Час спяваць! Гукаем вясну так, каб яна дакладна прыйшла
Жыццё і дабрабыт нашых продкаў вельмі залежалі ад прыродных стыхій і магчымасці вырошчваць ураджай. У традыцыйным мысленні чалавек і прырода – непадзельныя. Каб забяспечыць пераход ад холаду да цяпла і дапамагчы зямлі вызваліцца ад зімовых пакут, існаваў цэлы комплекс абрадаў і рытуалаў – Гуканне вясны. У гэтым артыкуле ты даведаешся, калі і як гукалі вясну, што набліжала і сімвалізавала яе надыход, якія веснавыя абрады практыкуюцца сёння. А таксама – якімі практыкамі ты можаш сумясціць традыцыю з сучаснацю і пагукаць вясну так, каб яна дакладна прыйшла!
Агульная інфармацыя: сэнс, даты, філасофія
Традыцыйнаму мысленню ўласцівая бінарнасць рэчаў і з’яваў: зіма-лета, дзень-ноч, святло-цемра. Таму Гуканне вясны – гэта абрадавы перыяд пераходу ад зімы да лета, які пачынаецца ў лютым на Грамніцы (2 лютага для каталікоў, 15 – для праваслаўных) і сканчаецца ажно на пачатку чэрвеня.
Колькасць святаў, якія ўваходзілі ў абрадавы цыкл, залежала ад культурнага рэгіёна Беларусі. Так, на Гомельшчыне Гуканне вясны складалася з Грамніц (зіма з летам толькі сустракаюцца), Масленіцы (замыкаем зіму), Саракоў (дзень веснавога раўнадзенства, на які, па некаторых павер’ях, сорак выраяў (чарод) птушак выляталі на нашыя землі), Дабравешчання (сустракаем вясну і паварочваем на вяснова-летні перыяд), Юр’я (сапраўдны пачатак вясны і пачатак выпасу жывёл), Троіцы (завяршэнне вясновага цыкла), Ушэсця (пачатак лета). А на Тураўшчынне вясну гукалі ад апошняга дня Масленіцы і да Вялікадня.
Абрадавы перыяд суправаджаўся пэўнымі дзеяннямі і сімваламі, без якіх адраджэнне і прыход лета было немагчыма ўявіць.
Птушкі як сімвал прыходу вясны
Лічылася, што ўвосень зямля засынае да вясны, тым самым «замыкаючыся». Ключ ад яе забіраюць птушкі, а ўвесну, прылятаючы з выраю, прыносяць яго на сваіх крылах. Праз гэта мы бачым, што птушкі – галоўныя абуджальнікі зямлі. У фальклоры нават пануе вобраз вясны-птушкі. Нашыя продкі ўшаноўвалі птушак розным чынам: выпякалі абрадавае печыва ў выглядзе птушак; у больш сучасны час майстравалі птушак з паперы; вобраз птушкі часта з’яўляецца ў абрадавых спевах і ў ткацтве; некаторыя вясновыя абрады называюцца ў гонар птушак.
Што ты можаш зрабіць зараз:
Змайструй птушак, выкарыстоўваючы розныя тэхнікі: арыгамі (гэтую тэхніку можна зрабіць цікавейшай, павялічыўшы памер паперы да А2 ці А1), выцінанка, разьба па дрэве. Ты можаш упрыгожыць птушкамі сваю кватэру, а таксама двор ці нейкую гарадскую прастору. Гэтая творчая практыка цудоўна падыдзе, каб залучыць дзяцей у традыцыю і растлумачыць сэнс свята.
Гук
Нашыя продкі надавалі вялікую ўвагу з’яўленню гуку: першавеснавы гук праграмаваў дабрабыт на ўвесь будучы перыяд. Чалавек традыцыі імкнуўся магічнасцю гукавага кода ў заклічках і міфапаэтычных тэкстах вясновых спеваў выклікаць вясну з іншасвету: «Зіму замыкаці, вясну выклікаці». Каб спалучыць чалавечае і прыроднае, засвоіць і запоўніць прастору і час, бытавалі розныя рытуалы: традыцыя веснавога апявання палёў, пераклічкі дзявочых гуртоў, якія стваралі эфект гукальнага рэха і перагуквання. Імкнуліся, каб гук запоўніў увесь сусвет. Спявалі высока ўверх – да неба, да птушак – і заклікалі спевамі сонца да зямлі.
Сучасныя гукавыя практыкі:
Выпраўляйся на гукавы шпацыр. Па магчымасці за межы горада, але гарадская прастора таксама можа цікава абуджацца ад зімы і мець своеасаблівыя гукі. Гэта можа быць аднадзённая практыка ці тое, што будзе суправаджаць цябе ўвесь перыяд пераходу. Прыслухоўвайся, як змяняецца гукавы ландшафт: першыя веснавыя гукі, птушыныя пераклічкі, цурчэнне вады, дзіцячы смех на вуліцах. Ты можаш весці свае асабістыя нататкі ці рабіць аўдыязапісы на дыктафон. Па жаданні вазьмі ў фокус не толькі гук, але і тое, як змяняецца візуальны стан прыроды.
У тэлеграм-канале «Час спяваць» па хэштэгу #вясна ты можаш знайсці тэксты і аўдыя вясновых спеваў ці нават далучыцца да рэгулярных спеўных анлайн-сустрэч.
Рытуальная ежа
Галоўная страва веснавога пераходу – абрадавае печыва ў выглядзе птушак, якое называецца «чырачкі», «жаваронкі», «буські». У печыва маглі схаваць нейкую невялічкую рэч (напрыклад, бабовыя) і верылі, што той, каму яна трапіцца, будзе шчаслівы/шчаслівая. Печыва рабілі жанчыны і раздавалі дзецям як пачастункі. Уся сям’я ці вясковая супольнасць выходзілі на пагоркі і падкідвалі птушачак на фартуках ці ручніках увысь, каб яны даляцелі да неба і паклікалі вясну. Таксама рабілі хлеб – сакральную ежу на ўсе святы – і стравы з яек, якія сімвалізуюць стварэнне сусвету.
Вось рэцэпт рытуальнага печыва з вёскі Тонеж, дзе і цяпер праводзяць веснавы абрад «Чырачка» на апошні дзень Масленіцы.
Нам спатрэбіцца:
смятана (або кефір) – 500 грам
мука – на вока (каб атрымалася тугое цеста)
яйка – 1 штука
сода – 1 чайная лыжка
соль – 1 шчопаць
цукар – на смак
Прыгатаванне:
1 / У ёмістасці змешваем смятану (трэба каб яна была пакаёвай тэмпературы) і соду, даем крышачку пастаяць.
2 / Дадаём соль, цукар, яйка. І зноў пакідаем настаяцца на невялічкі час.
3 / Патроху ўмешваем муку, пакуль цеста не стане тугое.
4 / Выкладваем яго на плоскую паверхню і добра вымешваем.
5 / Раскатваем цеста тоненька, выразаем кружочкі і робім птушачак.
6 / На патэльні з алеем (ці ў духоўцы) падсмажваем з двух бакоў/выпякаем птушачак.
За рэцэпт дзякуем Пятру Цалку, цудоўнаму этнографу і былому дырэктару Веткаўскага музея.
Абрадныя дзеянні
Перыяд пераходу быў напоўнены шматлікімі рытуальнымі дзеяннямі:
Вясну хадзілі гукаць усёй грамадою на пагарокі, бліжэй да неба, там вадзілі карагоды і спявалі веснавыя песні. Калі вёска знаходзілася на раўніннай прасторы і не мела ўзвышэнняў, то залазілі на стрэхі хат і хлявоў і адтуль клікалі вясну.
Таксама быў неабходны рытуальны кантакт з зямлёю, якая ўжо вызвалілася ад снега: гукалі вясну пры ворыве, каля засеяных палёў.
Адметнай часткай свята быў карагод, які сімвалічна злучае ўсе тры светы (іншасвет, нашу прастору і боскую). Удзельнікі карагода вытоптваюць кола: так яны спрабуюць дагрукацца да свету продкаў і датуль, адкуль хутка выйдзе ураджай, і праграмуюць дабрабыт праз імітаванне пачатку руху жыццядзейных падзей. «А дзе карагод ходзіць, там жыта родзіць, // А дзе карагод не бывае, там жыта вылягае».
Агонь сімвалізуе абуджэнне прыроды і людзей. Рытуал пераскокаў праз вогнішча імітаваў і тым самым сімвалічна праграмаваў рост расліннасці з зямлі ўгару.
На Масленіцу палілі пудзела, якое сімвалізавала зіму. У вогнішча маглі кідаць старыя рэчы, каб развітацца з мінулым і закласці пачатак новаму.
Што ты можаш зрабіць зараз:
Паехаць 24 сакавіка ў музей Янкі Купалы ў Вязынцы на Гуканне вясны, якое штогод ладзіць Студэнцкае этнаграфічнае таварыства (узрост любы насамрэч, проста назва такая замацавалася). Там ты зможаш павадзіць карагод, памайстрыць птушачак, патанчыць, паспяваць, набыць рэчы ручной работы. На вольным паветры пануе атмасфера свята і радасці: шмат удзельнікаў апранаюць традыцыйныя строі, а па ўсёй тэрыторыі спяваюць вяснянкі ў невялічкіх групках.
Выязджай за горад, каб пагукаць вясну. Па жаданні абяры лакацыю на ўзвышынасці ці проста твае ўлюбёнае месца; пакліч сяброў; прыгатуй святочную ежу; вазьмі ўпрыгожанні (гірлянды, сцяжочкі, папяровыя птушачакі); сплануй, што вы будзеце рабіць, ці проста аддайся патоку і пабегай па прасторы, якая пачынае абуджацца. Мо атрымаецца першы пікнік у годзе!
Зрабі тэматычную імпрэзу з сябрамі і блізкімі ці на працоўным месцы. Вывучыце веснавыя спевы, абмяркуйце традыцыйныя абрады і рытуалы, памайстрыце.
Пашырай рамку традыцыі і стварай свае асабістыя рытуалы – падумай, што менавіта для цябе сімвалізуе надыход вясны. Можа, гэта ўпрыгожванне кватэры кветкамі і новымі сурвэткамі, ранішнія шпацыры па парку, паездкі на ровары да працы ці прабуджэнне разам с сонейкам.
Адметныя святы абраднага цыкла, якія ты можаш наведаць і сёння
Абрад гукання вясны «Чырачка» (апошні дзень Масленіцы)
Старажытны палескі абрад «Чырачка» мае назву ад вадаплаўнай птушкі, якая першай прылятае і прыносіць на сваіх крылах вясну. Свята адбываецца ў мястэчку Тонеж (Лельчыцкі раён). Напярэдадні гаспадыні выпякаюць абрадавае печыва ў выглядзе птушак, якое раздаюць дзецям у дзень святкавання, каб шчасціла і «ўсе здаровенькія былі». Раніцай дзяўчаты ўпрыгожваюць елачку (сімвал вясенняга адраджэння), і ўся супольнасць едзе ў асаблівае месца – да старога дуба, дзе закідваюць елачку на дуб, паляць пудзіла зімы, водзяць карагоды, граюць у традыцыйныя гульні, накрываюць святочны стол.
Абрад гукання вясны «Чырачка», аграгарадок Тонеж
Фота: sokolenok
Юраўскі карагод (на Юр’я, 6 траўня)
Гэтае свята сімвалізуе пачатак вясны. Менавіта тады пачыналі выводзіць жывёл пасціся на пашу. У дахрысціанскія часы свята было прысвечана Ярылу, богу сонца і вясны. Юр’я і па сённяшні дзень адзначаецца кожны год 6 траўня ў вёсцы Пагост (Жыткавіцкі раён) Юраўскім карагодам, які занесены ў спісак ЮНЕСКА. Падчас свята карагод абыходзіць усю вёску з юраўскім караваем і выходзіць на поле, дзе мясцовыя жыхары закопваюць пачастункі зямлі, каб яна была ўрадлівая, а потым пачынаюць спяваць абрадавыя спевы. Шэсце скончваецца дзяленнем паміж усімі юраўскага каравая. А пасля ўдзельнікі і госці рушаць у мясцовы сельскі клуб, каб паглядзець на выступ фальклорных гуртоў і раздзяліць святочную ежу.
Ваджэнне і пахаванне стралы (на Ушэсце, 13 чэрвеня)
Абрад, характэрны для Гомельшчыны, паходзіць з паганскіх часоў і прысвечаны Перуну, богу маланак. Галоўная адметнасць абрада – цікавае дзеянне, падчас якога карагод выводзіць «стралу» (у наш час – металічныя рэчы альбо ляльку) падалей ад вёскі і закопвае яе ў полі з мэтаю адвесці маланку і надзяліць зямлю ўрадлівасцю. Таксама на свята праз спевы выклікалі дождж. Лічылася, што пасля «пахавання» перыяд веснавога пераходу скончаны: пачыналася лета. Наведаць абрад можна яшчэ і сёння ў вёсках Стаўбун і Казацкія Балсуны.
***
Дадаткова раім паглядзець дакументальны фільм пра веснавую абраднасць «Голоса веков – Песни лета» вядомай беларускай рэжысёркі і этнографкі Зінаіды Мажэйкі.
Рытуальныя дзеянні вясновага пераходу дапамагалі нашым продкам усвядомлена скончыць адзін перыяд і пачаць іншы. Гэтую добрую практыку мы можам пераняць, ствараючы свае асабістыя рытуалы і сумяшчаючы іх з традыцыяй.
Фота: Palasatka