Гомель

|

Гайды

|

Аўтар:   34travel

|

  27976

 

Гомель – гэта той горад, дзе можна расслабіцца і нікуды не спяшацца. Павольна прагуляцца старой вуліцай Савецкай з цікавымі помнікамі архітэктуры, перайсці самы доўгі пешаходны мост у краіне ці пазагараць на вялікім гарадскім пляжы. У Гомелі мноства ўтульных сквераў, патаемных вуліц і добрых устаноў, а яшчэ тут даволі бурлівае культурнае жыццё. Разам з МТС абнавілі наш фірменны гайд па горадзе над Сожам – самая актуальная інфармацыя для тваіх вылазак на поўдзень. 

 

змест гайда:

Транспарт  Жытло  Культурная праграма   

ЕЖа   Кава   Бары

 

 

 

Па Гомелі ходзяць тры віды грамадскага транспарту: тралейбусы, аўтобусы і маршруткі. Расклад можна знайсці на сайце gomeltrans.net або ў дадатку “Транспарт BY” для iOS або Android. На тралейбусе і аўтобусе можна пракаціцца за 80 капеек. На маршрутцы крыху даражэй – 1,8 BYN. Аднак на некаторых маршрутах цэны ніжэйшыя: у межах аднаго мікрараёна можна праехаць усяго за 80 капеек. 

Аплаціць праезд у тралейбусах і аўтобусах прасцей за ўсё праз мабільную праграму

Не меншы попыт у гамяльчан і гасцей горада на таксі. Самы выгадны варыянт – «Яндекс Go». Тут цэны стартуюць ад 2,5 BYN за паездку, так што, калі ехаць кампаніяй, дарога на таксі абыдзецца нават танней, чым на грамадскім транспарце. Праўда, апошнім часам усё часцей дзейнічае павышаны тарыф, але выніковая сума бачная адразу ж і кіроўца не возьме больш, чым пазначыла мабільная праграма. 

Аматары двухколавага транспарту могуць скарыстацца шэрынгам Kolobike Дадатак даступны для спампоўкі на iOS і Android. За арэнду ровара са старту трэба заплаціць 1 BYN, за хвіліну язды – 5 капеек, то-бок гадзіна абыдзецца прыкладна ў 4 BYN.

Дабрацца да месца прызначэння можна і на электрасамакаце. Каб скарыстацца паслугай, неабходна ўсталяваць мабільны дадатак BusyFly. Цэны стартуюць ад 19 капеек за хвіліну, калі выбіраеш гадзінны тарыф – то ад 8 рублёў за 60 хвілін. Дарэчы, цана залежыць ад хуткасці: чым хутчэй едзеш, тым вышэйшы кошт. На карце ў дадатку пазначана, дзе ў горадзе ёсць свабодны самакат, колькі зараду засталося і якую адлегласць на ім можна праехаць. 

Арандаваць электрасамакаты можна таксама ў дадатку Yes Sharing (для iOS або Android). За арэнду ровара са старту трэба заплаціць 1 BYN, за хвіліну язды – 6 капеек, то-бок гадзіна заважыць на 4,5 BYN. Электрасамакат даражэйшы: 1 BYN за старт і 25 капеек за хвіліну, то-бок 16 BYN за гадзінную паездку.

Знайсці вольны электрасамакат можна таксама з дапамогай мабільнае праграмы Busy Fly. Цэны стартуюць ад 20 капеек за хвіліну. Цана залежыць ад хуткасці: чым хутчэй едзеш, тым вышэйшы кошт. У адрозненне ад вышэйзгаданага канкурэнта, аплату за старт не бяруць, але ёсць такі пункт, як страхоўка ў 1 BYN (яе можна адключыць). На карце ў праграме паказана, дзе в горадзе ёсць вольны самакат, колькі зараду засталося і якую адлегласць на ім можна праехаць.

Арандаваць электрасамакаты можна і ў праграме Yes Sharing (для iOS або Android). Цэны на паездку з пахвіліннай аплатай тыя ж, але калі арандаваць адразу на гадзіну, то выйдзе выгадней – ад 10 BYN за 60 хвілін. 

 

 

 

Спыніцца ў Гомелі зручней за ўсё ў цэнтры. Адсюль рукой падаць да парку, тэатраў і музеяў. Лёгка дабрацца ў любы пункт горада, побач чыгуначны і аўтавакзал, а да аэрапорта можна даехаць на машыне літаральна за 20 хвілін. 

Побач з вакзалам месціцца гасцініца «Гомель» (Прывакзальная пл., 1). За аднамесны «стандарт» давядзецца заплаціць 55 BYN. Самы дарагі нумар – двухмесны двухпакаёвы «стандарт» коштам 92 BYN.

На другім паверсе гэтага ж будынка ёсць гасцініца «Парадиз» (Прывакзальная пл., 1, 2-і паверх гасцініцы «Гомель»). Цана за аднамесны «стандарт» – 65 BYN. Калі патрэбны палепшаны нумар на дваіх, за ноч давядзецца выкласці 130 BYN. З прыемных бонусаў – наяўнасць сейфа і пральні. З паркоўкай таксама праблем не будзе. 

Варыянт таннейшы – хостэл «Привокзальный» (вул. Прывакзальная, 3а). У 4-месным «стандарце» за ложак просяць 15 BYN. Так званы «люкс» (па мерках хостэла, вядома) стане ў 25 BYN.

За 300 метраў ад вакзала месціцца візіт-гатэль «Амакс» (вул. Кісялёва, 6). Цэны – ад 60 BYN. Самы дарагі нумар – студыя 37 «квадратаў», ноч каштуе 97 BYN.  

Гасцініца «Сож» (вул. Сялянская, 16) таксама знаходзіцца ў цэнтры горада. У крокавай даступнасці – мясцовыя славутасці і мноства ўтульных кавярань. У гасцініцы 135 нумароў, цэны на любы гаманец – ад 50 да 112 BYN. 

Не варта скідаць з рахункаў і такія гасцініцы, як «Турист» і «Надзея» (Савецкая, 87). У «Туристе» цэны вагаюцца ат 60 да 116 BYN, у «Надзеі» – ад 52 да 116 BYN.

Гасцініца «Центральная» (вул. Ланге, 17) прапануе ўсяго пяць нумароў. Ноч у нумары першай катэгорыі заважыць 70 BYN. Але калі хочацца адчуць сябе VIP-кліентам, давядзецца раскашэліцца на 450 BYN. У двухузроўневым нумары на 136 «квадратаў» асобны ўваход, спальня, кабінет з лоджыяй, кухня і ванны пакой.

Люксавыя (на мясцовы погляд, вядома) прапановы па размяшчэнні ў Гомелі – гэта «Парк-отель Замковый» (вул. Гагарына, 6) і Prestige Hotel (вул. Галавацкага, 72). Цана за ноч пачынаецца ад 56 BYN і можа дасягаць 1450 BYN, калі раптам табе захочацца паляжаць у ложках прэзідэнцкага трохпакаёвага люкса.

Для вандроўнікаў-аўтамабілістаў добрым варыянтам стане размяшчэнне ў гатэлі «Чисто отель» (вул. братоў Лізюковых, 4а). Тут зможаш расслабіцца ў саўне і хамаме, а жыць будзеш у суперкамфортных нумарах з прыстойным рамонтам. Цэны – ад 87 да 170 BYN.

Урэшце, можаш зняць кватэру. Шукай варыянты на kufar.by, gomel.irr.by, moyareklama.by. Кошт залежыць ад раёна, рамонту і чаканняў гаспадара – звычайна ад 25 да 80 BYN за суткі.

 

 

 

Калі выходзіш з будынка чыгуначнага вакзала, у цябе ёсць два шляхі: можаш пайсці наўпрост па праспекце Перамогі і дайсці да плошчы Паўстання або павярнуць направа і, ідучы па праспекце Леніна, дайсці да палацава-паркавага ансамбля. Падчас гэтых прагулак зможаш падсілкавацца – найлепшыя месцы гомельскага грамадскага харчавання шукай у раздзеле ніжэй. 

Контуры праспекта Перамогі былі пазначаныя яшчэ ў сярэдзіне XIX стагоддзя, і называўся ён тады Шосты Папярочнай, а затым Паштовай вуліцай. Складана паверыць, але яшчэ стагоддзе таму адна з найпрыгажэйшых вуліц горада была недагледжанай, з драўлянай забудовай, а па яе заходняй частцы перасоўваліся на лодках, бо там было самае сапраўднае балота. На месцы плошчы Паўстання стагоддзе таму размяшчаўся пляц для ваенных маршаў, а вядомы танк, які служыў арыенцірам для сустрэч мясцовых, з'явіўся тут у 1968 годзе. Праспект Леніна калісьці быў Замкавай вуліцай і вуліцай Луначарскага, на ім знаходзіўся рымска-каталіцкі сабор, пажарнае дэпо з вежай, вядомыя ў свой час гасцініцы «Метрополь» и «Золотой якорь». 

Гомельскаму парку на беразе ракі Сож ужо дзвесце гадоў. Ён вядомы сваёй калекцыяй унікальных раслін, сярод звыклых клёнаў, ясеняў і каштанаў тут можна знайсці веймутаву хвою, пірамідальны дуб і маньчжурскі арэх. 

Сэрца горада – палацава-паркавы ансамбль Румянцавых-Паскевічаў. Комплекс уключае ў сябе палац Румянцавых-Паскевічаў, пабудаваны ў стылі рускага класіцызму, парк з Лебядзіным ставам, сабор святых Пятра і Паўла, капліцу-пахавальню Паскевічаў, помнік Румянцаву, парк атракцыёнаў, Зімовы сад і назіральную вежу. Тут вельмі любяць шпацыраваць мясцовыя – у любую пару года. Гомельскі палац пачаў будавацца яшчэ ў 1777 годзе графам Румянцавым-Задунайскім, паўплываў на выгляд палаца таксама генерал-фельдмаршал Паскевіч. Тут гасцявалі прадстаўнікі царскай сям’і, імператары. Словам, месца моцы таго часу. 

Для гасцей горада самым выгадным варыянтам ахапіць усё і адразу стане пакупка адзінага білета. За 15 BYN атрымаецца наведаць пастаянныя экспазіцыі цэнтральнай часткі і вежы палаца, зменныя выставы музея, Зімовы сад, аглядную вежу і экспазіцыю «ZooTeрра». «Адзіны білет плюс» каштуе крыху даражэй – 20 BYN, але, акрамя вышэйпералічанага, для цябе адчыняцца дзверы ў філіял Веткаўскага музея стараабрадніцтва і беларускіх традыцый ім. Ф.Г. Шклярава, Музей гісторыі горада Гомеля і Музей гісторыі друку і фатаграфіі Гомельшчыны. 

Прагуляйся гомельскай набярэжнай: спусціўшыся ад палаца да Лебядзінага става, ты апынешся ў яе сярэдзіне – даўжыня набярэжнай 2,5 км. Будаўнічыя работы па яе падаўжэнні ішлі дастаткова доўга, але вынік – выдатнае месца для прагулкі, вялікая дзіцячая пляцоўка. 

І, вядома, які ж парк без атракцыёнаў? Самыя танныя каруселі каштуюць 2,5 BYN, самыя дарагія – 6,5 BYN. Але ёсць выгадныя прапановы, толькі трэба ўлічваць, што ў гомельскім парку ёсць атракцыёны ўласна ад Гомельскага парка, а ёсць – ад «Смолянка Град», і кошт бранзалетаў для нон-стоп-катання ў іх розны. 

Іншым добрым месцам для прагулкі ў Гомелі стане сквер імя Андрэя Грамыкі, у народзе – Піянерскі сквер, за якім месціцца Тэатр лялек (вул. Пушкіна, 14). Каля яго можна ўбачыць крыўляку Бураціна, пахмурнага Карабаса-Барабаса і Мальвіну з Артамонам у бронзавай карэце. Як ты заўважыш, вялікая колькасць гарадскіх скульптур – адна з адметных рыс Гомеля. Дарэчы, тэатр лялек тут не толькі для дзяцей, часам у афішы з'яўляюцца спектаклі «16+», вартыя тваёй увагі. Кошт квіткоў – ад 8 да 14 BYN.

Парк Фестывальны створаны для рамантыкаў. «Адзінокія лаўкі», астраўкі сустрэч і расставанняў, нават «Дрэва кахання», дзе маладыя ўпарта вешаюць «замкі шчасця» са сваімі імёнамі. 

Абмінуўшы возера, убачыш курган славы. За ім – невялікая цэркаўка са сваёй цікавай гісторыяй. Храм Святога Міхала Арханёла (пр-т Рэчыцкі, 34) – гэта драўляны будынак, які ў 2006 годзе перанеслі з чарнобыльскай зоны. Не ўсе былі радыя такому суседству – настолькі, што храм нават спрабавалі спаліць. Але жарсці даўно ўлягліся: храм стаіць, радыяцыі не знайшлі, а на прылеглай тэрыторыі мясцовыя ладзяць павольныя праменады, падкормліваючы гусей, качак і трусоў. 

Яшчэ адзін прыемны куток горада – сквер перад бібліятэкай імя Леніна з фантанам круглай формы. Улетку мясцовыя грэюцца тут на сонейку, ляніва гартаючы кнігі. 

Дакрануцца да прыгожага зможаш у арт-прасторы Green House (вул. Барыкіна, 155). Перадусім сюды ходзяць на спектаклі, але можна патрапіць і на канцэрт, і на рэтра-вечарыну. Тут жа ў сераду і нядзелю праходзяць сустрэчы Кінаклуба. Кожны тыдзень называюць тэму, удзельнікі прапануюць па ёй фільмы, затым агульным галасаваннем выбіраюць фільм-фаварыт, глядзяць і абмяркоўваюць. Далучайся.

У Гомелі ёсць тры кінатэатры: «Кинотеатр имени Калинина» (вул. Камунараў, 4), «Октябрь» (вул. Барыкіна, 127), «Мир» (вул. Ільіча, 51б) і Misteria Cinema (вул. Юбілейная, 9). Гамяльчане звычайна ходзяць у той, які бліжэй да дома.

Улетку ля цырка (вул. Савецкая, 27) па пятніцах працуе забаўляльная free пляцоўка, дзе спачатку рэжуцца ў настолкі, а з надыходам цемры пачынаецца кінапаказ пад адкрытым небам. Што глядзець, вырашаюць напярэдадні мерапрыемствы шляхам галасавання ў Instagram

Музей гісторыі горада Гомеля (вул. Пушкіна, 32) размешчаны ў гарадской сядзібе, якую называюць «Паляўнічая хатка» (калісьці гэта быў летні дом графа Мікалая Румянцава). Музей знаёміць з гісторыяй горада і перыядычна радуе наведнікаў тэматычнымі выставамі. 

Палац Румянцавых-Паскевічаў і філіял Веткаўскага музея (пл. Леніна, 4) размешчаныя зусім побач, але расказваюць пра зусім розныя рэчы. Калі ў палацы Румянцавых-Паскевічаў ты сутыкнешся з жыццём расійскай арыстакратыі і прагуляешся па палацы, у якім старанна падтрымліваюць атмасферу часоў баляў і прыёмаў, то ў філіяле Веткаўскага музея цябе пазнаёмяць з традыцыямі беларусаў, зладзяць майстар-класы па беларускіх танцах і песнях. У абодвух музеях можна купіць сувеніры, а ў палацы Румянцавых-Паскевічаў, апроч пастаяннай экспазіцыі, перыядычна праходзяць выставы фатаграфіі і выяўленчага мастацтва. Веткаўскі музей, бадай, самы ліберальны – тут увесь час ладзяцца нейкія моладзевыя тусоўкі і майстар-класы, напрыклад па лепцы з гліны ці пляценні купальскіх вянкоў. 

Унутры Веткаўскага музея стараабрадніцтва і беларускіх традыцый цябе чакаюць калекцыі стараабрадніцкіх ікон, рукапісныя і старадрукаваныя кнігі XVI–XIX стст., калекцыі ткацтва і археалагічныя артэфакты, усё вельмі аўтэнтычнае, і настойліва раім узяць тут экскурсію. 

Калі цябе зачароўваюць алдскульныя камеры, то абавязкова зазірні ў Музей фатаграфіі і друку (вул. Камунараў, 7). Тут можна і ў эпоху мінулага стагоддзя акунуцца, і натхніцца на ўласныя кадры. 

Карцінная галерэя Г.Х. Вашчанкі (вул. Карповіча, 4) названая ў гонар народнага мастака Беларусі і экспануе больш за 400 работ беларускіх мастакоў (50 карцін, якія сталі асновай фонду, выйшлі з-пад пэндзля Гаўрыіла Харытановіча).  

Акрамя класічнай звязкі «музей-кіно-парк», Гомелю ёсць чым бліснуць перад гасцямі. Так, калі ты прыедзеш на ўік-энд, а ўвечары мецьмеш парачку вольных гадзін, то можаш прапампаваць скіл на ганчарным крузе або намаляваць за куфлем віна карціну не горш Ван Гога. У першай у Гомелі студыі для творчасці «ВОЗДУХ» нешта адбываецца ўвесь час. 

Ёсць яшчэ адна студыя для бясконцага самавыяўлення – «Черника» (вул. Савецкая, 26, 3 паверх). Яе добра ведаюць гамяльчане, якія няроўна дыхаюць да акварэлі. Калі ты ў Гомелі ненадоўга і асвоіць цэлы курс відавочна не паспяваеш, можаш хаця б разнастаіць вольны час адзінкавым майстар-класам за 50 BYN. 

Абласная бібліятэка імя Леніна даўно ўжо стала ва ўжытку «Ленінкай» (пл. Перамогі, 2а). Акрамя як пачытаць, цяпер тут можна зрабіць яшчэ шмат чаго: паслухаць лектараў у «Проста навуковай кавярні» (табе нават пададуць гарачую гарбату з печывам), а калі-нікалі ў залы «Ленінкі» прыязджаюць вандроўнікі (у іх тут таксама свой клуб). Не спісвай з рахункаў прэзентацыі кніг, паэтычныя вечарыны і выставы прац. 

Выдатная навіна для аматараў чагосьці больш экстрэмальнага – у Гомелі ёсць скейт-парк. Узяць дошку, каб прэч прагнаць нуду, можна на набярэжнай палацава-паркавага ансамбля (недалёка ад вядомага бара «Кватэрнік»).

Аматараў вострых адчуванняў запрашаюць скокнуць з вяроўкай з 60-метровай вежы непадалёк ад Гомеля. Актуальны расклад у Instagram, там жа можна знайсці кампанію з аўтамабілем і дабрацца да месца старту з камфортам.

Яркія ўражанні гарантаваныя тым, хто вырашыцца на скачок з парашутам. Задавальненне нятаннае – 380 BYN за скачок у тандэме з інструктарам з вышыні 2,5–3 км, затое ўспамінаў стане на ўсё жыццё.

Калі патрэбныя прасцейшыя скокі, вас ласкава запрашаюць батутныя цэнтры FlashPark (пр-т Касманаўтаў, 61, 4 паверх) і Neo Land (вул. Ільіча, 331, 7 паверх). Цэны залежаць ад часу і дня тыдня, стартуюць ад 11 BYN. Час ад часу ў Neo Land ладзяць начныя тусоўкі на батутах, дзе праводзяць майстар-класы ад інструктараў, рубяцца ў Sony Playstation, частуюць піцай і кавай.

У сезон даступныя водныя віды спорту. Можна выправіцца ў двухдзённы сплаў на байдарках або пачыліць на сап-бордах, сустракаючы і праводзячы сонца. 

 

 

 

 

Гэты гайд па ўтульным Гомелі мы абнавілі пры падтрымцы МТС і расказалі пра ўсе месцы, якія хочацца паказваць сябрам і блізкім, якія прыязджаюць сюды ў госці.

Гасцям Беларусі, якім важны безлімітны інтэрнэт і выгадныя званкі, варта звярнуць увагу на новы тарыф МТС «#Безліміцішча для гасцей». Калі далучыцца на яго да 15 лістапада 2023 года, то безлімітны інтэрнэт і 650 хвілін званкоў ва ўсе сеткі будуць даступныя за 25 рублёў у першы месяц выкарыстання SIM-карты.

«#Безліміцішча для гасцей» дазваляе без даплат карыстацца інтэрнэтам у звыклым для абанента рэжыме: глядзець YouTube, даследаваць сацсеткі, абменьвацца паведамленнямі, аўдыя і відэа ў месэнджарах без абмежаванняў. Даступны і рэжым мадэма: 100 мегабайт у дзень – задарма, зверху – 0,75 рублёў у суткі.

Абанентам тарыфу «#Безліміцішча для гасцей» даступна таксама падключэнне SMS-роўмінгу за 0 рублёў. Пры актывацыі дадзенай опцыі можна атрымваць і адпраўляць SMS, знаходзячыся за межамі Беларусі.

Далучыцца на «#Безліміцішча для гасцей» можна ў кожным салоне МТС у Беларусі. Вось карта, на якой лёгка адшукаць бліжэйшую кропку продажаў.

Больш дэтальна пра акцыйнае падключэнне тарыфу «#Безліміцішча для гасцей» можна пачытаць на сайце МТС.

 

 

 

 

 

Адразу па прыездзе побач з вакзалам можна падсілкавацца бургерам з бульбай фры ў «Бургер Люкс» (вул. Прывакзальная, 1)

Калі фастфуд – не ў тваю касу, прайдзі крыху далей і зможаш паабедаць больш сур'ёзна ў «Салянцы» (вул. Прывакзальная 1-31). Насупраць рэстаран народнай кухні «Васількі» (пр. Перамогі, 29). Знаходзіцца ён усярэдзіне гандлёвага цэнтра, але для рамантыкаў ёсць тэраса на другім паверсе (з маляўнічым відам на алею і вакзал). 

Народны рэстаран «Бацькі» (вул. Савецкая, 12) – гомельскі прататып украінскай «Пузатай хаты». Тут ты зможаш пакаштаваць юшку, боршч, салянку, расольнік, халадзец, галубцы, дранікі і нават селядзец па-вясковаму. 

Бліновая «Экзюперы» (вул. Савецкая, 12) – царства блінцоў з традыцыйнымі начыннямі (вяндліна і сыр, свініна, курыца) і дэсертнымі (з тварагом і варэннем, бананам і згушчонкай, шакаладна-арэхавай пастай). А яшчэ тут вельмі смачная какава! 

Кавярня «Кунжут» (вул. Пушкіна, 2, пр-т Рэчыцкі, 62а). Бургеры і сушы ў гэтай кавярні можна купіць да 2 ночы. Ёсць меню простых хуткіх сняданкаў – аўсянка ці кукурузныя шматкі. 

«Стрит Бургер» (пр. Леніна, 20) падыдзе аматарам бургераў. Ва ўстанове ўпор зроблены на разнастайныя бургеры, чызбургеры, малочныя кактэйлі. 

Заўсёды добра і смачна ва ўстанове «ПиццБург» (вул. Кажара, 6а). У адным крыле можна замовіць піцу, сушы і што з імі, а ў іншым вараць каву і робяць уласную выпечку. 

А як наконт свежых пампушак? У пампушкавай Donuts (вул. Працоўная, 5) часам можна парушыць нават строгі ПП-рэжым. 

«Прованс» (Білецкі спуск, 1) – самы прыстойны рэстаран французскай і італьянскай кухні, размешчаны ў маляўнічым месцы з відам на Сож, з адкрытай летняй тэрасай, невялікім фантанчыкам, балконамі. Па вечарах тут іграе жывая музыка. Са страў звярні ўвагу на дэсерты «Тарт-татэн з грушай» і «Маракуя з блакітным сырам», філе-міньён, салату «Ліёнскую» і піцу на дровах. Кожны новы сезон у рэстаране з'яўляецца асобны спіс страў – маеш шанец пакаштаваць нешта новенькае. 

«Бефана» (пр. Леніна, 20) – рэстаран італьянскай кухні, у якім працуе тытулаваны шэф-кухар Юрый Каляснёў. Упор робіцца на прыгажосць падачы страў, у меню шмат пазіцый з морапрадуктамі, а цэннік крыху вышэйшы, чым у іншых установах горада. Але гэта таго варта! 

«ФаСоль» (вул. Савецкая, 36) – двухпавярховы рэстаран, які славіцца добрым абслугоўваннем і трансляванымі канцэртамі добрых гуртоў. Ёсць вялікая кантактная барная стойка. Калі прыйдзеш сюды на сняданак – замаўляй найсмачнейшыя сырнікі і блінцы з вішняй. Улетку ёсць адкрытая тэраса. 

DOM (пр. Леніна, 34) – прыемная кавярня, у якой ты заўсёды зможаш паснедаць, нават калі прачнешся толькі пад вечар: аўсяная каша, сырнікі, амлеты ды іншыя пазіцыі ранішняга меню гатуюцца тут увесь дзень. Май на ўвазе, што само памяшканне кавярні даволі невялікае і ў абедзенны час тут не праціснуцца. 

«Чисто пивной ресторанчик» (вул. братоў Лізюковых, 4а) – месца для кампашак, гатовых адрывацца да раніцы пад гарачыя рытмы кавер-бэндаў. Гонар рэстаранчыка – бровар пад сваім дахам. На тэрыторыі рэстарана ёсць яшчэ і гатэль, некалькі відаў саўн, фітнес і нават мыйка для машын! Поўны набор. 

«Ірына» (вул. Гагарына, 3) – рэстаран са шматгадовай гісторыяй, які належыць кампаніі «Ірына Сэрвіс», любімай гамяльчанамі за свежую выпечку і кандытарскія вырабы. У самім рэстаране гасцей парадуюць жывой музыкай і дэмакратычнымі цэнамі. 

«Старое Время» (вул. Сялянская, 14) спадабаецца табе, калі ты хочаш падсілкавацца стравамі нацыянальнай беларускай кухні і кухняў былых краін СССР. У «Старым Часе» адным з прыемных бонусаў з'яўляецца тэматычная скіраванасць установы – адсылкі да фільмаў «Белае сонца пустыні», «Вяселле ў Малінаўцы», «Месца сустрэчы змяніць нельга» і «Варатар» увасоблены ў афармленні залаў. 

«Мама Хуана» (вул. Савецкая, 29а) панясе цябе ў далёкую, але такую прывабную палітрай смакаў Мексіку. Па выхадных тут да вострых страў дабаўляюцца яшчэ і вечарыны. 

«Хинкальня» (вул. Савецкая, 44) – пункт знаёмай многім сеткі грузінскай кухні, якую любяць за шчодрыя порцыі па сціплых грошах: тры стравы плюс напой абыдуцца ўсяго ў 16 BYN. Паспрабуй супы харчо і чыхіртму, гарачыя хінкалі і румяныя хачапуры.  

«Пельместо» (ТЦ «Секрет», ул. Гагарина, 65, 1 этаж) пазіцыянуе сябе як месца са смачнай і зразумелай ежай. Пельмені, варэнікі, хінкалі, чабурэкі можна пакаштаваць не толькі ва ўстанове, але і прыхапіць дадому – тут іх прадаюць і ў замарожаным выглядзе. Асабліва рэкамендуем ацаніць пельмені з крэветкамі.

«Все как он любит» (вул. Білецкага, 4) – рэстаран у фармаце speak easy ў часы сухога закона. Каб патрапіць унутр, трэба адшукаць званок непадалёк ад уваходных дзвярэй і не забыцца назваць кодавае слова. Кухня для аматараў элегантных эксперыментаў, музыка ў стылі лаўндж і нязмушаная атмасфера для асаблівага вечара – усё ў адным месцы.

«Адажио» (пр. Леніна, 3) – прыемнае месца з еўрапейскай і японскай кухняй. Тут і ў абед можна смачна і нядорага падсілкавацца і ўвечары прыемна вярнуцца на вячэру і жывую музыку.

«Рассказов» (вул. Кірава, 90а) – хмельны рэстаран з прыемным інтэр'ерам і добрай кухняй. Раім пакаштаваць сырны крэм-суп і стэйк з сёмгі са сметанковым соусам.

У Гомелі ёсць даволі папулярны фудхантэр-паблік, дзе вядуцца агляды на мясцовыя ўстановы і гатовыя стравы ў супермаркетах. Калі хочаш сумленныя і бязлітасныя водгукі – чакай тут.

 

 

 

«Чаша Мира» (вул. Савецкая, 1) – гэта арт-салон ад стваральнікаў легендарнага бітлз-вагончыка Cup of peace. Тут хлопцы й дзяўчаты ставяць вініл, гатуюць вегетарыянскае, ладзяць канцэрты, а што самае галоўнае – выстаўляюць працы мясцовых мастакоў.

Coffee&Toast (вул. Рагачоўская, 1а, пр. Леніна, 10, і вул. Братоў Лізюковых, 4а) – па найлепшую каву ў горадзе табе сюды: барыста звараць магутны флэт-уайт на сумесі Арабік і абавязкова прапануюць свежую альтэрнатыву. І не забудзься пакаштаваць тост. Нам падабаецца «Авакада», «Цэзар», «Пепероні» і «4 сыры». А ў пятніцу-суботу ўстанова ажывае і па начах: на Бр. Лізюковых гуляюць на ўсе застаўкі да чатырох гадзін раніцы.

The Cler (пр. Леніна, 24) – лофт-кавярня з французскімі эклерамі. Рэкамендуем тварожныя эклеры і фірмовы напой «Cler-кава», гарачы зверху і халодны знізу. Цана за 6 эклераў – 18 BYN.

Chaikoff (вул. Кірава, 21) – кававы бар, у якім можна выпіць кубачак кавы са смачным дэсертам, а таксама купіць пакунак ліставой гарбаты або рабусты.

Калі ўжо ты ў Гомелі, то абавязкова пакаштуй гарачы шакалад у кафэтэрыі пры шакаладнай фабрыцы “Спартак” (вул. Хатаевіча, 1). Сапраўдны расцеплены шакалад стане найлепшым напоем у халодную пару года і прыемным успамінам пра наведванне горада.

Не забудзь захапіць з Гомеля сувеніры для сяброў-ласунчыкаў. У фірмовых крамах «Спартака» прадаюць шакаладныя пельмені і кілаграмовыя пліткі шакаладу.

У дворыку Палесдруку месціцца ўтульная «Кофейня 1505» (вул. Савецкая, 1), якая ўжо пабіла ўсе рэкорды наведвальнасці. Калі сцісла: кава – агонь, сэндвічы – таксама. Рэкамендуем!

На вулачкі Парыжа цябе перанясе Le Cafe (пр. Леніна, 29а). Гэта месца і пра пышныя круасаны з рознымі начыннямі, і пра фотазону, не адыходзячы ад століка. Від на ружовы дом рук вядомага гомельскага архітэктара Станіслава Шабунеўскага дадаецца.

У кавярні «Алекс» (пр-т. Леніна, 4) табе прапануюць арахісавае латэ і найсмачнейшы дэсерт, а таксама каву ў ядомым кубачку. А калі згаладнееш, звярні ўвагу на кіш з грыбамі і курыцай.

Сетка Black Fox ёсць у шасці пунктах горада, але мы раім зазірнуць менавіта ў кавярню на Савецкай, 6. Бо толькі там ты зможаш сесці ля акна старога ўнівермага з відам на шумную Савецкую. Але галоўны дыямент – гэта від на стары Руска-Азіяцкі банк у стылі класіцызм.

На месцы старога добрага кафэтэрыя ў «Аркадзе» адкрылася «Кофелогия» (Савецкая, 30). Тут можна і круасан са стронгай з'есці, і тортам з буякамі шліфануцца. Месца тут няшмат, але ўсё вельмі сімпатычна.

Garage (вул. Косарава, 18, і пр. Рэчыцкі, 5в, 2-гі паверх) – сетка кавярань у гандлёвых цэнтрах горада. Калі занясе на шопінг, заўсёды можна зазірнуць ва ўтульную кавяраньку на каву. А калі апетыт разгуляецца не на жарт, то калі ласка – бургеры, піца, пельмені з індычкай.

Кавярні Madrock раскіданыя па ўсім горадзе. Імбірная гарбата, малочны кактэйль, больш за дзесяць гатункаў кавы – гэта ўсё знойдзеш тут, ну і набіць жывот класікай жанру зможаш: у меню – шаўрма, хот-догі, нагетсы і бульбачка фры ўжо чакаюць цябе.

Джэлатэрыя Freddo in Bocca (вул. Камунараў, 7а) — утульная кавярня з прыемнай атмасферай. Галоўная фішка ўстановы — марозіва ўласнае вытворчасці. Удзень паспытайце марозіва з гаргандзолай альбо гарбузом, а вечар прабаўце за келіхам італьянскага лікёру.

 

 

 

SozhskiHub (вул. Падгорная, 10г) – бровар на шыкоўнай каштанавай алеі, дзе любіць збірацца моладзь. У «Сожскім хабе» можна таксама згуляць у баскетбол, бірпонг, настолкі і «кракадзіла». А часам тут праходзяць фры-маркеты і кінапаказы.

«ПНВІ» (вул. Артылерыйская, 6) – яшчэ адно месца для прыхільнікаў хмельнага напою. Па будніх днях у бары можна завіснуць да дзвюх гадзін ночы, а па выходных адрывайся на танцпляцы хоць да самай раніцы.

Black Bar (вул. Катуніна, 14) – просты барчык, дзе можна прыемна завяршыць дзень. Часам трапляеш на трансляцыю важнага футбольнага матча, іншым разам можаш заляцець на паказ нейкага вечна маладога ды актуальнага фільма.

Бар «Кватэрнік» (Білецкі спуск, 1). Адкрытая прастора, у якой можна пакаштаваць кактэйлі і патанчыць падчас dj-сэтаў. Тут выконваецца блюз, выступаюць музычныя гурты, ладзяцца спаборніцтвы па настольным футболе і прэзентуюцца вершы. Уваход на некаторыя мерапрыемствы платны, але яно таго варта – жывую музыку ў гэтым бары хваляць усе наведнікі.

Seven Fridays (пр. Леніна, 6). Найсмачнейшыя бургеры і стэйкі, атмасфера амерыканскага бара з камфортным мяккім асвятленнем і танцавальная музыка.

«Этаж» (вул. Пушкіна, 2, уваход з боку цырка, 4 паверх). Бар з прыцішаным асвятленнем, утульнымі крэсламі, вялікім выбарам закусак, вінаў і дэсертаў. Тут грае dj Slava Uncle, пад музыку якога так прыемна пагутарыць у стане рэлаксу ці ж, наадварот, патанцаваць. Ёсць кальянная карта.

Для аматараў удыхнуць духмянага дымкуу – кальянны клуб Мята Lounge (пл. Леніна, 2, 1-ы паверх КЗЦ «Еўропа»). Тут табе, апроч кальяну, і гарбата асаблівая, і жывы саксафон, і модныя Deep/Tech House тусы.

Nemo Club (Набярэжная, 2) пасля рамонту зайграў свежымі фарбамі. Лакацыя проста ваў: клуб знаходзіцца ў канцы новай часткі набярэжнай, а з тэрасы адкрываецца від на маляўнічы Сож. Тут не толькі пра начныя танцы, але і пра каву-вячэру ў кампаніі сяброў.

 

 

Тэкст - Крысціна Босак, Анастасія Давыдзенка. Абнаўленні 2022-га – Ганна Якштас.

Фота – palasatka

|

Гайды

Аўтар:   34travel

  27976

hand with heart

Отблагодарить 34travel

Если наши материалы пригодились тебе в пути, сказать спасибо редакции можно, купив нам чашку кофе через Ko-fi. Всего пара кликов, никаких регистраций, комиссий и подписок. Спасибо, что ты с нами.

ЗАКИНУТЬ МОНЕТКУ

Чытай таксама

Менск

Лепшае, што ёсць у Менску, у новым гайдзе ад 34travel.

Горадня

Гайд па каралеўскім горадзе Беларусі.

Віцебск

Што паглядзець у самым культурным беларускім горадзе.

Брэст

Горад з багатай гісторыяй, суровай крэпасцю і ўтульнымі кавярнямі – сустракай наш абноўлены гайд па Брэсце.

Пiнск

Душэўны гайд па сталіцы Палесся, якая падарыла свету першага прэзідэнта Ізраіля і іншых знакамітасцей.

Ліда

Культурная праграма, актыўны адпачынак і найлепшыя ўстановы ў горадзе Гедыміна.

Цяпер на галоўнай

Менск

Лепшае, што ёсць у Менску, у новым гайдзе ад 34travel.

Як прайшоў Багач – галоўнае восеньскае свята беларусаў?

Будзь багаты, як восень!

Падкаст пра беларускую гастраномію: Экзотыка ў меню

Распавядаем пра моду на памаранчарні і нетыповыя прадукты ў Мінску 1920-х.

Падкаст пра беларускую гастраномію: Кава ці гарбата?

Гісторыя ўлюбёных напояў і традыцыйных дэсертаў.

9 мастацкіх музеяў і галерэй за межамі Менска

Пранізлівыя пейзажы, яскравыя маляванкі і нават манументальныя мазаікі.

Тут нават камяні жывыя. Этнограф – пра палескія традыцыі, якія захаваліся да нашых дзён

Міфалогія старажытнага беларуса, якую можна назіраць ужывую.

Забытая Беларусь: славутасці, якіх ужо няма

Спадчына, памяць пра якую застаецца толькі на малюнках.

Месца тыдня: Лынтупы

Касцёл, сядзіба і старыя могілкі.

Маршрут па беларускім Палессі: едзем у Пінск і ваколіцы

Унікальныя музеі народнай культуры, мясціны Напалеона Орды, загадкавыя пахавальні.

Паказаць больш Паказаць больш