Месца тыдня: «музей пад адкрытым небам» Гальшаны

|

Месца тыдня

|

Аўтар:   Юлия Миронова

|

  1461

Месца тыдня: «музей пад адкрытым небам» Гальшаны

Калі ты спіш і сніш, як бы дакрануцца рукой да якой-небудзь сцяны, што аж сочыцца гісторыяй, – мы цябе цудоўна разумеем. І прапануем махануць на выходных у Гальшаны і ваколіцы – там старадаўнасці й гісторыі столькі, што застанешся пад уражаннем надоўга. Руіны замкаў, касцёлы і манастыры, аўтэнтычная забудова, вусцішныя легенды ад мясцовых і спрэс імёны з падручнікаў гісторыі Беларусі – усяго прыкладна ў 120 кіламетрах ад Мінска знаходзіцца культурная спадчына, ад якой пырыць гонар. Збірайся!

 

З гісторыі


Гальшаны – невялікі аграгарадок у Гродзенскай вобласці з багатай гісторыяй і важкай спадчынай. Яго часцяком называюць «музеем пад адкрытым небам», і гэта абсалютна справядліва. У Гальшанах месціцца той самы «чорны замак Альшанскі» – магутнае радавое гняздо князёў Гальшанскіх, а затым – Сапегаў. Тут жа размясціўся барочны касцёл XVII стагоддзя, на плошчы захаваліся гандлёвыя рады ХІХ стагоддзя, а ўздоўж вуліц цягнецца тыповая жылая забудова таго ж перыяду. Да Другой сусветнай вайны большую частку насельніцтва Гальшанаў складалі габрэі. Тут жа была і сінагога, і габрэйскі банк, якія, на жаль, не захаваліся да нашых дзён.

 

 

 

 

Мястэчка не сапсаванае навабудамі, якія выбіваліся б з агульнага архітэктурнага аблічча, а планіроўка горада – дзве перпендыкулярныя вуліцы – не мянялася шматлікімі стагоддзямі. Усё гэта робіць Гальшаны вельмі аўтэнтычнымі – такое тыповае заходнебеларускае мястэчка.

Упершыню згадваецца горад у «Хроніках Быхаўца» ў 1280 годзе. Тады гэта было пасяленне князёў Гальшанскіх – вельмі шляхетнага роду тых часоў. Гальшанскія ўдзельнічалі ў Грунвальдскай бітве 1410 года, прымалі розныя лёсавызначальныя рашэнні ў жыцці ВКЛ і ўвогуле лічыліся значнымі палітычнымі дзеячамі. Менавіта з гэтага княскага роду паходзіла, напрыклад, Сафія Гальшанская – каралева Польшчы і жонка Ягайлы.

Першы перыяд росквіту Гальшанаў прыпаў на XIV–XV стагоддзі, калі горад быў цэнтрам удзельнага княства ВКЛ. У 1525 годзе князёўна Алена Гальшанская ўзяла шлюб з падканцлерам Вялікага Княства Літоўскага Паўлам Сапегам – і мясцовасць перайшла ва ўладанне Сапегаў. Менавіта пры Сапегах, у першай палове XVII стагоддзя, здарыўся пік развіцця мястэчка. Тады і быў адбудаваны вялізны замак, які знаходзіўся наводдаль ад самога населенага пункта, на ўзвышшы, і быў акружаны равамі з вадой. У той жа час у Гальшанах узвялі і касцёл францысканцаў, які, у адрозненне ад замка, цудоўна захаваўся да нашых дзён.

Згасаць паступова ўсё пачало пасля Паўночнай вайны са шведамі (пачатак XVIII стагоддзя), калі замак упершыню адчувальна пашкодзілі. Да таго ж у той час Паўла Сапегі ўжо не было сярод жывых, а замак дзялілі паміж сабой крэдыторы (апошні ўладальнік паспеў займець мора даўгоў). Без гаспадарскай рукі замак пакрысе занепадаў: частка яго так і засталася разбуранай, адзін з паверхаў разабралі на цэглу. Хаця цэнтральная частка будынка ўсё яшчэ заставалася жылой. Ну і як гэта часта бывала з важнымі архітэктурнымі каштоўнасцямі на тэрыторыі Беларусі – апошні ўдар замку нанеслі сусветныя войны. Пасля Другой сусветнай замак амаль разабралі на цэглу, каб узвесці гаспадарчыя пабудовы для калгаса. Ад былой велічы засталіся толькі разбураныя сцены, зарослыя быллём.
 

 

 

Што паглядзець цяпер?

 

Гальшанскі замак

Сёння ад Гальшанскага замка захаваліся адно руіны, і іх ужо немагчыма ўзнавіць, -- але нават яны ўражваюць сваімі маштабамі і даюць уяўленне пра тое, якімі размашыстымі былі ўладанні Гальшанскіх і Сапегаў. Месцяцца велічныя руіны крыху наводдаль ад жылых пабудоў: ідзі напрамкі вуліцай Савецкай – і выйдзеш да гэтых сцен, набрынялых гісторыяй.

У архітэктурным плане Гальшанскі замак нагадвае Мірскі – там таксама па вуглах былі выбудаваны вежы, а па перыметры размяшчаліся жылыя пакоі. Але ёсць і адрозненні: па-першае, Гальшанскі замак значна большы: памеры яго «квадрата» – 86 на 98 метраў (у Мірскага – 75 на 75 метраў); па-другое, замак у Гальшанах не меў такой абароннай сілы: яго сцены не такія тоўстыя, а вуглавыя вежы былі жылыя, а не фартыфікацыйныя, як у Мірскім. Фасад і вонкавае архітэктурнае ўбранне Гальшанскага замка больш нагадвалі палац, а абарончую функцыю тут неслі равы з вадой і ўзвышэнне, на якім знаходзіўся замак.

 

 

 

 

 

 

 

 

 

Інтэр'еры замка, відавочна, не захаваліся, але, мяркуючы па гістарычных звестках, яны былі вельмі багатыя: ляпніна, каміны, паркет і мармур, вялікія вокны ды іншыя радасці шыкоўнага жыцця. Мяркуецца, што ў замку была велізарная парадная квадратная зала з чатырма калонамі, упрыгожаная партрэтамі прадстаўнікоў княскіх родаў, зброяй і дарагой мэбляй. У палацы была і свая капліца – яе рысы праглядваюць з руін. Насупраць капліцы захавалася брама – адзіная ўязная арка ва ўнутраны двор замка.

Калісьці замак уключаў у сябе цэлых шэсць вежаў, але да нашых дзён дайшла толькі адна з іх. У ёй працуе музей, які расказвае гісторыю замка, а таксама аглядная пляцоўка. Астатнія руіны не чапалі – іх проста закансервавалі (і гэта нават да лепшага).


 

 

 

 

 

Касцёл францысканцаў і манастыр

Цэнтральная славутасць Гальшанаў, якая, да таго ж, выдатна захавалася, – касцёл францысканцаў. Ён быў узведзены ў XVI стагоддзі, але двойчы перабудоўваўся: у 1618 годзе, а таксама ў другой палове XVIІІ стагоддзя. Убачыш храм на ўездзе ў мястэчка. На ўваходзе ў касцёл усіх сустракае грунтоўная брама, збудаваная тут у самым пачатку ХІХ стагоддзя.

Касцёл вельмі прыгожы, і ў той жа час выглядае крыху аскетычна: тут няма вежаў і збыткоўнай ляпніны – даволі простая прамавугольная пабудова з барочным фігурным франтонам. Унутры касцёла захаваўся роспіс XVIІІ стагоддзя. Раней тут месціўся і надмагільны помнік Паўлу Сапегу, але пазней яго перавезлі ў музей НАН Беларусі.

Да храма далучаны былы манастыр францысканцаў. І менавіта тут, паводле легенды, блукае прывід той самай Белай Панны. А легенда вось якая: пры будаўніцтве манастыра адна з яго сцен увесь час падала. Тады муляры вырашылі ўмураваць у сцяну жанчыну – жонку, якая першай прынясе абед аднаму з працоўных. Так і зрабілі – пасля гэтага будоўля пайшла як на мазаных колах. Мясцовыя расказваюць, што ў 1997 годзе падвалы манастыра чысцілі і знайшлі пад адной са сцен жаночы шкілет. Яго вырашылі перапахаваць, але нешта пайшло не так, і астанкі загадкавым чынам разгубіліся. З таго часу ўсё і пачалося: Белая Панна і сёння, па чутках, перыядычна палохае сваімі выхадкамі мясцовых і заезджых гасцей. Зрэшты, нас Белая Панна не напалохала – і ты таксама не бойся!

 

 

 

Іншыя славутасці

Прыкладна насупраць касцёла францысканцаў знаходзіцца плошча з гандлёвымі радамі ХІХ стагоддзя – калісьці тут прапанавалі свае тавары мясцовыя рамеснікі і гандляры. Цяпер памяшканні крыху перабудавалі, але ўсё роўна іх выкарыстоўваюць паводле прызначэння – там месцяцца крамы.

На шляху ад касцёла да замка ўбачыш шчыльны шэраг цагляных жылых дамкоў – гэта і ёсць забудова ХІХ стагоддзя, якая захавалася літаральна ў першародным выглядзе. У гэтых крэпенькіх дамах дагэтуль жывуць людзі. Не даходзячы да руін замка, заўважыш невялікую гожую праваслаўную царкву святога Георгія, пабудаваную ў 1901 годзе. Яе блакітная вежа ўзвышаецца над навакольнай забудовай і вельмі гарманічна ўпісваецца ў архітэктурнае аблічча мястэчка.

 

 

Славутасці непадалёк ад Гальшанаў

 

 

 

 

 

 

Баруны

На шляху ў Гальшаны вельмі раім заехаць і ў вёску Баруны, дзе знаходзіцца ўражальны касцёл святых Пятра і Паўла 1757 года пабудовы. Да яго прымыкае манастыр базыльян канца XVIII стагоддзя, які, у адрозненне ад храма, выглядае злёгку запушчана.

Але сам касцёл – шыкоўны: з высокім выгнутым франтонам, усялякімі тыпова барочнымі кандэлябрамі і вытанчанай вежай збоку. Звярні ўвагу, што вежа толькі адна, то-бок будынак храма асіметрычны. Каля касцёла знаходзіцца і такая ж «паветраная» званіца.

На ўскраіне Барунаў знаходзяцца могілкі, дзе пахаваныя салдаты Першай сусветнай. Калі табе даспадобы такія славутасці – зазірні.

 

 

 

 

 

 


Крэва

Ну і проста грэх не заскочыць дарогаю ў Крэва, дзе ўзвышаюцца руіны Крэўскага замка, які збудаваў у XIV стагоддзі літоўскі князь Альгерд. Вось гэта, у адрозненне ад палаца ў Гальшанах, быў сапраўдны абарончы замак – са сценамі таўшчынёй 2,5 метра, вузкімі вокнамі-байніцамі і глыбокім ровам вакол. Менавіта тут распрацоўвалася Крэўская унія і менавіта ў гэтым замку крыху раней па загадзе Ягайлы быў задушаны князь Кейстут – сыну Кейстута Вітаўту тады ўдалося ўцячы. У гэтым месцы столькі гісторыі і так шмат падзей адбывалася потым, што двума словамі і не раскажаш!

Разбіла замак Першая сусветная: менавіта на лініі Смаргонь – Крэва адбылося апошняе магутнае наступленне расійскай арміі. Замку гэта далося цяжка – ён быў моцна разбураны і паступова пачаў ператварацца ў руіны. У такім стане ён знаходзіцца і сёння. Цяпер, праўда, у Крэўскім замку вядуцца актыўныя работы, накіраваныя на захаванне таго, што засталося. Апошнія 10 гадоў тут ладзяць летнікі па падтрыманні замка, а з 2018 года ўлады займаюцца кансервацыяй руін.

 

 

 

Як дабрацца?


Калі едзеш з Мінска ў Гальшаны машынай – траса М6 (а далей М7) табе ў дапамогу. Спачатку павернеш на Крэва, дарогай заскочыш у Баруны, яшчэ крыху – і ты ў Гальшанах. Агульная адлегласць ад Мінска да Гальшанаў – 123 км.

Калі рушыш грамадскім транспартам, зручней за ўсё будзе дабрацца да Ашмянаў. Адтуль у Гальшаны ходзяць аўтобусы.

 

Тэкст: Юлія Міронава. Пераклад: Ліда Наліўка. 

Фота: palasatka

|

Месца тыдня

Аўтар:   Юлия Миронова

  1461

hand with heart

Отблагодарить 34travel

Если наши материалы пригодились тебе в пути, сказать спасибо редакции можно, купив нам чашку кофе через Ko-fi. Всего пара кликов, никаких регистраций, комиссий и подписок. Спасибо, что ты с нами.

ЗАКИНУТЬ МОНЕТКУ

Чытай таксама

Месца тыдня: Сядзіба Путкамераў у Больценіках

Мясціны Міцкевіча.

Месца тыдня: Лынтупы

Касцёл, сядзіба і старыя могілкі.

Касарычы: як уладкаваная вёска, якая мае будучыню

Як ажывіць вёску ў «мядзведжым куце».

Месца тыдня: Менскае гарадзішча

Гарадскія валы, якім тысяча гадоў.

Месца тыдня: спадчына Радзівілаў у Паланечцы

Гуляем па закінутым палацы Радзівілаў, любуемся драўляным касцёлам і шукаем руіны старажытнага вадзянога млына.

Месца тыдня: сядзіба Булгакаў у Жылічах

Убачыць палац у Жылічах – і ачмурэць ад размаху.

Цяпер на галоўнай

Менск

Лепшае, што ёсць у Менску, у новым гайдзе ад 34travel.

Як прайшоў Багач – галоўнае восеньскае свята беларусаў?

Будзь багаты, як восень!

Падкаст пра беларускую гастраномію: Экзотыка ў меню

Распавядаем пра моду на памаранчарні і нетыповыя прадукты ў Мінску 1920-х.

Падкаст пра беларускую гастраномію: Кава ці гарбата?

Гісторыя ўлюбёных напояў і традыцыйных дэсертаў.

9 мастацкіх музеяў і галерэй за межамі Менска

Пранізлівыя пейзажы, яскравыя маляванкі і нават манументальныя мазаікі.

Тут нават камяні жывыя. Этнограф – пра палескія традыцыі, якія захаваліся да нашых дзён

Міфалогія старажытнага беларуса, якую можна назіраць ужывую.

Забытая Беларусь: славутасці, якіх ужо няма

Спадчына, памяць пра якую застаецца толькі на малюнках.

Месца тыдня: Лынтупы

Касцёл, сядзіба і старыя могілкі.

Маршрут па беларускім Палессі: едзем у Пінск і ваколіцы

Унікальныя музеі народнай культуры, мясціны Напалеона Орды, загадкавыя пахавальні.

Паказаць больш Паказаць больш