«Вясковы шык». Гісторыя архітэктаркі, якая ўдыхае другое жыццё ў старыя вясковыя хаты

|

Актыўны адпачынак

|

Аўтар:   34travel

|

  1525

«Вясковы шык». Гісторыя архітэктаркі, якая ўдыхае другое жыццё ў старыя вясковыя хаты

Два гады таму архітэктарка з Менска Таццяна Сініцава задумалася пра ўласны домік на вёсцы – і выправілася на яго пошукі. Яна адразу вырашыла, што не будзе ўзводзіць хату з нуля, а адшукае пажылы аб'ект са сваёй гісторыяй, у які ёй захочацца ўдыхнуць гісторыю ўласную. Ідэя з рэканструкцыяй хатак трапіла ў добрую глебу – які беларус не пачынае аднойчы марыць пра ўласны хутар? – і цяпер да Таццяны звяртаюцца з просьбай «зрабіць такое ж». 34travel пры падтрымцы The Glenlivet пабываў у гасцях у архітэктаркі і распытаў яе пра тое, што ж такога добрага ў старым бярвенні і «класічным» пераплёце акна, як дом з сучаснай мэбляй можа заставацца беларускім і чаму месца моцы абавязкова знаходзіцца за контурам МКАД.


Як знайсці свой дом

Таццяна – гарадская жыхарка, а ў гарадскіх жыхароў матывы збегчы ў вёску бываюць самыя розныя. У яе выпадку рэч, вядома, не ва ўрадлівых сотках, якія маглі б сціпла разраджацца гуркамі і патысонамі (хоць парачка кабачкоў на яе ўчастку віецца). Наша гераіня шукала ў вёсцы цішыню, самоту і дзіцячае шчасце.

 Таццяна: 

«У дзяцінстве я ў бабулі была боствам. Помню: ляжу в карыце, падвешаным да яблынькі, навокал – карункавыя шторы, каб ніводная мушка мяне не патурбавала, і нехта напявае, люляе мяне. Адзін з матываў, які вабіў мяне ў вёску ў дарослым жыцці, – гэта ўспамін пра такія шчаслівыя хвіліны. 

Пры гэтым калі згадваць уласна бабуліну вёску, то гэта насамрэч было жахліва: паблізу – траса Орша – Магілёў, і ніякага возера, ніякага лесу – я ведала кожную рэдкую бярозку, якая там расла. Але разам з тым там было вельмі шмат задавальнення й шчасця.

Цяпер я – гарадское дзіця, якое дарвалася да шчаслівага вясковага жыцця. Магчыма, таму ў мяне гэтае жыццё ідзе пад іранічным хэштэгам “вясковы шык”».

Каб «дарвацца да шчаслівага вясковага жыцця», Таццяне спатрэбіўся не адзін месяц. Увечары, пасля працы ва ўласным салоне дызайнерскай мэблі, яна разглядала мапу ў пошуках прыродных вабнотаў, планавала маршрут такім чынам, каб за раз паглядзець з дзясятак мясцін, і выпраўлялася з Менска ў свае экспедыцыі. Радыус пошуку паступова даводзілася павялічваць – неўзабаве высветлілася, што бліз Менска букалічных пейзажаў ужо не знайсці: шчыльная катэджная забудова – гэта амаль горад, проста аднапавярховы. 

 

«На вёсцы тэмп іншы: гэта няспешны цыкл, які з года ў год практычна не мяняецца» 

 

Паступова ў паездках, якія ахапілі больш за сотню месцаў, у Таццяны склаўся пазл асабістых пераваг: ёй былі патрэбныя ўзгоркі, сад і хваёвы лес. У гадзіне язды ад Менска ў напрамку Мядзела гэтае комба сышлося, у прыдачу ішлі сажалка і гартэнзія ў квецені.

Драўляная хата і 25 «сотак» зямлі абышліся ў $11 000. Хата была моцная, але простая, на два пакоі, з печкай, выгодамі ў двары. Наперадзе было шмат працы – адзінкавай, часам нават ювелірнай. Майстроў, якія браліся б за такую работу, даводзілася шукаць і чакаць падоўгу, таму што цяпер усім цікавей працаваць на патоку: «Хлопцы, якія робяць тэрасы, месяцамі да мяне не ідуць, таму што для іх тэраса – гэта чык-чык, $40 за метр і гатова. А тут усё нашмат складаней. Цяпер увогуле тэмп жыцця такі: трэба хутка зарабляць, спажываць і далей зарабляць. У вёсцы ж тэмп іншы: гэта няспешны цыкл, які з года ў год практычна не мяняецца – можаш хіба што колькасць скацінкі павялічыць».

 

 

«Я – гарадское дзіця, якое дарвалася да шчаслівага вясковага жыцця»

 

 

Як замірыць старое з новым

На ўчастку Таццяны прынцыпова няма платоў: тым самым яна не абмяжоўвае сваю прастору строгім перыметрам, а, наадварот, пашырае яго на максімум, ажно да натуральных бар’ераў кшталту густога кустоўя, ручая ці суседскага плота. 

Кідаючы позірк на хату, адразу чапляешся за дах: сапраўдная гонта – гэта ў наш час задавальненне рэдкае. Гонту заслалі паўзверх арыгінальнай дранкі (на дранку можна паглядзець, зайшоўшы ў хату і падняўшы галаву). Фасад застаўся амаль нязменным – нават смарагдавы колер фарбы тут родны, аднак уваходная група цяпер сучасная, вялікая і празрыстая.

Унутры – інтэлігентны мікс аўтэнтыкі і новага. У адной прасторы арганічна ўжываюцца старадаўні варштат, маляванка сучаснага мастака Максіма Осіпава і ўсім знаёмыя мінімалістычныя шафы IKEA. Як гэта магчыма? У гаспадыні хаты выпрацаваная жалезная схема: усё старое застаецца старым, усё новае – новым. Гэта значыць, што старая лаўка застанецца роўна такой, якой яна тут была, а новай лаўкі «пад даўніну» ў хаце не з'явіцца, бо гэта будзе бутафорыя. Важна разумець і адчуваць сэнсавую напоўненасць кожнай рэчы: так, калі старая лаўка - гэта гістарычны атрыбут «цырымоніі сумеснага сядзення», то яе імітацыя будзе ўсяго толькі прадметам, на які можна сесці. Глыбокіх сэнсаў ад штучнай састарэласці рэч не займее – іх прыносіць толькі час.

 

«Такое адчуванне было, быццам мяне можна тут прыняць ці не прыняць»

 

Наогул рытуалы і сімвалічныя традыцыі ў беларускай хаце адыгрываюць значную ролю, упэўненая Таццяна. Напрыклад, адкрыць пластыкавае акно для ветрання – зусім не тое, што разнасцежыць драўляныя аканіцы ранкам. «Мяне цешыць, што можна прачнуцца і расхінуць вокны ў прыроду, – кажа гаспадыня. – У гэтым расхінанні ёсць адчуванне шчасця. Апроч таго, сам пераплёт акна – гэта знак вясковай хаты, і я не бачу сэнсу знішчаць знак толькі таму, што кагосьці абцяжарвае ўсталёўка “на цвік” другога шклопакета на зіму і здыманне яго ўвесну».

У «спадчыну» ад папярэдніх гаспадароў у хаце засталіся толькі тыя рэчы, што ўпісваліся ў новы дызайн: чэхаславацкія крэслы з 60-х, круглы савецкі стол, лаўка, плеценыя кошыкі, маслабойка. Вядома, у старой хаце былі й чужыя грузныя пахі, але ад іх удалося пазбавіцца агульнавядомымі спосабамі: расхламленнем і ўборкай. А вось з больш тонкімі адчуваннямі, выкліканымі «мінулым жыццём» хаты, працаваць даводзіцца індывідуальна.

 Таццяна: 

«У мяне быў такі стан пад пытаннем: а ці маю я права? Потым я падумала, што тут жылі людзі з добрай рэпутацыяй, яны былі здольныя за сябе пастаяць, былі дзейныя, працавітыя, прадпрымальныя. І я падумала: ну так, крышку перарабіла хатку, але ўвогуле нармальны дамок атрымаўся – яны б парадаваліся. Такое адчуванне было, быццам мяне можна тут прыняць ці не прыняць. Цяпер я ўжо ўпэўненая, што мясцовыя духі на маім баку і, калі што, я змагу з імі дамовіцца».

 

 

«Сам пераплёт акна – гэта сімвал вясковае хаты»

 

 

Што такое прыгажосць па-беларуску

Людзі часта не заўважаюць прыгажосць у звыклым, таму вясковыя хаткі далёка не ў кожнага выклікаюць ваў-водгук. Але Таццяна ўпэўнена называе іх прыгожымі, падкрэсліваючы, што беларуская вясковая хата адрозніваецца і ад рускага выстраенага «церамка», і ад лапідарнай Скандынавіі. Беларускі «фірмовы стыль» – адзінства эстэтычнасці і сціпласці. У нейкі момант сучасная вёска ад гэтай формулы сышла і паводзіцца сціпла ўсё радзей.

 Таццяна: 

«Любую старую вясковую хату возьмеш – і яна прыгожая будзе. Не ведаю чаму. Магчыма, рэч у каноне, які выпрацоўваўся стагоддзямі. А вось калі ў нас пачаліся перабудоўныя часы, паперла надмернасць. Як быццам людзям не давалі свабоды, а калі яны яе атрымалі, дык кожны пачаў выказваць тое, што ў ім сядзела. Тады ж прыйшоў час вагонкі. Мы неяк разважалі са знаёмай пра гэта, і яна заўважыла, што вагонка – гэта танна і гэта такая ж даніна часу, як шалёўка. Але хіба раней у людзей было так шмат грошай, каб заказваць шалёўку ці разьбу па дрэве?»

На інстаграм-акаўнт Bosicom.concept, у якім Таццяна дзеліцца гісторыямі перастварэння вясковых хат, падпісаныя больш за шэсць тысяч чалавек. Шмат хто прыйшоў сюды ў пошуку ідэй для чагосьці падобнага, але не ўсе выбіраюць той жа шлях, якім ідзе наша гераіня: «Бывае, чалавек хоча супрацоўнічаць, але ён ужо пачаў рабіць уласныя крокі, ствараючы нейкі выдуманы свет, – гэта пра “ фасад”, а не пра сапраўднае». Архітэктару ж вельмі важна сыходзіцца з замоўцам не толькі ў эстэтыцы, але і ў каштоўнасцях.

Выдуманы свет можна стварыць і з нуля, а стары дом з большай верагоднасцю патрэбны тым людзям, якія хацелі б здабыць пад нагамі магутны фундамент не толькі ў фізічным, але і ў культурным сэнсе. Жыццё ў старой вясковай хаце «падлучае» чалавека да калектыўнай памяці і дапамагае адчуць сябе часткай чагосьці большага. У гэтым, верагодна, і ёсць сіла месца.

 Таццяна: 

«Не так даўно я пачала задумвацца аб тым, што мой род – гэта таксама крыніца сілы і апора. Калі я адчуваю сябе часткай роду, у мяне, з аднаго боку, з'яўляецца нейкая адказнасць, а з другога – прыняцце таго, што я не проста Таня, якая нарадзілася ў такім годзе, а што я працягваю жыцці тысяч людзей, якія жылі да мяне. Проста цяпер мой час, маё імгненне. Я нібыта пераймаю тое, што было да мяне, і гэта дае мне сілу».

Таццяне не блізкая ідэя даўншыфтарства, і яна не прыхільніца пустэльніцтва: «Але я і не думаю, што сысці ў палі ці лясы – гэта ўхіліцца ад усіх. Я за тое, каб мы маглі вяртацца і быць карыснымі. Я за гармонію і баланс: каб былі продкі і гісторыя, былі сябры, якія сёння, была творчасць, і ўсё астатняе».

 

 

«Я нібыта пераймаю тое, што было да мяне, і гэта дае мне сілу»

 

 

Што будзе далей

Цяпер у рабоце ў Таццяны Сініцавай два праекты: рэканструкцыя паўразбуранай помпавай станцыі пачатку ХХ стагоддзя і ўзвядзенне новага дома з выкарыстаннем канструкцыі старой вясковай школы. Архітэктарка распрацоўвае гэтыя канцэпцыі разам з калегам – Аляксандрам Хамоліным. Аляксандр адказвае ў тандэме за выверанасць стылю, Таццяна – за тое, каб удыхнуць у аб'екты жыццё.

 Таццяна: 

«Мне вельмі хочацца для кожнага месца адшукаць вобраз, які будзе злучаць гэтае канкрэтнае месца і чалавека, які будзе тут жыць. Праект з помпавай станцыяй мы назвалі “Станцыя” таму, што заказчыца з такім захапленнем туды прыязджае, кажа, гэтае месца яе мяняе – быццам гэта сапраўды нейкая станцыя, куды чалавек пераносіцца і апынаецца ў сваім іншым жыцці. Прычым самі людзі, якія там будуць жыць, “адпавядаюць” будучай хаце: яны вельмі настойлівыя і энергічныя».

Другі аб'ект называецца «Дом у палях». Так супала, што ягоны заказчык знаходзіцца ў шасці кіламетрах ад Таццянінай вёскі, у будучыні яны плануюць сябраваць і зазіраць адно да аднаго на гарбату, як узорныя суседзі, а пакуль – шукаюць ідэальную канцэпцыю для яго беларускага дома. Дом гэты для кожнага аказваецца сваім ужо на этапе выбару лакацыі.  

 Таццяна: 

«У маім уяўленні ідэальны ўчастак – гэта шматпланавасць, а заказчык абраў месца проста насупраць вялікага поля. Пытаю яго: “Як будзеш пачувацца, калі некалькі разоў на год тут будуць вялізныя машыны ездзіць і нешта касіць?” А ён кажа: “Ну і добра, будзе карцінка мяняцца – вось нешта вырасла, вось гэта перапрацавалі і гэтак далей”. І мы вырашылі: калі ўжо гэтая хата ў палях, дык тут павінна быць шмат аўтсайду – вонкавай прасторы. Таму мы максімальна разгортваем вокны на палі і робім усё для таго, каб чалавек практычна жыў на прыродзе, у сваім ландшафце».

«Дом у палях» не пераробка старой хацінкі, але тут у Таццяны з'явілася ідэя, якую заказчык падтрымаў: адзін аб'ём дома будзе сучасны, а другі – цалкам з канструкцыі старой школы. Гэтую закінутую школу Таццяна адшукала ў сваіх незлічоных паездках па Беларусі. Знаходзіцца яна ў даволі аддаленым месцы і ў цэлым непрыдатная для таго, каб туды перасяліцца, таму выратаваць і выкарыстоўваць яе цікавую канструкцыю можна хіба што «перасяліўшы« саму школу. Але намаганні таго вартыя, бо дзякуючы прыгожай драўлянай архітэктуры з калонамі і чарапічным дахам у «Дома ў палях» з'явяцца дадатковыя сэнсы: «Гэтую школу нехта спраектаваў менавіта такой, потым нехта выразаў ручным спосабам калоны, потым тут нехта вучыўся, унутры гучаў дзіцячы смех. Шкада, калі ўсё гэта знікне».

 

 

Фота: palasatka

 

|

Актыўны адпачынак

Аўтар:   34travel

  1525

hand with heart

Отблагодарить 34travel

Если наши материалы пригодились тебе в пути, сказать спасибо редакции можно, купив нам чашку кофе через Ko-fi. Всего пара кликов, никаких регистраций, комиссий и подписок. Спасибо, что ты с нами.

ЗАКИНУТЬ МОНЕТКУ

Чытай таксама

«Букашкин дом»: як сямейная пара ажыўляе старыя дамы на Гродзеншчыне

Як за паўтара месяца зрабіць рамонт і пасябраваць з мясцовымі?

14 маляўнічных сядзібных паркаў у Беларусі

Больш за дзясятак ідэй для медытатыўных шпацыраў у цені дрэў.

«У патрэбным месцы, у патрэбны час». Гісторыя мастакоў, якія жывуць у 200-гадовай сядзібе ў Райцы

Як мара пра ўласны музей можа прывесці да жыцця ў гістарычным месцы моцы.

8 месцаў непадалёк ад Менска, каб перазагрузіцца

Глядзець на каскады вады, зладзіць пікнік на беразе круглага возера ці прайсці інтэрактыўную экасцежку.

7 маляўнічых месцаў для пікнікоў па ўсёй Беларусі

Лакацыі з магутным гістарычным бэкграўндам і шыкоўнымі краявідамі.

Выходзім на прыроду: таямнічая экасцежка ў Менскім раёне

Для ўтульных шпацыраў.

Цяпер на галоўнай

Менск

Лепшае, што ёсць у Менску, у новым гайдзе ад 34travel.

Як прайшоў Багач – галоўнае восеньскае свята беларусаў?

Будзь багаты, як восень!

Падкаст пра беларускую гастраномію: Экзотыка ў меню

Распавядаем пра моду на памаранчарні і нетыповыя прадукты ў Мінску 1920-х.

Падкаст пра беларускую гастраномію: Кава ці гарбата?

Гісторыя ўлюбёных напояў і традыцыйных дэсертаў.

9 мастацкіх музеяў і галерэй за межамі Менска

Пранізлівыя пейзажы, яскравыя маляванкі і нават манументальныя мазаікі.

Тут нават камяні жывыя. Этнограф – пра палескія традыцыі, якія захаваліся да нашых дзён

Міфалогія старажытнага беларуса, якую можна назіраць ужывую.

Забытая Беларусь: славутасці, якіх ужо няма

Спадчына, памяць пра якую застаецца толькі на малюнках.

Месца тыдня: Лынтупы

Касцёл, сядзіба і старыя могілкі.

Маршрут па беларускім Палессі: едзем у Пінск і ваколіцы

Унікальныя музеі народнай культуры, мясціны Напалеона Орды, загадкавыя пахавальні.

Паказаць больш Паказаць больш