Пiнск

|

Гайды

|

Аўтар:   34travel

|

  11138

 

Некаторыя людзі могуць саромецца свайго правінцыйнага паходжання, але толькі не пінчукі. «Я з Пінска» заўсёды гучыць ганарова, і да жыхара палескай сталіцы адразу пачынаеш адчуваць пэўную павагу. Езуіцкі калегіум у Пінску суседнічае з рэдкім Леніным, у будынку дзіцячага кінатэатра «Дружба» цяпер знаходзіцца кафедральны сабор, а на месцы бардэля – шахматны клуб. Пінск нікому не спрабуе спадабацца, не пышыцца сваёй гісторыяй, прыўкрасны ў сваёй натуральнасці: прыгожы, самаўпэўнены і кашэрны.

 

змест гайда:

Транспарт  Жытло  Культурная праграма   Кава

ЕЖа   Бары   ШопIнг   Info

 

 

 

З грамадскага транспарту ў Пінску ёсць толькі рознакаляровыя «гармонікі». За праезд заплаціш BYN 0,8, а ўзамен атрымаеш ад кандуктара(-кі) мілы папяровы білет, што нагадвае талон на харчаванне. Аплаціць квіток можна і ў дадатку «Оплати» (для iOS і Android). 

Для невялікага Пінска ровар ідэальны, так што можаш прыкінуцца мясцовым (тут імі карыстаюцца ўсе): непадалёк ад цэнтра (вул. Брэсцкая, 56) ёсць велапракат «Будь в форме». Акрамя ровара, можна ўзяць самакат, ролікі, дзіцячае велакрэсла і самы розны спартовы і турыстычны інвентар (палатку, спальнік, кілімок, мангал і нават казан на 8 літраў! – ну а раптам?). У Пінску працуе і велашэрынг «Колобайк»  30 хвілін абыдуцца ў BYN 2. Тут жа за паўгадзіны паездкі на электрасамакаце заплаціш BYN 7. А праз дадатак Busy Fly  30 хвілін на хуткасці да 20 км/г абыдуцца ў BYN 6,9. 

Калі спатрэбіцца таксі, смела заказвай або «ЯндэксGO», або «Калі ласка» – абодва сэрвісы падаюць машыны хутка і па прыемных цэнах.

 

 

 

Калі табе пакуль не ўдалося завесці карысныя пінскія знаёмствы, то варыянтаў для жылля няшмат: размясціцца ў гасцініцы ці зняць кватэру. 

  Самы вядомы ў горадзе гасцінічны комплекс «Прыпяць (Andre)» (вул. Дняпроўскай флатыліі, 31) знаходзіцца практычна на беразе Піны, у гістарычнай частцы горада. Ад чыгункі і аўтавакзала да гасцініцы – прыкладна 2,5 км. Апроч ідэальнага размяшчэння, атрымліваеш бонус у выглядзе панарамы старога Пінска і набярэжнай. У «Прыпяці» больш за 200 нумароў і працуе летняя кавярня. Звонку гасцініца ўяўляе сабой 9-павярховую скрынку з выступамі балконаў у стылі бруталізму. Для людзей, якія выкарыстоўваюць інвалідны вазок, ёсць спецыяльна абсталяваныя нумары. Аднамесны нумар тут абыдзецца ў BYN 30-70. 

  Не так даўно адкрыўся гасцявы дом «Пинский дворик» (вул. Леніна, 8А). Ён размешчаны ў гістарычным будынку недалёка ад набярэжнай, а пераначаваць у сучасным нумары можна ад BYN 70. Тут класны атрыум і лаундж-зона для гасцей, а сама лакацыя вельмі ціхая, нягледзячы на самы цэнтр. 

  Зусім побач з вакзалам ёсць «Аэлита» (вул. Чыгуначная, 27). Гасцініца невялікая: усяго 15 нумароў і 30 ложкаў. Кошты стартуюць ад BYN 50 у дзень за сінгл, а самы дарагі 2-пакаёвы люкс каштуе BYN 114 у дзень. Але многія скардзяцца на шум: на першым паверсе размясціўся рэстаран, дзе мясцовыя часта святкуюць вяселлі і адзначаюць юбілеі.

  На тэрыторыі спартыўнага комплексу «Волна» знаходзіцца аднайменная гасцініца (вул. Іркуцка-Пінскай дывізіі, 50). Тут у цябе на выбар 37 нумароў розных катэгорый, 6 з якіх – люксавыя. Але можна засяліцца ў адна-, двух-і трохмясцовыя нумары для простых смяротных. Кошты – ад BYN 62 да BYN 86 у дзень, сняданак не ўключаны. У гатэлі ёсць сейф, абменны пункт і паркоўка. Але што самае прыемнае – можна схадзіць на аздараўленчы масаж. 

  Гасцініца «Спорт» (вул. Ракасоўскага, 17) з'яўляецца часткай вялікага спартовага комплексу, таму, апроч камфортнага пражывання, ты атрымліваеш опцыю крута прабавіць час на стадыёне. Самы бюджэтны нумар (1-мясцовы, з выгодамі на паверсе) абыдзецца ў BYN 25, а 2-мясцовы люкс з кандыцыянерам і джакузі – у BYN 98. 

Яшчэ адзін варыянт размяшчэння – арэнда кватэры. Паводле Kufar.by, сярэдні кошт за ноч у здымнай кватэры складае BYN 30-70.

 

 

 

 

 

Калі прыязджаеш у Пінск цягніком, то даваць нырца ў культурнае жыццё горада можна тут жа. Будынак сучаснага чыгуначнага вакзала (вул. Чыгуначная, 19) праектаваў польскі архітэктар і інжынер Генрых Гай. Праўда, цяпер ён не мае нічога агульнага з вакзалам пачатку XX стагоддзя. Першы ж пінскі вакзал быў закладзены ў 1882 годзе, і пабудавалі яго за адно лета, калі верыць гісторыкам. 

Зусім побач з вакзалам стаіць дом Якуба Коласа (вул. Чуклая, 63), дзе ён жыў з жонкай Марыяй і дзе ў іх нарадзіўся першынец Даніла. У гэтым жа раёне знаходзіцца будынак прыходскага вучылішча (вул. Чыгуначная, 25) – тут у пачатку XX стагоддзя класік працаваў настаўнікам. 

У Пінску галоўная вуліца – Леніна – самая старажытная вуліца горада. Тут што ні дом, то "Помнік архітэктуры, ахоўваецца дзяржавай". Цяпер гістарычны цэнтр горада практычна ўвесь пешаходны: плошча і вуліца Леніна, а таксама частка маляўнічай Першамайскай. За гэта варта дзякаваць «Дажынкам-2014». Да прыходу саветаў Леніна была Вялікай Спаскай, Вялікай Францішканскай, Вялікай Кіеўскай і проста Вялікай. У мінулым гэта была адзіная брукаваная вуліца, якая мела тратуары. Ды і цяпер вуліца Леніна асаблівая. Пачынаеш шпацыр ад Езуіцкага калегіума на плошчы, затым трапляеш на саму вуліцу з дамамі пабудовы канца XIX – пачатку XX стагоддзяў, францысканскім ансамблем, домам Леанціны Орды і палацам Бутрымовічаў. Па выходных тут жвава гандлююць рамеснікі і мастакі, іграюць гітарысты і скрыпачы. 
Старая набярэжная працягласцю 2,5 км пераходзіць у новую імя Івана Кіеўца. Нядаўна тут з'явілася зручная веладарожка. Унікальная кропка на старой набярэжнай – месца зліцця Піны і Прыпяці. Тут Струмень (так мясцовыя раней называлі Прыпяць) як быццам упадае ў Піну і рэзкім выгібам адыходзіць убок. «Як быццам», таму што насамрэч гэта Піна ўпадае ў Прыпяць. 

Уздоўж старой набярэжнай, пабудаванай у 1948 годзе, праходзіць вуліца Дняпроўскай флатыліі, бо раней у Пінску размяшчаліся часткі рачной флатыліі. Асабліва атмасферна ўлетку: шпацыруеш уздоўж цяністай ліпавай алеі, якая перад гарадскім паркам змяняецца каштанавай, і назіраеш за адпачывальнікамі на правым беразе Піны. Там размясцілася паласа пясчаных пляжаў – «Залатыя пяскі» і "Сабачка". У цёплы час года да «Залатых пяскоў» зможаш даплысці лодкай – у раёне прыстані, як правіла, дзяжурыць парачка мясцовых перавозчыкаў. Шпацыруючы па беразе Піны, звярні ўвагу на два бетонныя збудаванні – гэта доўгачасовыя агнявыя пункты, якія, магчыма, памятаюць Першую сусветную.

Гісторыя Пінска заўсёды была звязаная з вадой. Па легендзе, менавіта ў Пінску каменныя крыжы плылі па рацэ пад сценамі горада і не танулі. Гэтая боская з'ява і натхніла палешукоў на прыняцце хрысціянства. Піншчыну вобразна называюць Палескай Венецыяй: у свой час тут рэк было больш, чым дарог. Прычым паўнаводныя рэкі моцна разліваліся, і адзіным варыянтам перамяшчэння былі лодкі. Шматлікія археалагічныя знаходкі і ўвогуле гавораць аб тым, што на поўдні Беларусі на месцы цяперашняга Палесся размяшчалася Беларускае мора. Паводле падання, «некалі Чорнае мора распасціралася да самога Пінска, але магутны князь Кіеўскі раскапаў горы і спусціў стрыманыя імі воды, з-за чаго на месцы мора засталіся адны балоты». На жаль, мора мы не заспелі, а вось балоты дасталіся што трэба. Самым старажытным балотам Беларусі больш за 11 тысяч гадоў. Тут жа жыве беларускі Змей Гарыныч – Цмок. 

Пачні знаёмства з гістарычным Пінскам з самага вялікага і прыгожага будынка на галоўнай плошчы горада – з Езуіцкага калегіума XVII стагоддзя (пл. Леніна, 1). На жаль, трохпавярховы будынак на беразе ракі – гэта толькі рэшткі былога велічнага ансамбля езуіцкага манастыра. Але і ён захаваўся цудам: касцёл Святога Станіслава (між іншым, самы высокі ў ВКЛ), які знаходзіўся побач, таксама XVII стагоддзя пабудовы, савецкія ўлады ўзарвалі, а калегіум захавалі проста таму, што не было дзе размясціць аселыя тут арганізацыі. У свой час пінскі калегіум лічыўся найлепшай навучальнай установай у акрузе для атрымання духоўнай і свецкай адукацыі. Тут быў нават свой тэатр і працавала аптэка. А манастыр, пры якім калегіум дзейнічаў, быў самым заможным прыстанкам езуітаў у Беларусі. 

Ты можаш зазірнуць унутр: патрапіш у Музей Беларускага Палесся. Але спачатку звярні ўвагу на ламаныя французскія дахі будынка, а затым ужо ў інтэр'еры – на захаваную скляпеністую сістэму столяў і велізарныя драўляныя лесвіцы з парэнчамі. Асаблівы музейны гонар – «Мора» Айвазоўскага. Велізарнае палатно (прыкладна 1,5 х 2,5 м), напісанае ў сярэдзіне XIX стагоддзя, доўга з'яўлялася непрыдатным для агляду –музей не меў грошай на рэстаўрацыю. Але дзякуючы аднаму бізнэсмэну палатно было аформленае і выстаўленае. Так што ў Пінску ўсё ж такі ёсць «Мора», няхай толькі намаляванае. Уваход для студэнтаў – BYN 2, для астатніх – BYN 4. За паслугі экскурсавода студэнтам трэба даплаціць BYN 10, астатнім гасцям – BYN 15, прычым не важна, ты адзін(-а) ці вас цэлая група. Музей адкрыты з 10:00 да 18:00, каса – да 17:30, выходныя – панядзелак і аўторак. 

За калегіумам знаходзіцца сімвал партовага Пінска – драўляны рачны вакзал. Гэта двухпавярховы ярка-блакітны дамок на вадзе, жудасна рамантычнае месца – ідэальна для сакавітых фатаграфій і пяшчотных пацалункаў. Раней мясцовыя жыхары лодкамі карысталіся часцей, чым запрэжанымі з воза коньмі, таму рачныя пасажырскія перавозкі былі неабходнасцю. У Беларусі такія збудаванні на вадзе захаваліся яшчэ ў 5 гарадах: Гомелі, Берасці, Магілёве, Рэчыцы і Тураве. 

А насупраць рачнога вакзала, калі пяройдзеш мост, знойдзеш унікальны гаражны кааператыў. Толькі гаражы тут не для машын, а для лодак. Пахадзі па беразе – і напэўна сустрэнеш цікавыя невялікія судны: іх сваімі рукамі збіраюць мясцовыя аматары водных прагулак і рыбалкі. 

Рамантычныя настроі ўзмоцніць прагулка на цеплаходзе «Пінск» пад хіты 2000-х. Водныя прагулкі здзяйсняюцца з чацвярга па нядзелю, у астатнія дні толькі па заяўках з 11:00 да 21:00. Кошт білета – BYN 5. Але, каб прагулка адбылася, трэба як мінімум 30 пасажыраў. Таму часам даводзіцца збіраць аднадумцаў і крыху чакаць на беразе. На цеплаходзе катаюцца, як правіла, ці турысты, ці выпускнікі. 

На рагу вуліц Бялова і Каржа цяпер знаходзіцца Шахматна-шашачны клуб (вул. Каржа, 2). Але раней мэбляваныя пакоі гэтага дома ведалі самыя што ні ёсць бурапенныя часы: тут прадавалі каханне. Паводле дадзеных даведніка «Пінск», выдадзенага ў 1932 годзе, у Пінску налічвалася 5 публічных дамоў. Але менавіта гэты быў самы папулярны. Падчас вайны нямецкія салдаты таксама выкарыстоўвалі будынак па яго прамым прызначэнні. У 70-х гадах ён стаў разбурацца, вядома ж, з-за "праклёну". Але, нягледзячы на цікавы гістарычны бэкграўнд, пінчукі любілі гэты будынак і не хацелі з ім расставацца. Таму было прынята рашэнне знесці стары аварыйны дом, а на яго месцы пабудаваць новы, такі ж. З 1983 года ў дом на Каржа, 2 прыходзяць не па цялесныя любошчы, а па інтэлектуальныя гульні. 

Па цэнтры Пінска (вул. Дзяржынскага, 30; вул. Нарушэвіча, 8; вул. Іркуцка-Пінскай дывізіі, 23) раскіданыя цудам уцалелыя і такім жа цудам спраўныя драўляныя дамы ў стылі канструктывізму. Не палянуйся збочыць на другарадныя вуліцы – дзе-нідзе (напрыклад, на вуліцы Зялёнай) адчуеш сябе, як у бабулі на вёсцы.

Помнік палешуку з'явіўся ў Пінску зусім нядаўна, у верасні 2017 года. Зразумела, ён размясціўся на турыстычнай вуліцы Леніна (каля дома №2). «Паляшук» – зборная выява жыхара палескіх вёсак, які прыехаў у горад на кірмаш. Жыхары горада з холадам прынялі канцэпцыю і месцазнаходжанне новага арт-аб'екта: усё ж па галоўнай вуліцы горада раней ажыццяўлялі праменады самі гараджане, а не сяляне. Але гарадскія ўлады тлумачаць свой выбар тым, што гандлёвыя рады пінскай рачнога кірмашу знаходзіліся якраз непадалёк, побач з калегіумам езуітаў, на галоўнай плошчы горада (цяпер – плошча Леніна). Бронзавы паляшук ганарліва заяўляе: «Па-першае, я з Пiнска…» і па-гаспадарску загінае пальцы, падлічваючы свой капітал. Кажуць, неўзабаве ў горадзе з'явіцца яшчэ адзін бронзавы паляшук – з вяслом. «Паляшук з вяслом» з'яўляецца сімвалам гістарычна важнай для горада падзеі – Палескага кірмашу 1937 года, які прайшоў з небывалым размахам і працягнуўся 15 дзён. 

Прапаноўваючы ажыццявіць праменад па галоўнай вуліцы горада, пінчукі казалі: «Ідзём шпацыраваць па Газе», нешта кшталту «Пайшлі пабадзяемся па цэнтры». Гэтае спалучэнне польскіх і габрэйскіх слоў, хутчэй за ўсё, было незразумелым для прыезджых, аднак мясцовыя пастаянна выкарыстоўвалі яго ў сваёй камунікацыі. Месцам сустрэчы падчас такіх прагулак быў «гатэль «Анёльскага», ці дом Шміта (вул. Леніна, 2). Рэстаран-кабарэ «Парадыс», які знаходзіўся пры гатэлі, славіўся тым, што ў ім працавалі «фурданцеркі». Так пінчукі называлі дзяўчат, якія прыязджалі ў горад у пошуках лепшага жыцця і танцамі зараблялі сабе на жыццё. Цяпер гэты ўнікальны гістарычны будынак знаходзіцца ва ўласнасці прыватных інвестараў. Прыемна, што надпіс “A. L. Goldberg Sprzedaż komisowa» («Камісійны продаж А. Л. Гольдберга») пасля рэканструкцыі будынка не зафарбавалі. 

Крыху далей па адрасе вул. Леніна, 5 знаходзілася гасцініца "Парыж". Будынак вядомы як дом Калодных (Мошэ Кол (Калодны) – дзяржаўны дзеяч Ізраіля). Пабудаваны ў сярэдзіне XIX ст. у стылі класіцызм, ён быў рэканструяваны і дабудаваны ў канцы XIX ст. Тут і цяпер можна адчуць дух раскошы. 

Шпацыруючы ўздоўж вуліцы Леніна, ты апынешся ля сцен аднаго з самых старажытных касцёлаў Беларусі. Сабор Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі, або францысканскі касцёл (вул. Леніна, 18), быў пабудаваны ў 1396 годзе. Гэта была драўляная версія храма, а сёння на яго месцы ўзвышаецца каменны – 1730 года. Гэта адзін з трох храмаў Беларусі з ганаровым тытулам basilica minor (у Каталіцкім Касцёле – тытул для асаблівых цэркваў, які прысвойваецца Папам Рымскім). Пінскі кафедральны сабор – гэта таксама самы буйны барочны ансамбль, які захаваўся ў нашай краіне. Інтэр'ер касцёла раскашуе золатам, арнаментальнай разьбой, фрэскамі і барочнымі драўлянымі скульптурамі. Адмысловую каштоўнасць уяўляе разны амбон у выглядзе гаўбца па левым баку з больш чым 70 скульптурамі, пакрытымі ліставым золатам. Ёсць версія, што ён быў выразаны з суцэльнага кавалка драўніны. Тут жа можна сузіраць знакамітую «Пінскую Мадонну» Альфрэда Ромера, якая крочыць па аблоках, падобных на густыя палескія туманы. Яе правобразам стала простая габрэйская дзяўчына з Пінска. У касцёле знаходзіцца яшчэ адна ўнікальная рэч – самы старажытны з дзейных і другі па велічыні арган у Беларусі. Яго трэба бачыць, і, канешне ж, слухаць – такая магчымасць ёсць на кожным урачыстым богаслужэнні ў касцёле і падчас канцэртаў. Некалькі апошніх гадоў у Пінску праходзіць міжнародны фестываль арганнай музыкі – сачы за гарадской афішай, каб не прапусціць падзею.

На тэрыторыі ансамбля можна ўбачыць пінскую «пізанскую вежу» – чатырох'ярусную званіцу, якая крыху адхілілася ад восі. Яна была збудаваная ў 1817 годзе па праекце архітэктара Каменскага, які жыў і працаваў у Пінску. А вось два верхнія васьмігранныя ярусы надбудаваныя па праекце акадэміка архітэктуры і пінчука Івана Жалтоўскага. З боку набярэжнай да касцёла прымыкае будынак францысканскага кляштара. Тут размяшчалася духоўная семінарыя, але цяпер установа не працуе. У дворыку храма ёсць лаўкі, дзе можна памедытаваць, гледзячы на касцёл, або запіліць сэлфі на фоне жоўтай каменнай сцяны. Калі раптам ты прыйшоў(-ла) у касцёл, а ён аказаўся зачынены – не смуткуй, а патэлефануй пробашчу ксяндзу Паўлу +375 29 809-30-95 (МТС). 

Дзе, як не ў Пінску, глядзець «Пінскую шляхту» Дуніна-Марцінкевіча, у Палескім драматычным тэатры (вул. В. Харужай, 10), які месціцца ў былым будынку першага тутэйшага кінатэатра «Казіно». Тэатр тут адкрылі ў 2006 годзе, цалкам захаваўшы знешняе аблічча старажытнага будынка. Апроч фірмовай «Пінскай шляхты», у драмтэатры даюць «Рагнеду» і «Чорную Панну Нясвіжа». Як правіла, на гэтыя пастаноўкі залы заўсёды забітыя, а білеты прададзеныя задоўга да спектакля. Таму, плануючы паездку ў Пінск, лепш загадзя азнаёмся з рэпертуарам тэатра і купі білеты. 

Пінская гімназія (вул. Леніна, 39) – найстарэйшая гімназія Палесся на Палессі. Адкрылася 1 жніўня 1858 г. на месцы дваранскага вучылішча, пабудаванага ў 1852–1853 гг. Гэта альма-матар шматлікіх знакамітых людзей. Пінскую гімназію скончыў вучоны-хімік Хаім Вейцман, які пасля стаў першым прэзідэнтам Ізраіля, і той самы архітэктар Іван Жалтоўскі. Цяпер у прыгожым бледна-ружовым будынку размяшчаецца аддзел адукацыі Пінскага гарвыканкама. 

Калі звернеш перад гімназіяй і пройдзеш квартал, то патрапіш наўпрост да гістарычнай пошты (вул. Заслонава, 13). Ад інтэр'еру будынка, пабудаванага ў польскі перыяд у стылі канструктывізму, захаваліся арыгінальныя дзверы-круцёлка на ўваходзе і дзве крамы ўнутры. Дом насупраць з паўкруглым франтонам і раскошнай гістарычнай сталяркай – былы магістрат Пінска. 

Пакрысе падбіраючыся да канца пешаходнай вуліцы, ты абавязкова спынішся каля прыгожага будынка з чырвонай цэглы ў стылі эклектыкі, які нагадвае Бруклін 50-х гадоў. Гэта Дом Орды ў Пінску (вул. Леніна, 38), пабудаваны для Леанціны, нявесткі Напалеона Орды, якая актыўна займалася дабрачыннасцю і асветай. 

У канцы вуліцы Леніна, каля гатэля «Прыпяць» знаходзіцца Палац Бутрымовіча (вул. Леніна, 44) – першы жылы будынак з каменю ў горадзе. Каменны будынак таму і празвалі «Пінскім Мурам». Яго ў канцы XVIII стагоддзя пабудаваў гарадскі суддзя Матэвуш Бутрымовіч, дзядуля Напалеона Орды. Палац Бутрымовіча пабачыў шмат: у яго сценах знаходзіліся рэзідэнцыя каталіцкага біскупа, друкарня, кінатэатр і Дом піянераў. Падчас Другой сусветнай вайны ён быў разрабаваны і багацці палаца вывезлі за мяжу. Доўга ён пуставаў і лічыўся няшчасным месцам і прыстанкам гарадскіх маргіналаў. Затое цяпер будынак напоўнены пазітыўнай энергіяй: тут людзі жэняцца і клянуцца адно аднаму ў вечным каханні. Загадзя запісаўшыся, усяго за BYN 3,5 ты можаш патрапіць і ўнутр: экскурсіі праводзяць з серады па нядзелю з 9:00 да 13:00. 

Габрэйскі Пінск – асобная тэма. Як і габрэйскае прадмесце Каралін, якое пачынаецца якраз за гатэлем «Прыпяць». Наогул у горадзе ёсць і цэрквы, і касцёлы, і сінагогі, а ўсяго налічваецца больш за 10 рэлігійных абшчын. Пінск называюць "палескім Іерусалімам", таму што з ім шчыльна звязаная гісторыя ізраільскага народа. Да Другой сусветнай вайны 70% насельніцтва горада былі габрэямі, у горадзе і сёння працуюць габрэйскія школы для хлопчыкаў і дзяўчынак. А пінскія габрэі "трымалі" гандаль соллю ў маштабах усяго ВКЛ. Для гэтага нават выпрасталі рэчышча Піны: так соль трапляла ў Каралін у абыход Пінска. 

Пінская сінагога (вул. Іркуцка-Пінскай дывізіі, 12) знаходзіцца ў будынку дома былога малітоўнага дома рабінаў Пярловых. Драўляны будынак у пачатку XX стагоддзі згарэў, пасля чаго яго адбудавалі нанова з цэглы. У сакавіку 1941-га менавіта ў Пінску адбыўся нелегальны з'езд рабінаў Заходняй Беларусі і Заходняй Украіны. Падчас вайны пінская сінагога была закрытая, у савецкі час што тут толькі не размяшчалася, а па выніку малітоўны дом і зусім ператварылі ў жылы. У 1993 годзе сінагогу вярнулі Пінскай габрэйскай абшчыне. Кажуць, частым госцем пінскай сінагогі была Голда Мэір – найвялікшая жанчына-палітык і чацвёртая прэм'ер-міністр Ізраіля. 

Падчас шпацыру ўздоўж ракі варта прыглядзецца да дома з калонамі 1902 года пабудовы. Гэты будынак былой гасцініцы «Брыстоль» (вул. Дняпроўска-Пінскай флатыліі, 39), які нарэшце рэканструявалі – цяпер ля яго сцен б'е невялікі фантан, а ўнутры працуюць крамы і медцэнтры.

Прагулка па набярэжнай прывядзе цябе ў гарадскі парк імя Дняпроўскай флатыліі, ён быў закладзены яшчэ ў 1858 годзе побач з Ляшчынскім манастыром, які не захаваўся. У парку, вядома ж, ёсць атракцыёны, але іх найлепшыя часы аб'ектыўна мінулі. Ды і будуць цікавыя яны ў асноўным маленькім наведвальнікам. Атмасфера ў парку заўсёды цудоўная. Асабліва салодка летам, калі цёпла, зялёна і дабрадушныя бабулі прадаюць трубачкі са згушчонкай. Аматарам панастальгаваць напэўна прыйдуцца да душы наіўныя савецкія скульптуры – мядзведзіца з медзведзянятамі і сарамлівая парачка пралетарскай моладзі на спатканні. 

Дарогаю ў цэнтр можна зазірнуць у вокны дома па адрасе вул. Суворава 43, дзе нарадзіўся і вырас «кароль рэпартажу» Рышард Капусцінскі (Ryszard Kapuściński). Рышард пакінуў Пінск у 1940 годзе, ва ўзросце 8 гадоў, і яго наступны візіт у родны горад адбыўся толькі ў 1997-м – на 900-годдзе Пінска. Праз два гады ён зноў прыехаў, але ўжо ў кампаніі польскага рэжысёра Пятра Залускага, які здымаў дакументальны фільм пра жыццё легендарнага публіцыста. У фільм увайшла кранальная гісторыя пра тое, як Капусцінскі з дапамогай мясцовых старажылаў адшукаў на каталіцкіх могілках магілу сваёй бабулі. У 2007 годзе, пасля смерці журналіста, на доме, дзе ён нарадзіўся, устанавілі мемарыяльную шыльду. Цяпер тут месціцца оптыка, на парозе якой часта сядзіць белы пухнаты кот і назірае за мінакамі. 

У Пінску ёсць абсалютна ўнікальнае збудаванне – паўцарква-паўкінатэатр. Калісьці ў будынку, дзе цяпер знаходзіцца Царква Уваскрэшання Славучага (вул. Горкага, 33), быў дзіцячы кінатэатр "Дружба". Там, дзе раней была кіназала, цяпер – малельная. Там, дзе быў кінамеханік, цяпер узвышаюцца купалы. Гісторыя такая: у гэтым будынку яшчэ да кінатэатра стаяў касцёл дамініканцаў, які потым быў перабудаваны ў праваслаўную Саборную царкву Святога Фёдара Тырона. Але ў 50-х гадах пасля візіту савецкіх "рэстаўратараў" на месцы царквы, якую ўзарвалі, пабудавалі кінатэатр. Па ўсім СССР у той час пабудавалі больш за 100 дакладна такіх жа. Пасля перабудовы народу вярнулі былыя святыні. 

Шпацыруючы вуліцай Кірава, немагчыма не звярнуць увагу на беласнежны будынак Касцёла Карла Барамея (вул. Кірава, 37), які летам патанае ў зеляніне. Спачатку храм быў драўляным, а амаль стагоддзе праз яго перабудавалі ў камені (1782). Храм належаў адзінаму ва Усходняй Еўропе манастыру ордэна камуністаў. Касцёл, які з'явіўся на заходзе барока і світанку класіцызму, па архітэктуры ніяк не суадносіцца з той эпохай, а хутчэй адсылае да абарончага дойлідства (тоўстыя сцены, крапасная вежа, падземныя хады). У 60-я гады касцёл Карла Барамея закрылі, і будынак паступова заняпаў. На шчасце, гарадскія ўлады выратавалі гэтую, як сказаў Уладзімір Караткевіч, "барочную цацку, якой мог бы ганарыцца любы горад Еўропы". Яго адрэстаўравалі, і ў 1992 годзе тут адкрылася гарадская канцэртная зала камернай музыкі. Унутры будынак выглядае гэтак жа, як у канцы XVIII стагоддзя, нават вузкая драўляная лесвіца, якая вядзе на балкон, засталася некранутай. Тут ёсць электрычны арган легендарнай амерыканскай фірмы "Апалон". Як такіх экскурсій па храме няма. Але тут рэгулярна праходзяць канцэрты арганнай музыкі, выставы мясцовых мастакоў і фатографаў. Так што за сімвалічныя грошы ўсё ж такі атрымаецца ўбачыць помнік архітэктуры знутры. 

Па суседстве з касцёлам знаходзіцца Свята-Варварынская царква (вул. Савецкая, 34) – барочны касцёл былога кляштара бернардынак. У ёй можна ўбачыць іконы беларускага пісьма, а таксама абраз Маці Божай «Адзігітрыя» ў візантыйскім стылі – мастацтвазнаўцы датуюць яго XVI стагоддзем. Памятная шыльда на званіцы храма паведамляе, што ў 1913 годзе тут павянчаліся Якуб Колас і Марыя Каменская. 

Першая партыя легендарных пінскіх запалак была выпушчаная ў 1892 годзе. Фабрыка тады называлася "Вулкан". Заснаваў яе мясцовы капіталіст Луі А. Гершман. Фабрычны будынак уяўляе сабой узор прамысловага будаўніцтва канца XIX – пачатку ХХ стст. На вялікі жаль, пінская «запалка» вось ужо як пару гадоў спыніла сваё існаванне. На тэрыторыі завода "Пінскдрэў" (вул. Брэсцкая, 48) абяцаюць адкрыць музей. 

Калі захочаш пашырыць класічны турыстычны спіс, наведай Пінскі некропаль, які сімвалічна размясціўся на вуліцы Спакойнай. Тут знаходзяцца чатыры вайсковыя могільнікі – расійскія, нямецкія, польскія і савецкія, а таксама каталіцкія, праваслаўныя і габрэйскія грамадзянскія клады. Тут пахаваныя прадстаўнікі самых уплывовых і важных для горада сем'яў – Бутрымовічы, Орды, Скірмунты, Броэль, Плятэры, Корсакі, Кужанецкія, Нялюбавічы-Тукальскія.

 

 

 

 

 Кавярня «Хвілінка» (вул. Леніна, 19) – легендарная ўстанова Пінска, як і яе гаспадыня Таццяна Іосіфаўна. З'явілася яна яшчэ ў 1987 годзе на месцы скразной аркі, якая вяла з вуліцы ў двор дома, і перажыла нядаўнюю рэканструкцыю будынка, не закрывачыся. Толькі тут вараць каву на пяску (BYN 4). Можна таксама дадаць любы алкагольны напаўняльнік, напрыклад каньяк ці бальзам (BYN 4). Унутры ўнікальная атмасфера 90-х, якая да гэтага часу захавалася як у інтэр'еры, так і ў прапанаваным асартыменце. Па словах Таццяны Іосіфаўны, якая валодае кавярняй з 2001 года, тут заўсёды, нават у ліхія 90-я, была правільная, высакародная атмасфера. Кавярня знаходзіцца проста насупраць кафедральнага касцёла, і ў цёплы час можна ўладкавацца за столікам з відам на галоўную святыню горада. 

 Кавярня-пякарня «Залаты колас» (вул. Леніна, 22), яна ж  «Каласок». Пякарня, якая працуе з 1995 года, са свежай выпечкай і хатняй атмасферай. Кошты больш чым дружалюбныя. Напрыклад, круасаны з рознымі начыннямі каштуюць па BYN 1,5. Прапануюць шырокі пералік выпечкі, якая прымусіць панастальгаваць: «Грыбы кандытарскія», «Палоска пясочная», печыва «Бярозка», «Пяшчота» і «Загадка». Тут нават каравай «Хлеб-соль» на замову спякуць. Фірмовая слодыч – пінскі снікерс (BYN 26 за кіло) - аналаг шакаладнай каўбасы, але з арэхамі, што мае невытлумачальны магічны смак. Тут таксама можна з'есці блінцы з рознымі начыннямі (BYN 3,2 - 4,8), хот-догі (BYN 2,8) і разнастайны фастфуд (гамбургеры, чызбургеры, фры). Улетку робяць хатні ліманад (BYN 3,3), а ўзімку прапануюць глінтвейн (BYN 3,5) і фруктовы кісель (BYN 1,9). З кававых вынаходстваў можаш пакаштаваць, напрыклад, каву па-пінску з агурочным сіропам (BYN 4,1). Можна ўладкавацца ўнутры, з відам на францысканскі касцёл, а можна на вуліцы: столікі стаяць і зімой, і летам. 

 Кавярня Zephyr (пл. Леніна, 7/1) выкарыстоўвае найлепшыя гатункі Kitchen Coffee Roasters, робіць кактэйлі і ліманады і гатуе кожны дзень свежую выпечку – у меню круасаны, пончыкі, крэкеры і home-made зефір. У цёплыя месяцы адкрытыя адразу дзве тэрасы. 

 Літаральна ў хвіліне ад цэнтральнай плошчы Леніна ёсць кавярня-кандытарская «Лакомка» (вул. Бялова, 2). Гэта больш не тэлепорт у дзяцінства ў плане інтэр'еру: нядаўна ўстанова перажыла чарговы рамонт, паўстала ў стыльным сучасным выглядзе і нават абзавялася акаўнтам у Інстаграм. Але ў сэнсе дэсертаў гэта старая добрая «Лакамка»: смела набірай поўную талерку заварных, бульбачкі і карзіначак, а затым як след запраўся марожаным. 

 Кавярня «Молоко» (вул. Першамайская, 26) цалкам адпавядае хіпстарскім гайдам: мілая барыста, мінімалістычны інтэр'ер, крэйдавыя малюнкі на сценах, настольныя гульні, wi-fi, якасная кава, бясплатная вада і модныя дэсерты. Тут ты знойдзеш больш за 30 варыяцый на тэму кававых напояў. Барыста прапануе табе фірмовы «Тайгер» (рэзкі капучына – BYN 5), кава цюр (BYN 6). Пакаштуй лавандавы раф (BYN 6,5), вішнёвую (BYN 5,5) ці какосавую каву (BYN 7), калі хочацца чагосьці цікавейшага. У меню таксама знойдзеш малочныя кактэйлі (BYN 4), вялікі асартымент аўтарскіх гарбат (BYN 5,5) і некалькі відаў какавы (BYN 6). Цэны набліжаныя да сталічных, але ў кошт уваходзіць дробка далікатнай правінцыйнай любові, якую абавязкова дададуць у твой напой. А калі пашанцуе, патрапіш на невялікі, зусім хатні канцэрт. 

 Насупраць Палескага ўніверсітэта размяшчаецца нічым не адметная вонкава, але абсалютна ўнікальная з пункту гледжання гісторыі крама-кафетэрый «Пачастунак» (вул. Кірава, 29). Раней тут знаходзілася знакамітая на ўвесь горад пякарня Дворкіна, уладальнікам якой быў дзядзька былога гендырэктара Microsoft Стыва Балмера. У Пінску таксама жылі яго дзед і прадзед. У 2007 годзе Стыў Балмер з сястрой прыязджалі на радзіму продкаў, праўда, усяго на адзін дзень. Яны наведалі мясціны, звязаныя з габрэйскай гісторыяй Пінска, і, вядома ж, убачылі тую самую пякарню Дворкіна. Цяпер тут таксама прадаюць хлеб, свежыя пірожныя і выпечку. 

 Яшчэ адна модная кавярня ў стылі лофт у самым цэнтры горада – Paragraph (вул. Леніна, 2). Тут вельмі прыемны інтэр'ер і выдатная кава і дэсерты. Асабліва рэкамендуем пакаштаваць арэхавы торт і ягадныя тарталеткі. Злева ад вітрыны з пірожнымі тут размясціўся вялікі стэлаж са стосам настольных гульняў. Мясцовыя перш за ўсё выбіраюць сабе настолку, а ўжо пасля гэтага ідуць рабіць замову. 

 Калі любіш ганконгскія вафлі і смажанае марозіва – ідзі ў кавярню з адпаведнай назвай «Жареное мороженое» (вул. Першамайская, 6). Тут пякуць вафлі з рознымі начыннямі, робяць сэндвічы, ізноў-такі смажаць марозіва, вараць каву і змешваюць малочныя кактэйлі. 

 «Филин» (вул. Леніна, 43) – добры варыянт для хуткай перакускі або доўгіх вячорак проста з відам на пешаходную вуліцу. Тут шаўрму з'ясі за BYN 4,5-9. Піца абыдзецца ў BYN 15 ці 24.

 «Палуба» (старая набярэжная ля гасцініцы “Прыпяць”) - летняя кавярня ў марскім стылі. У меню хот-догі, наліснікі, стравы ў фрыцюры, напоі і марозіва. А столікі стаяць амаль ля вады – поўнае занурэнне ў атмасферу старой набярэжнай гарантаванае. 

 «Кофе Саунд» (вул. Іркуцка-Пінскай дывізіі, сквер каля галоўнага корпуса ПалесДУ). Класіка напояў і перакусаў – бяры хот-дог ці фрэнч з халоднай кавай і садзіся бліжэй да вялікага каскаднага фантана. 

 «У паникера Вити» (вул. Брэсцкая, 72Д) можаш падсілкавацца сытным сэндвічам, хот-догам і бульбай фры. Установа працуе да 5 раніцы, а побач з кавярняй размешчаны начны клуб – будзь упэўнены(-ая), час тут сапраўды прабавіш весела. 

 DogHut (вул. Савецкая, 2) – сабакавярня з высокай доляй імавернасці знайсці чатырохлапага сябра. Псінку можна паціскаць на месцы або абраць па фатаграфіі. У памяшканні ёсць аўтамат з кавай, тут жа праходзяць мастацкія выставы і кірмашы хэнд-мэйду. Пры жаданні можаш заданаціць на догляд жывёл. 

 На свежую курачку заскоч да палкоўніка Сандэрса. У Пінску працуюць ажно тры рэстараны KFC (вул. Брэсцкая, 37; вул. Чыгуначная, 56; вул. Партызанская, 42), прычым на Брэсцкай наталіць голад можна ў кругласутачным рэжыме.

 

 

 

  Кавярня «Бона Сфорца» (вул. Першамайская, 8) названая ў гонар польскай каралевы, апякункі горада. Характэрна, што на фасадзе пакінулі незафарбаванай шыльду былой крамы на польскай – Materiały piśmienne. У меню ёсць усе класічныя пазіцыі: пасты, бліны, піца, супы, салаты, мясныя і рыбныя стэйкі. Раніцай можна з'есці нарвежскі ці французскі сняданак. Кошты - ад BYN 6 за булён з перапяліным яйкам да 32 за стэйк з ялавічыны. Дэсерты робяць самі: браўні, маркоўны торт, баскскі тварожнік (BYN 8-11). Самы папулярны алкагольны напой сярод гасцей кавярні – віно. 

  Bosfor (вул. Леніна, 53) - выдатнае месца для сняданку. Тут цябе накормяць амлетам, трыма відамі цалкоў і сырнікамі. На дэсерт можаш узяць венскія вафлі, круасаны ці пірожнае шу. Ва ўстанове падаюць ліставую гарбату, а вокны кавярні выходзяць проста на пінскую пешаходку – увогуле лакацыя шык-бляск. 

  Грыль-бар «МуМо» (вул. Леніна, 2-4) падыдзе, калі любіш мяса на грылі і бургеры. Тут іх прапануюць па кошце ад BYN 8 за гамбургер/чызбургер да BYN 21 за бургер фармату XXL з двума катлетамі з ялавічыны. У меню таксама стэйкі, рабрынкі, салаты і дэсерты. 

  121. City cafe (вул. Першамайская, 55) чакае на сняданкі, бургеры, піцу і пасту, рабрынкі і стэйкі, а таксама напэўна парадуе цябе нядрэнным выбарам алкаголю, у тым ліку хатніх налівак. Утульны варыянт для «проста пасядзець» або сабрацца з сябрамі з радаснай нагоды. 

  «Уинстон Черчилль» (вул. Леніна, 32). Брытанскі паб з характэрным стыльным інтэр'ерам для знаўцаў піва – яго тут дзясяткі відаў з як мінімум сямі краін. Натуральна, у суправаджэнні сытных мясных страў, іншага алкаголю і дэсертаў. Тут ідуць прамыя трансляцыі спартовых матчаў, рэгулярна праходзяць канцэрты жывой музыкі. Можаш застацца ля барнай стойкі – персанал ахвотна падтрымае гутарку. 

  Захацелася пагурманіць – зазірні ў «Франт» (вул. Дняпроўскай Флатыліі, 33). Будынак, у якім размясціўся гэты рэстаран-клуб, з'яўляецца часткай ансамбля Палаца Бутрымовіча, раней гэта быў флігель. Нечувана раскошны на той час каменны Палац Бутрымовіча называлі "франтам на вёсцы". Уладальнікі ўстановы і выкарыстоўвалі гэтае ёмістае, чэпкае слова для назвы. Меню – элегантнае, мае шмат мясных і рыбных далікатэсаў (стейкі з аргенцінскай ялавічыны, перапёлка тэхаская, медальёны з аўстрыйскага ягняці). Шмат страў з морапрадуктаў (салаты, жульен, стэйкі, крэветкі на грылі). Кошты крыху вышэйшыя, чым у іншых установах, але гэта цалкам апраўдана. Уначы сціплы стрыманы «Франт» ператвараецца ў шумнага гуляку. 

  «Каролин» (вул. Заслонава, 11). Кавярня ў класічным фармаце – утульная, прасторная, з гістарычнымі здымкамі Пінска на сценах. Тут прыемна і проста паабедаць, і правесці вечар з сям'ёй, і згуляць камернае вяселле. Атмасферу ствараюць жывая музыка і сапраўды разнастайнае меню. 

  Хто куды, а мы ў «Дрова» (вул. Першамайская, 129). Паб убаку ад цэнтра Пінска. Але пэўная аддаленасць кампенсуецца прасторнай тэрыторыяй установы. Тут прапануюць паўнавартаснае абедзеннае меню, добры выбар страў беларускай кухні, запечаныя мяса і рыбу. Піва толькі разліўное – каля дваццаці гатункаў на выбар. 

  Beerloga (вул. Іркуцка-Пінскай дывізіі, 42) – паб з піцай, закускамі і півам на выпадак, калі раптам засумуеш у гарадскім парку. 

  Калісьці ў Пінску стрыт-фуду не было, ды і слова гэтае наўрад ці нешта значыла для мясцовых. Але, на шчасце, культура вулічнай ежы становіцца блізкай і зразумелай пінчукам. І ўсё дзякуючы такім установам, як Food Union (вул. Леніна, 26). Тут прыгожы вытрыманы інтэр'ер, які адсылае да ўтульных скандынаўскіх матываў, і адназначна смачная ежа, якую гатуюць на адкрытай кухні за лічаныя хвіліны. Тут ты можаш з'есці піцу (ад BYN 11,4 за маленькую «Маргарыту» да BYN 22 за вялікую «Дэльмар»), шаўрму (маленькая/вялікая/каралеўская – BYN 4/ 7/ 12,9), фалафель (BYN 3,9), бурыта (BYN 15,9). 

  Непадалёк ад драмтэатра ёсць яшчэ адзін варыянт сытна і бюджэтна падсілкавацца. Pizza Italiana (вул. Леніна, 31/2) размясцілася ў невялікім утульным дворыку. Працуюць у фармаце take away, але ў цёплы час можна пасядзець на летняй пляцоўцы ці на тэрасе на даху. Ёсць таксама сэрвіс бясплатнай дастаўкі. Тут ты можаш з'есці піцу ці ралота (факача з фірмовым соусам і рознымі начыннямі). Цеста для піцы гатуюць па асаблівай італьянскай тэхналогіі, прапануюць каля 40 відаў з самымі рознымі начыннямі, сярод якіх ёсць шмат варыянтаў для вегетарыянцаў. У залежнасці ад ступені голаду выбіраеш маленькую "Маргарыту" за BYN 11 ці "Мясны мікс" на 70 см за BYN 59. Калі любіш рызыку або не можаш выбраць, скарыстайся функцыяй «Рандом» пры замове – атрымаеш 8 выпадковых кавалкаў піцы.

 

 

 

 

  Чаркавая «Денди» (пл. Леніна, 1). Свежая ўстанова з настойкамі на любы густ, часам са стэндапам, з пацешнай фотазонай, дзе можна сфоткацца на фоне бабулінага дывана. Адкрыта з 18 да 2 ночы кожны дзень. 

  Connect (вадасховішча Пагост). Калі маеш магчымасць пераадолець 30 кіламетраў, накіроўвайся на прыватны пляж Ezera Park Hotel (Пінскі, р-н, в. Вяз, ст. 3). Што можа быць лепш, чым танцы пад музыку запрошанага дыджэя летняй ноччу ці кінапаказ на прыродзе? Таксама да тваіх паслуг кухня і бар. 

  Але калі хочаш патанцаваць ноччу менавіта ў горадзе, то самы мажорны і жаданы ўсімі мясцовымі варыянт – у рэстаране-клубе «Франт» (вул. Дняпроўскай Флатыліі, 33). Уваход з 21 года. За музычную частку адказваюць мясцовыя дыджэі, а часам выступаюць кавер-бэнды. Па пятніцах уваход BYN 10, у суботу да паўночы – BYN 10, пасля – BYN 15. 

 Другі ў рэйтынгу – рэстаран-клуб White Hall (вул. Цэнтральная, 82), у Паўночным мікрараёне. Пафасную назву рэстаран узяў зусім нядаўна, да гэтага яго звалі «Несцеркам» і знаходзіўся ён на другім паверсе аднайменнай кандытарскай, дзе ў свой час прадавалі самыя смачныя тарты. Уваход бясплатны, у тым ліку на дыскатэку, і з 18 гадоў, але госці тут у асноўным ад 30 і старэйшыя. 

 

 

  Можам паспрачацца: ты дакладна чуў(-ла) пра неверагодныя, ні з чым не параўнальныя хрумсткія пінскія агурочкі. На менскай Камароўцы прылавак, на якім напісана ПІНСК, каціруецца больш за іншых – цёплы пінскі клімат спрыяе выдатнаму ўраджаю. Больш за тое, вырошчванне агуркоў і памідораў у гэтых краях адбываецца ў прамысловых маштабах і лічыцца дастаткова прыбытковым бізнэсам. У Пінску гародніну са свайго агарода часта прадаюць на імправізаваным рынку, арганізаваным ля ўваходу ў якую-небудзь краму. Але ёсць два сапраўдныя рынкі, куды дачнікі і жыхары бліжэйшых вёсак звозяць свой душэўны ўраджай. Самы вялікі – "Рынак цэнтральны" – знаходзіцца недалёка ад цэнтра горада (вул. Ленінградская, 15), але больш атмасферны, званы ў народзе "44-ы рынак" размясціўся ў Паўночным мікрараёне. Менавіта сюды лепш прыязджаць па экаежу. 

  Нельга з'ехаць з горада, не наведаўшы фірмовую краму Polesie. Мясцоваму брэнду "Палессе" ўжо амаль 50 гадоў, і штомесяц у свет ідзе больш за 300 тон трыкатажнай прадукцыі для дарослых і дзяцей. У Пінску 4 фірмовыя крамы: вул. Першамайская, 159/3; вул. Леніна, 34; вул. Брэсцкая, 3; вул. Фядотава, 34. Тут нават патрабавальны(-ая) хіпстар(-ка) знойдзе чым пажывіцца: абліпальныя трыкатажныя сукенкі патрэбнай даўжыні, модныя аверсайз-швэдры грубай вязкі, тонкія швэдры з высокім або сярэднім каўняром пастэльных тонаў (тыя самыя гольфы). Цана – больш чым прыемная: BYN 10-80, а да свят яшчэ зніжка ў 15%. Апроч адзення, можна купіць модны хатні тэкстыль у скандынаўскім стылі, напрыклад вязаны плед за BYN 52. А ў падарунак добра падыдзе паланцін за BYN 17-33. 

  «Нектар Палесся» (вул. Дняпроўскай флатыліі, 13) – невялікая крамка мясцовага пчаляра Мікалая Качаноўскага. Яго пчолы жывуць у борцях – так называюцца вуллі з калод, традыцыйныя для Палесся, якія ставяць у кронах дрэў высока над зямлёй. Слоічак мёду вагой 600 грамаў абыдзецца табе каля BYN 10. 

  Кнігарня «Полымя» (пл. Леніна, 4А), бадай, самая легендарная кніжная крама горада. Тут можна знайсці ўсё: ад энцыклапедый "Я спазнаю свет" да паэзіі Веры Палазковай. Ёсць канцылярскі аддзел і дзіцячы з цацкамі. Сярод настольных гульняў і машынак «Палессе» можна знайсці дзіва – беларускую Барбі (Васіліну) у нацыянальным гарнітуры. Несумненны ўнёсак у адмысловую атмасферу крамы ўносяць таксама прадаўшчыцы ў авечых кажухах, якія разважаюць на прыемныя жыццёвыя тэмы («Ах, як смачна ёсць свежыя пернікі з малаком!»). Калі кнігарні – гэта сінонім душэўнасці, то «Полымя» – яе квінтэсэнцыя.

 

 

  Гісторыя Пінска

  Пінскі бізнэс-каталог

 

Тэкст: Іра Джыгіла, абнаўленні 2022 году – Арцём Кір'янаў. Фото by palasatka

|

Гайды

Аўтар:   34travel

  11138

hand with heart

Отблагодарить 34travel

Если наши материалы пригодились тебе в пути, сказать спасибо редакции можно, купив нам чашку кофе через Ko-fi. Всего пара кликов, никаких регистраций, комиссий и подписок. Спасибо, что ты с нами.

ЗАКИНУТЬ МОНЕТКУ

Чытай таксама

Магілёў

Наш новы гайд па Магілёве – горадзе на маляўнічых берагах Дняпра.

Віцебск

Што паглядзець у самым культурным беларускім горадзе.

Ліда

Культурная праграма, актыўны адпачынак і найлепшыя ўстановы ў горадзе Гедыміна.

Менск

Лепшае, што ёсць у Менску, у новым гайдзе ад 34travel.

Брэст

Горад з багатай гісторыяй, суровай крэпасцю і ўтульнымі кавярнямі – сустракай наш абноўлены гайд па Брэсце.

Горадня

Гайд па каралеўскім горадзе Беларусі.

Цяпер на галоўнай

Менск

Лепшае, што ёсць у Менску, у новым гайдзе ад 34travel.

Як прайшоў Багач – галоўнае восеньскае свята беларусаў?

Будзь багаты, як восень!

Падкаст пра беларускую гастраномію: Экзотыка ў меню

Распавядаем пра моду на памаранчарні і нетыповыя прадукты ў Мінску 1920-х.

Падкаст пра беларускую гастраномію: Кава ці гарбата?

Гісторыя ўлюбёных напояў і традыцыйных дэсертаў.

9 мастацкіх музеяў і галерэй за межамі Менска

Пранізлівыя пейзажы, яскравыя маляванкі і нават манументальныя мазаікі.

Тут нават камяні жывыя. Этнограф – пра палескія традыцыі, якія захаваліся да нашых дзён

Міфалогія старажытнага беларуса, якую можна назіраць ужывую.

Забытая Беларусь: славутасці, якіх ужо няма

Спадчына, памяць пра якую застаецца толькі на малюнках.

Месца тыдня: Лынтупы

Касцёл, сядзіба і старыя могілкі.

Маршрут па беларускім Палессі: едзем у Пінск і ваколіцы

Унікальныя музеі народнай культуры, мясціны Напалеона Орды, загадкавыя пахавальні.

Паказаць больш Паказаць больш