14 маляўнічных сядзібных паркаў у Беларусі

|

Актыўны адпачынак

|

Аўтар:   34travel

|

  4831

Калі табе неабходна прадыхацца, запаволіцца і падумаць пра вечнае – мы можам дапамагчы. Якраз для гэтых мэтаў мы сабралі больш за дзясятак ідэй для медытатыўных шпацыраў у цені дрэў. Расказваем пра самыя маляўнічыя сядзібныя паркі Беларусі.


 

Сядзіба Пуслоўскіх «Альбярцін»

Слонім, Гродзенская вобласць
53.088646, 25.397065

Маёнтак «Альбярцін» на ўскраіне Слоніма аб'ядноўвае пару будынкаў сядзібы, флігель і вялікі парк з возерам. Уладальнікамі маёнтка былі заможныя князі Пуслоўскія: Войцех Пуслоўскі стварыў тут цэлы прамысловы комплекс з суконнай вытворчасцю, чыгуналіцейным заводам і папяровай фабрыкай. Галоўны будынак у стылі класіцызм (цяпер далікатна-мятнага колеру) упрыгожвае порцік з калонамі і парачка скульптур у выглядзе львоў. За ім стаіць яшчэ адзін будынак – «Зімовы палац», які трохі нагадвае сядзібу ў Жалудку. У часы СССР будынак зведаў некаторыя змены: яго ператварылі ў спартыўны клуб, упрыгожылі барэльефамі на фізкультурную тэматыку. Акружае будынак вялікі парк: на беразе можна зладзіць пікнік або проста пасядзець моўчкі – і ні пра што не думаць.

 

 

Сядзіба Дамейкаў ў Сітцах

Докшыцкі раён Віцебскай вобласці
54.914062, 27.538365

У XVII стагоддзі маёнтак Сітцы належаў сям'і Бжастоўскіх: яны вырашылі стварыць тут цэлы палацава-паркавы ансамбль. У 1798 годзе маёнтак выкупіў дзядзька Ігната Дамейкі – Тадэвуш. Праз нейкі час палац згарэў, і сын Тадэвуша ўзвёў тут новы будынак – гэтым разам драўляны (праўда, ён таксама згарэў). Пасля ўсіх выпрабаванняў лёсу, што выпалі на долю маёнтка, ацалелі толькі парачка калон, якія засталіся яшчэ ад Бжастоўскіх, руіны некалькіх сценаў, барочная ўязная брама і здаравенны дуб-волат, якому ўжо каля 500 гадоў. Кажуць, у прасторным цені дуба калісьці адпачываў Тадэвуш Касцюшка – а цяпер могуць адпачыць і ўсе ўдумлівыя вандроўцы па Беларусі.

 

 

Сядзіба Бохвіцаў у Флер’янове

Ляхавіцкі раён Брэсцкай вобласці
53.092824, 26.266389

Сядзіба роду Бохвіцаў з прыгожым садам з'явілася ў Флер'янове ў 1870 годзе. У сядзібе захоўвалася вельмі багатая бібліятэка і любілі бавіць час многія знакамітыя дзеячы культуры тых часоў: Рэйтаны, Радзівілы, Уладзіслаў Рэймант і іншыя. Наведваал Флер'янова і Эліза Ажэшка – у 1909 годзе яна нават пасадзіла тут свой дуб, які можна знайсці і сёння. Паводле яе, «вёска патанае ў зялёных раскошных дрэвах, квітнее слупкамі касачоў і дыванамі незабудак, спявае мільёнамі галасоў, якія звіняць, шэпчуць у крышталі духмянага паветра». Прыязджай сюды вясной ці летам, каб адчуць усё гэтае хараство.

 

 

Сядзіба Тышкевічаў у Лагойску

Менская вобласць
54.204710, 27.846987

Пару стагоддзяў таму ў Лагойску ўсім запраўлялі Тышкевічы. Першы замак сям'і быў разбураны, таму ў XIX стагоддзі Пій Тышкевіч заняўся ўзвядзеннем каменнага палаца. Вакол палаца быў разбіты англійскі парк з ручаямі і масткамі. У 1842 годзе браты Канстанцін і Яўстафій Тышкевічы адкрылі ў Лагойску музей старажытнасцяў – ён займаў некалькі пакояў палаца. Да нашых дзён дайшло няшмат, але скласці ўяўленне пра тое, як усё тут выглядала ў лепшыя часы, можна па малюнках Напалеона Орды. Сёння Лагойскі парк выдатна пасуе для кароткай вылазкі з Менска – асабліва калі хочаш адпачыць душой.

 

 

Сядзіба Агінскага ў Залессі

Смаргонскі раён Гродзенскай вобласці
54.420216, 26.523100

Род Агінскіх валодаў гэтымі землямі яшчэ з пачатку XVIII стагоддзя. Самы знакаміты прадстаўнік роду – Міхал Клеафас, аўтар таго самага паланэза – вярнуўся ў Залессе ў 1802 годзе (пасля ўдзелу ў паўстанні Касцюшкі яму давялося на некалькі гадоў пакінуць родныя мясціны). Адразу пасля вяртання гаспадара пачалі актыўна ўзводзіць вытанчаны каменны палац і разбіваць англійскі парк: раней тут была драўляная сядзіба і некалькі гаспадарчых пабудоў. Праўда, будаўніцтва заняло амаль два дзясяткі гадоў, затое палац атрымаўся цудоўны – з калонамі, парадным уваходам і ўнікальнай аранжарэяй з трапічнымі раслінамі. 

Сам Міхал Клеафас увесь час жыў у Залессі да 1810 года, а пасля – да самай смерці ў 1833 годзе – рэгулярна сюды наведваўся. Тут ён прымаў гасцей, ладзіў літаратурныя чытанні і музычныя вечары. Кажуць, што менавіта ў Залессі ўпершыню прагучаў паланэз «Развітанне з Радзімай».

 

 

Палац Радзівілаў у Нясвіжы

Менская вобласць
53.222891, 26.691495

Знакавую беларускую славутасць атачае, бадай, самы ўражальны парк у падборцы (насамрэч нават пяць паркаў). Спачатку за часам Радзівіла Сіроткі тут разбілі італьянскі сад, пры Рыбаньку – французскі. Самыя маштабныя работы вяліся з падачы княгіні Марыі Дароты дэ Кастэлян. Тады ў Нясвіж завезлі саджанцы з Берлінскага гадавальніка, на замкавых валах разбілі ружовыя кветнікі, вакол збудавалі тэрасы і альтанкі для адпачынку. Тады ж з'явіліся Замкавы парк з алеямі ўздоўж абароннага рова, Стары парк на паўночным усходзе ад замка і Японскі парк, дзе павінны былі размясціць сад камянёў і карлікавыя дрэвы (але нешта не склалася). На процілеглым беразе ракі Ушна раскінуліся Англійскі і Новы паркі: Англійскі вырас на месцы іпадрома і быў любімым месцам конных шпацыраў Радзівілаў. Новы (Марысін) парк нагадвае пра каханне князёўны да беднага шляхціца.

 

 

Лошыцкі парк

Менск
53.855395, 27.579929

Каб прагуляцца па маштабным сядзібным парку, нават неабавязкова выязджаць з Менска: адпраўляйся ў Лошыцу, каб убачыць цэлы комплекс XVIII стагоддзя. У будынку сядзібы, які даволі добра захаваўся, сёння працуе музей. Акрамя таго, па велізарнай тэрыторыі рассыпана яшчэ некалькі пабудоў і руін: флігель з драўлянай вежкай, разбураная капліца ў стылі віленскага барока і млын канца XIX стагоддзя. Больш падрабязна з гісторыяй парку можаш пазнаёміцца тут.

 

 

Сядзіба Путкамераў у Больценіках

Воранаўскі раён Гродзенскай вобласці
54.238213, 25.304313

Сядзібны дом у Больценіках Путкамеры ўзвялі ў першай палове XIX стагоддзя (праўда, пабудова, якую мы бачым цяпер, – больш позняя версія будынка: канца XIX стагоддзя). З гэтым месцам звязана прыгожая гісторыя кахання: тут Адам Міцкевіч часта сустракаўся з Марыляй Верашчакай, якая тады была жонкай Ваўжынца Путкамера. Сядзібны парк, дзе бавілі час закаханыя, Міцкевіч пяшчотна называў «гайком Марылі». Калі будзеш блукаць па парку, паспрабуй адшукаць камень, на якім вышкрабаны крыж: кажуць, ці то Марыля выдрапала яго ад тугі па каханым, ці то гэта зрабіў сам Адам – калі Марыля не прыйшла на апошняе спатканне.

 

 

Сядзіба Чарноцкіх у Начы

Ляхавіцкі раён Брэсцкай вобласці
53.034494, 26.424084

У старадаўнім паселішчы Нача, вядомым яшчэ з XV стагоддзя, захаваўся маляўнічы сядзібны парк Чарноцкіх. Уласнасцю Францішка Чарноцкага маёнтак стаў у канцы XVIII стагоддзя. Сядзібу ў класічным стылі тут узвёў сын Францішка Міхаіл Чарноцкі. Будаўніцтва скончылі каля 1815 года, тады ж вакол будынка разбілі і прасторны пейзажны парк. Сучасны выгляд сядзіба набыла пасля маштабнай рэканструкцыі на пачатку ХХ стагоддзя. А па Другой сусветнай дом прыстасавалі пад вытворчасць воцату.

 

 

Сядзіба Навіцкіх у Савейках

Ляхавіцкі раён Брэсцкай вобласці
52.919743, 26.403876

Непадалёк ад Начы знаходзіцца яшчэ адна славутасць Ляхавіцкага раёна – закінутая сядзіба Навіцкіх у Савейках, пабудаваная на стыку XVIII–XIX стагоддзяў. Агледзеўшы сядзібны дом, які, дарэчы, вельмі нядрэнна захаваўся, адпраўляйся на павольны шпацыр па мясцовым парку з вадаёмамі – па шляху адшукаеш яшчэ некалькі гаспадарчых пабудоў. А вось тут можаш зірнуць, як сядзіба выглядала ў 1939 годзе.

 

 

Сядзіба ў Камарове

Мядзельскі раён Менскай вобласці
54.901881, 26.396521

Вёска Камарова можа стаць не толькі перавалачным пунктам на шляху да Нарачы або Блакітных азёр – сюды варта прыехаць і асобна. Мястэчка вядомае яшчэ з XIV стагоддзя. За гэты час уладальнікі шмат разоў мяняліся, апошнімі – у канцы XIX стагоддзя – былі Старжынскія. Тады маёнтак моцна пашырыўся, на тэрыторыі з'явіліся новыя гаспадарчыя пабудовы, а ў парку – аранжарэя. Зараз аранжарэі ўжо няма, але захаваліся старыя алеі і вадаём з невялікім вадаспадам. Бяры з сабой тэрмас, у мясцовай пякарні хапай свежую выпечку і размяшчайся на маляўнічым беразе – атрымаецца выдатны перакус with a view.

 

 

Сядзібны парк Кужанецкіх у Дубае

Пінскі раён Брэсцкай вобласці
52.091018, 25.771770

Мястэчка Дубае вядомае з канца XV стагоддзя. З тых часоў ім валодалі многія знатныя сем'і, а ў XVII стагоддзі маёнтак перадалі мясцовым езуітам. Калі ордэн езуітаў скасавалі, сядзіба перайшла да Кужанецкіх – яны ж і разбілі пейзажны парк з экзатычнымі дрэвамі. Адна з галоўных прыродных славутасцяў парку – дуб Боны Сфорцы, які, паводле легенды, мае ўсялякія магічныя ўласцівасці. Для зручнасці падарожнікаў па парку пракладзеная экасцежка. Акрамя таго, у парку Дубае захавалася сімпатычная барочная капліца другой паловы XVIII – пачатку XIX стагоддзя.

 

 

Сядзіба Рэйтанаў у Грушаўцы

Ляхавіцкі раён Брэсцкай вобласці
53.024496, 26.332159

Вёсачка Грушаўка можа пахваліцца багатай спадчынай роду Рэйтанаў. Першы будынак сядзібы тут узвёў Дамінік Рэйтан, і быў ён каменным. Драўляная версія з'явілася з падачы аднаго з наступных уладальнікаў маёнтка – Юзафа Рэйтана. Апынуўшыся ў Грушаўцы, не прапусці яшчэ адну важную мясцовую славутасць – містычную пахавальню роду Рэйтанаў, якая знаходзіцца прыкладна за кіламетр ад сядзібнага дома. Падрабязна пра маёнтак у Грушаўцы і яго сучасны стан мы нядаўна распавядалі тут.

 

 

Сядзіба Умястоўскіх у Жамыслаўлі

Іўеўскі раён Гродзенскай вобласці
54.132399, 25.765385

Галоўны фан-факт – палац у Жамыслаўлі пабудаваны на вобраз і падабенства каралеўскай рэзідэнцыі Лазенкі ў Варшаве. Ён быў узведзены ў 1863–1877 гадах на месцы драўлянага дома – а ў перайманні Лазенкам некаторыя гісторыкі бачаць таемны нацыянальны пратэст і завуаляваную тугу па часах Рэчы Паспалітай. 

Росквіт сядзібы прыйшоўся на апошнюю чвэрць XIX стагоддзя, калі тут гаспадарылі прагрэсіўны касмапаліт Уладзіслаў Умястоўскі з жонкай Янінай Астрог-Садоўскай. З паездак па Еўропе яны прывозілі ў Жамыслаўль творы мастацтва, прыгожую мэблю, жырандолі, а пасля падарожжа ў Венецыю вырашылі вырыць тут каналы і разбіць вакол іх парк. Атрымалася сапраўды натхнёнае і ўнікальнае месца, маштаб якога адчуваецца дасюль – нягледзячы на тое, што цяпер, асабліва пасля пажару 2013 года, сядзіба і парк знаходзяцца не ў найлепшым стане.

 

Фота: Palasatka

|

Актыўны адпачынак

Аўтар:   34travel

  4831

hand with heart

Отблагодарить 34travel

Если наши материалы пригодились тебе в пути, сказать спасибо редакции можно, купив нам чашку кофе через Ko-fi. Всего пара кликов, никаких регистраций, комиссий и подписок. Спасибо, что ты с нами.

ЗАКИНУТЬ МОНЕТКУ

Чытай таксама

«У патрэбным месцы, у патрэбны час». Гісторыя мастакоў, якія жывуць у 200-гадовай сядзібе ў Райцы

Як мара пра ўласны музей можа прывесці да жыцця ў гістарычным месцы моцы.

Выходзім на прыроду: таямнічая экасцежка ў Менскім раёне

Для ўтульных шпацыраў.

8 месцаў непадалёк ад Менска, каб перазагрузіцца

Глядзець на каскады вады, зладзіць пікнік на беразе круглага возера ці прайсці інтэрактыўную экасцежку.

«Вясковы шык». Гісторыя архітэктаркі, якая ўдыхае другое жыццё ў старыя вясковыя хаты

Што прыўкраснага ў старых бярвёнах і «класічным» пераплёце акна?

Сезон адкрыты: 13 забегаў па Беларусі

Кожны нечым адметны.

«Букашкин дом»: як сямейная пара ажыўляе старыя дамы на Гродзеншчыне

Як за паўтара месяца зрабіць рамонт і пасябраваць з мясцовымі?

Цяпер на галоўнай

Менск

Лепшае, што ёсць у Менску, у новым гайдзе ад 34travel.

Як прайшоў Багач – галоўнае восеньскае свята беларусаў?

Будзь багаты, як восень!

Падкаст пра беларускую гастраномію: Экзотыка ў меню

Распавядаем пра моду на памаранчарні і нетыповыя прадукты ў Мінску 1920-х.

Падкаст пра беларускую гастраномію: Кава ці гарбата?

Гісторыя ўлюбёных напояў і традыцыйных дэсертаў.

9 мастацкіх музеяў і галерэй за межамі Менска

Пранізлівыя пейзажы, яскравыя маляванкі і нават манументальныя мазаікі.

Тут нават камяні жывыя. Этнограф – пра палескія традыцыі, якія захаваліся да нашых дзён

Міфалогія старажытнага беларуса, якую можна назіраць ужывую.

Забытая Беларусь: славутасці, якіх ужо няма

Спадчына, памяць пра якую застаецца толькі на малюнках.

Месца тыдня: Лынтупы

Касцёл, сядзіба і старыя могілкі.

Маршрут па беларускім Палессі: едзем у Пінск і ваколіцы

Унікальныя музеі народнай культуры, мясціны Напалеона Орды, загадкавыя пахавальні.

Паказаць больш Паказаць больш