Выходзіць новая фотакніга Belarus ад Касі Palasatka
Кася Palasatka – стваральніца кніг The Belarus Book і Minsk – абвясціла пра працу над новым выданнем. У кнігу Belarus, якая пабачыць свет ужо гэтай зімой, увойдуць здымкі, зробленыя ў Беларусі на працягу апошніх пяці гадоў. Для 34travel Кася распавяла, якім будзе настрой новай кнігі.
Пра што кніга?
– Кніга агулам – хутчэй пра адчуванне Беларусі: пра тое няўлоўнае, што жыве ў нас, калі мы думаем пра абшары, згадваем бабуліну вёску ці проста летнюю зорную ноч у жніўні. А таксама пра вандроўкі, у якіх мы ўпершыню адкрываем для сябе гісторыю краіны – і прымаем як палацы, так і руіны. Часам тое, што я бачу, мяне прыемна здзіўляе, часам агаломшвае. Часам «героі» здымкаў сыходзяць – як, напрыклад, частка сядзібы ў Дзікушках, дзе абваліліся рэшткі таго, што засталося. І таму важна, каб гэтыя выявы засталіся.
Якія здымкі ўвайшлі ў новую кнігу?
– У кнізе я сабрала фотаздымкі 2020–2025 гадоў. Мы змяняемся, час змяняецца, але важна працягваць яго фіксаваць. Калі ў першай кнізе са здымкамі Беларусі было адлюстравана цэлае дзесяцігоддзе, шмат падзей і канцэртаў, то новая кніга выйшла больш удумлівай і павольнай: у ёй шмат прыроды, шмат прастораў.
Традыцыйна я здымаю шмат музыкі: у гэты час мяне цікавіла народная музыка і народныя музыкі, таму пад прагляд можна смела ўключаць, напрыклад, саўндтрэк гурта Ralla. Акрамя таго, у кнігу не маглі не патрапіць здымкі з фестывалю Sprava, які з’яўляецца для мяне ўзорам таго, як беларусы могуць рабіць нешта насамрэч жывое, актуальнае і сугучнае з часам і месцам.
Наш час адчуваецца нібыта тэктанічны разлом, таму становяцца бачнымі вельмі шмат рэчаў, якія былі ў культуры крыху забытымі. І яны набываюць новы сэнс, новае прачытанне. Калісьці я часта чула пра катэгорыі ацэнкі «банальнае / небанальнае». Я думаю, што ў наш час усё ўнікальнае: любы краявід – гэта тое, што заўтра можа знікнуць, а можа, наадварот, ператварыцца ў казачны лес. Я спрабую пераасэнсаваць класічныя краявіды па-свойму. Напрыклад, казачныя дубы і жоўтая кветка ў рацэ знятыя ў Альбуці, роднай сядзібе Якуба Коласа. Яны распавядаюць свае гісторыі.
Як праходзіла праца над кнігай?
– Роўна ў той дзень, калі першая кніга з’явілася на паліцах крамаў у Беларусі, я пазнаёмілася з групай вучоных, якія даследуюць дзікую прыроду. Я тым часам была ў Налібоцкай пушчы. Гэтае знаёмства стала адным са значных момантаў: вучоныя сталі своеасаблівай кладачкай, якая дазволіла мне апынуцца «па той бок» і дайсці да пэўнай «крынічкі» – у метафарычным сэнсе. Я пачала моцна цікавіцца прыродай, бо, калі побач з табой з’яўляюцца людзі, якія ведаюць усё пра зуброў, тарпанаў, барсукоў і буразубак, жыццё крышачку змяняецца. Нам усім патрэбныя людзі, якія адкрываюць дзверы да пэўных тэмаў. І я, па шчырасці, дастаткова крохкая і зусім не вынослівая, каб сядзець у засадзе фотапалявання, але ў кнізе можна пабачыць дзятліху, тарпанаў ці, напрыклад, сусліка з-пад Нясвіжа.
Памер: 17 х 24 см.
Колькасць старонак: 224.
Вокладка: тэкстыль, цісненне, супервокладка.
Цана пры перадзамове: € 45 (+ кошт дастаўкі). Перадзамову па спецыяльнай цане можна аформіць да 10 лістапада.