Горадня

|

Гайды

|

Аўтар:   34travel

|

  27808

Культурная сталіца Беларусі, сталіца беларускага каталіцызму, другая сталіца Беларускай Народнай Рэспублікі і трэцяя сталіца Рэчы Паспалітай, Горадня – горад з пазнавальнай асобай, палкім характарам і тысячагадовай (згодна з некаторымі крыніцамі) гісторыяй. Насычаная культурная праграма і найлепшыя ўстановы, што дазволяць адчуць сілу месца, – разам з МТС абнавілі гайд па каралеўскім горадзе Беларусі.

 

ЗМЕСТ ГАЙДА:

ТРАНСПАРТ   ЖЫТЛО   КУЛЬТУРНАЯ ПРАГРАМА   кава

ЕЖа   БАРЫ   ШОПiНГ  info

 

 

 

На сваім аўто з Мінска ў Горадню можна за 2,5-3 гадзіны дабрацца па камфортнай трасе М6.

На маршрутцы атрымаецца даехаць за 3 гадзіны 50 хвілін: мікрааўтобусы «Атлас» ходзяць з самае раніцы да позняга вечара. Радзей ездзяць і крыху даўжэй дабіраюцца да пункта прызначэння рэйсавыя аўтобусы.

Самы хуткі цягнік – лініі бізнэс-класа: ён даязджае з Мінска ў Горадню крыху менш чым за 4 гадзіны. Ёсць варыянты і па 5 гадзін, і па 7. Удакладніць расклад і купіць білеты можна на сайце БЧ.

Білеты на гарадскія аўтобусы і тралейбусы ў самой Горадні трэба купляць на прыпынках або ў кіроўцы – толькі не забудзься пракампаставаць свой «талончык». Калі ты фанацееш па дыджыталізацыі, табе будзе зручна выкарыстоўваць праграму – у ёй можна набыць білет па QR-кодзе.

Калі ты аддаеш перавагу даследаванню гарадаў на электрасамакатах, усталёўвай праграму SunRent. Тарыф сэрвісу – 17 капеек (€ 0,06) за хвіліну. Можна ўзяць самакат напракат ад 30 хвілін у Hostel Center (Савецкая, 6), сэрвіс працуе 24/7. Яшчэ адзін пункт арэнды ў цэнтры – OK Segway на Савецкай плошчы. Назва як бы намякае, што каманда прапануе не толькі самакаты, але і сегвэі. Калі не ведаеш, як на іх ездзіць, – навучаць.

Ровары можна знайсці ў цэнтры «ЗОЖык». Актуальны прайс-ліст і тэлефоны шукай на сайце.

 

 

 

Гасцініц у Горадні не вельмі шмат, таму амаль усе госці спыняюцца на здымных кватэрах – гэты бізнэс тут развіты добра, аб'явы лёгка можна знайсці ў інтэрнэце.

Вялікі выбар даюць пляцоўкі «Куфар», Flatbook. Зняць кватэру на суткі можна за € 30-45 у цэнтры або € 15-30 крыху далей ад цэнтра, але горад невялікі – усюды блізка. Хіба што ў Альшанцы спыняцца не варта: раён далёка і камунікацыя з ім самая слабая.

У самым цэнтры горада размяшчаецца хостэл Hello Grodno (вул. Гараднічанская, 30), ён зусім маленечкі. Яшчэ адзін нядрэнны хостэл – Old Bridge (вул. Разанава, 34), названы ў гонар Старога моста праз Нёман непадалёк. Таксама раім звярнуць увагу на Hostel Sarmatia (вул. Карла Маркса, 11) і Hostel GOSteam (вул. Маставая, 31). За койка-месца аддасі € 9-12. Калі паселішся на Маставой, то бонусам атрымаеш драмтэатр, прыемныя кавярні і бары ў крокавай даступнасці.

Своеасаблівы хостэл, рэкламы якога ты нідзе не знойдзеш, ёсць на трэцім паверсе чыгуначнага вакзала (вул. Будзёнага, 37), і называецца ён проста «пакой адпачынку». Двухмесны двухпакаёвы нумар падвышанай камфортнасці каштуе тут усяго € 12 за суткі. А пераначаваць аднаму ў чатырохмесным нумары абыдзецца і зусім у € 7. Дарэчы, тут ёсць нумар для людзей з інваліднасцю.

Калі ўсё ж такі ёсць грошы і жаданне пасяліцца ў гатэлі, вось топавыя варыянты ў горадзе: першы ў Беларусі бескантактны гатэль VS Design Hotel (вул. Урыцкага, 23), апарт-гатэль у мадэрновым будынку «Сямашка» (вул. Калючынская, 23), буцік-гатэль «Новае святло» (вул. Горкага, 27) і старая-добрая «Славія» (вул. Маладзёжная, 1). Кошты – ад € 40 з чалавека.

З шэрагу «танна, але ніштавата» згадаем гатэль «Амега» (вул. Васілька, 40). Выходзячы з «Амегі», дарэчы, адразу трапляеш у галоўны гарадскі парк імя Жылібера – размяшчэнне вельмі ўдалае.

Асаблівай увагі варты і «Кронан Парк Гатэль» (урочышча Пышкі, 19) – невялікі дызайн-гатэль у класічным стылі ў цэнтры лесапарку «Пышкі». У гатэлі ёсць летняя галерэя і крыты басейн, а ў 10 хвілінах язды размешчаны стары замак XVII стагоддзя. Нават калі ты не збіраешся спыняцца ў «Кронане», раім заехаць сюды хаця б на вячэру, каб атрымаць асалоду ад беларускай і еўрапейскай кухні на адкрытай тэрасе рэстарана.

 

 

 

Гарадзенцы ўпэўненыя, што іх горад – культурная сталіца Беларусі. І з гэтым цяжка спрачацца. Абавязкова прайдзіся пешаходнай Савецкай вуліцай, выбрукаванай на славу, што ў ідэальным стане захавалася з 1938 года. 

Музей гарадскога побыту і гісторыі Горадні (вул. Лермантава, 25) знойдзеш на шляху ў Каложскі парк – адкрыў яго каларытны сталы стыляга, патомны гарадзенец і заўзяты калекцыянер Януш Паруліс. У даваенным дамку ён сабраў фота, посуд, меню рэстаранаў 50-гадовай даўніны, музычныя інструменты, фотаапараты, кнігі, шыльды, кафлю са старажытных печаў, бутэлькі ад гродзенскага піва 30-х гадоў – складана сказаць, чаго тут няма. Пан Януш – неймаверны апавядальнік, так што сумна тут не будзе. 

З «класічных» музеяў параім Музей гісторыі рэлігіі (вул. Замкавая, 16) – адзіны ў краіне і з вельмі багатай калекцыяй. 

Стары замак у Горадні з 2017 года рэканстуююць. Пакуль завяршыўся толькі адзін з першых этапаў аднаўлення славутасці: тут адбудавалі ўязную і сярэднюю вежы, а таксама аднавілі крапасную сцяну з галерэяй. Унутры вежаў размясціўся музей, у залах якога можна даведацца як пра гісторыю Горадні, так і пра мінулае самога замка. Вось тут мы пісалі пра замак падрабязней. 

Самы прыемны бонус ад наведвання Старога замка – шыкоўная назіральная пляцоўка, адкуль адкрываецца чароўны від на горад: тут можна ўбачыць і сам Стары замак над ракой, і Новы замак насупраць, і амаль усе касцёлы і цэрквы Горадні, і Каложу – гэта адна з найлепшых панарам, якую ўвогуле можна адшукаць у Беларусі.
Яшчэ пару незвычайных музеяў знойдзеш у гэтай падборцы.

Горадню называюць сталіцай беларускага каталіцызму, таму нельга прайсці міма кафедральнага сабора Францішка Ксаверыя (пл. Савецкая, 4). 21-метровы разны алтар, адзін з самых старых у Еўропе вежавы гадзіннік, магутны арган – пра гэта расказваюць кожнаму турысту. 

І ўвогуле варта зрабіць асобны тур па рэлігійных пунктах. Упэўненыя, што ўнікальную Каложскую царкву XII стагоддзя ты знойдзеш і без нашых падказак. 
Таксама варта наведаць Лютэранскую кірху (вул. Акадэмічная, 7а): па-першае, неаготыка – гэта прыгожа, па-другое, аргану, прывезенаму з Германіі, пазайздросцяць многія канцэртныя залы. Рэлігійны тур будзе няпоўны без Вялікай харальнай сінагогі (вул. Вялікая Траецкая, 59а). Паўразбураны будынак цяпер адрэстаўраваны стараннямі мясцовых бізнэсмэнаў, а малельная зала ўнутры дзівіць маштабамі і багатай ляпнінай. У невялікім музеі ты даведаешся, што гарадзенскія габрэі стварылі эсперанта, інтэрнэт, Лас-Вегас і амерыканскую мафію. 

Застаючыся ў тэме вечнага, параім схадзіць на старажытныя могілкі па вуліцы Антонава. Гэта самыя старыя ў Беларусі камунальныя клады (XVIII стагоддзе) і адны з трох найважнейшых у былой Рэчы Паспалітай. Дзякуючы шыкоўным помнікам гэтае месца як сапраўдны музей. Ды і пахаваныя тут многія заслужаныя людзі. Самая вядомая магіла – знакамітай пісьменніцы Элізы Ажэшкі, якую ў гонцы па Нобель двойчы абыходзілі калегі па цэху – Генрых Сянкевіч і Сельма Лагерлёф.  

Калі ты яшчэ недастаткова прасякнуўся(-лася) гістарычнай атмасферай, проста пасядзі на Замкавай гары або на ўзгорку Новага замка. Від на даліну Нёмана тут сапраўды прабірае да глыбіні душы.  Яшчэ можна прайсці квэст – забрацца на гару пасля закрыцця замкавай брамы, па мысе з боку Каложы. Там да цябе праклалі сцежкі, каб ты не скаціўся ўніз, як гэта бывала з крыжакамі ў XIV стагоддзі. Забраўшыся наверх, патрапіш на руіны замка Вітаўта. 

Спяшайся ўбачыць і ўнікальны раён драўляных віл пачатку XX стагоддзя Новае святло. Драўлянага польскага канструктывізму ты больш нідзе не знойдзеш. Сёння раён у запусценні, а некалі тут жыла гарадская эліта: дактары, інжынеры, выкладчыкі. 

Абавязкова трэба спыніцца на вуліцы Замкавай: сёння гэта забітая машынамі вулачка, але ў яе ёсць усе шанцы стаць другой пешаходнай. А яшчэ на Замкавай ёсць свая Мона Ліза – прыгледзься да фасада пажарнай часткі.

На самым высокім месцы старога горада стаяць гарадзенскія воданапорныя вежы-двайняты Кася і Бася. Чаму іх так назвалі – невядома. Але ўбачыць іх дакладна варта. А калі ёсць кантакты ў мастацкім свеце, то абавязкова варта паспрабаваць патрапіць унутр – сёння там майстэрні гарадзенскіх мастакоў.

У межах горада ёсць некалькі фартоў Першай сусветнай, яшчэ больш – вакол горада, у роварнай даступнасці. Да некаторых фартоў вядуць абазначаныя веламаршруты. Большасць фартоў Гарадзенскай крэпасці былі ўзарваныя, але ў некаторыя можна нават зайсці ўнутр. Без ліхтарыка не лезь – можна праваліцца ў глыбокую яміну!

У Горадні два тэатры – драматычны і тэатр лялек. У «Ляльках» (вул. Дзяржынскага, 1/1) даюць Шэкспіра, Купалу, рускую класіку, гісторыі, навеяныя часамі Рэчы Паспалітай, і нават «Фаўста» Гётэ.

Будынак драмтэатра (вул. Маставая, 35) рэгулярна трапляе ў топы самых незвычайных пабудоў савецкай эпохі, гэта адна з візуальных візітовак горада. Мы крыху падрабязней расказвалі пра гэтую эфектную архітэктуру ў гайдзе па беларускім мадэрнізме.

 

 

 

Пры падтрымцы МТС мы абнавілі гайд па каралеўскім горадзе і распавялі пра ўсе месцы, што хочацца паказваць сябрам і блізкім, якія прыехалі сюды пагасціць.

Гасцям Беларусі, якім важны безлімітны інтэрнэт і выгадныя званкі, варта звярнуць увагу на тарыф МТС «Безліміцішча Х». Калі падключыцца на яго да 30 верасня 2023 года, то безлімітны інтэрнэт і 600 хвілін званкоў у любыя сеткі будуць даступныя за 19,90 рублёў у першы месяц выкарыстання SIM-карты.

«Безліміцішча Х» дазваляе без даплат карыстацца інтэрнэтам у звыклым для абанента рэжыме: глядзець YouTube, даследаваць сацсеткі, абменьвацца ў мэсэнджарах паведамленнямі, аўдыё і відэа без абмежаванняў. Даступны і рэжым мадэма: 100 мегабайт у дзень – бясплатна, зверху – 0,60 рублёў у суткі.

Уваходныя званкі і SMS абанентам гэтага тарыфнага плану абыходзяцца бясплатна. З тарыфамі на званкі за мяжу можна азнаёміцца на адпаведнай старонцы.

Падключыцца на «Безліміцішча Х» можна ў любым салоне МТС у Беларусі. Вось карта, на якой лёгка адшукаць бліжэйшы пункт продажу.

Больш падрабязна пра акцыйнае падключэнне тарыфу «Безліміцішча Х» можна пачытаць на сайце МТС

 

 

 

 

«Тепло» (вул. Вялікая Траецкая, 37) – унутраны інтэр'ер цалкам гармануе з назвай: мяккае прыглушанае святло, плеценая мэбля, багацце раслін вакол – утульнасць ды і толькі. Гатуюць тут на зерні ад Kitchen Coffee Roasters. Наогул май на ўвазе, што ў дворыку на Вялікай Траецкай сканцэнтраваныя розныя прыемныя ўстановы з ежай, а яшчэ тут знаходзіцца стогадовы дуб, пад шатамі якога ты зможаш размясціцца на летняй тэрасе.

«Крепкий Белый» (вул. Замкавая, 10) і «Крепкий Чёрный» (вул. Шчорса, 11А) – веган-фрэндлі кавярні з класікай, альтэрнатывай і аўтарскімі напоямі накшталт «бронекава» і мятнага тырамісу. У «Белым» часам прапануюць кававааць пад дыджэй-сэты, якія маюць усе шанцы табе спадабацца.

Soul (вул. Замкавая, 11) – кава і круасаны з 9.00. Тут выдатна разбіраюцца ў зерні і спосабах альтэрнатыўнага заварвання кавы.

«Просто Кофе» (вул. Замкавая, 18) – маленечкая кавярня з выдатнай кавай і аскетычным інтэр'ерам. З акна – цудоўны від на Стары замак і пажарную каланчу.

«Джезва» (вул. Савецкая, 5) – адзінае месца ў горадзе, дзе вараць каву на пяску. У кавярні можна падсілкавацца: увесь дзень тут падаюць сняданкі і гатуюць бейглы. Бонусам – летні дворык, дзе па выходных можна слухаць музыку да паўночы.

«Проходная» (вул. Маставая, 31) – прыемнае месца ў самым цэнтры Горадні, каля Савецкай плошчы. Акрамя кавы ёсць і ежа: вялікае сняданак-меню і вячэрняе меню са стэйкамі і тальятэле.

«Справа» (вул. Маставая, 31) – выдатная кава і познія сняданкі на розны густ і смак: яйкі Бенедыкт з крэветкамі, сырнікі з вішняй, авакада-тост, беларускі сняданак з бульбай і каўбаскамі ці вялікі дранік.

«Наше место» (вул. Дарвіна, 24) – сюды варта завітаць не толькі па каву, але і па добрую панараму. Каманда кавярні анансуе «найлепшы від на горад», і гэта не гучная самарэклама, а ісціна.

«Kакао» (вул. Будзёнага, 28; вул. Савецкая, 6) – тут галоўная фішка, зразумела, смачная какава. У продажы знойдзеш пакуначкі з самаробным шакаладам (выдатны падарунак для сяброў), карамельную пасту і дэсерты, а ў меню, акрамя розных відаў какавы, яшчэ і гарачы шакалад, чай, кава.

У «Чашки & Ложки» (вул. Вялікая Траецкая, 9) знойдзеш свежыя дэсерты, бескафеінавую каву і каву са свежаабсмажаных зерняў, а таксама безалкагольны глінтвейн.

«Арабика» (вул. Сацыялістычная, 21) – недарагая, але пры гэтым слаўная кава, ганконскія вафлі і зніжка 10% на чэк, калі на вуліцы – дождж.

 




 

Перакус

«Батория» (вул. Баторыя, 10) – кафэтэрый у папулярнай краме ў цэнтры. Цікавае спалучэнне псеўдагістарычнага інтэр'еру і абсалютна савецкага сэрвісу. Піражкі і беляшы з гадамі застаюцца такімі ж смачнымі. І кошты капейкавыя!

«Шаурма #1» (вул. Ажэшкі, 47) вельмі зручна размешчаная – усяго ў пары хвілін ходу ад чыгуначнага вакзала. Ты можаш зрабіць замову навынас ці паабедаць усярэдзіне. У меню ёсць вегетарыянскія пазіцыі.

На самай турыстычнай пешаходнай вуліцы Горадні знаходзіцца Shaw-books (вул. Савецкая, 7) – прасторная ўстанова з рознымі варыяцыямі шаўрмы ў асноўным меню. Гэтая шаўрмічная – сеткавая: калі што, па горадзе раскіданыя яшчэ шэсць пунктаў.

«Ніндзя Кебаб» (вул. Белуша, 4) – яшчэ адно месца, дзе можна перакусіць на хуткую руку. У меню – класічны набор з піты, шаўрмы і напояў.

«Анталья Донер» (вул. Вялікая Траецкая, 29) – турэцкі фаст-фуд: гезлеме з сырам, турэцкі гамбургер, турэцкі донер востры і яшчэ шмат пазіцый са словам «турэцкі» ў назве.

«Поляна City» (вул. Савецкая, 25) – вельмі смачныя бургеры, іх гатуюць з нядзелі па чацвер да паўночы, а ва ўікэндавыя ночы – да пяці раніцы. Вялікі выбар бургераў з ялавічынай, паменш – з курыцай, адна опцыя – для веганаў.

YellowStreet (вул. Акадэмічная, 17) – амерыканская кухня ў горадзе: бургеры, хот-догі, паке-боўлы. З 13:00 да 16:00 дзейнічае ланч-меню.

 

Рэстараны

Punk Roll (вул. Вялікая Траецкая, 37) – у асноўным меню суседнічаюць ролы з назвамі «The Offspring», «Green Day», «Children of Bodom», «Сід Вішэз», «Тата – шклянка партвейну» – увогуле, вайб установы ты ўжо зразумеў(-ла), а сушы тут вялікія і смачныя.

Рэстаран «Хотей» (вул. Элізы Ажэшкі, 1) – акрамя вялізнага выбару ролаў і піцы, тут прапануюць вок і паке. Шмат пазіцый для аматараў страў з крэветкамі.

Бургерная «Молодость» (вул. Маставая, 31) – месца для аматараў эстэтыкі 90-х. Выбар бургераў вялікі, але, калі не хочацца доўга думаць, можна зрабіць стаўку на патрыятычны хіт – «Гордость с драником».

«Жароўня» (вул. 1-я Працоўная, 2) – грыль-бар у цэнтры горада з найдастойнейшымі стэйкамі.

«Раскоша 1795» (вул. Савецкая, 7) – месца з атмасферным сутарэнным памяшканнем і гістарычным імем: так называлася гродзенская карчма канца XVIII стагоддзя, праўда, знаходзілася яна зусім на іншай вуліцы. «Раскоша» асабліва славіцца дэсертамі, але крэм-супы тут таксама цудоўныя.

«Дранікі Гародня» (вул. Элізы Ажэшкі, 35а) – так называецца ўтульнае кафэ ў старадаўнім будынку пачатку XX стагоддзя (звярні ўвагу на карціны на сценах – аўтэнтычная вышыўка крыжыкам). Пра галоўную страву ты ўжо маеш уяўленне з назвы, але ў меню ёсць таксама пельмені, бельгійскія вафлі і марозіва. Кошты на дранікі дэмакратычныя – стартуюць ад € 1,5.

Рэстаран «Беласток» (вул. Віленская, 2) – перліна аўтэнтычнай беларускай кухні ў Горадні. У меню – стравы беларускай кухні і цікавыя барныя рашэнні, асабліва рэкамендуем абляпіхавы квас.

Па смачны і недарагі абед заходзь у карчму «Подкова» (вул. Кірава, 9). Меню арыентаванае на стараславянскую і старабеларускую кухню, у ланч-меню знойдзеш халаднік, пюрэшку і бульбяныя зразы – усё, як мы любім!

«Барашка» (вул. Калючынская, 23) – смачнае месца для аматараў кухняў Грузіі, Азербайджана, Узбекістана, Турцыі. За найсакавіцейшае хачапуры па-аджарску выкладзеш каля € 6. Дарэчы, хлеб тут пякуць у сваёй печы.

Для аматараў піцы рэкамендуем «Форно» (вул. 1-я Працоўная, 10) – піцэрыю ў самым цэнтры горада. Гатуюць на дровах у італьянскай печы, а ў меню – цэлых 46 відаў піцы.

Рэстаран з відам на Стары замак назвалі ў гонар знакамітага тэатральнага мастака родам з Горадні – «Бакст» (вул. Замкавая, 21). Сцены ўпрыгожаныя малюнкамі Льва Бакста, а яшчэ сюды прыцягваюць модным тэрмінам «малекулярная кухня». Меню выдатнае, але і кошты не нізкія.

 

 

 

«Урбанист» (вул. Маставая, 31) – гэта бар з галерэяй новага фармату, які размясціўся ў сутарэнным памяшканні былой пальчаткавай фабрыкі. Установа дзеліцца на некалькі зон: бар, аддзел з кнігамі і галерэю, дзе мастакі і фатографы выстаўляюць свае працы.

Незвычайны інтэр'ер і велізарная кактэйльная карта – гэта пра гастра-бар «Гудини» (вул. Леніна, 13). Аматары здаровага ладу жыцця таксама знойдуць напой сабе да душы – ёсць нават кактэйлі на аснове натуральнага мёду.

Яшчэ адно папулярнае месца ў самым цэнтры горада – рэстаран-паб у англійскім стылі «Гринвич» (вул. Савецкая, 29). У меню паба – стэйкі, рыба, рэбры, усё гатуюць на вуглях. У якасці бонусу – жывая музыка.

«Сон Бар» (вул. Тэльмана, 4) – кактэйль-бар, у якім усё па вегане. Унутраны дызайн размашысты: тут і лавачкі ў выглядзе ложкаў, і вялікія люстры, а на сценах старадаўнія карціны. У бары ёсць тры зоны: танцавальная, дзе часцяком гучыць электронная музыка, і некалькі месцаў для адпачынку – адно з іх размешчана ва ўтульным дворыку. За афішай івэнтаў зручна сачыць ў інстаграме бара. 

«Кей Би» (вул. Маставая, 31) – вінны гастрабар, вядомы таксама як «Чырвоным па Белым». З ежы тут – паста, рызота, сэндвічы, познія сняданкі. У добрым сэнсе эстэцкае месца.

Рэстаран-бровар «Госці» (вул. Замкавая, 3) прапануе вялізны выбар напояў і закусак. Месца карыстаецца вялікай папулярнасцю ў мясцовых і гасцей, так што калі плануеш забегчы на выходных, то бранюй столік.

Pablo Restobar (вул. Савецкая, 13) – месца, дзе ўвесь час гучыць жывая музыка. Сама ўстанова – двухпавярховая, вельмі ўтульная, у меню, акрамя розных закусак і асноўных страў, знойдзеш пазіцыі з пампейскай печы.

«Фарадей» (вул. Сацыялістычная, 32) – месца з кактэйлямі і бургерамі. Вельмі цікавы дызайн для тых, хто паважае стымпанк-эстэтыку.

«Бухта» (вул. Віленская, 6) – бар у сутарэнні са стогадовай гісторыяй. Для шматлікіх лакалаў гэта месца сустрэчы са сваімі па духу. Рэкамендуем ацаніць такі вайб.

Клуб «База» (вул. Перамогі, 35) – «класічны» начны клуб. Тут праходзяць канцэрты, турніры бармэнаў ды іншыя буйныя падзеі. Побач – яго «браты і сёстры»: найстарэйшы гродзенскі боўлінг-клуб «Метро», рэстаран «Баста Паста» з італьянскім шэфам, караоке-бар «ФанЭра» і afterparty-бар Coolbar.

 

 


 

ГД «Нёман» (вул. Савецкая, 18) – былы савецкі ўнівермаг, які сёння – проста набор самых розных крамаў пад адным дахам. Паглядзі на вітражы на лесвічных пляцоўках – іх рабіў знакаміты манументаліст Сяргей Грыневіч. На даху ёсць аглядная пляцоўка з выдатным відам на стары горад. 

Этна-крама «Цудоўня» (вул. Кірава, 3) – тут знойдзеш самы вялікі выбар традыцыйных сувеніраў ручной работы, а яшчэ кнігі, магніцікі ды іншыя радасці турыста. Пад адным дахам таксама працуюць крама мэблі з масіву «33 камоды» і крама настолак «Кубік» (яны распрацоўваюць уласныя арыгінальныя гульні – абавязкова спытай пра іх!). 

«Лёля» (вул. Савецкая, 1-3) – кераміка, упрыгожанні, вязаныя цацкі ад беларускіх майстроў. Можна выбраць падарунак з душой.

«Ткалля» (вул. Замкавая, 15) – рамесная крама-майстэрня, дзе гаспадыня пры табе можа стравыць сапраўдную вышыванку. Аўтэнтыка 100% – нават проста зазірнуць сюды цікава. 

«Феафанія» (вул. Кірава, 3) – тэкстыль, створаны ў найлепшых беларускіх традыцыях – з лёну, бавоўны, крапівы.

Калі ў падарожжах ты імкнешся падтрымліваць лакальных дызайнераў адзення, прыгледзься да аўтарскіх брэндаў Krikate (вул. Савецкая, 31, 3 паверх), Zvonko (вул. Замкавая, 10), Natasha Tsu Ran (вул. Маркса, 11).

 

 

 ap1.by – тут знойдзеш анлайн-расклад аўтобусаў са сачэннем па GPS

 grodno.in – каталог з водгукамі

 kinogrodno.by – кінаафіша і білеты

 Аўдыягід – 12 хвілін пра Горадню для аўдыялаў

 Маршрут «Па дарозе ў Горадню»

 

 


Фота: palasatka

ООО «ЭфСиБи Бел» УНП 193185741

|

Гайды

Аўтар:   34travel

  27808

hand with heart

Отблагодарить 34travel

Если наши материалы пригодились тебе в пути, сказать спасибо редакции можно, купив нам чашку кофе через Ko-fi. Всего пара кликов, никаких регистраций, комиссий и подписок. Спасибо, что ты с нами.

ЗАКИНУТЬ МОНЕТКУ

Чытай таксама

Ліда

Культурная праграма, актыўны адпачынак і найлепшыя ўстановы ў горадзе Гедыміна.

Пiнск

Душэўны гайд па сталіцы Палесся, якая падарыла свету першага прэзідэнта Ізраіля і іншых знакамітасцей.

Гомель

Абноўлены гайд па паўднёвай сталіцы Беларусі.

Віцебск

Што паглядзець у самым культурным беларускім горадзе.

Брэст

Горад з багатай гісторыяй, суровай крэпасцю і ўтульнымі кавярнямі – сустракай наш абноўлены гайд па Брэсце.

Менск

Лепшае, што ёсць у Менску, у новым гайдзе ад 34travel.

Цяпер на галоўнай

Менск

Лепшае, што ёсць у Менску, у новым гайдзе ад 34travel.

Як прайшоў Багач – галоўнае восеньскае свята беларусаў?

Будзь багаты, як восень!

Падкаст пра беларускую гастраномію: Экзотыка ў меню

Распавядаем пра моду на памаранчарні і нетыповыя прадукты ў Мінску 1920-х.

Падкаст пра беларускую гастраномію: Кава ці гарбата?

Гісторыя ўлюбёных напояў і традыцыйных дэсертаў.

9 мастацкіх музеяў і галерэй за межамі Менска

Пранізлівыя пейзажы, яскравыя маляванкі і нават манументальныя мазаікі.

Тут нават камяні жывыя. Этнограф – пра палескія традыцыі, якія захаваліся да нашых дзён

Міфалогія старажытнага беларуса, якую можна назіраць ужывую.

Забытая Беларусь: славутасці, якіх ужо няма

Спадчына, памяць пра якую застаецца толькі на малюнках.

Месца тыдня: Лынтупы

Касцёл, сядзіба і старыя могілкі.

Маршрут па беларускім Палессі: едзем у Пінск і ваколіцы

Унікальныя музеі народнай культуры, мясціны Напалеона Орды, загадкавыя пахавальні.

Паказаць больш Паказаць больш