8 месцаў непадалёк ад Менска, каб перазагрузіцца

|

Актыўны адпачынак

|

Аўтар:   Юлия Миронова

|

  2888

8 месцаў непадалёк ад Менска, каб перазагрузіцца

Хочацца хаця б на паўдня перадыхнуць ад усяго, што адбываецца, напоўніцца энергіяй і паслухаць цішыню? Выбралі восем класных месцаў недалёка ад Менска, дзе перазагрузка пройдзе як мае быць. 

 

Гідрапарк «Сасновы бор»

Дзе? Радашковічы, Маладзечненскі раён
Адлегласць ад Менска: 50 км
Каардынаты: 54.202011, 27.240586

Гэтае маленькае дзіва водна-архітэктурнай думкі было пабудаванае ў 1983 годзе па спецыяльным праекце «Белгіправодгаса». Парк знаходзіцца як бы на некалькіх астраўках, злучаных невялікімі масткамі, у тым ліку падвеснымі. Ёсць тут і працяглы пірс, дзе можна любавацца воднай роўняддзю і лебедзямі, якія па ёй слізгаюць. Але самае цікавае тут – фантаны і разнастайныя водныя канструкцыі, раскіданыя ў розных частках комплексу. Візітоўка – вялікі каскад у самым пачатку парка, за пірсам. Велізарныя струмені вады бясконца валяцца з вышыні ўніз – сядай на лаўку насупраць і атрымлівай асалоду.

Уваход у парк вольны, невялікі пляж усярэдзіне таксама бясплатны. А вось для таго, каб скарыстацца альтанкамі для пікніка на тэрыторыі гідрапарка, трэба загадзя дамаўляцца з адміністрацыяй санаторыя.

 

 


Фота: murmurash  

Музей народнай архітэктуры і побыту Строчыцы

Дзе? Азярцо, Менскі раён
Адлегласць ад Менска: 20 км
Каардынаты: 53.834194, 27.374062

Ідэальнае месца, калі хочацца махнуць з горада на ўвесь дзень, дадаўшы ў шпацыр пазнавальны элемент. На размашыстай тэрыторыі Музея народнай архітэктуры і побыту месціцца аўтэнтычная драўляная забудова з трох беларускіх рэгіёнаў: цэнтральнай часткі, Паазёр'я і Падняпроўя. Тут і сялянскія хаты, і цэрквы, і ветракі, і разнастайныя гаспадарчыя будынкі. А яшчэ ёсць карчма, якая і цяпер выконвае свае непасрэдныя абавязкі: тут можна падсілкавацца традыцыйнымі стравамі і пакаштаваць хранавухі.

Музей вельмі вялікі, таму абувайся зручна і глядзі прагноз надвор'я перад выездам. Кошт уваходнага квітка і іншых паслуг правярай тут.

 

 


Фота: palasatka

Налібоцкая пушча

Адлегласць ад Менска: каля 80 км
Каардынаты: сцежка «Белакорац» – N54°01’26.7" E26°31’04.5", сядзіба Тышкевічаў – 53.97631, 26.68759, возера Кромань – 53.711746,26.315019

Гэта найбліжэйшы да Менска лясны масіў велізарных маштабаў, дзе, апроч непрагляднай прыроднай глухмені, ёсць яшчэ і чым палюбавацца. Па-першае, тут можна прайсці экасцежкі. Іх некалькі, але мы прапануем звярнуць увагу менавіта на «Белакорац» – гэтая сцежка не вельмі працяглая, затое інтэрактыўная і інклюзіўная. На шляху табе сустрэнуцца і лэнд-арт, і вельмі мілыя інфармацыйныя стэнды, і нават ігравое мема, якое дапаможа запомніць назвы птушак, якія жывуць у пушчы. Асабліва цікава на гэтай сцежцы будзе дзецям, але і дарослым таксама спадабаецца.

Калі цягне ўбачыць яшчэ і якую славутасць, то яе таксама знойдзеш у Налібоцкай пушчы. Ва ўрочышчы Вялае знаходзяцца руіны сядзібы Тышкевічаў – цікавае месца для аматараў занядбанак. Тут жа паблізу дажывае свой век і закінуты санаторый «Лясное». Выглядае даволі апакаліптычна, але калі любіш казытаць нярвішкі – самае тое. Праўда, заходзіць усярэдзіну небяспечна, будынак у аварыйным стане.

Калі цябе не палохаюць пераезды па неасфальтаваных дарогах пушчы (а яны там усе такія), то зможаш агораць яшчэ 50 км ад сядзібы Тышкевічаў, каб скончыць шпацыр пікніком на беразе маленькага, але амаль ідэальна круглага возера Кромань. Вельмі прыемнае месца, а краявіды вакол – асалода для вачэй!

 

 


Фота: palasatka  

Менскае гарадзішча

Дзе? Менскі раён
Адлегласць ад Менска: 10 км
Каардынаты: 53.8280, 27.3385

Гарадзішча знаходзіцца ўсяго за 10 км ад Менска, паблізу Музея народнай архітэктуры і побыту. Гэта археалагічны комплекс IX-XI стагоддзяў, дзе, паводле гістарычных звестак, і знаходзіўся старажытны Менск. Гарадзішча – гэта не столькі пра дзівосныя славутасці, колькі пра энергію месца. Толькі ўяві: менавіта з гэтых высокіх валоў і пачыналася гісторыя горада! Сюды прыемна вырвацца на пару гадзін з гарадской мітусні і проста падыхаць чыстым паветрам. І абавязкова абдымі стагадовую таполю, якая ўзвышаецца над мясцовасцю, – гавораць, абдымаць дрэвы карысна.

 

 

Любанскія крэйдавыя кар'еры

Дзе? Вёска Хоцінава, Любанскі раён
Адлегласць ад Менска: 140 км
Каардынаты: 52.870741, 27.864770

Найдалейшая ад Менска лакацыя ў гэтым спісе, але зганяць туды і назад за дзень усё адно можна. Месца гэтае вельмі прыгожае: сосны, абрывы і вада такіх колераў, што ніякія фільтры потым для фота не спатрэбяцца!

Кар'ераў на мясцовасці два, і купацца ў іх, ясная рэч, забаронена: усё-такі закінутае радовішча вапны – месца вельмі небяспечнае. Але зладзіць пікнік ці проста нагуляцца дасхочу – гэта заўсёды калі ласка. Тым больш на беразе аднаго з кар'ераў ёсць міленькая абсталяваная мясціна для адпачынку: лавачкі, столікі і крафтавы шэзлонг.

А па дарозе назад, калі застанецца час, можна паглядзець на яшчэ адно дзіва не прыроды, але беларускай прамысловасці – салігорскія тэрыконы. Вось тут ёсць падрабязны маршрут. 

 

 


Фота: murmurash  

Парк і сядзіба Гутэн-Чапскіх

Дзе? Вёска Станькава, Дзяржынскі раён
Адлегласць ад Менска: 35 км
Каардынаты: 53.635077, 27.222096

А гэта месца для тых, хто хоча шпацыраваць не проста па парку, але па парку з гісторыяй. Станькава ў мінулыя часы мела шматлікіх знакамітых гаспадароў, але максімальнага росквіту мястэчка дасягнула пры Гутэн-Чапскіх. Менавіта яны і пабудавалі ў Станькаве сядзібны комплекс, які часткова дайшоў да нашых дзён, і разбілі велізарны парк. Самая галоўная мясцовая славутасць – двухпавярховы палац у стылі класіцызм – на жаль, не захавалася. Але ў парку дагэтуль можна ўбачыць некаторыя гаспадарчыя пабудовы, напрыклад стайню ці дом для прыслугі. Ну а перліна парка – гэта, вядома, «Скарбчык», былая бібліятэка князя Чапскага, падобная на маленькі сярэднявечны замак. Прыгажосць!

 

 


Фота: palasatka  

Экасцежка «Святыя крыніцы»

Адлегласць ад Менска: 48 км
Каардынаты: 54.201105, 27.384912

Вельмі прыгожая і не самая раскручаная лакацыя. Паводле легенды, на месцы крыніц некалі стаяла царква, якая потым пайшла пад зямлю. А на яе месцы з'явіліся крыніцы, іх мясцовыя жыхары сталі называць «святымі». 

«Святыя крыніцы» – невялікая (350 м), але вельмі маляўнічая сцежка, якая складаецца з драўляных насцілаў і масткоў, перакінутых праз мноства дробных раўчукоў. Гэта максімальна далікатны дотык да прыроды: ты шпацыруеш проста над крыніцамі, пры гэтым ніяк не ўрываючыся ў жыццё экасістэмы. А яшчэ тут сапраўдны прыродны ASMR: цурчаць ручаі, спяваюць птушкі і вельмі прыемна парыпваюць дрэвы.

На экасцежцы ёсць і альтанка, дзе можна запыніцца на пікнік, так што абавязкова захапі тэрмас з гарбатай (ці што ты там любіш браць з сабой). Больш дэталёвую інфу пра лакацыю знойдзеш тут.

 

 


Фота: murmurash  

Вёска Рубяжэвічы

Дзе? Стаўбцоўскі раён
Адлегласць ад Менска: 60 км

Па-першае, у вёсцы Рубяжэвічы проста вельмі прыгожа: там знаходзіцца неагатычны касцёл святога Іосіфа, абкладзены камянямі – а такі спосаб будаўніцтва ў Беларусі сустракаецца нячаста. Пра гэты храм, дарэчы, ёсць цікавая гісторыя: пасля паўстання 1863 года на тэрыторыі Беларусі было забаронена будаваць касцёлы. Але мясцовы шляхціч Антоній Тур з гэтым змірыцца не мог і ўсталяваў у 1866 годзе каля возера камень з надпісам «Тут будзе пабудаваны храм». Тура за такую выхадку адправілі ў высылку, але, вярнуўшыся з яе, Антоній усё адно дамогся свайго. І ў 1911 годзе ў Рубяжэвічах з'явіўся гэты самы храм.

Ну а другі пункт, дзеля якога варта завітаць у гэтую вёсачку на выходных, – возера за храмам. Гэтае месца вельмі пасуе для зацішнага пікніка. Галоўнае, стаўся да яго асцярожна і не забывай, што ў вёсцы жывуць сваё размеранае жыццё мясцовыя – калонка з музыкай і мангал тут дакладна будуць недарэчнымі.

 

Фота на галоўнай: palasatka

|

Актыўны адпачынак

Аўтар:   Юлия Миронова

  2888

hand with heart

Отблагодарить 34travel

Если наши материалы пригодились тебе в пути, сказать спасибо редакции можно, купив нам чашку кофе через Ko-fi. Всего пара кликов, никаких регистраций, комиссий и подписок. Спасибо, что ты с нами.

ЗАКИНУТЬ МОНЕТКУ

Чытай таксама

«Вясковы шык». Гісторыя архітэктаркі, якая ўдыхае другое жыццё ў старыя вясковыя хаты

Што прыўкраснага ў старых бярвёнах і «класічным» пераплёце акна?

«Букашкин дом»: як сямейная пара ажыўляе старыя дамы на Гродзеншчыне

Як за паўтара месяца зрабіць рамонт і пасябраваць з мясцовымі?

Выходзім на прыроду: таямнічая экасцежка ў Менскім раёне

Для ўтульных шпацыраў.

14 маляўнічных сядзібных паркаў у Беларусі

Больш за дзясятак ідэй для медытатыўных шпацыраў у цені дрэў.

Сезон адкрыты: 13 забегаў па Беларусі

Кожны нечым адметны.

7 маляўнічых месцаў для пікнікоў па ўсёй Беларусі

Лакацыі з магутным гістарычным бэкграўндам і шыкоўнымі краявідамі.

Цяпер на галоўнай

Менск

Лепшае, што ёсць у Менску, у новым гайдзе ад 34travel.

Як прайшоў Багач – галоўнае восеньскае свята беларусаў?

Будзь багаты, як восень!

Падкаст пра беларускую гастраномію: Экзотыка ў меню

Распавядаем пра моду на памаранчарні і нетыповыя прадукты ў Мінску 1920-х.

Падкаст пра беларускую гастраномію: Кава ці гарбата?

Гісторыя ўлюбёных напояў і традыцыйных дэсертаў.

9 мастацкіх музеяў і галерэй за межамі Менска

Пранізлівыя пейзажы, яскравыя маляванкі і нават манументальныя мазаікі.

Тут нават камяні жывыя. Этнограф – пра палескія традыцыі, якія захаваліся да нашых дзён

Міфалогія старажытнага беларуса, якую можна назіраць ужывую.

Забытая Беларусь: славутасці, якіх ужо няма

Спадчына, памяць пра якую застаецца толькі на малюнках.

Месца тыдня: Лынтупы

Касцёл, сядзіба і старыя могілкі.

Маршрут па беларускім Палессі: едзем у Пінск і ваколіцы

Унікальныя музеі народнай культуры, мясціны Напалеона Орды, загадкавыя пахавальні.

Паказаць больш Паказаць больш