«Палеская фатамаргана, якая дазваляе да сябе наблізіцца»: размова з даследчыцай Машай Мароз
У канцы 2024 года свет пабачыў арт-бук і зборнік эсэ пра беларускае Палессе «Доўгая дарога дамоў», створаны даследчыцай Машай Мароз, куратаркай Ганнай Карпенка, філосафам Ігарам Бабковым і гісторыкам Валерыям Марозам. Сёлета ў кнігі здарыўся другі наклад, плануецца прэзентацыя ў Менску. З гэтай нагоды публікуем грунтоўную размову гісторыка мастацтва Каці Рускевіч з адной з укладальніц «Доўгай дарогі дамоў» – мастачкай і этнографкай Машай Мароз, якая больш за дзесяць гадоў працуе над аднайменным праектам пра беларуска-палескі космас. У ходзе размовы завітаем да бабуль-шаптух і да школьнага настаўніка, які прамышляе дзікім пчалярствам, а таксама зазірнём у царкву, дзе напярэдадні Вялікадня замест плашчаніцы выносяць «цела Хрыста».

Фота Надзеі Каждан





Музы з Данілегаў, каменная дзевачка і шэпт
– У тваім інстаграме ёсць абсалютна цудоўнае відэа, як бабулі – твае музы – трымаюць у руках кнігу. Як яны яе ўспрынялі?
– Яны з вялікім пазітывам пагарталі кнігу, пабачылі сябе, абмеркавалі, хто як выглядае, хто ў якой спадніцы. Гэтая персанальная рэакцыя, вельмі чалавечая, непасрэдная, мае вялікую каштоўнасць для мяне. Таму што атрымліваецца звязаць у адно вельмі далёкія сусветы. Я не ведаю, што можна параўнаць з пачуццём, калі ты прывозіш гэтую кнігу ў недасяжную вёску сярод балот да любімых муз, якія для цябе з’яўляюцца ўзорамі жыццялюбства і вялікімі крыніцамі натхнення.
– У кнізе твае героі – з розных месцаў. А адкуль менавіта гэтыя бабулі?
– Гэта вёска Данілегі Лельчыцкага раёна Гомельскай вобласці. Афіцыйна яна называецца Данілевічы, падчас Саветаў тапонім быў зменены. Гэтая вёска, калісьці заможная і дастаткова вялікая, цяпер амаль апусцела. Там засталося каля пятнаццаці сталых жыхароў, у асноўным – жанчын, у адной з якіх яшчэ ёсць муж.
У мяне завязалася сяброўства і асабістая сувязь з гэтымі жанчынамі. Я вельмі шмат цеплыні да іх адчуваю. І кожны раз, калі прыязджаю, здзіўляюся іх адкрытасці. Таму, наколькі лёгка яны адгукаюцца на ўсялякія мае прапановы што-небудзь разам парабіць. Таму, як імгненна яны накрываюць стол і як гатовыя апошнім кавалачкам чаго-небудзь смачнага цябе пачаставаць.
«Пераход з цывілізацыі ў даўніну адчуваецца нават фізічна»
Але вёска цікавая і сваім гістарычна-этнаграфічным складнікам, таму што гэта Прыпяцкае або Усходняе Палессе, памежная і даволі блізкая да Украіны тэрыторыя. Яна геаграфічна адсечаная ад вялікай зямлі лесам і балотамі, туды па гравійцы едзеш каля гадзіны. І пераход з цывілізацыі ў даўніну адчуваецца нават фізічна, таму што ты занураешся ў літаральна іншае жыццё. Гэта заўжды для мяне агромністае дзіва: праз свае візіты я займела шчасце крыху пражываць гэтае жыццё, а праз пяць год яно ўжо будзе легендай, міфам, проста ўспамінам пра тое, як было. Заўжды еду туды з вельмі трапяткім пачуццём.
У гэтай вёсцы дагэтуль ёсць тры шаптухі, і яны разам з іншымі жыхаркамі кожны Вялікдзень ходзяць да каменнай дзевачкі Евы – антрапаморфнага валуна. У іх ёсць легенда пра гэтую каменную дзевачку.
Легенда пра дзевачку, запісаная са слоў жанчын з вёскі (з захаваннем мясцовай гаворкі):
«Калісьці з гэтай дзевачкай праізашла трагедыя. Калісьці яшчэ нашыя прадзеды расказвалі, гэтае поле, было самае лучшае поле, шлях называўся, тут сеялі жыта, пшаніцу, лён, усе, усе, і прыходзіць осень і нада убіраць, і ўсе ўручную ўбіралі. Прыходзіць брыгадзір у кожны дом і просіць: пайдзі дажні некалькі серпікаў, адна пайшла і сваю дзевачку ўзяла. Мы самі назвалі яе Евай. Ну вот яна прыйшла і маці з дзевачкай жалі, жалі, тут выйшла хмара. Маці гаворыць: "Давай, Ева, сабірай снапы да месца". Яна другі раз сказала, тожа не паслуха, яна трэці раз сказала: "Штоб ты камянем стала". І выйшла хмара, стукнула, бліснула – і не стала гэтае дзевачкі, і стаў камень. І вот прафесар, што ў восені прыязджаў, гаворыць: "Гэта ветрам надула", а яму гавару: "Якім ветрам? Кажу, што гэта была дзевачка, а стаў камень". Вось так, каб мацяры сваіх дзяцей ніякім словам не пракліналі».
Жанчыны прыносяць Еўцы аброкі: ежу, фартушкі, хусткі, упрыгожанні, грошы. Да яе прыязджаюць людзі з усёй Беларусі. У гэтым месцы вельмі моцна адчуваецца сінкрэтызм паганства і хрысціянства, магія літаральна працінае тамашнюю паўсядзённасць. Гэта адчуваецца скураю, праз прысутнасць і размовы.
Данілегі – спеўная вёска. Гэтыя жанчыны спяваюць на святах, а бывае, проста так могуць сабрацца і спяваць, што ўжо таксама непаўторная з'ява. З кожным візітам я ўсё больш знаёмлюся з гэтым колам, і мяне ўражвае, як гэтыя жанчыны паміж сабою камунікуюць. Яны ўсё сваё доўгае жыццё пражылі ў адной вёсцы, усё жыццё ведаюць адна адну, разам прайшлі наўпрост праз усё. Гэта нялёгка – мець такую блізкасць і захаваць гарманічныя адносіны, таму што ўсе мы людзі і ўсе мы вельмі розныя. І вось гэтыя жанчыны, якія б ні былі паміж імі напружанні, што б хто на каго ўціхую не таіў, яны ўсё роўна кожны мой візіт збіраюцца разам. Гэта палеская фатамаргана, якая дазваляе да сябе наблізіцца.
Калі я потым з'язджаю і павяртаюся да сваёй звыклай рэчаіснасці, даюся дзіву: няўжо гэта праўда існуе дагэтуль? Неперадавальна моцна і каштоўна, што ёсць шанец у гэтым бываць і быць там нібы сваёю, прынятаю, а потым дзяліцца гэтаю цеплынёю ад людзей.
– Трошкі прыватнае пытанне: ці ты звярталася да тамашніх шаптух?
– Так, я прасіла мяне пашаптаць бабу Кацю. Гэтая Кацярына дастаткова знакамітая ў Гомельскай вобласці шаптуха. Пра яе пісаў Сяргей Лескець у сваім «Шэпце». Але я выйшла на яе не праз кнігу, а праз мой даследчы рух.
Мне было цікава звярнуцца да яе і праз свае асабістыя рэлігійна-філасофскія пытанні, але таксама я хацела паставіць сабе залатнік на месца. Залатнік напэўна толькі на нашых славянскіх тэрыторыях сустракаецца як асобнае паняцце. Гэта пульсуючы вузел, які пры правільным раскладзе павінен быць непасрэдна пад пупком, у жанчын ён атаясамліваўся з месцам зараджэння жыцця і адказвае за агульную раўнавагу ў арганізме. Калі гэта кропка пульсуе крыху ў іншым месцы, лічыцца, што ў целе парушаецца раўнавага.
«Мела пашану зафіксаваць момант шэпту на відэа. Мне вядома пра існаванне толькі яшчэ дзвюх відэафіксацый на Беларусі»
І баба Каця мяне пашаптала. Я мела пашану з яе дазволу зафіксаваць момант шэпту на відэа. Гэта архіважны пласт інфармацыі: мне вядома пра існаванне толькі яшчэ дзвюх відэафіксацый на Беларусі. У мяне атрымалася зрабіць гэта на прафесійнае абсталяванне ў высокай якасці гуку і выявы, разам з калегам-аператарам, і гэта дакладна можна назваць гістарычным дакументам. Я вельмі гэтым ганаруся. Здабыты рэдкі і ўнікальны антрапалагічны матэрыял — традыцыя шэпту з'яўляецца адной з самых закрытых і мала даследаваных у Еўропе.
Фота Машы Мароз
Бортнік з Цераблічаў, лес і совы над палігонам
– Расскажы, калі ласка, пра іншага героя тваёй кнігі — бортніка.
– Гэта мой сябра, Міхаіл Наскевіч з вёскі Цераблічы Столінскага раёна Брэсцкай вобласці. Міхаіл працуе ў мясцовай школе, выкладае фізіку і матэматыку ў сярэдніх і старэйшых класах. Дзікаму пчалярству, або бортніцтву, ён навучыўся ад свайго дзядзькі яшчэ падлеткам і займаецца гэтым не дзеля грошаў, а дзеля душы.
«Мёд для беларусаў заўжды быў асабліваю субстанцыяю, якая надзялялася магічнымі якасцямі, як і воск»
У Цераблічах я была ў розныя поры года і дакраналася да розных этапаў цыклу, звязанага з пчоламі. Гэта таксама асаблівая для мяне гісторыя, таму што дзікае пчалярства – унікальная з’ява для Еўропы і ў цэлым для свету. Міша браў мяне з сабою ў лес, і мы адпраўляліся з ім да розных борцяў. Я магла назіраць усе працэсы, звязаныя з іх праверкай пасля зімы, падрыхтоўкай да новага сезону, прафілактычным аглядам, мёдазборам, ён нават падымаўся з дапамогаю лязіва метраў на дзесяць-пятнаццаць на дрэва – дубовыя калоды высока падымаюць.
Мёд для беларусаў заўжды быў асабліваю субстанцыяю, якая надзялялася магічнымі якасцямі, як і воск. Пчала – хутчэй міфічная істота для беларусаў, чым простае насякомае. Пчаліны рой, калі ён гінуў з нейкае нагоды, было прынята хаваць у зямлю. І гэта апісвае, наколькі высокі сакральны статусы пчолы маюць у свядомасці людзей. Крыху больш даведацца пра пчалярства было вельмі важна для мяне, таму што гэта дапамагае дакрануцца да старадаўняга, метафізічнага, але пра гэтым жывога пласта.
– Шмат у яго драўляных борцяў па лесе?
– У яго ёсць розныя пункты, я думаю, што пад дзясятак. Гэта дзікі лес, аддалены ад прамысловых пунктаў, зона Альманскіх балот. Гэтыя месцы маюць цікавы гістарычны кантэкст. Недалёка ад Цераблічаў былі сумна вядомыя Мэрлінскія хутары, які былі знішчаныя, таму што падчас Саветаў, прыкладна ў 1960-я, там зрабілі ваенны палігон. І ўсе дакументы засакрэчаныя дагэтуль. Я рабіла інтэрв'ю з жыхарамі гэтых месцаў і расселеных вёсак, што зніклі назаўжды. Яны дагэтуль, напрыканцы свайго жыцця, сумуюць па сваім сапраўдным доме, дзе стагоддзямі жылі іх продкі.
«Парэшткі драўляных старых крыжоў узвышаюцца над варонкамі ад бомбаў, што скідваліся на зямлю падчас ваенных эксперыментаў»
Адна жанчына, Мальвіна, якая жыве цяпер у вёсцы Цераблічы, але нарадзілася ў Колках, якіх больш не існуе, распавядала пра сваё дзяцінства. Яна памятае, як адбывалася рассяленне, як прыехалі машыны ваенных і як за дзень да таго, як яе з маці прымусілі назаўжды пакінуць родныя мясціны, на старыя могілкі, што былі побач з іх хатаю, зляцеліся дзясяткамі вялікія і маленькія совы, пачалі гучна галасіць, і далёка па лесе і вёсцы разносіўся іх плач. Вось такая містычная падзея.
Мае церабліцкія праваднікі паказвалі мясціны, дзе засталіся ледзь улоўныя прыкметы даўняй чалавечай прысутнасці. Была я і на закінутых могілках, дзе парэшткі драўляных старых крыжоў узвышаюцца над варонкамі ад бомбаў, што скідваліся на зямлю падчас ваенных эксперыментаў.
– І пра гэта амаль нічога невядома.
– У вельмі вузкіх колах вядома. Але я сама, пакуль не пачала больш даследаваць менавіта гэты раён, не ведала пра такі кантэкст. Балоты абралі таму, што там амаль няма людзей. Палігон пачынаўся за вёскаю Цераблічы і цягнуўся ўглыб у бок Альманаў.
– Такая нечаканая рэчаіснасць. Як могуць адначасова існаваць настолькі розныя рэчы?
– Абсалютна псіхадэлічнае наслаенне.
– І вельмі кранальная гісторыя пра соваў.
– Так, я пад вялікім уражаннем ад яе. Так шмат сустракаецца людзей з цікавымі лёсамі, пра якіх хочацца здымаць нешта, пісаць. Канешне, лёсы звычайна нялёгкія. Пры гэтым у людзях вельмі шмат адкрытасці, дабрыні, прыняцця, а таксама любові – да сваёй малой радзімы, не пабаюся гэтага спалучэння словаў. Вялікая ёсць прага падзяліцца тым, што яны ведаюць.
«”Я сяджу дома, а мая душа блукае па лесе”. Мне так запала гэтая фраза»
Пасля таго, як я размаўляла з Мальвінаю, мы паехалі з ёю ў журавіны. Да лакацыі падбіраліся на машыне, бо гэта пара кіламетраў ад вёскі, а Мальвіне складана хадзіць, яна перанесла анкалогію. І вось мы едзем, а яна кажа: «Божа, я так радуюся, што мы едзім у журавіны, я так люблю збіраць журавіны». Для яе гэта сапраўднае жыццё: лес, вада, балоты – яе натуральнае асяроддзе, частка свядомасці. І потым дадае: «Я сяджу дома, а мая душа блукае па лесе». Мне так запала гэтая фраза, настолькі ёмісты вобраз, і такое нешта кранальнае ў гэтым ёсць, і глыбокае, і моцнае.
– І вось яна – тая самая дарога да дома, якая і ў адным пункце адбываецца, і вакол.
– Так, не лінейная, мякка кажучы.
– Для мяне гэта гучыць як вялікая надзея.
– Для мяне таксама. Немагчымасць ахапіць усю карціну з пункту, дзе ты на зямлі стаіш, і пражываеш сваю паўсядзённасць, але магчымасць пабачыць яе крыху іначай, калі дазволіш сабе аддаліцца. Гэта праўда дае нейкую надзею, веру і сэнсы.
Фота Машы Мароз
Хрыстос з Сінкевічаў
– З тваёй кнігі я часта згадваю ляжачага, пакрытага рознымі хусткамі Хрыста з царквы Святога Георгія ў вёсцы Сінкевічы – драўляную скульптуру. Нагадай, калі ласка, калі яго выносяць да людзей?
– Аднойчы, перад Вялікаднем, у чырвоную суботу, падчас урачыстае службы і начнога хроснага ходу.
Асобны сусвет цяпер звязаны з гэтаю царквою, з гэтаю вёскаю. Царква ў Сінкевічах – адзін з самых старых драўляных храмаў палескае школы сакральнага дойлідства. Паводле некаторых крыніц ён адносіцца да другой паловы XVI стагоддзя. Званіца каля храма – таксама адна з самых старых драўляных на тэрыторыі Беларусі.
Дзякуючы адсутнасці пільнай увагі месца змагло захаваць сваю таямніцу. З добрых навін (а можа, і не – час пакажа): царкву пачалі рэстаўраваць. Год таму запусціліся працэсы рэнавацыі, я з хваляваннем думаю, да чаго яны прывядуць. Спадзяюся сама ў хуткім часе там апынуцца і пагутарыць са сваім аднадумцам – святаром Аляксандрам, які мае там прыход і прысвячае месцу шмат цеплыні, увагі і клопату.
«Царква ў Сінкевічах – адзін з самых старых драўляных храмаў палескае школы сакральнага дойлідства»
Вельмі страшна ўяўляць, якой можа аказацца рэстаўрацыя. У мінулы візіт я паназірала, як паздымалі ДСП, якім было абабіта ўсё звонку храма у 1960-я. Праз гэта зрабілася бачным драўлянае цела царквы. Яна калісьці будавалася с суцэльных ствалоў агромністых пяцісотгадовых дубоў без выкарыстання аніводнага цвіка. Сама архітэктура захавалася ў арыгінальных прапарцыйных рашэннях: канфігурацыя зводаў, перакрыцці, купалы, каваныя крыжы.
Хочацца, каб усё закансервавалася так, як яно было і як яно і павінна быць. Хаця стан храма быў ужо аварыйны, бо дах працякаў ад дажджу і снегу, фундамент быў з дзіркамі, у якія пачалі прарывацца нейкія маленькія звяркі, што зрывалі рушнікі з іконаў, але, магчыма, гэта не такая страшная рэч у параўнанні з дрэннаю рэстаўрацыяй.
– Пакрыты Хрыстос у нейкі момант пачаў мне нагадваць мясцовага жыхара, які выходзіць, калі тое патрэбна. Да гэтага яго душа блукае вакол нас (мабыць, па лесе). А тут ён з'яўляецца ў той самы дзень, калі ён павінен з'явіцца такім, якім ён ёсць.
– Так. Насамрэч у гэтую ноч перад Вялікаднем ён выносіўся замест плашчаніцы. Падобнае ў Жыровічах адбываецца. Гэта нетрадыцыйнае, нетыповае вырашэнне – так бы мовіць, 3D-плашчаніца, непасрэднае цела Хрыста. Тое, што гэтая традыцыя з'явілася менавіта ў гэтай вёсцы – незразумела калі, незразумела як – вельмі таямніча таксама.
Ужо ніхто не можа дакладна аднавіць інфармацыю, чаму так здарылася. Але тое, якім спосабам Хрыста захоўваюць, з якою любоўю яго атуляюць у тэкстыль, апатрапеі, і тое, што ён проста адпачывае над другім паверсе храма, – ці не дзіва гэта ўвогуле? Што можна прыдумаць больш прыгожае ці больш нетрывіальнае?
– І пры гэтым чалавечае.
– Чалавечае, вельмі чалавечае.

Фота Машы Мароз
***
18 лютага ў 19:00 у кнігарні «Маркс» ладзіцца прэзентацыя другога выдання кнігі «Доўгая дарога дамоў» з удзелам Машы Мароз, Ігара Бабкова і Валерыя Мароза. Уваход вольны, трэба толькі зарэгістравацца праз гугл-форму.
Фота Машы Мароз