Як адсвяткаваць Каляды з павагай да традыцый?

|

Культурная праграма

|

Аўтар:   34travel

|

  5963

Як адсвяткаваць Каляды з павагай да традыцый?

Пярэдадне зімовых святаў – час пераходу і зменаў, мяжа, да якой мы набліжаемся, каб яе пераступіць. Нашы продкі святкавалі гэты пераход калектыўна, спраўляючы Каляды. З гэтага матэрыялу ты даведаешся, у чым складаўся рытуал калядавання, як варажылі каляднымі начамі, што і навошта ставілі на стол, які сэнс укладалі ва ўпрыгожванне жылой прасторы. А яшчэ цябе чакаюць падказкі і парады, якім чынам можна адсвяткаваць Каляды сёння.

 

Агульная інфармацыя: значэнне, даты, філасофія

Калядны перыяд быў арганізаваны вакол трох зімовых святаў: Раства, Шчодрага вечара, Вадохрышча. Традыцыйнаму мысленню была ўласцівая рытуальнасць пачатку і канца, таму пунктам уваходу ў калядны перыяд было Раство (24 снежня для каталікоў ці 6 студзеня для праваслаўных), якое спраўлялася ў сямейным коле. Гулянні, зімовыя вячоркі і калядаванне пачыналіся пасля Раства і найбольшы размах прымалі на Шчодры вечар (1 або 13 студзеня). Пунктам выхаду з каляднага цыклу было Вадохрышча (6 або 19 студзеня): у гэты дзень збіралі ваду і захоўвалі для рытуалаў і лекавання на ўвесь год.

Каляды – гэта перыяд стварэння новага сусвета і нараджэння новага сонца, што нядзіва: на 21 снежня прыпадае зімовае сонцастаянне. Гэта час самых доўгіх начэй, але пасля сонечны дзень пачынае павялічвацца. Нашы продкі ўшаноўвалі сонейка і верылі ў неабходнасць забеспячыць дабрабыт налета, праграмуючы ўсе сферы жыцця: сельска-гаспадарчую, сямейную, грамадскую. Калі прапусціш нейкі абрад, рытуал ці правіла – гэта можа паўплываць на ўвесь наступны год. Але таксама Каляды – перыяд гулянняў, песняў і вясялосці. 

 

 

Калядаванне

Калядаванне – гэта абрадавае апрананне масак і святочны абыход калядным гуртом усей вёскі з песнямі і рытуаламі. Калядоўшчыкі хадзілі ў розных вобразах: гэта маглі быць, напрыклад, Бусел, Каза, Мядзведзь, Механоша, Звяздар, Лекар, Ведзьма і нават Смерць. Адным з асноўных персанажаў была Каза – сімвал дабрабыту. Нездарма ў калядках пяецца: «Дзе каза ходзіць, там жыта родзіць».

Відавочная сувязь калядоўшчыкаў з культам памерлых продкаў: як продкі з таго свету даглядаюць нас, так і калядоўшчыкі нясуць шчасце і здароўе. Але калі абмінуць хату – будзе няшчасце яе жыхарам. Таму гаспадары iмкнуліся адарыць калядоўшчыкаў як мага багацей.

Практыкі калядавання мы можам ажыцявіць і сёння:

 Збярыцеся гуртом калядоўшчыкаў-энтузіастаў, абярыце персанажаў, зрабіце касцюмы і маскі. 

 Абярыце месца і людзей, да якіх вы пойдзеце калядаваць, каб рытуальным дзеяннем прынесці ім дабро на наступны год. Наведайце любімыя кавярні горада ці абыдзіце суседзяў свайго дома або раёна. Таксама можна сумясціць калядаванне з вандроўкай у незнаёмы горад ці ў вёску да бабуль і дзядуль. 

 Гуляйце і спявайце калядныя песні ў касцюмах і масках, адзначаючы пераход весялосцю і свавольствам. Ды не забудзьцеся ўзяць мех для пачастункаў і калядную зорку!

 

 

Варажба

Нашы продкі верылі, што звычайна маглі варажыць толькі пэўныя людзі, але былі такія моманты ў годзе, калі межы паміж светамі сціраліся. На Каляды варажылі на падзеі, якія малі адбыцца ў наступным годзе. Чалавека традыцыйнага жыцця хвалявалі такія рэчы, як ураджай, сямейны і грашовы дабрабыт. Дзяўчаты і хлопцы варажылі на жаніхоў і нявест.

Як паваражыць сёння:

 Нашы продкі варажылі па зорках. Выходзілі на вуліцу і глядзелі, колькі на небе зорачак: калі шмат – дык улетку будзе шмат грыбоў, ягадаў і пчолаў. Мы можам зрабіць тое ж самае – адправіцца на пошукі зорнага неба і задаць зоркам пытанні. Колькі вандровак будзе ў наступным годзе? А колькі цікавых праектаў? А колькі спатканняў? Калі зорак на небе не бачна, не сумуй – гэта проста ведзьма скрала іх з неба (менавіта так лічылі нашы продкі).

 Таксама ў нашых продкаў існаваў вельмі цікавы рытуал: на Каляды выходзілі ўвечары на вуліцу і чыталі пад зоркамі замовы. Зараз мы таксама можам агучыць (ці проста падумаць сабе) пажаданні на наступны год пад зорным небам.

 Нішто не замінае паваражыць з вадой і воскам. Вазьмі невялікую ёмістасць з вадой і нелькалькі васковых свечак, крапай воскам запаленых свечак на ваду. Атрымаюцца малюнкі, якія можна потым інтэрпрэтаваць хоць бы і разам з сябрамі дзеля весялосці. Можна нават узяць рознакаляровыя свечы, каб атрымаўся больш яскравы і цікавы малюнак.

 

 

Калядны стол

 

На Раство стол быў сціплы і нават зваўся беднай куццёй. Багатая куцця ж была на Шчодры вечар. Колькасць страваў звычайна была няцотная або 12 – як месяцаў у годзе. За стол сядалі з першай зоркай. Ежы на калядным стале надавалася магічнае значэнне, таму мелася быць усяго патрошку, бо гэтым праграмаваўся дабрабыт наступнага года (калі баішся, што любімае печыва можа знікнуць з палічак, лепей пакладзі яго на святочны стол – раптам дапаможа).

На калядыным стале абавязкова мусіла быць страва з зерня: куцця, бліны альбо проста хлеб. Зерне – сімвал кругазвароту жыцця ў прыродзе, таму такая ежа лічылася галоўнай для пераходу з аднаго стану ў іншы чалавека і ўсяго сусвета. За калядны стол маглі запрашацца дзяды, мароз, птушкі ці нават ваўкі. Падрабязна пра святочнае застолле і магію вакол яго можна паслухаць у адмысловым выпуску падкасту «Ежа»

Сталуемся ў стылі продкаў:

 Калісьці быў такі вельмі цікавы рытуал: за пятнаццаць хвілін да Новага года на сярэдзіну стала ставілася ёмістасць з вадою, бяседнікі працягвалі левую руку і, аддаючы ў думках усё дрэннае, што здарылася з імі за мінулы год, трымалі хвіліну руку над вадою, а пасля гэтую ваду – з усімі кепскасцямі – вылівалі ў акно. Апоўначы зноў паўтаралі рытуал, але гэтым разам працягвалі правую руку, думаючы пра мары і пажаданні на наступны год. Потым ваду передавалі па коле, даючы кожнаму зрабіць глыток зычэнняў, якія захоўвала рытуальная вада. Гэты рытуал мы можам з лёгкасцю ўзнавіць. Галоўнае – спачатку сфармуляваць і аддаць усё дрэннае, а потым сфармуляваць пажаданні пра добрае для сябе і блізкіх. Можна нават выпісаць на паперку ўсё дрэннае і спаліць яе, а добрае запісаць ізноў і перадаць адзін адному.

 На каляднае застолле можна прыгатаваць стравы з зерня, як рабілі нашыя продкі. Гэта можа быць сямейны рэцэпт альбо новая страва. Супольнае гатаванне ежы і бяседа можа стаць вашым калядным рытуалам. Паклічце сяброў, выберыце рэцэпт, прыгатуйце разам. Некаму можа дастацца падрыхтоўка інгрэдыентаў, некаму – упрыгожванне стала, а некаму – складанне плэйліста для сустрэчы.

 

Упрыгожванне

Калядны час – гэта перыяд аднаўлення, і, каб быць у гармоніі з сонейкам і сусветам, нашы продкі рыхтавалі свае хаты, рупліва прыбіраючыся і ўпрыгожваючы іх.

Хаты святочна ўпрыгожваліся новым саламяным павуком у форме сонца, зоркі ці ромба, як сімвалам урадлівасці і плоднасці, а таксама выцінанкамі на вокнах і карункавымі фіранкамі. Усе ўпрыгожанні маглі правісець у хаце цэлы год, але было важна змяніць іх перад наступнымі Калядамі.

Ствараем святочную абстаноўку:

 Пакліч сяброў на імправізаваны каворкінг па стварэнні ўпрыгожанняў, няхай кожны прынясе свае матэрыялы. Прыдумляйце ўпрыгожанні і стварайце іх разам, дзяліцеся ідэямі. 

 Упрыгожаннем для хаты могуць стаць калядны вянок, калаж, паштоўка, падсвечнік з самазастыгальнай гліны, выцінанка, гірлянды з папяровых ці тэкстыльных сцяжочкаў. Не забудзься зрабіць калядную зорку. Няхай упрыгожанні для хаты стануць знакамі абнаўлення і абароны.

Спадзяемся, нешта з ідэй табе ўпадзе ў вока, каб адзначыць зімовы час аднаўлення з павагай да традыцыі і продкаў. Вясёлых Калядаў! 

 

|

Культурная праграма

Аўтар:   34travel

  5963

hand with heart

Отблагодарить 34travel

Если наши материалы пригодились тебе в пути, сказать спасибо редакции можно, купив нам чашку кофе через Ko-fi. Всего пара кликов, никаких регистраций, комиссий и подписок. Спасибо, что ты с нами.

ЗАКИНУТЬ МОНЕТКУ

Чытай таксама

Якія беларускія традыцыі і абрады трапілі ў спіс культурнай спадчыны ЮНЕСКА?

Падстава для гонару.

Падкаст пра беларускую гастраномію: Кароткая гісторыя дранікаў

Новы падкаст 34travel і МТС, які прысвечаны беларускім стравам і культуры харчавання.

Падкаст пра беларускую гастраномію: Калядны стол

Новы выпуск падкаста – адмыслова да святочнага стала. 

Цяпер на галоўнай

Менск

Лепшае, што ёсць у Менску, у новым гайдзе ад 34travel.

Як прайшоў Багач – галоўнае восеньскае свята беларусаў?

Будзь багаты, як восень!

Падкаст пра беларускую гастраномію: Экзотыка ў меню

Распавядаем пра моду на памаранчарні і нетыповыя прадукты ў Мінску 1920-х.

Падкаст пра беларускую гастраномію: Кава ці гарбата?

Гісторыя ўлюбёных напояў і традыцыйных дэсертаў.

9 мастацкіх музеяў і галерэй за межамі Менска

Пранізлівыя пейзажы, яскравыя маляванкі і нават манументальныя мазаікі.

Тут нават камяні жывыя. Этнограф – пра палескія традыцыі, якія захаваліся да нашых дзён

Міфалогія старажытнага беларуса, якую можна назіраць ужывую.

Забытая Беларусь: славутасці, якіх ужо няма

Спадчына, памяць пра якую застаецца толькі на малюнках.

Месца тыдня: Лынтупы

Касцёл, сядзіба і старыя могілкі.

Маршрут па беларускім Палессі: едзем у Пінск і ваколіцы

Унікальныя музеі народнай культуры, мясціны Напалеона Орды, загадкавыя пахавальні.

Паказаць больш Паказаць больш