Як Ветка стала культавым цэнтрам стараабрадніцтва?
Стараабрадніцтва – з'ява расійскай гісторыі, якая пакінула след у гісторыі беларускай. Горад Ветку на Гомельшчыне заснавалі ўцекачы з Маскоўскага царства, якія схаваліся ў Вялікім Княстве Літоўскім ад рэлігійных ганенняў. Іх традыцыі моцна паўплывалі на культуру рэгіёна: спарадзілі ўласны стыль іканапісу і кнігадрукавання. Калі хочаш убачыць унікальную матэрыяльную спадчыну стараабрадцаў у Беларусі, прыязджай у Веткаўскі музей.
Хто такія стараабрадцы
Калі згадаць школьную праграму, на думку прыходзіць рэформа патрыярха Нікана, якая ў сярэдзіне XVII стагоддзя прывяла да расколу рускай праваслаўнай царквы. Ніканаўскія новаўвядзенні моцна змянілі царкоўную абраднасць, іканапіс, кнігадрукаванне, нават архітэктуру. Многім вернікам гэта не спадабалася, і яны вырашылі прытрымлівацца старых абрадаў — адсюль і тэрмін «стараабрадніцтва». З боку дзяржавы на стараабрадцаў пачалося лютае паляванне, даходзіла да спалення жыўцом. У лепшым выпадку іх маглі пазбавіць маёмасці ці саслаць у манастыр.
Як з’явілася стараабрадніцкая Ветка
Частка «раскольнікаў» (так стараабрадцаў пагардліва называлі царкоўныя і свецкія ўлады) збегла з Маскоўскага царства ў Вялікае Княства Літоўскае. Тут рэформа не дзейнічала: мясцовая праваслаўная царква падпарадкоўвалася не Маскоўскаму, а Канстанцінопальскаму патрыярхату. Многія стараабраднікі вырашылі асесці ў прыграніччы, на тэрыторыі сучасных Бранскай і Гомельскай абласцей. У 1680-я гады яны звярнуліся да мясцовага шляхціча Казіміра Халецкага з просьбай здаць ім у арэнду землі ўздоўж ракі Сож і заснавалі тут сваё селішча – Ветку. Хутка погалас пра бяспечнае месца з багатымі прыроднымі ўгоддзямі разляцеўся па Маскоўскім царстве – і стараабраднікі паехалі ў Ветку патокам. У 1695 годзе тут пабудавалі першы стараабрадніцкі манастыр Покрыва Прасвятой Багародзіцы.
Стараабрадніцкая культура
Прыезджыя сяліліся не толькі ў самой Ветцы, але і ваколіцах: на тэрыторыі сучасных Веткаўскага, Добрушскага, Гомельскага раёнаў. Да 1735 года колькасць стараабрадцаў на прыгранічных землях дасягнула ажно 40 тысяч. Яны прынеслі свае традыцыі: стварылі веткаўскую школу іканапісу і ўласную кніжную культуру.
У XVIII стагоддзі Ветка перажывае росквіт, становіцца месцам паломніцтва стараабрадцаў, іх Іерусалімам. Але маскоўскія ўлады не пакідаюць спробаў знішчыць «раскольнікаў»: за стагоддзе горад двойчы рабавалі расійскія войскі, а людзей тысячамі выганялі назад у Маскоўскае царства. Ветка ачуняла ад пагромаў, але паступова пачала страчваць культавы статус. У XIX стагоддзі тут усё яшчэ ствараецца вялікая колькасць ікон, кніг. У сваім традыцыйным стараабрадніцкім выглядзе горад праіснаваў да рэвалюцыі 1917 года. А да пачатку 1930-х савецкая ўлада закрыла храм і ўзарвала Пакроўскі манастыр, фактычна знішчыўшы мясцовую рэлігійную культуру.
Акрамя Веткі, частка стараабрадцаў асядала на Віцебшчыне. У стараабрадніцтва ёсць два буйныя напрамкі: папоўцы і беспапоўцы. Першыя прызнаюць святароў, а другія, больш радыкальныя, зусім адмовіліся ад папоў і цэркваў. У Ветцы жылі ў асноўным папоўцы, а на Віцебшчыну пайшлі беспапоўцы. Тыя паселішчы былі невялікімі і не пакінулі такога магутнага культурнага следу, як веткаўскі.
У чым асаблівасці стараабрадніцкіх абразоў
У Веткаўскім музеі сабраная ўнікальная калекцыя стараабрадніцкіх абразоў – усяго каля 770. Большасць адносіцца да XIX стагоддзя, ёсць творы XVIII і XX стагоддзяў. Кожны абраз пісаўся ўручную на замову: гэта не мануфактурная вытворчасць, а стварэнне непаўторных артэфактаў. Аўтарства большасці ікон невядомае: падпісвацца было не прынята і нават небяспечна – ставілася адно дата. Навукоўцы высветлілі толькі некалькі дзясяткаў імёнаў. Асобныя іканапісцы маюць характэрны, вельмі пазнавальны стыль, які дазваляе выказаць здагадку пра іх аўтарства адносна некаторых безназоўных прац.
Веткаўскі іканапіс адрознівае шэраг асаблівасцяў. Перш за ўсё, гэта прамая сувязь са старажытнарускай іканапіснай традыцыяй, якая ўзыходзіць да візантыйскай культуры. Стараабрадніцкі абраз не спрасціўся, як праваслаўны пасля расколу, а захаваў багаты каларыт, высокую дэталізацыю, рэалістычнасць партрэта. Гэты абраз яркі, насычаны, паўднёвы. Твары святых выпісаны вельмі жыва, кампазіцыі складаныя і шматпланавыя. Калі на народнай праваслаўнай іконе мы бачым аднаго, часам дваіх святых, то на веткаўскай стараабрадніцкай – складаная трох'ярусная кампазіцыя, 50–60 персанажаў з філігранна прапісанымі тварамі. Плюс архітэктурныя элементы храма, пышнасць адзення і дэкору. На веткаўскі абраз моцна паўплывала культура барока, пераказаўшы яму ўрачыстасць і дынаміку.
Яшчэ адна цікавая асаблівасць стараабрадніцкіх ікон – святыя, намаляваныя на палях. Гэта могуць быць або патранальныя святыя – захавальнікі заказчыкаў абразоў, або прысвечаныя нейкім сітуацыям, перажыванням з жыцця заказчыка. Напрыклад, на палях адной з ікон у Веткаўскім музеі намаляваны святы пакутнік Хрыстафор з галавой сабакі – Псяглавец. Даследчыкі мяркуюць, што гэта было пажаданне жанчыны-заказчыцы, якая хацела адвадзіць мужа ад залішняй жаночай увагі. Рэч у тым, што, паводле адной хрысціянскай легенды, Хрыстафор быў вельмі прывабным для жанчын і, каб пазбавіцца спакус, папрасіў Бога яго збрыдзіць, а той у адказ надзяліў яго сабачай галавой.
Калекцыю ікон і кніг Веткаўскага музея пачаў збіраць яго заснавальнік Фёдар Шкляраў. Частка з іх была знойдзена падчас экспедыцый, частка набыта на аўкцыёнах, частка падораная людзьмі. Аднойчы ў музей патэлефанаваў гамельчук і прапанаваў забраць старадаўнюю мэблю, якая яму дасталася ў спадчыну разам з домам. Супрацоўнікі прыехалі па яе і ў размове пацікавіліся, ці няма ў доме абразоў. Гаспадар махнуў на склеп, маўляў, там нейкія былі. А гэта аказаліся стараабрадніцкія творы XIX стагоддзя вельмі рэдкай іканаграфіі – так музейная калекцыя папоўнілася каштоўнымі знаходкамі.
Ці шмат стараабрадцаў у Ветцы сёння?
У сучаснай Ветцы амаль няма стараабрацаў: за гады савецкай улады яны асіміляваліся, страцілі сваю рэлігійную ідэнтычнасць. Перасяленне пасля Чарнобыльскай катастрофы вымыла з раёна многіх карэнных жыхароў. Тых, хто захавалі культуру, засталіся адзінкі. Два стараабрадніцкія храмы з невялікім прыходам у 200 чалавек да гэтага часу дзейнічаюць у Гомелі.
Фото: Palasatka