Кальвінcкія зборы Беларусі – чым яны ўнікальныя?

|

Культурная праграма

|

Аўтар:   34travel

|

  3721

Кальвінcкія зборы Беларусі – чым яны ўнікальныя?

На тэрыторыі Беларусі можна знайсці некалькі ўнікальных помнікаў архітэктуры кальвінізму: часта гэта храмы абарончага тыпу, узведзеныя ў XVI–XVII стагоддзях. У гэтым матэрыяле разглядаем суровыя старажытныя пабудовы: тыя, якія захаваліся да нашых дзён, і тыя, якія, на жаль, былі страчаныя.

 

З гісторыі

Кальвінізм – адзін з асноўных напрамкаў пратэстантызму – зарадзіўся ў Еўропе падчас Рэфармацыі ў XVI стагоддзі. Кальвінізм падзяляў многія антыкаталіцкія палажэнні лютэранства, але адрозненні паміж плынямі ўсё ж такі былі. Напрыклад, кальвіністы вераць, што лёс чалавека вызначаны яшчэ да яго нараджэння. Калі з лютэранскіх цэркваў прыбралі  «ўсё, што відавочна супярэчыць Бібліі», то ў кальвінізме пайшлі яшчэ далей і адмовіліся ад многіх царкоўных абрадаў, якія не апісваюцца ў Бібліі як абавязковыя: ад свечак да музыкі.

На тэрыторыі Вялікага Княства Літоўскага пратэстантызм распаўсюдзіўся ў другой палове XVI стагоддзя – тады ж пачалі актыўна ўзводзіць кальвінскія храмы. Многія шляхецкія сем'і абіралі пратэстантызм (часцей за ўсё – менавіта кальвінізм), каб аддзяліцца і ад каталіцкай Польшчы, і ад праваслаўнай Масковіі. Адным з галоўных удзельнікаў рэфармацыйнага руху быў Мікалай Радзівіл Чорны. Ён прыняў кальвінізм у 1557 годзе і актыўна займаўся распаўсюджваннем яго ідэй.

Ужо да канца XVII стагоддзя – пасля перамогі контррэфармацыі ў ВКЛ – большасць кальвінскіх збораў перарабілі ў касцёлы, а пасля падзелаў Рэчы Паспалітай – у праваслаўныя цэрквы. Так шматлікія пабудовы страцілі свае ўнікальныя рысы, а некаторыя наогул былі разбураныя.

 

 

 

У чым асаблівасці архітэктуры кальвінізму?

Супрацьстаянне кальвінізму і каталіцтва было не толькі ідэйным, яго можна прасачыць і ў архітэктуры. Пакуль у каталіцызме набірала папулярнасць барока з усімі яго мудрагелістымі формамі, у будаўніцтве кальвінскіх храмаў прытрымліваліся падыходу «чым прасцей – тым лепш». Кальвінскія зборы спалучалі ў сабе рысы позняй готыкі і рэнесансу і адрозніваліся лаканічнасцю фасадаў. Такія храмы былі падобныя, хутчэй, на маленькія крэпасці: звычайна яны мелі каменныя сцены і часта былі акружаныя землянымі валамі. Большасць кальвінскіх збораў мелі высокую вежу ў цэнтры фасада, у якой размяшчаўся адзіны ўваход. Акрамя таго, архітэктары кальвінізму аддавалі перавагу вузкім байніцам, а не маляўнічым вітражам.

Імкненне да сціпласці і аскетычнасці можна было назіраць і ў інтэр'ерах кальвінскіх храмаў. Напрыклад, часта ў зборах не было алтароў – іх замяняла кафедра прапаведніка. Нейкіх асаблівых упрыгожванняў у храмах, вядома, таксама не было: нічога не мусіла адцягваць увагу вернікаў – яна павінна быць накіраваная на пастара. Каб дасягнуць такога эфекту, архітэктары звярталіся да асаблівай працы са святлом і акустыкай.

На тэрыторыі Беларусі адны кальвінскія зборы будавалі адразу як пратэстанцкія храмы, іншыя змянілі канфесію пазней, а наконт першапачатковага прызначэння трэціх гісторыкі дасюль спрачаюцца. Расказваем пра асноўныя помнікі, якія захаваліся да нашых дзён, а таксама пра тыя, што былі страчаныя.

 

 

Кальвінскі збор у Першамайску (Кухцічы)

Уздзенскі раён Менскай вобласці

 

Адзін з самых яркіх узораў кальвінісцкай архітэктуры на тэрыторыі Беларусі. Прысадзісты храм знаходзіцца на тэрыторыі Уздзенскага дзяржаўнага сельскагаспадарчага прафесійнага ліцэя: каб знайсці старадаўнюю пабудову, смела заходзь на тэрыторыю ліцэя і рухайся паўз непрывабныя савецкія карпусы.

Калісьці тут месцілася сядзіба братоў Кавячынскіх, якія сябравалі з Радзівілам Чорным. Дарэчы, адзін з братоў, Мацей, быў начальнікам кальвінісцкай друкарні, дзе выдалі першую на тэрыторыі Беларусі кнігу – «Катэхізіс» Сымона Буднага. Кальвінскі збор у Кухцічах узвялі пры Кавячынскіх у сярэдзіне XVI стагоддзя. Ён зусім невялікі, затое са сценамі таўшчынёй паўтара метра, каб пры неабходнасці жыхары сядзібы мелі магчымасць схавацца ад небяспекі.

Пасля перамогі контррэфармацыі ў ВКЛ храм быў асвечаны як каталіцкі. Яшчэ пазней будынак пераўтварылі ў радавую пахавальню – тады да яго прыбудавалі дзве вежкі. А ў 1970-х, калі на тэрыторыі былой сядзібы пачалі будаваць ПТВ, каштоўны кальвінскі збор наогул ледзь не знеслі. Пару гадоў таму храм выставілі на продаж: набыць унікальны будынак на аўкцыёне прапаноўвалі за € 18 тысяч. Тэрмін продажу – да снежня 2024-га.

 

 

 

Спаса-Праабражэнская царква ў Заслаўі

Менская вобласць

 

Строгі храм у цэнтры ўмацаванага замчышча ўзвялі ў другой палове XVI стагоддзя на грошы князя Яна Глябовіча. Пабудова мела і абарончую функцыю: гісторыкі лічаць, што ў верхняй частцы сценаў раней былі вузкія байніцы, якія пазней замянілі дэкаратыўнымі элементамі. Цікава, што высозная 30-метровая вежа з'явілася не адразу – яе прыбудавалі ў пачатку XVII стагоддзя. Першапачаткова прамавугольны будынак быў накрыты клінаватым дахам. Звярні ўвагу, што храм не мае апсіды (паўкруглага выступу, у якім размяшчаецца алтар), таму што, як мы памятаем, алтароў у кальвінісцкіх храмах магло і не быць. Пры храме працавала школа, дзе маглі вучыцца дзеці з розных саслоўяў.

У 1628 годзе сын Яна Глябовіча Мікалай перарабіў кальвінскі храм у касцёл Міхаіла Арханёла. У 1833-м будынак перайшоў да ўніятаў, а пасля адмены Берасцейскай Уніі – да праваслаўнай царквы.

 

 

Касцёл Святога Міхаіла Арханёла ў Смаргоні

Гродзенская вобласць

 

Звесткі пра час пабудовы каменнага кальвінскага збору ў Смаргоні даволі супярэчлівыя, тым не менш да пачатку XVII стагоддзя ён ужо дакладна стаяў на сваім месцы. У архітэктурным плане гэты храм – практычна копія базілікі Сан-Вітале ў італьянскай Равене

Вежа над адзіным уваходам у храм калісьці была вышэй: на верхнім узроўні месціўся гадзіннік, а на сярэднім – званіца. З двух бакоў да галоўнай вежы прымыкалі яшчэ дзве дэкаратыўныя вежкі, дзе размяшчалася бібліятэка. Да нашых дзён захавалася толькі адна – правая, так што храм страціў сваю ідэальную сіметрычнасць. Як і ў Заслаўі, пры храме працавала школа, дзе выкладалі мовы, матэматыку і іншыя навукі. 

У XVII стагоддзі кальвінскі збор ператварыўся ў касцёл, а ў другой палове XIX – у праваслаўны храм. Каб прывесці вонкавы выгляд будынка бліжэй да традыцыйна-праваслаўнага, з храма прыбралі два ярусы вежы.

 

 

Касцёл Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Дзераўной

Стаўбцоўскі раён Менскай вобласці 

 

Гісторыя храма ў Дзераўной мае шмат цёмных плямаў: у даследчыкаў ёсць розныя версіі і пра дату пабудовы (ці то 1590, ці то 1630 год), і пра імёны заснавальнікаў (ці то Радзівіл Чорны, ці то Радзівіл Сіротка), і пра прызначэнне храма (ці то касцёл, ці то кальвінскі збор). У чым гісторыкі сыходзяцца дакладна, дык гэта ў тым, што першапачаткова ў храма не было элегантнай вежкі – яна з'явілася толькі ў другой палове XVII стагоддзя.

 

 

Касцёл святых апосталаў Пятра і Паўла ў Ізабеліне

Ваўкавыскі раён Гродзенскай вобласці


Цяпер каталіцкі, храм у Ізабеліне быў пабудаваны ў 1778 годзе як кальвінскі збор. Узвесці яго вырашылі з падачы сям'і Грабоўскіх. У тыя часы Ізабелін быў важным цэнтрам кальвінізму: тут нават знаходзілася рэзідэнцыя біскупа. Храм таксама выкарыстоўвалі для набажэнстваў паслядоўнікі лютэранства. Збор у Ізабеліне, у адрозненне ад іншых кальвінісцкіх пабудоў, – прыклад барочнай архітэктуры (праўда, значная частка дэкору не захавалася). 

 

 

Касцёл Святой Барбары ў Замосці 

Слуцкі раён Менскай вобласці

Наконт першапачатковай канфесійнай прыналежнасці храма ў Замосці навукоўцы дагэтуль вядуць спрэчкі. Па адной з версій, будынак, які спалучае ў сабе рысы рэнесансу і ранняга барока, узвялі ў першай палове XVII стагоддзя (ці то ў 1620-м, ці то ў 1649 годзе) як кальвінскі збор. Выгляд будынка вельмі сціплы – што звонку, што ўнутры.

Гістарычных звестак пра лёс храма мала, але вядома, што ў другой палове XVII стагоддзя тут дзейнічала місія езуітаў. Пасля падаўлення паўстання 1863-64 гадоў храм ператварылі на праваслаўны. Саветы выкарыстоўвалі памяшканне як адміністрацыйнае, а цяпер тут знаходзіцца каталіцкая парафія.

 

Касцёл Найсвяцейшай Тройцы ў Жодзішках 

Смаргонскі раён Гродзенскай вобласці

Кальвінскі сабор у Жодзішках у стылі рэнесанс пабудавалі ў пачатку XVII стагоддзя на сродкі з фонду Кішак (паводле іншай версіі, фундатарам выступіў Крыштаф Комар). На пачатку XVIII стагоддзя пад ціскам Контррэфармацыі кальвіністы былі вымушаныя пакінуць Жодзішкі: з 1708 года храм належаў езуітам, якія пабудавалі пры тут каменны манастыр. 

Сучасны выгляд храма вельмі адрозніваецца ад арыгінальнага праекта. Храм быў прамавугольны, у цэнтры фасада ўзвышалася вежа-званіца. У пачатку XX стагоддзя да храма прыбудавалі дзве капліцы, так што па форме ён стаў крыжападобным. А званіцу, якая была разбураная падчас Першай сусветнай вайны, так і не аднавілі.

 

 

Кальвінскі збор у Асташыне


Фота Яна Булкака, 1905 год

Кальвінскі збор у Асташыне з'явіўся ў канцы XVI стагоддзя. Храм быў зусім невялікі (8,5 на 12 метраў), затое таўшчыня сценаў – два метры. Збор, акружаны магутнай сцяной, стаяў на ўзгорку і паходзіў на непрыступны замак. Невялікія вокны на франтальным і бакавых фасадах нагадвалі байніцы. Будынак хоць і пацярпеў падчас Другой сусветнай, але выстаяў. Зруйнавалі яго ўжо ў 1950-я.

Акрамя кальвінісцкага збору, Асташын таксама вядомы тым, што тут нарадзіўся знакаміты фатограф Ян Булгак. Адна з нешматлікіх выяў кальвінскага збору, якую мы можам убачыць сёння, – якраз яго праца.

 

 

Кальвінскі збор у Койданаве


Малюнак Напалеона Орды, 1876 год

Кальвінскі храм у Койданаве (цяпер – Дзяржынск) стаяў на высокай умацаванай гары і быў акружаны ровам і сцяной з абарончымі вежамі. Каменны збор пабудавалі ў 1613 годзе на грошы Хрыстафора Радзівіла. У храме ў Койданаве захоўвалася адна з галоўных рэліквій кальвінізму на тэрыторыі ВКЛ – знакамітая Радзівілаўская Біблія, надрукаваная ў Берасці ў 1563 годзе. Кніга размяшчалася на самым ганаровым месцы – на спецыяльнай пляцоўцы перад іканастасам. Але ў канцы XIX стагоддзя Біблія загадкава знікла. 

Таксама вядома, што пад храмам знаходзілася крыпта, дзе былі пахаваныя прадстаўнікі роду Радзівілаў. А яшчэ гісторыкі мяркуюць, што са збору вялі доўгія падземныя тунэлі, якія служылі запаснымі выхадамі з крапасных сценаў.

Кальвінская парафія існавала ў Койданаве аж да 1913 года. Будынак збору пацярпеў падчас вайны 1919–1921 гадоў, а пасля яго прыстасавалі пад вайсковыя склады. У 1930-я храм паволі пачалі разбіраць, а па Другой сусветнай былі разбураныя і яго рэшткі.

 

 

Кальвінскі збор у Слуцку



Малюнак Напалеона Орды, 1850 год

Кальвінскі збор у Слуцку заснаваны Янушам Радзівілам у пачатку XVII стагоддзя, а менавіта ў 1617 годзе. Першы храм быў драўляным – вядома, ён шмат разоў гарэў і перабудоўваўся. Каменны будынак з'явіўся толькі ў 1851 годзе. За архітэктурны праект адказваў Казімір Хршчановіч, які таксама пабудаваў некалькі вядомых будынкаў у Менску (напрыклад, арыгінальны будынак ратушы). Храм у Слуцку ўзводзілі нашмат пазней за іншыя кальвінскія зборы, таму яго выгляд моцна адрозніваўся ад традыцыйнага. Будынак атрымаўся эклектычным, але з відавочнай перавагай у бок неаготыкі: зірні хаця б на спічастыя вокны ці вострую вежу з пінаклямі. Слуцкі збор моцна пацярпеў падчас Другой сусветнай, а ўсё, што ацалела, разабралі пазней.

 

Фота: palasatka

|

Культурная праграма

Аўтар:   34travel

  3721

hand with heart

Отблагодарить 34travel

Если наши материалы пригодились тебе в пути, сказать спасибо редакции можно, купив нам чашку кофе через Ko-fi. Всего пара кликов, никаких регистраций, комиссий и подписок. Спасибо, что ты с нами.

ЗАКИНУТЬ МОНЕТКУ

Чытай таксама

Гайд па стылі: едзем глядзець беларускае барока

18 архітэктурных помнікаў.

Гайд па стылі: едзем глядзець беларускую готыку і неаготыку

Контрфорсы, нервюры ды іншая прыгажосць.

Цяпер на галоўнай

Менск

Лепшае, што ёсць у Менску, у новым гайдзе ад 34travel.

Як прайшоў Багач – галоўнае восеньскае свята беларусаў?

Будзь багаты, як восень!

Падкаст пра беларускую гастраномію: Экзотыка ў меню

Распавядаем пра моду на памаранчарні і нетыповыя прадукты ў Мінску 1920-х.

Падкаст пра беларускую гастраномію: Кава ці гарбата?

Гісторыя ўлюбёных напояў і традыцыйных дэсертаў.

9 мастацкіх музеяў і галерэй за межамі Менска

Пранізлівыя пейзажы, яскравыя маляванкі і нават манументальныя мазаікі.

Тут нават камяні жывыя. Этнограф – пра палескія традыцыі, якія захаваліся да нашых дзён

Міфалогія старажытнага беларуса, якую можна назіраць ужывую.

Забытая Беларусь: славутасці, якіх ужо няма

Спадчына, памяць пра якую застаецца толькі на малюнках.

Месца тыдня: Лынтупы

Касцёл, сядзіба і старыя могілкі.

Маршрут па беларускім Палессі: едзем у Пінск і ваколіцы

Унікальныя музеі народнай культуры, мясціны Напалеона Орды, загадкавыя пахавальні.

Паказаць больш Паказаць больш