Самыя містычныя месцы ў Беларусі: 8 дзівосных легенд

|

Культурная праграма

|

Аўтар:   Елизавета Кравченко

|

  6179

Самыя містычныя месцы ў Беларусі: 8 дзівосных легенд

У сённяшняй падборцы цікавых месцаў Беларусі трохі адыдзем ад традыцыйнай гістарычнай даведкі і раскажам пра нешта не менш захапляльнае. Сабралі для цябе прыгожыя мясціны і архітэктурныя помнікі, з якімі звязаныя містычнымі падзеі, апісаныя ў фальклоры. Тут і лагодны цмок, і легендарныя русалкі, і нават прывід панды.

 

Цмок у Лепельскім возеры
 


Марыш убачыць сапраўднага цмока? Тады табе ў Лепель! Менавіта гэтаму гораду Уладзімір Караткевіч «падараваў» цмока ў сваім рамане «Хрыстос прызямліўся ў Гародні».

У беларускім фальклоры цмокі ў большасці жылі ў вадзе. Гэта былі добрыя і разумныя істоты, якія часта дапамагалі людзям. Вось да Лепельскага цмока, паводле мясцовых легендаў, звярталіся па параду закаханыя, бо ён быў заступнікам сямейнага шчасця. Цмоку пакідалі пачастункі падчас вяселля, каб атрымаць дабраславенне на шлюб. 

Сам Караткевіч апісваў Лепельскага цмока так: «Выглядам той цмок быў, як звер фока [цюлень. – 34travel], такі самы льсняны, у складках, толькі без поўсці. І шэры, як фока. Але даўжэй за яго куды... А на шыі сядзела галава, адначасова падобная і на галаву змяі і на галаву лані. І, дальбог, смяялася тая галава. Мо проста зубы скаліла, а мо – з нашых бедаў. І зубы былі велічынёй з конскія, але вострыя, і многа іх было на такую галаву аж данельга. Вочы вялізныя, як сподкі, каламутна-сінія ў зелень, ашклянелыя».

Гэтага цмока ты нават можаш убачыць: у 2013 годзе у Лепелі на беразе возера ўсталявалі скульптуру гэтай міфічнай істоты. Акрамя цмока, тут ёсць і іншыя цікавосткі: касцёл Святога Казіміра, пабудаваны ў канцы XIX стагоддзя, старыя габрэйскія могілкі і помнік Сапегі.

 

 

На абароне Ліды нават пасля смерці

 


Цэлую армію прывідаў можаш сустрэць у Лідзе. Замак у гэтым горадзе з'явіўся ў XIV стагоддзі дзякуючы князю Гедыміну. З таго часу Ліда стала адным з найважнейшых гістарычных месцаў нашай краіны: тут Ягайла ажаніўся з Сафіяй Гальшанскай, а кароль польскі і князь літоўскі Аляксандр падпісаў свой тастамент. Лідскі замак не раз вытрымліваў націск крыжакоў, з якімі і звязаная легенда. 

У 1392 годзе крыжакі зноўку напалі на замак, які абараняў князь Дзмітрый Карыбут з дружынай. Ён вырашыў пакінуць замак па падземным ходзе, а для прыкрыцця тылу пакінуў некалькі ваяроў, якім загадаў змагацца да апошняга. Ваяры загад выканалі: абаранялі замак да сваёй смерці. І нават засталіся тут пасля. 

Кажуць, прывіды ваяроў можна сустрэць у замку і цяпер: пачуць іх галасы і звон зброі альбо проста нечакана ўбачыць перад сабой.

 

Горад пад возерам Свіцязь

 


Возера Свіцязь – адно з найпрыгажэйшых у Беларусі. Гэты круглы вадаём з унікальным ландшафтам і рэдкімі раслінамі ўваходзіць у склад аднайменнага заказніка. Дарэчы, па дарозе да возера ты можаш завітаць яшчэ ў некалькі цікавых месцаў.

Не толькі прыгажосцю славутае гэтае возера. Са Свіцяззю звязаныя і розныя легенды. Адну з іх нават апісаў у сваёй баладзе «Свіцязь» Адам Міцкевіч.

Яшчэ падчас жыцця Міндоўга на месцы возера стаяў горад. Кіраваў ім князь Туган. Аднойчы распачалася чарговая вайна. Міндоўг папраўсіў дапамогі ў Тугана, і той разам з войскам пакінуў горад. Засталіся там толькі старыя, жанчыны ды дзеці. Нечакана вораг напаў на горад уначы.

Вядома, патрапіць у палон ніхто не хацеў. Паводле адной з версій, з прапановай аб уратаванні горада да дачкі Тугана звярнуўся старац. Паводле другой, жанчыны горада пачалі маліцца, каб ім дапамаглі вышэйшыя сілы. Але вынік быў адзін: горад ператварыўся ў возера, а яго жыхары – у кветкі. 

З таго часу і стаіць вялікае возера Свіцязь, дзе, паводле шчэ аднаго падання, жывуць незвычайныя русалкі – свіцязянкі. Як і ўсе русалкі, яны завабліваюць людзей у ваду, дзе тыя і паміраюць. Але калі такую русалку злавіць, яна згадае гісторыю былога горада.

 

 

Несвятое возера Святое

 


У паўднёвай частцы Магілёва ёсць возера Святое. Возера як возера, тут нават людзі плаваюць...

Паводле Адама Кіркора, раней на месцы Святога стаяла паселішча з царквой, але аднойчы з невядомай прычыны паселішча патанула. Кажуць, што калі падысці да возера ў дзень хрысціянскага свята, то можна пачуць царкоўныя званы. 

Гэтая гісторыя звязаная з тым, што раней ля гэтага возера знаходзілася паганскае паселішча. Менавіта яно і нарадзіла такую легенду. Падобнае можна пачуць і пра іншыя азёры, ля якіх раней сяліліся язычнікі.
 

 

 

Спевы ў манастыры ў Берасці

 


У Берасці захаваліся рэшткі бернардынскага жаночага манастыра. Бернарндынцы з'явіліся ў горадзе яшчэ на пачатку XVIII стагоддзя. Два двухпавярховыя кляштары (мужчынскі і жаночы) стаялі на адной плошчы – гэтым яны і вылучаліся сярод іншых бернардынскіх манастыроў Беларусі.

У XIX стагоддзі манастыры закрылі. Замест манахаў тут пасяліліся кадэты – будынкі перарабілі пад кадэтскі корпус. Абедзве сусветныя вайны моцна пашкодзілі стан былых кляштараў: мужчынскі быў цалкам разбураны, а ад жаночага засталіся адно руіны. 

Кажуць, што з былога манастыра можна пачуць спевы праз галаснікі, якія засталіся ў будынку. Нібыта гэта спяваюць манахі і манашкі, што засталіся жыць у кляштарах пасля сваёй смерці.

 

 

Белая Панна і Чорны Манах у Гальшанах

 


Гальшанскі замак пабудавалі ў першай палове XVII стагоддзя, ён быў рэзідэнцыяй Сапегаў. Недалёка ад замка Павел Сапега загадаў пабудаваць касцёл і францысканскі кляштар. З цягам часу замак шмат разоў перабудоўваўся, і да нашых дзён ад яго мала чаго захавалася. Але кляштар з касцёлам ацалелі. Падрабязней пра Гальшаны даведаешся тут

Цяпер – да прывідаў. Мы згадаем двух найзнакаміцейшых: Чорнага Манаха і Белую Панну. Уладзімір Караткевіч таксама ўзгадваў пра іх – у рамане «Чорны замак Альшанскі».

Гісторыя звязаная з каханнем. Аднойчы просты мясцовы хлопец закахаўся ў князёўну Ганну Гальшанскую. Вось толькі дзяўчына была абяцаная іншаму. Закаханыя сустракаліся таемна. Дзеля сустрэч хлопец пераапранаўся ў адзенне манаха. Бацька Ганны (ці муж – паводле іншай версіі) даведаўся пра гэта і загадаў хлопца схапіць і жывым замураваць у сцяне замка. Так і ўзнік прывід Чорнага Манаха, які бадзяецца па тэрыторыі замка ці ля касцёла.

Белая Панна можа быць прывідам самой князёўны альбо, калі верыць іншаму паданню, звычайнай жанчыны з трагічнай гісторыяй смерці. 

Раней існаваў страшны абрад – замуроўваць чалавека ў сцяну, каб тая доўга прастаяла. Падчас будаўніцтва кляштара так і зрабілі, бо адна сцяна ўвесь час абвальваліся. Рабочыя вырашылі: чыя жонка першая прыйдзе з абедам – тую і замуруюць. Так і сталася з Белай Паннай, якая цяпер недалюблівае мужчын.

Да гэтай легенды існуе жудаснае пацверджанне. Падчас рэстаўрацыі кляштара ў адной са сценаў знайшлі жаночы шкілет! Працоўным загадалі сабраць косткі, каб адспяваць памерлую ў храме, але яны неяк згубілі тыя косткі падчас перавозкі. Пасля гэтага ў кляштары пачалі чуць дзіўныя гукі.

 

 

Праклятая князёўна з Крэва

 


Калі гаворка пайшла пра замураваных дзяўчат, вось яшчэ адна легенда. Звязаная яна з Крэвам.

Крэўскі замак пабудавалі на пачатку XIV стагоддзя, але ў XIX стагоддзі ён быў разбураны. Ад замка засталіся толькі сцены і некаторыя часткі вежаў. Акрамя руінаў, дарэчы, у Крэве можаш наведаць царкву Аляксандра Неўскага (1854 года), касцёл Перамянення Гасподняга ці былое паганскае капішча – Юр'еву гару. Побач з горадам яшчэ ёсць цікавая сядзіба Літоўка.

Легенда таксама звязаная з каханнем. Адна дзяўчына спадабалася князю, толькі вось ён не прыйшоўся ёй даспадобы. Раззлаваны князь пракляў дзяўчыну і загадаў замураваць яе ў сцену. Адбылося так, што замуравалі яе разам з сабакам. З таго часу людзі пачалі бачыць прывід жанчыны, якая шпацыруе па замку са сваім сабакам.

Гэта не канец гісторыі. Прывід дзяўчыны, паводле паданняў, прывабліваў маладых хлопцаў сваёй прыгажосцю. Аднаго такога фаната памерлая папрасіла аб дапамозе. Ён быў павінен перанесці ўсё золата з касцёла ў замак. За гэта хлапец атрымаў бы частку скарба, а дзяўчына – волю ад праклёна. На жаль, з-за нечаканай буры ў хлопца нічога не атрымалася. Праклён жа толькі пагоршыўся: замест маладой дзяўчыны з сабакам цяпер па тэрыторыі замка блукае старая са шкілетам сабакі.

 

Шэрая панда з Любчанскага замка

 


Прывіды людзей – гэта адно, а што наконт прывідаў экзатычных жывёл? Цікава? Тады наведай Любчанскі замак у Наваградскім раёне. Кажуць, тут жыве прывід панды – дзівосная гісторыя апісана ў праекце «Беларускі бестыярый».

Любчанскі замак пабудавалі ў канцы XVI – пачатку XVII стагоддзя. Спачатку ён належаў магнацкаму роду Кішкаў, а пасля – Радзівілам. У XIX стагоддзі большая частка замка, якая захавалася праз усе войны, была знесеная. Засталіся толькі дзве вежы, ля якіх пабудавалі палац у стылі неаготыкі. Але і ён з часам быў разбураны. Ад замка засталіся толькі вежы. У 2000-х тут пачалася рэстаўрацыя. 

З замкам звязаныя некалькі цікавых гісторый. Адна з іх пра былога ўладара Яна Кішку, які не любіць, калі з яго смяюцца. А другая – пра панду.

Лічыцца, што ў XVII стагоддзі Радзівілы заснавалі тут мядзведжую акадэмію. Туды і прывезлі аднекуль панду. Яна жыла ў вежы і заўсёды мёрзла, а таму фактычна жыла ля каміна, які пафарбаваў яе ў шэры колер сваім попелам. Праз нейкі час панда звар'яцела – яе забілі. З тых часоў прывід панды блукае і палохае наведвальнікаў замка.
 

 

Iлюстрацыі – Вольга Румо

hand with heart

Отблагодарить 34travel

Если наши материалы пригодились тебе в пути, сказать спасибо редакции можно, купив нам чашку кофе через Ko-fi. Всего пара кликов, никаких регистраций, комиссий и подписок. Спасибо, что ты с нами.

ЗАКИНУТЬ МОНЕТКУ

Чытай таксама

Чаму варта наведаць Веткаўскі музей?

Самабытная гісторыя беларускага Пасожжа-Падняпроўя, унікальныя іконы і калекцыя традыцыйнага тэкстылю.

Страчаная спадчына: 7 руін Беларусі, якія ўражваюць сваім размахам

Сабралі некалькі паўразбураных выбітнасцяў Беларусі, да якіх варта ставіцца з асаблівай асцярожнасцю. 

Кальвінcкія зборы Беларусі – чым яны ўнікальныя?

Разглядаем старажытныя помнікі: тыя, што захаваліся да нашых дзён, і тыя, што былі страчаныя.

«Абняць неабдымнае»: глядзім на беларускія пейзажы Віктара Грамыкі

Пейзаж з вышыні птушынага лёту.

Гайд па стылі: едзем глядзець беларускі класіцызм

Калоны «як у грэкаў».

7 мясцін у Польшчы, звязаных з беларускай гісторыяй

Для тых, хто імкнецца захаваць сувязь з Радзімай нават за мяжой. 

Цяпер на галоўнай

Менск

Лепшае, што ёсць у Менску, у новым гайдзе ад 34travel.

Як прайшоў Багач – галоўнае восеньскае свята беларусаў?

Будзь багаты, як восень!

Падкаст пра беларускую гастраномію: Экзотыка ў меню

Распавядаем пра моду на памаранчарні і нетыповыя прадукты ў Мінску 1920-х.

Падкаст пра беларускую гастраномію: Кава ці гарбата?

Гісторыя ўлюбёных напояў і традыцыйных дэсертаў.

9 мастацкіх музеяў і галерэй за межамі Менска

Пранізлівыя пейзажы, яскравыя маляванкі і нават манументальныя мазаікі.

Тут нават камяні жывыя. Этнограф – пра палескія традыцыі, якія захаваліся да нашых дзён

Міфалогія старажытнага беларуса, якую можна назіраць ужывую.

Забытая Беларусь: славутасці, якіх ужо няма

Спадчына, памяць пра якую застаецца толькі на малюнках.

Месца тыдня: Лынтупы

Касцёл, сядзіба і старыя могілкі.

Маршрут па беларускім Палессі: едзем у Пінск і ваколіцы

Унікальныя музеі народнай культуры, мясціны Напалеона Орды, загадкавыя пахавальні.

Паказаць больш Паказаць больш