Маршрут па беларускім Палессі: едзем у Пінск і ваколіцы
Каб мець магчымасць надаць усім пунктам належную ўвагу, рэкамендуем спыніцца ў Пінску на ноч – і даследаваць ваколіцы ўжо адтуль. На карце мы адзначылі яшчэ некалькі цікавых месцаў, якія можна дадаць у маршрут.
Пінск
Па колькасці архітэктурных помнікаў, якія захаваліся ў адным горадзе ў Беларусі, Пінск саступае хіба што Горадні. Менавіта таму культурная праграма ў гэтым горадзе максімальна насычаная архітэктурна-гістарычнымі даведкамі. Усе галоўныя must visit знаходзяцца тут на беразе ракі Піны, з-за чаго гістарычная частка Пінска выглядае як адзіны ансамбль. Абавязкова трэба ўбачыць Пінскі калегіум езуітаў (пл. Леніна, 22), пабудаваны ў 1635-1648 гадах, – галоўную і славутасць у горадзе. Калісьці калегіум быў часткай комплексу, які ў XVII стагоддзі займаў практычна ўсю цэнтральную плошчу, а цяпер у будынку працуе музей беларускага Палесся. Яшчэ адна важная архітэктурная славутасць горада – барочны касцёл Унебаўзяцця Дзевы Марыі (вул. Леніна, 18), ён жа называецца францысканскім. Больш пра пінскія хайлайты чытай тут.
Для поўнага занурэння можаш уключыць у слухаўках наш падкаст пра ганарлівую сталіцу Палесся – спасылкі на ўсе платформы знойдзеш тут.
Дубае
Дубае вядома яшчэ з XV стагоддзя: першая згадка пра паселішча ў летапісах адносіцца да 1498 года. З тых часоў мястэчкам валодалі мноства шляхетных сем'яў: Карпавічы, Вярэніч-Стахоўскія, нават Агінскія і Радзівілы. Калі Дубае належала забяспечанаму шляхцічу Яну Полазу, тут з'явіўся замак і быў разбіты раскошны парк. Пазней, калі гаспадаркай тут загадваў канцлер ВКЛ Альбрэхт Радзівіл, маёнтак перадалі мясцовым езуітам. Тыя прыстасавалі яго пад летнюю рэзідэнцыю. Калі ордэн езуітаў скасавалі, сядзіба перайшла да Кужанецкіх – тут пражылі некалькі пакаленняў роду.
Барочная капліца з'явілася ў Дубае на месцы драўлянага касцёла ў другой палове XVIII – пачатку XIX стагоддзя. У савецкі час у будынку капліцы размясцілі вузел сувязі. Некалькі гадоў таму пахавальню пачалі паціху рамантаваць.
Варацэвічы
Варацэвічы знаходзяцца прыкладна за 60 км ад Пінска. Вядома, што яшчэ з ХVІІ стагоддзя мястэчка належала старажытнаму шляхецкаму роду Ордаў. Менавіта тут, пад Варацэвічамі, ва ўрочышчы Красны Двор, у 1807 годзе ў сям'і маршалка шляхты Міхала Орды і Юзафіны з Бутрымовічаў нарадзіўся Напалеон Орда – мастак, кампазітар і літаратар.
У Варацэвічах сёння размясціўся музейны комплекс Напалеона Орды, які складаецца з карціннай галерэі і музея. Гэта два сімпатычныя будынкі, што месцяцца на вельмі дагледжанай тэрыторыі, дзе прыемна шпацыраваць. У карціннай галерэі можна ўбачыць карціны мясцовых мастакоў з навакольнымі славутасцямі. У музеі – пяць залаў, кожны з якіх распавядае пра жыццё Напалеона Орды. Арыгіналаў работ мастака тут няма, але ёсць вельмі каштоўныя копіі, зробленыя польскімі рэстаўратарамі на арыгінальнай паперы XIX стагоддзя.
Пасля таго як насалодзішся музейнымі заламі, кіруйся ва ўрочышча Красны Двор – там месціцца нядаўна адрэстаўраваны сядзібны дом Ордаў, дзе нарадзіўся і жыў Напалеон. Гэта крыху менш за 2 км ад музея: праязджаеш вёску навылёт і паварочваеш па ўказальніку. Будынак сядзібы ўзноўлены з малюнка Напалеона Орды, але стаіць на арыгінальным падмурку – толькі ён змог перажыць усе катаклізмы ХХ стагоддзя. Тут ты зможаш пабываць у майстэрні Напалеона Орды – і іншых памяшканнях.
Закозель
Сапраўдны неагатычны скарб – капліца-пахавальня Ажэшкаў – была часткай палескай рэзідэнцыі гэтага шляхетнага сямейства. Само мястэчка Закозель вядомае яшчэ з XIII стагоддзя, а Ажэшкам яно дасталася ў канцы XVIII-га. Актыўныя работы тут пачаліся некалькімі дзесяцігоддзямі пазней: сіламі мясцовых рабочых была пабудавана сядзіба, бровар, гаспадарчыя пабудовы, быў разбіты парк. А вось для будаўніцтва капліцы прыцягнулі польскага архітэктара Францішка Яшчолда – таго самага майстра, які спраектаваў палац у Косава.
Узвядзенне капліцы скончылася ў 1849 годзе. Па чутках, менавіта ў ёй хаваўся адзін з кіраўнікоў паўстання 1863-64 гадоў Рамуальд Траўгут. Уласна, пасля паразы паўстання капліцу зачынілі ўлады і нават спрабавалі перарабіць у праваслаўны храм.
Як выглядала сядзіба, мы ведаем толькі па малюнку Напалеона Орды, а вось капліца-пахавальня дайшла да нашых часоў. Доўгі час яна стаяла закінутай, але цяпер якраз заканчваецца яе рэканструкцыя.
Моталь
Фота: Мотольские музеи
У вёсачку Моталь варта заехаць дзеля наведвання музея народнай творчасці (Сайт / Google Maps). Адкрываўся ён як калгасны, каб паказваць жыццё і побыт сялян Заходняга Палесся – аднаго з самых цікавых беларускіх рэгіёнаў. У канцы 1990-х экспазіцыя атрымала назву музея народнай творчасці.
Убачыць старажытную палескую вёску, якой яна была ў XIX-XX стагоддзях, тут не атрымаецца, але даведацца пра яе ўсё – дакладна можна. У музеі працуе восем залаў, кожны раскрывае адну з асаблівасцяў побыту мясцовых жыхароў: якімі рамёствамі яны займаліся, якіх абрадаў прытрымліваліся, як апраналіся, жылі, працавалі.
Для наведвальнікаў тут часта ладзяць традыцыйныя «тусоўкі»: пякуць вясельныя караваі, водзяць карагоды, спяваюць і танчаць. Лічы, поўнае занурэнне ў культуру – дзе яшчэ такое знойдзеш?
Па дарозе ў Моталь можна спыніцца яшчэ і ў мястэчку Бездзеж, дзе знаходзіцца знакаміты музей народнай творчасці «Бездзежскі фартушок» (Сайт / Google Maps).
Моладава
Калісьці мястэчка Моладава належала Агінскім, але свайго росквіту яно дасягнула пры Скірмунтах. Яны пабудавалі тут прыгожую сядзібу і ператварылі Моладава на сапраўдны культурны цэнтр. Сюды перыядычна наведваліся знакамітасці таго часу: Напалеон Орда, Эліза Ажэшка і іншыя госці. На жаль, убачыць сядзібу сёння ўжо не атрымаецца – яе разбурылі падчас Другой сусветнай. Ад багатай спадчыны Скірмунтаў засталася толькі велічная капліца-пахавальня пачатку ХХ стагоддзя. Будынак у класічным стылі да нядаўняга часу стаяў закінутым – а ў 2017 годзе пачалася рэстаўрацыя.
Фота: Palasatka