10 абарончых храмаў Беларусі
Троіцкі касцёл у Ішкалдзі
Баранавіцкі раён Брэсцкай вобласці
Унікальны храм у Ішкалдзі ўзвялі яшчэ ў XV стагоддзі (пачатак прац датуецца 1449 годам) – так што гэта адзін з найстаражытнейшых касцёлаў у Беларусі, які ані разу значна не перабудоўваўся. Да Першай сусветнай вайны храм выглядаў трохі інакш – вось на гэтым малюнку Напалеона Орды можна разгледзець дадатковы дэкор у дэталях. Увогуле за доўгія стагоддзі сваёй службы храм пабачыў нямала: яго і зачынялі, і ператваралі то на кальвінісцкі збор, то на праваслаўную царкву, але ў рэшце рэшт вярнулі католікам. У архітэктуры Троіцкага касцёла лёгка адгадваюцца гатычныя рысы, але – у адрозненне ад іншых храмаў гэтага стылю – касцёл у Ішкалдзі не мае ні вежак, якія імкнуцца ўвысь, ні багатага аздаблення. Тым не менш храм выглядае адначасова строга і вытанчана.
Маршрут: Ішкалдзь, Мір і возера Свіцязь за адну паездку
Царква Святога Арханёла Міхала ў Сынкавічах
Зэльвенскі раён Гарадзенскай вобласці
Суворая царква ў Сынкавічах была адной з самых ранніх культава-абарончых пабудоў на тэрыторыі ВКЛ. Паводле адной з версій, будынак узвялі ажно ў 1320 годзе, а ў 1407-м на той момант ужо разбураны храм перабудавалі і перасвянцілі ў прысутнасці князя Вітаўта. Кажуць, Вітаўт вельмі пранікся гэтымі мясцінамі, калі аднойчы хаваўся ў тутэйшых лясах ад пагоні Ягайла. Сёння царква ў Сынкавічах выглядае як сапраўдная сярэднявечная крэпасць: тоўстыя сцены і вежы, невялікія вокны-байніцы, з якіх на заваёўнікаў планавалі выліваць кіпучую смалу, і аскетычнае аздабленне ў выглядзе ніш рознага памеру на фасадзе. Зайсці ўсярэдзіну не праблема – удзень там амаль заўсёды адкрыта, нават калі няма службаў.
Свята-Раства-Багародзіцкая царква ў Мураванцы
Шчучынскі раён Гарадзенскай вобласці
Славутасць малюсенькай вёскі Мураванкі – царква, збудаваная на пачатку XVI стагоддзя. Храм быў пабудаваны як праваслаўны, але за доўгую сваю гісторыю – як гэта часта бывае – паспеў ператварыцца і на ўніяцкі, і на каталіцкі. У вуглах пабудовы знаходзяцца вежы з маленькімі акенцамі-байніцамі, зусім як у замках ці крэпасцях. Храм у гатычна-рэнесансным стылі ў XIX стагоддзі трохі перабудавалі, але ён дагэтуль захоўвае ўсе рысы мясцовага дойлідства, характэрнага для XVI стагоддзя. У Мураванку лепш прыязджаць у нядзелю ці ў царкоўныя святы – тады ёсць шанец зазірнуць усярэдзіну старажытнай пабудовы, а гэта сапраўды варта зрабіць.
Касцёл Святога Арханёла Міхала ў Смаргоні
Гарадзенская вобласць
Яшчэ адзін храм, які нагадвае маленькую, але надзейную крэпасць, быў збудаваны на пачатку XVII стагоддзя з падачы Крыштафа Зяновіча як кальвінісцкі збор, а пазней перададзены католікам (а яшчэ пазней – праваслаўным, потым быў часткова разбураны, адноўлены, зачынены, адкрыты і зноў павернуты католікам). У XIX стагоддзі пра храм пісаў Уладзіслаў Сыракомля – і гэтае апісанне ўсё яшчэ ў поўнай меры адпавядае рэчаіснасці: «Над касцёлам высока ў неба ўзносіцца купалападобная вежа з казырком, на якой быў новы гадзіннік. Два круглыя збудаванні побач з галоўнай вежай робяць будынак падобным да ваеннага ўмацавання».
Касцёл Ушэсця Найсвятой Дзевы Марыі ў Дзераўной
Стаўбцоўскі раён Менскай вобласці
У гісторыі храма ў Дзераўной шмат цёмных плям: даследчыкі маюць розныя версіі і пра дату пабудовы (ці то 1590, ці то 1630 год), і пра імёны заснавальнікаў (ці то Радзівіл Чорны, ці то Радзівіл Сіротка), і пра першапачатковае прызначэнне храма (ці то касцёл, ці то кальвінісцкі збор). У чым гісторыкі сходзяцца дакладна, дык гэта ў тым, што спрадвечна храм не меў гэтай элегантнай вежкі – яна з'явілася толькі ў другой палове XVII стагоддзя. Дарэчы, калі заплануеш падарожжа ў Дзераўную, можаш заскочыць яшчэ і ў Шчорсы ці на возера Кромань.
Касцёл Яна Хрысціцеля ў Камаях
Пастаўскі раён Віцебскай вобласці
Касцёл-крэпасць Яна Хрысціцеля ў Камаях ані разу за доўгія 400 гадоў сваёй гісторыі не пераставаў служыць вернікам. Хоць, вядома, розныя непрыемнасці з ім за гэты час здараліся: напрыклад, у 1654–1667 гадах храм трапіў пад абстрэл расійскай артылерыі і яго купалы абваліліся – таму касцёл трохі перабудавалі. А ў Паўночную вайну сувораму храму дасталася ад шведаў – у памяць пра тыя падзеі ў сцены будынка пры рэстаўрацыі ўмуравалі гарматныя ядры. Хоць звонку касцёл у Камаях і выглядае вельмі масіўна і досыць проста, яго ўнутранае аздабленне вельмі вытанчанае – з роспісамі, шклянымі люстрамі і найстарэйшым у Беларусі арганам.
Маршрут: Архітэктурная спадчына паўночнай Беларусі
Троіцкі касцёл у Чарнаўчыцах
Брэсцкі раён
Сталы Троіцкі касцёл у Чарнаўчыцах пабудавалі ў 1683 годзе. І хоць належыць ён да готыка-рэнесанснай эпохі, эксперты кажуць, што гэты храм сваімі архітэктурнымі рысамі ўжо з'яўляецца прадвеснікам барока. Даволі стрыманы ў сваёй архітэктуры, храм выглядае так, быццам адначасова моцна стаіць на зямлі і імкнецца ўвысь. А вострая званіца робіць кампазіцыю ўсяго гэтага ансамбля завершанай. Дарэчы, калі апынешся ў Чарнаўчыцах, абавязкова не прапусці яшчэ і драўляную царкву Параскевы Пятніцы 1733 года пабудовы.
Маршрут: Вялікае падарожжа па Брэсцкай вобласці
Кальвінісцскі збор у Першамайску
Уздзенскі раён Менскай вобласці
Унікальная для Беларусі пабудова абарончага тыпу знаходзіцца на тэрыторыі (не палохайся) Уздзенскага дзяржаўнага сельскагаспадарчага прафесійнага ліцэя. Некалі тут месцілася сядзіба спачатку братоў Кавячынскіх, якія сябравалі з Радзівілам Чорным, а потым – шляхецкага роду Завішаў. Ад сядзібы Завішаў, дарэчы, засталася парачка флігеляў. Кальвінісцкі збор у XVI стагоддзі ўзвялі якраз пры тых самых братах Кавячынскіх. Праўда, калі контррэфармацыя ў ВКЛ перамагла, храм быў асвячоны як каталіцкі. Яшчэ пазней будынак ператварылі на радавую пахавальню. А ў 1970-х, калі на тэрыторыі былой сядзібы пачалі будаваць ПТВ, каштоўны старажытны кальвінісцкі збор наогул ледзь не знеслі. Цяпер пабудова пустуе, і размоў пра рэстаўрацыю пакуль не вядзецца.
Ад Узды да Нясвіжа: невядомая спадчына
Касцёл Святога Арханёла Міхала ў Гнезна
Ваўкавыскі раён Гарадзенскай вобласці
Касцёл у мястэчку Гнезна пабудаваны ў 1524–1527 гадах. У сваім шаноўным веку храм з рысамі готыкі і рэнесансу выглядае вельмі магутна – з тоўстымі сценамі з чырвонай цэглы, строгай вежай і вузкімі вокнамі. Можаш кінуць вокам на малюнак Напалеона Орды ад 1877 года – як бачыш, за стагоддзі храм амаль не змяніўся. Калі будзе магчымасць, паспрабуй зазірнуць усярэдзіну: хоць арыгінальнае ўбранне касцёла, на жаль, не захавалася, затое можна ўбачыць, напрыклад, копію «Сікстынскай мадонны», якую стварыў майстар з Ваўкавыска.
Спаса-Праабражэнская царква ў Заслаўі
Менскі раён
Храм у Заслаўі збудаваны ў другой палове XVI стагоддзя на тэрыторыі ўмацаванага бастыёна, так што абарончыя здольнасці гэтай царквы – у мінулым кальвінісцкага храма – адразу кідаюцца ў вочы. Будынак атачаюць земляныя валы і магутныя равы, на вежы, якая некалі служыла назіральным пунктам, можна разглядзець байніцы. З той пары храм некалькі разоў пераходзіў з адной канфесіі ў іншую і пару разоў перабудоўваўся – але ўсё адно ўражвае.
Маршрут на паўдня: Гістарычныя аколіцы Менска
Фота: palasatka