Месца тыдня: Траецкі касцёл у вёсцы Беніца

|

Месца тыдня

|

Аўтар:   34travel

|

  4041

Месца тыдня: Траецкі касцёл у вёсцы Беніца

Працягваем даследаваць схаваныя каштоўнасці Беларусі. Гэтым разам адпраўляемся ў вёску Беніца Маладзечанскага раёна, над якой узвышаецца закінуты і таямнічы касцёл пачатку XVIII стагоддзя. Хто і навошта пабудаваў храм, якія цяжкасці перажыў будынак за 300 гадоў сваёй гісторыі і на што паглядзець цяпер – вось табе чарговая ідэя для культурнай праграмы выхаднога дня.

 

З гісторыі


Беніца ўпершыню згадваецца ў гістарычных дакументах у XV стагоддзі. Праўда, тады гэта была не ціхая вёсачка, а сапраўднае княжацкае гняздо, якое належала ў розныя гады Астравухам, Валовічам і Коцелам. Менавіта пры Коцелах вёска ўвайшла ў перыяд свайго найвышэйшага росквіту – тут знаходзіўся маёнтак, галерэя, бібліятэка, парк і іншыя атрыбуты шыкоўнага жыцця.

У самым пачатку XVIII стагоддзя ў вёсцы з'явіўся вялікі касцёл. З яго будаўніцтвам звязваюць адну легенду: у 1701 годзе Міхал Коцел (уладальнік гэтых зямель і віцебскі камендант) выязджаў з сям'ёй на павозцы з Беніцы ў Ашмяны. І калі ў калысцы знаходзілася адна толькі маленькая дачка Коцелаў, коні рэзка рванулі наперад і панеслі за сабой фурманку. Дзяўчынка магла загінуць, і ўсё, што паспеў зрабіць Міхал Коцел – зваліцца на калені ў малітве да Божай Маці. Паводле легенды, коні тут жа спыніліся, і дзяўчынку ўдалося выратаваць. Міхал Коцел пакляўся, што пабудуе на гэтым месцы храм, і клятву стрымаў – ужо ў 1704 годзе ў Беніцы вырас касцёл ў стылі позняга барока. Верыць гісторыі ці не – справа другарадная. Галоўнае, што ў вёсцы па гэты дзень можна ўбачыць велічны (хай і закінуты) Траецкі касцёл.

 

 

Пасля будаўніцтва касцёл перадалі бернардынцам, а побач пабудавалі кляштар. Беніца стала галоўнай рэзідэнцыяй Коцелаў, таму тут быў ўзведзены палац з паркам, сажалкамі і каналамі – як і належыць шляхетнаму роду. Дарэчы, падчас вайны 1812 года ў гэтым палацы спыняўся Напалеон. Ды і наогул, шляхетны дом часта наведвалі ўсякія зоркі тых часоў: Станіслаў Манюшка, Напалеон Орда, Уладзіслаў Сыракомля і іншыя.

 

«Беніца стала галоўнай рэзідэнцыяй Коцелаў, таму тут быў ўзведзены палац з паркам, сажалкамі і каналамі»

 

Далейшая гісторыя Беніцы была неспакойнай і нават трагічнай: пасля другога падзелу Рэчы Паспалітай у 1793 годзе вёска стала часткай Расійскай імперыі. А ў 1918 годзе, па ўмовах Брэсцкага міру, увайшла ў склад Германскай імперыі. З 1919 года тэрыторыя, на якой знаходзіцца вёска, апынялася то ў польскіх уладаннях, то ў літоўскіх. З 1922 па 1939 год Беніца прабыла ў складзе Польшчы, а затым увайшла ў БССР.

Што адбылося пасля гэтага ўсяго з архітэктурнай і гістарычнай спадчынай мястэчка? Увогуле, нічога добрага. Касцёл савецкая ўлада, само сабой, закрыла, а сямейны склеп мясцовай шляхты разрабавалі. А ў 1987 годзе канчаткова быў знішчаны палац Коцелаў. 

Сучасная Беніца – маленькая ціхая вёсачка, дзе аб былым размаху нагадвае толькі пустуючы касцёл, які прывідна ўзвышаецца над нізкімі хаткамі мясцовых жыхароў.

 

 

Што паглядзець цяпер?

 

Касцёл Святой Троіцы

Галоўная славутасць Беніцы – Траецкі касцёл. Ужо больш за 70 гадоў ён зачынены, і набажэнствы тут не праходзяць, але руінамі будынак назваць нельга – касцёл выглядае так, быццам вернікі пакінулі яго зусім нядаўна. І трэба толькі падфарбаваць фасад і выселіць птушак – як будынак зажыве сваім звыклым жыццём. Але наўрад ці гэта здарыцца ў бліжэйшы час – кажуць, усё насельніцтва Беніцы праваслаўнае і не мае патрэбы ў дзеючым касцёле.

Ад кляштара бернардзінцаў тут не засталося нічога – яго закрылі расейскія ўлады пасля падаўлення паўстання 1830-1831 гадоў. Дарэчы, у 1854 годзе Траецкі касцёл перадалі праваслаўным і ператварылі яго ў царкву. Каталікам яго вярнулі толькі ў 1919 годзе, але, як мы ўжо высветлілі, ненадоўга. На ўваходзе ў храм знаходзяцца руіны брамы XVIII стагоддзя. 

 

«Сёння касцёл у Беніцы выглядае велічна і загадкава, але ў той жа час – абсалютна ўпісваецца ў штодзённае жыццё»

 

Сёння касцёл у Беніцы выглядае велічна і загадкава, але ў той жа час – абсалютна ўпісваецца ў штодзённае жыццё. У агародах насупраць, не больш, чым у 30 метрах ад старадаўняга будынка, займаюцца сваімі справамі жыхары вёскі, а каля сцен храма важна шпацыруюць мясцовыя качкі і каты.

 

 

Пакроўская царква

Яшчэ адзін будынак, які губляецца па маштабах і размаху на фоне Траецкага касцёла, але таксама мае гістарычную каштоўнасць – праваслаўная Пакроўская царква. Яна была збудаваная ў 1886 годзе з каменя і выглядае даволі нетыпова для праваслаўнага храма канца XIX стагоддзя. Знаходзіцца царква насупраць касцёла – усё ў крокавай даступнасці.

 

 

 

Як дабрацца?


Калі падарожнічаеш на аўто, вырушай ў Маладзечна. Адтуль па трасе Р106 – да вёскі Лебедзева. Ну а далей прасёлкавымі дарогамі паволі прыбудзеш у Беніцу – тут навігатар і паказальнікі табе ў дапамогу. Ад Маладзечна да Беніцы – прыкладна 20 км. Агульная адлегласць ад Менска да Беніцы – каля 96 км.

 


Фота: palasatka 

|

Месца тыдня

Аўтар:   34travel

  4041

hand with heart

Отблагодарить 34travel

Если наши материалы пригодились тебе в пути, сказать спасибо редакции можно, купив нам чашку кофе через Ko-fi. Всего пара кликов, никаких регистраций, комиссий и подписок. Спасибо, что ты с нами.

ЗАКИНУТЬ МОНЕТКУ

Чытай таксама

Касарычы: як уладкаваная вёска, якая мае будучыню

Як ажывіць вёску ў «мядзведжым куце».

Месца тыдня: сядзіба Умястоўскіх у Жамыслаўлі

Таямнічы палац, раскошны парк і нават уласная «Венецыя».

Месца тыдня: музей Напалеона Орды ў Варацэвічах

Едзем на радзіму легендарнага мастака.

Месца тыдня: «музей пад адкрытым небам» Гальшаны

Мясціны, набрынялыя гісторыяй.

Месца тыдня: спадчына Радзівілаў у Паланечцы

Гуляем па закінутым палацы Радзівілаў, любуемся драўляным касцёлам і шукаем руіны старажытнага вадзянога млына.

Месца тыдня: Лынтупы

Касцёл, сядзіба і старыя могілкі.

Цяпер на галоўнай

Менск

Лепшае, што ёсць у Менску, у новым гайдзе ад 34travel.

Як прайшоў Багач – галоўнае восеньскае свята беларусаў?

Будзь багаты, як восень!

Падкаст пра беларускую гастраномію: Экзотыка ў меню

Распавядаем пра моду на памаранчарні і нетыповыя прадукты ў Мінску 1920-х.

Падкаст пра беларускую гастраномію: Кава ці гарбата?

Гісторыя ўлюбёных напояў і традыцыйных дэсертаў.

9 мастацкіх музеяў і галерэй за межамі Менска

Пранізлівыя пейзажы, яскравыя маляванкі і нават манументальныя мазаікі.

Тут нават камяні жывыя. Этнограф – пра палескія традыцыі, якія захаваліся да нашых дзён

Міфалогія старажытнага беларуса, якую можна назіраць ужывую.

Забытая Беларусь: славутасці, якіх ужо няма

Спадчына, памяць пра якую застаецца толькі на малюнках.

Месца тыдня: Лынтупы

Касцёл, сядзіба і старыя могілкі.

Маршрут па беларускім Палессі: едзем у Пінск і ваколіцы

Унікальныя музеі народнай культуры, мясціны Напалеона Орды, загадкавыя пахавальні.

Паказаць больш Паказаць больш