Чаму варта наведаць Веткаўскі музей?

|

Культурная праграма

|

Аўтар:   Таня Каймович

|

  4503

Чаму варта наведаць Веткаўскі музей?

Адзін з самых цікавых музеяў Беларусі знаходзіцца ў невялікім райцэнтры Гомельскай вобласці – Ветцы. Музей прысвечаны стараабрадніцтву, а таксама аўтэнтычнай культуры беларускага Пасожжа-Падняпроўя. Калі ты да гэтага часу не даехаў(-ла) да Веткі, вось табе нагода.

 

 

Гісторыя

Музей у Ветцы вырас з энтузіязму аднаго чалавека – мясцовага жыхара Фёдара Шклярава. Выхадзец з роду стараабрадцаў, мастак-самавук, ён пачаў збіраць мясцовыя артэфакты і да 1970-х займеў вялікую калекцыю. У ёй было ўсё: ад каменных сякер і старадаўніх прадметаў побыту да абразоў і рукапісных кніг. Ахвочых зірнуць на калекцыю з кожным годам дадавалася, і рашэннем раённых уладаў на яе аснове быў створаны Веткаўскі музей народнай творчасці. Першая экспазіцыя адкрылася ў 1987 годзе ў адрэстаўраваным гістарычным будынку – доме купца Грошыкава. Фёдар Шкляраў стаў першым дырэктарам, пазней музей назвалі яго імем.

Веткаўскі музей – адзіны ў Беларусі, які займаецца стараабрадніцкай культурай. Другі ключавы напрамак – беларуская традыцыйная культура. Зараз у музеі захоўваецца каля 15 тысяч прадметаў. Калекцыя складаецца галоўным чынам з іканапісу, старадрукаваных і рукапісных кніг, традыцыйнага ткацтва і вышыўкі, прадметаў побыту.

Пры музеі працуюць рэстаўрацыйная майстэрня, цэнтр захавання і адраджэння народных рамёстваў.

 

 

 

Экспедыцыі

Супрацоўнікі Веткаўскага музея рэгулярна ладзяць навуковыя экспедыцыі. Па сутнасці, гэта адзіны раённы музей, які ўдзельнічае ў такіх даследаваннях. Спецыялісты ездзяць у асноўным па Гомельскай вобласці, бываюць на Магілёўшчыне і Віцебшчыне, раней наведвалі Браншчыну і Чарнігаўшчыну: як кажуць даследчыкі, культура не дзеліцца па сельсаветах.

Падчас экспедыцый вывучаюцца і стараабрадніцтва, і традыцыйная беларуская культура. Навукоўцы прывозяць з паездак не толькі матэрыяльныя прадметы, але і народныя паданні, абрады. Летась жыхарка вёскі Бабічы Чачэрскага раёна распавяла мясцовую легенду пра магілы волатаў. Гэта гістарычныя курганы, якія ў народнай свядомасці ператварыліся ў пахаванні казачных волатаў. Пачуць сёння старажытны міф у натуральным асяроддзі – вялікая рэдкасць і поспех для даследчыка.

Яшчэ адной істотнай знаходкай стаў абрад «Свяча» – скарб беларускай культуры, які зараз праходзіць працэдуру прызнання аб'ектам Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА.

 

 

Іконы

У музеі захоўваюцца 972 іконы. З іх каля 200 – народныя беларускія абразы, астатнія – стараабрадніцкія. Пасля царкоўнага расколу ў Маскоўскім царстве ў сярэдзіне XVII стагоддзя стараабрадцы, якіх пачалі пераследаваць, знайшлі прыстанак на прыгранічных беларускіх землях і заснавалі горад і слабоды каля яго. Да сярэдзіны XVIII стагоддзя Ветка была найбуйнейшым цэнтрам стараабрадніцтва.

Унікальнасць стараабрадніцкіх абразоў – у старажытнарускай іканапіснай традыцыі, якая ўзыходзіць да візантыйскай культуры. Іканапіс не быў спрошчаны, як гэта адбылося ў праваслаўнай традыцыі пасля расколу. Стараабрадніцкія іконы – гэта мастацкія творы з высокай дэталізацыяй, складанымі кампазіцыямі і насычаным каларытам. На веткаўскую ікону моцна паўплывала культура барока: пышная, дынамічная, мудрагелістая. Адсюль выпісанасць дэталяў, яркія колеры, багата дэкараваныя вобразы.

У Веткаўскім музеі ёсць дзівосная гісторыя пра знойдзеныя на сенавале ў 1989 годзе кавалкі меднага акладу. Яго адрэстаўравалі і ўключылі ў экспазіцыю, а праз 30 гадоў выпадкова знайшлі ў калекцыянера абраз, пад які быў зроблены той аклад. Цяпер у філіяле музея у Гомелі выстаўлена ўз'яднаная кампазіцыя «Мікіта-воін».

 

 

Народнае ткацтва

​​Большую частку калекцыі традыцыйнага беларускага ткацтва складаюць ручнікі. Ёсць таксама асобныя прадметы адзення і цэлыя строі, характэрныя для гэтай мясцовасці. Музей вывучае тэрыторыі, аб'яднаныя тэрмінам Пасожжа-Падняпроўе: гэта ўсходняя Беларусь, куды ўваходзяць часткі Гомельскай і Магілёўскай абласцей, а таксама памежныя з Гомельскай часткі Чарнігаўскай і Бранскай абласцей.

Калекцыю ткацтва, як і іншыя, пачаў збіраць заснавальнік музея Фёдар Шкляраў. З прыходам іншых супрацоўнікаў гэты кірунак узмацніўся і стаў не менш значным, чым стараабрадніцтва. Амаль з кожнай экспедыцыі навукоўцы прывозяць тканыя і вышытыя ручнікі, адзенне, саматканыя кілімкі, посцілкі. Каштоўная знаходка – амаль поўны камплект Буда-Кашалёўскага строю – мае незвычайную і вясёлую гісторыю .

 

 

Падзеі

Экспазіцыя Веткаўскага музея пастаянная, але супрацоўнікі рэкамендуюць вяртацца, нават калі ты яе ўжо бачыў(-ла). Абноўленая вітрына, іншы экскурсавод з новымі фактамі – музей кожны раз адкрываецца па-рознаму. У канцы 2023 года запрацавала яшчэ адна зала, дзе прадстаўлены беларускі народны іканапіс.

Акрамя асноўнай экспазіцыі, у музеі ёсць мерапрыемствы для наведвальнікаў: напрыклад, майстар-класы па ткацтве і пляценні гарлячкі – неглюбскага традыцыйнага ўпрыгожання.

У філіяле Веткаўскага музея ў Гомелі (Сайт / Google Maps – площадь Ленина, 4) экспазіцыі абнаўляюцца. Там кожны тыдзень праходзяць цікавыя падзеі: заняткі па развучванні беларускіх песень, рэканструкцыі народных абрадаў, куратарскія лекцыі

 


Як дабрацца?

Музей знаходзіцца ў цэнтры горада Ветка па адрасе Красная плошча, 5 (Google Maps / 52.558131, 31.171878). Працуе кожны дзень з 9:00 да 18:00 (увайсці можна да 17:30). Стандартны квіток абыдзецца ў 6 BYN, для пенсіянераў – 5 BYN, студэнтам – 4 BYN, а школьнікам – 3 BYN. Групавыя экскурсіі праводзяць толькі па запісе – больш інфармацыі на сайце або ў інстаграме музея

Грамадскім транспартам да Веткі прасцей за ўсё дабрацца з Гомеля: расклад аўтобусаў знойдзеш тут, ехаць каля 50 хвілін.

Калі вырушыш у Ветку, можаш наведаць яшчэ і шляхецкую сядзібу ў мястэчку Хальч непадалёк.

 

 

Фота: palasatka

hand with heart

Отблагодарить 34travel

Если наши материалы пригодились тебе в пути, сказать спасибо редакции можно, купив нам чашку кофе через Ko-fi. Всего пара кликов, никаких регистраций, комиссий и подписок. Спасибо, что ты с нами.

ЗАКИНУТЬ МОНЕТКУ

Чытай таксама

Месца тыдня: музей Напалеона Орды ў Варацэвічах

Едзем на радзіму легендарнага мастака.

Чаму варта наведаць музей маляванкі?

Дзіўныя гісторыі, якія стаяць за ўнікальнай калекцыяй.

6 цікавых беларускіх музеяў, якія варта наведаць

Унікальныя старадаўнія артэфакты і традыцыйная культура.

Цяпер на галоўнай

Менск

Лепшае, што ёсць у Менску, у новым гайдзе ад 34travel.

Як прайшоў Багач – галоўнае восеньскае свята беларусаў?

Будзь багаты, як восень!

Падкаст пра беларускую гастраномію: Экзотыка ў меню

Распавядаем пра моду на памаранчарні і нетыповыя прадукты ў Мінску 1920-х.

Падкаст пра беларускую гастраномію: Кава ці гарбата?

Гісторыя ўлюбёных напояў і традыцыйных дэсертаў.

9 мастацкіх музеяў і галерэй за межамі Менска

Пранізлівыя пейзажы, яскравыя маляванкі і нават манументальныя мазаікі.

Тут нават камяні жывыя. Этнограф – пра палескія традыцыі, якія захаваліся да нашых дзён

Міфалогія старажытнага беларуса, якую можна назіраць ужывую.

Забытая Беларусь: славутасці, якіх ужо няма

Спадчына, памяць пра якую застаецца толькі на малюнках.

Месца тыдня: Лынтупы

Касцёл, сядзіба і старыя могілкі.

Маршрут па беларускім Палессі: едзем у Пінск і ваколіцы

Унікальныя музеі народнай культуры, мясціны Напалеона Орды, загадкавыя пахавальні.

Паказаць больш Паказаць больш