«Утульны горад» – урбаністычны падкаст пра Горадню
Падкаст «Утульны горад» пра тое, як паляпшаць беларускія гарады, вырас ужо на пяць выпускаў. Самы час распавесці пра яго на старонках 34travel.
«Утульны горад» – гэта аўдыяшоу пра урбанізм на прыкладзе рэальнасці Горадні. Вядучая падкаста Дар’я Гардзейчык – стваральніца інстаграма «Альтэрнатыўны музей» і падкаста «Гісторыя беларускага сэксу» – размаўляе з экспертамі ў пошуках адказу на пытанні аб тым, які грамадскі транспарт ідэальны і ці рэальна перасадзіць гараджан з аўто на ровары, што рабіць з панэлькамі, як быць з бяздомнымі пёселямі і гэтак далей.
Апошні выпуск прысвечаны гарадскому дызайну. Дызайнер і урбаніст Віталь Богдзель даводзіць, навошта гораду ўласны дызайнер і нават крыху абараняе шырока вядомыя сметніцы з капелюшамі.
Таксама рэкамендуем выпуск пра гарадскую спадчыну, у якім доктар гуманітарных навук Сцяпан Стурэйка распавядае аб тым, што такое добрая рэстаўрацыя і ў якіх выпадках будынак лепей пакінуць у руінах.
Дарэчы, можаш пачытаць пра place branding па спасылцы. А калі хочацца даведацца больш пра захаванне матэрыяльнай спадчыны, чытай адмысловую размову 34travel з культуролагам Сяргеем Харэўскім.
Фото: Palasatka