Віцебск

|

Гайды

|

Аўтар:   34travel

|

  16073

Віцебск – радзіма Шагала і Цадкіна. Гэта горад на трох рэчках і пяці ландшафтных ярусах, куды едуць па дух старога брык-стайлу, утульнасць пешаходнай вуліцы і канцэрты ў невялікіх клубах. Некалі Віцебск абараняў усходнія межы Полацкага княства, Вялікага Княства Літоўскага і Рэчы Паспалітай, тут жылі беларусы, латышы, палякі, габрэі і рускія. У сваім новым адраджэнні на пачатку ХХ стагоддзя горад узняў сцяг з профілямі Шагала і Малевіча на ім і ўзяўся ствараць новы брэнд: Віцебск – гэта, вядома, горад мастакоў. Лаві абноўлены гайд па горадзе, які мы зрабілі разам з МТС.

 

 Змест гайда: 

Транспарт  /  Жытло  /  Культурная праграма
Кава  /  Ежа  /  Бары  /  Info

 

 

Дабрацца да Віцебска няцяжка. Адтуль да Магілёва – 180 км, да Гомеля – 340, да Горадні – 550, да Берасця – 660, да сталіцы – 300 км камфортных дарог.

З Менска ў Віцебск ад шостай гадзіны раніца і да адзінаццатай вечара ходзяць шэсць прамых цягнікоў. Квіткі шукай на сайце Беларускай чыгункі. Калі ёсць выбар, раім колісь «фірмовы» цягнік №704Б. У хуткасных сучасных вагонах №№ 711Б/712Б, 703Б/704Б, 713Б/714Б ёсць кандыцыянеры і Wi-Fi.

Аўтобусы і маршруткі выпраўляюцца з менскага Цэнтральнага аўтавакзала, ідуць 4-5 гадзін у залежнасці ад таго, куды заязджаюць па маршруце.

Таксама кожныя гадзіну-паўтары з 6 да 23 са сталіцы і назад адпраўляюцца прыватныя мікрааўтобусы. Гэтыя едуць з адзіным прыпынкам і, часцей за ўсё, далятаюць за 3,5 гадзіны.

 

 

За адзін прыпынак ад вакзала маецца гатэль «Губернскі» (вул. Камсамольская, 11-5). Можна замовіць сняданак, тут ёсць свой рэстаран, утульны ціхі двор і самі нумары даволі «еўрапейскія» (€ 15 – 1-месны ў блоку, € 30 – 2-месны ў блоку).

Яшчэ бліжэй да вакзала гасцініца «Залатое цяля» (вул. Беларуская, 6а). Сярод пераваг – дом-музей Марка Шагала ўсяго ў пяці хвілінах хады. Нумары ў сучасным стылі, ёсць свой бар з боўлінгам, більярдам і дартс. Двухмесны нумар – € 20.

На беразе Дзвіны, у ціхай зялёнай зоне, ёсць гасцініца «Ветразь» (пр. Чарняхоўскага, 25/1). Цана – € 22 за двухмесны нумар. Месца для аматараў пашпацыраваць – да старога горада тут 15 хвілін пехатою, затое побач лінія знакамітага віцебскага трамвая. Дарэчы, самая старая ў Беларусі.

Маленькая гасцініца Smart Boutique Hotel (вул. Суворава, 11) знаходзіцца ў самым цэнтры, у будынку ХІХ-ХХ стагоддзя. Тут ёсць свой рэстаран, для гасцей накрываюць сняданкі, але месца небюджэтнае – нумар на дваіх ад € 55.

У завулку пешаходнага цэнтра размясціўся «Хостэл Х.О.» (вул. Суворава, 10/2). Звычайныя ўмовы для фармату «прыехаць – пераночыць – з'ехаць», у пакоях – ад 2 да 12 чалавек. Перавагі – ціхмяны дворык, побач кавярні і самы цэнтр. € 4 за ложак у пакоі на 12 месцаў, € 6 – за нумар з двума ложкамі.

У лабірынце прывакзальных вуліц, сярод старых дамоў схаваны хостэл «На Кастрычніцкай» (вул. Кастрычніцкая, 10). Цана за ложак у 6-месным нумары – € 5, за нумар з двума ложкамі – € 12, ёсць дворык, сілоўня і саўна з басейнам. Па суседстве – адзіны ў Беларусі дом у стылі латгальскага барока (вул. Кастрычніцкая, 13).

Самыя знакамітыя віцебскія гатэлі – «Эрыдан» (вул. Савецкая, 21-17), € 25 за нумар на дваіх, «Лучоса» (пр. Будаўнікоў, 1), € 21, і «Віцебск» (вул. Замкавая, 5/2а), € 20.

Кватэры на суткі ў горадзе прапануюцца сотнямі. У дапамогу «Из рук в руки», Vitebsk.kvartiranasutki.by, realt.by, Kufar.by.

 

 

 

Цэнтр Віцебска з асноўным наборам славутасцяў можна абысці пешшу, транспарт не спатрэбіцца. Праграма-стандарт пачынаецца з прагулкі на плошчы Тысячагоддзя. Тут паглядзі рэканструкцыю храма Дабравесця – першага каменнага будынка ў Віцебску. Дакрануцца да 900-гадовым камяням можна там, дзе няма тынкоўкі. Усё вышэй – рэканструкцыя 1998 года. Побач з храмам – камень у гонар 2000-годдзя хрысціянства. На ім наўпоблізь разглядзі незвычайны герб Віцебска: профіль Спаса, то-бок галавы Хрыста, з мячом пад ім – «красным что ся имеет понимать кровавым».

Кіруемся па прыгожым высокім беразе Дзвіны да тэатр імя Якуба Коласа, адкуль пачынаецца доўгая пешаходная зона. За мостам справа стаяў дом, дзе жыў пісьменнік Лазар Лагін, аўтар «Старога Хатабыча».

Высокая лесвіца вядзе наверх, да самага вялікага віцебскага храма – Успенскага сабора (вул. Камісара Крылова, 9), але, не даходзячы да яе, лепей збочыць управа, на вуліцу Талстога, з яе забудовай канца ХІХ – пачатку ХХ стагоддзя. На месцы «Мікалаеўскага хутарка» раней быў дом лекара Карла фон Гібенталя. Скульптар-аматар, ён прыдумаў выкарыстоўваць гіпс у медыцынскіх мэтах, але на дварэ стаяў 1812-ы, і вынаходства закінулі на сорак гадоў.

На Ратушнай плошчы паглядзі на ўласна Ратушу з гадзіннікам (вул. Леніна, 36) – аўтэнтычны будынак XVIII стагоддзя. Шыкоўны прыклад віленскага барока – Васкрасенская царква (вул. Суворава, 2), адноўленая па ўзоры знішчанай у 1930-х. Насупраць месціцца гонар кожнага віцьбіча – конны помнік вялікаму князю Альгерду.

Гістарычная вуліца Узгорская зараз носіць назву Суворава. Рагавы будынак №3, які лёгка пазнаць па шпілі «з булавой», абвешаны мемарыяльнымі шыльдамі. Тут раней знаходзіўся Віцебскі мастацкі тэхнікум. Да Другой сусветнай вайны ў ім атрымліваў мастацкую адукацыю Васіль Быкаў. Будучы пісьменнік спачатку вучыўся на жывапісным аддзяленні, а потым яго і некаторых ягоных аднакурснікаў перавялі загадам дырэктара на скульптурнае. Майстэрні размяшчаліся ў падвале, іх вокны і цяпер можна разглядзець. Памятная шыльда Васілю Быкаву – крайняя справа.

Назву вуліцы Крылова мясцовыя атаясамліваюць з прозвішчам рускага байкапісца, але насамрэч яна названа так у гонар камісара. Гэта адзіная вуліца, якая захавала ўвесь старажытны ансамбль. Таму ў 2012 годзе Аляксандр Міта здымаў тут мастацкі фільм «Шагал-Малевіч». На будынку №2 вісіць памятная дошка Мікалаю Каспяровічу, аднаму з заснавальнікаў краязнаўства ў Беларусі. У доме адваката Валковіча (вул. Крылова, 10) за часам Расійскай імперыі збіраліся мясцовыя масоны, а насупраць, у будынку №7, як і ў XIX стагоддзі, знаходзіцца праваслаўнае духоўнае вучылішча.

Каля трэцяга дома па вуліцы Крылова выявіш цікавы арт-аб'ект «Сідзейка» – інтэрактыўная лаўка аўтарства віцебскага музыканта і кампазітара Яўгена Палавінскага. Сядзенне і спінка лавы падзеленыя на 256 дэталяў, іх можна круціць незалежна адно ад аднаго. Мала каму ўдаецца на «Сідзейцы» проста пасядзець, бо з яе элементаў можна медытатыўна збіраць карціны віцебскіх мастакоў – па прынцыпе пазла.

Вуліца Крылова заканчваецца рэканструкцыяй велічнага Успенскага сабора. На момант далучэння Віцебска да Расійскай імперыі тут не было праваслаўных храмаў. Новым адміністратарам не было дзе маліцца, таму самы вялікі з уніяцкіх сабораў хуценька адпісалі новым гасцям. Храм узарвалі ў 1936-м, аднавілі ў 2000-х. А вось былы базыльянскі манастыр за храмам (вул. Путна, 2) – аўтэнтычная пабудова XVIII стагоддзя. Дарэчы, 5 лютага 1898 года ў ім адбыўся першы на беларускіх землях кінасеанс.

Алея вуліцы Путна прывядзе ў сквер 1812 года. Тут самае цікавае – будынак былой дваранскай сядзібы і палаца губернатараў (вул. Савецкая, 18) у стылі класіцызму. Французскі імператар Напалеон правёў у ім два тыдні: прывітаў парад з балкона, адсвяткаваў свой дзень нараджэння і прыняў найгоршае ў жыцці рашэнне – ісці на Маскву.

У цэнтры парка – манумент у памяць пра бітву пад Віцебскам летам 1812 года. Гранітная стэла пашкоджаная, але не вандаламі, а бамбардзіроўкамі Другой сусветнай. Замыкае сквер Віцебскае музычнае вучылішча з помнікам Івану Салярцінскаму і арт-цэнтр Марка Шагала (не блытаць з домам-музеем, які цераз раку).

Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Якуба Коласа (вул. Замкавая, 2) абавязковы да наведвання, калі ты прыязджаеш у сезон, таму глядзі афішу. Тэатр «Лялька» (вул. Пушкіна, 2) маленькі, білеты дастаць няпроста, але, наведаўшы, дакладна не пашкадуеш. Каля тэатра лялек сустрэнеш скульптуру старога Хатабыча.

Аматарам паглыбленай праграмы раім пагуляць па раёне Задзвіння на другім – процілеглым ад гістарычнага цэнтра – беразе. Тут знаходзіцца цэнтр народных рамёстваў і аплот віцебскіх клубаў гістарычнай рэканструкцыі (вул. Чайкоўскага, 5). У Задзвінні можна паглядзець саляныя склады XVIII стагоддзя (вул. Чайкоўскага, 3), прыжыццёвы помнік беларускаму і польскаму касманаўтам Пятру Клімуку і Міраславу Гермашэўскаму (у скверы насупраць вул. Дзімітрава, 32), былыя габрэйскія кварталы з чырвонымі стогадовымі будынкамі: вуліцы Красіна, Рэвалюцыйная, Пакроўская, Савецкай арміі. На скрыжаванні апошніх трох – помнік віцебскаму мастаку №1 Марку Шагалу. Непадалёк стаіць віцебскі піўзавод (вул. Ільінскага, 25а), пра які яшчэ Маякоўскі гаварыў, там жа разліваюць свежае піва на вынас.

Аматарам неаготыкі варта дабрацца да касцёла Святой Барбары (вул. Ленінградская, 27). Абыдзі яго вакол, каб адчуць сапраўдны прафесіяналізм рэстаўрацыі пачатку 1990-х. Камяні ў падмурку храма – надмагіллі са знішчаных у савецкі час каталіцкіх могілак.

Асобны пункт для паломніцтва – віцебскі «Баухауз», былы будынак Вышэйшай народнай мастацкай вучэльні, заснаванай Шагалам, і майстэрняў УНОВІС (вул.Шагала, 5а). У 1920-х тут сабраліся найлепшыя фігуры авангарду, у тым ліку Малевіч, Лісіцкаг і Ермалаева. Цяпер гэта сучасны музей з адноўленымі па фота кабінетамі Шагала і Малевіча, майстэрні Лісіцкага і плакатам «Клінам чырвоным бі белых», выкладзеным проста на гранітнай падлозе. Па месцах УНОВІСа ў Віцебску ў нас ёсць асобны маршрут!

Фатографам можа спадабацца атмасфера двароў па вул. Кастрычніцкай, 13, Чэхава, Савецкай арміі, перспектыва Энгельса, нетынкаванае зацішша вуліцы Мічурына, індастрыял за віцебскім амфітэатрам і галоўнай пірамідай «Марка-сіці». А таксама графіці-партрэты знакамітасцей ад тусоўкі HoodGraff і feelmyskill, творы Продка, УРЫ, Ізюма. Графіці можна знайсці і ў цэнтры горада. У двары на Суворава, 28, адлюстравалі Марка Шагала, а ў двары насупраць знойдзеш яшчэ дзве цікавыя працы розных аўтараў. Мурал Bazinato можна ўбачыць на Кастрычніцкім праездзе – на гэтай невялікай вуліцы наогул што ні двор, то мастацтва.

Калі ты тафафіл, раім наведаць віцебскія могілкі: Стараабрадніцкія (3-я вуліца Азіна і 1-я Прыгарадная вуліца), Старасямёнаўскія (вул. 7-я Полацкая), дзе пахаваны вядомы беларускі мастак, настаўнік Шагала Юдаль Пэн, і Стара-Уланавіцкія (канец 2-га Лагернага завулка), ці, як яго часта называюць, Габрэйскія. Тут пахаваны бацькі Шагала, дзед і бабка Самуіла Маршака ды іншыя вядомыя людзі. Гэтыя некропалі неймаверна атмасферныя і пераносяць у мінулае адразу на ўваходзе.

Маленькі Дом-музей Марка Шагала (вул. Пакроўская, 11) – гэта must see. Тут мастак правёў дзяцінства і юнацтва. Абавязкова бяры мясцовую экскурсію, гід там проста неймаверны! У арт-цэнтры Марка Шагала (вул. Савецкая 25), які стаіць за Дзвіной, экспануюцца работы майстра і блізкія па духу.

У Ратушы размяшчаецца Віцебскі абласны краязнаўчы музей (вул. Леніна, 36) – тут сабраная гісторыя горада: археалогія, скарбы, прырода, вайна. На вежы – аглядная пляцоўка з цудоўным відам, адкрытая ў цёплы час года. Мастацкі музей (вул. Леніна, 32) – найлепшы ў горадзе для індывідуальнага наведвання, са зборам беларускага і рускага жывапісу, калекцыяй Пэна – першага настаўніка Шагала – і выставамі мэтраў віцебскай мастацкай школы.

Віцебскі цэнтр сучаснага мастацтва мае вялікую залу на плошчы Перамогі (вул. Белабародава, 5). Тут рэгулярна праходзяць выставы, кінапаказы, прэзентацыі – сачы за афішай. Яшчэ адзін пункт на мапе «сучмаста» ў Віцебску – прастора на Талстога, 7. Стары будынак у цэнтры горада нагадвае эксперымент: памяшканні выдаюцца творцам і ініцыятывам для рэалізацыі ідэй.

Па сувеніры ідзі ў крамку «Фэст» (вул. Суворава, 5) і прыватную галерэю «Сцяна» (вул. Леніна, 16). Месца адкрылі мастакі ў былых майстэрнях. Калі ты прыходзіш з сур'ёзным намерам падтрымаць віцебскае мастацтва, то табе зладзяць добры экскурс па аўтарах і творах, якія там можна прыкупіць. У цёплы час года многіх майстроў можна сустрэць на пешаходнай вуліцы Суворава. А сувеніры ў стылі УНОВІС можаш купіць у музеі гісторыі ВНМВ.

Знакавая лакацыя для мясцовых – «Сіні дом» (вул. Леніна, 28): ля яго звычайна прызначаюць сустрэчы, і нават у тыя некалькі гадоў, калі дом быў белым, жыхары горада ўсё роўна называлі яго «Сінім домам», «сінькай». Урэшце дому вярнулі гістарычны сіні колер, насычаны, як на карцінах Шагала. Побач убачыш «віцебскія піраміды» – гэта гандлёва-забаўляльны цэнтр. Калі паднімешся на верхавіну вялікай піраміды, знойдзеш майстэрні мастакоў, патрапіш на якую-небудзь выставу і зможаш палюбавацца відам на амфітэатр і Стары горад.

Прагуляйся па парку Пераможцаў ля Заходняй Дзвіны. Будзе настрой – пракаціся на коле агляду, але фантастычных відаў не чакай. Вышыня кола – 30 метраў, поўны круг займае ўсяго 7 хвілін. Зверху ўбачыш прычал, ад яго арганізуюць 50-хвілінныя рачныя прагулкі да парку Мазурына ці да музея-сядзібы Іллі Рэпіна «Здраўнёва». Цеплаходы курсуюць з траўня па верасень. У парку Мазурына можна ўзяць напракат ровары, наведаць вяровачны парк, атракцыёны, кавярні. Вярнуцца ў горад можна цеплаходам ці грамадскім транспартам.

У віцебскай філармоніі (вул. Леніна, 69) часам арганізуюць канцэрты на вуліцы, а побач з ёй размяшчаецца батанічны сад. Сад невялікі, але для прагулкі ў тым раёне – добрае месца. Рэкамендуем прайсціся праз сад да Акадэміі ветэрынарнай медыцыны (1-я вул. Даватара, 7/11). У яе галоўным эклектычна-мадэрнавым корпусе раней працаваў пазямельна-сялянскі банк. Франтон галоўнага ўваходу ўпрыгожвае мазаічнае маёлікавае пано са стылізаваным гербам Віцебскай губерні.

Калі плануеш ехаць у Віцебск з дзецьмі, якім жывапіс і архітэктура пакуль не тое каб цікавыя, дапамогуць забаўляльныя цэнтры. Недалёка ад плошчы Перамогі знаходзіцца цэнтр Boom (вул. Белабародава, 3, ГЦ «Беларусь») з чыгункай, горкамі, батутамі, скаладромамі, аўтадромам і відэагульнямі. У раёне Задзвіння можна зайсці ў дзіцячы цэнтр Misteria (вул. Ганчарная, 11, ГЦ «Карона») са стандартным наборам забаў для дзяцей і кавярняў. Крыху далей ад цэнтра размяшчаецца Hero park (пр-т Будаўнікоў, 15В, ГЦ «Трыа»). У ГЦ «Эвіком» (пр. Фрунзэ, 81, к. 33) знаходзіцца Z-park і цэнтр забаў для самых маленькіх «Падабайка». У гэтым гандлёвым цэнтры пануе асаблівая кірмашовая атмасфера: можна падсілкавацца шаўрмой і купіць прадукты і рэчы з Усходу.

 

 

Пры падтрымцы МТС мы абнавілі гайд па горадзе мастакоў і распавялі пра ўсе месцы, што хочацца паказваць сябрам і блізкім, якія прыехалі сюды пагасціць.

Гасцям Беларусі, якім важны безлімітны інтэрнэт і выгадныя званкі, варта звярнуць увагу на тарыф МТС «Безліміцішча Х». Калі падключыцца на яго да 17 ліпеня 2023 года, то безлімітны інтэрнэт і 600 хвілін званкоў у любыя сеткі будуць даступныя за 19,90 рублёў у першы месяц выкарыстання SIM-карты.

«Безліміцішча Х» дазваляе без даплат карыстацца інтэрнэтам у звыклым для абанента рэжыме: глядзець YouTube, даследаваць сацсеткі, абменьвацца ў мэсэнджарах паведамленнямі, аўдыё і відэа без абмежаванняў. Даступны і рэжым мадэма: 100 мегабайт у дзень – бясплатна, зверху – 0,60 рублёў у суткі.

Уваходныя званкі і SMS абанентам гэтага тарыфнага плану абыходзяцца бясплатна. З тарыфамі на званкі за мяжу можна азнаёміцца на адпаведнай старонцы.

Падключыцца на «Безліміцішча Х» можна ў любым салоне МТС у Беларусі. Вось карта, на якой лёгка адшукаць бліжэйшы пункт продажу.

Больш падрабязна пра акцыйнае падключэнне тарыфу «Безліміцішча Х» можна пачытаць на сайце МТС

 

 

Калі дарогаю ў Стары горад захочацца прыхапіць з сабой падбадзёрлівага капучына (можна на раслінным малаку), зазірні ў маленькую кавярню Good Mood (вул. Замкавая, 21). Пасядзець за кубкам кавы рэкамендуем у даўно папулярнай сярод мясцовых і вельмі хатняй па вайбе «Кавярні» (вул. Суворава, 2). А калі замест пышнага латэ табе больш даспадобы ўдумлівы фільтр, выбірай «Луну» (вул. Савецкая, 15): меню тут лаканічнае, а інтэр'ер – тыповы для спэшэлці-кавярняў.

Альтэрнатыву вараць і ў кавярні «Мечтатели» (пр-т Чарняхоўскага, 4). Канцэпцыя тут – «кава, дэсерты, кнігі», а барыста – адзін з самых апантаных сваім кававым мастацтвам у горадзе. Пры «Мечтателях» гандлюе шоурум беларускага брэнда худзі і касцюмаў Libin.

Калі вострае жаданне выпіць кавы дагоніць цябе падчас шпацыру па праспекце Будаўнікоў, зазірні ў «Брава Кава» (пр-т Будаўнікоў, 15B, ГЦ «Трыа») на іх фірмовую каву па-вясковаму.

У раёне плошчы Перамогі смачную каву вараць у Birmingham cafe (вул. Багдана Хмяльніцкага, 30). У тым жа раёне можна зазірнуць у Varka (вул. Леніна, 5), дзе прапануюць годныя сняданкі. Аматарам салодкай выпечкі рэкамендуем пасля наведвання Музея гісторыі ВНМУ зайсці ў кавярню-пякарню «Арэна Дэсерта» (вул. Леніна, 16А).

У кандытарскай «Без цукру» (Маскоўскі пр-т, 30) здабудзеш дэсерты без глютэну, цукру і малочкі, а яшчэ безглютэнавы хлеб.

Заўсёды свежыя круасаны ўласнай выпечкі падаюць у «Карыцы» (вул. Янкі Купалы, 2). Можна ўзяць без нічога, а можна – з салодкім або несалодкім начыннем. У абодвух выпадках начынне накладваюць самым шчодрым чынам.

Па гарачы багет выпраўляйся ў Dredman's Bakery (вул. Замкавая, 5). Апроч розных хлябоў знойдзеш тут сметанковы, кававы і шакаладны сінабоны.

Калі ты больш па марозіве – зазірні ў «Аўрору» (вул. Леніна, 53). Прахалодную слодыч тут адпускаюць у олдскульных металічных крэманках, а інтэр'ер аформлены карцінамі віцебскага мастака Андрэя Духоўнікава.

Каб жыццё стала яшчэ саладзейшым, адпраўляйся ў майстэрню шакаладу Anna Berries (вул. Горкага, 59). Гаспадыня ўстановы гатуе цудоўныя клубніцы ў шакаладзе і пірожныя моці.

 

 

 

Калі любіш абедаць у ядальнях з нацыянальнай кухняй, выпраўляйся ў «Задзвінне», што месціцца ў цікавым будынку былых саляных складоў (вул. Чайкоўскага, 5, другі паверх). У «Карчме на Пакроўцы» (вул. Рэвалюцыйная, 2) ля вакзала можна замовіць хвалены аматарамі боршч. Яшчэ адзін варыянт у тым жа духу – кафэ самаабслугоўвання «Бацькава хата» (вул. Жасткова, 7, пр. Маскоўскі 66-1, вул. Леніна, 61) з шырокім меню, у якім, вядома ж, знайшлося месца дранікам і салаце «Папараць-кветка».

Рэстаран, які спецыялізуецца толькі на беларускіх стравах, – «Лямус» (пр-т Перамогі, 1). Інтэр'ер выкананы ў традыцыйным стылі няпошлым чынам, посуд аўтарскі, абслугоўванне – адно з найлепшых у горадзе.

Адна з самых старых кавярняў горада – «У Кліма» (пр. Фрунзэ, 10). Тут можна сур'ёзна паабедаць. У меню – стравы беларускай і еўрапейскай кухні. Таксама сюды прыходзяць паглядзець футбол.

Паўнавартасна паабедаць можаш і ў месцы «Губернская карчма» (вул. Камсамольская, 11/5). Бізнэс-ланч па буднях з 12 да 15 гадзін: і першая страва, і другая, і кампот.

Па любімы з дзяцінства джанк-фуд – у «Тыя самыя чабурэкі» (вул. Купалы, 11/3). Тут прапануюць пакаштаваць чабурэкі з разнастайнымі начыннямі: мяса, птушка, сыр, клубніцы-банан. Самых галодных накормяць гранд-чабурэкам на 320 грам.

У любы час дня і ночы адхапіць годны піражок з тварагом і грушай, шпінатам, з капустай і дзясяткам іншых начынняў можна ў кавярні-пякарні Zdoba (пр-т Маскоўскі, 2).

Хочацца нечага больш вытанчанага – накшталт піцэты або зморабродаў – зазірні ў «Кукуху» (вул. Крылова, 3). Сярод іншага тут гатуюць аўтарскія дэсерты, а з 9:00 сервіруюць сняданкі: ёсць і сытны бульбяна-мясны варыянт, і кета-сняданак, але асобнай рэкамендацыі заслугоўваюць далікатныя сырнікі.

У Віцебску ўсё яшчэ існуюць легендарныя шапікі «Хутка Смачна», якія ў рэжыме 24/7 пастаўляюць каву і піцу са смакам нястрымнага юнацтва і начнога дажору. Размяшчэнне кіёскаў глядзі на мапе.

На плошчы Перамогі, каля паба «Вялікі Цім» (пр-т Маскоўскі, 7), стаіць шаўрмярня – тут і класічны, і вегетарыянскі варыянты. Шапікі з добрым фалафелем і шаўрмой сканцэнтраваныя побач з ГЦ «Мега» (пр-т Перамогі, 15). Мясцовыя асабліва нахвальваюць шаўрму ў «Шаўрма-сіці», што ў «Сіняй хаце» (вул. Леніна, 28).

Manao (вул. Леніна, 46) – у стыльным лофце з вокнамі ў падлогу можна пакаштаваць добра згатаваную азіяцкую кухню.

SPM Resto (пр-т Маскоўскі, 8) – установа, дзе ўдала спалучаюць у меню азіяцкую і італьянскую кухні.

Калі пазбягаеш сеткавых устаноў, якія захопліваюць усе рынкі, і хочаш чагосьці лакальнага, заказвай піцу ў першай віцебскай сетцы «Арэна». Яе ўстановы пасуюць да розных жыццёвых выпадкаў: «Арэна Піца» (вул. Леніна, 57/4; Будаўнікоў 3/3; Белабародава 1Д; Жасткова, 8) прапануе класічнае меню з піцай і роламі; «Арэна Грыль» (пр-т Маскоўскі, 19/2-1) акрамя ежы заваблівае ўтульнай верандай; «Арэна Дэсерта» (вул. Леніна, 57/4; Леніна 16А) славіцца торцікамі; «Арэна Сушы» (вул. Леніна, 53, пр-т Будаўнікоў 11А) – сушы.

«Сальса» (вул. Суворава, 5) – папулярнае месца з ухілам на мексіканскую кухню, але ёсць тут і маса іншых міжнародных страў. Раім пакаштаваць розныя віды аладак, печаную кукурузу і дэсерт з карамелізаваным бананам. У меню ёсць і веганская ежа.

Насупраць ёсць невялікі рэстаран азіяцкай кухні ад тых жа гаспадароў – установа Yoki (вул. Суворава, 18). Меню разнастайнае: ад булачак бао і локшыны да міса-рамена і тэмары ласося. Раім узяць бента-ланч.

La Cultura (вул. Талстога, 4) – італьянская кухня ў эстэцкай падачы. Месца пазіцыянуецца як рэстаран новай італьянскай кухні. Тут шырокая вінная карта, цудоўная кухня і абслугоўванне. Цэннік – вышэйшы за сярэдні.

«Вікторыя» (вул. Жасткова, 8) – на выпадак, калі захочацца ў рэстаран у класічным значэнні гэтага слова.

«Белы ліс» (вул. Леніна, 72) – сюды варта зазірнуць на ланч у прыемнай атмасферы.

«Вялікі Цім» (пр. Маскоўскі, 7) – паб з вялікай утульнай тэрасай, па выходных даюць жывую музыку.

«Рабро» (вул. Савецкая, 15) – грыль-бар. Ухіл тут, натуральна, робяць на мясное меню.

У гістарычным сэрцы горада, побач з ратушай, знаходзіцца «Витебский трактир» (вул. Суворава, 2). Маляўнічыя скляпенні XIX стагоддзя, смачная ежа, утульная тэраса. Месца старое, папулярнае, але і нятаннае.

«Шагал» (вул. Суворава, 8) – яшчэ адзін рэстаран ля ратушы, з выдатным відам на пешаходную вуліцу, але з іншымі вайбамі. У меню – боўлы-поке, ролы, вок. Па суседстве – «Марвін» (вул. Суворава, 8): можна асталявацца тут на тэрасе або ўнутры, у любым выпадку ўвечары апынешся ў цэнтры гарадской тусоўкі. Вялікай кампаніяй зручна будзе размясціцца ў рэстаране «Залаты леў» (вул. Суворава, 20/13).

«Сава» (вул. Мазурынская, 1А) – тут лепш заняць столік на верандзе: панарамныя вокны з відам на парк і Дзвіну – у сонечнае надвор'е гэта асабліва прыгожа. Унутры кавярні працуе печ, і ўсё сталаванне пройдзе пад трэск дроваў.

 

 

Месца ў стылі амерыканскага паба – Roki (вул. Дзімітрава, 4). Апроч розных цікавых дэталяў, у пабе ёсць стары тэлевізар з прыстаўкай Sega, у якую можна пасекчыся.

Расслабіцца з сябрамі, падзяліўшыся ўсім, што набалела за тыдзень, душакарысна і прадуктыўна атрымаецца ў бары «Аптэка» (вул. Суворава, 6).

Аматараў кальяна чакаюць у госці лаўнж-бары Nimbus (пр. Чарняхоўскага, 27) і «Эйфарыя» (вул. Леніна, 33А). У апошнім на ўік-эндах можна тусавацца да раніцы.

«Ковёр» (вул. Суворава, 6) – а гэта, здаецца, самае папулярнае ў маладых дзяўчат і хлопцаў месца ў цэнтры пасля 00:00. Будзеш шукаць – арыентуйся на ратушу і шумны натоўп.

One Million (вул. Замкавая, 4) створаны для аматараў караоке і тусовак да раніцы. Яшчэ адна лакацыя з караоке – «Опера» (вул. Калініна, 2А).

«Сплетни» (вул. Калініна 2А) – гастранамічны бар з аўтарскімі напоямі і DJ-сэтамі.

Бар Route66 (вул. Леніна, 26А) – добры варыянт, калі хочацца атрымаць асалоду ад заходу сонца з «піраміды» і паслухаць жывую музыку.

«Танцы» (пр-т Будаўнікоў, 11А) – вельмі папулярны сярод мясцовых клуб. З нядзелі па пятніцу ён працуе як рэстаран, а на ўік-эндах, як належыць,ладзіць вечарыны ў неонавых агнях.

 

 

  Расклад аўтобусаў – ap1vitebsk.by, тралейбусаў і трамваяў – vttu.by

 Расклад аўтобусаў, тралейбусаў і трамваяў.

 Афіша Віцебска.

 Віцебская энцыклапедыя.

 

 

За гады існавання гэтага гайда над тэкстам працавалі: Раман Воранаў, Таня Аліпчыкава, Анастасія Верас, Вольга Румо, Вольга Бізікава. Пераклад на беларускую – Ліда Наліўка.

Фота – palasatka.

ООО «ЭфСиБи Бел» УНП 193185741

|

Гайды

Аўтар:   34travel

  16073

hand with heart

Отблагодарить 34travel

Если наши материалы пригодились тебе в пути, сказать спасибо редакции можно, купив нам чашку кофе через Ko-fi. Всего пара кликов, никаких регистраций, комиссий и подписок. Спасибо, что ты с нами.

ЗАКИНУТЬ МОНЕТКУ

Чытай таксама

Гомель

Абноўлены гайд па паўднёвай сталіцы Беларусі.

Магілёў

Наш новы гайд па Магілёве – горадзе на маляўнічых берагах Дняпра.

Пiнск

Душэўны гайд па сталіцы Палесся, якая падарыла свету першага прэзідэнта Ізраіля і іншых знакамітасцей.

Брэст

Горад з багатай гісторыяй, суровай крэпасцю і ўтульнымі кавярнямі – сустракай наш абноўлены гайд па Брэсце.

Менск

Лепшае, што ёсць у Менску, у новым гайдзе ад 34travel.

Горадня

Гайд па каралеўскім горадзе Беларусі.

Цяпер на галоўнай

Менск

Лепшае, што ёсць у Менску, у новым гайдзе ад 34travel.

Як прайшоў Багач – галоўнае восеньскае свята беларусаў?

Будзь багаты, як восень!

Падкаст пра беларускую гастраномію: Экзотыка ў меню

Распавядаем пра моду на памаранчарні і нетыповыя прадукты ў Мінску 1920-х.

Падкаст пра беларускую гастраномію: Кава ці гарбата?

Гісторыя ўлюбёных напояў і традыцыйных дэсертаў.

9 мастацкіх музеяў і галерэй за межамі Менска

Пранізлівыя пейзажы, яскравыя маляванкі і нават манументальныя мазаікі.

Тут нават камяні жывыя. Этнограф – пра палескія традыцыі, якія захаваліся да нашых дзён

Міфалогія старажытнага беларуса, якую можна назіраць ужывую.

Забытая Беларусь: славутасці, якіх ужо няма

Спадчына, памяць пра якую застаецца толькі на малюнках.

Месца тыдня: Лынтупы

Касцёл, сядзіба і старыя могілкі.

Маршрут па беларускім Палессі: едзем у Пінск і ваколіцы

Унікальныя музеі народнай культуры, мясціны Напалеона Орды, загадкавыя пахавальні.

Паказаць больш Паказаць больш