Афіша Беларусі: на якія івэнты варта патрапіць у сакавіку?

|

Падзеі

|

Аўтар:   @verasy.u.lyasy

|

  4494

Вось і прыйшлі доўгачаканыя сонечныя дні, а мы публікуем афішу, якая дапаможа напоўніць іх цёплымі ўспамінамі. У першы вясновы месяц адпраўляемся гукаць вясну, аб'ядацца блінамі, закупляцца ў рамеснікаў, слухаць жывую музыку і даследаваць Палессе. У падборцы – падзеі, якія пройдуць не толькі ў абласных гарадах, але і ў мястэчках і вёсках.

 

Менск

 

Выстава-маркет «Чароўны млын» 

Дзе: БелЭкспа (Пераможцаў, 14)
Калі: 7, 8, 9 сакавіка 
Колькі: уваход – 3 BYN

«Чароўны млын» – месца, дзе будуць работы дзясяткаў беларускіх рамеснікаў. Дух займае ад таго, колькі ў Беларусі таленавітых людзей! Кераміка, упрыгожанні, адзенне і аксэсуары, карціны і пано, прадметы інтэр'еру, сувеніры. Усе рэчы на «Млыне» прадаюцца, але, нават калі нічога купіць не атрымаецца, пабадзяцца ў бясконцым лабірынце прыгожага і зробленага з любоўю дакладна варта.

 

 

Craftmall

Дзе: прастрора Flame Place (Машэрава, 9 к. 8)
Калі: 8 і 9 сакавіка 
Колькі: уваход вольны

Амаль у гэтыя ж даты пройдзе яшчэ адзін кірмаш унікальных вырабаў ручной работы, але з іншай эстэтыкай. У прасторы FlamePlace ты зможаш купіць свечкі, вясновыя кветкі, кераміку і ўпрыгожанні. А яшчэ – пакаштаваць дэсерты, паслухаць музыку і акунуцца ў атмасферу пяшчоты вясны. Мерапрыемства pet friendly – выдатная магчымасць узяць з сабой вушастага сябра і прагуляцца па сонечных вуліцах Менска.

 

 

Выстава «Клод Манэ и Эдуар Манэ. Пачатак імпрэсіянізму»

Дзе: арт-галерэя «Artel» (Незалежнасці, 58/1)
Калі: з 1 сакавіка 
Колькі: з панядзелка па пятніцу – 17 BYN, у суботу і нядзелю – 20 BYN

Калі хочаш паглядзець на рэпрадукцыі двух вядомых імпрэсіяністаў, Клода Манэ і Эдуара Манэ, – зазірай на выставу ў арт-галерэю «Artel». Па выставе арганізуюць экскурсію, на якой пазнаёмішся з біяграфіямі мастакоў, гісторыяй іх сяброўства, даведаешся, у чым падабенства і індывідуальнасць іх работ, як з цягам часу мяняліся іх стылі. У экспазіцыю ўваходзяць 80 карцін, выкананых у тэхніцы «жыкле», якая дазваляе цалкам паўтарыць усе драбнюткія дэталі арыгінала твора.

 

 

Выстава «Мастацкаму – 85. Афішы і фатаграфіі»

Дзе: Нацыянальны мастацкі музей (Леніна, 20)
Калі: да 24 сакавіка 
Колькі: звычайны квіток – 14 BYN

Выстава прысвечана 85-годдзю галоўнага мастацкага музея Беларусі. На розных этапах сваёй гісторыі Мастацкі мог радаваць або расчароўваць сваімі экспазіцыямі, але пры гэтым быў і застаецца важным месцам для Менска і яго жыхароў. Прыходзь паглядзець, як музей мяняўся з 1939 па 2023 год: у выставу ўвайшлі 35 архіўных фатаграфій і 30 афіш гэтага перыяду.

 

 

«Залатыя мелодыі XX стагоддзя»

Дзе: Менскі планетарый (Фрунзэ, 2)
Калі: 13, 14 сакавіка
Колькі: 24 BYN

Планетарый працягвае арганізоўваць музычныя вечары ў рамках праекта «Музыка і зоркі». Гэтым разам салісты ансамбля «Класік-Авангард» выканаюць творы ХХ стагоддзя: «Oblivion» Астара Пьяццоллы, «Yesterday» Пола Макартні, «My way» Клода Франсуа і іншыя. Зала пад зорным купалам – выдатнае месца, каб аддацца ўспамінам або проста атрымаць асалоду ад упершыню пачутых мелодый. Квіткі прадаюцца анлайн і ў касе планетарыя.

 

 

Масленіца ў Азярцы

Дзе: Музей народнай архітэктуры і побыту (в. Азярцо, 14 км ад Менска)
Калі: 16 сакавіка 
Колькі: звычайны квіток – 22 BYN

Многія з нас любяць Масленіцу за магчымасць раз на год калектыўна аб'есціся блінамі. Але таксама Масленіца – архаічнае свята провадаў зімы, напоўненае рознымі абрадамі. Каб даведацца, як праводзілі зіму нашы продкі, прыязджай на масленічную праграму ў Музей народнай архітэктуры і побыту. Запланаваныя: масленічныя гульні, батлейка, рэканструкцыя абрадаў, майстар-класы, выступленні фальклорных груп і, вядома, спаленне пудзіла зімы. Калі ты яшчэ не бываў(-ла) у Азярцы, можна скарыстацца нагодай, каб заадно пабадзяцца па ўзгорках і даследаваць помнікі традыцыйнай драўлянай архітэктуры.

 

 

Раўбічы

 

Масленіца ў Раўбічах

Дзе: Музей беларускага народнага мастацтва (в. Аколіца, вул. Іванаўская, 17б)
Калі: 9 сакавіка 
Колькі: 75 BYN

Разам з праектам «Паход у народ» можна адсвяткаваць Масленіцу ў Музеі беларускага народнага мастацтва ў Раўбічах. У праграме – майстар-клас па стварэнні саламянага павука – абярэга на новы год, які ў нашых продкаў пачынаўся з прыходам вясны, экскурсія па музеі, масленічны стол з блінамі. 

Музей у Раўбічах знаходзіцца ў былым будынку касцёла і ўражвае сваёй калекцыяй народнай творчасці. На пастаяннай аснове там праходзяць майстар-класы па саломапляценні, ткацтве, традыцыйным бісерапляценні. За анонсамі сачы ў інстаграме музея. Тэлефануй напярэдадні візіту, каб замовіць экскурсію ці майстар-клас.

 

Выстава драўлянай скульптуры «Я беларус»

Дзе: Музей беларускага народнага мастацтва (в. Аколіца, вул. Іванаўская, 17б)
Калі: да 28 красавіка 
Колькі: уваход у музей – 6 BYN

Выстава народнага майстра Апалінарыя Фларыянавіча Пупко (1893–1984) – яшчэ адна нагода пабываць у раўбіцкім музеі. У сваіх працах аўтар звяртаецца да народнай і свецкай тэматык, міфалагічных, антычных сюжэтаў. Уся яго творчасць жывілася народным мастацтвам. На выставе прадстаўлены разьбяныя драўляныя скульптуры другой паловы ХХ стагоддзя.

 

 

Гомель

 

Лекцыя «Кола веснавых святаў»

Дзе: філіял Веткаўскага музея (плошча Леніна, 4)
Калі: 15 сакавіка
Колькі: бясплатна 

У філіяле Веткаўскага музея пройдзе лекцыя «Кола веснавых святаў», на якой ты зможаш даведацца, як нашы продкі праводзілі зіму, заклікалі і сустракалі вясну, якія абрады здзяйснялі, каб пераход зіма-лета дакладна адбыўся (бо чалавек традыцыі верыў, што прыродным сілам трэба дапамагчы вызваліцца ад холаду зімы і вярнуць жыццё ў кожную травінку). У філіяле музея штотыдзень праходзіць столькі мерапрыемстваў, што ўсё так адразу і не пералічыш: куратарскія лекцыі, майстар-класы, заняткі па развучванні беларускіх песень, святы, этнавечарынкі, экскурсіі. Філіял стаў месцам сустрэч і другім домам не толькі для гамельчукоў, але і для гасцей горада: сярод пастаянных наведвальнікаў музея – жыхары Менска, Берасця і іншых далёкіх ад Гомеля гарадоў.

 

 

Гуканне вясны

Дзе: філіял Веткаўскага музея (плошча Леніна, 4)
Калі: 23 сакавіка
Колькі: бясплатна 

Пасля лекцыі пра вясновыя святы ты дакладна захочаш паўдзельнічаць у адным з іх. Філіял Веткаўскага музея запрашае на рэканструкцыю абраду «Гуканне вясны». Поўная праграма будзе крыху пазней, але рытуалы заклікання і сустракання вясны, танцы і спевы ў парку там дакладна знойдзеш. Прыходзь гукаць вясну, калі ты жывеш у Гомелі, або заскоквай у машыну ці цягнік для падарожжа на поўдзень краіны праз вясновыя разлівы.

 

 

Ветка

 

Майстар-клас па ткацтве

Дзе: Веткаўскі музей (Красная плошча, 5)
Калі: 30 сакавіка 
Колькі: 7 BYN

Галоўны будынак Веткаўскага музея знаходзіцца ў райцэнтры Ветка (23 км ад Гомеля). Асноўныя даследчыя напрамкі – стараабрадніцтва і традыцыйная культура. Калекцыя музея пастаянна папаўняецца прадметамі, сабранымі ў экспедыцыях. Каманда музея рэгулярна распрацоўвае новыя экспазіцыі, арганізуе займальныя экскурсіі і лекцыі (дарэчы, у музея ёсць ютуб-канал, дзе ты знойдзеш запісы некаторых лекцый). Веткаўскі музей – па праве must visit Беларусі. Мы раім наведваць яго ў любы час, але ў канцы месяца паездку можна сумясціць з майстар-класам па ткацтве, на якім ты зможаш пазнаёміцца з ткацкім станком, рознымі тэхнікамі і гісторыяй беларускага ткацтва. А таксама ўбачыць музейную калекцыю тканых і вышытых ручнікоў, адзення, саматканых кілімкоў і посцілак.

 

 

 Тонеж 

 

«Чырачка»

Дзе: агр. Тонеж, Лельчыцкі раён, Гомельская вобласць
Калі: 17 сакавіка 
Колькі: удзел бясплатны, але захапі гасцінцаў на агульны стол

Штогод у апошні дзень Масленіцы ў палескім мястэчку Тонеж ладзіцца свята вясны «Чырачка».

Гэта не рэканструкцыя абраду, а жывая традыцыя: мясцовыя жыхары вераць, што абрад забяспечвае хуткі прыход вясны і багаты ўраджай. Галоўным атрыбутам свята з'яўляецца печыва ў форме птушкі-чырачкі – сімвала прыходу вясны. Каб пераход прайшоў паспяхова, трэба зрабіць рытуальныя дзеянні: спячы абрадавае печыва, спаліць пудзіла зімы, упрыгожыць елку (як сімвал вясновага абнаўлення), павадзіць карагоды вакол дуба (дрэва жыцця), правесці традыцыйныя гульні, праспяваць вясновыя заклікальныя песні.

Калі выберашся ў Тонеж, можна скласці цікавы маршрут па Палессі, дзе ё што паглядзець: знакамітыя тураўскія крыжы, «каменную дзяўчынку» ў вёсцы Данілевічы, вёску Пагост, дзе ў пачатку мая праводзяць абрад Юр'я, і многае іншае.

 

 

 Віцебск

 

Канцэрт Tochka K

Дзе: ROK’I PUB (Дзмітрава, 4)
Калі: 16 сакавіка 
Колькі: трэба ўдакладняць

Творчасць музыкі Tochka K – эксперыментальнае перапляценне музычнага і паэтычнага. Яго стыль – дзесьці паміж акустычным постгранджам, палявымі запісамі, элементамі этнашаманістыкі і андэграўнду. Усе песні прэзентаванага альбома «1ok» звязаныя ў адну гісторыю, сэнс якой раскрывае даведнік, які суправаджае альбом. Пачытай яго перад канцэртам або прыходзь заблукаць у гуках і словах.

 

 

Берасце

 

Спектакль «Новая зямля»

Дзе: Брэсцкі тэатр лялек (Леніна, 56)
Калі: 14 сакавіка 
Колькі: звычайны квіток – 13 BYN

Брэсцкі тэатр лялек ставіць спектакль паводле «Новай зямлі» Якуба Коласа, якая была створаная ў 1911–1923 гадах. Паэма – энцыклапедыя жыцця беларускага сялянства перыяду зямельных рэформаў з падрабязным апісаннем народнага побыту. Твор аўтабіяграфічны: асновай сюжэту і лёсаў герояў паслужыла гісторыя бацькоў Якуба Коласа. Калі ты раптам яшчэ не знаёмы(-а) з гэтым творам альбо, наадварот, можаш цытаваць фрагменты на памяць, варта прыйсці ў тэатр, каб пражыць гісторыю беларускай зямлі ў лялечным увасабленні.

 

Фота: Palasatka

|

Падзеі

Аўтар:   @verasy.u.lyasy

  4494

hand with heart

Отблагодарить 34travel

Если наши материалы пригодились тебе в пути, сказать спасибо редакции можно, купив нам чашку кофе через Ko-fi. Всего пара кликов, никаких регистраций, комиссий и подписок. Спасибо, что ты с нами.

ЗАКИНУТЬ МОНЕТКУ

Чытай таксама

Куды пайсці ў Менску ў лютым? Афіша івэнтаў

Насычаемся культурай.  

Як прайшоў Юраўскі карагод – унікальны абрад сустрэчы вясны

Паказваем, як абрад са спісу ЮНЕСКА выглядае сёння.

Афіша Беларусі: Куды пайсці ў траўні?

Архаічныя абрады, вечары з музыкай, выставы і барахолка.

Як прайшоў Багач – галоўнае восеньскае свята беларусаў?

Будзь багаты, як восень!

Цяпер на галоўнай

Менск

Лепшае, што ёсць у Менску, у новым гайдзе ад 34travel.

Як прайшоў Багач – галоўнае восеньскае свята беларусаў?

Будзь багаты, як восень!

Падкаст пра беларускую гастраномію: Экзотыка ў меню

Распавядаем пра моду на памаранчарні і нетыповыя прадукты ў Мінску 1920-х.

Падкаст пра беларускую гастраномію: Кава ці гарбата?

Гісторыя ўлюбёных напояў і традыцыйных дэсертаў.

9 мастацкіх музеяў і галерэй за межамі Менска

Пранізлівыя пейзажы, яскравыя маляванкі і нават манументальныя мазаікі.

Тут нават камяні жывыя. Этнограф – пра палескія традыцыі, якія захаваліся да нашых дзён

Міфалогія старажытнага беларуса, якую можна назіраць ужывую.

Забытая Беларусь: славутасці, якіх ужо няма

Спадчына, памяць пра якую застаецца толькі на малюнках.

Месца тыдня: Лынтупы

Касцёл, сядзіба і старыя могілкі.

Маршрут па беларускім Палессі: едзем у Пінск і ваколіцы

Унікальныя музеі народнай культуры, мясціны Напалеона Орды, загадкавыя пахавальні.

Паказаць больш Паказаць больш