«Букашкин дом»: як сямейная пара ажыўляе старыя дамы на Гродзеншчыне

|

Актыўны адпачынак

|

Аўтар:   34travel

|

  1351

«Букашкин дом»: як сямейная пара ажыўляе старыя дамы на Гродзеншчыне

Раней «Букашкин дом» быў вядомы мінчукам як кавярня з кнігамі, дзе можна было казачна бавіць час з дзецьмі. Цяпер «Букашкин дом» – гэта не арандаваная пляцоўка ў горадзе, а паўнавартасны дом непадалёк ад Налібоцкай пушчы, з сапраўднай печчу і амаль без інтэрнэту, куды гараджане прыязджаюць на самастойныя рэтрыты, браніруючы жыллё праз Airbnb. Стваральніца кавярні Таццяна Бакланава і яе муж – інвестар, бізнес-анёл – Валерый Астрынскі сваімі рукамі, з нулявым вопытам будаўніцтва, ператварылі закінуты дом у месца для адпачынку. І ўжо думаюць, ці не ўзяцца за наступны. 34travel пры падтрымцы The Glenlivet адправіўся ў госці да Валерыя і Таццяны, каб даведацца, як яны прымудраюцца ў лічаныя месяцы ператвараць «закідкі» ў такія прасторы, дзе хочацца быць і заставацца.

Перад тым як стварыць гасцявы «Букашкин дом», пара рэканструявала дом для сябе. Праязджаючы вёску Лелюкі, яго прыкмеціш адразу: высока над участкам лунае пунсовы сцяг Іўеўскага раёна з выявай князёўны Еўны, жонкі Гедыміна, за чытаннем. Падыходзіш бліжэй – і не ведаеш, што разглядаць спачатку: хату, абабітую асінавай дранкай, тэрасу з яблыневымі стаўбурамі замест слупоў, старадаўнія калёсы, дзіцячы будан або загадкавы арт-аб'ект з манекенаў, які пераехаў сюды пасля невялікага менскага Burning Man на Кастрычніцкай. Спяшаемся ў дом, каб пра ўсё гэта паслухаць.

 


Пандэмія як стымул паспрабаваць новае

У Лелюках жылі сваякі Валерыя, і ў дзяцінстве ён вельмі шмат часу бавіў тут, на Нёмане. Заўсёды адчуваў да вёскі цеплыню, але ў дарослым жыцці прыязджаў сюды не так часта. Недзе каля дзесяці гадоў таму ў яго саспела ідэя: што, калі разам з сябрамі купіць тутэйшыя закінутыя дамы (тады іх аддавалі за 100-200 долараў), адрэстаўраваць і прыязджаць разам бавіць час? Чалавек пяць ідэяй загарэліся. Праўда, далей за пакупку справа тады не пайшла. Хаты займелі новых гаспадароў толькі на паперы. Дом, дзе мы сёння п'ём гарбату з самавара, таксама купіў адзін з сяброў сям'і. Але заехаць у яго так і не наважыўся.

У 2020 годзе на Беларусь абрынуўся COVID-19, многія людзі пераключыліся ў рэжым самаізаляцыі, пустыя кавярні ды іншыя грамадскія прасторы пачалі закрывацца, нейкія з іх – назаўжды. Закрыўся і «Букашкин дом». Мэбля і аксэсуары, зробленыя спецыяльна для яго, аказаліся бяздомнымі – іх развезлі па падвалах сяброў. Але доўга залежвацца ім не давялося.

Пандэмія, закрыццё ўласнай справы і дзеці, якія пастаянна завісаюць дома праз дыстанцыйку, вярнулі Таццяну да думкі пра хатку ў вёсцы. Аднойчы на шляху ў Ліду яна збочыла ў Лелюкі паглядзець на закінуты дом. Калісьці тут жылі майстравітыя людзі: муж рабіў розныя драўляныя рэчы накшталт калаўротаў і качалак, а жонка шыла, вязала, вышывала, але пасля іх смерці дом аказаўся не патрэбны нікому. З трыццаць гадоў ён прастаяў закінуты, двор па калена зарос быллём. Разгледзець у ім нешта прыгожае здолеў бы не кожны. Аднак наша гераіня змагла.

 

 

 Таццяна: 

«Быў пачатак красавіка, холадна, шэры дождж, вецер. Ледзь замок адчыніла, заходжу – бачу пясчаную падлогу, павуцінне, нейкі металалом, бітае шкло. Тут яшчэ і дзверы за мной зачыніліся... Але ўжо тады мне спадабалася ідэя, што можна зрабіць усё так, як хочаш сам. Бо калі няма падлогі – значыць можна зрабіць нейкую прышпільную падлогу. А галоўнае – само месца: тут класная прырода, і я падумала, што для самаізаляцыі будзе ідэальна. Прыязджаю дадому і кажу мужу: “У цябе ў вёсцы ёсць такі прышпільны дом”. – “Ну не ведаю, ён вельмі развалены”. – “Давай з'ездзім на выходныя навядзём парадак і паглядзім”. Мы ўзялі старэйшага сына і паехалі. Было добрае надвор'е, і ўсё зусім па-іншаму ўспрымалася. Цэлы дзень мы ўдарна выносілі смецце, махалі граблямі, падмяталі. Распалілі ў печы, пасмажылі ў ёй тушонку і на нейкіх скрынях паабедалі. І вось я сяджу і думаю: тут можна гэта паставіць, тут вось такія шторкі будуць вісець, тут падлога бірузовая будзе...»

Пара захацела накіраваць энергію ў рэстаўрацыю хаткі – акурат у абодвух вызваліўся час. Але дзе ўзяць працоўныя рукі, калі ў мясцовых лета распісанае на месяцы наперад, а вазіць будаўнікоў з Мінска – задума дарагая і энергаёмістая? Муж і жонка пагутарылі з насельнікамі Лелюкоў, і тыя сказалі, што нічога асабліва складанага ў будоўлі няма. Далёкі сваяк Валерыя, які ў маладосці працаваў будаўніком, абяцаў падмагчы калі не цягліцамі, то хаця б мудрай парадай. У астатнім вырашылі спадзявацца на Google і ўласную кемлівасць.

Дэдлайн сабе паставілі фантастычны: узяўшыся за хатку ў красавіку, новыя гаспадары планавалі ўжо 23 траўня прыняць гасцей на дні нараджэння Таццяны, а потым прабавіць у вёсцы лета. У поспех такой авантуры не верылі ані сябры сям'і, ані мясцовыя жыхары, якія рамантавалі свае дамы гадамі.

 

 

«У нас была задача сделать всё быстро, недорого и максимально просто»

 

 

Як адрэстаўраваць дом за паўтара месяца

Мінчукі распісалі план работ і пачалі. Перш за ўсё вынеслі смецце. Потым Валерый за тыдзень, начуючы ў спальніку, адбалгарыў сцены, якія былі пакрытыя фарбай, некалькімі пластамі шпалер, ды яшчэ абшмараваныя цэментнай сумессю ўперамешку з калючым дротам. Столь з бэлькамі пачысцілі шпаталем, пафарбавалі, пакрылі лакам. Цагляную печку абмазалі спецыяльным растворам, пафарбавалі і размалявалі. Для дэкору вялікай печы Таццяна выкарыстоўвала бітую плітку, якая засталася ад нейкага ранейшага рамонту, і мясцовыя, зазірнуўшы з «рэвізіяй», западозрылі ў новай гаспадыні мастачку.

На падлогу пайшла фарба, якая для падлогі не прызначаная, -- хацелася яркасці, а ў стваральнікаў фарбы для падлогі занадта кансерватыўныя ўяўленні аб яе магчымай гаме. Гаспадары не бачаць праблемы: лепш перафарбаваць, калі аблезе, чым фарбаваць у колер, які не падабаецца.

 Таццяна: 

«Вясковыя сцены я вырашыла пакінуць як ёсць, проста крыху прайшлася “Снежкай”. Пафарбавала за адзін дзень адзін пакой, за другі – другі. Сусед Косцік прыйшоў: “Гэта, вядома, дабра, але вось бы яшчэ які гіпсакардон зрабіць!” Я кажу: “Не, вы што! Паглядзіце, які колер. Прыгожыя сцены, так і будзе”. А ён: “Ну гэта раней так, можа, вельмі бедныя якія людзі жылі…” Бірузовая падлога таксама ўсіх хвалявала: “Чаму яна такая?” – а я адказвала: “А чаму ёй такой не быць?”» Затое потым, калі мы пачалі рабіць тэрасу, Косцік раптам падзяліўся: “Ведаеш, раней мне было гэта ўсё незразумела, а цяпер гляджу – нават прыгожа! Можа, і ў сябе нешта такое зраблю”».

У працэсе рэстаўрацыі даводзілася выслухоўваць мноства скептычных заўваг ад бывалых і нярэдка парушаць устояныя ўяўленні аб тым, як павінна быць. Пытанні былі да ўсяго: камяні на ўваходзе – будзе слізка, плот не суцэльны – звяры паваляць, сцены есць жучок – значыць даесць канчаткова, шырокая веранда без даху – ад дажджоў згніюць дошкі, вогнішча каля дома – чакай пажар. У гаспадароў на ўсе заўвагі быў адзін адказ: не абавязкова будаваць так, быццам збіраешся жыць тут 300 гадоў. Бо ўсё можна абнаўляць па меры неабходнасці.

Агульнае бачанне прасторы таксама мянялася па сітуацыі. Так, спачатку гаспадары думалі жыць без плота, каб нішто не перашкаджала позірку, аднак фермерскія каровы панадзіліся хадзіць на ўчастак і дрэнна сябе паводзіць. Прыйшлося мінімальны плот збудаваць – тут натхняліся сімпатычнымі канструкцыямі амерыканскіх фермераў. Дарэчы, да гэтага плота аднойчы падыходзіў воўк – у мясцовым лесе нельга паляваць, таму можна сустрэць вельмі шмат усякай жыўнасці: лісак, зайцоў, казуль і не толькі.

Разабрацца навасельцам з вадой дапамаглі мінчукі, якія пераехалі сюды раней, -- нават рабочую схему водаправода і каналізацыі намалявалі. Балазе вада пад зямлёй была неглыбокая – свідроўшчыкі здабылі яе лёгка. А далей Валерый, не дачакаўшыся мясцовых капальнікаў, сам укапаў 300-літровыя бочкі ў зямлю. І неўзабаве жыхары дома мелі магчымасць адмакаць ва ўласнай ванне.

 Таццяна: 

«У нас была задача зрабіць усё хутка, нядорага і максімальна проста, не хаваючы тую прыгажосць драўлянай хаты, якая ў яе ёсць. Я раблю ўсё вельмі хутка, не адцягваючыся на чаяванне, і хай якасць часам і пакутуе, але калі б мы былі перфекцыяністамі, то дагэтуль рабілі б гэты дом. А так 23 траўня мы прымалі гасцей».

Яшчэ адзін пакой пакінулі на потым – прыняліся за яго ў канцы лета. Па словах мясцовых, раней тут зімавалі козы і куры, а схема ацяплення зводзілася да таго, каб час ад часу ўносіць таз з вугалем. Закураную столю адмылі, але пакінулі гістарычна чорнай, бэлькі адбалгарылі і пакрылі лакам, на сцены пусцілі рэшткі фарбы – вось і гатовы кабінет-бібліятэка.

Мэбля з кавярні ідэальна ўпісалася ў хату, усяму знайшлося сваё месца. Некаторыя дэкаратыўныя элементы збіралі па вёсцы, расказаўшы сялянам, што іх збаночкі, калаўроты, начоўкі і нават колы ад вазоў могуць быць камусьці патрэбныя.

Адштукаваць фасад дранкай Таццяна вырашыла па прыкладзе дамоў на амерыканскім востраве, дзе калісьці пражыла год. У Беларусі дранку можна сустрэць толькі на дахах, але нехта ж павінен быць трэндсетэрам на вёсцы. Знайшлі майстра пад Мінскам, які вырабляе асінавую дранку на спецыяльным станку, ён прыехаў, падказаў, як яе мацаваць, і гаспадыня дома сама накрыла сцены натуральным матэрыялам, які стварае выдатны мікраклімат і не рызыкуе стаць ахвярай жучка. Праз пару гадоў асіна займее прыемнае шэрае адценне.

 

 

«Думаем для деревенских что-то придумать: повесить на дерево проектор и какие-нибудь старые фильмы крутить»

 

 

Вясковы побыт і планы на будучыню

Спачатку муж і жонка думалі, што будуць праводзіць у вёсцы цёплую пару года, але потым аказалася, што і лістападаўскі бруд не такі ўжо страшны, і зімовыя мінус дваццаць пяць са снегам не праблема, калі ёсць чалавек з трактарам, які па-суседску пачысціць пад'езд да хаты.

 Таццяна: 

«Зімой тут застаюцца жылымі яшчэ дамы чатыры. Дачнікі з’язджаюць – і ўсё, цішыня, цемра. У іншым канцы вёскі жыве бабуля адна, мы з ёй сустракаемся ля аўтакрамы. Кажа: “Я так радуюся, калі вы прыязджаеце. Кладуся спаць, святло выключаю, цемра-цемра – а ваша акенца свеціцца – і так радасна ад гэтага!”

Хочам для вясковых нешта прыдумаць: павесіць на дрэва праектар і якія-небудзь старыя фільмы круціць. Яны тут вельмі добразычлівыя, любяць да нас заходзіць. Бывае, я прывязу насенне, а яны нясуць малако, яйкі. Бабулькі спачатку саромеліся, хадзілі міма, тыпу шпацыруючы, пазіралі. А я ж бачу, што цікава, выходжу і кажу: “Хочаце паглядзець?” Яны: “Так, вядома! Вельмі цікава!” Пагаворыш з людзьмі – у іх цікавыя жыццёвыя гісторыі. І сам па-іншаму на жыццё глядзіш.

Мясцовыя гатовыя працаваць за два рублі ў гадзіну. У Менску прыходзіш у кавярню, з'ясі кіш за пятнаццаць, вып'еш кавы за шэсць – і як ты чалавеку вясковаму скажаш, што папіла кавы за яго дзённы заробак? А яны пры гэтым здаюцца больш шчаслівымі, чым гарадскія. Пытаю Косціка, які раней у Віцебску жыў, ці вярнуўся б, калі б такая магчымасць з'явілася? Не, кажа, лепш застрэльце.

Аднойчы мы з ім разгаварыліся пра кнігі, і ён сказаў, што любіць разглядаць птушак і ведае, што была такая кніжка “Птушкі Беларусі”, вось каб яе дастаць. Я прыехала ў Менск, знайшла кніжачку і яму прывезла. А ён гартае яе і плача: ”Сяргееўна, што я табе вінен? Прасі што хочаш! Яйкі якія хочаш, малако, сыр…” Я кажу: “Ды я проста кніжку прынесла, не трэба нічога”».

 

 

«В деревне начинаешь ценить самое простое»

 

 

Другі дом, які і стаў «Букашкиным», перайшоў да Таццяны і Валерыя ад іх знаёмага мінулай восенню. За яго ўзяліся ўжо з веданнем справы, не спяшаючыся. Стварылі там камфорт, звыклы для гарадскога жыхара, але захавалі ўсе вясковыя радасці: цяпер пад шыльдай, якая раней вісела над кавярняй, нехта вучыцца разводзіць агонь у печы і гатаваць блінцы па рэцэпце сваёй бабулі.

Аказалася, што пажыць у вёсцы – мара многіх, прычым госці едуць не толькі ў гарачыя летнія дзянькі, але і восенню, і на зімовыя канікулы. Таццяна кажа, што гэта людзі, «з якімі ёсць пра што пагаварыць, яны на той жа хвалі». Гаспадары перадаюць ім каштоўную інфармацыю, да каго ў вёсцы можна зайсці па хлеб ці яйкі, а мясцовыя такім візітам рады нават не з камерцыйнага разліку: ім заўсёды прыемна нейкую байку расказаць людзям, якія яе яшчэ не чулі.

 Таццяна: 

«У нас гасцявала гарадская сям'я – маці, тата і дзяўчынка гадоў пяці. Мы далі ім ровары з дзіцячым крэслам. Яны паехалі катацца, вярнуліся і кажуць: “Мы ў шоку!” Я думаю, што нешта здарылася. А аказалася, яны ніколі не выязджалі сям'ёй у лес на роварах, для іх гэта было нешта неймавернае. Такія простыя рэчы: упершыню прыгатавалі абед у чыгунку, распалілі ў печы, пакаталіся па лесе.

На вёсцы пачынаеш цаніць самае простае. Вось мы самі гэта ўсё зрабілі – што яшчэ можа быць трэба? Калі я чую, як людзі хочуць новы тэлевізар, я проста не разумею навошта. Для шчасця так мала трэба, навошта ўскладняць? Тым больш у сітуацыі, калі ўвогуле не можаш нічога планаваць, не ведаеш, дзе апынешся заўтра.

У нас ёсць знаёмыя-перфекцыяністы, якія купілі дом у вёсцы і чатыры гады яго рэканструююць. Калі яны да нас прыехалі, ім стала крыху блага, але я ім кажу: “Паслухайце, мы тут жывём ужо год і атрымліваем асалоду ад жыцця ў сваёй хаце, а вы чатыры гады сцены выраўноўваеце. Калі ж вы збіраецеся жыць?..”»

 

Фота – palasatka

 

|

Актыўны адпачынак

Аўтар:   34travel

  1351

hand with heart

Отблагодарить 34travel

Если наши материалы пригодились тебе в пути, сказать спасибо редакции можно, купив нам чашку кофе через Ko-fi. Всего пара кликов, никаких регистраций, комиссий и подписок. Спасибо, что ты с нами.

ЗАКИНУТЬ МОНЕТКУ

Чытай таксама

Сезон адкрыты: 13 забегаў па Беларусі

Кожны нечым адметны.

14 маляўнічных сядзібных паркаў у Беларусі

Больш за дзясятак ідэй для медытатыўных шпацыраў у цені дрэў.

«У патрэбным месцы, у патрэбны час». Гісторыя мастакоў, якія жывуць у 200-гадовай сядзібе ў Райцы

Як мара пра ўласны музей можа прывесці да жыцця ў гістарычным месцы моцы.

7 маляўнічых месцаў для пікнікоў па ўсёй Беларусі

Лакацыі з магутным гістарычным бэкграўндам і шыкоўнымі краявідамі.

8 месцаў непадалёк ад Менска, каб перазагрузіцца

Глядзець на каскады вады, зладзіць пікнік на беразе круглага возера ці прайсці інтэрактыўную экасцежку.

Выходзім на прыроду: таямнічая экасцежка ў Менскім раёне

Для ўтульных шпацыраў.

Цяпер на галоўнай

Менск

Лепшае, што ёсць у Менску, у новым гайдзе ад 34travel.

Як прайшоў Багач – галоўнае восеньскае свята беларусаў?

Будзь багаты, як восень!

Падкаст пра беларускую гастраномію: Экзотыка ў меню

Распавядаем пра моду на памаранчарні і нетыповыя прадукты ў Мінску 1920-х.

Падкаст пра беларускую гастраномію: Кава ці гарбата?

Гісторыя ўлюбёных напояў і традыцыйных дэсертаў.

9 мастацкіх музеяў і галерэй за межамі Менска

Пранізлівыя пейзажы, яскравыя маляванкі і нават манументальныя мазаікі.

Тут нават камяні жывыя. Этнограф – пра палескія традыцыі, якія захаваліся да нашых дзён

Міфалогія старажытнага беларуса, якую можна назіраць ужывую.

Забытая Беларусь: славутасці, якіх ужо няма

Спадчына, памяць пра якую застаецца толькі на малюнках.

Месца тыдня: Лынтупы

Касцёл, сядзіба і старыя могілкі.

Маршрут па беларускім Палессі: едзем у Пінск і ваколіцы

Унікальныя музеі народнай культуры, мясціны Напалеона Орды, загадкавыя пахавальні.

Паказаць больш Паказаць больш