Гісторыя Беларусі на карцінах Яна Матэйкі

|

Гісторыя

|

Аўтар:   34travel

|

  5268

Разглядаем карціны Яна Матэйкі – мастака, які стварыў жывапісны летапіс важных для Беларусі гістарычных падзей: ад бітвы пад Грунвальдам і Люблінскай уніі да прыняцця першай еўрапейскай Канстытуцыі. Дарэчы, калі ты жывеш у Польшчы, у цябе ёсць магчымасць убачыць гэтыя палотны на свае вочы – і яно, павер, таго вартае.

Ян Матэйка нарадзіўся ў Кракаве ў 1838 годзе. Там жа адвучыўся ў Акадэміі мастацтваў, а крыху пазней – і ў Мюнхене. Асноўнай тэмай творчасці мастака стаў гістарычны жывапіс: ён стварыў мноства маштабных палотнаў, якія падрабязна распавядаюць пра знакавыя падзеі мінулага.  

 

 

«Бітва пад Грунвальдам»

Калекцыя Нацыянальнага музея ў Варшаве

Вырашальная бітва вайны 1409–1411 года паміж Тэўтонскім ордэнам і Вялікім Княствам Літоўскім у саюзе з Каралеўствам Польскім адбылася 15 ліпеня 1410 года. Войскі саюзнікаў пад правадырствам Вітаўта і Ягайлы разграмілі рыцараў ордэна – пасля гэтай паразы крыжакі акрыяць ужо не змаглі, баланс сіл у Еўропе змяніўся.

Ян Матэйка карпатліва адлюстраваў падзеі бітвы на аснове хронікі Яна Длугаша – праца ў мастака заняла амаль 6 гадоў, карціна была дапісаная ў 1878 годзе. У самым цэнтры карціны намаляваны князь Вітаўт (з мячом і шчытом), леваруч на белым кані – магістр Тэўтонскага ордэна Ульрых фон Юнгінген. Вакол ідзе жорсткі бой, але ўжо зразумела, што перамога польска-літоўскага боку вось-вось адбудзецца.

Падчас Першай сусветнай вайны карціну эвакуявалі ў Маскву, але ў 1922 годзе вярнулі ў Варшаву. У верасні 1939 года палатно зноў вывезлі ў мэтах бяспекі – гэтым разам у Люблін. Там яго схавалі ад гестапа так надзейна, што фашысты не змаглі знайсці карціну, нават калі Гебельс абвясціў узнагароду ў 2 мільёны марак. Цяпер палатно з выявай бітвы (амаль 10 метраў у шырыню!) захоўваецца ў Нацыянальным музеі ў Варшаве.


 

 

«Жыгімонт Аўгуст і Барбара ў палацы Радзівілаў у Вільні» 

Калекцыя Нацыянальнага музея ў Кракаве

Барбара Радзівіл, адна з самых вядомых прадстаўніц шляхецкага роду, у 1547 годзе таемна абвянчалася з вялікім князем літоўскім і будучым спадчыннікам польскага прастола Жыгімонтам Аўгустам. Шлюб зладзілі браты нявесты Мікалай Чорны і Мікалай Руды – Радзівілы горача марылі парадніцца з каралеўскай дынастыяй і, калі такая магчымасць надарылася, скарысталіся шанцам. У 1548 годзе Жыгімонт узышоў на польскі трон і запатрабаваў прызнаць Барбару каралевай. Такія навіны ўзрадавалі далёка не ўсіх: маці караля Бона Сфорца нявестку не ўмілавала. Аднак у 1550 годзе Барбара была каранаваная ў Кракаве, а ўжо ў 1551-м – трагічна памерла. Кажуць, маладую каралеву атруціла Бона. Дарэчы, карма напаткала Бону даволі хутка: яна памерла ў 1557 годзе ў Бары – ад атручвання. Гэты момант адлюстраваны на яшчэ адной карціне Яна Матэйкі.

Легендарную гісторыю кахання Барбары і Жыгімонта, якая стала сюжэтам многіх мастацкіх твораў і асновай загадкавых легенд, мы пераказвалі ў падкасце пра Радзівілаў – паслухаць ці пачытаць кароткі канспект можна тут.

 

 

«Люблінская унія»

Калекцыя музея Люблінскага замка

 

У 1569 годзе Вялікае Княства Літоўскае і Каралеўства Польскае заключылі Люблінскую унію, якая заяўляла аб стварэнні федэратыўнай дзяржавы – так з'явілася Рэч Паспалітая.

Сойм у Любліне быў сабраны ў студзені 1569 года, але праз непрымірымыя рознагалоссі бакоў пасяджэнні зацягнуліся на паўгода. Аднак становішча ВКЛ у Лівонскай вайне было цяжкім, таму давялося пайсці на саступкі: так Польшчы адышла значная частка зямель Вялікага Княства. 1 ліпеня быў падпісаны акт уніі: фактычна ВКЛ і Польшча аб'ядналіся ў адну дзяржаву з агульным кіраўніком. Асобны Сойм ВКЛ быў скасаваны, уводзілася агульная валюта і агульная міжнародная палітыка.

Карціна Яна Матэйкі напісана ў 1869-м – да 300-годдзя уніі. Убачыць яе можна ў Люблінскім замку. У цэнтры кампазіцыі намаляваны кароль Жыгімонт II Аўгуст, праваруч – укленчаны Мікалай Радзівіл Руды, у той час канцлер ВКЛ і заўзяты праціўнік уніі (мабыць, таму ён намаляваны з мячом).


 

 

«Рэйтан. Заняпад Польшчы»

Калекцыя Каралеўскага замка ў Варшаве

У 1772 годзе Аўстрыя, Прусія і Расія задумалі першы падзел Рэчы Паспалітай і склікалі Сойм, каб надаць сваім дзеянням фармальна законны характар. Менавіта сюды і прыбыў Тадэвуш Рэйтан з іншымі прадстаўнікамі дэлегацыі ВКЛ. Рэйтан заклікаў спыніць падзел краіны, ён быў змушаны перакрыць выйсце з залы і легчы ва ўваходу са словамі: «Забіце мяне, але не забівайце Бацькаўшчыны». Дзякуючы гэтаму ўчынку ў свеце ўспрынялі падзел Рэчы Паспалітай выключна як акт агрэсіі, а не волю мірных грамадзянаў краіны, а Рэйтана сталі зваць мясцовым Дон Кіхотам. Гэты момант і захаваны на карціне, напісанай у 1866 годзе.

Карціна «Рэйтан. Заняпад Польшчы» знаходзіцца ў калекцыі Каралеўскага замка ў Варшаве: у пастаяннай экспазіцыі можна ўбачыць некалькі вялікіх палотнаў Яна Матэйкі.

Больш падрабязна пра Рэйтанаў і іх спадчыну ў Беларусі мы ўжо пісалі тут .

 

 

«Канстытуцыя 3 траўня 1791»

Калекцыя Каралеўскага замка ў Варшаве

 

Карціна напісаная ў 1891 годзе – да сотай гадавіны прыняцця Канстытуцыі Рэчы Паспалітай. Канстытуцыя 3 траўня стала першым такім заканадаўчым актам у Еўропе і другім у свеце – пасля ЗША. Новы закон стаў спробай выратаваць суверэнітэт, які пацярпеў пасля першага падзелу Рэчы Паспалітай, і мусіў зрабіць дзяржаўны лад больш прагрэсіўным.

Канстытуцыя 3 траўня складалася з прэамбулы, 11 артыкулаў і трох дадатковых законаў, якія рэгулявалі становішча розных слаёў насельніцтва. Закон заяўляў аб рэлігійнай памяркоўнасці – тым не менш пераважнай рэлігіяй аб'яўлялі каталіцызм. Шляхце гарантаваліся ўсе свабоды і прывілеі, атрыманыя яшчэ ў часы Вітаўта, былі пашыраны правы гарадоў. Акрамя таго, у законе былі палажэнні пра вяршынства народа і прынцып падзелу ўладаў. Праўда, прапрацаваў закон усяго 14 месяцаў: дзеянне Канстытуцыі было адменена ўжо ў 1792 годзе з падачы Таргавіцкай канфедэрацыі магнатаў – праціўнікаў рэформаў, якіх падтрымала Расійская імперыя.

На палатне Яна Матэйкі намаляваны момант пераходу ўдзельнікаў Сейма з Каралеўскага замка ў Сабор Святога Яна Хрысціцеля ў Варшаве: новы закон толькі што прынялі – цяпер час прыносіць прысягу. На карціне можна разглядзець мноства гістарычных фігур: на чале – кароль Станіслаў Аўгуст Панятоўскі (у самай раскошнай накідцы), на плячах нясуць маршалаў Сейма Станіслава Малахоўскага і Казіміра Нестара Сапегу, злева ад іх – Тадэвуш Касцюшка, у хвасце працэсіі – Антоній Тызенгаўз.

 

Фота: Palasatka

 

|

Гісторыя

Аўтар:   34travel

  5268

hand with heart

Отблагодарить 34travel

Если наши материалы пригодились тебе в пути, сказать спасибо редакции можно, купив нам чашку кофе через Ko-fi. Всего пара кликов, никаких регистраций, комиссий и подписок. Спасибо, что ты с нами.

ЗАКИНУТЬ МОНЕТКУ

Чытай таксама

Тэст: хто ты з беларускае шляхты?

Шукаем soul mate з падручнікаў гісторыі.

«Паэма і святыня адначасова». Што пісаў Ян Булгак пра возера Свіцязь сто гадоў таму?

Публікуем пераклад нарыса 1910 года на беларускую мову.

Цяпер на галоўнай

Менск

Лепшае, што ёсць у Менску, у новым гайдзе ад 34travel.

Як прайшоў Багач – галоўнае восеньскае свята беларусаў?

Будзь багаты, як восень!

Падкаст пра беларускую гастраномію: Экзотыка ў меню

Распавядаем пра моду на памаранчарні і нетыповыя прадукты ў Мінску 1920-х.

Падкаст пра беларускую гастраномію: Кава ці гарбата?

Гісторыя ўлюбёных напояў і традыцыйных дэсертаў.

9 мастацкіх музеяў і галерэй за межамі Менска

Пранізлівыя пейзажы, яскравыя маляванкі і нават манументальныя мазаікі.

Тут нават камяні жывыя. Этнограф – пра палескія традыцыі, якія захаваліся да нашых дзён

Міфалогія старажытнага беларуса, якую можна назіраць ужывую.

Забытая Беларусь: славутасці, якіх ужо няма

Спадчына, памяць пра якую застаецца толькі на малюнках.

Месца тыдня: Лынтупы

Касцёл, сядзіба і старыя могілкі.

Маршрут па беларускім Палессі: едзем у Пінск і ваколіцы

Унікальныя музеі народнай культуры, мясціны Напалеона Орды, загадкавыя пахавальні.

Паказаць больш Паказаць больш