Чаму варта наведаць музей маляванкі?

|

Культурная праграма

|

Аўтар:   Евгения Борисевич

|

  4772

Чаму варта наведаць музей маляванкі?

У траўні ў Заслаўлі адкрыўся Музей беларускай маляванкі. Цяпер самая вялікая калекцыя маляваных дываноў у Беларусі, якую па макулінках збіралі з канца 1980-х, захоўваецца не ў запасніках, а ў музеі – куды амаль штодня могуць зайсці ўсе. У гэтым артыкуле апавядаем, як фармавалася калекцыя і чаму музей абавязкова варта ўключыць у маршрут па Беларусі.

 

Пра тое, як усё пачыналася

Супрацоўнікі Заслаўскага музея пачалі збіраць экспанаты ў канцы 80-х гадоў мінулага стагоддзя. Тое, што першымі паступленнямі ў музей сталі маляванкі, трапілася выпадкова, але менавіта гэта дало тэндэнцыю галоўнай калекцыі. Дываны прывозілі ў дар, іх знаходзілі ў экспедыцыях – і так паступова за 12 км ад Менска сабралася самая вялікая калекцыя маляваных дываноў у краіне. Цяпер у музеі – вырабы больш чым 180 народных мастакоў, якія малявалі дываны інсітна (як самавукі).

Актыўней за ўсё музейныя экспедыцыі ладзіліся з пачатку 90-х па сярэдзіну нулявых. Самыя папулярныя кірункі – Глыбоцкі, Шаркаўшчынскі, Пастаўскі і Мёрскі раёны: у 1930—1950-я маляванкі былі найбольш распаўсюджаныя менавіта там.

 

 

Шукалі Алену Кіш, а знайшлі Ядвігу Вайцешык

Аляксандр Рак, захавальнік фондаў у музеі:

– У чэрвені 1999 года мы выправіліся ў экспедыцыю па Слуцкім раёне – на радзіму Алены Кіш. Хадзілі ад вёскі да вёскі і распытвалі пра яе. Ніхто пра яе нічога не чуў, мы ехалі ў наступную вёску – і так калясілі па Случчыне.

У адной з вёсак нам сказалі, што непадалёк, у Цясове, жыве яе сын. Мы ведалі, што ў Алены Кіш не было дзяцей, але ўсё ж паехалі. Там мы пазнаёміліся з Вікенціем Вайцешыкам. У яго дома вісеў дыван, але аўтарства не Алены Кіш, а ягонае мамы – Ядвігі Вайцешык, таксама мастачкі-прымітывісткі, якая пісала дываны не таму, што хацела рэалізаваць свой талент, а каб выжыць. Пасля вайны яна адна гадавала траіх дзяцей, а ў калгасе асабліва не заробіш.

 

 

Заробак на дыванах

Вольга Архіпава, мастацтвазнаўца і культуролаг:

– У 30–50-я гады мінулага стагоддзя на маляванках можна было добра зарабляць. Менавіта таму так шмат невядомых мастакоў: дываны маляваў кожны, хто мог хоць як маляваць. Гэта быў інсітны непрафесійны занятак з мэтай выжыць пасля ўсіх войнаў і рэпрэсій.

У кожным доме мусіла быць маляванка. Яна прыкрашвала жытло і была паказнікам дабрабыту. Паколькі фабрычнае вытворчасці яшчэ не было, вясковы жыхар не мог сабе дазволіць дыван ручнога вырабу і таму купляў сабе яго імітацыю – маляванку.

Мастакі прадавалі дываны на рынках або хадзілі па вёсках і малявалі на замову. Адным з такіх быў Язэп Драздовіч. Ён пачаў рабіць маляванкі разам са сваім сябрам Янкам Пачопкам, аграномам і літаратарам. Гэта быў ягоны хлеб на працягу дваццаці гадоў. У сярэдзіне 1930-х Драздовіч прыехаў на Глыбоччыну і жыў то ў адных, то ў другіх: каму шафу распіша, каму што з дрэва выража, каму маляванку намалюе. Такое ў яго было жыццё – вечнага вандроўніка.

 


«Студзень 1934: …Намаляваў для Надзі Мятлянкі з-пад Дзісны (якая тут гасціла ў сваёй цёткі Юзючыхі В.) дыван на цёмна-сінім кужалі – замак, стаў з водараслямі і лебядзямі на асяродку, з цюльпанамі, лапухамі ды нарцызамі па баках – з мат. казеіну – за тры залатоўкі, фунт масла і фунт мёду. Маляваў у Янкі Пачопкі ў Летніках, бо дома ані фарб, ані мейсца, дзе распяць».

 

 

Як знаходзілі дываны

 

Паляўнічы з сабакам, 1950

«Хадзілі ад хаты да хаты і пыталіся ў людзей, ці ёсць дываны»

 

Аляксандр Рак, захавальнік фондаў музея ў Заслаўлі:

– У пачатку 90-х у часопісе «Маладосць» былі апублікаваныя дзённікі Драздовіча, дзе ён пісаў, па якіх вёсках хадзіў і каму якія дываны маляваў, каб зарабіць сабе на жыццё. Па мясцінах з яго дзённікаў мы й вырушылі ў экспедыцыю. Як звычайна, хадзілі ад хаты да хаты і пыталіся ў людзей, ці ёсць дываны. Гэта быў 2006 год. Зайшлі да адной жанчыны і пачалі распытваць пра Драздовіча. Яна расказала, што мастак ёй ці то дваюрадны, ці то траюрадны сваяк і недзе ў яе быў яго дыван. «Я на гарышча калісьці яго аднесла, але цяпер, напэўна, ужо не знайду… Няма».

Мы яшчэ трошкі з ёй пагаварылі, сабраліся з’язджаць, але машына не завялася і хвілін дзесяць мы яшчэ стаялі ля яе хаты. І раптам бабуля выскоквае і крычыць: «Знайшла!» Яна ўсё ж такі залезла на гарышча і адшукала дыван «Паляўнічы з сабакам». Проста так нам яго аддала ды яшчэ дзівілася: «Навошта ён вам трэба такі аблезлы!».

 

«Бабуля, мо дамовімся неяк?»


«Букет у вазе», аўтар невядомы, 1945-1950 гг.

 

– У пачатку 90-х выправіліся ў экспедыцыю па Шаркаўшчынскім раёне. Там у адной з вёсак знайшлі ў бабулі ў сенцах дыван, на якім сушылася зерне. Аддаваць не хацела. Пытаюся:  «Бабуля, мо дамовімся неяк?» – «А на чым я буду зерне сушыць?»

Так як мы ехалі ў экспедыцыю, то ўзялі з сабою для экспанатаў новыя мяхі з фабрычнай тканіны. «А я вам пару мяхоў прынясу наўзамен. Зможаце тут паслаць, будзеце сушыць сваё зерне». – «А колькі ёсць?» – «Два». – «Тры!» Так за тры мяхі яна аддала нам гэты дыван.

Людзі не заўсёды ўсведамляюць, што ў іх маецца нешта каштоўнае. Навошта гэты аблезлы дыван, які застаўся ў спадчыну ад сваякоў? Для некаторых ён каштоўны толькі тым, што яго можна выкарыстоўваць у гаспадарцы. Магчыма, дзякуючы гэтаму дываны часткова і захаваліся: на вёсцы не так проста пайсці ў краму і купіць новае наўзамен старому.

 

 

Так, таксама часткова праз непатрэбнасць, дасталіся першыя дываны Алены Кіш мастаку Уладзіміру Басалыгу. Ён папрасіў іх як падарунак на вяселле ў сваіх сваякоў са Случчыны, у хаты якіх таксама некалі заходзіла мастачка. Рэшту дываноў ён ужо знайшоў у паездках у 1970-х са сваёй жонкай Валянцінай. Усяго Уладзімір знайшоў і адрэстаўраваў 13 дываноў, 11 з якіх перадаў музею ў Заслаўі.

У музеі ёсць зала, прысвечаная творчасці Алены Кіш: там выстаўляюцца тры дываны, кожны з якіх выяўляе адзін з трох сюжэтаў мастачкі: «Дзева на водах», «Ліст да каханага» і «У райскім садзе».

 


Ліст да каханага, Алена Кіш, 1938—1945 гг.

 

Дываны Алены Кіш – антыпод таму, што адбывалася ў перыяд іх стварэння. Намаляваны рай у час войнаў, калектывізацыі і рэпрэсій быў акенцам у нейкую іншую рэчаіснасць, ва ўнутраную эміграцыю, куды можна збегчы хаця б перад сном.

 


Рай, Алена Кіш, 1930—1949 гг.


Дзева на водах, Алена Кіш, 1930—1949 гг.

 

Вольга Архіпава, мастацтвазнаўца і культуролаг:

– Маляванкі часта выконвалі функцыю падарунка: іх дарылі на вяселле, дзень народзінаў, юбілей або на іншую важную падзею. На дыванах Драздовіча часта можна ўбачыць ініцыялы: гэта альбо ініцыялы тых, каму дораць, альбо ініцыялы замоўцы ці самога аўтара.

 


Дыванок з млынам для сясцёр Валошак, 1936

 

Драздовіч датрымліваўся ўсіх традыцый маляванкі: аблямоўваў цэнтральны сюжэт бардзюрам з кветкавых арнаментаў, але й тут заставаўся сабой. Калі гэта вясельны дыван, які павесяць над ложкам маладых, то там сімвалічна будуць лебедзі – але абавязкова начны пейзаж як знак ягонае любові да космасу.

 


Накцюрн, дыванок з замкам над возерам, 1937

 

Таксама Драздовіч выяўляў на дыванах фантастычныя пейзажы і архітэктурныя матывы. Ён шмат вандраваў па беларускім краі ды адбіваў сваю жарсць да краязнаўства і ў маляванках.

 

Тракайскі замак, 1950

 

 

Касцёл у Задарожжы, 1937

 

Драздовіч – дзіця свайго часу, сведка Першай і Другой сусветных войнаў, ваенны фельчар у Вольску, бачыў шмат параненых і скалечаных людзей. Нядзіва, што пасля ўсіх гэтых падзей ён стаў пацыфістам і шалёным супраціўнікам вайны. А як змагацца з вайной? Ён лічыў: толькі навукай і асветніцтвам. Таму калі мастак вярнуўся дадому, то актыўна ўключыўся ў працэс асветніцтва: дапамагаў ствараць лемантары (буквары) і першыя беларускія газеты, супрацоўнічаў з выдавецтвамі і гімназіямі.

Драздовіч абраў шлях навукоўца і асветніка: прыходзіць у вёску маляваць дыван – і тут жа ладзіць астранамічную лекцыю, расказвае мясцовым жыхарам, як уладкаваная Сонечная сістэма і што Зямля круціцца вакол Сонца. Людзі гэтага не ведалі, для іх гэта былі неверагодныя гісторыі, якія яны чулі ўпершыню.

Драздовіч бачыў у асветніцтве сваю місію, маўляў, я мастак, а значыць мушу вам паказаць і патлумачыць. І дываны ён не проста маляваў, а такім чынам развіваў у мясцовых жыхароў густ.

 

Пра экспедыцыі цяпер

Аляксандр Рак, захавальнік фондаў музея ў Заслаўлі:

– Апошні раз мы ездзілі ў экспедыцыю тры гады таму ў Драгічынскі раён. Там атрымалася знайсці некалькі работ вядомага мастака Міканора Зосіка. Цяпер знаходзіць дываны ўсё складаней, амаль немагчыма.

 

«У лесе». Міканор Зосік, 1955–1965 гг.

 

 

Іпаліт Ворса пачаў свараць маляванкі на прасцінах яшчэ ў ГУЛАГу, бо іншага матэрыялу не было. Калі вярнуўся дадому, працягнуў выкарыстоўваць прасціны як аснову

 

Пра папулярнасць маляванак кажа не толькі вялікая колькасць аўтараў (зала невяломых і малавядомых мастакоў – самая вялікая ў музеі), а яшчэ й тое, што попыт быў такі вялікі, што ў 1950-х дываны пачынаюць вырабляцца фабрычным спосабам – што пазней і выціскае рукатворныя дываны.

 

Вольга Архіпава, мастацтвазнаўца і культуролаг:

– Мастацтва маляванак ужо знікла. Так, сучасныя мастакі звяртаюцца да гэтага жанру, але ў тым ужо няма тае функцыі і таго прызначэння, якое гэтыя дываны колісь выконвалі. Тады маляванкі ствараліся для аздобы жытла, а цяпер гэта від мастацкае творчасці. Мы звяртаемся да яго для працягу і пераасэнсавання традыцыі, але гэта ўжо не маштабная з’ява, як у 30-я, калі ў кожнай хаце была маляванка і ўсе хацелі яе мець.

 

«Вялікі вазон і два галубы»

 

 

«Белая панна»

 

Музей працуе штодзень, акрамя панядзелка. Калекцыя маляванак у некалькі разоў большая, шым музей у стане змясціць, таму раім прыязджаць туды перыядычна – глядзець абноўленую экспазіцыю і гуляць па Заслаўлі, старэйшым браце Менска.

 

 

Фота музея: palasatka. Выявы маляванак: wiztrade.byplanetabelarus.by.

Пераклад на беларускую – Ліда Наліўка.

 

hand with heart

Отблагодарить 34travel

Если наши материалы пригодились тебе в пути, сказать спасибо редакции можно, купив нам чашку кофе через Ko-fi. Всего пара кликов, никаких регистраций, комиссий и подписок. Спасибо, что ты с нами.

ЗАКИНУТЬ МОНЕТКУ

Чытай таксама

Народная культура: Музеі пад адкрытым небам непадалёк ад Менска

Крохкая спадчына драўлянай архітэктуры.

«Паэма і святыня адначасова». Што пісаў Ян Булгак пра возера Свіцязь сто гадоў таму?

Публікуем пераклад нарыса 1910 года на беларускую мову.

Месца тыдня: музей Напалеона Орды ў Варацэвічах

Едзем на радзіму легендарнага мастака.

Цяпер на галоўнай

Менск

Лепшае, што ёсць у Менску, у новым гайдзе ад 34travel.

Як прайшоў Багач – галоўнае восеньскае свята беларусаў?

Будзь багаты, як восень!

Падкаст пра беларускую гастраномію: Экзотыка ў меню

Распавядаем пра моду на памаранчарні і нетыповыя прадукты ў Мінску 1920-х.

Падкаст пра беларускую гастраномію: Кава ці гарбата?

Гісторыя ўлюбёных напояў і традыцыйных дэсертаў.

9 мастацкіх музеяў і галерэй за межамі Менска

Пранізлівыя пейзажы, яскравыя маляванкі і нават манументальныя мазаікі.

Тут нават камяні жывыя. Этнограф – пра палескія традыцыі, якія захаваліся да нашых дзён

Міфалогія старажытнага беларуса, якую можна назіраць ужывую.

Забытая Беларусь: славутасці, якіх ужо няма

Спадчына, памяць пра якую застаецца толькі на малюнках.

Месца тыдня: Лынтупы

Касцёл, сядзіба і старыя могілкі.

Маршрут па беларускім Палессі: едзем у Пінск і ваколіцы

Унікальныя музеі народнай культуры, мясціны Напалеона Орды, загадкавыя пахавальні.

Паказаць больш Паказаць больш