Брэст

|

Гайды

|

Аўтар:   34travel

|

  15521

Паміж Белавежскай пушчай і Брэсцкай крэпасцю, на самай мяжы Беларусі і Польшчы, месціцца Брэст – горад з багатай і складанай гісторыяй, моднымі барамі і чароўнымі персанажамі, накшталт ліхтаршчыка, які вечарамі запальвае ліхтары на Савецкай. Вывучаць і адкрываць нешта новае тут можна бясконца. Разам з МТС мы раскажам, як весела і з карысцю прабавіць час у горадзе над Бугам.

 

 Змест: 

Транспарт  /   Жытло  /   Культурная праграма  /   Ежа 

Кава  /   Бары  /   Шопiнг

 

 

 

Па Брэсце можна перамяшчацца на трох відах грамадскага транспарту: тралейбусах, аўтобусах і маршрутках. Пра час іх прыбыцця і маршруты зручна даведвацца на сайце kogda.by, у дадатках ZippyBus (для iOS або Android) і Transport BY (для iOS або Android). Цэны на транспарт усцешасць падарожнікаў, якія звыклі да еўрапейскага ўзроўню, – 80 капеек (€ 0,3) або 1,5 BYN (€ 0,6) за праезд у маршрутцы (але яна зручнейшая, хутчэйшая і можа завезці ў аддаленыя мясціны). Дарэчы, не дзівіся, калі пачуеш слова «таксічка» – так мясцовыя называюць маршруткі.

Аплаціць праезд у аўтобусе і тралейбусе прасцей за ўсё дадаткам.

Неймаверная прыемнасць – рассякаць па Брэсце на ровары. Горад дастаткова маленькі, асабліва яго цэнтральная частка, так што ты з лёгкасцю аб'ездзіш усё на свеце. У бок Белавежскай пушчы або Брэсцкай крэпасці можна пракаціцца па веладарожцы. Яшчэ адна ідзе па ўсёй вуліцы Маскоўскай. Зручную мапу ўсіх веламаршрутаў можаш паглядзець тут. Таксама ў Брэсце працуе шэрынг Kolobike: гадзіна на іхнім ровары стане ў 3,5 BYN (€ 1,3), паўгадзіны на электрасамакаце – амаль 8 BYN (€ 3). У горадзе ёсць і шэрынг электрасамакатаў Eleven. Паўгадзіны язды на іх абыдуцца ў 7 BYN. Май на ўвазе, што арандаваць электратранспарт можна і ў прыватнікаў на гарадской набярэжнай.

Таксі тут дастаткова папулярнае. Кошты невысокія, а калі перасоўвацца кампаніяй, то абыдзецца танней, чым на маршрутцы. Правераны выбар – таксі «Яндэкс Go»: у іх самыя нізкія цэны і яны звычайна не прымушаюць сябе доўга чакаць.

 

 

 

Спыняцца ў Брэсце лепш за ўсё ў цэнтры: асноўныя славутасці побач, ёсць уся патрэбная інфраструктура, а сам цэнтр горада даволі ціхі. Самыя танныя ложкі за 16 BYN (€6) тут прапануе гасцініца Брэсцкага абласнога цэнтра дзіцяча-юнацкага турызму і экскурсій (пр-т Машэрава, 22). Больш інфармацыі можаш атрымаць па нумары +375 162 21 44 79. Ёсць wi-fi, можна ўзяць ровар напракат.

Калі хостэлы – гэта не тваё і ты баішся, што нехта будзе храпці табе на вуха ўсю ноч, то адпраўляйся ў гатэль «Веста» (вул. Крупскай, 16), пасля рамонту тут дастаткова ўтульна. Нумар на дваіх каштуе ад 100 BYN (€36,4), а калі раніцай захочацца падсілкавацца за шведскім сталом, то трэба будзе даплаціць яшчэ 15 BYN (€6).

Цікавы варыянт пражывання непадалёк ад крэпасці – міні-гатэль «Гогаль» (вул. Гогаля, 1Г). Двухмесныя нумары каштуюць ад 70 BYN (€ 25,5).

У City hostel (Прывакзальная плошча, 3) проста насупраць чыгуначнага вакзала месца абыдзецца ў 20 BYN (€ 7,3) за ноч.

У горадзе працуе адзін чатырохзоркавы гатэль Hermitage (вул. Чкалава, 7). Тут прапануюць элітныя нумары, абслугоўванне па вышэйшым разрадзе і бясконцы паток сёмгі на сняданак. Нядзіўна, што цана такой раскошы адпаведная – ад 340 BYN (€ 124) за двухмесны пакой.

Калі цэнтр Брэста з нейкай прычыны табе не пасуе, звярні ўвагу на сучасныя гатэлі Status (пр. Рэспублікі, 1/2) і Hampton by Hilton (Варшаўская шаша, 41). Тут камфортна, але не так ужо танна: цэннік стартуе ад € 55.

Хочацца хатняе ўтульнасці? Не бяды, знайсці жыллё на дзень-ноч вельмі лёгка з дапамогай дошкі аб'яваў Kufar.by. Разлічвай на € 15-30 у суткі за кватэру ў цэнтры.

 

 

 

Самае галоўнае і культавае месца, куды ў першую чаргу імкнуцца патрапіць турысты, – гэта, вядома, Брэсцкая крэпасць (вул. Герояў абароны Брэсцкай крэпасці, 60). Абмінуць крэпасць увагаю будзе немагчыма. Але, як ні дзіўна, талковага транспарту сюды не пусцілі, таму дабірацца зручней пешшу або на машыне. Месца не зусім за два крокі ад цэнтра, але дарога прыгожая.

На тэрыторыі мемарыяла можаш паглядзець на скульптуру «Смага», падумаць пра жыццё ля вечнага агню і наведаць Свята-Мікалаеўскі гарнізонны сабор. Паслухай запіс пра абвяшчэнне вайны, які ўвесь час круцяць ля галоўнага ўвахода ў форме зоркі, і сфатаграфуй Холмскую браму, што была намаляваная на купюры ў 50 рублёў, якая выйшла з абарачэння.

Уваход у саму крэпасць бясплатны, але калі захочаш наведаць музеі, то за іх давядзецца аддаць па 8 BYN (€ 3). На тэрыторыі працуюць музей абароны Брэсцкай крэпасці, экспазіцыі «Музей вайны – тэрыторыя міру» , «Летапіс Брэсцкай крэпасці» і «Абарона Усходняга форта». Крыху ўбаку ад горада размясціўся цікавы музей «5 форт» (вул. Старадарожная, 99). Туды мала хто дабіраецца, таму білецёру зусім усё роўна, калі ты залезеш ва ўсе шчыліны форта і вывучыш падземныя калідоры і пакоі. Калі экскурсію ў крэпасці браць не хочаш, скарыстайся віртуальным гідам.

У будынку Паўднёвай казармы размяшчаецца Мастацкі музей з калекцыяй карцін, у тым ліку на тэму абароны і ў жанры сацрэалізму. За 6 BYN (€ 2,3) тут можна ўбачыць макет сярэднявечнага Берасця, які размяшчаўся на тэрыторыі мемарыяла да таго, як тут пабудавалі крэпасць (макет горада ХVІІ–ХVІІІ стагоддзяў).

Непадалёк ад Холмскай брамы працуе ўнікальны музей, які не мае дачынення да мемарыяла, але размешчаны на месцы старажытнага горада, – археалагічны музей «Бярэсце». Тут можна паглядзець на жыллё старажытных берасцейцаў XI–XIII стагоддзяў. Драўляныя хаткі захоўваюцца ў строгай адпаведнасці са стандартамі тэмпературы і вільготнасці, таму прагуляцца па вулачках гэтага мястэчка не пускаюць нікога, але зверху можна нядрэнна ўсё разгледзець. Гэта адзіны ў свеце музей сярэдневяковага ўсходнеславянскага горада. Білет абыдзецца ў 6,60 BYN (€ 2,4).

Вяртаючыся з «Бярэсця», павярні направа і прайдзі крыху наперад – там знойдзеш руіны бернардынскага кляштара. Гэта самы старажытны мураваны будынак старога Брэста, які дажыў да нашых дзён.

Перад візітам у крэпасць глядзі наш асобны гайд. А дарогаю можаш зайсці ў Музей чыгуначнай тэхнікі (вул. Машэрава, 2) паглядзець на паравозы і палазіць па іх.

Адзін з самых цікавых музеяў горада – Музей выратаваных каштоўнасцяў (вул. Леніна, 39). Тут сабраныя прадметы мастацтва і антыкварыят, які канфіскавалі пры спробе незаконнага вывазу праз мяжу. У музеі можна ўбачыць традыцыйны японскі жывапіс на шоўку, кітайскія вазы, японскі фаянс, творы Айвазоўскага і Урубеля. Перыядычна тут ладзяцца культурныя вечарыны і майстар-класы.

Краязнаўчы музей (вул. Карла Маркса, 60) раскажа пра адзенне, мэблю і зброю, а таксама пра зусім нядаўнюю савецкую эпоху. У будынку ёсць выдатная выстава традыцыйных убораў розных рэгіёнаў Берасцейшчыны. Музей сур'ёзна абнавілі, і раз на квартал экскурсіі тут праводзіць робат-гід Міроша.

Калі цікавішся гісторыяй, не праходзь паўз Музей гісторыі горада Брэста (вул. Леванеўскага, 3) – больш за 800 экспанатаў расказваюць пра горад з моманту яго заснавання – 1019 года. Дарэчы, менавіта тут захоўваецца легендарная Радзівілаўская Біблія – надрукаваная ў Брэсце ў 1563 годзе і падораная гораду на 1000-годдзе.

Калі мясцовыя кажуць «убачымся ў цэнтры» ці «стары горад», то яны маюць на ўвазе вуліцу Савецкую і наваколле. Гэта галоўная гарадская пешаходная вуліца, на якую кожны вечар бясконцым патокам ліецца народ. Тут рэгулярна адкрываюцца новыя кавярні, буцікі і прыемныя магазіны. Дарэчы, назву «Савецкая» вуліца атрымала толькі ў 1944 годзе, да гэтага яна называлася Мільённая, Паліцэйская, вуліца імя маёра Ежы Дамброўскага і Генералштрасэ.

Сучасны кінатэатр «Беларусь» размяшчаецца ў будынку былой харальнай сінагогі, якую перабудавалі да непазнавальнасці. Але да гэтага часу ў мужчынскай прыбіральні можна ўбачыць каменную муроўку яе падмурка. Наогул, Брэст быў адным з габрэйскіх гарадоў да пачатку ХХ стагоддзя, тут нарадзіўся і вырас лаўрэат Нобелеўскай прэміі міру, прэм'ер-міністр Ізраіля Менахем Бегін, за кінатэатрам можна зрабіць фота на памяць з яго бюстам.

Калі прыедзеш у Брэст на аўтобусе ці цягніку, то адным з першых пунктаў тваёй прагулкі будзе Свята-Мікалаеўская брацкая царква (вул. Савецкая, 10). Проста насупраць яе працуе выдатны Зімовы сад пры Педагагічным універсітэце. Палюбуешся на расліны з тропікаў, субтропікаў і пустэльняў. За білет просяць каля €2.

Далей па дарозе ўбачыш адну з візітовак горада – музычны гадзіннік: прыгожы цыферблат, гранітны падмурак і адлітыя ў метале гербы Берасця ў розныя перыяды яго гісторыі. Пацешная дэталь: замест лічбы IV на цыферблаце намаляваны чатыры рымскія адзінкі IIII. Звярні ўвагу на дзве фрэскі непадалёк, адна прысвечана Манетнаму двару ў Брэсце, а другая выяўляе друкарню Мікалая Радзівіла Чорнага.

Пэўны час таму да адкрыцця абутковае крамы на вуліцы ўстанавілі Бот багацця. Бот абяцае кожнаму, хто яго прымерае, «...прыбытак нечуваны і ў справах грашовых шанцаванне...». Прымерай, а раптам менавіта на табе ён пачне працаваць.

Адзін з галоўных помнікаў горада прысвечаны 1000-годдзю Брэста (скрыжаванне вуліц Гогаля і Савецкай). Агульная вышыня манумента – 15 метраў. Пад крылцамі анёла-ахоўніка – фігуры князёў і вобразы маці і салдата. Па крузе ідзе гарэльеф з шасцю гістарычнымі сюжэтамі: легенда аб заснаванні горада, будаўніцтва горада, удзел берасцейцаў у Грунвальдскай бітве, выданне Берасцейскай бібліі, абарона Брэсцкай крэпасці і асваенне космасу. Помнік мае сваю скандальную гісторыю: у гістарычных надпісах было дапушчана ажно 75 памылак! Як так выйшла? Проста нехта забыўся пра галачку над «ў».

Не абыдзі ўвагаю самы стары будынак аптэкі ў горадзе (вул. Савецкая, 101). Яна была пабудаваная ў далёкім 1925 годзе Саламонам Грынбергам. Тут ёсць музейны пакой: калі хочаш бліжэй пазнаёміцца з гісторыяй аптэчнай справы, па буднях супрацоўнікі адкрываюць яе гасцям.

На скрыжаванні вуліц Савецкай і Астроўскага ёсць яшчэ адзін незвычайны памятны знак – «Стары ліхтар». На скрутку выбіты загад на старарускай мове аб заснаванні пасады ліхтаршчыка, які штодня абавязаны запальваць ліхтары, «як сонца сядзе». Скульптура кажана з ліхтаром у кіпцюрах – сімвал таго, што ў Брэсце ніколі не наступіць цемра. І ў гэта ахвотна верыцца – столькі ліхтароў вакол! Кожны вечар, як толькі сцямнее, ліхтаршчык ставіць лесвічку і паднімаецца па ёй, каб запаліць ліхтары. Прыкладны час паказаны на гадзінніку непадалёк. Калі павалэндаешся ў дворыках побач з ліхтарамі, то зможаш знайсці парачку цікавых графіці, ды і ў цэлым нацешыцца закідкамі проста ў цэнтры.

Побач з Савецкай таксама можна цікава прагуляцца. Напрыклад, прайдзіся па вуліцы Гогаля, дзе расцягнулася «алея ліхтароў». Шмат якія ліхтары прысвечаныя пэўным творам Мікалая Васільевіча: тут і вялізны важны «Нос», і сцэна з «Вечароў на хутары бліз Дзіканькі» – паспрабуй разгадаць усе творы.

Нялішнім будзе прайсціся па вуліцах Камсамольская, 17-га верасня і плошчы Свабоды са старымі хаткамі, якія стаяць тут яшчэ з сярэдзіны ХIX стагоддзя, даваеннага перыяду, а пасля выйсці на Леванеўскага. Дамы тут былі пабудаваныя яшчэ ў 1920-х гадах, калі гэтая тэрыторыя належала Польскай Рэспубліцы. З таго часу на вуліцы мала што памянялася (хіба што ў доме нумар 7 больш не працуе казіно). Не праходзь міма гэтай вуліцы – і ўбачыш усю палітру берасцейскай архітэктуры.

Дарэчы, у горадзе ладзяцца асаблівыя экскурсіі па старых дворыках. А калі не баішся, можаш прагуляцца па двух гістарычных могілках: самых старых Трышынскіх (вул. Маскоўская, 176) і каталіцкіх (вул. Пушкінская, за чыгуначным пераездам). На першых знайшлі спачын дзеяч БНР Адам Трыпус і ўкраінскі пісьменнік Аляксей Старажэнка. А на каталіцкіх пахаваныя княгіня Ганна Радзівіл і Ян Нямцэвіч – у яго сядзібе пад Брэстам гасцяваў Тадэвуш Касцюшка. Уважліва разгледзь некаторыя надмагіллі – і заўважыш, што крыжы на магіле танкістаў складзеныя з гусеніц.

З Леванеўскага можна адразу выйсці ў Парк культуры і адпачынку. Тут можаш медытатыўна адпачыць на лавачках, падкормліваючы качак у возеры, і прагуляцца па шматлікіх мастках. Гэта ўпадабанае месца гараджан для вясельных фотасесій. Улетку ў парку працуе парачка атракцыёнаў, у асноўным для дзяцей, але на адным дакладна зможаш паказытаць нервы – называецца «Марс» і каштуе € 1,8. А яшчэ тут ёсць кола агляду: калі на самым версе паглядзіш у бок Брэсцкай крэпасці, зможаш разгледзець шпіль касцёла ў польскім Тэрэспалі.

Акрамя парку, у цэнтры ёсць Гарадскі сад (скрыжаванне вул. Леніна і пр. Машэрава), закладзены больш за стагоддзе таму. Тут шмат лавачак і лужкоў, а неўзабаве будзе і свой парк валуноў. Паўз сад ідзе набярэжная Мухаўца – яе падоўжылі амаль да крэпасці, так што шпацыр будзе і доўгі, і прыгожы. Перайдзі на іншы бок ракі – і апынешся ў крутым месцы для бёрдвотчараў і аматараў некранутай прыроды. Экасцежка «Дарога жыцця» – гэта амаль 3 кіламетры па беразе Мухаўца сярод азёр непадалёк ад цэнтра.

Цікавая фішка горада – Цэнтральны рынак (вул. Пушкінская, 34), у народзе названы «калгасны», або ласкава «калгаска». Тут можна не толькі замілоўвацца таму, як з прылаўкаў спрытна ідзе гандаль квашанай капустай, але і зайсці ў крытую частку рынка і зірнуць уверх: столь будынка ўяўляе сабой велізарны купал, які больш пасуе цырку, чым месцу, дзе збываюць сала.

Калі пашанцуе, зможаш трапіць на канцэрт арганнай музыкі, які перыядычна праходзіць у касцёле Узвышэння Святога Крыжа (вул. Леніна, 34). Тут жа захоўваецца адзін з найбольш шанаваных абразоў у Беларусі – абраз Маці Божай Брэсцкай, ён лічыцца цудатворным. Гэты абраз – дакладная копія іконы з рымскай базілікі Санта-Марыя-Маджорэ. А ў Свята-Сімяонаўскім саборы (вуил. Карла Маркса, 84) захоўваюцца мошчы святога Афанасія Брэсцкага.

Выдатны спосаб уцячы ад гарадской мітусні – гэта прагулкі або паездкі на ровары на вяслярным канале. Тут летам ёсць гарадскі пляж, а па вечарах можна сустрэць цэлыя сем'і на роліках, роварах або вечаровых прабежках. Месца самых узрушальных захадаў сонца ў горадзе.

Варта зазірнуць у выставачную залу на Савецкай. Час ад часу тут праходзяць цікавыя выставы, напрыклад «Усе разам» – штогадовая экспазіцыя маладых мастакоў рэгіёна.

Сачыць за афішай цікавых падзей у Берасці можна на DzeЦікава.

Не забывайся, што ў гадзіне язды ад Брэста – Белавежская пушча. А ў нас і асобны гайд ёсць, і падкаст – спампоўвай і выпраўляйся гуляць па старажытным лесе. Прычым не толькі на сваіх дваіх – нядаўна тут адкрылі пракат самага рознага электратранспарту. Па дарозе зарульвай у Камянец і Кобрын. Варта заехаць таксама ў Воўчын і Грымячу – дзеля раскошнага барочнага касцёла і закінутай сядзібы.

Ёсць яшчэ сядзіба Нямцэвічаў у вёсцы Скокі, куды можна за 30 хвілін даехаць на маршрутцы з цэнтра. Выдатнае месца для прагулак з музеем і паркам XVIII стагоддзя. Тут жыў Юльян Нямцэвіч – пісьменнік і дзяржаўны дзеяч, ад'ютант Тадэвуша Касцюшкі, адзін з аўтараў першай Канстытуцыі ў Еўропе (1791 г.). Менавіта ў сценах сядзібы ў 1917-м быў падпісаны пратакол аб ваенным перамір'і паміж Савецкай Расіяй і Германскай імперыяй у Першай сусветнай вайне.

Калі хочаш інтэрактыўнага занурэння ў берасцейскую гісторыю, спампоўвай мабільную праграму Brest Stories Guide і выпраўляйся на шпацыр па горадзе. Тэма дакументальнага спектакля, які ты будзеш слухаць у сваіх навушніках, не самая лёгкая: антысемітызм, габрэйскія пагромы і Брэст падчас Другой сусветнай вайны. Але і ідэя, і выкананне вартыя ўсялякіх пахвал.

Падчас прагулкі паглядай па баках: вуліцы ў цэнтры пазначаны шыльдамі з гістарычнымі назвамі, а дзе-нідзе на сценах размясцілі вершы беларускіх паэтаў. І паспрабуй адгадаць, які з будынкаў пабудаваны ў стылі берасцейскага канструктывізму, – такіх помнікаў тут дзясяткі.

 

 

Гэты гайд па ўтульным Брэсце мы абнавілі пры падтрымцы МТС і расказалі пра ўсе месцы, якія хочацца паказваць сябрам і блізкім, якія прыязджаюць сюды ў госці.

Гасцям Беларусі, якім важны безлімітны інтэрнэт і выгадныя званкі, варта звярнуць увагу на новы тарыф МТС «#Безліміцішча для гасцей». Калі далучыцца на яго да 15 лістапада 2023 года, то безлімітны інтэрнэт і 650 хвілін званкоў ва ўсе сеткі будуць даступныя за 25 рублёў у першы месяц выкарыстання SIM-карты.

«#Безліміцішча для гасцей» дазваляе без даплат карыстацца інтэрнэтам у звыклым для абанента рэжыме: глядзець YouTube, даследаваць сацсеткі, абменьвацца паведамленнямі, аўдыя і відэа ў месэнджарах без абмежаванняў. Даступны і рэжым мадэма: 100 мегабайт у дзень – задарма, зверху – 0,75 рублёў у суткі.

Абанентам тарыфу «#Безліміцішча для гасцей» даступна таксама падключэнне SMS-роўмінгу за 0 рублёў. Пры актывацыі дадзенай опцыі можна атрымваць і адпраўляць SMS, знаходзячыся за межамі Беларусі.

Далучыцца на «#Безліміцішча для гасцей» можна ў кожным салоне МТС у Беларусі. Вось карта, на якой лёгка адшукаць бліжэйшую кропку продажаў.

Больш дэтальна пра акцыйнае падключэнне тарыфу «#Безліміцішча для гасцей» можна пачытаць на сайце МТС.

 

 

 

 

Перакус/Фастфуд

Z'em Craft Comfort Food (вул. Дзмітрыя Данскога, 11). Фудтрак мары, які павязе цябе ў краіну бургераў вагой паўкіло. Працуюць з чацвярга па нядзелю.

Don Kebab (вул. Пушкінская, 40/1, пр. Машэрава 53, Партызанскі прасп. 20) – топавы кебаб у Брэсце, дзе заўсёды не праціснуцца. Начыння тут не шкадуюць, а водар лунае ці не на ўсю вуліцу. Можна ўзяць шаўрму ад 8,5 BYN (€3,1) або бокс ад 9,9 BYN (€3,6).

Кавалак піцы і каву можаш прыкупіць у Al taglio (вул. Савецкая, 55; вул. Арджанікідзэ 12) ад € 1,3 або ў мясцовых пякарнях «Перфект». Апошнія пякуць цудоўныя часнычныя булачкі, не супраціўляйся і бяры адразу дзве.

Побач з цэнтральным рынкам і аўтавакзалам ёсць выдатнае месцейка, дзе пякуць блінцы з начыннем на выбар: ад згушчонкі да бекону з сырам. Будзеш праходзіць міма, спытай у мясцовых, дзе ларок.

 

Кафэ Рэстараны

Buon Talenti (вул. Савецкая, 62А). Класная лакацыя з відам на галоўны гарадскі фантан, панарамныя вокны, сапраўднае італьянскае джэлата, піца і дэсерты – што яшчэ трэба спякотным днём у горадзе?

Momoo (вул. Гогаля, 21). Гэтая бургерная называе сябе крафтавай, бо тут не выкарыстоўваюць паўфабрыкаты, а ўсе інгрэдыенты (булку, катлету і соус) гатуюць на месцы. Ёсць вегетарыянскія опцыі.

Добрае месца, дзе можна і паесці, і выпіць кавы, - Times Cafe (вул. Савецкая, 30). Інтэр'ер вытрыманы ў класічным стылі, атмасфера вельмі ўтульная, асабліва ў зусім раннія гадзіны. На сняданак (а працуе кавярня з 08:30 па буднях і з 09:00 па выходных) можаш прадэгуставаць свежыя сырнікі.

Bloom Cafe (наб. Францыска Скарыны, 2). Кавярня на набярэжнай, дзе з раніцы і да 16:00 прапануюць сняданкі і бранч, а пасля – няспешныя вячэры з віном.

El Greco (вул. Гогаля, 65) – установа з міжземнаморскай кухняй у самым цэнтры горада. Кухар Нікі прыехаў сюды наўпрост з Грэцыі, таму за аўтэнтычнасць страў можаш не перажываць.

«Адэса-мама» (вул. Савецкая, 110/1). Шалом! Установа прапануе адэскую, а значыць габрэйскую кухню. Фаршмак, барабулька і «Напалеон ад цёткі Сары». Хочаш пакаштаваць? Браніруй, бо ахвочых пад'есці, як у гасцях у габрэйскай бабулі, зашмат.

«Алхімія» (вул. Будзёнага, 24). Вінны гастрабар з вечарынамі, ежай, кактэйлямі і, вядома, дзясяткамі гатункаў віна – ад Іспаніі да Аўстраліі. Па чацвяргах ва ўстанове Cork free day – пускаюць са сваім.

Bresto Testo (вул. Гогаля, 86). Калі жыць не можаш без мучнога, прыходзь сюды і адвядзі душу як след. Тут уручную лепяць не толькі пельмені. Ёсць яшчэ варэнікі, равіолі і чабурэкі – усё смачна і сытна, як дома.

Mozarella (вул. Пушкінская, 27А). Чароўная піца з сапраўднай італьянскай печы на дровах. За працэсам гатавання можна паназіраць проста ва ўстанове. Ціхае месца ў добра адрэстаўраваным будынку ў глыбіні двара.

«Дом Фани Браверман» (вул. Савецкая, 53) – невялікае ўтульнае месца для абеду ці вячэры.

У Парку культуры ёсць выдатнае мястэчка «У озера» (вул. Леніна, 3): вішнёвая наліўка, шашлык і смажаныя каўбаскі. Унутраны дворык аформлены пад сярэднявечча. Зімой тут утульна паглядзець у акенца на снег, а летам пасядзець ля прахалоднага возера пад пышнымі вербамі.

Самавіцейшая ўстанова – рэстаран «Жюль Верн» (вул. Гогаля, 29). Адразу разлічвай на тое, што кошты тут таксама самавітыя. Цешыць тэраса на другім паверсе і бездакорнае абслугоўванне.

Яшчэ адзін рэстаран з прэтэнзіяй размешчаны ў гатэлі «Эрмитаж» (вул. Чкалава, 7). Вытанчанае меню можаш зірнуць тут.

 

 

 

«Проходной двор» (вул. Камсамольская 31/1) – прыгожае месца з прыемным панадворкам, куды з раніцы можна зайсці на сняданак, а ўвечары на келіх ігрыстага.

Paragraph (вул. Савецкая, 66; вул. Карбышава, 32; вул. Арлоўская, 10; набярэжная Ф.Скарыны, 2). Берасцейская сетка кавярань, якая ўжо прыйшла ў Пінск, Кобрын і Мінск. Выдатная кава, пірожныя, тарты і прыемная атмасфера.

Union 8 (вул. Астроўскага, 8). Модная і моладзевая dog-friendly кавярня, дзе часта праходзяць цікавыя івэнты: кінапаказы, лекторыі і музычныя тусоўкі.

1801 (вул. Савецкая, 80) – кавярня пры гадзіннікавай краме «Луч». Фільтр, кемекс, аэрапрэс – альтэрнатыўныя метады заварвання тут у пашане. Ёсць выпечка і дэсерты.

Сafes la Brasilena (вул. Гогаля, 11). Малюсенькі і вельмі сімпатычны кававы бар з выдатнаю кавай і гарбатай на любы густ і колер, якія табе тут наліюць у шкляначкі са смешнымі малюнкамі.

«Сарай» (вул. Гогаля, 11). Прыемнае кафэ з выключна веганскай кухняй і альтэрнатыўнай кавай.

PRO_VOSTOK (вул. Савецкай Канстытуцыі, 30) – маладая кавяранька з берлінскім вайбам наўзбоч ад цэнтра. Кава, дэсерты і хачапуры (!), вельмі прыемны інтэр'ер і атмасфера – быццам у гасцях у старых сяброў.

3.16 (вул. Савецкая, 30). Перахапі круасан і смачны напой – іх тут некалькі дзясяткаў. Назва адсылае да верша з Евангелля ад Іаана – будзе пра што падумаць, папіваючы каву ў камернай абстаноўцы або гойдаючыся ў крэсле-кокане ля ўвахода.

«Будешь булочку?» (Савецкая, 24; Савецкая, 97-1А; Гогаля, 83; Гаўрылава, 16; Махновіча, 6) – сетка пякарань-кандытарскіх, куды можна адправіцца за свежым хлебам, духмянымі круасанамі ці пірожнымі, якія яшчэ не хутка забудзеш.

Laskawa (вул. Куйбышава, 25). Як спявала Земфіра, кава-віно. А яшчэ гарбата, ліманады, тонікі, кактэйлі і дэсерты. Неперагружаны і прыемны інтэр'ер.

So Cafe (вул. Міцкевіча, 21). Установа прапануе з дзясятак бейглаў, у тым ліку веганскія, з кавай і гарбатай. З'есці ўсё гэта зможаш, хістаючыся ў гамаку з відам на ціхі брэсцкі дворык.

Dessert (вул. Савецкая, 130, вул. Пушкінская, 43). Прыемная кандытарская з велізарным выбарам разнастайных тартоў, пірожных, тарталетак і гэтак далей – увогуле ўсё, чаго душа пажадае.

«Корица» (вул. Інтэрнацыянальная, 38, вул. Савецкая, 41). «Што для цябе кава?» – пытаецца неонавая шыльда на адной са сцен. «Любоў», – адразу ж адказвае сцяна насупраць. Калі такі адказ табе пасуе, зазірай ва ўстановы гэтай сеткі.

«Эликсир» (вул. Пушкінская, 6). Раніцай сюды можна забегчы на каву і эклер, а ўвечары – на віно. На сняданак прапануюць разнастайныя боўлы, круасаны з начыннямі і сэндвічы.

 

 

 

«Мир» (вул. Камсамольская, 25/5). Папулярная прастора для мерапрыемстваў у двары кінатэатра «Мир». Тут ладзяць электронныя вечарынкі, кінапрагляды, канцэрты, лекцыі – сачы за афішай у інстаграме. Інтэр'ер нагадвае модную камуналку, а атмасфера заўжды прыемная і творчая. З ежы прапануюць сэндвічы, дранікі, пельмені, салаты ды іншыя стравы, на сняданак – сырнікі, шакшуку, кашы.

Cheers (вул. Куйбышава, 13А). Прыемны бар, у якім часта праходзяць вечарыны, прычым не толькі пад электронную, але і пад жывую музыку.

«Метро» (вул. Пушкінская, 27). Калі любіш бар-хопінг, не прапусці гэтую станцыю на сваім маршруце па цэнтры Брэста.

«Дом 31» (вул. Дзяржынскага, 31А). Кактэйлі і вініл. «Ноч пяшчотная» і «Востраў скарбаў» цяпер можна пакаштаваць у выглядзе кактэйляў – а заадно і асвоіць «Мастацтва кахаць».

Чарачная «Пташка» (вул. Камсамольская, 36) – маленечкі бар са зразумелай канцэпцыяй і выдатнае месца для бадзёрага пачатку вечара.

Dendy (вул. Пушкінская, 27) – яшчэ адна чарачная з шырокім асартыментам аўтарскіх настоек і атмасферным дворыкам.

Draft House (вул. Савецкая, 57) – піва, піцы і футбол. Ідэальнае месца для вячэрняга чылу ў дружнай кампаніі.

Rob Roy Cocktail bar (вул. Камсамольская, 31/1). Бар без шыльды, але знайсці яго нескладана: гэты невялікі будынак проста ля «Прахаднога двара». Унутры атмасферны інтэр'ер у высакародных някідкіх тонах. Вечар тут сапраўды не будзе млявым: хлопцы і дзяўчаты за стойкай гатуюць класічныя і аўтарскія кактэйлі. Кухня падае брускеты, бургеры і салаты.

 

 

 

У Брэсце ёсць некалькі класных шоў-румаў беларускіх брэндаў: прыгледзься больш уважліва да Lakbi (вул. Савецкая, 70/1) і Paula (вул. Куйбышава 33).

Пабываць у Брэсце і не прыкупіць сабе пару пар шкарпэтак ад Брэсцкага панчошнага камбіната (вул. Маякоўскага, 26) – гэта амаль грэх.

У фірмовую краму берасцейскага «Белалка» (вул. Міцкевіча, 24) наведайся па мясцовыя бальзамы на зёлках – разам з гарачай гарбатай яны падлечаць тваю прастуду ў халодны час.

Калі хочацца разнастаіць хатні посуд або зрабіць арыгінальны падарунак, выдатна падыдзе незвычайная чорная кераміка ад TROMZA ceramics. Гэта старажытная тэхналогія, характэрная толькі для берасцейскага рэгіёна.

Зазірні ў краму «Гнездо» (вул. Гогаля, 67), дзе можна купіць душэўны хэнд-мэйд берасцейскіх майстроў – ад керамікі і ўпрыгожанняў да цацак і галантарэі. Наогул у Брэсце рамеснікаў знайсці проста: звычайна яны прадаюць свае вырабы на скрыжаваннях Савецкай і Гогаля, Астроўскага і Савецкай.

«Домик подарков» (бульвар Шаўчэнкі, 2-18; ГЦ «Мікольскі») – яшчэ адна крамка, дзе можна закупіцца вырабамі мясцовых рамеснікаў.

Перыядычна ў прасторы «Консерва» (вул. Куйбышава, 33) ладзяць Welcome Market – мерапрыемства, як кажуць арганізатары, каб «на іншых паглядзець і сябе паказаць». Каб не прапусціць, сачы за анонсамі ў інстаграме.

 

 

 

Дзякуем за дапамогу ў абнаўленні гайда Вользе @brest_gid.

Фота – palasatka. Пераклад на белаурскую – Ліда Наліўка.

ООО «ЭфСиБи Бел» УНП 193185741

 

|

Гайды

Аўтар:   34travel

  15521

hand with heart

Отблагодарить 34travel

Если наши материалы пригодились тебе в пути, сказать спасибо редакции можно, купив нам чашку кофе через Ko-fi. Всего пара кликов, никаких регистраций, комиссий и подписок. Спасибо, что ты с нами.

ЗАКИНУТЬ МОНЕТКУ

Чытай таксама

Магілёў

Наш новы гайд па Магілёве – горадзе на маляўнічых берагах Дняпра.

Пiнск

Душэўны гайд па сталіцы Палесся, якая падарыла свету першага прэзідэнта Ізраіля і іншых знакамітасцей.

Менск

Лепшае, што ёсць у Менску, у новым гайдзе ад 34travel.

Віцебск

Што паглядзець у самым культурным беларускім горадзе.

Горадня

Гайд па каралеўскім горадзе Беларусі.

Гомель

Абноўлены гайд па паўднёвай сталіцы Беларусі.

Цяпер на галоўнай

Менск

Лепшае, што ёсць у Менску, у новым гайдзе ад 34travel.

Як прайшоў Багач – галоўнае восеньскае свята беларусаў?

Будзь багаты, як восень!

Падкаст пра беларускую гастраномію: Экзотыка ў меню

Распавядаем пра моду на памаранчарні і нетыповыя прадукты ў Мінску 1920-х.

Падкаст пра беларускую гастраномію: Кава ці гарбата?

Гісторыя ўлюбёных напояў і традыцыйных дэсертаў.

9 мастацкіх музеяў і галерэй за межамі Менска

Пранізлівыя пейзажы, яскравыя маляванкі і нават манументальныя мазаікі.

Тут нават камяні жывыя. Этнограф – пра палескія традыцыі, якія захаваліся да нашых дзён

Міфалогія старажытнага беларуса, якую можна назіраць ужывую.

Забытая Беларусь: славутасці, якіх ужо няма

Спадчына, памяць пра якую застаецца толькі на малюнках.

Месца тыдня: Лынтупы

Касцёл, сядзіба і старыя могілкі.

Маршрут па беларускім Палессі: едзем у Пінск і ваколіцы

Унікальныя музеі народнай культуры, мясціны Напалеона Орды, загадкавыя пахавальні.

Паказаць больш Паказаць больш