Гайд па стылі: едзем глядзець беларускае барока

|

Культурная праграма

|

Аўтар:   34travel

|

  6758

Гайд па стылі: едзем глядзець беларускае барока

Гэты стыль можна горача любіць і захапляцца ім, гэты стыль можна крытыкаваць і востра недалюбліваць, але заставацца да яго абыякавым – вось што па-сапраўднаму складана. Так было чатырыста гадоў таму і так ёсць сёння. Барока кранае кожнага і кожную, бо яго творцы рабілі ўсё магчымае, каб нас уразіць. Разам з МТС мы пачынаем цыкл артыкулаў, прысвечаных архітэктурным стылям Беларусі. У першым выпуску мы пад чулым кіраўніцтвам гісторыка мастацтва Дзмітрыя Моніча адправімся ў віртуальнае падарожжа па архітэктурных помніках барока. Раскажам, куды глядзець, каб убачыць дакладныя рысы стылю; навучым важным тэрмінам; растлумачым, у чым адрозненні сармацкага барока ад віленскага, і ўспомнім цікавыя факты з гісторыі. 

 

 Даведка:  Этап архітэктурнага барока на нашых землях ахоплівае перыяд з канца XVI стагоддзя да сярэдзіны XVIII стагоддзя. Але зарадзіўся стыль нашмат раней, і здарылася гэта ў Італіі. У эпоху Адраджэння італьянскія дзеячы мастацтва імкнуліся пераасэнсаваць старажытнарымскую спадчыну; ім хацелася, каб архітэктурныя формы перасталі быць сумна-сіметрычнымі і каб гэтыя формы больш узаемадзейнічалі з навакольнай прасторай. Так сталі з'яўляцца адпаведныя духу часу «ламаныя» фасады і накіраваныя ўверх вежы. У жаданні адкрыць чацвёртае вымярэнне ў ход ішлі прыёмы-падманкі, якія ствараюць эфект ілюзорнасці таго, што адкрываецца воку. Архітэктары гулялі са святлом і амаль не стрымлівалі сябе ў аб'ёмах дэкору.

 

***

Касцёл Божага Цела


Нясвіж
1587–1593

 

 

 

Пабудаваны на загад Мікалая Крыштафа Радзівіла Сіроткі. Над праектам працаваў італьянец Джавані Марыя Бернардоні – першы архітэктар стылю барока ў Рэчы Паспалітай.

Бернардоні быў манахам-езуітам, а «езуіты» – адна з першых асацыяцый, якія прыходзяць у галаву, калі мы чуем «барока». Існуе абыходкавае меркаванне, быццам самы «хітры» каталіцкі ордэн прыдумаў гэты стыль, каб засланіць эстэтыку, якую прапанавалі «ерэтыкі-пратэстанты». І ўсё ж «барока» не роўна «езуіты», роўна як і не роўна «каталікі»: мы можам сустрэць барочныя архітэктурныя помнікі і ў краінах з перавагай праваслаўных ці пратэстанцкіх поглядаў. Больш за тое, у стылі барока будаваліся не толькі храмы, але пра гэта – пазней.

Зірнём на галоўны фасад Касцёла Божага Цела ў Нясвіжы. Ён выразна разлінаваны па гарызанталі (паясамі карнізаў) і па вертыкалі (пілястрамі). Архітэктар відавочна не скупіўся на элементы ордара (кампазіцыі з гарызантальных і вертыкальных элементаў), і такая яго насычанасць вельмі характэрная для барочнай архітэктуры. Паказальнае і багацце раскраповак – рознага кшталту «ўскладняльнікаў» формы: чаргаванне заглыбленых і выпінальных частак стварае напружаны рытм, да якога імкнуліся барочныя архітэктары. Яшчэ адзін дакладны знак стылю – крывалінейныя формы, якія мы назіраем у верхняй частцы фасада. Характэрны элемент дэкору – нішы са скульптурамі, іх барока вельмі культываваў.

 

***

Нясвіжскі замак


XVI–XVIII
 


Галоўны архітэктурны помнік барока ў Беларусі з тых, якія не мелі культавага прызначэння, – гэта, вядома, нясвіжская рэзідэнцыя Радзівілаў. На першым этапе да Нясвіжскага замка прыклаў руку той жа езуіт Бернардоні. Аднак і будоўля была працяглай, і перабудовы не раз закранулі замак, так што сёння мы назіраем яго далёка не такім, якім ён першапачаткова задумваўся.
 


Картуш



Маскарон

 

Тут ты таксама ўбачыш насычаныя ордарам фасады і іншыя элементы барочнага багацця. Дарэчы будзе ўспомніць, што па-італьянску barocco значыць «мудрагелісты, вычварны, дзіўны» , а яшчэ гэтым словам партугальскія маракі называлі жамчужыны няправільнай формы. Вось і паспрабуй адшукаць гэтыя «жамчужыны» ў выяве Нясвіжскага замка самастойна. Цяпер мы падрабязней спынімся толькі на адной з іх – скандальна вядомым купале дазорнай вежы.

У 2004 годзе публіцы быў паказаны купал-«цыбуліна», адноўлены з копіі гравюры XVII стагоддзя Тамаша Макоўскага. Больш-менш дасведчанай у пытанні публіцы ён да густу не прыпаў: купал відавочна не ўпісваўся ў агульнае рашэнне палацавага комплексу, адноўленага на ўзор канца XVIII стагоддзя, да таго ж ніхто не ўзяўся б сцвярджаць, што раней купал сапраўды быў такім, якім яго ўбачылі рэстаўратары. Супраць «цыбуліны» выступіла і спадчынніца роду Эльжбета Радзівіл. У выніку ў 2019 годзе на вежу быў узняты барочны купал, створаны паводле падабенства з тым, што вянчаў яе да Другой сусветнай вайны. Кроплепадобныя формы зніклі, прыйшлі характэрныя для барока элегантныя спады медных пласцін.

 

***

Мікалаеўская царква


Магілёў
другая палова XVII стагоддзя


Фота: Аляксандр Ліпілін / wikipedia.org

 

Царква Святога Мікалая ў Магілёве – жывы доказ таго, што стыль барока служыў не толькі мэтам контррэфармацыі, якая павінна была аднаўляць прэстыж рымска-каталіцкай царквы, але і праваслаўным дзеячам таксама.

Звыклыя для праваслаўных цэркваў «цыбуліны» купалаў тут суседнічаюць з не самым тыповым для іх барочным фасадам. Ён падзелены на некалькі секцый, яго пілястры («плоскія калоны») дэкарыраваныя расліннымі завіткамі, на кожным з ярусаў прадугледжаны нішы пад роспіс. Звярні ўвагу на самі роспісы – шматколерныя, яркія, яны прыцягваюць позірк. Буянства фарбаў часта ставілі барока ў прэтэнзію, маўляў, безгустоўна – аднак барочныя майстры і не імкнуліся да мінімалізму. Яны імкнуліся ствараць новыя прывабныя светы.

Пагадзіся, сабор Святога Мікалая выглядае магутным будынкам на вякі, але зусім не падаецца грувасткім. Сакрэт у круглявым і разарваным франтоне – завяршэнні фасада, абмежаваным спадамі даху па баках і карнізам ля падмурка. Так майстры барока дабіваліся візуальнай лёгкасці пры ўзвядзенні каменнага будынка.

 

***

Касцёл Святога Францыска Ксаверыя


Горадня
70-я гг. XVII ст. – пачатак XVIII ст.
 

 

Калоны з капітэлямі карынфскага ордара

 

Лісце аканта

Гэты храм – адна з найбуйнейшых барочных базілік ва ўсёй Усходняй Еўропе: 60 метраў у даўжыню і 33 метры ў самай шырокай бакавой частцы. На думку беларускай мастацтвазнаўцы Тамары Габрусь, касцёл Св. Францішка Ксаверыя – «магчыма, найбольш дасканалы прыклад спелага беларускага барока». Разгледзім жа дасканалы прыклад бліжэй.

Цэнтральны фасад выглядае багата і выштукавана за кошт багацця пілястраў з ляпнымі капітэлямі (часткамі, якія вянчаюць пілястры). Пад цэнтральным трохкутным фронтам назіраем, што тыпова для барока, нішу – у ёй размешчана скульптура Францыска Ксаверыя, апекуна храма. На самім франтоне – яшчэ пара святых, сціплейшых памераў. Дзве вежы, якія вянчаюць будынак, маюць незвычайную ўвагнутую форму, але гэта трэнд не барока, а пазнейшага ракако (зрэшты, гэтаму стылю таксама ўласцівыя мудрагельства і дасціпнасць).

Абавязкова зайдзі ўнутр, каб захапіцца адным з самых высокіх драўляных барочных алтароў у Еўропе. Гэтае хараство аўтарства Яна Шміта дасягае ў вышыню 21 метра. На алтары размешчаны больш за 70 антропных, антрапаморфных і анімалістычных фігур. Звярні ўвагу на калоны з капітэлямі карынфскага ордара, які можна адрозніць па стылізаваным лісці аканта (гэта такая расліна ў Міжземнамор'і). Карынфскі ордар – самы пышны з класічных архітэктурных ордараў Старажытнай Грэцыі і Рыма. Нядзіўна, што менавіта яго так палюбілі дзеячы эпохі барока.

 

 

Гэты матэрыял створаны пры падтрымцы МТС.

 

 

Сабор Ушэсця Найсвяцейшай Панны Марыі
 

Пінск
1706–1730

 

 

Шчыт

Галоўны фасад гэтага францысканскага храма ўпрыгожваюць пілястры, карнізы, нішы, паяскі, а яшчэ тут ёсць балкон, абмежаваны каванымі кратамі. Балконы ў барочных будынках – акрамя іх прамой функцыі – служылі «рытмізацыі» фасада. Вежы па баках сабора адносна сціплыя, затое паглядзі, якая раскошная канструкцыя паміж імі: такі франтон, не аддзелены ад асноўнай плоскасці сцяны карнізам, называецца шчыт, і ён тут – квінтэсэнцыя стылю барока.

Зайдзі ўнутр, каб паглядзець на самы стары з дзейных у Беларусі органаў, і ацані пышны інтэр'ер, аформлены драўлянай скульптурай, арнаментальнай разьбой, фрэскамі. Адмысловай увагі тут заслугоўвае разны пазалочаны амбон (месца, з якога святар чытае Пісанне і прамаўляе пропаведзі), частка скульптур якога пакрытая ліставым золатам.

 

***

Сафійскі сабор


Полацк
1030–1060

 

 

Шмат'ярусныя вежы

Самая першая каменная пабудова на тэрыторыі сучаснай Беларусі, зразумела, не магла быць барочнай – эстэтыка XI стагоддзя была куды больш суворай. Але ў гісторыі беларускай Сафіі, на жаль, былі вельмі цяжкія перыяды, у адзін з якіх тут узарваўся парахавы склад, разбурыўшы храм дашчэнту. Аднаўленнем сабора займаўся ўніяцкі арцыбіскуп Фларыян Грабніцкі. Тады на дварэ было ўжо XVIII стагоддзе – адпаведна, тэндэнцыі барочныя. Тут мы ва ўсёй велічы назіраем так званае віленскае, або познебеларускае, барока.

Для віленскага барока характэрная вытанчанасць у пабудове вертыкаляў: вежы так накіроўваюцца ўгору, быццам вось-вось будынак адарвецца ад зямлі і будзе левітаваць. Вялікія аканіцы ўзмацняюць гэты эфект. У цэлым для барока важна стварыць адчуванне пластычнасці, руху, прычым руху пастаяннага і экспрэсіўнага. Архітэктары і скульптары канца XVI – канца XVIII стст. бліскуча спраўляліся з задачай ажыўлення каменя.

 

***

Касцёл Святога Міхала Арханёла


Івянец
1740–1749

 


Дэкаратыўныя вазоны

Францысканскі храм, пабудаваны з падачы мінскага чыноўніка Тэадора Антонія Ваньковіча. Пры першым поглядзе на касцёл Св. Міхаіла Арханёла ты адразу аднясеш яго да віленскай барочнай спадчыны: дастаткова адзначыць тыповыя для стылю паветраныя пяціярусныя вежы. Выпуклыя і ўвогнутыя элементы, скругленыя звязкі-пераходы ад аднаго яруса да іншага, «ламаныя» пілястры, багацце дэкору, у тым ліку даволі дробнага (зірні на капітэлі), – усё гэта працуе на агульнае ўражанне, што храм знаходзіцца «паміж светамі». Быццам бы моцна стаіць на зямлі, а нібы й міраж.

 

***

Касцёл Святых Пятра і Паўла


Баруны
1747–1753

 

 


Валюта

На прыкладзе гэтай рымска-каталіцкай святыні запомнім яшчэ адзін тэрмін, звязаны з архітэктурай барока, – «валюта». Так называецца завіток з вочкам у цэнтры, якія дазваляе элегантна і дынамічна звязаць два ярусы фасада. Барочныя архітэктары актыўна ім карысталіся.

У інтэр'еры касцёла Святых Апосталаў Пятра і Паўла адзначым ляпны алтар з характэрнымі карынфскімі калонамі і рваным антамблементам – гэта частка канструкцыі, якую нясе калона. Наогул калоны барока запазычыла з Антычнасці, надаўшы ім больш вытанчанасці і пластычнасці. Паколькі стыль дыктаваў багацце афармлення, майстрам даводзілася ісці на хітрыкі, калі бюджэт не дазваляў: напрыклад, фарбаваць элементы абстаноўкі «пад золата» або «пад мармур».

 

***

Касцёл Ушэсця Найсвяцейшай Панны Марыі


Будслаў
1633–1783

 

 

Будслаўскі касцёл уражвае багаццем пілястраў, паўкалон і складаных раскраповак (для замацавання нагадаем: раскрапоўка – такі прыём, калі адрэзак сцяны высоўваюць наперад або назад з усімі часткамі зверху данізу). Завіткі-валюты – таксама пры справе. Як бачым, архітэктары выкарыстоўвалі любыя магчымасці не пакінуць дзесьці ўчастак роўнай сцяны. У выніку будслаўскі храм выглядае ўрачыста – пад стаць храму, які Папа Рымскі ўганараваў прэстыжным статусам Малой базілікі (дарэчы, такі тытул у Беларусі носяць таксама сабор Святога Францішка Ксаверыя ў Горадні і сабор Ушэсця Святой Панны Марыі ў Пінску – усе яны ў нашым спісе).

Сярод унутранага ўбрання касцёла Унебаўзяцця Панны Марыі звярні ўвагу на роспісы. Іх стварыў Казімір Анташэўскі, які быў майстрам аптычных ілюзій. Яго выявы скульптур і калон здаюцца аб'ёмнымі, хоць гэта проста двухмерная «карцінка». Такія аптычныя фрэскі дапамагалі рассоўваць сцены, перанакіроўваючы позіркі прыхаджан ад матэрыяльнага да вечнага.

 

***

Крыжаўзвіжанская царква


Жыровічы
1769


Фота: Nasta Eroha

 

У архітэктурным ансамблі праваслаўнага Свята-Успенскага манастыра ў Жыровічах у пошуках эстэтыкі барока адпраўляйся да Богаяўленскай царквы і да царквы Крыжаўзвіжанскай. Другая, паводле задумкі, павінна была сімвалізаваць Галгофу, таму яе пабудавалі на ўзвышэнні.

Унутры Крыжаўзвіжанскай царквы размясцілі дакладную копію Пілатавай лесвіцы – той, якой пасля суда ішоў Хрыстос. 28 прыступак пачынаюцца ад дзвярэй і вядуць да алтара; паднімацца па іх прынята на каленях і з малітвай. Бакавая сцяна алтара ўпрыгожаная роспісам, які адыгрывае тут важную ролю: паколькі храм вельмі сціплы па сваіх памерах, глыбіню ўнутры стваралі ў тым ліку мастацкімі сродкамі.

Будзеш ехаць у Жыровічы, заязджай у Слонім – паглядзець на касцёл Святога Апостала Андрэя, пабудаваны ў 1770–1775 гадах у стылі барока. Звярні ўвагу на «хвалю» фасада, якую падтрымліваюць вежы, пастаўленыя пад вуглом да яго плоскасці. Таксама ў Слоніме варты увагі бернардынскі касцёл Беззаганнага Зачацця з найбагацейшым убраннем.

 

***

Касцёл Святога Яна Хрысціцеля


Гальшаны
1618–1770

 

 

Храм быў пабудаваны з ініцыятывы Паўла Стэфана Сапегі для малітваў манахаў заснаванага ім у Гальшанах францысканскага манастыра, аднак барочны касцёл паўстаў ужо пасля смерці магната. Глядзі: вежаў тут няма, але аднаго толькі фігурнага франтона дастаткова, каб беспамылкова апазнаць стыль. Прайдзі ўнутр – і ты ўразішся майстэрствам чалавека, які стварыў роспіс за алтаром. На плоскай сцяне напісана ўжо знаёмая нам карынфская каланада, прычым напісана так па-майстэрску, што здаецца аб'ёмнай, быццам калоны выстраіліся паўколам. У глыбіні гэтага «паўкола» намаляваныя Ісус Хрыстос і Ян Хрысціцель – уласна, сцэна хрышчэння.

 

***

Сабор Нараджэння Прасвятой Багародзіцы


Глыбокае
1639–1654

 

 

На цэнтральнай плошчы Глыбокага глядзяць адзін на аднаго два храмы ў стылі барока: адзін старэйшы – Нараджэння Багародзіцы, другі маладзейшы – Святой Тройцы; адзін праваслаўны, другі каталіцкі (зрэшты, першапачаткова каталіцкімі былі абодва). Увагі вартыя і той, і іншы, але крыху больш падрабязна раскажам аб тым, што прысвечаны Панне Марыі.

Гэты храм – першы помнік віленскага барока на тэрыторыі сучаснай Беларусі, і, на думку экспертаў, сабор Нараджэння Прасвятой Багародзіцы найбольш поўна адлюстроўвае мастацкія прынцыпы віленскага барока. Усё гэта становіцца яшчэ цікавейшым, калі ведаць, што да маштабнай перабудовы касцёла ў 1735 годзе па праекце зорнага архітэктара ВКЛ Іагана Глаўбіца сабор быў помнікам барока сармацкага. Лічыцца, што Глаўбіц спраектаваў шмат'ярусныя вежы з выцягнутымі прапорцыямі, ускладніў галоўны фасад шляхам узвядзення вільчыка паміж вежамі, насыціў усё гэта дэкаратыўнымі элементамі, дадаў лёгкасці за кошт высокіх арачных праёмаў, узмацніў напружанасць рытму, злучыўшы пілястры і калоны шматлікімі злучэннямі (кожны ярус нібы знітоўваецца з ніжнімі шматлікімі пераходнымі звёнамі).

Дарэчы, у Еўропе рэдка можна сустрэць барочны храм з чатырма вежамі, і глыбоцкі сабор – акурат з такіх. Праўда, да перабудовы яны былі аднолькавыя, больш масіўныя, і формы іх былі прасцейшыя.

 

***

Свята-Духаў кафедральны сабор


Мінск
1633–1642

 

 

Цяпер тут моляцца і асвячаюць кулічы праваслаўныя, але першапачаткова адна з галоўных славутасцяў Верхняга горада ў Мінску належала манашкам-бернардынкам. Варта прагуляцца вакол яго, зайсці ўнутр, а потым прайсці да галоўнага храма мясцовых каталікоў – Архікафедральнага сабора Найсвяцейшага Імя Найсвяцейшай Панны Марыі, – каб ацаніць, якім розным стыль барока мог быць.

Калі на фасадзе касцёла, пабудаванага ў пачатку XVIII стагоддзя, мы як след разгледзім пакручастыя пілястры з капітэлямі, розныя паўколы, нішы са скульптурамі, вазы, усталяваныя на карнізах, то фасад царквы, збудаванай у сярэдзіне XVII стагоддзя, падасца нам куды сціплейшым.

Свята-Духаў храм яшчэ захаваў настрой сармацкага барока – больш масіўнага, аскетычнага, арыентаванага на Сярэднявечча, а не на Рэнесанс. У ходзе наступных перабудоў строгасць архітэктурнага рашэння была змякчэла. Аднак усё роўна не можам не заўважыць, што пілястры вырашаныя даволі сціпла, а архітэктар нібы забыўся пра існаванне разнастайных медальёнаў, ракавін, картушоў і акантавых завіткоў.

 

***

Траецкая царква


Вольна
1768 г.

 

 

Траецкую царкву ў Вольне варта абысці з усіх бакоў, каб сабраць «барочнае бінга». Калі праробіш гэта, прыступай да пошуку «іншародных» элементаў. Так, на вежах ты ўбачыш «цыбульныя» навершы, у якіх беспамылкова вылічыш пазнейшыя элементы. Ляпніна з каронай і зброяй таксама не надта падобная на расліны і абліччы святых, гэтак любімыя барочнымі дэкаратарамі. А ўнутры і зусім пабачыш іканастас у неарускім стылі. Але затрымайся даўжэй, каб разгледзець аздабленне ў тэхніцы стука.

Стука – гэта просты ў выкарыстанні і адносна танны матэрыял, які вырабляўся са здробненага гіпсу і клею, часам у яго дадавалі мармуровую пудру, крэйду, вапну. Выдатнае рашэнне, калі на мармур грошай няма, а зрабіць аздабленне або дэкаратыўныя элементы «пад мармур» хочацца. У эпоху барока стукавыя калоны і капітэлі былі не рэдкасцю.

 

***

Касцёл Святога Міхала Арханёла


Лужкі
1744–1756


Фота: Lusssiya / wikipedia.org

Храм быў узведзены ў стылі віленскага барока на сродкі полацкага кашталяна Валяр'яна-Антонія Жабы, які заснаваў у вёсцы Лужкі манастыр ордэна піяраў.

Звярні ўвагу на акенцы круглявай формы. У XVII–XVIII стагоддзях вокны ў форме гарызантальна авала архітэктары называлі «бычыным вокам» або «перла барока» – тая самая «скрыўленая жамчужына», якая магла даць назву стылю, пра які мы сёння гаворым.

 

***

 «Дом рамесніка» («Дом на рынку»)


Нясвіж
1721 год


Фота: Alexxx1979 / wikipedia.org

На прыкладзе каменнага жылога дома XVIII стагоддзя замацоўваем тэрмін «шчыт» – гэта верхняя частка тарцовай сцяны, якая не аддзеленая ад асноўнага аб'ёму карнізамі. Фасад «Дома рамесніка» проста звужаецца, прычым цалкам у барочным духу, выгнутымі лініямі, завіток за завітком. Уверсе назіраем арачны праём і дзве невялікія нішы з дэкаратыўнымі ліштвамі, просценькую ляпніну. Тонкі карніз на «целе» шчыта толькі падкрэслівае яго выразны фігурны контур.

У гэтым доме сапраўды жыў нехта заможны, але чым менавіта ён займаўся – ніхто не ведае. Высокая імавернасць, што быў рамеснікам, адсюль і назва.

Яшчэ адзін барочны дом майстравітага чалавека не прапусці падчас шпацыраў па Горадні. У «Доме майстра» цяпер размяшчаецца Музей гісторыі Гарадніцы – прамысловага «хаба», створанага Антоніем Тызенгаўзам у XVIII стагоддзі.

 

***

Рынкавая плошча (плошча Леніна)


Паставы
другая палова XVIII стагоддзя

 

 

А вось у Паставах з падачы магната Антонія Тызенгаўза з'явіўся цэлы ансамбль будынкаў у стылі барока. Цалкам верагодна, гэтым праектам займаўся вядомы італьянскі скульптар Джузэпэ дэ Сака. Да рэарганізацыі плошчы яе хаатычна запаўнялі касцёл, двары рамеснікаў і гандляроў, карчма. Пасля з'явіліся дамы рамеснікаў, пабудаваныя па адным тыпе: на плошчу выходзіў фасад з барочным франтонам, а тры сцяны, схаваныя ад вачэй, былі драўляныя. Проста, бюджэтна, густоўна.

 

***

«Крывая афіцына»


Горадня
70-я гг. XVIII стагоддзя


Фота: planetabelarus.by

Яшчэ адзін узор не храмавай барочнай забудовы і яшчэ адзін будынак, які пакінулі нашчадкам Тызенгаўзы. Першапачаткова «афіцына» стваралася пад патрэбы гарадзенскага тэатра Тызенгаўза – для навучання і пражывання людзей, якія ў гэтым тэатры працуюць. Архітэктар Іаган Мёзер вырашыў задачу ў духу позняга барока, склаўшы незвычайны выгнуты фасад, які, як задумвалася, падтрымала б далейшая забудова горада (гэта, на жаль, не спраўдзілася).

Сёння ў будынку функцыянуе прыватная галерэя «Тызенгаўз» і ладзяцца выставы мастакоў. Звярні ўвагу на акустыку, якую ствараюць скляпеністыя перакрыцці, – тэатральны гук не знішчылі ані час, ані рамонты.


 

Фота: palasatka. Ілюстрацыі: Olga Rummo.

ООО «ЭфСиБи Бел»
УНП 193185741

|

Культурная праграма

Аўтар:   34travel

  6758

hand with heart

Отблагодарить 34travel

Если наши материалы пригодились тебе в пути, сказать спасибо редакции можно, купив нам чашку кофе через Ko-fi. Всего пара кликов, никаких регистраций, комиссий и подписок. Спасибо, что ты с нами.

ЗАКИНУТЬ МОНЕТКУ

Чытай таксама

7 мясцін у Польшчы, звязаных з беларускай гісторыяй

Для тых, хто імкнецца захаваць сувязь з Радзімай нават за мяжой. 

6 ідэй для восеньскіх падарожжаў па Беларусі

Кароткі светлавы дзень і халаднаваты вецер – не нагода спыняць падарожжы па Беларусі.

Да/пасля: 5 славутасцяў, якія змяніліся да непазнавальнасці

Калісьці – атмасферныя занядбанкі, а сёння – раскошныя палацы.

Штучны інтэлект трохі змяніў беларускія помнікі архітэктуры. Ці пазнаеш ты іх?

Правер, наколькі добра ты памятаеш, як выглядаюць славутасці.

Гайд па стылі: едзем глядзець беларускі класіцызм

Калоны «як у грэкаў».

Народная культура: Музеі пад адкрытым небам непадалёк ад Менска

Крохкая спадчына драўлянай архітэктуры.

Цяпер на галоўнай

Менск

Лепшае, што ёсць у Менску, у новым гайдзе ад 34travel.

Як прайшоў Багач – галоўнае восеньскае свята беларусаў?

Будзь багаты, як восень!

Падкаст пра беларускую гастраномію: Экзотыка ў меню

Распавядаем пра моду на памаранчарні і нетыповыя прадукты ў Мінску 1920-х.

Падкаст пра беларускую гастраномію: Кава ці гарбата?

Гісторыя ўлюбёных напояў і традыцыйных дэсертаў.

9 мастацкіх музеяў і галерэй за межамі Менска

Пранізлівыя пейзажы, яскравыя маляванкі і нават манументальныя мазаікі.

Тут нават камяні жывыя. Этнограф – пра палескія традыцыі, якія захаваліся да нашых дзён

Міфалогія старажытнага беларуса, якую можна назіраць ужывую.

Забытая Беларусь: славутасці, якіх ужо няма

Спадчына, памяць пра якую застаецца толькі на малюнках.

Месца тыдня: Лынтупы

Касцёл, сядзіба і старыя могілкі.

Маршрут па беларускім Палессі: едзем у Пінск і ваколіцы

Унікальныя музеі народнай культуры, мясціны Напалеона Орды, загадкавыя пахавальні.

Паказаць больш Паказаць больш