Маршрут: Ішкалдзь, Мір і возера Свіцязь за адну паездку

|

Маршруты

|

Аўтар:   34travel

|

  2489

Маршрут: Ішкалдзь, Мір і возера Свіцязь за адну паездку

Працягвааем адкрываць Беларусь разам з аўтамабільным брэндам Kia. Мінулым разам мы пракаціліся ў Крэва і Гервяты, а цяпер загрузіліся ў Kia Rio X-Line і выправіліся ў бок Міра, каб, акрамя раскручаных мясцін, разведаць і некалькі схаваных скарбаў. Старажытныя храмы, самае містычнае возера Беларусі і радзіма Адама Міцкевіча – паездка атрымалася плённай!

 

Маршрут: Ішкалдзь – Паланечка – Вольна – Завоссе – возера Свіцязь – Райца – Беразавец – Мір

 


Агульная працягласць маршруту, калі стартаваць з Менска, – каля 320 км, на паездку адводзь цэлы дзень. Часам будуць трапляцца грунтавыя (але праходныя) дарогі. Пунктаў даволі шмат, таму можаш выбраць толькі тыя, якія асабліва прыйдуцца да душы. Прыкладна ў раёне абеду апынешся на возеры, так што не забудзь захапіць з сабой снэкі для пікніка і ручнік. Калі табе не хочацца пакідаць Мірскі замак на вечар, маршрут, ясная рэч, працуе і ў зваротным кірунку. 

 

Ішкалдзь

Баранавіцкі раён Брэсцкай вобласці
53.334963, 26.36502

 

 

Першы пункт маршруту – мястэчка Ішкалдзь у Баранавіцкім раёне, дзе здаецца, што час спыніўся некалькі стагоддзяў таму. Тут дарогі выбрукаваныя векавымі камянямі, а над драўлянымі хаткамі ўзвышаецца гатычны касцёл – унікальны храм XV стагоддзя. Гэта адзін з найстаражытнейшых касцёлаў у Беларусі, якія ні разу значна не перабудоўваліся. Траецкі касцёл у Ішкалдзі заклалі ў 1449 годзе, і за сваё доўгае жыццё ён некалькі разоў закрываўся, ператвараўся і ў кальвінісцкі сабор, і ў праваслаўную царкву, але ў 1918 годзе быў вернуты каталікам. Дзякуючы малюнку, створанаму Напалеонам Ордам у 1876 годзе, мы можам зразумець, як касцёл выглядаў да Першай сусветнай вайны. Напрыклад, каб храм быў больш падобны да праваслаўнага, да яго была прыбудаваная вежка з купалам. Наогул, можна сказаць, што храму па жыцці шанцавала значна больш, чым шматлікім яго сабратам: ён не быў разбураны ні ў Першую, ні ў Другую сусветную, а за савецкім часам не ператварыўся ў склад збожжа або спартзалу. Сёння касцёл выглядае даволі сувора і не вельмі тыпова для культавага збудавання, таму і робіць такое магутнае ўражанне.

 

 

 

 Бонус:   Астроўкі

Нясвіжскі раён Менскай вобласці
53.3535, 26.4436


Калі ты кіруешся ў Ішкалдзь з Менска, дарогаю зможаш паглядзець яшчэ пару славутасцяў. У вёсцы Астроўкі ўбачыш сціплую драўляную царкву святога Георгія Перамаганосца, пабудаваную ў сярэдзіне XIX стагоддзя. У часы СССР яна была адной з нешматлікіх цэркваў у ваколіцы, якія не былі закрытыя.

 

 

 Бонус:   Прасці

Нясвіжскі раён Менскай вобласці
53.358217, 26.416030


З захаду да Астроўкаў лучыцца вёска Прасці – і, акрамя пацешнай назвы, ёй ёсць чым ганарыцца. У сярэдзіне XIX стагоддзя Прасці былі даволі ажыўленым мястэчкам ва ўладанні памешчыка Пратасевіча – тут месціліся больш за 50 двароў, працавалі тры карчмы і вадзяны млын. У 1887 годзе на мясцовых могілках Пратасевічы пабудавалі невялікую капліцу-пахавальню, і доўгі час яе выкарыстоўвалі не толькі як месца пахавання, але і як каталіцкі храм. Пасля вайны будынак паступова разбураўся. Адрэстаўравалі яго толькі ў 2016 годзе, а паглядзець, як ён выглядаў раней, можна тут

 

 

Паланечка

Баранавіцкі раён Брэсцкай вобласці
53.35158, 26.26299 

 

 

Усяго за 8 кіламетраў ад Ішкалдзі знаходзіцца ціхмяная вёска Паланечка, якая трыста гадоў таму была сапраўдным культурным цэнтрам. У другой палове XVIII стагоддзі на загад Мацея Радзівіла тут узвялі класічны палац – гавораць, яго будавалі паводле выгляду і падабенства да вілы Трывулзіна на возеры Кома ў Італіі. У палацы захоўвалася вялізная калекцыя твораў мастацтва, а вакол быў разбіты сядзібны парк. Падрабязна пра гісторыю палаца і яго няпросты лёс мы ўжо расказвалі тут, а каб было прасцей візуалізаваць былую веліч, можаш зірнуць на старыя эскізы з яго выявай. Цяпер будынак знаходзіцца ў стане, вартым жалю, і мае патрэбу ў рэстаўрацыі. Тым не менш адна з самых вядомых яго архітэктурных фішак – калоны на галоўным фасадзе, упрыгожаныя скульптурамі старажытных філосафаў, – выдатна захавалася.

Акрамя палаца Радзівілаў, у Паланечцы варта абавязкова ўбачыць неагатычны драўляны касцёл Святога Юрыя. Каталіцкі храм на гэтым месцы існаваў яшчэ з 1751 года, а ў пачатку XIX стагоддзя там нават хрысцілі знакамітага вучонага і ў будучыні нацыянальнага героя Чылі Ігната Дамейку. Будынак, які мы можам бачыць цяпер, узвялі ў 1899 годзе і з тых часоў не перабудоўвалі.

 

 

Вольна

Баранавіцкі раён Брэсцкай вобласці
53.29983, 26.22171

 

 

Яшчэ нейкія 6,5 кіламетраў – і мы ў Вольне, мястэчку, вядомым з сярэдзіны XVI стагоддзя. За сваю доўгую гісторыю Вольна аказвалася ва ўладанні цэлай плеяды вядомых шляхцічаў: спачатку тут гаспадарылі Хадкевічы, потым Сафія Слуцкая, а затым Астафій Валовіч – мецэнат, рэфарматар і адзін з аўтараў Статута ВКЛ. У 1632 годзе Вольна належала Хрыстафору Каменскаму, і менавіта ён уклаўся ў будаўніцтва базыльянскага манастыра. А ў 1768 годзе пры манастыры ўзвялі велічную Траецкую царкву ў стылі ракако. Звярні ўвагу на пано ваеннай тэматыкі над галоўным уваходам у царкву – такое на культавым збудаванні нячаста ўбачыш. Пасля паразы паўстання 1830 года храм закрылі, а потым пераасвяцілі ў праваслаўны, што, як на тыя часы, было звычайнай гісторыяй.

Непадалёк ад царквы раскінуўся парк – калісьці тут стаяў і багаты сядзібны дом роду Слізеняў, але ён не перажыў Другую сусветную вайну. Затое захаваліся бровар і пара гаспадарчых пабудоў.

Калі цябе, як і нас, палоніць драўляная архітэктура, абавязкова знайдзі ў Вольне мясцовы Дом культуры
(вул. Паркавая,17В), які стаіць акурат на месцы адной з сядзібных пабудоў. Упэўненыя, што на сцэне ДК арганічна б глядзеліся пастаноўкі грэчаскіх трагедый – зацані тэатральныя маскі на фасадзе!

 

 

Завоссе

Баранавіцкі раён Брэсцкай вобласці
53.28936, 26.10137

 

 

Маленечкая вёсачка Завоссе ў Баранавіцкім раёне праславілася тым, што тут у 1798 годзе нарадзіўся паэт Адам Міцкевіч. З сярэдзіны XVIII стагоддзя маёнтак у Завоссі належаў роду Яновічаў. Яны сур’ёзна запазычыліся Міцкевічам, і суд пастанавіў перадаць Завоссе. Яновіч не збіраўся проста так аддаваць камусьці любімую хату, і цяжба зацягнулася ледзь не на 40 гадоў (дарэчы, гэтая гісторыя маляўніча апісаная самім Міцкевічам у паэме «Пан Тадэвуш, або Апошні наезд у Літве»). Толькі ў 1785 годзе Завоссе перайшло да Ёзафа (брата дзядулі Адама), а яшчэ праз 20 гадоў – да бацькі паэта Мікалая Міцкевіча. Адам з бацькамі пражылі тут некалькі гадоў і перабраліся ў новы вялікі дом у Наваградку, а Завоссе падарылі сястры Мікалая і яе мужу Стыпулкоўскаму. Юнаком Адам бавіў тут шмат часу: каханая дзяўчына паэта Марыя Верашчака жыла ў вёсцы Туганавічы ўсяго за 8 кіламетраў ад Завосся, а з Наваградка даводзілася б скакаць да яе на кані ажно 40 кіламетраў (у Міцкевіча ж не было хуткага Kia Rio X-Line).

На пачатку XX стагоддзя маёнтак згарэў, а ў 1998 годзе тут запрацаваў музей. Сядзібны дом і гаспадарчыя пабудовы аднаўлялі паводле апісанняў у паэме «Пан Тадэвуш», малюнкаў наваградскага мастака Паўлавіча і Напалеона Орды і ацалелых фрагментаў падмурка, а многія прадметы побыту збіралі па навакольных вёсках. Наведванне музея каштуе 5 BYN, экскурсія – 15 BYN.

 

 

 

 Бонус:   Варонча

Карэліцкі раён Гродзенскай вобласці

53.412713, 26.059929


Варонча і яе ўладальнік наваградскі ваявода Юзаф Несялоўскі таксама засвяціліся на старонках «Пана Тадэвуша», а Уладзімір Караткевіч назваў гэтае месца «вечным музеем». Калі вырашыш заехаць у Варончу, можаш пачытаць пра яе гісторыю тут. Цяпер у Варончы можна паглядзець касцёл Святой Ганны канца XVIII стагоддзя, старыя каталіцкія могілкі, дзе пахаваная Марыя Верашчака, і тое, што засталося ад сядзібы, парка і гаспадарчых пабудоў.

 

 

Возера Свіцязь

Наваградскі раён Гродзенскай вобласці
53.433454, 25.917014

 

 

Працягваем падарожжа па мясцінах Міцкевіча – і кіруемся да самага містычнага возера Беларусі. Паводле прыгожай легенды, за часамі князя Міндоўга на гэтым месцы стаяў горад Свіцязь. Ягоны князь Туган падчас аблогі Наваградка разам з мясцовым войскам адправіўся абараняць сталіцу. Калі да гарадскіх сцен Свіцязі падышло войска ворага, жыхары, якія не сышлі ваяваць, вырашылі так проста горад не пакідаць і пачалі падпальваць свае дамы. Але раптам зямля раскрылася, Свіцязь праваліўся, на яго месцы ўтварылася возера, а ўсе гараджане ператварыліся ў кветкі. Акурат гэтую гісторыю Адам Міцкевіч і апісаў у сваёй баладзе «Свіцязь». Дарэчы, цікава, што насамрэч лясное возера з'явілася ў выніку карставага правалу, так што легенда, у прынцыпе, не такая ўжо і казка.

На беразе Свіцязі можна адпачыць ад дарогі, зладзіць пікнік ці паспрабаваць пазнаёміцца з русалкамі. Праўда, май на ўвазе, што месца даволі папулярнае, таму ў выходны дзень там можа быць шматлюдна. Каля возера ёсць некалькі афіцыйных парковак (мы раім тую, што адзначана на карце ў пачатку матэрыялу), а ўздоўж берага цягнецца пешаходная сцежка.

 

 

 

 Бонус:   Валеўка

Наваградскі раён Гродзенскай вобласці
53.461773, 25.887425


Дарогаю са Свіцязі ў Райцу ты будзеш праязджаць мястэчка Валеўка. Там убачыш старажытную драўляную царкву, якую пабудавалі яшчэ ў 1685 годзе як дамініканскі касцёл. За столькі гадоў храм, вядома, некалькі разоў рамантавалі і злёгку перабудоўвалі – апошні раз у 1930-х гадах.

 

 

Райца

Карэліцкі раён Гродзенскай вобласці

53.467357, 26.025191

 

 

А зараз выпраўляемся ў пасёлак Райца, каб убачыць прыгажэнную царкву Святой Варвары. Храм быў пабудаваны ў 1817 годзе як касцёл, а пасля паўстання 1863 года (як і многія іншыя касцёлы) быў перададзены праваслаўным. Неагатычная царква стаіць на высокім узгорку – да яго вядзе крутыя лесвіцы, а зверху адкрываецца прасторны від на вёску. Сам храм выглядае хутчэй як маленькая крэпасць, чым культавы будынак. Такі праект прыдумаў мясцовы архітэктар Ян Зайка, якога ўладальнікі вёскі Раецкія спецыяльна адпраўлялі вучыцца на востраў Святой Алены. На старых малюнках бачна, што некалі на вежы была статуя Божай Маці. Кажуць, у яе часта біла маланка і разбівала галаву статуі на аскепкі, але яе кожны раз аднаўлялі. Падчас Другой сусветнай вайны царква даволі моцна пацярпела, а аднаўленне пачалі толькі ў 2000-х.

 

 

Беразавец

Карэліцкі раён Гродзенскай вобласці
53.52299, 26.17158

 

 

Наступны пункт нашага маршруту – невялікая вёска Беразавец на беразе ракі Сэрвач, якая тоіць у сабе сапраўдны скарб. Паселішча, вядомае з XVII стагоддзя, належала Радзівілам. У 1863 годзе ў Бярозаўцы пабудавалі драўляную Траецкую царкву, але ўжо ў 1900 годзе на яе месцы ўзвялі новы мураваны храм. На жаль, прастаяў ён нядоўга – надарылася Першая сусветная вайна. Вёска згарэла амаль цалкам, а ад царквы засталіся толькі руіны, якія з таго часу так і стаяць. Абавязкова зірні на «столь» – амаль што Пантэон

 

 

 

 Бонус:   Турэц

Карэліцкі раён Гродзенскай вобласці
53.529342, 26.313838


Нагода заскочыць у Турэц – праваслаўны храм Покрыва Прасвятой Багародзіцы. Яго пабудавалі ў 1888 годзе, пра што ганарліва заяўляюць лічбы на варотах. Драўляная царква існавала ў Турцы і раней, але, калі яна пачала трухлець, прыхаджане зладзілі сапраўдны краўдфандынг на будаўніцтва новага, каменнага храма. Атрымалася сімпатычная царква ў рускім стылі з бутавай муроўкай сцен і маляўнічымі вежкамі.

 

 

Мір

Карэліцкі раён Гродзенскай вобласці
 53.452, 26.46984

 

 

Фінальны рывок! Рушым у Мір – да кульмінацыі нашага падарожжа. Упэўненыя, замак ты знойдзеш і без нашых падказак – гэта тое месца, куды можна прыязджаць зноў і зноў, і яно кожны раз будзе ўражваць сваёй энергетыкай. Тым не менш раім толькі замкам не абмяжоўвацца, таму што пасёлак Мір у прынцыпе вельмі крутое месца. Вывучы Мікалаеўскі касцёл пачатку XVII стагоддзя, падыдзі да капліцы-пахавальні Святаполк-Мірскіх, разгледзь аўтэнтычную габрэйскую забудову (пачытаць пра яе падрабязней можаш тут).

 

 

Стварыць гэты матэрыял нам дапамог аўтамабільны брэнд Kia. У гэтай паездцы нашым кампаньёнам стаў Kia Rio X-Line – надзейны і зручны аўтамабіль для падарожжаў па роднай краіне. Прасторны салон, ёмісты багажнік, добрая акустыка, але галоўнае – высокі кліранс, з якім не страшна збочваць у пошуку маляўнічых відаў на любыя прасёлкавыя дарогі. 

Наперадзе лета, а значыць - багата паездак па Беларусі, у якіх Kia Rio X-Line можа стаць сапраўды надзейным паплечнікам. Тым больш ён так арганічна і стылёва глядзіцца на фоне архітэктурных скарбаў. Іншыя ідэі для паездак па Беларусі ты можаш падглядзець у нашым спецпраекце «Немалая радзіма», які мы зрабілі разам з Kia.

 

Тэкст – Аляксандра Мурашка. Пераклад – Ліда Наліўка.

Фота – palasatka

Общество с ограниченной ответственностью «Автопалас-М»
УНН:101516333

|

Маршруты

Аўтар:   34travel

  2489

hand with heart

Отблагодарить 34travel

Если наши материалы пригодились тебе в пути, сказать спасибо редакции можно, купив нам чашку кофе через Ko-fi. Всего пара кликов, никаких регистраций, комиссий и подписок. Спасибо, что ты с нами.

ЗАКИНУТЬ МОНЕТКУ

Чытай таксама

10 класных месцаў у межах 50 км ад Менска

Разнастайныя ідэі для кароткай вандроўкі са сталіцы.

Едзем на захад ад Менска: старадаўнія сядзібы і велічныя храмы

Пабадзяцца ля разбураных сцен, палюбавацца храмамі і адшукаць круглае возера.

Маршрут па беларускім Палессі: едзем у Пінск і ваколіцы

Унікальныя музеі народнай культуры, мясціны Напалеона Орды, загадкавыя пахавальні.

Маршрут: Гальшаны, Ашмяны і мясціны Багушэвіча за адну паездку

Ціхія мясціны з гісторыяй і цудоўнымі краявідамі.

Маршрут: Едзем у Будслаў і ваколіцы

Таямнічыя старажытныя помнікі, прыўкрасныя храмы і велічны парк.

Маршрутамі Суціна і Царфіна: гайд па Смілавічах

Гуляем па некалі буйным гандлёва-рамесным мястэчку.

Цяпер на галоўнай

Менск

Лепшае, што ёсць у Менску, у новым гайдзе ад 34travel.

Як прайшоў Багач – галоўнае восеньскае свята беларусаў?

Будзь багаты, як восень!

Падкаст пра беларускую гастраномію: Экзотыка ў меню

Распавядаем пра моду на памаранчарні і нетыповыя прадукты ў Мінску 1920-х.

Падкаст пра беларускую гастраномію: Кава ці гарбата?

Гісторыя ўлюбёных напояў і традыцыйных дэсертаў.

9 мастацкіх музеяў і галерэй за межамі Менска

Пранізлівыя пейзажы, яскравыя маляванкі і нават манументальныя мазаікі.

Тут нават камяні жывыя. Этнограф – пра палескія традыцыі, якія захаваліся да нашых дзён

Міфалогія старажытнага беларуса, якую можна назіраць ужывую.

Забытая Беларусь: славутасці, якіх ужо няма

Спадчына, памяць пра якую застаецца толькі на малюнках.

Месца тыдня: Лынтупы

Касцёл, сядзіба і старыя могілкі.

Маршрут па беларускім Палессі: едзем у Пінск і ваколіцы

Унікальныя музеі народнай культуры, мясціны Напалеона Орды, загадкавыя пахавальні.

Паказаць больш Паказаць больш