Падкаст пра беларускую гастраномію: Калядны стол

|

Падкасты

|

Аўтар:   34travel

|

  6026


Другі выпуск падкаста «Ежа», які 34travel робіць разам з МТС, запісаны адмыслова да каляднага стала. Тут даведаешся, як беларусы частаваліся на двухтыднёвік зімовых святаў, якога этыкету прытрымліваліся і як выкарыстоўвалі ежу для варажбы.
 

 

Слухаць:

Apple Podcasts  /  Spotify  /  Castbox  /   Soundcloud  /  Google Podcasts  /  Yandex.Music

 

Кароткі канспект аўдыявыпуску

 

  Каталікі святкуюць Каляды з 25 снежня па 6 студзеня, а праваслаўныя – з 7 па 19 студзеня. На гэтым таймлайне выдзяляюцца тры кульмінацыйныя моманты: Раство Хрыстова, Новы год і Вадохрышча. Напярэдадні кожнага свята ладзяць адмысловую вячэру – куццю.

  Цікава, што ў беларусаў «куцця» – і святочная вячэра, і абрадавая каша, якой на тую вячэру частаваліся. Народная этымалогія выводзіла «куццю» ад «кута» – маўляў, ставілі кашу на пачэснае месца, у кут пад абразамі. Але насамрэч гэта назва грэцкага паходжання. Слова «кукія» ўтварылася ад дзеяслова «кікан» – «загушчаць нешта, бесперапынна памешваючы». «Кукія» – гэта страва, нешта сярэдняе паміж кашай і ўзварам.

 

  Калядам папярэднічае строгі пост – Піліпаўка. Пост сярод іншага рэгулюе і штодзённае меню, выключаючы скаромную ежу. Вось сведчанне стогадовай даўніны, якое шчыра апісвае атмасферу Каляднага посту: «Бацькі пост саблюдалі. Было с канаплі сьмятана і грэчневыя ладкі. Ужэ мы таго Ражаства ждалі, як Бога зь неба». А пакуль «ждалі» – рыхтаваліся, у тым ліку – прыпасалі харч. Загадзя калолі парсюка, рабілі каўбасы, сальцісоны, вяндліну. 

  Калядных вячэраў (куццей) рабілі тры. Першую – вялікую посную куццю – ладзілі перад Раством. Другую – багатую куццю – перад Новым годам. Трэцюю – галодную куццю – перад Вадохрышчам.

  Вячэра напярэдадні Калядаў была сямейная. Побач з гаспадаром сядалі сыны па старшынстве, а па другі бок стала – гаспадыня з дочкамі. Маладыя жанчыны, якія не так даўно выйшлі замуж, прыходзілі на гэта свята вячэраць з роднай сям’ёй.

 

  Галоўнай стравай была ўласна куцця – каша з крупаў, найчасцей – ячных. Калядную куццю гатавалі з цэлых або тоўчаных ячных крупаў. Прыпраўлялі сытою – гэта вада, засалоджаная мёдам або цукрам. Ці рабілі макавае малако з маку і вады, дадаючы таксама мёд ці цукар. У больш заможных сем'ях куццю маглі варыць з пшаніцы або нават рысу. Дадавалі у яе арэхі, разынкі ды іншыя слодычы на свой густ.

  На першую куццю ўсё павінна было быць посным. Запраўлялі хіба што льняным або канапляным алеем. Бедная сялянская сям’я частавалася трыма стравамі: баршчом, блінамі ці аладкамі – ды куццёй. Сярэдняя сям’я магла дазволіць і пяць страў: боршч, аладкі, рыбу, кісель, куццю. У заможных сялян калядны стол ламаўся ад сямі страў: бліноў, баршчу, кісялю, грыбоў, рыбы, узвару, куцці. 

  Другая куцця адзначалася на Шчодры вечар – 31 снежня або 13 студзеня. Гэтае абрадавае застолле вызначалася не толькі разнастайнасцю страваў, але і вялікай колькасцю мясной ежы. Нездарма гэтую куццю называлі шчодрай, мясной, багатай, тоўстай, ласай. Тут уволю ласаваліся пальцам пханай каўбасой з кашай і рознымі падліўкамі, халадцом ды іншымі мяснымі стравамі. Куцця падавалася на стол ужо з мясам ці маслам.

 

  Перад Вадохрышчам, напрыканцы Калядаў, ладзілася галодная куцця. У гэты дзень да асвячэння вады сяляне звычайна нічога не елі. Толькі паспрабаваўшы святой вады, сілкаваліся поснымі стравамі – рыхтык як на куццю ў Раство.

  На Каляды звычайна частавалі куццёй і старога бога Мароза. У першы святочны вечар яму кідалі за акно пакінутую загадзя першую лыжку куцці і прыгаворвалі: «Зімою прыходзь, а летам не хадзі, пад гнілою калодаю ляжы». На галодную куццю таксама клікалі Мароза. Гаспадар адчыняў дзверы і праз парог тройчы казаў: «Мароз-мароз, хадзі куццю есці». Толькі пасля ласкавага запрашэння ўсёй сям’ёй сядалі за вячэру. Калі на наступны дзень надвор’е было не такое марознае, як напярэдадні, то лічылі, што марозу вельмі спадабаліся пачастункі. 

  На ўсе тры калядныя вячэры пяклі бліны. «Надышлі Калядкі, бліны ды аладкі», – казалі ў народзе пра гэта свята. Першы спечаны блін з кожнай вячэры адкладваўся і захоўваўся да канца Калядаў. У апошні дзень Калядаў гаспадыня зранку давала гэтыя бліны жывёле і птушкам. Атрымліваецца, святочную ежу смакавалі і людзі, і зверы, і язычніцкія багі.

 

***

Слухай іншыя выпускі:
 

ЕЖА: 1. Кароткая гісторыя дранікаў

 

Гэты матэрыял створаны пры падтрымцы МТС.

 

 

Літаратура:

1. Валодзіна Т. В., Кухаронак Т. І. «Ядраное жыта гаспадара кліча...»: каляндарны год у абрадах і звычаях  – Мінск, 2015
2. Наша страва: сапраўдная беларуская кухня. Мінск, 2009.
3. Земляробчы каляндар: абрады і звычаі. Мінск, 2003.

***

Тэкст: Ганна Дзягель. Рэдактура: Марыя Пархімчык. Карэктар: Ліда Наліўка. Голас: Вольга Цяшкевіч. Саунд-дызайн: Radio Plato. Ілюстрацыі: Вольга Румо.

***

Музыка: Aaron Kenny – Christmas Village, Aaron Kenny – Christmas Homecoming, Kevin MacLeod – FairyTale Waltz, Kevin MacLeod – Dance of the Sugar Plum Fairies, Jingle Punks – O Christmas Tree (Instrumental).

 

ООО «ЭфСиБи Бел» УНП 193185741

|

Падкасты

Аўтар:   34travel

  6026

hand with heart

Отблагодарить 34travel

Если наши материалы пригодились тебе в пути, сказать спасибо редакции можно, купив нам чашку кофе через Ko-fi. Всего пара кликов, никаких регистраций, комиссий и подписок. Спасибо, что ты с нами.

ЗАКИНУТЬ МОНЕТКУ

Чытай таксама

Як гучыць твая краіна? Усе падкасты 34travel пра гарады Беларусі

Аўдыякніга ўдумлівага падарожніка па Сінявокай.

Гісторыя мастацтва Беларусі. Усе падкасты 34travel

Беларуская арт-сцэна ад старажытных часоў да сучаснасці.

Падкаст пра беларускую гастраномію: Кароткая гісторыя дранікаў

Новы падкаст 34travel і МТС, які прысвечаны беларускім стравам і культуры харчавання.

Цяпер на галоўнай

Менск

Лепшае, што ёсць у Менску, у новым гайдзе ад 34travel.

Як прайшоў Багач – галоўнае восеньскае свята беларусаў?

Будзь багаты, як восень!

Падкаст пра беларускую гастраномію: Экзотыка ў меню

Распавядаем пра моду на памаранчарні і нетыповыя прадукты ў Мінску 1920-х.

Падкаст пра беларускую гастраномію: Кава ці гарбата?

Гісторыя ўлюбёных напояў і традыцыйных дэсертаў.

9 мастацкіх музеяў і галерэй за межамі Менска

Пранізлівыя пейзажы, яскравыя маляванкі і нават манументальныя мазаікі.

Тут нават камяні жывыя. Этнограф – пра палескія традыцыі, якія захаваліся да нашых дзён

Міфалогія старажытнага беларуса, якую можна назіраць ужывую.

Забытая Беларусь: славутасці, якіх ужо няма

Спадчына, памяць пра якую застаецца толькі на малюнках.

Месца тыдня: Лынтупы

Касцёл, сядзіба і старыя могілкі.

Маршрут па беларускім Палессі: едзем у Пінск і ваколіцы

Унікальныя музеі народнай культуры, мясціны Напалеона Орды, загадкавыя пахавальні.

Паказаць больш Паказаць больш