Як прайшоў Юраўскі карагод – унікальны абрад сустрэчы вясны

|

Падзеі

|

Аўтар:   Спячая спадчына

|

  3886

Як прайшоў Юраўскі карагод – унікальны абрад сустрэчы вясны

Палескі рэгіён – гэта вельмі цікавая і культурна багатая частка Беларусі, і вёска Пагост у Жыткавіцкім раёне не выключэнне. Гэтая невялічкая вёска, у якой сёння пражывае ўсяго каля 100 чалавек, раз на год становіцца цэнтрам, куды з усёй краіны з’язджаюцца аматары даўніны, традыцый, гісторыі, а таксама журналісты і проста зацікаўленыя людзі. Усё гэта таму, што вёска захавала старажытны народны абрад «Юраўскі карагод» – адзін з трох унікальных беларускіх абрадаў, якія ўключылі ў спіс нематэрыяльнай спадчыны ЮНЕСКА. Аўтары праекта «Спячая спадчына» трапілі на свята – і цяпер распавядаюць пра імпрэзу і паказваюць цэлы альбом здымкаў.

 

З гісторыі

Юр’еў дзень, які святкуюць 6 траўня, абазначае сапраўдны надыход вясны. Святы Георгі, якога ў народзе называлі Юр’я, быў заступнікам хатніх жывёлаў і сельскай гаспадаркі. Па паданнях, ён меў ключы, якімі замыкаў зіму і адмыкаў вясну: выпускаў цяпло, расіцу і бласлаўляў усё вакол.

Святкуюць Юр’ю ў многіх вёсках Палесся, але ў кожным месцы абрад мае свае адметныя рысы. Разам з тым кажуць, што варыянт абраду з вёскі Пагост лічыцца найбольш поўным і дакладным. Мясцовыя жыхары ўвогуле шануюць старажытныя звычкі і намагаюцца падтрымліваць пераемнасць пакаленняў: вучаць моладзь песням і танцам, вышыўцы, мясцовай кулінарыі. 

Што датычыцца самой вёскі, то яна ўпершыню згадваецца ў летапісах у 1520 годзе, калі князь Канстанцін Астрожскі перадаў Пагост у валоданне Тураўскаму Свята-Успенскаму сабору.

 

 

Як усё адбываецца?

Свята Юр’я – гэта не толькі шэсце і карагод. Да абраду рыхтуюцца загадзя: з самага ранку ці напярэдадні ўвечары жанчыны вёскі збіраюцца разам і выпякаюць абрадавы хлеб, які называецца «карагод». Так, карагод – гэта не толькі дзеянне, але яшчэ і страва. Яго ўпрыгожваюць галінкамі дрэў, стужкамі і папяровымі кветкамі. Сёлета далучыцца да ўпрыгожвання карагода маглі ўсе ахвочыя, прыняўшы ўдзел у майстар-класе па вырабе папяровых кветак. 

 

 

Сябе ўдзельнікі карагода таксама ўпрыгожваюць у найлепшых традыцыях: можна пабачыць вялікую разнастайнасць нацыянальных строяў, а таксама спалучэнняў сучаснага адзення з нацыянальнымі элементамі. Незамужнія дзяўчаты рабілі вянкі з барвінку і насілі іх. Раней у нашых продкаў на святах так было прынята абазначаць, што дзяўчына вольная і шукае пару.

 

 

Потым пачыналася шэсце, якое мела сваю іерархію. Спачатку ішлі дзве дзяўчыны, якія неслі над галовамі ручнік, робячы «вароты». За імі ішоў мужчына з іконай Божай Маці, хлопец з абрадавай зоркай, хлопец з граблямі, на якія прышпілены зялёны фартух, і мужчына, які нёс хлеб-карагод. Усе гэтыя элементы, акрамя ручніка, абавязкова павінны несці мужчыны.

 

 

Пасля асноўных дзеячаў вялікім натоўпам ішлі ўсе астатнія. Накіроўвалася гэтая працэсія на поле, дзе і адбываўся сам карагод. Каб зайсці на поле, кожны павінен быў прайсці праз вароты з ручніка, і гэтак жа сама трэба было сысці з поля.

 

 

Карагод вадзілі толькі жанчыны, а ў сярэдзіне стаялі мужчыны, трымаючы галоўныя абрадавыя элементы: ікону, граблі з фартухом, зорку і хлеб. Падчас карагода фартух на граблях змяняюць з зялёнага на чырвоны і закопваюць у зямлю кавалачак чорнага хлеба з просьбай да святога Юр’і даць добры ўраджай.

 

 

Пасля шэсце сыходзіць тым жа шляхам, але спыняючыся каля хат мясцовых жыхароў. Там яны карагодзяць і спяваюць песні з пажаданнямі дабрабыту гаспадарам, за што атрымліваюць у падзяку пачастункі. Гістарычна склалася, што на Юр’ю аддзякуюць яйкамі і хлебам ці печывам.

 

 

У гэты дзень гулянні ў Пагосце працягваюцца да самага вечара, а ў канцы свята ўсім удзельнікам па кавалачку раздаюць той самы хлеб-карагод.

 

 

Каму дзякаваць за захаванне традыцыі

Сённяшні выгляд Юраўскага карагода адрозніваецца ад таго, што было раней, бо вёска старэе і жыхароў становіцца менш. У сувязі з гэтым у 2019 годзе абрад быў занесены ў спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА, якая патрабуе тэрміновай аховы.

Раней абрад праводзілі дзяўчаты, зараз жа традыцыю захоўваюць удзельніцы народнага фальклорна-этнаграфічнага калектыву «Міжрэчча», у асноўным сталыя жанчыны. Менавіта яго заснавальніца і былая кіраўніца Кацярына Панчэня 40 гадоў таму адрадзіла абрад сваіх продкаў, у якім у дзяцінстве прымала ўдзел. Цяпер калектыў працягвае працу сваёй заснавальніцы. 

Нашыя продкі змаглі захаваць свята Юр’я ў складаныя савецкія часы, нават калі такая дзейнасць забаранялася, а ўдзельнікі пераследаваліся. Прыклад вёскі Пагост мусіць стаць нагодай пацікавіцца традыцыямі сваёй малой Радзімы, бо пакуль мы шануем нашую спадчыну, мы маем будучыню. 

 

Фота: Ганна Найдзёнава

|

Падзеі

Аўтар:   Спячая спадчына

  3886

hand with heart

Отблагодарить 34travel

Если наши материалы пригодились тебе в пути, сказать спасибо редакции можно, купив нам чашку кофе через Ko-fi. Всего пара кликов, никаких регистраций, комиссий и подписок. Спасибо, что ты с нами.

ЗАКИНУТЬ МОНЕТКУ

Чытай таксама

Афіша Беларусі: на якія івэнты варта патрапіць у сакавіку?

Агу, вясна, агу, красна!

Афіша Беларусі: Куды пайсці ў траўні?

Архаічныя абрады, вечары з музыкай, выставы і барахолка.

Як прайшоў Багач – галоўнае восеньскае свята беларусаў?

Будзь багаты, як восень!

Куды пайсці ў Менску ў лютым? Афіша івэнтаў

Насычаемся культурай.  

Цяпер на галоўнай

Менск

Лепшае, што ёсць у Менску, у новым гайдзе ад 34travel.

Як прайшоў Багач – галоўнае восеньскае свята беларусаў?

Будзь багаты, як восень!

Падкаст пра беларускую гастраномію: Экзотыка ў меню

Распавядаем пра моду на памаранчарні і нетыповыя прадукты ў Мінску 1920-х.

Падкаст пра беларускую гастраномію: Кава ці гарбата?

Гісторыя ўлюбёных напояў і традыцыйных дэсертаў.

9 мастацкіх музеяў і галерэй за межамі Менска

Пранізлівыя пейзажы, яскравыя маляванкі і нават манументальныя мазаікі.

Тут нават камяні жывыя. Этнограф – пра палескія традыцыі, якія захаваліся да нашых дзён

Міфалогія старажытнага беларуса, якую можна назіраць ужывую.

Забытая Беларусь: славутасці, якіх ужо няма

Спадчына, памяць пра якую застаецца толькі на малюнках.

Месца тыдня: Лынтупы

Касцёл, сядзіба і старыя могілкі.

Маршрут па беларускім Палессі: едзем у Пінск і ваколіцы

Унікальныя музеі народнай культуры, мясціны Напалеона Орды, загадкавыя пахавальні.

Паказаць больш Паказаць больш