Маршрут: Крэва, Гервяты і сядзіба Агінскага за адну паездку

|

Маршруты

|

Аўтар:   34travel

|

  2545

Маршрут: Крэва, Гервяты і сядзіба Агінскага за адну паездку

Працягваем даследаваць Беларусь разам з аўтамабільным брэндам Кia. Гэтым разам мы заскочылі ў навюткі Kia Rio ў камплектацыі Red Line і пракаціліся насычаным маршрутам на захад ад Менска. Тут табе і старажытныя руіны, якія дыхаюць гісторыяй, і велічныя храмы, і багатая сядзіба з паркам ды аранжарэяй. Паехалі!


Маршрут: Крэва – Наваспаск – Залессе – Солы – Гервяты

Агульная працягласць маршруту – прыкладна 350 км. Самы зручны спосаб перасоўвання – падарожжа на аўто. Не забудзь захапіць з сабой снэкі – мы падкажам, дзе дарогаю можна зладзіць варты пікнік.

 

Крэва

Смаргонскі раён Гродзенскай вобласці

 

 

Выязджаем з Менска па М6 і кіруемся на Крэва. Сёння гэта невялікае зацішнае мястэчка ў Смаргонскім раёне, а калісьці яно было адным з ключавых пунктаў на мапе ВКЛ і сапраўдным цэнтрам палітычнага жыцця.

У XIV стагоддзі тут стаяў магутны замак, ад якога засталіся адно руіны. Гэта быў першы каменны замак на тэрыторыі ўсяго княства – і чаго ён толькі не пабачыў на сваім вяку! У 1382 годзе ў сутарэннях замка задушылі князя Кейстута, аднаго з галоўных прэтэндэнтаў на велікакняскі трон. У 1385-м тут падпісалі Крэўскую унію, паводле якой Ягайла стаў яшчэ й польскім каралём. Наступныя некалькі стагоддзяў на замак нападалі то татарскія войскі, то маскоўскія, але дабіла яго Першая сусветная вайна: менавіта на лініі Смаргонь – Крэва адбыўся апошні моцны наступ расійскай арміі. У 1929 годзе рэшткі Княскай вежы закансервавалі, а цяпер у замку вядуцца работы, каб захаваць тое, што ад яго засталося.

Акрамя маляўнічых руін, у Крэве варта паглядзець строгую царкву Аляксандра Неўскага, якую ўзвялі на высокім пагорку ў 1854 годзе. Праўда, храм моцна пацярпеў падчас Першай сусветнай, а аднавілі яго толькі ў 50-х гадах мінулага стагоддзя. Яшчэ адна істотная славутасць мястэчка – касцёл Перамянення Гасподняга. У сучасным выглядзе яго пабудавалі не так даўно, але першы каталіцкі храм існаваў тут яшчэ ў 1380-х.

 

 

Наваспаск

Смаргонскі раён Гродзенскай вобласці

 

 

З Крэва складаем маршрут на Залессе. Дарогаю заедзем у мястэчка Наваспаск – там стаяць суворыя руіны Спаса-Праабражэнскай царквы. Лёс яе, вядома, быў няпросты. Паводле адной з версій, царкву збудавалі яшчэ ў XVII стагоддзі, а паводле іншай – у 1808 годзе. Яе ўзводзілі ажно 35 гадоў сіламі польскага пана Букатага і пабудавалі магутны храм з тоўстымі сценамі, багатым убранствам з бурштынавымі мазаікамі і таемнымі падземнымі хадамі. Гавораць, Букаты вельмі хацеў, каб яго царква стаяла вечна, таму пакінуў унутры тайнік з грашыма на будучы рамонт і нават падрабязны каштарыс выдаткаў. Скарб дагэтуль не знайшлі, таму ты яшчэ маеш шанец.

У руіны царква ператварылася падчас Першай сусветнай вайны – як мы ўжо гаварылі, Смаргонь і ваколіцы аказаліся проста на лініі агню. Храм у Наваспаску стаяў на пагорку і таму быў важнай стратэгічнай пазіцыяй: яго спрабавалі захапіць войскі абодвух бакоў, каб мець магчымасць назіраць за ворагам звысоку. Калі расійскім войскам удалося заняць царкву, званіцы моцна дасталася ад нямецкай артылерыі. Такога націску храм не вытрымаў, а пасля вайны яго так і не аднавілі.

 

 

Залессе

Смаргонскі раён Гродзенскай вобласці

 

 

Наступны пункт нашае вандроўкі – сядзіба Агінскага ў Залессі. Род валодаў гэтымі землямі яшчэ з пачатку XVIII стагоддзя. Калі яны перайшлі да Міхала Клеафаса, маёнтак складаўся з драўлянай сядзібы і некалькіх гаспадарчых пабудоў. Міхал удзельнічаў у паўстанні Касцюшкі, а калі яно зазнала паразу, кампазітару давялося часова пакінуць краіну. У 1802 годзе ён вярнуўся ў Залессе і разгарнуў бурлівую дзейнасць – пачаў будаваць выкшталцоны каменны палац. Праца заняла амаль 20 гадоў, і ў выніку на месцы драўлянай сядзібы з’явіўся новы будынак у класічным стылі – з калонамі, святочным парадным уваходам і багатай аранжарэяй экзатычных раслін.

Гавораць, менавіта ў Залессі Агінскі напісаў свой галоўны паланэз. Гэта і не дзіўна – мясціны тут дзівоснай прыгажосці. Вакол сядзібы раскашуе англійскі парк – ідэальнае месца для пікніка with a view. Да слова, нават калі вы падарожнічаеце вялікай сям’ёй, усе лёгка змесцяцца ў вялікім багажніку Kia Rio Red Line.

У больш спакойныя часы ў адрэстаўраваным будынку сядзібы працуюць музей і ўтульная кавярня. А пакуль можна паблукаць уздоўж паркавых ручаінак пад іх мірнае цурчанне ды перавесці дух перад наступным рыўком.

 

 

Солы

Смаргонскі раён Гродзенскай вобласці

 

 

Архітэктурная дамінанта мястэчка Солы – мадэрновы касцёл Маці Божай Ружанцовай, вядома. Храм яшчэ даволі малады, яго збудавалі толькі ў пачатку 30-х гадоў ХХ стагоддзя. Каменны касцёл узвялі на месцы драўлянага, які існаваў у Солах ажно з 1589 года. Як часта здараецца з такімі пабудовамі, ён некалькі разоў гарэў і ўзнаўляўся. Новы храм будавалі паводле праекта архітэктара Дубановіча на ахвяраванні прыхаджан і патрацілі нечуваную суму – больш за паўмільёна злотых. Затое якая прыгажосць атрымалася! Пернікавы, шыкоўна ўбраны касцёл выглядае зусім не тыпова для культавай пабудовы. Фасад храма ўпрыгожаны гуллівымі завіткамі, а сцены і скляпенні распісаныя маляўнічымі фрэскамі, якія расказваюць цэлыя гісторыі з мноствам сюжэтных ліній. Аднак звярні ўвагу, што зазвычай касцёл адкрыты толькі ў час богаслужэнняў, а пахадзіць па ім у іншы час так проста не атрымаецца.

 

 

Гервяты

 Астравецкі раён Гродзенскай вобласці

 

 

Нарэшце збіраемся з сіламі і рушым да кульмінацыі нашага маршруту. Наладжвай навігатар на Гервяты, там наша мэта, вядома, Троіцкі касцёл. Месца, дзе сэрцайка мружыцца, а вочы пачынаюць слязіцца ад неймавернай прыгажосці.

Адзін з самых высокіх (61 метр!) храмаў у Беларусі ўзвялі на месцы драўлянага касцёла XVI стагоддзя ў 1903 годзе. Будоўля была звышмаштабная: адмыслова для яе арганізавалі цагельню, па ўсіх ваколіцах збіралі яйкі (іх дадавалі ў вапнавую рошчыну, каб яна была мацнейшай), а якасную дахоўку прыводзілі наўпрост з Германіі.

Зграбныя лініі, што імкнуцца ўверх, стральчатыя вокны і спічастая званіца – у архітэктурным плане гэта эталонная неаготыка, а яе ў чыстым выглядзе ў Беларусі нячаста сустрэнеш. Вакол касцёла – дагледжаны парк з рэдкімі відамі раслін і скульптурамі апосталаў, дзе прыемна пагуляць і адпачыць пасля насычанага ўражаннямі дня.

 

Фота: Kia

Стварыць гэты матэрыял нам дапамог аўтамабільны брэнд Кia, узычыўшы для паездкі мадэль Кia Rio ў камплектацыі Red Line.

Камфортныя і надзейныя аўтамабілі Кia выдатна пасуюць да падарожжаў роднай краінай. У Kia Rio Red Line выдатная кіравальнасць, па-сапраўднаму ёмісты багажнік і камплектацыя, якая прыемна здзівіць і дасведчаных кіроўцаў. Мы раім прыгледзецца да гэтай мадэлі ў якасці першага аўтамабіля ці першага новага аўтамабіля.

Наперадзе лета, а значыць – багата паездак па Беларусі, у якіх Кia Rio можа стаць сапраўды надзейным паплечнікам. Тым больш ён так арганічна і стылёва глядзіцца на фоне архітэктурных скарбаў. Іншыя ідэі для вандровак па Беларусі ты можаш паглядзець у нашым спецпраекце «Немалая радзіма», які мы зрабілі разам з Кia.

 

Тэкст – Аляксандра Мурашка. Пераклад – Ліда Наліўка.

Фота – palasatka

Общество с ограниченной ответственностью «Автопалас-М»
УНН:101516333

|

Маршруты

Аўтар:   34travel

  2545

hand with heart

Отблагодарить 34travel

Если наши материалы пригодились тебе в пути, сказать спасибо редакции можно, купив нам чашку кофе через Ko-fi. Всего пара кликов, никаких регистраций, комиссий и подписок. Спасибо, что ты с нами.

ЗАКИНУТЬ МОНЕТКУ

Чытай таксама

Маршрут: Ішкалдзь, Мір і возера Свіцязь за адну паездку

Едзем мясцінамі Радзівілаў і Міцкевіча на KIA Rio X-Line.

Едзем на Viva Braslav: 10 мясцінаў, якія варта ўключыць у свой маршрут

Велічныя храмы, некалі багатыя сядзібы і цэлы пачак прыродных прыгажосцяў.


 

Маршрут па беларускім Палессі: едзем у Пінск і ваколіцы

Унікальныя музеі народнай культуры, мясціны Напалеона Орды, загадкавыя пахавальні.

Маршрут: Гальшаны, Ашмяны і мясціны Багушэвіча за адну паездку

Ціхія мясціны з гісторыяй і цудоўнымі краявідамі.

10 класных месцаў у межах 50 км ад Менска

Разнастайныя ідэі для кароткай вандроўкі са сталіцы.

Маршрут: Едзем у Будслаў і ваколіцы

Таямнічыя старажытныя помнікі, прыўкрасныя храмы і велічны парк.

Цяпер на галоўнай

Менск

Лепшае, што ёсць у Менску, у новым гайдзе ад 34travel.

Як прайшоў Багач – галоўнае восеньскае свята беларусаў?

Будзь багаты, як восень!

Падкаст пра беларускую гастраномію: Экзотыка ў меню

Распавядаем пра моду на памаранчарні і нетыповыя прадукты ў Мінску 1920-х.

Падкаст пра беларускую гастраномію: Кава ці гарбата?

Гісторыя ўлюбёных напояў і традыцыйных дэсертаў.

9 мастацкіх музеяў і галерэй за межамі Менска

Пранізлівыя пейзажы, яскравыя маляванкі і нават манументальныя мазаікі.

Тут нават камяні жывыя. Этнограф – пра палескія традыцыі, якія захаваліся да нашых дзён

Міфалогія старажытнага беларуса, якую можна назіраць ужывую.

Забытая Беларусь: славутасці, якіх ужо няма

Спадчына, памяць пра якую застаецца толькі на малюнках.

Месца тыдня: Лынтупы

Касцёл, сядзіба і старыя могілкі.

Маршрут па беларускім Палессі: едзем у Пінск і ваколіцы

Унікальныя музеі народнай культуры, мясціны Напалеона Орды, загадкавыя пахавальні.

Паказаць больш Паказаць больш