Касарычы: як уладкаваная вёска, якая мае будучыню

|

Месца тыдня

|

Аўтар:   34travel

|

  1707

Касарычы: як уладкаваная вёска, якая мае будучыню

16–18 верасня этнаграфічная ініцыятыва Šukańnie арганізавала творчы кэмп у вёсцы Касарычы ў Глускім раёне. Сітуацыя – супермэтч, бо 34travel даўно хацеў пазнаёміцца і з камандай Šukańnie, што ездзіць у экспедыцыі па далёкіх вёсках, і з энтузіястамі, якія адраджаюць жыццё ў Касарычах, прыцягваючы актыўных гасцей і новых жыхароў у вёску з 500-гадовай гісторыяй.

 

Варушняк у «мядзведжым куце» за 180 кіламетраў ад Мінска пачаўся шэсць гадоў таму з падачы Андрэя Уфімцава – бізнэсмэна з Масквы. Касарычы – вёска яго маці і яе продкаў. Уласна, суседскі цэнтр, які тут пасля з'явіўся, названы ў гонар прадзеда Андрэя – «Макар-клуб». Вакол «Макар-клуба» і фармуецца цяпер кам'юніці людзей, якім цікавыя вясковы побыт і эстэтыка, а таксама пошук аднадумцаў. У клуб гатовыя прыязджаць за сотні кіламетраў, каб пабыць сярод «сваіх».

 

 

 

А пачалося ўсё з таго, што Андрэй зацікавіўся тэмай адраджэння глыбінкі і сацыяльнага дызайну вёсак, паглыбіўся ў рэлевантную інфармацыю, чытаў Глеба Цюрына, аўтара кніг «Вопыт адраджэння рускіх вёсак» і «Як падняць нашу глыбінку». Калі мясцовыя касарыцкія на світанку сацсетак знайшліся ў «Аднакласніках», пачаліся размовы аб тым, як раней было добра, а цяпер вёска памірае. Андрэй па-прадпрымальніцку вырашыў: чаго абмяркоўваць, калі трэба рабіць, – і накідаў план дзеянняў. У рэалізацыі гэтага плана яго падтрымала, як кліча яе Андрэй, «маці вёсак рускіх» Каця Затулівецер, заснавальніца кампаніі «Альтурызм». Уключыліся і таварышы-альтурысты, якім блізкая ідэя сацыяльнага ўкладу: гэтыя людзі пабачылі свет, добра зарабляюць і адчуваюць жаданне несці ў свет пэўныя каштоўнасці. Так у Касарычах пачалося новае жыццё.

 

 

Што ўжо зроблена/робіцца ў Касарычах

  Суботнікі. Першыя абсалютна добраахвотныя прыборкі ў мясцовым парку і на ўзбочынах дарог прайшлі ў 2016–2017 гадах пры падтрымцы сельсавета і рэдакцыі раёнкі «Радзіма». Сэнс у тым, каб падтрымліваць парадак на сваёй зямлі саматугам, стварыць добрасуседскую традыцыю. 

  Адраджэнне капліцы. Неабыякавыя мясцовыя і жыхары навакольных вёсак расчысцілі падмурак разбуранай царквы Георгія Перамаганосца і атрымалі дабраслаўленне на будаўніцтва царквы-капліцы. Пачаўся збор сродкаў на ініцыятыву, данаты паступалі з Бабруйска, Мінска, Масквы, Тамбова, Ніжняга Ноўгарада ды іншых гарадоў.

  Арт-прыпынак. Гасцей у Касарычах сустракае прыпынак з буслам і цытатамі з Максіма Багдановіча. Продкі паэта і ягоныя сваякі па мячы жылі ў гэтай вёсцы.

  Парк арт-лавак. Гэта калабарацыя з Брытанскай школай дызайну ў Маскве. Студэнты «Брытанкі» прапанавалі праекты лавак, якія мясцовыя маглі б сабраць з падручных матэрыялаў. Пераможцаў выбіралі «рэферэндумам» у сацыяльных сетках і сярод мясцовых. Лаўка, якая набрала больш за ўсё галасоў, – аранжавая піраміда каля клуба.

  Святы. У 2017-м тут прайшоў фестываль касцоў «Каса ракі», у 2018-м арганізавалі фестываль «Жывыя людзі» – з кінапаказам аднайменнага дакументальнага фільма, выступам музыкаў.

  Суседскі цэнтр. Летам 2021 года быў зноў адкрыты будынак раней закінутага сельскага клуба. Агульная ідэя ў тым, каб ператварыць яго ў сучасны грамадскі цэнтр, дзе можна ладзіць розныя творчыя і адукацыйныя мерапрыемствы.

 

 

Цэлы год у Касарычах жывуць 25 чалавек. Улетку прыязджаюць дачнікі з дзецьмі, набіраецца чалавек 200. Наколькі гэтыя людзі ўключаюцца ў ініцыятывы? У вёсцы жыве Міхась, які зрабіў дзіцячую пляцоўку, займаецца прыстанню, стала нешта абнаўляе. Ёсць Наталля, якая вырашае сур'ёзныя пытанні з райвыканкамам. Ёсць Алена з мамай, якія збіраюць грошы на падмурак храма-капліцы.

 Каця:  «Не абавязкова, каб яны ўключаліся менавіта ў нашы ініцыятывы. У развіцці вёскі важна, каб з'явілася шмат цэнтраў: адзін гэта робіць, адзін – тое, яны могуць быць адно з адным не згодныя, і нічога страшнага ў гэтым няма. Усе мясцовыя жыхары маюць права ствараць сваю прастору, і такім чынам яна атрымліваецца ўнікальнай. Нашы дзеянні па развіцці вёскі дапускаюць, што ёсць шмат розных лідараў, і кожны робіць нешта сваё. Не так, каб Андрэй прыдумаў – і ўсе шыхтам пайшлі рабіць. Клуб – так, больш Андрэева ідэя. Але тут таксама сэнс у тым, каб прывабіць розных людзей, якія сюды пераселяцца. Хтосьці будзе займацца гасцінічнымі нумарамі, хтосьці – кавярняй, хтосьці – рэтрытным цэнтрам або нечым яшчэ, і гэта ўсё будзе ўзаемадзейнічаць».
 

 

«Усе мясцовыя жыхары маюць права ствараць сваю прастору»
 

 

 Андрэй:  «Я глядзеў на будынак клуба як дэвелапер, разумеючы, што тут засталіся сцены і дах, прычым дах ужо даў цечу, а гэта канец. Выкупленне будынка заняло год, далей мы з Кацяй сталі яго развіваць, правялі архітэктурны конкурс, у нас ёсць праект, які перамог. Але потым пачаліся падзеі кшталту ковіду, і мы проста скінуліся з Кацяй і суінвестарам Пашам, не рэканструявалі клуб, а аднавілі яго і запусцілі як культурны цэнтр. Канцэпцыя такая: мы прынцыпова не хочам займацца вакол клуба ніякай камерцыяй, мы хочам, каб вакол культурнага цэнтра ўтварыліся новыя сацыяльныя фундатары. Другі складнік канцэпцыі – аб'яднаць прадпрымальнікаў вакол гэтага цэнтра, каб прадпрымальніцтва развівалася і адно аднаго ўзмацняла: хтосьці сплавы арганізуе, хтосьці гасцей размяшчае, хтосьці хлеб пячэ – яны не канкуруюць, а дапамагаюць адно аднаму».

Клуб адкрыўся ў чэрвені 2021 года з песнямі і танцамі ад калектыву Сяргея Выскваркі. Гэтым летам у Касарычах адбыўся фестываль стужкавага кіно «Без папкорну», на які прыязджалі і з Бабруйска, і з Менска, і з Гомеля. На пытанне, навошта ўсё гэта патрэбна асабіста Андрэю, ён адказвае: «Трэба слязлівую гісторыю, а ў мяне яе няма», – і расказвае пра планы.
 

 

«Мы хочам, каб вакол культурнага цэнтра ўтварыліся новыя сацыяльныя інвестары»
 

 

 Андрэй:  «Налета будзем рабіць другі фестываль стужкавага кіно, хутчэй за ўсё, ён будзе штогадовы. Ідэя мая, у мяне ёсць прыяцель з Новачаркаска, ён фанат кінамеханікі і прыязджаў у Касарычы. Я паставіў у клубе два апараты, якія тут некалі стаялі. Цяпер у нас тут цэлая калекцыя кінатэхнікі. На фестывалі мясцовыя прыходзілі на што-небудзь вядомае, кшталту “Вечары на хутары бліз Дзіканькі”, а народ прыязджаў на Феліні. Цяпер мы дамовіліся з “Гомельскім кінаклубам” пра іх удзел у трохдзённым фестывалі, дзе яны спачатку будуць расказваць пра рэжысёра, фільм, час, а пасля паказу будзе абмеркаванне ля вогнішча. Адзін з дзён хочам зрабіць з фільмам “Аголенае танга” і запрасіць тангерас, каб зрабіць вечар танга ў чырвоным колеры.

У лістападзе ў нас будзе тусоўка маіх сяброў гісторыкаў і антраполагаў з МДУ, РДДУ – з Мезаамерыканскага цэнтра Кнарозава. Налета яны будуць рабіць антрапалагічны фестываль з лекцыямі і семінарамі пра майя, звязаныя з календаром і іншым, што шырокай публіцы можа быць цікава. А ў лістападзе мы тут пагуляем на выходных, зробім прэзентацыю наступнага года».

 

 

Што ў Касарычах адшукала Šukańnie

«Макар-клуб» гатовыя даваць бясплатна пад сацыяльныя праекты, а пад камерцыйныя – за невялікія грошы, галоўнае – каб тут увесь час нешта адбывалася, а прыезджыя могуць пасяліцца ў мясцовых хатках. Так, праект нізавай этнаграфіі Šukańnie бясплатна выкарыстоўваў клуб як пункт зборкі кэмпу, у праграме якога тэатр ценяў з Ленай Штык суседнічаў з народнымі песнямі з Дар'яй Зуевай, удзельнікі рабілі міфічныя маскі пад наглядам Bazinato і практыкавалі ўсякія іншыя творчыя штукі.

 

 

Уласна Šukańnie займаецца этнаграфічнымі экспедыцыямі: удзельніцы ініцыятывы ездзяць па вёсках, знаходзяць старажылаў і гутараць з імі пра жыццё-быццё, праходзяць па каляндарных святах, просяць праспяваць, калі нешта заспяваецца. Пра экспедыцыі ў вёскі Касарычы і Велямічы, што на Палессі, плануюць выпусціць дакументальны фільм.
 

 

«У Касарычах галоўная знаходка – гэта магчымасць пашырэння кам'юніці»
 

 

 Аліна:  «Праект мы стварылі год таму, і Касарычы была першая вёска (калі не лічыць вёску маёй бабулі), куды мы паехалі ў экспедыцыю. Мы даведаліся, што адкрываецца суседскі цэнтр, і падумалі, што гэта будзе класная ідэя – сумясціць: паехаць на адкрыццё цэнтра плюс у экспедыцыю, дзе мы дакладна пазнаёмімся з хлопцамі і дзяўчатамі, якія раскажуць, з якімі бабулямі можна пагаварыць. Адшукалі тут класную песню. Баба Воля заспявала. Як у шматлікіх традыцыйных песнях, першыя чатыры радкі – пра перакладанне эмоцый на прыроду: хмара ішла цёмная, а я сумавала, бо мяне выдалі замуж не за таго, якога кахала. У яе таксама такая песня: алегорыя з прыродай, якая перакладаецца на жыццё дзяўчыны».

 Саша:  «Акрамя этнаграфічных знаходак Šukańnie – гэта яшчэ і пра пошук людзей. І ў Касарычах галоўная знаходка – гэта магчымасць пашырэння кам'юніці вакол Каці і Андрэя. Знаходкі ў полі культурных праектаў у вёсцы не менш важныя, чым навуковыя».

 Аня:  «Учора ў нас было кола знаёмстваў, дзе людзі расказвалі пра сябе, і вельмі многія рабілі акцэнт на тым, як цяпер хочацца адчуваць, што ёсць людзі, якія думаюць пра тое ж, пра што і ты. Мусіць, кожны другі казаў пра камунікацыю, магчымасць пазнаёміцца, пазнаць новыя месцы, куды можна прыязджаць і пачувацца дома. Мы з такім жа адчуваннем кэмп прыдумлялі: трэба недзе ўсіх сабраць, недзе з усімі пагутарыць, трэба знайсці людзей, якім усё гэта цікава. І калі высветлілася, што людзі, якія сюды прыехалі, думалі пра тое ж самае, гэта было вельмі класна. Усе адно ў аднаго патрапілі».

 

 

 

 

 

 

Агульнай задумай было аб'яднаць традыцыйную культуру і творчыя практыкі ў вёсцы, даць удзельнікам магчымасць нешта парабіць рукамі, целам ці словамі – паўзаемадзейнічаць з прасторай і з традыцыйнай культурай, праз творчае разняволенне працягнуць нітачку да традыцыйнай культуры і міфаў. У Šukańnie хочуць скінуць пыл з этнаграфічнага матэрыялу і інтэрпрэтаваць яго ў сучаснай культуры. І «Макар-клуб» аказаўся ідэальнай пляцоўкай для гэтай задумы дзякуючы яго «супертрансфармавальнасці». Андрэй пералічвае: «У нас там тры музеі, выставачная зала, кіна-канцэртная зала, кавярня, каворкінг, зала для ёгі, бібліятэка, грамадская гасцёўня – усё ў адной прасторы». Нехта дадае: «А цяпер і варкшопная!»

 Саша:  «За лета стала відавочна, што людзям цікава ездзіць у вёскі, і вясковая культура вельмі шмат каму блізкая эстэтычна. Калі мы ездзілі ў экспедыцыі, нам прыкладна пятнаццаць чалавек кожны раз пісалі: “Вазьміце нас з сабой!” Было відавочна, што ў гарадскіх жыхароў ёсць вялікі запыт выбірацца на рэтрыты, кэмпы, летнікі. Ты ўжо наездзіўся ў “сваю” вёску і шукаеш новы спосаб быць сярод аднадумцаў, займацца чымсьці класным, адкрываць новае. Гэта ўжо пытанне кам'юніці. І мне здаецца, гэта насамрэч будучыня. Эпоха глабалізацыі проста памерла, мы ўсё паедзем у вёску. Машыны, якія могуць лётаць, – гэта не будучыня, а вось сырадой – будучыня».

 

 

 

 

 

Фота: palasatka

|

Месца тыдня

Аўтар:   34travel

  1707

hand with heart

Отблагодарить 34travel

Если наши материалы пригодились тебе в пути, сказать спасибо редакции можно, купив нам чашку кофе через Ko-fi. Всего пара кликов, никаких регистраций, комиссий и подписок. Спасибо, что ты с нами.

ЗАКИНУТЬ МОНЕТКУ

Чытай таксама

Месца тыдня: Менскае гарадзішча

Гарадскія валы, якім тысяча гадоў.

Месца тыдня: «музей пад адкрытым небам» Гальшаны

Мясціны, набрынялыя гісторыяй.

Месца тыдня: сядзіба Булгакаў у Жылічах

Убачыць палац у Жылічах – і ачмурэць ад размаху.

Месца тыдня: сядзіба Умястоўскіх у Жамыслаўлі

Таямнічы палац, раскошны парк і нават уласная «Венецыя».

Месца тыдня: музей Напалеона Орды ў Варацэвічах

Едзем на радзіму легендарнага мастака.

Месца тыдня: Сядзіба Рэйтанаў у Грушаўцы

Як сядзіба беларускага Дон Кіхота выглядае пасля рэстаўрацыі?

Цяпер на галоўнай

Менск

Лепшае, што ёсць у Менску, у новым гайдзе ад 34travel.

Як прайшоў Багач – галоўнае восеньскае свята беларусаў?

Будзь багаты, як восень!

Падкаст пра беларускую гастраномію: Экзотыка ў меню

Распавядаем пра моду на памаранчарні і нетыповыя прадукты ў Мінску 1920-х.

Падкаст пра беларускую гастраномію: Кава ці гарбата?

Гісторыя ўлюбёных напояў і традыцыйных дэсертаў.

9 мастацкіх музеяў і галерэй за межамі Менска

Пранізлівыя пейзажы, яскравыя маляванкі і нават манументальныя мазаікі.

Тут нават камяні жывыя. Этнограф – пра палескія традыцыі, якія захаваліся да нашых дзён

Міфалогія старажытнага беларуса, якую можна назіраць ужывую.

Забытая Беларусь: славутасці, якіх ужо няма

Спадчына, памяць пра якую застаецца толькі на малюнках.

Месца тыдня: Лынтупы

Касцёл, сядзіба і старыя могілкі.

Маршрут па беларускім Палессі: едзем у Пінск і ваколіцы

Унікальныя музеі народнай культуры, мясціны Напалеона Орды, загадкавыя пахавальні.

Паказаць больш Паказаць больш