Маршрут: Гальшаны, Ашмяны і мясціны Багушэвіча за адну паездку

|

Маршруты

|

Аўтар:   34travel

|

  2650

Маршрут: Гальшаны, Ашмяны і мясціны Багушэвіча за адну паездку

Мы разам з аўтамабільным брэндам Kia працягваем даследаваць Беларусь. Гэтым разам маршрут будзе максімальна разняволены: з вельмі ціхімі мясцінамі, выдатнымі краявідамі і марудлівым тэмпам. Ідэальнае падарожжа для ўсіх, хто стаміўся ад гарадской мітусні і вельмі хоча крыху расфакусавацца. Такім чынам, рушым да Ашмян – на захад Беларусі.

 

Маршрут: Вішнева – Дзясятнікі – Багданава – Гальшаны – Ашмяны – Жупраны – Кушляны

 

Вішнева

54.14208, 26.20746

 

 

Пачнём наша падарожжа з мястэчка, дзе зусім асаблівая атмасфера. Вёска Вішнева – неймаверна медытатыўнае месца, адкуль не хочацца ў спешцы з’язджаць. Акрамя таго, што тут знаходзіцца некалькі каштоўных архітэктурных славутасцяў, у Вішневе яшчэ і цудоўныя краявіды: тыя самыя, сапраўдныя, беларускія, з невялікім вадаёмам, травой, што мякка калышацца на ветры, і пяшчотным блакітным небам над галавой.

Архітэктурная дамінанта вёскі – касцёл Дабравесту Найсвяцейшай Панны Марыі, пабудаваны ў перыяд з 1637 па 1641 гады. Цікава, што на фасадзе будынка можна ўбачыць іншую дату – 1424 год. Насамрэч яна абазначае год заснавання прыходу і будаўніцтва самага першага храма ў Вішневе (ён не захаваўся).

Касцёл, які мы бачым у мястэчку цяпер, некалькі разоў перабудоўваўся. Першы раз – пасля пажару ў 1771 годзе, другі – у 1906-м, калі да фасада храма прыбудавалі дзве вежы. Побач з касцёлам знаходзіцца званіца, на якую можна падняцца, каб агледзець мясцовасць. Віды цудоўныя! Асабліва сімпатычна адсюль выглядае праваслаўны храм, які размясціўся насупраць. Ад касцёла ўніз вядзе невялікая лесвічка: гэта шлях да крыніцы са святой вадой. Захапі з сабой бутэльку – вада тут вельмі чыстая і смачная.

Цяпер прагуляемся да царквы святых Казьмы і Дзям'яна, збудаванай у 1865 годзе. Гэта сімпатычны дзейны храм з дагледжанай тэрыторыяй. Прайдзі па сцежцы наперад, пакідаючы царкву па левым баку, перайдзі праз невялікі масток – і перад тваімі вачыма раскінецца максімальна лагодны пейзаж. Удалечыні – касцёл, вакол – ціхмяная прыгажосць беларускай прыроды. Можна ўзяць з сабой посцілку і ежу і зладзіць урачыста-самотны пікнік на беразе вадаёма. Уцёкі ад гарадской мітусні атрымаліся!

 

 

Дзясятнікі

54.16809, 26.14832

 

 

Наступнае месца на мапе нашага маршруту вельмі спакойнае, натхняльнае на думкі і рэфлексію. Гэта могілкі салдат Першай сусветнай вайны, дзе пахаваныя ў асноўным нямецкія вайскоўцы, але таксама там ёсць і магілы савецкіх воінаў.

Могілкі вельмі характэрна «еўрапейскія»: роўныя шэрагі аднолькавых надмагільных камянёў, над якімі высіцца каменны манумент, увянчаны скульптурай арла. Бачна, што месцам даглядаюць: трава тут заўсёды роўна скошаная, пахаванні вельмі дагледжаныя.

Клады ў Дзясятніках, нягледзячы на свой шаноўны ўзрост, да гэтага часу выклікаюць мноства эмоцый. Яны служаць добрым напамінам аб тым, што вайна – гэта пра рэальныя ахвяры, а не толькі пра лічбы на паперы, даты ў падручніках і навіны з далёкіх краін. Напраўду ўражвае.

 

 

Багданава

54.176504 26.107118

 

 

У Багданава варта заскочыць па дарозе, каб зірнуць на пернікавы касцёл святога Міхала Арханёла. Гэты храм, магчыма, аддалена нагадае табе касцёл у Солах характэрнымі завіткамі на фасадзе. Але ўвесь цымус у тым, што касцёл у Багданаве малодшы за свайго брата з Солаў амаль на сто гадоў. Так, гэты новаўзведзены будынак – што, зрэшты, не змяншае яго прыгажосці.

Наогул у Багданаве вельмі цікавая гісторыя каталіцкай парафіі. Першы касцёл з'явіўся ў мястэчку ў сярэдзіне XVII стагоддзя, і ён быў драўляны. Грошы на будаўніцтва касцёла ахвяраваў Багдан Сапега. Менавіта гэты храм намаляваны на карціне Фердынанда Рушчыца (мастак родам з Багданава) «Каля касцёла». І менавіта сям'я Рушчыца ахвяравала на аднаўленне храма, калі той быў моцна пашкоджаны пасля вайны 1812 года. Але Другую сусветную гэтая пабудова перажыць ужо не змагла – касцёл згарэў.

Пасля вайны мясцовыя жыхары ўласнымі сіламі ўзвялі новы каталіцкі храм. Але сродкаў хапіла зноў толькі на драўляны будынак. Гэты касцёл праіснаваў да 80-х гадоў XX стагоддзя, але пасля быў разабраны і спалены савецкімі ўладамі.

Сучасны мураваны касцёл у Багданаве быў пабудаваны ў 1999 годзе. Ён надзвычай выкшталцоны, кампактны і, нягледзячы на сваю маладосць, варты ўвагі дапытлівага вандроўцы па родных прасторах.

 

 

Гальшаны

54.25838, 26.00988

 

 

Гісторыя ў кожным камені і вялікакняскі вайб – сардэчна запрашаем у Гальшаны! Гэта адзін з самых старых населеных пунктаў Беларусі з багатай архітэктурнай спадчынай, якая няхай і не дайшла да нашых дзён у першародным выглядзе, але дае ўяўленне аб былой велічы гэтых мясцін.

Упершыню Гальшаны згадваюцца ў 1280 годзе ў «Хроніках Быхаўца». Належаў маёнтак спачатку роду Гальшанскіх, а ў 1525 годзе перайшоў ва ўласнасць Сапегаў. Велізарны замак, руіны якога можна ўбачыць у мястэчку цяпер, быў пабудаваны тут менавіта пры Сапегах. У сваім найлепшым выглядзе замак праіснаваў да Паўночнай вайны (пачатак XVIII стагоддзя), а затым пачаў патроху занепадаць. А дзве сусветныя вайны канчаткова дабілі княскае радавое гняздо – ад яго засталіся толькі руіны.

Нядаўна ў Гальшанскім замку прайшла рэканструкцыя: руіны закансервавалі, адну з вежаў адрамантавалі, а над сценамі пабудавалі высокую лесвіцу, па якой можна падняцца, каб ацаніць маштабы пабудовы. Тэрыторыя каля славутасці таксама вельмі прыемная і дагледжаная – можна прагуляцца або пасядзець на лаўцы, любуючыся старадаўнімі сценамі.

Яшчэ адна знакавая пабудова Гальшанаў – касцёл францысканцаў. Храм – аднагодак замка, але пры гэтым выглядае выдатна. Праўда, перабудоўваўся двойчы: у 1618 годзе, а таксама ў другой палове XVIII стагоддзя. Гэта вельмі прыгожы касцёл, але без залішняй прыбранасці і дэкаратыўных празмернасцяў. Унутры – даволі багатыя інтэр'еры і старадаўнія роспісы, якія захаваліся аж з XVIII стагоддзя! Калі ў час твайго падарожжа дзверы храма будуць адчыненыя – абавязкова туды зазірні.

Звярні ўвагу і на гарадскую забудову ў цэнтры – усе гэтыя дамкі былі ўзведзеныя тут у XIX стагоддзі і трывала стаяць на падмурку дагэтуль. Тут жа месціцца і праваслаўная царква святога Георгія, збудаваная ў 1901 годзе. Яна вельмі арганічна ўпісваецца ў архітэктурны «скайлайн» Гальшанаў.

Больш падрабязна пра гісторыю і славутасці мястэчка чытай тут.

 

 

Ашмяны

54.4262717, 25.9405132

 

 

Ашмяны – невялікае і вельмі ўтульнае заходняе мястэчка Беларусі за 133 км ад Менска і 52 км ад Вільні. Некалькі цікавых фактаў з гісторыі: у сярэдзіне XVI стагоддзя Ашмяны атрымалі гарадскі статут, заснаваны на Магдэбургскім праве, — гэта азначала, што горад быў абвешчаны свабодным і падпарадкоўваўся толькі мясцоваму муніцыпалітэту і каралю. Пазней горад стаў адным з галоўных цэнтраў кальвінізму, тут жа былі заснаваны калегіум і парафія. Пасля трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай Ашмяны ўвайшлі ў склад Расійскай імперыі – на той момант насельніцтва мястэчка было ўжо зусім невялікім. Пасля Першай сусветнай горад знаходзіўся спачатку ў складзе Літвы, а потым Польшчы. І толькі з 1939 года ўвайшоў у склад БССР, а затым – незалежнай Беларусі.

Дык што ж тут паглядзець? Галоўная і самая ўражальная славутасць Ашмянаў – касцёл Святога Міхаіла Арханёла: беласнежны, высокі, з дзвюма выкшталцонымі вежамі, якія імкнуцца ў неба. Заўважыш яго адразу і без наводкі: гэта самы высокі будынак у цэнтры горада. Першапачаткова храм быў пабудаваны на ахвяраванне караля Уладзіслава Ягайлы ў XV стагоддзі. Але ў 1906 годзе яго вельмі моцна перабудавалі ў стылі віленскага барока. І касцёл стаў менавіта такім, якім можна бачыць яго сёння. За савецкім часам храму дасталася: у 1964 годзе там зрабілі філіял Віленскага завода радыётэхнікі. І толькі на пачатку 1990-х касцёл зноў вярнулі вернікам.

Непадалёк ад касцёла, на плошчы, размясцілася праваслаўная царква Уваскрашэння Хрыстова 1883 года пабудовы. Яшчэ крыху далей, у дварах, хаваецца ашмянская сінагога (54.424968, 25.933766) канца XIX стагоддзя. Гэта адна з самых вялікіх сінагог Беларусі. Сумная старонка гісторыі: у 1941—1942 гады менавіта тут было габрэйскае гета.

На выездзе з горада можна ўбачыць яшчэ адно цікавае месца – руіны Францысканскага касцёла (54.425934,25.956375). У 1505 годзе тут быў заснаваны кляштар францысканцаў, а ўсё, што ад яго засталося, – акурат вось гэтыя сцены. Гэтая частка горада на правым беразе Ашмянкі – стары цэнтр, або старыя Ашмяны, як кажуць самі мясцовыя. А частку мястэчка на левым беразе ракі жыхары горада называюць новымі Ашмянамі.

 

 

 Жупраны

54.470934, 26.086227

 

 

Заключная частка нашага падарожжа пройдзе па мясцінах беларускага класіка, паэта-дэмакрата Францішка Багушэвіча.

Спачатку зазірнём у вёску Жупраны, дзе знаходзіцца вельмі магутны і незвычайны касцёл святых Пятра і Паўла. Храм быў узведзены ў 1875 годзе па загадзе князёў Чапскіх, якія на той час былі ўладальнікамі Жупранаў. Гэта даволі нетыповая пабудова: касцёл выглядае хутчэй як маленькая крэпасць, чым храм. Пры гэтым у ім ёсць і гэтая характэрная неагатычная накіраванасць уверх, і своеасаблівая выкшталцонасць. Да таго ж касцёл знаходзіцца на ўзвышшы, таму ўражвае яшчэ здалёк.

Дык вось, менавіта ў гэтым касцёле адпявалі класіка беларускай літаратуры Францішка Багушэвіча. А побач з храмам убачыш могілкі, дзе паэт пахаваны. Магіла Багушэвіча непадалёк ад уваходу — знайсці не складана.

 

 

Кушляны

54.45803, 26.19759

 

 

У Кушлянах знаходзілася радавое гняздо Багушэвічаў, а цяпер там размясціўся дом-музей паэта. Мы пакінулі наведванне Кушлянаў на завяршэнне нашага маршруту, але звярні ўвагу, што музей закрываецца ў 18:00 (выходны – панядзелак). Таму плануй час так, каб паспець прыехаць да закрыцця сядзібы. Можна таксама крыху памяняць маршрут: напрыклад, спачатку наведаць Кушляны, а затым ужо ехаць у Жупраны. Прыйдзецца зрабіць невялікі крук назад, затое сапраўды паспееш наведаць дом-музей Багушэвіча да закрыцця.

Маёнтак гэты належаў роду Багушэвічаў з 1749 года. Сам Францішак Багушэвіч правёў тут толькі апошнія гады свайго жыцця. У музеі на тэрыторыі сядзібы можна ўбачыць кабінет, дзе паэт працаваў. Там захоўваецца арыгінальная мэбля і рэчы, якімі карыстаўся класік, а таксама дакументы і старыя фота з сямейнага архіва Багушэвіча. А яшчэ ў Кушлянах ёсць арыгінальныя зборнікі вершаў «Дудка беларуская» і «Смык беларускі».

Прагуляйся і па тэрыторыі сядзібы: там вельмі зацішна. Абавязковая праграма – адшукаць камень-таемнік, дзе паэт хаваў свае рукапісы. На ім выбіты надпіс «Памяці Мацея Бурачка» – гэта псеўданім паэта. Паездка ў Кушляны – выдатнае завяршэнне гэтага медытатыўнага маршруту і нагода прыгадаць галоўную цытату Багушэвіча: «Не пакідайце ж мовы нашай беларускай, каб не умёрлі».

 

Пракаціцца па такім насычаным маршруце нам дапамог аўтамабільны брэнд Kia, надаўшы для паездкі мадэль Sportage.

Sportage ідэальны для падарожжаў не толькі ўдваіх, але і вялікай кампаніяй. Ён прасторны і ёмісты. А для пасажыраў задняга шэрагу ёсць адмысловыя прывілеі: рэгуляваныя спінкі і вялікая прастора для ног ствараюць асаблівы камфорт. Kia Sportage акурат выдатны кампаньён для падарожжаў у любую пару года: усярэдзіне аўтамабіля ўтульна і, пры неабходнасці, вельмі лёгка сагрэцца, нават калі надвор'е не цешыць цеплынёй і сонцам.

А яшчэ мы часта ездзім у зусім аддаленыя месцы, куды не заўсёды зручна дабірацца на грамадскім транспарце ці пешшу, таму раім скараць глыбінку на аўтамабілі. Kia Sportage пасуе для гэтага ідэальна: у аўто высокі дарожны прасвет, добрае тэхналагічнае начынне і іншыя фішкі. Таксама аўтамабіль вельмі магутны, але пры гэтым эканоміць паліва, што выдатна для вялікіх адлегласцяў, калі важныя хуткасць, кіравальнасць і экалагічнасць.

 

Тэкст – Юлія Міронава. Фота – palasatka. Пераклад на беларускую - Ліда Наліўка.

 

Общество с ограниченной ответственностью «Автопалас-М»
УНН:101516333

 

|

Маршруты

Аўтар:   34travel

  2650

hand with heart

Отблагодарить 34travel

Если наши материалы пригодились тебе в пути, сказать спасибо редакции можно, купив нам чашку кофе через Ko-fi. Всего пара кликов, никаких регистраций, комиссий и подписок. Спасибо, что ты с нами.

ЗАКИНУТЬ МОНЕТКУ

Чытай таксама

Месца тыдня: «музей пад адкрытым небам» Гальшаны

Мясціны, набрынялыя гісторыяй.

Маршрут: Крэва, Гервяты і сядзіба Агінскага за адну паездку

Выпраўляемся ў насычанае падарожжа на KIA Rio.

Маршрут: Ішкалдзь, Мір і возера Свіцязь за адну паездку

Едзем мясцінамі Радзівілаў і Міцкевіча на KIA Rio X-Line.

Цяпер на галоўнай

Менск

Лепшае, што ёсць у Менску, у новым гайдзе ад 34travel.

Як прайшоў Багач – галоўнае восеньскае свята беларусаў?

Будзь багаты, як восень!

Падкаст пра беларускую гастраномію: Экзотыка ў меню

Распавядаем пра моду на памаранчарні і нетыповыя прадукты ў Мінску 1920-х.

Падкаст пра беларускую гастраномію: Кава ці гарбата?

Гісторыя ўлюбёных напояў і традыцыйных дэсертаў.

9 мастацкіх музеяў і галерэй за межамі Менска

Пранізлівыя пейзажы, яскравыя маляванкі і нават манументальныя мазаікі.

Тут нават камяні жывыя. Этнограф – пра палескія традыцыі, якія захаваліся да нашых дзён

Міфалогія старажытнага беларуса, якую можна назіраць ужывую.

Забытая Беларусь: славутасці, якіх ужо няма

Спадчына, памяць пра якую застаецца толькі на малюнках.

Месца тыдня: Лынтупы

Касцёл, сядзіба і старыя могілкі.

Маршрут па беларускім Палессі: едзем у Пінск і ваколіцы

Унікальныя музеі народнай культуры, мясціны Напалеона Орды, загадкавыя пахавальні.

Паказаць больш Паказаць больш