Тут нават камяні жывыя. Этнограф – пра палескія традыцыі, якія захаваліся да нашых дзён

|

Культурная праграма

|

Аўтар:   Таня Каймович

|

  5310

Тут нават камяні жывыя. Этнограф – пра палескія традыцыі, якія захаваліся да нашых дзён

Палессе – ўнікальны рэгіён, які не надта пускае людзей да сабе. Яго балоты надзейна закансервавалі народныя традыцыі, што ўвабралі тысячы гадоў існавання. Пятро Цалка, палешук, этнограф і дырэктар турыстычнай кампаніі «Мора вандраванняў», расказаў пра міфы і легенды старажытнага беларуса, якія можна знайсці не ў кніжках, а ў сучасных палескіх вёсках. 

 


Пятро Цалка

 

Што такое Палессе?

Па Палессі ёсць шмат даследванняў, першае з якіх праводзіў у 1903 годзе беларускі філолаг і этнограф Яўхім Карскі. Ён акрэсліў культурную тэрыторыю ў межах Палескай нізіны: у яе склад уваходзяць не толькі паўднёвыя беларускія землі, але і частка польскіх, украінскіх, расійскіх. Што датычна Беларусі, тут вылучаецца Ўсходняе і Заходняе Палессе. 

Любы беларус пры слове «Палессе» узгадае Гомельшчыну і Берасцейшчыну, і на гэта ёсць некалькі прычын. Па-першае, шмат вядомых палешукоў – выхадцы з гэтых рэгіёнаў. Па-другое, ёсць устойлівае перакананне, што Палессе – гэта балота. І па-трэцяе, з 1930-х па 1950-я гады існавала Палеская вобласть, і ў добрай часткі людей Палессе асацыіруецца менавіта з гэтай вобласцю з цэнтрам у Мазыры. 

 

«Для мясцовых жыхароў гэта міф, Атландыда, пра якую ўсе ведаюць, але ніхто не можа сказаць: вось тут Палессе»

 

Выключная асаблівасць Палесся ў тым, што за кошт прыроднай ізаляванасці там захавалася традыцыйная культура, якая налічвае больш за 1000 гадоў. Дзякуючы Івану Мележу і яго «Людзям на балоце» мы разумеем, хто такія палешукі. Гэта людзі, якія жывуць закрыта і выходзяць са сваіх куранёў на «вялікую зямлю» два разы на год: зімой, калі ўсё замерзла, альбо летам, калі прасохла. Увесь астатні час яны жывуць на сваіх балотах і варацца ва ўласнай культуры, не выпускаючы яе вонкі.

– Акрэсліць дакладныя межы Палесся проста немагчыма, – кажа Пятро Цалка. – Я прыязжаю, напрыклад, да маці ў Сіманічы, гэта Лельчыцкі раён, і пытаю: «Мамо, а дзе Палессе? – Ото дзе твая баба Каця жыве, у бок Турава, то ўжо Палессе. У нас яшчэ не Палессе». Прыязжаю да бабы Каці (усяго кіламетраў дваццаць, а праз балота і пяць): «Бабо Каце, слухайце, а дзе Палессе? – Гэто дзе му па грыбу ходзім, праз балота, дзе маці твая жыве. Там Палессе, а у нас яшчэ не Палессе». То бок для мясцовых жыхароў гэта такі міф, Атландыда, пра якую ўсе ведаюць, але ніхто не можа сказаць: вось тут Палессе.

Як адзначае даследчык, зараз выпрацоўваецца нейкі брэнд Палесся як месца з пазнакай якасці. Палешук – працавіты, таленавіты, круты хлопец. Лепшыя пісьменнікі, спевакі, майстры – нібы ўсе з Палесся. А на пачатку ХХ стагоддзя было наадварот: палешукоў лічылі зацюканымі, адсталымі, якія ў сваіх балотах не ведаюць прагрэсу. Рэпутацыя рэгіёна змянілася ў лепшы бок якраз праз высокую захаванасць традыцыйнай культуры і разумення яе каштоўнасці.

Заходняе і Ўсходняе Палессе адрозніваюцца мовай, народнымі строямі, абрадамі. На захадзе больш адчуваецца моўны ўплыў Польшчы, на ўсходзе – Украіны. Пятро Цалка даследуе Гомельскае Палессе і расказвае пра яго самабытныя традыцыі, якія дайшлі праз стагоддзі да нашых дзён.

 

 

Каменныя дзевачкі


Гэта адметная з’ява Ўсходняга, а дакладней – Убарцкага Палесся (тэрыторыя Лельчыцкага раёна ля рэчкі Убарць). Калі гавораць пра каменныя крыжы, усе адразу ўспамінаюць Тураў. Але тураўскія крыжы вядомыя ў хрысціянскім кантэксце. І толькі на Палессі вы сустрэнеце шмат гісторый, што крыжы – гэта каменныя бабы, а дакладней дзевачкі. У гэтай дзевачкі нават будзе імя – Еўка. 

Даўно, калі яшчэ бог па зямлі хадзіў, маці з дачкою жыта жалі. А тут хмара ідзе, і маці крычыць на тую Еўку: давай хутчэй жаць, бо дождж замочыць наша жыта. А Еўка ж малая: села і сядзіць. Маці кажа: хай бы ты каменем стала! Паварочваецца – гром як грымнуў! І замест Еўкі ўжо камень стаіць.

У вёсцы Данілегі (сучасныя Данілевічы Лельчыцкага раёну) гэтую гісторыю ведае кожная жанчына. Перад Вялікаднём, у Чырвоную суботу, данілевіцкія жанчыны ідуць да Еўкі, распранаюць і нанава апранаюць яе. Калі ідзеш прасіць, нешта нясеш: фартушок, хустачку, кветачку. Прынесенае раней распранаецца і спальваецца на вогнішчы са словамі: «Ідзі да бога дымам». Спальваюць усё, нават грошы, якія цягам году людзі тут пакідаюць. Гэта дахрысціянскі культ – кантакт праз агонь, ахвяра, якая павінна быць прынята богам зверху. Наступнай раніцай, у нядзелю, з усходам сонца Еўцы нясуць новыя гасцінцы: фартушок, ці яйка, ці асвенчаную паску. Хто першы прынясе, той будзе самы шчаслівы ў гэтым годзе. Веснавыя карагоды — Лелюшкі, як іх называюць на Палессі, – таксама пачынаюць вадзіць каля Еўкі. 

 


Фота наданыя героем матэрыялу 

Для мясцовых жыхароў Еўка жывая, яны ставяцца да яе з вялікай павагай: «Мы з ягод ідомо, то Еўцы ягод поклодомо, ці цвяточка поклодомо, ці хусточку новую на празнік зав’яжамо, а то я моністу ёй повесіла свою».

– Месца, дзе стаіць Еўка – сакральнае, яго можно назваць капішчам, свяцілішчам. Еўка стаіць ля могілак, дзе пахаваныя продкі. За савецкім часам спрабавалі перанесці гэты каменны крыж туды, дзе стаяла раней царква – «цвінтар». Калі перацягнулі, пачаў дохнуць скот. Для мясцовых жыхароў гэта быў знак, што патрэбна вярнуць усё назад, бо нешта парушылася ў сусвеце. Калі Еўка вярнулася, усё стала добра. Для чалавека традыцыі гэта вельмі важна, – расказвае Пятро Цалка.

Да каменнай дзевачкі прыязжаюць круглы год: спрацоўвае прынцып традыцыйнай магіі: падобнае выклікае падобнае. Калі Еўка – дзевачка, у яе просяць дзяцей. Але сам абрад ладзяць на Вялікдзень, які супадае з пачаткам новага земляробчага года. У дахрысціянскія часы гэта было для палешукоў найважнейшае свята. І калі з тураўскімі крыжамі хрысціянства зацерла першапачатковую язычніцкую гісторыю пра каменную бабу, то на Палессі і тысячы гадоў не хапіла, каб людзі сталі ўспрымаць яе як каменны/мёртвы крыж. Гэтым Палессе і ўнікальнае.

 

 

Юраўскі карагод

Другая моцная абрадавая з’ява – Юраўскі карагод (вёска Пагост, Жыткавіцкі раён). Гэты абрад таксама звязаны з земляробствам, калі трэба першы раз пасля зімы вывесці ў поле скот і мець кантакт з зямлёю. 

 

«Гэтыя абрады палешукі робяць для сябе, не для кагосьці»

 

Вясковая супольнасць ідзе закапваць кавалак хлеба ў жытняе поле, каб яно дало такі ж кавалак хлеба. З сабою бяруць граблі, на якія вешаюць фартухі. Людзі ідуць «апладняць» поле, бо зямля – гэта жанчына. Туды нясуць зялёны фартух як знак дзявоцкасці, а таксама ўсяго дзікага, што ёсць у прасторы. А вяртаюцца ўжо з чырвоным фартухом: зямлю «пазбавілі цнатлівасці», закапалі кавалак хлеба – яна дасць ураджай. За гэтай язычніцкай дзеяй нясуць ікону Багародзіцы (бо ў традыцыі свята месца пуста не бывае) і Калядную зорку (бо Каляды для беларусаў – прадказальнікі будучага ўраджаю). Адбываецца шэсце на Юр’я, 6 мая.

– Гэтыя абрады палешукі робяць для сябе, не для кагосьці. Зараз мы пачынаем адкрываць іх шырокай аўдыторыі – адначасова гэта і плюс, і мінус. Уносім у ЮНЭСКА Юраўскі карагод – у вёску прыязжаюць сотні людзей, ўдзельнічаюць са сваімі спевамі, строямі. Атрымліваецца такі «вінегрэт», у якім нічога сакральнага ўжо не засталося. Традыцыі ў іх сакральны час трэба пакінуць людзям, а не рабіць ў гэтага шоў. Цягам году можна пра іх распавядаць, паказваць, але нельга ўмешвацца ў сакральную прастору ў сакральны час, – лічыць Пятро Цалка. 

 


Фота – palasatka  

 

Русалле

Мы прызвычаіліся да дзіснэеўскіх русалак, якія жывуць у моры, з рыбінымі хвастамі. А палескія русалкі жывуць у жыце, у іх ёсць рукі-ногі. Па міфалагічнай свядомасці, русалка – гэта дзяўчына, якая не паспела страціць цнатлівасць і скончыла жыццё самагубствам з-за кахання. І цяпер яна помсціць тым, хто яшчэ не кахаў ці кахае. Гэта самыя прыгожыя дзяўчыны, якія могуць заказытаць да смерці, таму ўсе хлопцы баяцца хадзіць ноччу ў жыта. 

У Вялікім Боры Хойніцкага раёну захавалася традыцыя вадзіць русалку. Распранутую да кашулі (а раней – і голую) дзяўчыну апранаюць у зеляніну і гоняць у поле. Ізноў мы павяртаемся да беларуса-земляроба, якога хлебам не кармі – дай рытуалы з жытнёвым полем правесці. Нас за тысячу гадоў хрысціянства навучылі, што зеляніна ў Траецкіх абрадах – сімвал святой Троіцы. Але беларусы ведаюць, што гэта Русалле, сакральны перыяд, калі чалавек можа выходзіць у дзікую прыродную стыхію і «браць» яе ў культурную прастору – да хаты. Від зеляніны залежыць ад рэгіёну: могуць быць бярозкі, клёны, івы, а часта гэта трава, якая расце на балоце, напрыклад аер. 

 


Фота – palasatka  

 

Знахарства і вядзьмарства

Калі хочаш знайсці максімум знахароў, ведзьмакоў, шаптуноў на метр квадратны – табе выключна на Палессе. Там у кожнай вёсцы ёсць тыя, хто табе прыробіць альбо адробіць, прысушыць ці адсушыць. Вядзьмарства – характэрная палеская рыса, прычым і ў жаночым, і ў мужчынскім пачатку. Вядзьмак-мужчына будзе нават мацнейшы за жанчыну, бо гэта з’ява больш рэдкая. 

Купалле, якое лічыцца стэрэатыпным сімвалам Беларусі, для Палесся не самы знакавы абрад. Палешук не раскажа вам пра папараць-кветку – часцей ён распавядзе якую-небудзь гісторыю пра ведзьму. Паляшук нават словам «Купалле» не заўсёды карыстаецца. Ён кажа: «О, то Ведзьмін Іван». Іван – гэта відавочны ўплыў хрысціянскай культуры (той, хто ачышчае людзей і прыводзіць да бога праз ваду). А беларусы разумелі, што акунацца ў ваду побач з сонцам таксама ачышчэнне. Іван Купалны для палешукоў – Ведзьмін Іван, таму што ў гэты час ідзе бясконцы разгул ведзьмаў. Яны чакаюць на гэты дзень, каб нарабіць людзям якой шкоды.

 

«Вядзьмарства – характэрная палеская рыса»

 

Хрысціянства і язычніцтва перапляліся і ў палескім знахарстве. Любая класічная замова пачынаецца з малітвы «Ойча Наш…», а пасля ідзе чыстае язычніцтва: хваробу зубамі выгрызаюць, нажом рэжуць, хлебам выкатваюць, вадой выліваюць.

 – Мая прабабуля навучыла бабулю, а тая – маю маці паліць рожу. Я хажу ў школу ў ХХІ стагоддзі, а маці гэтыя чырвоныя плямы на скуры чалавеку накрывае анучамі і паліць, – расказвае Пятро Цалка. – Я гляджу: ага, раз ляціць уверх – значыць, рожа гарыць. Для мяне гэта абсалютна нармальная з’ява. Ведаю выпадкі, калі і цяпер лекары з бальніцы адпраўляюць пацыентаў на Палессе да бабак лячыць рожу, бо гэтая хвароба звычайнай медыцыне амаль не паддаецца.

 

***

Каб больш даведацца пра Беларускае Палессе, Пятро Цалка раіць звярнуцца да выдання Акадэміі навук «Традыцыйная мастацкая культура беларусаў», 6 том «Гомельскае Палессе і Падняпроўе». Але каб зразумець характар гэтага рэгіёну, па ім трэба вандраваць, размаўляць з людзьмі і камянямі, бо на Палессі нават камяні жывыя.

 

hand with heart

Отблагодарить 34travel

Если наши материалы пригодились тебе в пути, сказать спасибо редакции можно, купив нам чашку кофе через Ko-fi. Всего пара кликов, никаких регистраций, комиссий и подписок. Спасибо, что ты с нами.

ПОДДЕРЖАТЬ КОМАНДУ

Чытай таксама

6 ідэй для восеньскіх падарожжаў па Беларусі

Кароткі светлавы дзень і халаднаваты вецер – не нагода спыняць падарожжы па Беларусі.

У Нацмузеі – выстава беларускага касцюма. Чаму яе абавязкова варта наведаць?

«Анталогія прыгажосці».

Штучны інтэлект трохі змяніў беларускія помнікі архітэктуры. Ці пазнаеш ты іх?

Правер, наколькі добра ты памятаеш, як выглядаюць славутасці.

Пазнай беларускі храм па вежы – (складаны!) тэст

Правер, як добра ты ведаеш беларускія святыні.

Гайд па стылі: едзем глядзець беларускі мадэрнізм

Вывучаем рысы канструктывізму і бруталізму.

9 помнікаў архітэктуры Беларусі, выстаўленыя на продаж

Знікомая спадчына.

Цяпер на галоўнай

«Абсалютная цішыня»: фотагісторыя з восеньскай Ельні ад Светы Ярашук

«Збіралі журавіны адразу ў рот, стаялі па калена ў балоце, слухалі звонкую цішыню».

Менск

Лепшае, што ёсць у Менску, у новым гайдзе ад 34travel.

Як прайшоў Багач – галоўнае восеньскае свята беларусаў?

Будзь багаты, як восень!

Падкаст пра беларускую гастраномію: Экзотыка ў меню

Распавядаем пра моду на памаранчарні і нетыповыя прадукты ў Мінску 1920-х.

Падкаст пра беларускую гастраномію: Кава ці гарбата?

Гісторыя ўлюбёных напояў і традыцыйных дэсертаў.

9 мастацкіх музеяў і галерэй за межамі Менска

Пранізлівыя пейзажы, яскравыя маляванкі і нават манументальныя мазаікі.

Забытая Беларусь: славутасці, якіх ужо няма

Спадчына, памяць пра якую застаецца толькі на малюнках.

Месца тыдня: Лынтупы

Касцёл, сядзіба і старыя могілкі.

Маршрут па беларускім Палессі: едзем у Пінск і ваколіцы

Унікальныя музеі народнай культуры, мясціны Напалеона Орды, загадкавыя пахавальні.

Паказаць больш Паказаць больш