Забытая Беларусь: славутасці, якіх ужо няма

|

Культурная праграма

|

Аўтар:   Катя Бухтинова

|

  5129

Забытая Беларусь: славутасці, якіх ужо няма

Мы шмат расказваем пра Беларусь: куды паехаць, што паглядзець. Але мала – пра тое, што мы страцілі. У новым матэрыяле вырашылі распавесці пра беларускую спадчыну, памяць пра якую застаецца толькі на малюнках у падручніках гісторыі. А цяпер будзе і ў гісторыі 34travel. Тваёй увазе – велічныя касцёлы і палацы, незвычайныя замкі і сядзібы, якія, на жаль, убачыць ужо не атрымаецца.

 

 

Касцёл кармелітаў у Бялынічах

Малюнак Напалеона Орды, 1877

Цяпер на месцы, дзе стаяў касцёл у Бялынічах, – звычайная плошча. Але калісьці ён быў цэнтрам прыцягнення паломнікаў з усёй Рэчы Паспалітай. Усё праз цудатворны абраз, які прызналі нават у Ватыкане. Як ён з'явіўся, у горадзе ніхто не ведае. Па легендах, ці то ікону прывезлі манахі з Кіева, ці то намаляваў падарожнік, які «аказаўся анёлам».

Гісторыя касцёла звязана з імем канцлера і вялікага гетмана ВКЛ – Льва Сапегі. Менавіта ён выдаў фундуш у памяць пра перамогу над маскоўскімі войскамі, дзякуючы якому кармеліты атрымалі землі і манастыр. Адбылося гэта ў XVII стагоддзі. Годам заснавання касцёла называюць 1624-ы.

Спачатку ўсе адбудавалі з дрэва, але пазней вырашылі ўмацаваць цэглай. Прыход дзейнічаў тут да 1832 года, а ў 1859 годзе на тэрыторыі здарыўся пажар – касцёл выратаваць не змаглі. На шчасце, храму далі другое жыццё. 

Яго перабудавалі і ў 1876 годзе перадалі праваслаўным. Гэта быў помнік эпохі позняга барока. У гісторыі Беларусі ён застаўся толькі на малюнку Напалеона Орды.

Храм праіснаваў да 30-х гадоў XX стагоддзя, а пасля вежы і купал сабора знеслі – яны «не ўпісваліся ў стыль новага клуба», які тут адкрылі. Пасля вайны будынак выкарыстоўвалі як кінатэатр і склад. У 1960-х наогул вырашылі ад яго пазбавіцца: былы касцёл узарвалі, а руіны цалкам разабралі.

Храм усё ж такі не знік бясследна. Беларускім мастакам-рэстаўратарам удалося знайсці і аднавіць яго фрэскі. Цяпер яны прадстаўлены ў мастацкім музеі ў Магілёве. 

 

 

Сядзіба Ашторпаў у Дукоры

Малюнак Напалеона Орды, паміж 1856 і 1883

Пра Дукору ты, хутчэй за ўсё, нешта ведаеш: «маёнтак», які там разгарнулі, – адна з самых вядомых славутасцяў непадалёк ад Менска. Але калі цяпер туды прыязджаюць, каб убачыць перакулены дом і пракаціцца на карэце, то раней забавы тут былі зусім іншымі.

Гісторыя вёсачкі пачынаецца з XVI стагоддзя. Спачатку яна належала Сапегам, потым перайшла ва ўладанне Агінскіх, а пазней дасталася ў падарунак Францішку Ашторпу. Менавіта ён і пачаў будаваць тут палац, які неўзабаве зашумеў на ўсю акругу.

Сваю папулярнасць сядзіба атрымала пры сыне Францішка Лявоне. Ён завяршыў будаўніцтва палаца ў класічным стылі, разбіў вакол яго парк, высадзіў уязную алею – сур'ёзна рыхтаваўся да прыёму гасцей. Да яго пачалі прыязджаць усе вялікія «шышкі»: расійскія чыноўнікі, мясцовая шляхта, вялікія майстры мастацтваў. Сядзіба стала цэнтрам свецкага жыцця: тут дзейнічаў тэатр, іграў сімфанічны аркестр і нават быў цырк – адзін з першых на тэрыторыі Беларусі.

 

Усё змянілася пасля смерці Лявона. Дукора перайшла ва ўладанне адной з яго дачок, але тая жыла ў сядзібе свайго мужа. Маёнтак пачаў занепадаць.

У 1874 годзе сядзіба перайшла да расійскага роду Гартынгаў. Яны за гаспадаркай сачылі, але нядоўга: у ХХ стагоддзі вырашылі эміграваць у Францыю (іх можна зразумець). З таго часу ўсімі пабудовамі распараджалася дзяржава. І з гэтай функцыяй яна не справілася – амаль усё было разбурана.

Цяпер ад маёнтка засталіся толькі невялікі флігель і ўнікальная брама.

 

 

Замак і кальвінскі збор у Дзяржынску

Малюнак Напалеона Орды, 1876 год

Дзяржынск мог бы быць някепскім турыстычным напрамкам – калі б не суровыя выпрабаванні лёсу, якія выпалі на долю гарадка. І, дарэчы, Дзяржынскам ён мог не быць. Каля 90 гадоў таму места называлася Койданава – і тут быў замак, у цэнтры якога стаяў унікальны кальвінскі храм.

Замак з'явіўся ў XIII стагоддзі – яго ўзвялі на ўзвышшы, якое называлася «Гаштольдава гара». З гадамі ён разросся ў вялікую фартыфікацыю са сценамі ў паўтара метра таўшчынёй. Праз 300 гадоў, калі кальвінізм быў на піку моды ў ВКЛ, пабудову вырашылі «апгрэйдзіць» храмам. Кальвінскі збор быў вядомы на ўсю акругу – тут знаходзілася знакамітая Радзівілаўская Біблія, надрукаваная ў Берасці ў 1563 годзе.

Кальвінская парафія была адной з нямногіх, якая праіснавала так доўга: яна працавала ажно да 1913 года. Але падчас вайны 1919–1921 гадоў будынак моцна пацярпеў. У 1930-х яго наогул пачалі разбіраць па цаглінках, кажуць, для будаўніцтва гарадской бальніцы.

Цяпер на Гаштольдавай гары захаваліся адно фрагменты сцен – ды і тыя ледзь пазнавальныя. Любавацца «замкам на гары», на жаль, можам толькі з малюнкаў.

 

 

Сядзіба Друцкіх-Любецкіх у Манькавічах

Каля 1930 года

Друцкія-Любецкія валодалі мястэчкам Манькавічы даволі нядоўга – з 1887-га па 1910 год. Але абжыцца тут у іх атрымалася нядрэнна. Сядзіба часта была ў стане свята і поўная шляхетных гасцей. Усё дзякуючы яе ўладальніку – міністру ўнутраных спраў Расійскай імперыі Уладзіміру Друцкаму-Любецкаму (і яго любові да жыцця на шырокую нагу).

Дом, кажуць, быў вельмі прыгожы, у стылі барока. Пабудавалі яго цалкам з дрэва – Уладзіміру падабалася блізкасць да прыроды. Прыязджаў ён сюды час ад часу, але заўсёды вельмі гучна!

Падчас Другой сусветнай вайны дом згарэў. Ад яго не засталося нічога, акрамя фрагментаў падмурка. Але вандроўнікі ўсё ж часам наведваюць Манькавічы – каб паглядзець на руіны капліцы-пахавальні роду. 

 

 

Касцёл Святога Станіслава ў Пінску


У першай палове XVII стагоддзя недалёка ад берага Піны ўзвялі велічны касцёл – ён быў часткай комплексу езуіцкага калегіума. На той час гэта быў самы буйны каталіцкі храм ВКЛ. «Калі глядзець на Пінск з-за ракі Піны, то гэты храм і дом Скірмунта як бы пануюць над драўляным горадам», – пісаў рускі публіцыст Мікалай Ляскоў. 

Будаўніцтва храма спансаваў канцлер ВКЛ Станіслаў Альберт Радзівіл, і грошай не шкадаваў. У Пінск з такой нагоды прывезлі найлепшых еўрапейскіх майстроў. Выкарыстоўвалі шмат бронзы, разьбянага дрэва. 

Храм даволі часта пераходзіў з рук у рукі: у 1787 годзе – ад каталікоў да ўніятаў, пасля – да базыльянаў, у 1800-м – асвечаны як праваслаўны, у 1918 годзе – зноў стаў служыць каталікам. Пакуль не наступіла вайна – у часы Другой сусветнай ён моцна пацярпеў ад баёў.

Савецкая ўлада вырашыла касцёл не адбудоўваць, а падарваць. У рашэнні пазначылі, што «будынак па сваім тэхнічным стане не можа быць адноўлены для выкарыстання пад культурна-бытавое памяшканне, а таксама не з'яўляецца архітэктурным помнікам».

 

 

Петрапаўлаўская царква ў Беразвеччы

Малюнак Язэпа Драздовіча, 1926 год

Фота Ежы Дулевіча, 1934 год

Фота Яна Булгака, 1930-е годы

Гэты храм – шэдэўр віленскага барока – у Беларусі ўжо не знойдзеш. Затое яго (нечакана) можна ўбачыць у Беластоку: пасля таго як царкву знішчылі ў 1970-х у нас, у Польшчы вырашылі стварыць яе дакладную копію.

Петрапаўлаўскую царкву ў Беразвеччы называюць найлепшай працай архітэктара Яна Глаўбіца – а стварыў ён нямала! Глаўбіц сабраў для дызайн-праекта свае найлепшыя ідэі і практыкі. Вынік – вытанчаны будынак з хвалістым фасадам, павернутым да сонца, і дзвюма дэкаратыўнымі вежамі. 

Па прызначэнні храм выкарыстоўвалі менш за 200 гадоў. У 1939 годзе савецкія ўлады адкрылі тут турму НКУС. Падчас вайны тут трымалі палонных. А пасля – размясцілі калонію для крымінальных злачынцаў.

У 1970 годзе, калі з рэлігіяй ужо не змагаліся так актыўна, храм вырашылі падарваць. Навошта і чаму – усё яшчэ пытанне.

 

 

Палац Храптовічаў у Шчорсах

Малюнак Напалеона Орды, 1878 год

Мы часта ўключаем Шчорсы ў маршруты падарожжаў па Беларусі, але рэкамендаваць мястэчка хацелася б не толькі праз добра захаваныя гаспадарчыя пабудовы. Калісьці тут стаяў раскошны сядзібны комплекс, якім валодалі Храптовічы. Для яго будаўніцтва запрасілі найлепшую творчую каманду Рэчы Паспалітай: архітэктараў Джузэпэ дэ Сака, Карла Спампані і Габрыэля Якуба. Спачатку сядзіба ўключала толькі палац у стылі класіцызму і некалькі гаспадарчых пабудоў. Але з гадамі маёнтак так разросся, што мог прэтэндаваць на званне асобнай краіны: тут выраблялі фурманкі, колы, займаліся жывёлагадоўляй, выпякалі хлеб, рабілі сваё піва, сыры і вырошчвалі рыбу. Храптовічы арганізавалі бровар, маслабойню і нават прадпрыемствы па вытворчасці цэглы – толькі ўяві!

Бібліятэка роду была настолькі шырокай, што давялося пабудаваць для яе асобны двухпавярховы будынак. Заязджалі туды «пачытаць», дарэчы, Адам Міцкевіч, Уладзіслаў Сыракомля і Ян Чачот. 

Трагічным пунктам для сядзібы стала Першая сусветная вайна – тады многія будынкі моцна пацярпелі, а мясцовую бібліятэку вывезлі. У 1939 годзе Чырвоная армія захапіла маёнтак і арыштавала ўладальнікаў. Палац стаў часткай калгаса – і яго будучыню ўжо можна ўявіць.

Збудаванні, вядома, хутка прыйшлі ў заняпад. Палац у 1950-х наогул разбурылі да падмурка. Адносна нядрэнна захавалася толькі некалькі пабудоў, і ўсё яшчэ можна палюбавацца часткамі парку на беразе невялікага вадаёма.

 

 

Касцёл Святога Вінцэнта і кляштар місіянераў у Смілавічах

Малюнак Напалеона Орды, 1850 год

Смілавічы, якія звычайна асацыююцца з майстрамі Парыжскай школы жывапісу – Хаімам Суціным і Файбішам-Шрагай Царфіным, – цалкам годнае месца для падарожжаў (памятаеш, мы нават публікавалі падрабязны маршрут?). Але да 1930-х тут быў яшчэ адзін важны беларускі хайлайт. Лічым абавязковым пра яго расказаць!

Кляштар місіянераў, які пабудавалі тут у 1767 годзе, – таксама помнік любімага беларусамі віленскага барока. Выглядаў ён трохі сціплейшым за царкву ў Беразвеччы, але не менш цікава, і будаваўся з ініцыятывы Марцібелы Агінскай. Тут таксама працавала місіянерская школа і вяліся пахаванні Агінскіх.

Манастыр нашумеў сваёй вялікай калекцыяй беларускіх абразоў. Праўда, амаль нічога ад іх не засталося (як і ад самога храма). Спачатку ён страціў прыналежнасць да каталіцтва – у 1866 годзе яго перадалі праваслаўным. У 1930-я храм знеслі.

 

Фота: Palasatka

hand with heart

Отблагодарить 34travel

Если наши материалы пригодились тебе в пути, сказать спасибо редакции можно, купив нам чашку кофе через Ko-fi. Всего пара кликов, никаких регистраций, комиссий и подписок. Спасибо, что ты с нами.

ЗАКИНУТЬ МОНЕТКУ

Чытай таксама

6 цікавых беларускіх музеяў, якія варта наведаць

Унікальныя старадаўнія артэфакты і традыцыйная культура.

Куды пайсці ў Менску ў чэрвені? Афіша івэнтаў

Шэкспір, Батсад і беларускі фальклор.

6 ідэй для восеньскіх падарожжаў па Беларусі

Кароткі светлавы дзень і халаднаваты вецер – не нагода спыняць падарожжы па Беларусі.

9 мастацкіх музеяў і галерэй за межамі Менска

Пранізлівыя пейзажы, яскравыя маляванкі і нават манументальныя мазаікі.

10 загадкавых капліц-пахавальняў у Беларусі

Старажытныя месцы пахаванняў з містычным духам.

8 месцаў, дзе жылі знакамітыя беларусы і беларускі мінулага

Расказваем, куды паехаць, каб дакрануцца да гісторыі.

Цяпер на галоўнай

Менск

Лепшае, што ёсць у Менску, у новым гайдзе ад 34travel.

Як прайшоў Багач – галоўнае восеньскае свята беларусаў?

Будзь багаты, як восень!

Падкаст пра беларускую гастраномію: Экзотыка ў меню

Распавядаем пра моду на памаранчарні і нетыповыя прадукты ў Мінску 1920-х.

Падкаст пра беларускую гастраномію: Кава ці гарбата?

Гісторыя ўлюбёных напояў і традыцыйных дэсертаў.

9 мастацкіх музеяў і галерэй за межамі Менска

Пранізлівыя пейзажы, яскравыя маляванкі і нават манументальныя мазаікі.

Тут нават камяні жывыя. Этнограф – пра палескія традыцыі, якія захаваліся да нашых дзён

Міфалогія старажытнага беларуса, якую можна назіраць ужывую.

Месца тыдня: Лынтупы

Касцёл, сядзіба і старыя могілкі.

Маршрут па беларускім Палессі: едзем у Пінск і ваколіцы

Унікальныя музеі народнай культуры, мясціны Напалеона Орды, загадкавыя пахавальні.

Як прайшоў Юраўскі карагод – унікальны абрад сустрэчы вясны

Паказваем, як абрад са спісу ЮНЕСКА выглядае сёння.

Паказаць больш Паказаць больш