Месца тыдня: сядзіба Умястоўскіх у Жамыслаўлі

|

Месца тыдня

|

Аўтар:   Aliaksandra Murashka

|

  1989

Месца тыдня: сядзіба Умястоўскіх у Жамыслаўлі

Працягваем даследаваць скарбы Беларусі. Гэтым разам выпраўляемся ў вёску Жамыслаўль прыкладна за 140 кіламетраў ад Мінска. Там таямнічы палац, які яшчэ памятае сваю былую веліч, раскошны парк і нават уласная «Венецыя»!

Звярні ўвагу, што Жамыслаўль знаходзіцца ў памежнай зоне, таму на ўсялякі выпадак захапі з сабой пашпарт.

 

 

З гісторыі


Лічыцца, што першапачаткова паселішча называлася Пятроўшчына, а потым атрымала імя Кандрацішкі. Сучасная назва пайшла ад прозвішча яго ўладальнікаў – Жэмлаў. У 1684 годзе Ежы Ваўжынц Жэмла набыў Кандрацішкі і ўсе свае землі стаў называць у свой гонар – Жамласлаўем. Сам Ежы быў даволі важнай персонай у Ашмянскім павеце і займаў высокія пасады. У Жамыслаўлі таго часу мелася 7 хат, млын, дзве карчмы і гута, то-бок невялікі металургічны заводзік.

У выніку трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай у 1795 годзе маёнтак апынуўся ў складзе Расійскай імперыі, а ў 1807 годзе Жамыслаўль выкупіў Якуб Умястоўскі. Ён быў лідарам мясцовай шляхты і разам з братамі валодаў шматлікімі землямі ў Ашмянскім павеце. Новыя гаспадары маёнтка жылі на левым беразе Гаўі ў дыхтоўнай барочнай хаце – з сасновым паркетам, кафлянымі печамі і скульптурай імператара Аляксандра I у адным з пакояў. Якуб значна пашырыў уладанні сям'і: пабудаваў спіртзавод, набыў пару фальваркаў паблізу, выкупіў Суботнікі (мы туды заедзем, гл. раздзел «Славутасці побач»).

 

 

 

 

Пасля смерці Якуба Жамыслаўль перайшоў да яго сыноў – Людвіга, а затым да Казіміра. Пры Казіміры сядзіба папоўнілася двухпавярховай лядоўняй для захоўвання прадуктаў, флігелямі і вялікай стайняй. Пасля смерці Казіміра маёнтак адышоў да яго жонкі Юзэфы, якая задумала перабудаваць сядзібу, і ў 1863–1877 гадах на месцы старога драўлянага дома ўзвялі сапраўдны мураваны палац. Велічны сядзібны дом пабудавалі па вобразе і падабенстве каралеўскай рэзідэнцыі Лазенкі ў Варшаве (атрымалася вельмі падобна). Некаторыя гісторыкі лічаць, што ў такім перайманні, акрамя простага захаплення выкшталцонымі формамі варшаўскага палаца, быў утоены сэнс – туга па Рэчы Паспалітай і завуаляваны нацыянальны пратэст.

У 1877 годзе гаспадарыць у Жамыслаўлі сталі сын Юзэфы Уладзіслаў Умястоўскі і яго жонка Яніна Астрог-Садоўская. Уладзіслаў быў чалавекам прагрэсіўным і касмапалітычным: ён размаўляў на 9 мовах, завісаў у еўрапейскіх салонах, сябраваў з французскімі літаратарамі. Напрыклад, з бацькам і сынам Дзюма – Уладзіслаў нават перакладаў на польскую камедыі Дзюма-сына, якія потым ставілі ў тэатры Кракава. Да Жамыслаўля Уладзіслаў і Яніна мелі асаблівую любоў: яны давялі да ладу інтэр'еры палаца і вялі ўзорную гаспадарку. З паездак у Парыж і Вену Умястоўскія прывозілі скульптуры, карціны і жырандолі, а некаторую мэблю выраблялі мясцовыя ўмельцы па малюнках Юзэфы.

Аднойчы Уладзіслаў і Яніна з'ездзілі ў Венецыю і засталіся ў такім захапленні, што надумалі замуціць у сваім маёнтку нешта такое, што будзе нагадваць пра тое цудоўнае падарожжа. Яны вырашылі пракласці на Гаўі адмысловыя каналы і засадзіць усё дрэвамі. Атрымаўся цэлы парк, які так і назвалі – «Венецыя». У цэнтры парка стаяў млын, вакол плавалі лебедзі і дзікія качкі, а ў святы па каналах каталі на лодках гасцей. Акрамя эстэтычнай функцыі, гэтыя каналы былі яшчэ і карыснымі ў гаспадарцы – яны ратавалі маёнтак ад вясновых затапленняў.

У 1914 годзе багатая сядзіба на маляўнічым беразе ракі стала курортам для нямецкіх салдат, а потым яе разрабавалі і вывезлі ўсе карціны, гравюры і мэблю. Палац застаўся ў сумным стане, раскошныя інтэр'еры Яніна так і не змагла аднавіць. Тады яна вырашыла падарыць маёнтак Віленскаму ўніверсітэту – каб стварыць там вышэйшую сельскагаспадарчую навучальную ўстанову з інтэрнатам для студэнтаў і жаночую і мужчынскую гімназіі. Яніна пераехала ў Рым і ў Жамыслаўль больш не вярталася.

За савецкім часам у палацы засядала кіраванне саўгаса, працавалі клуб і бібліятэка. У 50-х, калі на Гаўі вырашылі пабудаваць электрастанцыю, вадасховішча затапіла «Венецыю». Выспачка з бярозамі, якую ты бачыш пасярод вады, – гэта акурат тое месца, дзе стаяў млын.

У 2013 годзе ў Жамыслаўлі здарыўся пажар – сядзіба моцна пацярпела і з тых часоў пакрысе занепадае.

 

 

 

 

 

 

 

Што паглядзець цяпер?

 

Сядзібны дом

Класічны палац з вітражамі і калонамі, які ўсё яшчэ памятае былую веліч. На жаль, раскошныя інтэр'еры і багатая калекцыя твораў мастацтва не ацалелі, але нават у такім стане размах маёнтка зачароўвае. Цяпер будынак не закрыты, але памятай, што заходзіць унутр небяспечна. З вуліцы можна разгледзець маляўнічую мазаіку, якая даволі добра захавалася на падлозе ў холе першага паверха. Раней гэты хол выкарыстоўваўся як летні салон – з садовай мэбляй і мноствам раслін.

Да палаца вядзе ліпавая алея, якую Уладзіслаў і Яніна пасадзілі ў памяць пра сваё вяселле, – як мы ўжо зразумелі, яны былі рамантыкамі.

Абавязкова абыдзі сядзібны дом з усіх бакоў – ён стаіць практычна на абрыве над ракой і глядзіцца вельмі велічна. Калісьці за палацам былі лодачная станцыя і купальня з драўлянай ваннай.

 

 

Лядоўня

Сімпатычны белы будынак з невялікай вежай і гатычным аздабленнем – гэта лядоўня, прататып халадзільніка. Будынак адрэстаўраваны, цяпер ён прыватная ўласнасць і абгароджаны плотам.

Флігелі

Мілыя будыначкі абапал палаца – дабудаваныя пры Казіміры флігелі, альбо афіцыны. Разам з палацам яны фармавалі парадны двор, у цэнтры якога квітнела клумба з ружамі. За савецкім часам афіцыны ператварыліся ў жылыя дамы.

Свіран

Адна з захаваных гаспадарчых пабудоў – прысадзісты будынак з арачнай галерэяй на ўездзе ў сядзібны комплекс. Пад галерэю заязджалі гружаныя вазы, а ў падвалах захоўваўся родавы архіў. 

 

 

 

 

Славутасці побач з Жамыслаўлем

 

Гальшаны

Па дарозе ў Жамыслаўль можна заехаць у Гальшаны. Там знаходзіцца той самы «чорны замак Альшанскi» – магутнае радавое гняздо князёў Гальшанскіх, а пасля – Сапегаў. Тут жа размясціўся барочны касцёл XVII стагоддзя, на плошчы захаваліся гандлёвыя рады, а ўздоўж вуліц цягнецца аўтэнтычная забудова. 

  Месца тыдня: «музей пад адкрытым небам» Гальшаны

 

Суботнікі

Касцёл святога Уладзіслава ў Суботніках узвялі ў 1904 годзе. Граф Уладзіслаў Умястоўскі пабудаваў касцёл не ў свой гонар, як можна падумаць, а ў гонар Уладзіслава Венгерскага. Касцёл перажыў дзве сусветныя вайны і ні разу за ўвесь час не перабудоўваўся. У родавым магільным склепе пры касцёле пахаваны сам граф Умястоўскі, а побач з яго магілай стаіць надмагілле без імя і даты – яго рыхтавала для сябе Яніна, але яна памерла ў Рыме ў 1941 годзе. 

 

Тэкст падрыхтаваны з выкарыстаннем матэрыялаў кнігі А.Т. Федарука «Старадаўнія сядзібы Гродзеншчыны».

Фота – palasatka

|

Месца тыдня

Аўтар:   Aliaksandra Murashka

  1989

hand with heart

Отблагодарить 34travel

Если наши материалы пригодились тебе в пути, сказать спасибо редакции можно, купив нам чашку кофе через Ko-fi. Всего пара кликов, никаких регистраций, комиссий и подписок. Спасибо, что ты с нами.

ЗАКИНУТЬ МОНЕТКУ

Чытай таксама

Месца тыдня: «музей пад адкрытым небам» Гальшаны

Мясціны, набрынялыя гісторыяй.

Маршрут: Крэва, Гервяты і сядзіба Агінскага за адну паездку

Выпраўляемся ў насычанае падарожжа на KIA Rio.

Месца тыдня: спадчына Радзівілаў у Паланечцы

Гуляем па закінутым палацы Радзівілаў, любуемся драўляным касцёлам і шукаем руіны старажытнага вадзянога млына.

Цяпер на галоўнай

Менск

Лепшае, што ёсць у Менску, у новым гайдзе ад 34travel.

Як прайшоў Багач – галоўнае восеньскае свята беларусаў?

Будзь багаты, як восень!

Падкаст пра беларускую гастраномію: Экзотыка ў меню

Распавядаем пра моду на памаранчарні і нетыповыя прадукты ў Мінску 1920-х.

Падкаст пра беларускую гастраномію: Кава ці гарбата?

Гісторыя ўлюбёных напояў і традыцыйных дэсертаў.

9 мастацкіх музеяў і галерэй за межамі Менска

Пранізлівыя пейзажы, яскравыя маляванкі і нават манументальныя мазаікі.

Тут нават камяні жывыя. Этнограф – пра палескія традыцыі, якія захаваліся да нашых дзён

Міфалогія старажытнага беларуса, якую можна назіраць ужывую.

Забытая Беларусь: славутасці, якіх ужо няма

Спадчына, памяць пра якую застаецца толькі на малюнках.

Месца тыдня: Лынтупы

Касцёл, сядзіба і старыя могілкі.

Маршрут па беларускім Палессі: едзем у Пінск і ваколіцы

Унікальныя музеі народнай культуры, мясціны Напалеона Орды, загадкавыя пахавальні.

Паказаць больш Паказаць больш