Месца тыдня: спадчына Радзівілаў у Паланечцы

|

Месца тыдня

|

Аўтар:   Юлия Миронова

|

  1422

Месца тыдня: спадчына Радзівілаў у Паланечцы

У чарговым выпуску «Месца тыдня» запрашаем пракаціцца ў Баранавіцкі раён, каб адкрыць для сябе багатую гістарычную спадчыну ціхае вёскі Паланечкі. Сёння жыццё ў тым кутку максімальна павольнае і спакойнае, аднак нейкіх 300 гадоў таму Паланечка была сапраўдным культурным цэнтрам. Палац Радзівілаў быў аточаны цудоўным паркам са штучнымі вадаёмамі, капліцай і аранжарэяй, а ў старажытным касцёле святога Юрыя месцілася пахавальня княскага роду. Менавіта ў Паланечцы мелася вялізная калекцыя твораў мастацтва, што належала Радзівілам. Расказваем, што засталося ад былога росквіту і як сёння выглядае закінуты палац Радзівілаў у Паланечцы.

 

 

З гісторыі


Упершыню Паланечка згадваецца ў XVI стагоддзі як мястэчка, якое належыць роду Рудамінаў-Дусяцкіх. У XVIІ стагоддзі паселішча перайшло ва ўласнасць Радзівілаў, якія вырашылі тут агнездавацца.

Узводзіць палац у мястэчку пачалі ў другой палове XVIІ стагоддзя на загад драматурга і кампазітара Мацея Радзівіла. Менавіта пры ім Паланечка расквітнела і стала сапраўдным культурным цэнтрам – гавораць, бываў тут і расійскі пісьменнік Фанвізін. Радзівілаўскі палац вырашылі будаваць на ўзор вілы Трывулзіна на возеры Кома, непадалёк ад італьянскага горада Беладжа. Так у Паланечцы з’явіўся палацава-паркавы комплекс у стылі класіцызму з капліцай, аранжарэяй і гаспадарчымі пабудовамі.

Пасля канчатковага падзелу Рэчы Паспалітай мястэчка апынулася ў складзе Расійскай імперыі. І Мацей Радзівіл вырашыў з’ехаць у прускую частку Польшчы, пакінуўшы любімы палац у Паланечцы. Аднак пуставаў будынак нядоўга: палац успадкаваў сын Мацея Радзівіла – Канстанцін. І ў пачатку ХІХ стагоддзя Канстанцін Радзівіл ажывіў бацькоўскае гняздо. Новы ўладальнік вырашыў ісці ў нагу з часам і зрабіць палац больш модным – па яго распараджэнні будынак пачалі рэканструяваць у стылі ампір. Канстанцін выдаткаваў усю сваю спадчыну на пераробку палаца і афармленне яго інтэр’ера. Менавіта тады на фасадзе палаца з’явіліся чатырохгранныя калоны, упрыгожаныя скульптурамі старажытных філосафаў, якія дагэтуль робяць пабудову пазнавальнай і ўнікальнай.

На той час у палацы была вялізная колькасць твораў мастацтва: частка родавай карціннай галерэі Радзівілаў, нумізматычная калекцыя і багатая бібліятэка, у якой налічвалася больш за чатыры тысячы кніг. Усе гэтыя каштоўнасці ў 1869 годзе, па смерці Канстанціна Радзівіла, вывез у польскую сядзібу Зэгжэ яго сын Мацей. Ён успадкаваў палац у Паланечцы, але жыць там не планаваў.

Радзівілы зноў з’явіліся ў мястэчку толькі ў канцы ХІХ стагоддзя. У палац уехаў унук Канстанціна Радзівіла – Альберт Станіслаў. На яго загад да палаца прыбудавалі шырокую парадную лесвіцу і заклалі зімні сад у неагатычным стылі. У 1919 годзе Альберт эміграваў у Амерыку, а ў палац пераехаў яго пляменнік Уладзіслаў. Уладзіслаў стаў апошнім Радзівілам у Паланечцы. Ён жыў тут да Другой сусветнай.

У 1943 годзе палац гарэў, таму яго першапачатковая планіроўка з параднай залай, вестыбюлем і лесвіцай не захавалася. Пасля вайны будынак узнавілі і размясцілі ў ім школу-інтэрнат. Герб Радзівілаў з фасада, вядома, прыбралі, аранжарэю разабралі, а вокны ў галерэі заклалі цаглінамі.

У 90-я ў пабудовы абваліўся дах – капрамонт рабіць ніхто не збіраўся. Школе-інтэрнату знайшлі іншы будынак, а палац аказаўся забыты-закінуты.

У 2014 годзе палац Радзівілаў набыла кампанія «Спецактыўбуд-інвест», але так і не змагла знайсці інвестара для рэстаўрацыі і сплаціць усю суму за пакупку. З таго часу палац некалькі разоў выстаўляўся на продаж.

 

 

Што цяпер?


Сучасная Паланечка – ціхая і спакойная вёска, куды рэдка заязджаюць тыя, хто цікавіцца лёсам старадаўняй пабудовы. Стаіць палац Радзівілаў на галоўнай вуліцы – пазнаеш яго з першага позірку. Ля ўвахода ў былы паркавы комплекс захавалася старая лесвіца – ёю й паднімайся да цэнтральнага ўвахода будынка. На фасадзе палаца найперш шукай тыя самыя калоны з галовамі-скульптурамі старажытных філосафаў. Улічваючы складаны лёс будынка ў апошнія сто гадоў, проста цуд, што гэтыя скульптуры так добра захаваліся. Да слова, такога дэкаратыўнага элемента няма на ніводным палацы на тэрыторыі Беларусі.

Трапіць у палац можна без праблем – дзверы адчыненыя. Праўда, сёння яго памяшканні выглядаюць надта сумна: нічога, апроч пустых шэрых сценаў і самотных калон, тут не ўбачыць.

Абыдзі палац і агледзь невялікую тэрыторыю, якая раней была паркам. Тут можна ўбачыць напаўразбураную гаспадарчую пабудову, уся астатняя прастора вакол выглядае дастаткова дзіка. Таму перад паездкай раім зірнуць на эскізы Напалеона Орды з выявай палаца ў Паланечцы ў перыяд яго росквіту – так будзе прасцей візуалізаваць былую раскошу на мясцовасці.

 

 

Што яшчэ паглядзець у Паланечцы?

 

Касцёл святога Юрыя

Пасля таго як дабрэнна даследуеш палац Радзівілаў, прайдзі наперад цэнтральнай вясковай дарогай, каб убачыць сапраўдны гонар Паланечкі – драўляны касцёл святога Юрыя. Будынак быў рэканструяваны ў 1899 годзе і дайшоў да нашых дзён без зменаў. Неагатычны касцёл выдатна захаваўся і сёння рэгулярна прымае мясцовых вернікаў. Унутры храма можна ўбачыць іконы XVIII – XIX стагоддзяў і каштоўную літургічную вопратку ксяндза, пашытую са слуцкага пояса.

Вадзяны млын

Яшчэ адна мясцовая славутасць зацікавіць аматараў руін. Вадзяны млын 1819 года сёння выглядае як тыповыя руіны – дзве сцяны з чырвонай цэглы і, уласна, усё. Знаходзіцца млын (а дакладней тое, што ад яго засталося) ва ўсходняй частцы вёскі, ля дарогі на Рэпчыцы і Ішкальдзь.

 

 

Як дабрацца?


Машынай даехаць да Паланечкі зусім проста. Адлегласць ад Мінска да вёскі – прыкладна 120 кіламетраў. Большую частку ўляху трэба ехаць трасай М1 у кірунку Баранавічаў. Затым, не даязджаючы да Баранавічаў прыкладна 35 кіламетраў, павярнуць на ўказальніку да вёскі Вольна, за сем кіламетраў ад якой і знаходзіцца Паланечка. Каардынаты GPS: 53.3442, 26.2581.

Калі абіраеш грамадскі транспарт, даязджай да Баранавічаў з Мінска цягніком або электрычкай, якіх на гэтым кірунку поўна. Там перасаджвайся ў аўтобус – ён давязе цябе да вёскі прыкладна за гадзіну. Толькі расклад прачэкай загадзя тут.

 

Фота by palasatka

|

Месца тыдня

Аўтар:   Юлия Миронова

  1422

hand with heart

Отблагодарить 34travel

Если наши материалы пригодились тебе в пути, сказать спасибо редакции можно, купив нам чашку кофе через Ko-fi. Всего пара кликов, никаких регистраций, комиссий и подписок. Спасибо, что ты с нами.

ЗАКИНУТЬ МОНЕТКУ

Чытай таксама

Касарычы: як уладкаваная вёска, якая мае будучыню

Як ажывіць вёску ў «мядзведжым куце».

Месца тыдня: Сядзіба Рэйтанаў у Грушаўцы

Як сядзіба беларускага Дон Кіхота выглядае пасля рэстаўрацыі?

Месца тыдня: Траецкі касцёл у вёсцы Беніца

Велічная заброшка, ад якой мароз па скуры.

Месца тыдня: Сядзіба Путкамераў у Больценіках

Мясціны Міцкевіча.

Месца тыдня: сядзіба Булгакаў у Жылічах

Убачыць палац у Жылічах – і ачмурэць ад размаху.

Месца тыдня: сядзіба Умястоўскіх у Жамыслаўлі

Таямнічы палац, раскошны парк і нават уласная «Венецыя».

Цяпер на галоўнай

Менск

Лепшае, што ёсць у Менску, у новым гайдзе ад 34travel.

Як прайшоў Багач – галоўнае восеньскае свята беларусаў?

Будзь багаты, як восень!

Падкаст пра беларускую гастраномію: Экзотыка ў меню

Распавядаем пра моду на памаранчарні і нетыповыя прадукты ў Мінску 1920-х.

Падкаст пра беларускую гастраномію: Кава ці гарбата?

Гісторыя ўлюбёных напояў і традыцыйных дэсертаў.

9 мастацкіх музеяў і галерэй за межамі Менска

Пранізлівыя пейзажы, яскравыя маляванкі і нават манументальныя мазаікі.

Тут нават камяні жывыя. Этнограф – пра палескія традыцыі, якія захаваліся да нашых дзён

Міфалогія старажытнага беларуса, якую можна назіраць ужывую.

Забытая Беларусь: славутасці, якіх ужо няма

Спадчына, памяць пра якую застаецца толькі на малюнках.

Месца тыдня: Лынтупы

Касцёл, сядзіба і старыя могілкі.

Маршрут па беларускім Палессі: едзем у Пінск і ваколіцы

Унікальныя музеі народнай культуры, мясціны Напалеона Орды, загадкавыя пахавальні.

Паказаць больш Паказаць больш