8 месцаў, дзе жылі знакамітыя беларусы і беларускі мінулага

|

Культурная праграма

|

Аўтар:   Елизавета Кравченко

|

  5185

8 месцаў, дзе жылі знакамітыя беларусы і беларускі мінулага

Калі б 34travel існаваў некалькі стагоддзяў таму, вандраваць па беларускіх весках і гарадках было б нашмат цікавей! Толькі ўяві: прыязджаеш, напрыклад, у Шэметава – а там у сядзібе вечарына з Пане Каханку. Або шпацыруеш вуліцамі Ракава – і выпадкова сутыкаешся з Ганнай Радзівіл. На жаль, такога ўжо не здарыцца. Але ўспаміны пра знакамітых беларусаў і беларусак усё яшчэ жывуць. У новым матэрыяле расказваем, куды паехаць, каб дакрануцца да гісторыі, – забірай ідэі!

 

Да Чачотаў і Бохвіцаў – у Падароск

 


Фота: palasatka

Падароск зараз – усяго толькі аграгарадок у Гарадзенскай вобласці. А калісьці ён быў радавым месцам Чачотаў і Бохвіцаў. Паводле мясцовай легенды, тут нават жыў Напалеон Банапарт. Праўда, усяго некалькі дзён.

Чачотаў ты можаш памятаць праз Яна – паэта, этнографа, філамата, сябра Адама Міцкевіча. Ён пісаў балады па беларускіх легендах, сцэнкі, песні, а таксама стварыў лібрэта оперы «Малгажата з Зембаціна». У 1823-м Яна Чачота арыштавалі па справе філаматаў і выправілі ў ссылку, якая моцна сапсавала здароўе паэта. Праз дзесяць гадоў яму дазволілі вярнуцца на радзіму. Але тады ў Падароску ўжо гаспадарылі Бохвіцы.

Бохвіцы парадніліся з Чачотамі праз шлюб. Сядзіба адышла Раману Бохвіцу – трэцяму сыну філосафа Фларыяна Бохвіца і Паўліны Маеўскай (пляменніца маці Адама Міцкевіча). Гісторыі ён запомніўся адным фатаздымкам – у нацыянальным адзенні. У 1860-я была мода на такія, вось і Раман вырашыў не адставаць ад трэнду. Пасля паўстання 1863 года здымак усплыў – пачаліся разборкі. На шчасце, тут абышлося без высылкі.

Раман распачаў перабудову сядзібы, створаннай Чачотамі. Ён запрасіў туды архітэктара Лубу з Вільнюса, каб той ператварыў хату ў невялікі палац у стылі позняга класіцызму. У цэнтры сядзібы знаходзілася ўсё для гасцей: салон, банкетная зала, більярдная, у якіх захаваліся прыгожыя дэкараваныя столі таго часу. Акрамя сядзібы, у Падароску таксама захаваліся гаспадарчыя пабудовы, флігель, брама, частка агароджы, капліца, якія і зараз можна пабачыць.

Іншая славутасць мястэчка – Троіцкая царква, пабудаваная ў 1780 годзе. У гэтага храма класічная для Беларусі гісторыя. Ён увесь час пераходзіў з рук у рукі: то да праваслаўных, то да католікаў, то да калгасу. У выніку зноў вярнуўся да першых – і да гэтага часу працуе як праваслаўны храм.

 

 

На радзіму знакамітай мастачкі з роду Скірмунтаў – у Калоднае



Фота: planetabelarus.by

 

Вёска Калоднае ў Берасцейскай вобласці ўпершыню згадваецца ў 1507 годзе. У той час яна належала шляхецкаму роду Скірмунтаў. У гэтай палескай сям'і было шмат прадпрымальнікаў. Напрыклад, Аляксандр Скірмунт, які пабудаваў першы ў Беларусі цукровы завод. Але былі сярод іх і іншыя таленты. Пра іх (а дакладней, пра адну з іх) і расскажам.

Гелена Скірмунт – мастачка і скульптарка, вучылася жывапісу ў Вінцэнта Дмахоўскага ў Вільні. Пасля выпуску падарожнічала па Еўропе, але ў той жа час працягвала навучанне. За ўдзел у паўстанні 1863 года Гелену разам з мужам адправілі ў ссылку. Здароўе мастачкі пагоршылася, і ў 1874 годзе яна памерла ў Францыі. Праз год яе перапахавалі ў Пінску.

Гелена малявала карціны і стварала скульптуры на гістарычную тэму (шахматнае войска караля польскага і вялікага князя літоўскага Яна III Сабескага, скульптура Гедыміна і іншыя). На жаль, большая частка яе работ была страчана падчас вайны, захаваліся яны толькі ў фотакаталогу 1933 года.

Сядзіба ў Калодным цяпер пазначана мемарыяльнай аркай з гранітнай дошкай у памяць Гелены. Ад самога будынка застаўся адно падмурак. Але зусім недалека ад яго яшчэ стаіць млын, перабудаваны ў 1936 годзе.

У вёсцы ёсць і помнік народнага дойлідства – царква вялікапакутніка Дзмітрыя Салунскага. Драўляны храм і званіцу, афарбаваныя ў папулярны сярод праваслаўных цэркваў сіні колер, пабудавалі ў XIX стагоддзі.

 

 

«У госці» да апошняга менскага ваяводы  –  у Сёмкава

 


Фота: Лізавета Краўчанка

Сёмкава, што непадалёк ад Менска, вядомае з XVI стагоддзя як уладанне рода Саламарэцкіх. У XVIII стагоддзі яго выкупіў Адам Хмара – ён быў апошнім менскім ваяводам Рэчы Паспалітай.

Адам Хмара не раз спрабаваў рэфармаваць сваю гаспадарку. Ён цікавіўся жыццём сялян, будаваў млыны і нават напісаў «Інструкцыю для аканома». А ў 1780 годзе пабудаваў палац, пра які і пойдзе гаворка.

Для будаўніцтва Хмара запрасіў італьянскага архітэктара Карла Сампані. Той збудаваў рэзідэнцыю з флігелямі і аранжарэяй, вялізнай бібліятэкай з калекцыяй зброі і манет. Для свайго часу будынак вылучаўся элегантнасцю і багаццем, якое можна ацаніць па замалёўках Напалеона Орды. Тут нават спыняўся кароль польскі і вялікі князь літоўскі Станіслаў Аўгуст Панятоўскі. Але да нашага часу, на жаль, сядзіба дайшла разбуранай.

За савецкім часам у сядзібе знаходзіўся дзіцячы інтэрнат, дзе падчас вайны з пяцісот дзяцей выжыла крыху больш за палову. Падчас вызвалення інтэрната былі разбураны некаторыя будынкі. З гэтай падзеяй звязаны адзін з мемарыялаў у Сёмкаве: пліта ў гонар партызанскай брыгады «Штурмавая», якая ратавала дзяцей. Іншая пліта – у гонар Адама Хмары. Яна была ўсталявана яшчэ ў 1804 годзе.

Дарэчы, у Сёмкава на заробкі прыязджаў Янка Купала. За нашым часам у яго гонар тут стварылі экасцежку, уздоўж якой усталявалі стэнды, дзе можна пачытаць пра жыццё паэта і даведацца больш пра мясцовых птушак.

 

 

У Ракаў – горад вялікага канцлера літоўскага і знакамітай мецэнаткі

 


Фота: Palasatka

Яшчэ адно мястэчка Менскай вобласці – Ракаў, вядомы з XIV стагоддзя. У свой час ім валодаў вялікі канцлер літоўскі Міхал Кезгайла, якому кароль і вялікі князь Казімір Ягелончык падараваў гэтае месца. 

Наступнымі ўладарамі Ракава былі Здзехоўскія – ад іх тут засталася толькі былая лядоўня. Праз некаторы час маёнтак перайшоў роду Сангушак, якія пераўтварылі яго ў развіты эканамічны цэнтр.

Адна са знакамітых прадстаўніц роду – Ганна Сангушка (пазней – Радзівіл), беларуская прадпрымальніца і мецэнатка. Пасля смерці мужа яна ўмела разабралася з яго даўгамі, аднавіла свой замак і адкрыла шэраг мануфактур: шкляныя ў Налібаках і Уруччы, суконную і парцалянавую ў Белым. Ганна таксама дапамагала мясцовым: будавала школы, касцёлы, уладкоўвала вёскі і гарады.

Зараз у Ракаве можна паглядзець касцёл Найсвяцейшай Панны Марыі, які быў узведзены ў 1906 годзе на месцы былога каталіцкага дамініканскага манастыра. А непадалёк ад яго ўбачыш руіны паштовай станцыі XIX стагоддзя – таксама прапануем прагуляцца да іх.

Іншы цікавы храм Ракава – Спаса-Праабражэнская царква (канец XVII стагоддзя). Каля яе стаіць званіца, якую пабудавалі ў 1886 годзе на юбілей адмены прыгоннага права. 

Адпачыць целам можаш на старажытным гарадзішчы, а душою – у галерэі мастака Фелікса Янушкевіча. Усю калекцыю гаспадар збіраў сам. Тут знойдуцца розныя старажытныя прадметы: фісгармонія (музычны інструмент), падарожны сакрэтнік Адама Міцкевіча і ўнікальная ракаўская кераміка.

Цікавыя ў Ракаве і могілкі. На каталіцкіх, напрыклад, знойдзеш склеп-пахавальню Друцкіх-Любецкіх і магілу кампазітара Грушвіцкага. Менавіта Міхал Грушвіцкі напісаў кантаты на паэму Міцкевіча «Дзяды». А вось габрэйскія могілкі ў Ракаве стаяць яшчэ з XVII стагоддзя.

 

 

У Лінова: убачыць закінутую сядзібу асабістага памочніка Станіслава Панятоўскага

 


Фота: realt.by

Перанясемся ў Берасцейскі раён да сядзібы Лінова. Пасля трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай мястэчка перайшло расійскаму генералу Пятру Румянцаву-Задунайскаму, які прадаў Лінова Вінцэнту Трэмбіцкаму.

Вінцэнт быў кобрынскім лоўчым і асабістым памочнікам караля польскага і вялікага князя літоўскага Станіслава Аўгуста Панятоўскага. Ён і пабудаваў тут сядзібу, якая стала радавым гняздом Трэмбіцкіх. Над праектам будынка працаваў ужо знаёмы нам па Падароску архітэктар Луба.

Аднапавярховы будынак у класічным стылі вылучаўся багатым аздабленнем. У ім стаяў мармуровы бюст Нерона, месцілася вялікая бібліятэка, а побач уражваў прыгажосцю пладовы сад. Праз нейкі час да сядзібы прыбудавалі бакавыя крылы – так яна стала выглядаць яшчэ больш велічна. На жаль, пасля Першай сусветнай будынак пацярпеў, а бібліятэка не выжыла. Потым сядзібу ўвогуле забралі савецкія ўлады.

У палацы пачала працаваць адміністрацыя крухмальнага завода, які адкрылі ў бровары, пабудаваным Трэмбіцкім. Нейкі час у сядзібе нават працавала прадуктовая крама. Цяпер жа Лінова – чарговая закінутая сядзіба Беларусі. Каля дзесяці гадоў таму, калі будынку знайшлі інвестара, была надзея на аднаўленне, але, на жаль, нічога не атрымалася.

 

 

Зноў да Скірмунтаў (і не толькі) – у вёску Шэметава

 


Фота: Palasatka

Шэметава – вёска ў Менскай вобласці. Спачатку яна належала роду Шэметаў, потым пераходзіла з рук у рукі. Тут жылі Пшаздзецкія, Сулістроўскія, Скірмунты. Дарэчы, сюды ў свой час прыязджаў і Караль Радзівіл, ён жа Пане Каханку.

Сядзібны драўляны дом у стылі барока тут пабудаваў Андрэй Cулістроўскі ў другой палове ХVIII стагоддзя. А вось Скірмунты перабудавалі сядзібу ў ХIХ стагоддзі ў стылі класіцызму і дадалі новых пабудоў для развіцця сваёй прадпрымальніцкай дзейнасці. На жаль, галоўны будынак згарэў падчас Другой сусветнай. Але да нашага часу дайшлі некаторыя пабудовы.

Ад былога Шэметава захаваліся касцёл, плябанія, бровар, кузня і свіран. А на базе штучных сажалак, якія Скірмунты стварылі дзеля гадоўлі рыбы на пачатку ХVIII стагоддзя, і цяпер працуе рыбагадавальнік – «Шэметава».

Яшчэ адна славутасць месца – касцёл Маці Божай Нястомнай Дапамогі. Яго пабудавалі ў 1816 годзе, а ў 1900-х крыху перарабілі. Каля касцёла знаходзіцца і званіца XIX стагоддзя. Як інтэр'ер, так і экстэр'ер яе добра захаваліся.

 

 

У літаратурны Крошын
 


Фота: holiday.by

Крошын – не проста мястэчка ў Берасцейскай вобласці, але й магніт цікавых асобаў у беларускай літаратуры. Тут, напрыклад, нарадзіўся, жыў і памёр Паўлюк Багрым – каваль, які пісаў вершы. Памятаеш «Зайграй, зайграй, хлопча малы…»? Вось гэта яго.

Часцінка Багрыма засталася ў мясцовым храме. Гаворка ідзе пра жырандолю з прыгожым арнаментам, якую ўбачыш у касцёле Божага Цела (1818, перабудаваны ў 1920-я). Тут жа таксама знаходзіцца яго магіла і шчыльдачка з адзіным захаваным вершам. Гэта адна з галоўных славутасцяў Крошына.

Іншы паэтычны талент рэгіёна – Канстанцыя Буйла. Яна скончыла курсы педагогаў у Вільні, дзе пазнаёмілася з Максімам Гарэцкім. Акрамя выкладання, Канстанцыя пісала вершы і кіравала беларускай кніжнай крамай у Полацку. Яна часта наведвалася ў Крошын – здаецца, любіла гэтае месца.

Найзнакаміцейшыя ж прозвішчы Крошына – Радзівілы і Святаполк-Завадскія. Першыя пабудавалі тут сядзібу на 24 залі з бібліятэкай і архівам, а яшчэ разбілі сад. У палацы знаходзілася свая багатая калекцыя – у Крошыне яна складалася з парцаляны. У XIX стагоддзі мястэчка перайшло па шлюбе сваім апошнім гаспадарам – Святаполк-Завадскім з роду Рурыкавічаў.

На жаль, падчас Першай сусветнай палац і іншыя будынкі згарэлі. Застаўся стаяць толькі парк. Тут у 1990-х каля аднаго дуба, які захаваўся са старых часоў, усталявалі мемарыяльную шыльду. Лічыцца, што гэтае дрэва пасадзілі нацыянальны герой Чылі і прафесар мінералогіі Ігнат Дамейка і паэт Антон Адынец.

Каля Крошына можаш таксама паглядзець на абарончыя пабудовы 1930-х гг.

 

 

На месца сустрэчы беларускай інтэлігенцыі – у Дабраўляны

 


Фота: planetabelarus.by

 

Дабраўляны – вёска ў Гарадзенскай вобласці, вядомая з XVI стагоддзя. Гэтае месца моцна змянілі Гюнтэры, якія набылі тут паўразбураны маёнтак.

 

У 1824 годзе менскі архітэктар і граф Адам Гюнтэр вырашыў пабудаваць у Дабраўлянах палац у класічным стылі, які неўзабаве стаў культурным цэнтрам. Тут у свой час пабывалі Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч, Томаш Зан, Уладзіслаў Сыракомля, Станіслаў Манюшка, Ігнат Ходзька, Адам Кіркор і іншыя прадстаўнікі беларускай інтэлігенцыі.

Адзін з былых прыгонных маёнтка – Казімір Бахматовіч – нават стаў знакамітым графікам! Ён таксама працаваў настаўнікам. Менавіта ў яго серыі прац «Дабраўлянскі сувенір» і захавалася сядзіба Гюнтэраў, якую час разбурыў. На замалёўках адлюстраваныя і парк з тэматычнымі альтанкамі, і хатняя капліца, дзе Адам Гюнтэр захоўваў сваю калекцыю зброі, кніг ды іншага, і галоўны будынак.

Яшчэ адна вядомая прадстаўніца роду Гюнтэраў – пісьменніца Габрыэля Пузыня, якая магла быць і рэдактаркай дабраўлянскай газеты. Яна, дарэчы, часта праводзіла ў маёнтку літаратурныя салоны, куды прыязджалі Уладзіслаў Сыракомля, Станіслаў Манюшка і іншыя знакамітыя беларусы і беларускі. Габрыэля пісала вершы, апавяданні і камедыі. Дзякуючы яе «W Wilnie i w dworach litewskich: pamiętnik z lat 1815-1843» можна даведацца, якім было жыццё ў Беларусі і як жылі знакамітыя сем'і таго часу. На жаль, большая частка работ Габрыэлі згарэла.

У добрым стане ў Дабраўлянах захавалася хата аканома, пабудаваная ў канцы XIX стагоддзя, і прыдарожная праваслаўная капліца, усталяваная ў 1906 годзе. На тэрыторыі парку і былой сядзібы можна знайсці толькі стары падмурак і абрысы некаторых гаспадарчых пабудоў.

 

Фота на галоўнай: Palasatka

hand with heart

Отблагодарить 34travel

Если наши материалы пригодились тебе в пути, сказать спасибо редакции можно, купив нам чашку кофе через Ko-fi. Всего пара кликов, никаких регистраций, комиссий и подписок. Спасибо, что ты с нами.

ЗАКИНУТЬ МОНЕТКУ

Чытай таксама

Як праходзіць служба ў самым таямнічым храме Беларусі?

Храм, які адчыняе дзверы толькі раз на год.

9 мастацкіх музеяў і галерэй за межамі Менска

Пранізлівыя пейзажы, яскравыя маляванкі і нават манументальныя мазаікі.

10 загадкавых капліц-пахавальняў у Беларусі

Старажытныя месцы пахаванняў з містычным духам.

Да/пасля: 5 славутасцяў, якія змяніліся да непазнавальнасці

Калісьці – атмасферныя занядбанкі, а сёння – раскошныя палацы.

7 мясцін у Польшчы, звязаных з беларускай гісторыяй

Для тых, хто імкнецца захаваць сувязь з Радзімай нават за мяжой. 

Якія беларускія традыцыі і абрады трапілі ў спіс культурнай спадчыны ЮНЕСКА?

Падстава для гонару.

Цяпер на галоўнай

Менск

Лепшае, што ёсць у Менску, у новым гайдзе ад 34travel.

Як прайшоў Багач – галоўнае восеньскае свята беларусаў?

Будзь багаты, як восень!

Падкаст пра беларускую гастраномію: Экзотыка ў меню

Распавядаем пра моду на памаранчарні і нетыповыя прадукты ў Мінску 1920-х.

Падкаст пра беларускую гастраномію: Кава ці гарбата?

Гісторыя ўлюбёных напояў і традыцыйных дэсертаў.

9 мастацкіх музеяў і галерэй за межамі Менска

Пранізлівыя пейзажы, яскравыя маляванкі і нават манументальныя мазаікі.

Тут нават камяні жывыя. Этнограф – пра палескія традыцыі, якія захаваліся да нашых дзён

Міфалогія старажытнага беларуса, якую можна назіраць ужывую.

Забытая Беларусь: славутасці, якіх ужо няма

Спадчына, памяць пра якую застаецца толькі на малюнках.

Месца тыдня: Лынтупы

Касцёл, сядзіба і старыя могілкі.

Маршрут па беларускім Палессі: едзем у Пінск і ваколіцы

Унікальныя музеі народнай культуры, мясціны Напалеона Орды, загадкавыя пахавальні.

Паказаць больш Паказаць больш