Месца тыдня: Чачэрск

Месца тыдня: Чачэрск

|

Месца тыдня

|

Аўтар:   Мария Томашевская

|

  3909

Месца тыдня: Чачэрск

У новым выпуску «Месца тыдня» адпраўляемся даследаваць Гомельскую вобласць. Стаіўшыся ў аддаленні ад ажыўленых трас, Чачэрск размясціўся на пагорках побач з Сожам. Горад можна абысці пешшу за гадзіну – праўда, за гэтую гадзіну ты ўбачыш мінімум пяць гістарычных лакацый і ўдосталь налюбуешся разьбянымі ліштвамі мясцовых дамоў.

 

 

З гісторыі

Людзі прыйшлі на гэтыя тэрыторыі вельмі даўно. У 10 кіламетрах ад Чачэрска знаходзіцца вядомая Бердыжская стаянка на Сожы. Па версіі некалькіх крыніц, яе выявіў беларускі археолаг Канстанцін Палікарпавіч, калі спыніўся ля ракі і сустрэў там пастуха. Той сядзеў на камені – як высветлілася, на чэрапе маманта. Пасля гэтай знаходкі рушылі ўслед іншыя: рэшткі паглыбленага ў зямлю жылля, фрагменты костак мядзведзяў і першабытных зуброў.

Урадлівыя землі над Сожам аблюбавалі радзімічы. Ужо ў 1159 годзе Чачэрск быў згаданы ў Іпацьеўскім летапісе, тады горад адносіўся да Кіеўскай Русі. У XIV стагоддзі Чачэрск стаў часткай ВКЛ – існавала такая адміністрацыйная адзінка, як Чачэрскае староства. Да XVIII стагоддзя праз староства праходзіла дарога на Балтыйскае мора, з расійскага Уладзіміра ў цяперашні польскі Торунь. За праезд бралі пошліну, памер якой лічылі па колькасці коней.

Тэрыторыі перажылі войны з казакамі і з татарамі, тут гандлявалі і ладзілі кірмашы. Цікава, што ў інвентары Чачэрскага староства 1726 года значная частка шляхцічаў згадваецца не пад сваімі прозвішчамі, а пад мянушкамі – Шэлюты, Крывароты. У той час Чачэрск квітнеў: карчма, тры гандлёвыя крамы, пяць храмаў, габрэйская школа.

Пасля першага падзелу Рэчы Паспалітай Чачэрск і навакольныя землі ўвайшлі ў склад Расійскай імперыі. Пасля Чарнобыльскай аварыі амаль палову Чачэрскага раёна адсялілі – у горадзе ўзвялі помнік пакінутым вёскам.

 

 

 

Што паглядзець цяпер?

 

Чачэрская ратуша

У 1773 годзе Кацярына II падаравала Чачэрск графу Захару Чарнышову. Менавіта на яго загад у горадзе з'явіліся шматлікія важныя аб'екты, якія захаваліся і цяпер. Так быў пабудаваны ўнікальны помнік драўлянага дойлідства – ратуша. Яна спалучае рысы класіцызму і готыкі (спічастыя аркі, нішы), налічвае адразу пяць вежаў. Упрыгожана зубчыкамі, дзякуючы чаму нагадвае крэпасць. Да рэвалюцыі 1917 года ў ратушы размяшчаліся гарадское самакіраванне і камерцыйнае вучылішча. Да вайны – заатэхнікум, пры фашысцкай акупацыі – турма. Потым у будынку зноў пачалася вучоба, а ў 1974 годзе ратуша моцна пацярпела ад пажару.

Да нядаўняга часу тут знаходзіўся гісторыка-этнаграфічны музей (цяпер ён працуе па адрасе вул. 50 гадоў БССР, 18). Пакуль што ратуша закрытая на рэстаўрацыю, усярэдзіну трапіць нельга. Але можна зладзіць пікнік на лаўках насупраць: дарэчы, каву з сабой або бургер знойдзеш у «КосмаБары», які месціцца на гэтым жа скрыжаванні.

 


 

Сядзіба Чарнышова-Круглікава

За пару крокаў ад ратушы – сядзіба. Гэты аб'ект культурнай спадчыны пачалі будаваць у Чачэрску яшчэ пры жыцці графа Чарнышова, а завяршылі ў 1860 годзе. Паколькі граф не пакінуў пасля сябе спадчыннікаў, сядзіба перайшла да яго малодшага брата, які, у сваю чаргу, перадаў сядзібу сыну і ўнучцы. Менавіта вяселле дзяўчыны дадало да назвы яшчэ адно прозвішча. Спадчынніца графа Чарнышова стала Круглікавай, даверыўшы мужу тытул і герб сям'і.

З пачатку XX стагоддзя тут працавала земская школа, а пасля 1917 года размяшчаліся розныя мясцовыя арганізацыі – напрыклад, нейкі час сядзіба была домам піянераў. Цяпер вокны ў будынку трывала закладзеныя, сам ён закрыты. Аб'ект рэгулярна трапляе на таргі: будучым гаспадарам прапануюць купіць яго па сімвалічнай цане, але з абавязацельствамі прывесці комплекс у парадак і выкарыстоўваць для турыстычнага бізнэсу.

На тэрыторыю можна прайсці з правага боку ад вуліцы Ульянава. Там зможаш палюбавацца спалучэннем архітэктурнага рамантызму і позняй готыкі, разгледзець ажурнае чыгуннае ліццё. Нават цяпер, не зважаючы на запушчаны стан, комплекс захаваў асаблівую атмасферу.

 

 

Вінзавод

Аглядаючы сядзібу, ты напэўна звернеш увагу на старадаўні будынак побач – цяпер яго займае філіял Гомельскага вінаробнага завода. Прадпрыемству дасталася яшчэ адна частка культурнай спадчыны горада – вінзавод узвялі ў 1860 годзе. Першапачаткова праца вінаробаў тут была сезоннай, з кастрычніка па сакавік. У гады савецкай улады прадпрыемства пашырылася, тут з'явілася лабараторыя, а асартымент павялічыўся. Выраблялі безалкагольныя напоі і каўбасы, пяклі хлеб.

Прадпрыемству дасталася і падчас вайны (яно было разрабавана), і ў перыяд антыалкагольнай кампаніі 1985--1990 гадоў (тады працу пераарыентавалі на кансервы), і пасля аварыі на ЧАЭС (тады горад пакінулі многія спецыялісты). Праз гады завод вярнуўся да звыклага рэжыму. 

Плот, які аддзяляе вінзавод ад сядзібы Чарнышова-Круглікава, упрыгожаны сімпатычнымі графіці з самымі вядомымі славутасцямі Чачэрска.

 

 

Спаса-Праабражэнская царква

Гэтую славутасць ты напэўна ўбачыш хутчэй, чым запланавана. Двух’ярусны каменны храм-ратонда – помнік класіцызму – стаіць на скрыжаванні некалькіх цэнтральных вуліц. Гісторыкі спрачаюцца, хто стаў аўтарам праекта: гэта маглі быць рускі архітэктар Васіль Бажэнаў або італьянец Джакома Кварэнгі.

Спаса-Праабражэнская царква пабудавана ў канцы XVIII стагоддзя. Ёй пашчасціла перажыць войны і гады татальнага атэізму, калі ў Чачэрску разбурылі два іншыя храмы і могілкавую капліцу.

Цікава, што ўжо ў 1946 годзе аб'ект перадалі Беларускай праваслаўнай царкве. У нулявых помнік архітэктуры адрэстаўравалі, цяпер гэта дзейны храм.

Унікальнасць Спаса-Праабражэнскай царквы бачная на аддаленні. Палюбуйся на яе з навакольных вуліц, ацані маштабы і веліч. Калі пашанцуе і храм будзе адкрыты, зазірні ўнутр, каб максімальна пранікнуцца энергетыкай гэтага месца.

 

 

Старажытнае гарадзішча

Каб знайсці месца, з якога пачынаўся Чачэрск, рухайся па вуліцы Перамогі да манумента з Вечным агнём. Ты апынешся на ўзвышшы – калісьці гэты вал і быў цэнтрам мясцовага жыцця. Паселішча агароджвалі драўляныя сцены, праз роў быў перакінуты пад'ёмны мост. Тут праходзілі бітвы, сюды пад'язджалі гандляры. Паступова замкавыя ўмацаванні знасіліся, а эпоха змянілася, таму горад «пераехаў» на поўдзень. Сярэднявечныя славутасці не захаваліся.

У пачатку XIX стагоддзя на гарадзішчы быў узведзены палац графіні Ганны Чарнышовай. Гісторыкі адзначаюць гатычны стыль пабудовы і вялікі пейзажны парк вакол. Аднак ужо да 1850-х палац заняпаў, цяпер ад яго нічога не засталося. У 1957 годзе тут паставілі помнік савецкім воінам і партызанам.

Абавязкова наведай лакацыю, выйдзі да самага краю гары і паглядзі вакол. Перад табой адкрыюцца цудоўныя віды: тыповыя для Гомельскай вобласці раўніны, рака Чачора, палі і пашы.

 

 

 

Як даехаць?

Прасцей за ўсё – на машыне, паездка ў адзін бок з Менска зойме каля 4 гадзін, а па дарозе можна зазірнуць у Бабруйск і Красны Бераг. Ёсць маршрутка Мінск–Чачэрск, але яна адпраўляецца ўвечары, таму ў план трэба будзе дадаць начлег у мясцовай гасцініцы.

І яшчэ варыянт: выехаць на ранішнім цягніку ў Гомель, а там перайсці на аўтавакзал і сесці на маршрутку ў Чачэрск. Рэйсаў досыць шмат, прыкладна 5-7 на дзень. Назад тым жа шляхам, бонусам прагуляешся па Гомелі

 

 

Тэкст і фота – Марыя Тамашэўская

|

Месца тыдня

Аўтар:   Мария Томашевская

  3909

hand with heart

Получи доступ ко всем материалам 34travel

Подписка на 34travel – это идеи для поездок, авторские маршруты и фирменные гайды по городам мира, большие разборы тревел-трендов и актуальная информация из мира перелетов, виз и границ. Оформи подписку, чтобы ничего не пропустить.

ПОДПИСАТЬСЯ

Чытай таксама

Месца тыдня: «музей пад адкрытым небам» Гальшаны

Мясціны, набрынялыя гісторыяй.

Месца тыдня: спадчына Радзівілаў у Паланечцы

Гуляем па закінутым палацы Радзівілаў, любуемся драўляным касцёлам і шукаем руіны старажытнага вадзянога млына.

Месца тыдня: музей Напалеона Орды ў Варацэвічах

Едзем на радзіму легендарнага мастака.

Месца тыдня: Менскае гарадзішча

Гарадскія валы, якім тысяча гадоў.

Месца тыдня: сядзіба Умястоўскіх у Жамыслаўлі

Таямнічы палац, раскошны парк і нават уласная «Венецыя».

Месца тыдня: Траецкі касцёл у вёсцы Беніца

Велічная заброшка, ад якой мароз па скуры.

Цяпер на галоўнай

Выходзіць новая фотакніга Belarus ад Касі Palasatka

Перадзамову па спецыяльнай цане можна аформіць да 10 лістапада.

Шлях Цмока, Іўеўскі памідор і фестываль вішні: 7 летніх святаў за межамі Менска

Ад рыцарскага фэсту да выступленняў народных гумарыстаў, ад памідорнага дартса да шаман-шоў.

5 унікальных арганаў Беларусі – і рэдкая магчымасць іх пачуць

Расказваем пра дзівосныя інструменты і занураемся ў гісторыю.

«Абсалютная цішыня»: фотагісторыя з восеньскай Ельні ад Светы Ярашук

«Збіралі журавіны адразу ў рот, стаялі па калена ў балоце, слухалі звонкую цішыню».

Менск

Лепшае, што ёсць у Менску, у новым гайдзе ад 34travel.

Як прайшоў Багач – галоўнае восеньскае свята беларусаў?

Будзь багаты, як восень!

Падкаст пра беларускую гастраномію: Экзотыка ў меню

Распавядаем пра моду на памаранчарні і нетыповыя прадукты ў Мінску 1920-х.

Падкаст пра беларускую гастраномію: Кава ці гарбата?

Гісторыя ўлюбёных напояў і традыцыйных дэсертаў.

9 мастацкіх музеяў і галерэй за межамі Менска

Пранізлівыя пейзажы, яскравыя маляванкі і нават манументальныя мазаікі.

Паказаць больш Паказаць больш