толькі на малюнках.

Месца тыдня: Лынтупы

Касцёл, сядзіба і старыя могілкі.

Маршрут па беларускім Палессі: едзем у Пінск і ваколіцы

Унікальныя музеі народнай культуры, мясціны Напалеона Орды, загадкавыя пахавальні.

Як прайшоў Юраўскі карагод – унікальны абрад сустрэчы вясны

Паказваем, як абрад са спісу ЮНЕСКА выглядае сёння.

Паказаць больш Паказаць больш