10 загадкавых капліц-пахавальняў у Беларусі

|

Культурная праграма

|

Аўтар:   34travel

|

  6130

Працягваем каталагізаваць беларускую архітэктурную спадчыну: гэтым разам сабралі дзясятак прыгожых капліц-пахавальняў. Усе гэтыя пабудовы авеяныя містычным духам – усё ж такі гэта старажытныя месцы пахаванняў. Расказваем, каму капліцы належалі і дзе іх шукаць.

 

Капліца-пахавальня роду Талочкаў у Ракавіцы

 Берасцейскі раён 
52.218024, 23.510148

Акуратная капліца знаходзіцца ўсяго за 25 км ад Берасця – праўда, у даволі глухой мясцовасці (так што калі паедзеш на аўто, уважліва сачы за навігатарам, каб не захраснуць ў полі). Пахавальня стаіць на могілках і выдатна ўпісваецца ў навакольны ландшафт.

У архітэктуры капліцы відавочна прасочваюцца неагатычныя элементы. Цікава, што калісьці ў яе быў яшчэ і востры шпіль – як і належыць трушнай неаготыцы. Пабудавалі пахавальню на пачатку мінулага стагоддзя, праектам загадваў Тэадор Талочка, апошні ўладальнік сядзібы Ракавіца (але яна да нашых дзён не захавалася). У 1960-я гады савецкія ўлады капліцу вырашылі разбурыць, але – на шчасце – план рэалізавалі толькі часткова: сама пабудова выстаяла, а вось шпілю пашанцавала менш. Пару гадоў таму капліцу адрамантавалі.

 

 

Капліца-пахавальня ў Косава

 Івацэвіцкі раён Брэсцкай вобласці 
52.747518, 25.174477

У першую чаргу Косава вядома велічным палацам Пуслоўскіх і сядзібай Тадэвуша Касцюшкі, але гэта далёка не ўсё, што тут можна ўбачыць. Апынуўшыся ў Косава, уключы ў свой маршрут Траецкі касцёл, дзе хрысцілі Касцюшку, і капліцу, якая знаходзіцца на мясцовых каталіцкіх могілках. Капліцу з вострымі вежкамі, якая трохі паходзіць на старажытную крэпасць, узвялі ў 1859 годзе. Калі прыгледзішся да камянёў, з якіх складзеная капліца, заўважыш, што ў сцены ўмураваныя старадаўнія надмагіллі з надпісамі.

 

 

Капліца-пахавальня Пратасевічаў у вёсцы Прасці

 Нясвіжскі раён Менскай вобласці 
53.358220, 26.416030

У сярэдзіне XIX стагоддзя Прасці належалі памешчыку Пратасевічу. Жыццё тут бурліла: у паселішчы было больш за 50 дамоў, тры карчмы і ўласны вадзяны млын. Ажурную каплічку Пратасевічы ўзвялі ў 1887 годзе, але першапачаткова яе выкарыстоўвалі не толькі як пахавальню – тут таксама праводзілі службы. Будынак моцна пацярпеў падчас вайны і паступова разбуралася – да рэстаўрацыі 2016 года стан пабудовы быў даволі сумным

Мястэчка Прасці знаходзяцца зусім побач з вёскай Ішкалдзь, дзе стаіць велічны Траецкі касцёл XV стагоддзя – адзін з галоўных абарончых храмаў у Беларусі. Калі вырушыш у паездку, вось тут у нас ёсць цэлы маршрут з падборкай класных месцаў у тых краях.

 

 

Піраміда-пахавальня Завішаў ва Узде

 Менская вобласць 
53.458460, 27.199612

Напэўна, самая незвычайная пахавальня Беларусі знаходзіцца на могілках у горадзе Узда – гэта піраміда Завішаў. Каменную пабудову ты дакладна заўважыш здалёк. Пасля афрыканскіх паходаў Напалеона ў XIX стагоддзі Завішы – як і многія іншыя прадстаўнікі мясцовай шляхты – захапіліся эстэтыкай старажытнага Егіпта. Таму калі вырашылі ўзводзіць радавую пахавальню, абралі такі нетыповы для беларускага дойлідства стыль. Унутры піраміды на першым узроўні можна заўважыць нішы ў сценах, якія меркавалася выкарыстоўваць для пахаванняў, а пад імі – малельны пакой.

Дарэчы, Завішы гаспадарылі ў маёнтку Кухцічы непадалёк ад Узды – можаш заехаць, каб убачыць рэшткі сядзібы і ўнікальны кальвінскі збор XVI стагоддзя.

 

 

Капліца-пахавальня роду Мілашаў у Ідолце

 Мёрскі раён Віцебскай вобласці 
55.717220, 27.573093

Вёсачка Ідолта ў Мёрскім раёне можа пахваліцца багатай архітэктурнай спадчынай роду Мілашаў (так, гэта сваякі паэта Чэслава Мілаша). Іосіф Мілаш быў сакратаром Францішка Сапегі. Калі гэтыя тэрыторыі адышлі да Расійскай імперыі, ад мясцовай шляхты патрабавалі прысягнуць на вернасць Кацярыне II, а тым, хто адмовіцца, пагражалі канфіскацыяй маёмасці. Францішак Сапега даваць прысягу адмовіўся, хуценька распрадаў усе свае пажыткі і пераехаў. Так Ідолта і іншыя землі ў ваколіцах Друі перайшлі ў валоданне Мілаша.

У 1862 годзе Мілашы пабудавалі тут сімпатычную капліцу-пахавальню: звярні ўвагу на цікавае спалучэнне матэрыялаў і фактур. Калісьці ў будынку праводзіліся службы, потым ён выкарыстоўваўся як склад і быў практычна разбураны, але потым капліцу аднавілі. Цяпер яна зноў прымае вернікаў.

Таксама ў Ідолце захаваўся сядзібны дом Мілашаў і некалькі гаспадарчых пабудоў. Ну і вядома, даследаванне вёскі будзе няпоўным без наведвання царквы Божай Маці Скапулярыя ў стылі мадэрн.

 

 

Пахавальня Рэйтанаў у Грушаўцы

 Ляхавіцкі раён Брэсцкай вобласці 
53.025155, 26.323246

Мястэчка Грушаўка ў Ляхавіцкім раёне шчыльна звязанае з родам Рэйтанаў – яны пакінулі тут багатую спадчыну. Па-першае, гэта, вядома, драўляная сядзіба канца XIX стагоддзя, якую ўзвялі на падмурку больш старадаўняй пабудовы і зусім нядаўна адрэстаўравалі. А па-другое, неагатычная пахавальня, якая знаходзіцца прыкладна за кіламетр ад сядзібы. Пахавальню пабудавалі ў 1910 годзе на месцы смерці апошняга прадстаўніка роду Юзафа Рэйтана. Вакол пахавальні стаіць невялікі каменны плот, а справа ад яе знойдзеш памятны валун, які быў усталяваны ў 1993 годзе да 255-годдзя з дня нараджэння Тадэвуша Рэйтана.

Больш падрабязна пра Грушаўку чытай тут.

 

 

Пахавальня Кужанецкіх у Дубае

 Пінскі раён Брэсцкай вобласці 
52.089647, 25.771115

Дубае вядома яшчэ з XV стагоддзя: першая згадка пра паселішча ў летапісах адносіцца да 1498 года. З тых часоў мястэчкам валодалі мноства шляхетных сем'яў: Карпавічы, Вярэніч-Стахоўскія, нават Агінскія і Радзівілы. Калі Дубае належала забяспечанаму шляхцічу Яну Полазу, тут з'явіўся замак і быў разбіты раскошны парк. Пазней, калі гаспадаркай тут загадваў канцлер ВКЛ Альбрэхт Радзівіл, маёнтак перадалі мясцовым езуітам. Тыя прыстасавалі яго пад летнюю рэзідэнцыю. Калі ордэн езуітаў скасавалі, сядзіба перайшла да Кужанецкіх – тут пражылі некалькі пакаленняў роду.

Барочная капліца з'явілася ў Дубае на месцы драўлянага касцёла ў другой палове XVIII – пачатку XIX стагоддзя. У савецкі час у будынку капліцы размясцілі вузел сувязі. Некалькі гадоў таму пахавальню пачалі паціху рамантаваць.

 

 

Пахавальня Багдановічаў у Абадоўцах

 Вілейскі раён Менскай вобласці 
54.453279, 27.295589
 

У невялікай вёсцы Абадоўцы гаспадарыла сям'я Багдановічаў. Радавая сядзіба, на жаль, згарэла падчас Другой сусветнай – ад яе засталіся толькі маляўнічыя руіны. Гаспадарка Багдановічаў у Абадоўцах была вялікая: бровар, вытворчасць сыру, прасторны парк, уласная аранжарэя з экзатычнымі кветкамі і садавінай і шмат чаго яшчэ. Нічога з гэтага не захавалася да нашых дзён, а вось сімпатычная капліца з неагатычнымі элементамі і парачка гаспадарчых пабудоў – выстаялі. Але і тут не без прыгод: савецкія ўлады зладзілі ў будынку капліцы склад ядахімікатаў. У 1990-х капліца вярнулася каталікам, яе адрэстаўравалі, а парэшткі перапахавалі.

 

 

Капліца-пахавальня роду Ажэшкаў у Закозелі

 Драгічынскі раён Брэсцкай вобласці 
52.129107, 25.002687

Сапраўдны неагатычны скарб – капліца-пахавальня Ажэшкаў – была часткай палескай рэзідэнцыі гэтага шляхетнага сямейства. Само мястэчка Закозель вядомае яшчэ з XIII стагоддзя, а Ажэшкам яно дасталася ў канцы XVIII-га. Актыўныя работы тут пачаліся некалькімі дзесяцігоддзямі пазней: сіламі мясцовых рабочых была пабудавана сядзіба, бровар, гаспадарчыя пабудовы, быў разбіты парк. А вось для будаўніцтва капліцы прыцягнулі польскага архітэктара Францішка Яшчолда – таго самага майстра, які спраектаваў палац у Косава. 

Узвядзенне капліцы скончылася ў 1849 годзе. Па чутках, менавіта ў ёй хаваўся адзін з кіраўнікоў паўстання 1863-64 гадоў Рамуальд Траўгут. Уласна, пасля паразы паўстання капліцу зачынілі ўлады і нават спрабавалі перарабіць у праваслаўны храм.

Як выглядала сядзіба, мы ведаем толькі па малюнку Напалеона Орды, а вось капліца-пахавальня дайшла да нашых часоў. Доўгі час яна стаяла закінутай, але цяпер якраз заканчваецца яе рэканструкцыя.

 

 

Касцёл Божага Цела ў Багушэвічах

 Бярэзінскі раён Менскай вобласці 
53.714629, 28.820114 

Вытанчаны і сіметрычны храм стаіць у баку ад жылых дамоў, на ўскраіне вёскі Багушэвічы. Да 1860-х гадоў тут была квітнеючая сядзіба Свентаржэцкіх (да гэтага Багушэвічамі валодалі знатныя роды Друцкіх-Горскіх, Завішаў і Ваньковічаў), часткай якой і была неагатычная пахавальня. З-за ўдзелу ў паўстанні 1863 года гаспадароў маёнтка выслалі, а саму сядзібу спалілі па загадзе ўладаў. Выкарыстоўваць у якасці храма пахавальню сталі крыху пазней, калі ў вёсцы згарэў яшчэ і мясцовы касцёл. 

Пачынаючы з 2000-х, пасля вяртання храма каталіцкай суполцы, у будынку праводзіліся рэстаўрацыйныя работы, цяпер у касцёле праходзяць службы.

 

 

Капліца святога Казіміра ў Ружанах

 Пружанскі раён Брэсцкай вобласці 
52.869694, 24.897033

Спадчына Сапегаў у Ружанах не абмяжоўваецца знакамітым палацам: з падачы шляхетнай сям'і тут з'явіліся яшчэ і касцёл Найсвяцейшай Тройцы ў стылі ранняга барока, пабудаваны ў пачатку XVII стагоддзя, храм святых апосталаў Пятра і Паўла 1675 года і капліца на могілках, збудаваная ў 1792 годзе. Капліцу асвяцілі ў гонар святога Казіміра: па легендзе, калісьці ў Ружанах захоўваліся яго мошчы. Архітэктурным праектам займаўся Ян Самуэль Бекер: ён стварыў сціплы ў дэкоры будынак з класічным порцікам. Зараз у капліцы ідуць рэстаўрацыйныя работы.


Фота: palasatka, saniamurashka

|

Культурная праграма

Аўтар:   34travel

  6130

hand with heart

Отблагодарить 34travel

Если наши материалы пригодились тебе в пути, сказать спасибо редакции можно, купив нам чашку кофе через Ko-fi. Всего пара кликов, никаких регистраций, комиссий и подписок. Спасибо, что ты с нами.

ЗАКИНУТЬ МОНЕТКУ

Чытай таксама

Страчаная спадчына: 7 руін Беларусі, якія ўражваюць сваім размахам

Сабралі некалькі паўразбураных выбітнасцяў Беларусі, да якіх варта ставіцца з асаблівай асцярожнасцю. 

Кальвінcкія зборы Беларусі – чым яны ўнікальныя?

Разглядаем старажытныя помнікі: тыя, што захаваліся да нашых дзён, і тыя, што былі страчаныя.

Чаму варта наведаць музей маляванкі?

Дзіўныя гісторыі, якія стаяць за ўнікальнай калекцыяй.

34 славутасці Беларусі

Вартыя нагоды аб'ездзіць краіну ўздоўж і ўпоперак.

Гайд па стылі: едзем глядзець беларускі мадэрнізм

Вывучаем рысы канструктывізму і бруталізму.

Забытая Беларусь: славутасці, якіх ужо няма

Спадчына, памяць пра якую застаецца толькі на малюнках.

Цяпер на галоўнай

Менск

Лепшае, што ёсць у Менску, у новым гайдзе ад 34travel.

Як прайшоў Багач – галоўнае восеньскае свята беларусаў?

Будзь багаты, як восень!

Падкаст пра беларускую гастраномію: Экзотыка ў меню

Распавядаем пра моду на памаранчарні і нетыповыя прадукты ў Мінску 1920-х.

Падкаст пра беларускую гастраномію: Кава ці гарбата?

Гісторыя ўлюбёных напояў і традыцыйных дэсертаў.

9 мастацкіх музеяў і галерэй за межамі Менска

Пранізлівыя пейзажы, яскравыя маляванкі і нават манументальныя мазаікі.

Тут нават камяні жывыя. Этнограф – пра палескія традыцыі, якія захаваліся да нашых дзён

Міфалогія старажытнага беларуса, якую можна назіраць ужывую.

Забытая Беларусь: славутасці, якіх ужо няма

Спадчына, памяць пра якую застаецца толькі на малюнках.

Месца тыдня: Лынтупы

Касцёл, сядзіба і старыя могілкі.

Маршрут па беларускім Палессі: едзем у Пінск і ваколіцы

Унікальныя музеі народнай культуры, мясціны Напалеона Орды, загадкавыя пахавальні.

Паказаць больш Паказаць больш