«Паэма і святыня адначасова». Што пісаў Ян Булгак пра возера Свіцязь сто гадоў таму?

|

Гісторыя

|

Аўтар:   Маргарыта Петухова

|

  5353

«Паэма і святыня адначасова». Што пісаў Ян Булгак пра возера Свіцязь сто гадоў таму?

Самае містычнае возера Беларусі натхняла не аднаго творцу: узгадай хаця б балады Міцкевіча, Чачота і Зана ці фатаграфіі Данейкі. Сярод тых, хто паддаўся і здаўся чарам Свіцязі, – і Ян Булгак, фотамайстар, вандроўнік і літаратар. Пра жыццёвы шлях Яна Булгака мы ўжо аднойчы распавядалі тут, а цяпер публікуем пераклад з польскай мовы на беларускую нарыса «Падарожжа на Свіцязь», які ўпершыню быў надрукаваны ў 1910 годзе ў краязнаўчым часопісе «Зямля», і разглядаем атмасферныя здымкі з альбома «Польшча ў фатаграфічных вобразах Яна Булгака. Наваградскае ваяводства». Спадзяемся, гэты тэкст натхніць цябе вырушыць у падарожжа па Навагрудчыне.

 

Літоўскіх вялікіх князёў вы равеснікі, дрэвы
Панар, Белавежы, і Свіцязі, і Кушалева!
Вы нашы помнікі! О як жа вас без меры
Зжыраюць царскіх слуг і гандляроў сякеры!

«Пан Тадэвуш»

 

Не ведаю, ці зможа зразумець паляк з больш далёкіх куткоў нашай Айчыны пачуццё, з якім мы, навагрудчане, вымаўляем назву гэтага возера, якое, па праўдзе, не вылучаецца ні надзвычайнай прыгажосцю, ні памерамі сярод іншых азёр краю і, акрамя згадвання Міцкевіча, якім, зрэшты, мусіць дзяліцца з іншымі мясцовасцямі Літвы, не абуджае ў розуме ніякіх асаблівых уражанняў і адчуванняў. 

Аднак для нас Свіцязь – гэта паэма і святыня адначасова, гэта тое ж, што Вавель для кожнага польскага сэрца. Мы ўсе пражылі нашы дзіцячыя гады, ідылічныя і анёльскія імгненні жыцця сярод гэтых самых «лясных пагоркаў», сярод гэтых самых «зялёных лугоў», што і Ён, кроў ад крыві нашай, косць ад косці нашай; мы – сыны Яго роднай зямлі, ускормленыя яе плёнам, абвеяныя яе паветрам, закалыханыя яе тугой; нашыя сэрцы і душы перапоўнены яе прыгажосцю і паняверкай… 

 

 

Для нас Свіцязь – не толькі рамантычная выява невядомага возера з традыцыйным апаратам месяцовых аздабленняў, не проста раздзел літаратурнай тапаграфіі, што акрэслівае месца нараджэння і побыту былых Свіцязянак. Для нас Свіцязь – гэта жывое, увасобленае ўваскрашэнне мінулага, што ахоплівае сваёй веліччу ўсё: і нашу ўласную маладосць, мары і запал, і былое жыццё нашага краю, яго лёсы, звычаі, традыцыі, сярод якіх залатой ніткай віецца маладосць нашага прарока. Ён тут нарадзіўся, тут жыў, тут кахаў, сумаваў, прагнуў, адсюль каралеўскім арлом паляцеў у вялікі свет… Свіцязь для нас – гэта яснабачанне Яго незямной постаці, гэта самая істотная, няспынная сувязь з Яго вялікім духам, тое пакорнае, захапляльнае святое яднанне нашых душ і сэрцаў з Яго сэрцам і душой…

Хто з нас на блакітных берагах Свіцязі са стоеным дыханнем не слухаў з вуснаў маці чароўныя казкі і паданні і не вучыўся з глыбокай пашанай, пасля Бога найбольшай, вымаўляць імя паэта, які паклікаў да жыцця іх усе; хто каля падножжа векавечных дубоў, што адлюстроўваюцца ва ўспененых напорам ветру хвалях возера, сярод дзіцячых гульняў з прыбярэжным трыснягом і каменьчыкамі не адчуў у пэўнай хвілі тое дзіўнае, незразумелае трымценне і захапленне душы, якая адкрываецца для прыняцця ласкавай, боскай таямніцы прыгажосці? Хто ў «высокай і хмарнай» маладосці не блукаў, задуменны, па лясістых берагах возера праз аксамітныя мхі і ржавыя папаратнікі, праз гульню залаціста-зялёных агеньчыкаў, што прасочваюцца па цяністых закутках лесу каляровым дываном, раўнадушны да рассыпаных каля яго ног скарбаў – квітнеючых лясных стварэнняў – углядаючыся ўнутраным духоўным зрокам у цень прарока, адчуваючы кожнай фібрай сэрца Яго паўсюднасць, як істотную, жывую, амаль датыкальную?.. Хто з шолахам спуджанага азёрнага чароту, ружовай цішай вечара і сонным спакоем сініх водаў не паяднаў у сваёй малітоўнай душы ў адну незабыўную да смерці песню ўсё, што толькі ёсць на свеце найбольш прыгожае і ўзнёслае: першыя палёты і захапленні абуджанай душы, першыя балюча-чароўныя трымценні сэрца, якое прагне кахання, першы палымяны смутак па ўчынках несвядомых, але велічных, якія запаўняюць увесь далягляд будучыні сваім размахам, усе тыя світанныя аб’яўленні несмяротнай чалавечай самасці – з сардэчным замілаваннем, з глыбокай сынавай пашанай і бязмежнай любоўю да паэта, нябачнага ўсяіснага Духа возера, да «свайго» паэта, які, Як Бог у нябёсах, толькі адзіны на свеце можа быць такім «сваім» для дзіцяці гэтай зямлі!...

 

***

 

Так – не з надрукаванага – мы вучыліся спазнаваць і кахаць Міцкевіча, адну з найпрыгажэйшых кніг роднай зямлі, узорыста маляваныя старонкі якой паўтараліся перад нашымі вачамі штодзённа ў тысячных постацях непараўнальнай прывабнасці і чараў. I першай, найважнейшай і найпрыгажэйшай старонкай якой, была Свіцязь. Яна, разам з «краем дзіцячых гадоў», «з намі да сканання», чыстая і светлая, «як першае каханне…», а таму і з’яўляецца для нас нечым большым за дарагі і прыгожы успамін.  Яна – наша рэліквія, алтар, святыня, і так будзе заўсёды, пакуль на зямлі будзе біцца хоць адно польскае сэрца.

 

 

***

 

Сонца ўжо заходзіла, калі мы даехалі да Свіцязі і затрымаліся каля яе ўсходняга берага, што называецца Мядзведжым. Яго акружаюць нізкія і балоцістыя лугі з рэдкімі купамі ўзберажных дрэваў; ён адрозніваецца ад іншых берагоў, амаль цалкам зацененых густым старым змешаным лесам, поўным велізарных, прыгожых дубоў і соснаў.

Пасля зменлівага і ветранага красавіцкага дня вечар распагодзіўся –на пасвятлелым захадзе блукалі рэшткі клубкаватых аблокаў, рухаючыся разам з сонцам да цёмнай лініі гарызонту. Яскравы  сонечны дыск аздабляў іх сіне-фіялетавыя целы залатой аблямоўкай і, адлюстраваны ў аціхлым шкле возера, доўгім слупом дрыжачай яснасці слаўся аж да нашых ног. А на небе, па-над чорнай паласой процілеглага берага, зацвіталі ўсё новыя парасткі ружовых і пурпуровых кветак і ішлі ўгару, растаючы ў лёгкім, слабым аквамарыне блакіту. Яшчэ раз міргнула з-пад хмарных веяў сонечная зрэнка – і згасла ў чорнай бездані лясоў. Па-над імі стала, не наважваючыся паварухнуцца і ўглядаючыся ў воднае адлюстраванне, пацямнелая, але яшчэ поўная ржавых і ліловых паўтонаў, застылая ў прасторы, доўгая крылатая хмара, як апошні човен знікаючай нябеснай флатыліі. 

 

 

Здавалася, што гэта – распасцёртае, агромністае крыло казачнай птушкі кідае цень на соннае возера і згушчае вечаровы змрок, убіраючы ў сябе рэшткі каляровых водсветаў зоркі, і чарадзейным закляццем усыпляе сінюю роўнядзь вады, пахілены ў бяссільнай непрытомнасці чарот і сінія  палосы далёкіх лясоў… І шэпча ім ціхія невядомыя словы, якія штовечар спакон веку засяроджана слухаюць гэтыя маўклівыя, неабсяжныя шэрагі магутных, разгалінаваных, пасівелых дубоў-ваяроў, гэтае чорнае лясное войска браняноснага рыцарства, што верна і мужна стаіць на працягу столькіх гадоў, на працягу столькіх стагоддзяў, нягледзячы на ашалелыя варожымі вятрамі навальнічныя буры, на варце возера і давераных яго глыбіням таямнічых каштоўных скарбаў… І дрэмлюць воі ў начным змроку, стомленыя строгай векавой вартаўнічай службай, з магутнай сілай і каменнай мужыцкай упартасцю ўрастаюць пальчастымі каранямі ўглыб роднага грунту, шчыльнымі вечавымі грамадамі апярэзваюць возера кругом, баронячы прыступы ад усяго, што чужое і варожае… І сняць адвечныя сны аб мінулай славе, моцы, згаслай прыгажосці, мараць аб цудоўнай прывіднай казцы, напоўненай чароўнасцю і дзівосамі, што і няма для яе слоў у чалавечай мове!…

А калі ўстане сонца і вышле на возера сваіх ранішніх вятроў-ганцоў, зашумяць дубы – абуджаныя воі – разам з шаптаннем набожнай малітвы свой баявы, працяглы, глыбокі, падземны, гучны, шматслоўны гімн і мужна, плячо да пляча, стануць зноў чорнымі атрадамі для абароны свайго таямнічага скарбу. Спрадвеку і праз усе стагоддзі, якія прыйдуць…

 

***

 

Ужо месяц пасерабрыў ваду, калі мы вярталіся да брыкі, што чакала нас недалёка ад Каралеўскай купелі. 

 – А ведае пан, – перарваў маўчанне мой таварыш, – што ўвесь лес на Пясчанцы адданы на высечку? Бачыў на свае вочы планы ляснога камітэту, што зацвярджаюць вырубку, а на цяперашняга ўладальніка не выпадае спадзявацца, каб не захацеў сапсаваць Свіцязь дарэшты, асабліва калі яму гэта аплаціцца…

Вось так распачалі мы адну з тых вядомых і частых у нас размоў, дзе любоў і пашана да нашай рэліквіі пераплятаецца з крывавым сорамам немачы, дзе надзею захавання яе апаганеных рэшткаў разбівае жорсткая далонь рэчаіснасці, якая кожны раз здзекуецца з тых бяссільных тузанняў ўсё новым зганьбаваннем страчанай святасці. Так мы гаварылі, насычаючыся абвяласцю, горыччу і сорамам – за сябе і ўсіх сваякоў. Калі раптам – задушаная лаянка, нялюдска дзікі крык: «Ужо сякуць! Ужо высеклі!..»

Перад намі, у цьмяным месяцовым святле, бялеюць ссечаныя пні, ляжаць кучы старажытных дубоў, паламаны, раструшчаны параснік, засланыя трэскамі і галінамі прыбярэжныя мхі; сярод лясной гушчэчы ўсё больш заўважаюцца здрадніцкія прагалы і бессаромна аголеныя паляны, зелянеючы пустатой, бязладдзем, знішчэннем; мёртва свіцецца месяц праз бліжэйшыя да берага дубы, яшчэ не кранутыя, але ўжо асуджаныя на пагібель, ужо бяздумна пазначаныя хцівай рукой чужых прыбышоў кляймом смерці. Нерухомыя, у каменным маўчанні ночы стаяць пахмурныя недабіткі ў болю і жудасці…

Дзе ж ваша адвечная застава, о, магутныя дубы-воі, дзе божая абаронная служба пры зачараваным скарбе возера, дзе ваш баявы гоман, дзе вашы паднябесныя галовы, вашыя шышакі і нязломных рамёнаў апора?... Паваленыя, убітыя ў прах зямлі, жыўцом рассечаныя, аддадзеныя агіднай сякерай на ганебнае пакаранне.

З невымоўным жахам і прыгняценнем ў душы ідзём як мага хутчэй з гэтага жудаснага пабоішча, каб не бачыць, не думаць, забыцца пра гэтае злачынства, пра гэтыя трупы…

Але хто раз гэта бачыў, той не забудзе – ніколі.

 

 

Пераклад на беларускую – Маргарыта Петухова

 

 Чытай таксама: Ішкалдзь, Мір і возера Свіцязь за адну паездку

|

Гісторыя

Аўтар:   Маргарыта Петухова

  5353

hand with heart

Отблагодарить 34travel

Если наши материалы пригодились тебе в пути, сказать спасибо редакции можно, купив нам чашку кофе через Ko-fi. Всего пара кликов, никаких регистраций, комиссий и подписок. Спасибо, что ты с нами.

ЗАКИНУТЬ МОНЕТКУ

Чытай таксама

Гісторыя Беларусі на карцінах Яна Матэйкі

Батальныя сцэны і кранальныя гісторыі кахання.

Тэст: хто ты з беларускае шляхты?

Шукаем soul mate з падручнікаў гісторыі.

Цяпер на галоўнай

Як прайшоў Багач – галоўнае восеньскае свята беларусаў?

Будзь багаты, як восень!

Падкаст пра беларускую гастраномію: Экзотыка ў меню

Распавядаем пра моду на памаранчарні і нетыповыя прадукты ў Мінску 1920-х.

Падкаст пра беларускую гастраномію: Кава ці гарбата?

Гісторыя ўлюбёных напояў і традыцыйных дэсертаў.

9 мастацкіх музеяў і галерэй за межамі Менска

Пранізлівыя пейзажы, яскравыя маляванкі і нават манументальныя мазаікі.

Тут нават камяні жывыя. Этнограф – пра палескія традыцыі, якія захаваліся да нашых дзён

Міфалогія старажытнага беларуса, якую можна назіраць ужывую.

Забытая Беларусь: славутасці, якіх ужо няма

Спадчына, памяць пра якую застаецца толькі на малюнках.

Месца тыдня: Лынтупы

Касцёл, сядзіба і старыя могілкі.

Маршрут па беларускім Палессі: едзем у Пінск і ваколіцы

Унікальныя музеі народнай культуры, мясціны Напалеона Орды, загадкавыя пахавальні.

Як прайшоў Юраўскі карагод – унікальны абрад сустрэчы вясны

Паказваем, як абрад са спісу ЮНЕСКА выглядае сёння.

Паказаць больш Паказаць больш