Афіша Беларусі: Куды пайсці ў траўні?

|

Падзеі

|

Аўтар:   @verasy.u.lyasy

|

  3834

Афіша Беларусі: Куды пайсці ў траўні?

У гэтым годзе вясновыя дні радуюць не толькі сонечным цяплом, але і шматлікімі мерапрыемствамі, на якіх можна як след атрымаць асалоду ад жыцця. У майскай афішы – тэатр на вялікім экране, архаічныя абрады, вечары з музыкай, выставы і барахолка.

 

Менск 

 

Паказы TheatreHD

Дзе: кінатэатр «Цэнтральны» (пр-т Незалежнасці, 13).
Калі: 5, 7, 11, 19, 21, 25, 28 траўня.
Колькі: звычайны квіток – 12-22 BYN.

Паказы ў рамках праекта TheatreHD – гэта магчымасць паглядзець значныя для сусветнага тэатра пастаноўкі на экране «Цэнтральнага». У майскай праграме – дакументальны фільм пра самую вядомую карціну Гераніма Босха «Сад зямных асалод»; Моцарт, Чайкоўскі і Шуберт у выкананні сусветных музыкаў; опера чэшскай рэжысёркі пра двух закаханых у Альпах «Дзіця і чараўніцтва» французскага кампазітара Морыса Равеля на лібрэта пісьменніцы, зоркі Belle Époque Калет; спектакль па п'есе Уільяма Шэкспіра «Шмат шуму з нічога»; легендарны балет англійскага пастаноўшчыка Джона Крэнка па «Рамэа і Джульеце».

 

Дабрачынная барахолка «KaliLaska»

Дзе: вул. Кальварыйская, 33/4.
Калі: 11–19 траўня.
Колькі: бясплатна.

Барахолка праекта KaliLaska – месца, дзе ты можаш адначасова здабыць стары крышталь, традыцыйны ручнік, вясельную сукенку, кофтачку з мас-маркета, брэндавае паліто, пару вінтажныя туфляў і добрую кнігу. Кожны дзень, пакуль ідзе барахолка, каманда KaliLaska падкладае новыя рэчы, так што прыйсці выпрабаваць поспех можна ў любы час. А ў апошнія тры дні абяцаюць яшчэ і зніжку 50% на ўсё. 

KaliLaska – гэта дабрачынны праект, які штомесяц прымае тоны рэчаў, каб адрасна перадаць іх людзям, якія жывуць у нястачы, або сацыяльным ініцыятывам. Частку сабранага прадаюць на барахолцы, каб забяспечыць далейшую працу праекта. Калі адчуваеш, што пара развітацца з непатрэбнымі, але ўсё яшчэ якаснымі рэчамі, можаш перадаць іх у добрыя рукі – шукай падрабязнасці на старонцы праекта.

 

Вечар з музыкай у babe

Дзе: babe (вул. Кальварыйская, 21/134А).
Калі: 10 траўня.
Колькі: бясплатна.

На Кальварыйскай зусім нядаўна адкрылася атмасфернае месца babe з добрай ежай і напоямі, антыкварнымі посудам і мэбляй, вінтажным інтэр'ерам. У маі каманда запрашае правесці тут некалькі вечароў з музыкай, танцамі і віном – анонс мерапрыемстваў чакай у тэлеграме або інстаграме праекта. 10 траўня ставіць музыку будуць Kozyrev, Plavsky, Popopyaty.

 

Выстава «Песняру чыстай красы»

Дзе: Літаратурны музей Максіма Багдановіча (вул. Багдановіча, 7а).
Калі: да 20 траўня.
Колькі: звычайны квіток – 3 BYN.

На выставе можна паглядзець працы беларускіх мастакоў і скульптараў, прысвечаныя Максіму Багдановічу, яго вершам і мясцінам, звязаных з яго жыццём. Добрая нагода ўспомніць любімыя творы песняра, яшчэ раз дакрануцца да яго мікракосмасу і ацаніць вялікі ўклад у нашу культуру.

 

 

Віцебск

 

Выстава «Пагоркі і грудкі»

Дзе: Арт-прастора «Толстого, 7».
Калі: да 23 чэрвеня.
Колькі: звычайны квіток – 5 BYN.

Пра гэтую выставу мы распавядалі ў красавіцкай падборцы менскіх мерапрыемстваў, цяпер фотаработы можна паглядзець і ў Віцебску. «Пагоркі і грудкі» – гэта калектыўны праект-роздум пра месца і час. Праз вандроўкі па ўзгорках Валожыншчыны, фатаграфічныя эксперыменты, працу з асабістымі гісторыямі і архіўнымі фотаздымкамі ўдзельніцы і ўдзельнікі выставы выбудоўваюць сувязь з прыродай. Тут цябе чакаюць апавяданні пра тое, як сярод маўклівага пейзажу дзесяцігоддзямі змянялася жыццё. Пасля наведвання выставы напэўна захочацца паразважаць пра тое, якія гісторыі распавядаюць і захоўваюць пагоркі Віцебска.

 

Выстава «Матуліны кросны»

Дзе: Краязнаўчы музей (вул. Леніна, 36).
Калі: да 31 траўня.
Колькі: звычайны квіток – 4 BYN.

На выставе прадстаўлена больш за 200 элементаў традыцыйнага ткацтва гісторыка-этнаграфічнага рэгіёна Паазер'я: ручнікі, посцілкі, прадметы адзення. 

Ткацтва – гэта сакральны працэс: праз арнамент на тэкстылі нашы продкі размаўлялі з памерлымі сваякамі, звярталіся да прыродных сіл, праграмавалі дабрабыт сям'і. Ручнікі і посцілкі выконвалі розныя рытуальныя функцыі на пахаванні, вяселлях, каляндарных святах. Па элементах ткацтва, якія дайшлі да нашых дзён, этнографы даведаюцца, якія вераванні бытавалі ў архаічныя часы. На выставе ты таксама зможаш убачыць інструменты для апрацоўкі лёну, кросны, на якіх доўгімі зімовымі вечарамі ткалі жанчыны, і ўбачыць традыцыйны інтэр'ер вясковага дома. Калі хочаш прыйсці на выставу ўжо падрыхтаванай(-ым) – рэкамендуем лекцыі ад Веткаўскага музея аб сімвалах, якія нашы продкі закладвалі ў тканыя прадметы.

 

 

Гомель

 

«Ноч музеяў»у Веткаўскім музеі

Дзе: філіял Веткаўскага музея (плошча Леніна, 4).
Калі: 18 траўня.
Колькі: звычайны квіток – 7 BYN.

Веткаўскі музей ужо анансаваў майскія падзеі: там лекцыі, экскурсіі, майстар-класы, выставы. На «Ноч музеяў» плануецца «Магія пляцення». У праграме мерапрыемства – рэканструкцыя вясновага абраду «Юраўскі карагод» і традыцыйнага беларускага вяселля, а таксама майстар-класы па пляценні паясоў на дошчачках, традыцыйных упрыгажэнняў з бісеру і стужак, інтэр'ерных прадметаў з лазы і бяросты. Прыходзь навучыцца рамяству нашых продкаў.

 

Выстава бабіцкіх абразоў

Дзе: філіял Веткаўскага музея (плошча Леніна, 4).
Калі: травень.
Колькі: звычайны квіток – 7 BYN.

Выстава прысвечана самабытнай школе беларускага іканапісу вёскі Бабічы Чачэрскага раёна. Вясковыя майстры стваралі працы ў XIX-XX стагоддзях, пераплятаючы стылі Адраджэння і барока з архаічнымі вераваннямі. На выставе ты зможаш убачыць не толькі бабіцкія абразы, але і важныя для нашых продкаў магічныя прадметы: абрадавыя свечкі, рытуальнае печыва, якім кармілі жывёл перад першым начным выгулам, пчаліны мёд у сотах, частку чэрапа каня, шкуру мядзведзя, ручнікі, тэксты замоў – і даведацца, як яны былі звязаны з іканапісам.

 

Акустычны вечар

Дзе: Чытай-Хатка (пр. Кастрычнiка, 29).
Калі: 18 траўня.
Колькі: уваход вольны.

Творчае аб'яднанне «Вольная творчасць утульных кварталаў» запрашае на вечар акустычнай музыкі. Можна яго проста паслухаць, а можна захапіць з сабой гітару, скрыпку, губны гармонік, каб паімправізаваць або выканаць каверы на любімыя песні для прыемнай аўдыторыі.

 

 

Пагост 

 


Фота: Альфред Микус

Абрад «Юраўскі карагод»

Дзе: в.Пагост, Жыткавічскі раён.
Калі: 6-7 траўня.
Колькі: бясплатна, але захапі падарункі на агульны стол.

Свята Юр'я, калі на пашу пачыналі выводзіць жывёл, сімвалізуе пачатак вясны. У дахрысціянскі час свята было прысвечана Ярыле, богу сонца і вясны. Юр'я святкуецца кожны год 6 траўня ў вёсцы Пагост Юр'еўскім карагодам, які занесены ў спіс ЮНЕСКА. Падчас свята жыхары і госці здзяйсняюць рытуальныя дзеянні: абыходзяць вёску з караваем і выходзяць на поле, каб закапаць падарункі зямлі для ўрадлівасці, выконваюць абрадавыя песні. Шэсце заканчваецца падзелам паміж усімі каравая, пасля чаго ўдзельнікі і госці збіраюцца ў сельскім клубе, каб паслухаць выступ фальклорных гуртоў і падзяліць святочную ежу. Сёлета святкаваць будуць два дні, а у расклад фестывалю ўвойдуць традыцыйныя гульні, вечар танцаў і культурна-адукацыйныя праграмы.

 

 

Маркавічы

 


Фота: pokolyubichi.museum.by

Абрад «Ваджэнне Сулы»

Дзе: в. Маркавічы, Гомельскі раён.
Калі: 6 траўня.
Колькі: бясплатна. 

На другі дзень пасля праваслаўнага Вялікадня жыхары вёсак Гадзічава і Маркавічы праводзяць абрад Ваджэнне Сулы для таго, каб рытуальнымі дзеяннямі забяспечыць добры ўраджай і адвесці маланку ад вёскі. У полі каля вёскі ўдзельнікі фарміруюць карагод у форме следу ад маланкі і водзяць яго вакол трох дзяўчынак, якія сімвалізуюць зярняткі пасаджаныя ў зямлю. У пэўны момант дзяўчынак падкідваюць уверх, прыгаворваючы «Вялікае расці! Здаровае расці! Высокае расці!», каб раслі і дзеткі, і зярняткі. Потым удзельнікі з песнямі і танцамі рухаюцца з вёскі Гадзічава ў вёску Маркавічы, на кожным скрыжаванні выконваючы абрадавыя песні. Абрад заканчваецца ў цэнтры вёскі, дзе шэсце сустракаюць з велікоднай ежай, якую падзяляюць паміж сабой усе ўдзельнікі і госці.

 

|

Падзеі

Аўтар:   @verasy.u.lyasy

  3834

hand with heart

Отблагодарить 34travel

Если наши материалы пригодились тебе в пути, сказать спасибо редакции можно, купив нам чашку кофе через Ko-fi. Всего пара кликов, никаких регистраций, комиссий и подписок. Спасибо, что ты с нами.

ЗАКИНУТЬ МОНЕТКУ

Чытай таксама

Афіша Беларусі: на якія івэнты варта патрапіць у сакавіку?

Агу, вясна, агу, красна!

Як прайшоў Багач – галоўнае восеньскае свята беларусаў?

Будзь багаты, як восень!

Як прайшоў Юраўскі карагод – унікальны абрад сустрэчы вясны

Паказваем, як абрад са спісу ЮНЕСКА выглядае сёння.

Куды пайсці ў Менску ў лютым? Афіша івэнтаў

Насычаемся культурай.  

Цяпер на галоўнай

Менск

Лепшае, што ёсць у Менску, у новым гайдзе ад 34travel.

Як прайшоў Багач – галоўнае восеньскае свята беларусаў?

Будзь багаты, як восень!

Падкаст пра беларускую гастраномію: Экзотыка ў меню

Распавядаем пра моду на памаранчарні і нетыповыя прадукты ў Мінску 1920-х.

Падкаст пра беларускую гастраномію: Кава ці гарбата?

Гісторыя ўлюбёных напояў і традыцыйных дэсертаў.

9 мастацкіх музеяў і галерэй за межамі Менска

Пранізлівыя пейзажы, яскравыя маляванкі і нават манументальныя мазаікі.

Тут нават камяні жывыя. Этнограф – пра палескія традыцыі, якія захаваліся да нашых дзён

Міфалогія старажытнага беларуса, якую можна назіраць ужывую.

Забытая Беларусь: славутасці, якіх ужо няма

Спадчына, памяць пра якую застаецца толькі на малюнках.

Месца тыдня: Лынтупы

Касцёл, сядзіба і старыя могілкі.

Маршрут па беларускім Палессі: едзем у Пінск і ваколіцы

Унікальныя музеі народнай культуры, мясціны Напалеона Орды, загадкавыя пахавальні.

Паказаць больш Паказаць больш