Якія беларускія традыцыі і абрады трапілі ў спіс культурнай спадчыны ЮНЕСКА?

|

Культурная праграма

|

Аўтар:   ​​Жанна Гавриленко

|

  7822

Якія беларускія традыцыі і абрады трапілі ў спіс культурнай спадчыны ЮНЕСКА?

Пяць культурных з'яваў з Беларусі маюць статус нематэрыяльнай спадчыны чалавецтва. Дзве з іх захаваліся ўсяго ў некалькіх вёсках і могуць зусім знікнуць. Расказваем пра ўнікальныя беларускія абрады і традыцыі са спіса ЮНЕСКА.

 

«Калядныя цары»

Гэты абрад праводзяць у вёсцы Семежава Капыльскага раёна Мінскай вобласці ў Шчодры вечар (Шчодрык) з 13 на 14 студзеня.

Гісторыя «Калядных цароў» пачынаецца ў XVIII стагоддзі. Гэта былі часы другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793), калі частка беларускіх земляў адыходзіла Расійскай імперыі. Недалёка ад вёскі Семежава стаяла рускае войска. Паводле мясцовага падання, у Новы год па старым стылі салдаты і афіцэры хадзілі па дварах, паказваючы вясёлы спектаклік. За гэта гаспадары частавалі іх хатняй каўбасой, выпечкай, самагонкай.

Калі вайскоўцы сышлі, сяляне не проста захавалі традыцыю, а развілі яе ва ўнікальнае дзейства. З таго часу кожны Стары Новы год у Семежаве мужчыны з ліку мясцовых жыхароў або прыезджых студэнтаў пераапранаюцца ў касцюмы, якія нагадваюць ваенную форму часоў царскай Расіі. Яны ходзяць па хатах і разыгрываюць спектакль, якому больш за дзвесце гадоў.

У сцэнары дзейства ёсць адсылкі да гісторыка-рэлігійнай драмы «Цар Максіміліян». Сам твор расказвае пра грознага цара, які загадаў забіць сына за тое, што той не прызнаваў «багоў кумірычных», а верыў у Ісуса Хрыста. Трагічную лінію ў вясёлы абрад «Калядных цароў» не ўпляталі, з арыгінала запазычылі толькі некаторыя фразы:

«Здрасце вам! Я прыбыл к вам, за каго вы мяне пачытаеце?
За караля нямецкага ці султана турэцкага?
Я не ёсць кароль нямецкі і не султан турэцкі.
Я ёсць грозны Цар Максімільян:
сонцу брат, луне сват, усяму свету бліскучая галава».

У беларускіх хатах «цары» разыгрываюць жартоўную сцэну, дзе галоўны герой – цар Максіміліян – у сумленным баі перамагае Мамая, які патрабаваў ад яго даніны. Затым усіх бярэцца лячыць доктар з вялізным бутафорскім тэрмометрам, і яго словы – чыстая народная творчасць:

«Ты лекар? — Я лекар, гамбурскі аптэкар. — Ты можаш лячыць? — Магу. — А як ты лечыш? — Я лячу як сам хачу: скулячкі выразаю, балячкі ўстаўляю, мёртвых ўваскрасаю, жывых у зямлю пхаю. А што ў цябе баліць? — Галава. — Абрыць дагала, намазаць рэдзькай, будзе як барабан турэцкі».

Гэтыя прымаўкі – самая вясёлая частка паказу. Гледачы рагочуць, гаспадары дастаюць пачастунку акцёрам. Пабываўшы ў адной хаце, «цары» ідуць у наступную. Калі цямнее, удзельнікі працэсіі запальваюць паходні.

Такі абрад існуе ў адзінай вёсцы Беларусі – Семежава. Першапачатковае салдацкае выступленне абрасло мясцовым фальклорам: песнямі і жартоўнымі дыялогамі, пацешнымі касцюмамі, нацыянальнымі стравамі і прыметамі. Людзі вераць, што ў хаце, дзе пабывалі «цары», увесь год будзе мір, згода і багацце.

На некаторы час абрад быў забыты, яго адрадзілі ў 1996 годзе з дакументальных матэрыялаў і сведчанняў старажылаў. Можаш паглядзець, як праходзілі «Калядныя цары» ў 1997 годзе. У спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны абрад унеслі ў 2009 годзе. Цяпер ён пад пагрозай знікнення.

 

 

 

«Юраўскі карагод» 

Праводзіцца ў вёсцы Пагост Жыткавіцкага раёна Гомельскай вобласці 6 траўня, у Юр'еў дзень. Святога Юрыя (Георгія) шануюць як апекуна хатніх жывёл і сельскай гаспадаркі. Нашы продкі залагоджвалі святога: у яго былі ключы, якія адмыкалі вясну і замыкалі зіму. Пасля абраду жыхары вёскі разлічвалі на добры ўраджай і здаровую свойскую жывёлу.

Напярэдадні свята сяляне наводзяць парадак у хатах і ў дварах, плятуць вянкі, а галоўнае – выпякаюць абрадавы каравай, які называецца «карагод». Яшчэ адзін важны элемент – «ральца». Гэта тры трохпальцыя галінкі, якія сімвалізуюць жаночы пачатак (дзевяць атожылкаў па колькасці месяцаў цяжарнасці). Галінкі абгортваюць палоскамі з цеста і разам з караваем запякаюць. Гатовы «карагод» пад песні жанчын упрыгожваюць кветкамі з яркіх папяровых стужак і жывымі квітнеючымі галінкамі.

На наступны дзень жыхары Пагоста прыбіраюцца ў народныя строі і разам адпраўляюцца ў поле: першым нясуць абраз Маці Божай, за ім – каравай, затым – васьміканцовую зорку і зялёны фартух, замацаваны на драўляных граблях. Усе гэтыя сімвалы давяраюць толькі мужчынам. У полі святар чытае малітву і акрапляе зямлю, а жыхары заклікаюць апекуна Юр'ю наступнымі рытуальнымі словамі:

«Юр'я, устань рана, умыйся бела.
Прычашыся, прыбярыся, бяры ключы,
ідзі ў стайню, сядлай каня,
едзь у поле, адмыкай зямліцу, пускай расіцу».

У зямлю закопваюць акраец чорнага хлеба, абвязаўшы сімвалічнай чырвонай стужкай, каб збожжа ўрадзіла багата. Затым усе спяваюць старадаўнія вясновыя песні, а зялёны фартух мяняюць на чырвоны. Вярнуўшыся з поля, святочная працэсія водзіць карагоды ля кожнай хаты, а гаспадары дзякуюць удзельнікам пачастункамі.

У 2019 годзе «Юраўскi карагод» у вёсцы Пагост увайшоў у спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны. Відэа святочнай цырымоніі можаш паглядзець тут.

Як і «Калядныя цары», «Юраўскi карагод» мае статус спадчыны, якая мае патрэбу ў ахове. Нават узгодненыя намаганні міжнароднай супольнасці пакуль не дапамагаюць, канстатуюць у ЮНЕСКА. Цяпер абодвум абрадам пагражае знікненне.

 

 

 

Будслаўскі фэст

Гэта маштабнае маляўнічае свята ў гонар Будслаўскай іконы Божай Маці. Святыня захоўваецца ў касцёле Ушэсця Найсвяцейшай Панны Марыі ў мястэчку Будслаў Мядзельскага раёна Мінскай вобласці. Будслаў вядомы як месца, дзе перад вернікамі з'явілася Найсвяцейшая Панна Марыя. Паводле легенды, гэта адбылося 2 ліпеня 1588 года.

Абраз Маці Божай невядомага аўтара XVI стагоддзя прайшоў доўгі шлях у Беларусь з Ватыкана. Святыню з рук папы Клімента VIII атрымаў мінскі ваявода Ян Пац, а перад смерцю пакінуў яе свайму святару. У 1613 годзе той апынуўся ў Будславе і даведаўся ад людзей, што падобная выява ўжо з'яўлялася жыхарам гэтых мясцін. Тады святар вырашыў пакінуць ікону тут.

Выява Божай Маці з немаўлём Ісусам інкруставаная каштоўнымі камянямі. Апраўляюць абраз срэбны аклад і рама з арнаментам у стылі позняга рэнесансу. Пасля каранацыі іконы ў 1998 годзе Будслаўскі касцёл атрымаў статус Нацыянальнага санктуарыя, гэта значыць сховішча святыні – апякункі краіны. У 2021 годзе ў касцёле адбыўся пажар, але абраз не пацярпеў, яго паспелі вынесці.

Будслаўская ікона славіцца шматлікімі цудамі: кагосьці вылечыла ад слепаты, кагосьці ад раку, кагосьці ад бяздзетнасці. Кажуць, у касцёле нават былі кнігі, дзе фіксавалі ўсе цуды, але пры савецкай уладзе запісы знішчылі.

З XVII стагоддзя пілігрымы прыходзілі пакланіцца абразу Божай Маці. Першая афіцыйная масавая пілігрымка да святыні ў сучаснай Беларусі адбылася ў 1992 годзе. Цяпер у першую пятніцу і суботу ліпеня ў Будслаў прыязджаюць і прыходзяць тысячы вернікаў. 

Паломнікі жывуць у лагерах, якія разбіваюць па шляху, а жыхары бліжэйшых вёсак сустракаюць вернікаў, прапануючы вячэру і начлег. Ужо ў Будславе, калі да абраза застаюцца апошнія метры, людзі становяцца на калені і так пераадольваюць астатнюю адлегласць. Стала папулярнай і «велапілігрымка»: за некалькі дзён да свята ад мінскага Чырвонага касцёла паломнікі адпраўляюцца ў Будслаў на роварах.

Праграма духоўнага свята ўключае сустрэчу і прывітанне пілігрымаў святарамі, святыя імшы, якія ідуць адна за адной, моладзевае малітоўнае чуванне, адарацыя Найсвяцейшага Сакраманту, гадзіны малітвы Божай Маці ды іншыя дзействы. У галоўны дзень Будслаўскага фэсту, 2 ліпеня, святкуецца ўрачыстасць іконы Маці Божай. Самыя ўражальныя моманты свята – вячэрняя служба і працэсія ў цемры. Тысячы вернікаў запальваюць свечкі і ў хросным ходзе ідуць за абразом да цэнтра Будслава.

У спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны чалавецтва Будслаўскі фэст уключылі ў 2018 годзе. Паглядзець відэа са свята можна па спасылцы.

 

 

 

Лясное бортніцтва

На беларускім Палессі захавалася рэдкая традыцыя – борцевае пчалярства, альбо лясное бортніцтва. Тут яно практычна не перарывалася і перадавалася з пакалення ў пакаленне больш за тысячу гадоў.

Займаючыся лясным (драўняным) бортніцтвам, людзі практычна не ўмешваюцца ў жыццё пчол. Даслоўна «борць» – гэта дрэва з дуплом, дзе водзяцца пчолы. Дуплы могуць быць натуральнымі або іх выдзёўбваюць на вышыні ад 4 да 15 м. Робяць дуплы і ў калодах (іх таксама называюць борцямі), якія затым вешаюць на дрэвы. Людзі, якія займаюцца гэтым рамяством, завуцца бортнікамі.

У калодзе пчолы ствараюць свой мікракосм, дзе рэгулююць тэмпературу і ўтрыманне вуглякіслага газу, такім чынам знішчаючы паразітаў. У лясным бортніцтве не выкарыстоўваюць прамысловы парафін, цукар, лекі для пчол і хімікаты.

Без прадуктаў бортніцтва раней не абыходзіўся выраб васковых свечак і мядовых напояў. З ХVIII стагоддзя традыцыю паступова выцесніла калоднае і рамовае пчалярства. Цяпер бортніцтвам у Беларусі займаюцца крыху больш за 150 сем'яў. Сакрэты старажытнай традыцыі перадаюцца толькі «па родзе».

У 2020 годзе культура беларускага і польскага ляснога бортніцтва ўнесеная ў спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны. Пазнаёміцца з самабытнай традыцыяй можна тут.

 

 Фото: Виктор Драчев 

 

 

Саломка

Саломпляценне – спрадвечны народны промысел беларусаў. Як толькі нашы продкі атрымалі першы сноп, акрамя зерняў, яны сталі рознымі спосабамі выкарыстоўваць салому. Даследчыкі лічаць, што адбылося гэта на мяжы II-I тысячагоддзяў да н.э. Доўгія гнуткія сцёблы ішлі на выраб дзіцячых цацак, абрадавых масак, кошыкаў, шкатулак, галаўных убораў. Пляценне капелюшоў нават выдзелена ў самастойнае рамяство. Некаторыя вырабы з саломкі маюць сакральны сэнс: напрыклад, «жніўныя вянкі», або «павукі», – гэта калядныя падвескі з саломы.

На Палессі ў цэрквах выпляталі цэлыя саламяныя іканастасы. Выкарыстанне саломы з падобнымі мэтамі характэрнае толькі для беларускай культуры.

У XX стагоддзі саломапляценне ў Беларусі квітнела: вырабы прадаваліся на рынках, былі папулярныя і ў сялян, і ў гараджан. У 1960–1980-я народны занятак выйшаў на прамысловы ўзровень: запусціліся фабрыкі мастацкіх промыслаў. Беларуская саломка атрымала міжнароднае прызнанне і стала адным з самых вядомых нацыянальных сувеніраў.

Цяпер саломапляценню можна вывучыцца на курсах ці нават атрымаць прафесію ў навучальнай установе. У 2022 годзе крафтавае беларускае рамяство трапіла ў спіс ЮНЕСКА.

 

Фото: Palasatka

 

Што дае статус культурнай спадчыны

Нагадаем, што ЮНЕСКА (United Nations Educational, Scientific and Cultural Organization) – гэта дэпартамент ААН у пытаннях адукацыі, навукі і культуры. Ён вядзе сусветны перапіс непаўторных прыродных аб'ектаў і артэфактаў. Асаблівы раздзел спіса прысвечаны нематэрыяльнай культурнай спадчыне чалавецтва. Падрабязна пра ЮНЕСКА і пра тое, як туды трапляюць культурныя аб'екты, мы расказвалі тут.

Да ўнікальных культурных з'яваў прыцягваюць увагу на міжнародным узроўні: іх вывучаюць навукоўцы, пра іх пішуць медыя і даведаюцца мільёны людзей. Месцы, у якіх ладзяцца абрады і святы, уключаюць у планы турыстычных маршрутаў. Усё гэта дапамагае ўплесці нацыянальныя традыцыі ў глабальны культурны кантэкст, павялічвае прэстыж краіны.

Унясенне ў спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны дазваляе разлічваць на фінансавую падтрымку міжнароднай супольнасці, асабліва калі аб'екты маюць патрэбу ў абароне, як «Калядныя цары» і «Юраўскі карагод».

Акрамя аб'ектаў нематэрыяльнай спадчыны ЮНЕСКА, у Беларусі ёсць і чатыры прыродныя. Гэта нацыянальны парк «Белавежская Пушча», замкавы комплекс «Мір», архітэктурна-культурны комплекс рэзідэнцыі Радзівілаў у Нясвіжы і пункты геадэзічнай Дугі Струвэ.

 

hand with heart

Отблагодарить 34travel

Если наши материалы пригодились тебе в пути, сказать спасибо редакции можно, купив нам чашку кофе через Ko-fi. Всего пара кликов, никаких регистраций, комиссий и подписок. Спасибо, что ты с нами.

ЗАКИНУТЬ МОНЕТКУ

Чытай таксама

34 славутасці Беларусі

Вартыя нагоды аб'ездзіць краіну ўздоўж і ўпоперак.

7 мясцін у Польшчы, звязаных з беларускай гісторыяй

Для тых, хто імкнецца захаваць сувязь з Радзімай нават за мяжой. 

Гайд па стылі: едзем глядзець беларускі мадэрнізм

Вывучаем рысы канструктывізму і бруталізму.

У Нацмузеі – выстава беларускага касцюма. Чаму яе абавязкова варта наведаць?

«Анталогія прыгажосці».

Тут нават камяні жывыя. Этнограф – пра палескія традыцыі, якія захаваліся да нашых дзён

Міфалогія старажытнага беларуса, якую можна назіраць ужывую.

Як праходзіць служба ў самым таямнічым храме Беларусі?

Храм, які адчыняе дзверы толькі раз на год.

Цяпер на галоўнай

Менск

Лепшае, што ёсць у Менску, у новым гайдзе ад 34travel.

Як прайшоў Багач – галоўнае восеньскае свята беларусаў?

Будзь багаты, як восень!

Падкаст пра беларускую гастраномію: Экзотыка ў меню

Распавядаем пра моду на памаранчарні і нетыповыя прадукты ў Мінску 1920-х.

Падкаст пра беларускую гастраномію: Кава ці гарбата?

Гісторыя ўлюбёных напояў і традыцыйных дэсертаў.

9 мастацкіх музеяў і галерэй за межамі Менска

Пранізлівыя пейзажы, яскравыя маляванкі і нават манументальныя мазаікі.

Тут нават камяні жывыя. Этнограф – пра палескія традыцыі, якія захаваліся да нашых дзён

Міфалогія старажытнага беларуса, якую можна назіраць ужывую.

Забытая Беларусь: славутасці, якіх ужо няма

Спадчына, памяць пра якую застаецца толькі на малюнках.

Месца тыдня: Лынтупы

Касцёл, сядзіба і старыя могілкі.

Маршрут па беларускім Палессі: едзем у Пінск і ваколіцы

Унікальныя музеі народнай культуры, мясціны Напалеона Орды, загадкавыя пахавальні.

Паказаць больш Паказаць больш