Месца тыдня: музей Напалеона Орды ў Варацэвічах

|

Месца тыдня

|

Аўтар:   Юлия Миронова

|

  6146

Месца тыдня: музей Напалеона Орды ў Варацэвічах

Сёння апавядаем пра класнае месца, што прытаілася на балоцістых абшарах Палесся. Гэта вёска Варацэвічы, дзе ашчадна захлўваюць спадчыну Напалеона Орды – мастака, кампазітара, літаратара і ўвогуле надта таленавітага чалавека. Мы з'ездзілі на радзіму знакамітага суайчынніка і расказваем, чаму там абавязкова варта пабываць усім, хто любіць даследаваць родныя мясціны.

 

З гісторыі

Варацэвічы месцяцца на самым поўдні Беларусі, прыкладна за 60 км ад Пінска. Вядома, што яшчэ з ХVІІ стагоддзя мястэчка належала старажытнаму шляхецкаму роду Ордаў. Цікавы факт: сваімі каранямі радавое дрэва Ордаў цягнецца ажно да Чынгізхана.

Менавіта тут, пад Варацэвічамі, ва ўрочышчы Красны Двор, у 1807 годзе ў сям'і маршалка шляхты Міхала Орды і Юзафіны з Бутрымовічаў нарадзіўся Напалеон Орда – мастак, кампазітар і літаратар. Кажуць, у той час было модна называць хлопчыкаў Напалеонамі – у гонар папулярнага сярод патрыётаў Рэчы Паспалітай французскага імператара.

Напалеон Орда скончыў Свіслацкую гімназію, а затым выправіўся вучыцца ў Віленскі ўніверсітэт. Скончыць навучальную ўстанову, што праўда, не патрапіў: Орду адлічылі за ўдзел у таемным патрыятычным студэнцкім таварыстве «Заране», а потым арыштавалі і больш за год пратрымалі ў турме. Антыімперскі настрой Напалеона гэтым здушыць не ўдалося – пазней ён актыўна ўдзельнічаў у паўстанні 1830–1831 гадоў, пасля паразы якога Орду прысудзілі высылку ў Сібір. Давялося пад прыдуманым імем уцякаць у Цэнтральную Еўропу.

Першае прызнанне да Напалеона Орды прыйшло ў эміграцыі ў Парыжы. Паланэзы кампазітара гучалі з галоўных еўрапейскіх сцэн, а сярод сяброў Орды былі Міцкевіч, Шапэн, Ліст, Стэндаль ды іншыя прадстаўнікі творчай інтэлігенцыі. Але над усім астатнім мастацтвам Напалеон Орда аддаваў перавагу жывапісу, а дакладней – архітэктурнаму пейзажу. Орда шмат вандраваў і паўсюль рабіў замалёўкі ваколіц фатаграфічнае дакладнасці.

Вярнуцца на радзіму ў Варацэвічы Напалеон Орда змог ажно праз 25 гадоў эміграцыі, калі была абвешчаная амністыя для ўдзельнікаў паўстання. Па смерці Юзафіны Орды, маці Напалеона, радавое гняздо Ордаў было канфіскаванае, але мастаку дазволілі арандаваць свой жа ўласны дом. Далей быў яшчэ адзін арышт па падазрэнні ў паўстанні 1862–1864 гадоў, але намаганнямі амбасадара Францыі і жонкі Орды, якая засталася ў Парыжы, Напалеону выбілі свабоду. Ты не менш у Варацэвічах жыць яму забаранілі, таму мастак пасяліўся ў Моладаве ў сваякоў. Памёр Напалеон Орда ў Варшаве, а пахаваны ў Іванаве (Янаве) – мястэчку ў Берасцейскай вобласці.

Спадчына Напалеона Орды велізарная і вельмі каштоўная: апроч музычных твораў і кніг, якія ён напісаў, дзеяч пакінуў па сабе больш за 1000 малюнкаў з вандровак. Каля 200 з іх – замалёўкі беларускіх мясцін, зробленыя па вяртанні мастака на радзіму: Камянецкая вежа, Нясвіжскі палац, Мірскі замак, Наваградак, Горадня, мноства сядзіб, храмаў і кляштараў. Менавіта дзякуючы работам Напалеона Орды мы цяпер можам даведацца, як выглядалі беларускія землі раней. А архітэктары, рэстаўруючы ды ўзнаўляючы старажытныя помнікі і будынкі, арыентуюцца перадусім на малюнкі Напалеона Орды.

 

 

Што паглядзець цяпер?


У Варацэвічах, на радзіме мастака, сёння робяць усё магчымае, каб спадчына Орды не была страчаная. У невялікім мястэчку размясціўся музейны комплекс Напалеона Орды. Ён складаецца з карціннай галерэі і, уласна, музея. Гэта два сімпатычныя будынкі, што месцяцца на вельмі дагледжанай тэрыторыі, дзе прыемна шпацыраваць.

Спачатку ў Варацэвічах з'явілася карцінная галерэя ў будынку былой школы. Галерэя працуе тут з 2007 года. Унутры можна ўбачыць карціны мясцовых мастакоў з навакольнымі славутасцямі – ты дакладна пазнаеш многія з іх, калі любіш вандроўкі па Палессі. Ёсць там і цікавыя артэфакты з музейнай калекцыі Іванаўскага раёна. Яшчэ адна зала аддадзеная сучасным выставам. 

 

 

 

Другая пабудова на тэрыторыі комплексу – музей. У музеі пяць залаў, кожная з якіх расказвае пра жыццё Напалеона Орды: тут і пра дзяцінства, і пра перыяд эміграцыі. Арыгіналаў работ мастака тут няма – усе яны захоўваюцца ў Варшаве. Але ёсць вельмі каштоўныя копіі, зробленыя польскімі рэстаўратарамі на арыгінальнай паперы ХІХ стагоддзя. Раім узяць экскурсію – супрацоўнікі музея з заміраннем сэрца ставяцца да спадчыны Орды і з вялікім задавальненнем апавядуць табе ўсе гісторыі, звязаныя са знакамітым родам і гэтымі мясцінамі.

 

 

Пасля таго як насалодзішся музейнымі заламі, кіруйся ва ўрочышча Красны Двор – там месціцца нядаўна адрэстаўраваны сядзібны дом Ордаў, дзе нарадзіўся і жыў Напалеон. Гэта крыху менш за 2 км ад музея: праязджаеш вёску навылёт і паварочваеш па ўказальніку.

Будынак сядзібы ўзноўлены з малюнка Напалеона Орды, але стаіць на арыгінальным падмурку – толькі ён змог перажыць усе катаклізмы ХХ стагоддзя. Навукоўцы змаглі адкапаць старажытны фундамент і сутарэнні, што дало магчымасць узвесці сцены па праекце, максімальна набліжаным да арыгіналу. Тут ты зможаш пабываць у майстэрні Напалеона Орды – і іншых памяшканнях.

 

 

На жаль, вялізны парк, фруктовы сад і вялікая колькасць гаспадарчых прыбудоў не захаваліся да нашых дзён. На колішнюю прыгажосць гэтага сядзібна-паркавага комплексу нам застаецца адно любавацца на малюнку Напалеона Орды.

 


  Яшчэ болей работ Орды з вандровак па Беларусі ўбачыш у гэтым матэрыяле.

 

Тэкст: Юлія Міронава. Фота: palasatka, Юлія Міронава. Пераклад на беларускую: Ліда Наліўка.

|

Месца тыдня

Аўтар:   Юлия Миронова

  6146

hand with heart

Отблагодарить 34travel

Если наши материалы пригодились тебе в пути, сказать спасибо редакции можно, купив нам чашку кофе через Ko-fi. Всего пара кликов, никаких регистраций, комиссий и подписок. Спасибо, что ты с нами.

ЗАКИНУТЬ МОНЕТКУ

Чытай таксама

Месца тыдня: Сядзіба Путкамераў у Больценіках

Мясціны Міцкевіча.

Месца тыдня: сядзіба Умястоўскіх у Жамыслаўлі

Таямнічы палац, раскошны парк і нават уласная «Венецыя».

Месца тыдня: сядзіба Булгакаў у Жылічах

Убачыць палац у Жылічах – і ачмурэць ад размаху.

Месца тыдня: Лынтупы

Касцёл, сядзіба і старыя могілкі.

Месца тыдня: Траецкі касцёл у вёсцы Беніца

Велічная заброшка, ад якой мароз па скуры.

Месца тыдня: Сядзіба Рэйтанаў у Грушаўцы

Як сядзіба беларускага Дон Кіхота выглядае пасля рэстаўрацыі?

Цяпер на галоўнай

Менск

Лепшае, што ёсць у Менску, у новым гайдзе ад 34travel.

Як прайшоў Багач – галоўнае восеньскае свята беларусаў?

Будзь багаты, як восень!

Падкаст пра беларускую гастраномію: Экзотыка ў меню

Распавядаем пра моду на памаранчарні і нетыповыя прадукты ў Мінску 1920-х.

Падкаст пра беларускую гастраномію: Кава ці гарбата?

Гісторыя ўлюбёных напояў і традыцыйных дэсертаў.

9 мастацкіх музеяў і галерэй за межамі Менска

Пранізлівыя пейзажы, яскравыя маляванкі і нават манументальныя мазаікі.

Тут нават камяні жывыя. Этнограф – пра палескія традыцыі, якія захаваліся да нашых дзён

Міфалогія старажытнага беларуса, якую можна назіраць ужывую.

Забытая Беларусь: славутасці, якіх ужо няма

Спадчына, памяць пра якую застаецца толькі на малюнках.

Месца тыдня: Лынтупы

Касцёл, сядзіба і старыя могілкі.

Маршрут па беларускім Палессі: едзем у Пінск і ваколіцы

Унікальныя музеі народнай культуры, мясціны Напалеона Орды, загадкавыя пахавальні.

Паказаць больш Паказаць больш