Гайд па стылі: едзем глядзець беларускі мадэрнізм

|

Культурная праграма

|

Аўтар:   34travel

|

  5496

Гайд па стылі: едзем глядзець беларускі мадэрнізм

Сёння разам з МТС выпраўляемся ў экспрэс-тур па беларускім мадэрнізме – архітэктурным кірунку, які аб'яднаў розныя метады і стылі. Гісторык мастацтва Зміцер Моніч абраў характэрныя будынкі па ўсёй краіне, якія найлепшым чынам праілюструюць, як мяняў свае абліччы мадэрнізм на працягу бурапеннага ХХ стагоддзя.

 

 Даведка:  «Мадэрн» і «мадэрнізм» – аднакарэнныя словы, што абазначаюць зусім розныя стылі. Пра беларускі мадэрн ты можаш пачытаць у нашым папярэднім гайдзе. Там жа мы расказвалі, што ў еўрапейскай традыцыі такі стыль з мудрагелістымі вокнамі, эркерамі і разнастайным дэкорам сцен называюць «ар-нуво», «сецэсійны» або «югендстыль». А вось архітэктуру, якую ў Еўропе на захад ад Беларусі вызначаць як архітэктуру ў стылі мадэрн, у нашых шыротах прынята называць мадэрнісцкай – ад слова «мадэрнізм».

Эпоха мадэрнізму – большая частка ХХ стагоддзя, і сам стыль быў такі ж шматгранны, як і гісторыя гэтага часу. На тэрыторыі Беларусі ў міжваенны перыяд 20–30-х гадоў мадэрнізм ярка раскрываўся ў канструктывізме, а падчас пасляваеннага аднаўлення, у суворыя 60–80-я, – паказаў сябе ў бруталістычным абліччы.

 

***

Канструктывізм

На пачатку ХХ стагоддзя светабудова істотна змянілася з прычыны Першай Сусветнай вайны, Кастрычніцкай рэвалюцыі, актыўнага працоўнага руху і шматлікіх лакальных канфліктаў. Мадэрн з яго любоўю да ўпрыгожвання відавочна не мог дапамагчы ў справе адбудоўвання разбітых вайной гарадоў. Роўна як і неакласіцызм не мог закрыць патрэбы супольнасцяў, у якіх буялі ідэі камунізму – з уласцівым яму пераглядам сацыяльных роляў, нацэленасцю на прагматыку і накіраванасцю ў зусім новую будучыню, дзе не знойдзецца месца шматлікім дасягненням мінулага. Так на змену даваеннай эклектыцы прыйшоў прагматычны канструктывізм.

Прадстаўнікам гэтага стылю перадусім было важна, якія функцыі ўскладаюцца на новы будынак. Прамысловы цэх, працоўны клуб, дом-камуна і фабрыка-кухня павінны быць арганізаваныя па-рознаму – з улікам таго, як людзі карыстаюцца такімі прасторамі. Пры гэтым зусім не абавязкова працоўны клуб у адным горадзе павінен так ужо адрознівацца ад працоўнага клуба ў іншым пункце на мапе.

 

***

Фабрыка-кухня, Мінск

вул. Свярдлова, 2

Будынак быў узведзены ў 1930-х і служыў помнікам свайму часу: фабрыкі-кухні паўставалі па ўсім Саюзе і мусілі вырашаць пытанне масавага харчавання працоўных, вызваляючы жанчын ад трэцяй – хатняй – змены за рондалямі і апалонікамі.

Звярні ўвагу на колькасць шкла. Гэта зусім не навіна свежай рэканструкцыі. Істужачнае шкленне для канструктывізму цалкам тыповае. Дзякуючы каркаснай канструкцыі будынка і адсутнасці апорных сцен архітэктары маглі «складаць» вокны любой велічыні і канфігурацыі, нават працягнуць іх непарыўнай стужкай уздоўж усяго фасада – ад рага да рага. Каркас хаваўся ў шкленні, а вялікія вокны ўбудоўваліся без ліштваў і адхонаў, за кошт чаго стваралася адчуванне лёгкасці, бязважкасці будынка.

Аднак празрыстасць – гэта яшчэ і ідэалагічная патрэба, бо ў грамадстве камун хаваць няма чаго, дык няхай усё праглядаецца наскрозь. Для канструктывістаў важная была гэтая канцэптуальная база, і яны з жорсткай крытыкай абрыналіся на архітэктараў, якія выкарыстоўвалі канструктывісцкія прыёмы адно для стылізацыі, без ідэалагічнай нагрузкі.

 

***

Акадэмія навук, Мінск

пр-т Незалежнасці, 66

 

 

Галоўны корпус НАН Беларусі, дзе засядае прэзідыум акадэміі, узводзіўся па праекце Іосіфа Лангбарда – архітэктара, які шмат у чым вызначыў аблічча сённяшняга Мінска. Без гэтай грандыёзнай каланады цяпер не атрымаецца ўявіць архітэктурны ансамбль праспекта Незалежнасці. Аднак будынак мог выглядаць зусім інакш.

Першапачаткова, у 1929–1932 гадах, праектам комплексаў будынкаў для Акадэміі навук займаўся яшчэ адзін вядомы савецкі дойлід – Георгій Лаўроў, актыўны прыхільнік канструктывізму. Лангбард, якому праект перадалі пазней, захаваў агульныя канструктывісцкія падыходы Лаўрова, аднак прыўнёс свае ідэі, і будынак быў дабудаваны з улікам павеваў часу: калі чысты канструктывізм, па словах Лангбарда, не дазваляў выкарыстоўваць «архітэктурныя формы нашай мінулай спадчыны», то ў другой палове 30-х гэтыя формы цалкам сабе можна было прыўносіць. Так, архітэктар прыдумаў злучыць вестыбюлем бакавыя будынкі і ўзвесці тую самую вонкавую двухрадковую каланаду, якая надавала будынку яшчэ больш манументальнасці і сіметрычнасці – у цэлым гэтыя рысы канструктывізму не ўласцівыя, аднак у «лангбардаўскім зводзе» – з'ява звычайная.

 

***

Дом ураду, Мінск

вул. Савецкая, 11

Яшчэ адзін твор Іосіфа Лангбарда з'явіўся на мапе Мінска ў 1934 годзе. Гэта самая буйная беларуская пабудова міжваеннага перыяду (а паводле першапачатковай задумкі яна мусіла быць яшчэ большай), аднак Дом ураду не здаецца грувасткім – усё ж Лангбард геніяльна працаваў з аб'ёмамі.

Адзначым, што для канструктывізму характэрнае выкарыстанне буйных маналітных элементаў з аднаго матэрыялу – гэта можа быць жалезабетон, шкло, цэгла. У цэлым атрымліваецца архітэктура вялікіх прастакутнікаў, каляровая гама якіх натуральным чынам выяўляецца ў шэра-белым дыяпазоне. Камусьці тое можа падацца сумным, іншыя ж, наадварот, бачаць у гэтым абсалютны ідэал.

 

***

Дом Саветаў, Магілёў

вул. Першамайская, 71


Фота: Argon by

Будынак, у якім сёння засядаюць чыноўнікі Магілёўскага аблвыканкама, створаны на вобраз і падабенства мінскага Дома ўраду, бо сам праект быў заказаны Іосіфу Лангбарду ў 1935 годзе, калі набірала сілу ідэя перанесці сталіцу БССР з Мінска ў Магілёў. Аб'ёмы тут, праўда, не такія размашыстыя, аднак па стылі магілёўскі Дом Саветаў – адзінакроўны брат галоўнага чыноўніцкага будынка сталіцы.

 

Этот материал создан при поддержке МТС.

 

Савет Рэспублікі, Мінск

вул. Чырвонаармейская, 9

Тут да з'яўлення знакамітага ромбакубаактаэдра на станцыі метро «Усход» была галоўная бібліятэка Беларусі, і мясцовыя зазвычай называюць будынак «былая нацыяналка». Яе ўзвядзеннем у пачатку 1930-х кіраваў той самы Георгій Лаўроў. На жаль, не ўсе яго ідэі былі ўвасобленыя: напрыклад, на кантрасце з трохпавярховым чытальным корпусам магло з'явіцца вышыннае кнігасховішча. Як бы там ні было, мы ўсё роўна можам назіраць тут канструктывізм у чыстым выглядзе: асіметрычныя формы, шмат шкла, чысты фасад без празмернасцяў, строгія лініі. Характэрны элемент – выступаюць слупы-апоры, якія фармуюць каркас будынка.

У канструктывісцкіх праектах слупы-апоры нярэдка ўсталёўліваліся на месцы апорных сцен і трымалі перакрыцці. Часта будынак узводзілі на апорах цалкам, так што першы паверх адсутнічаў як такі, а ўтвораную вольную прастору рацыянальна выкарыстоўвалі пад грамадскі сад або аўтамабільную паркоўку.

 

***

Гідраметэаралагічная абсерваторыя, Мінск

пр-т Незалежнасці, 110


Фота: planetabelarus.by

На змену двухсхільнаму даху з гарышчам прыходзіць пляскаты дах, з якога можна атрымаць дадатковую карысць – напрыклад, уладкаваць на ім тэрасу або разбіць сад. Канструктывізм меркаваў эрганоміку і эканомію ва ўсім, няхай гэта будзе прастора ці матэрыялы. Вось і на даху абсерваторыі гідрамету змесціцца ўсё неабходнае абсталяванне: спадарожнікавыя талеркі, пеленгатар навальніцы і тое, што можа спатрэбіцца ў будучыні.

Архітэктар Іван Валадзько спачатку хацеў у гэтым праекце выкарыстоўваць істужачнае шкленне, аднак задумка не ўвасобілася. Зрэшты, шкла і так звышдастаткова: паглядзі на буйныя, амаль квадратныя аканіцы, суцэльнае вертыкальнае шкленне лесвічных клетак па бакавых фасадах, зашклёныя гаўбцы на рагах таго фасада, які звернуты ў двор. Цікава, што некаторыя памяшканні ў абсерваторыі былі пераабсталяваныя пад жылыя, каб супрацоўнікі маглі заставацца начаваць на працы.

 

***

Вялікі тэатр, Мінск

пл. Парыжскай Камуны, 1

 

Тэатр оперы і балета, таксама пабудаваны па праекце Іосіфа Лангбарда, добра ілюструе сабой тое, што адбывалася з канструктывізмам пры канцы яго лёту, калі архітэктурная палітыка СССР патрабавала новых сродкаў выразнасці і да канструктывісцкіх рашэнняў сталі дамешвацца рысы іншых стыляў. У адных крыніцах будынак тэатра могуць пазначыць як прыклад канструктывізму, у іншых – як узор «сталінскага ампіру» (як і Дом афіцэраў, спраектаваны тым жа дойлідам). Ад канструктывізму тут – строгасць ліній, лаканічныя формы, маналітнасць, скупасць колеру.

Часам канструктывізм «размываўся» ўжо ў працэсе рэстаўрацыі. Так, на оперным тэатры з'явіліся статуі Апалона і німф, якіх там, вядома, першапачаткова быць не магло. Або вось яшчэ прыклад: некаторым будынкам універсітэцкага мястэчка БДУ пасля вайны былі нададзены рысы неакласіцызму. Аднак сённяшнія Інстытут ядзерных праблем і будынак факультэта геаграфіі і геаінфарматыкі дайшлі да нас з чыстымі «роднымі» фасадамі і размашыстым шкленнем.

 

***

Дом стралка, Горадня

вул. Ажэшкі, 30

Першы канструктывісцкі будынак у Горадні ўзведзены ў 1936 годзе, гэта прыклад польскага канструктывізму на тэрыторыі сучаснай Беларусі і ўвогуле вельмі цікавы ўзор такой архітэктуры. Першапачаткова будынак прызначаўся для патрэб арганізацыі «Стралковы саюз» – аналагу ДТСААФ у Польшчы.

Тут адзначым асіметрычнае камбінаванне розных па форме аб'ёмаў; скругленую прастору лесвічных пралётаў, якое выступае далёка за «каробкі» працоўных прастор; практычнае і шырокае шкленне – замураваныя праёмы, якія глядзяць на вуліцу Ажэшкі, таксама былі вокнамі, высокімі і вузкімі.

 

***

 Клуб металістаў, Віцебск

вул. Энгельса, 2

Вядома, калі падыход да будаўніцтва выключна функцыянальны, хочацца проста прыдумаць тыпавыя будынкі для пэўных патрэб. Напрыклад, калі па ўсёй краіне патрэбныя працоўныя клубы, то няма чаго кожны раз праектаваць нешта новае. У 1928 годзе выйшла ў свет кніга «Клубы металістаў. Праекты тыпавыя і зацверджаныя да пабудовы ў 1928 годзе» – у ёй былі прадстаўлены праекты тыпавых працоўных клубаў, якія меркавалася будаваць па ўсім Саюзе серыйна. Паводле падобнага тыпавога праекта быў узведзены і віцебскі клуб металістаў, які цяпер знаходзіцца ў стане «заброшкі».

У плане будынак выразна дзяліўся на дзве функцыянальныя групы памяшканняў: клубную і відовішчную – што адлюстроўвалася ў рознавысотнасці блокаў. Камбінацыя выцягнутых вертыкальных светлавых праёмаў на лесвіцах і гарызантальна арыентаваных праёмаў у іншых памяшканнях – тыповая для канструктывісцкіх будынкаў ідэя. Выцягнуты рагавы балкон у клубнай частцы – таксама характэрны элемент стылю, бо вонкавае і ўнутранае павінна быць узаемапранікальнымі (і гаворка тут не толькі пра матэрыяльную культуру).

Яшчэ адзін тыпавы клуб – швейнікаў – знаходзіцца ў Віцебску на вуліцы Еўсцігнеева, 5. Звярні ўвагу на рагавы паўкруглы ўваход у будынак, высокую паўкруглую лесвіцу, вертыкальна выцягнутае шкленне лесвічнага аб'ёму.

 

***

«Круглы дом», Гомель

вул. Пушкіна, 26

Канструктывісты аддавалі перавагу чыстым фасадам, мяркуючы, што арнаменты ды іншы дэкор – празмернасці. Архітэктура таго часу чысціцца ад усяго наноснага, становіцца больш простай, лаканічнай. Пастулюецца збліжэнне мастацтва з індустрыяльным побытам, дзе ўсе сродкі выразнасці павінны быць абумоўленыя прагматыкай і функцыяй. Таму многія аб'екты нагадваюць цэхі, нават калі гаворка ідзе пра клуб, тэатр або жылы дом. Зірні хаця б на жылы дом, спраектаваны для работнікаў чыгункі ў Гомелі, які мясцовыя называюць «круглым шэрым домам».

Архітэктар Станіслаў Шабунеўскі скончыў працу над гэтым праектам у 1927 годзе, і гэты будынак стаў першым шматсекцыйным жылым домам у Гомелі. Шабунеўскі праектаваў таксама дом-камуну для працоўных вагонарамонтнага завода (пр-т Леніна, 61). Яго фасады таксама пазбаўленыя дэкору, а іх пластыка ствараецца эфектным рытмам аканіцаў, чаргаваннем балконаў і лоджый. З другога па шосты паверх размяшчаліся жылыя ячэйкі на 2-3 пакоі; на кожным паверсе таксама былі агульныя прасторы: кухні, пакоі адпачынку, падсобкі. Першы паверх адводзіўся пад сталовую, бібліятэку-чытальню, дзіцячы садок і да таго падобныя ўстановы.

Дарэчы, у матэрыяле пра беларускі мадэрн ты можаш пазнаёміцца з іншай гранню таленту галоўнага гомельскага дойліда таго часу.

 

***

Бруталізм

На тле агульнаеўрапейскага эканамічнага крызісу пасля Другой сусветнай вайны, калі ў руінах ляжалі цэлыя гарады, урады пацярпелых краін прыняліся ўзводзіць танныя будынкі з аголенай натуральнай фактурай будматэрыялаў, і менавіта неапрацаваны бетон (фр. beton bruit) даў назву кірунку мадэрнізму, які неўзабаве скарыў усе кантыненты.

Важна, што акурат у 60-я гады мінулага стагоддзя дасягнуў росквіту працэс сцірання нацыянальных рыс у мастацтве і ў архітэктуры ў прыватнасці. Архітэктура, адпаведная духу часу, мусіла насіць інтэрнацыянальны характар, мець уніфікаваны рэцэпт пабудовы і з лёгкасцю ўпісвацца ў любы культурны ландшафт. Бруталізм ідэальна спраўляўся з гэтымі задачамі.

 

***

Палац спорту, Мінск

пр-т Пераможцаў, 4

 

Лічыцца першым бруталісцкім будынкам у Мінску. Узведзены ў 1966 годзе паводле новай для СССР асіметрычнай планіровачна-тэхналагічнай схемы. У пабудовах таго часу шанаваліся складаныя і адважныя кампазіцыйныя рашэнні, выпінанне неардынарнага патэнцыялу. Вонкавае аблічча будынкаў павінна было як мінімум прыцягваць увагу, а лепш – захапляць, прычым не абавязкова прыгажосцю.

Што характэрна, праект Палаца спорту ў Мінску стаў тыпавым, і падобныя будынкі можна адшукаць у Дняпры, Вільні, Чэлябінску і Валгаградзе. Пры гэтым цікава, што сам мінскі будынак вельмі нагадвае венскі крыты стадыён «Вінер Штатхале», пабудаваны васьмю гадамі раней.

 

***

«БелЭкспа», Мінск

пр-т Пераможцаў, 14

 

Архітэктурны тандэм Леаніда Маскалевіча і Галіны Ласкавой рэалізаваў у канцы 1980-х вельмі амбітны праект. Будынак выставачнага комплексу накрыты выгнутым маналітным дахам, створаным з дапамогай вантавых канструкцый, і пры гэтым спрэс пазбаўлены ўнутраных калон. Каб усё гэта магло стаяць і радаваць менчукоў сваёй функцыйнасцю, архітэктары прыдумалі ўнікальную для таго часу сістэму перакрыццяў. Для бруталізму, вядома, амаль абуральна, але смелыя кампазіцыйныя рашэнні мелі месца акурат у тых выпадках, калі будынку і трэба было быць «выскачкам». А тут усё ж дасягненні народнай гаспадаркі БССР планавалі выстаўляць.

 

***

Палац дзяцей і моладзі, Мінск

Старавіленскі тракт, 41


Фота: Homoatrox

Вельмі брутальны будынак, як быццам складзены з маналітных каменных блокаў. Масіўныя прыступкі, вялікая арка на ўваходзе, апраўленая суцэльнымі кавалкамі бетону, абліцаванага белым даламітам. Не адразу зразумела, ці мае гэты будынак вокны. Абавязкова абыдзі яго, каб знайсці вокны і разгледзець, як цікава тут усё ўладкавана. Калі зазірнеш унутр – выявіш шматузроўневае фае, залы для культурных мерапрыемстваў і вольнага часу па інтарэсах, зімовы сад. Змяшчальнасць і практычнасць – тое, што трэба, на думку адэптаў бруталізму, і тут з імі складана паспрачацца.

 

***

Дом па праспекце Пераможцаў, 23, Мiнск

 

Будынкі ў стылі бруталізм падкрэслена масіўныя і ўрбаністычныя. Гэта зусім не сціплыя пабудовы, якія элегантна ўпісваюцца ў навакольнае асяроддзе, мімікруючы пад прыродныя формы. Грубыя абрысы вельмі часта не спалучаюцца з суседнімі будынкамі, грандыёзныя збудаванні ціснуць на ўсё, што месціцца ў непасрэднай блізкасці ад іх. Вось і дом, які нагадвае менчукам і гасцям горада пра тое, што яны знаходзяцца ў горадзе-героі, усім сваім выглядам заяўляе поўныя правы на навакольны пейзаж.

 

***

Канцэртная зала «Віцебск»

парк Фрунзэ, 1

Бруталізм – заўсёды гучная нота архітэктурнага ансамбля. Асабліва кантрасна такія будынкі глядзяцца сярод прыроды, калі яны бессаромна раздзіраюць натуральны ландшафт. Яскравым прыкладам тут можа паслужыць канцэртная зала, размешчаная на высокім беразе ракі Віцьбы ў зялёнай зоне.

«Віцебск» быў узведзены ў 1988 годзе з падачы галоўнага гарадскога архітэктара Аляксандра Бельскага.

 

***

Кінатэатр «Кастрычнік», Мінск

пр-т Незалежнасці, 73

 

Прастакутны стылабат з сіметрычнымі лесвіцамі ўтрымлівае на сабе вялізны авал глядзельнай залы, панарамна зашклёны з боку фае. Выглядае вельмі эфектна. Многія кінатэатры ў 1970-х былі тыпавымі, але такім, вядома ж, не мог быць кінатэатр з самай вялікай глядзельнай залай ва ўсёй БССР.

 

***

Былы кінатэатр «Юбілейны», Гомель

вул. Юбілейная, 9

А гэты кінатэатр 1979 года будавала архітэктарка Вольга Ціханава па тыпавым праекце. Бруталісцкая простасць дыктавала адмову ад паказной напышлівасці і дэкаратыўнасці, дэкор і эстэтыка адыгрывалі малую ролю, куды важнейшым было тэхнічнае начынне. Голыя паверхні ўзводзіліся без аздаблення – з падкрэсленай адкрытасцю матэрыялаў і натуральнай фактуры.

 

***

Гасцініца «Прыпяць», Пінск

вул. Дняпроўскай флатыліі, 31

 

 

Для бруталізму важная функцыянальнасць, таму ў будынках прысутнічаюць толькі тыя дэталі, якія неабходныя для таго, каб збудаванні выконвалі функцыі, на іх ускладзеныя. Прызначэнне тыпавой грамадскай пабудовы ў стылі бруталізму з лёгкасцю адгадваецца не столькі па ўнікальным фасадзе, колькі з прычыны яго адсутнасці. Ніякіх асаблівасцей, аднолькавыя інжынерныя канструкцыі. У любым горадзе краіны сустракаюцца ідэнтычныя гасцініцы, кінатэатры, жылыя дамы. Вось і гасцініцу «Прыпяць» з першага погляду запомняць толькі фанаты стылю: голы бетон, трыкутнікі французскіх гаўбцоў і абсыпаныя звычайнымі балконамі рэбры галоўнага фасада – усё прыдумана толькі для таго, каб тут пераначаваць, а не разглядаць дэталі і разважаць аб прыўкрасным.

Гасцініца «Юбілейная», Бабруйск


Таксама зірні пры выпадку на гасцініцы «Магілёў», «Маладзечна» і «Гродна» ў аднайменных гарадах. Іх вонкавае аблічча – тыповая для бруталізму эстэтыка. Апошні гатэль, праўда, прадалі кітайскаму інвестару, і неўзабаве яго можа спасцігнуць лёс кінатэатра «Кастрычнік», з якім яны калісьці складалі бруталісцкі ансамбль.

У гарадзенскім «Кастрычніку» цяпер складана разгледзець нешта ад бруталізму – роўна як у аршанскім кінатэатры «Перамога» ці салігорскім «Зорка Венера». Затое баранаўчанам пашанцавала: у іх «Кастрычніка» захавалася вельмі цікавая арнаментальная рашотка з алюмінію, якой «абабіты» асноўны аб'ём будынка.

Кінатэатр «Перамога», Орша

 

***

Дом навукі і тэхнікі, Горадня

вул. Горкага, 72


Фота: wikimapia.org

Самы адпаведны духу бруталізму будынак у Горадні дабудавалі ў 1984 годзе. Ніякіх аздабленняў і маляўнічасці. Але для выразнасці выкарыстоўвалі фігурны бетон, які яшчэ больш абцяжарвае масіўны, буйны будынак.

Побач з Домам навукі і тэхнікі месціцца «Аблсельбуд» – тыповы савецкі «офісны» цэнтр 1982 года пабудовы. Цяжкія прастакутныя аб'ёмы, квадратныя калоны, ячэістыя фасады – збудаванне сабрала ў сабе стрыт-флэш з характэрных для бруталізму рыс.

 

***

Гарадзенскі абласны драматычны тэатр

вул. Маставая, 35

 

Архітэктурны сімвал Горадні часта трапляе ў падборкі помнікаў бруталізму, аднак твор архітэктара Генадзя Мачульскага – гэта, строга кажучы, савецкі мадэрнізм.

Тэрмін «архітэктурны савецкі мадэрнізм» з'явіўся ў 2010-х для абазначэння кірунку, які пераважаў у СССР з 1955 па 1991 гады, калі дойліды дзейнічалі з аглядкай на пастанову «Аб ухіленні празмернасцяў у праектаванні і будаўніцтве». Будынкам, узведзеным у стылі савецкага мадэрнізму, былі ўласцівыя функцыянальнасць масіўных формаў і ўрбаністычнае аблічча, і гэтак жа, як бруталісцкія пабудовы, яны часта ўзводзіліся з жалезабетону. Аднак для савецкага мадэрнізму характэрна шырокае выкарыстанне абліцавальных матэрыялаў, могуць ужывацца розныя сродкі ўпрыгожвання накшталт мазаічных пано і барэльефаў, а таксама частотна шкленне ў духу канструктывізму.

 

***

Дом літаратара, Мінск

вул. Фрунзэ, 5


Фота: Андрэй Гурыновіч

У 1976 годзе гэты будынак быў узведзены для Саюзу пісьменнікаў БССР. Таму невыпадкова па форме ён падобны на адкрытую кнігу, а колер сцен асацыюецца з пажоўклымі ад часу старонкамі фаліянтаў. Сцены Дома літаратара абліцаваныя светлым туфам, а ў большасці вокнаў раней былі вітражы, што адсылае нас да традыцый савецкага мадэрнізму, якія адрозніваюць яго ад бруталісцкага прынцыпу не ўпрыгожваць там, дзе можна не ўпрыгожваць. Дом літаратара быў моцна акультураны і ўнутры, прычым разнастайна: чаканкай, шпонам, дэкаратыўнай тынкоўкай, мармурам.

 

Фота: palasatka. Ілюстрацыі: Olga Rummo.

ООО «ЭфСиБи Бел»
УНП 193185741

|

Культурная праграма

Аўтар:   34travel

  5496

hand with heart

Отблагодарить 34travel

Если наши материалы пригодились тебе в пути, сказать спасибо редакции можно, купив нам чашку кофе через Ko-fi. Всего пара кликов, никаких регистраций, комиссий и подписок. Спасибо, что ты с нами.

ЗАКИНУТЬ МОНЕТКУ

Чытай таксама

Сардэчна запрашаем: самыя прыгожыя брамы Беларусі

Раскошныя парталы, якія сустракаюць наведвальнікаў старажытных сядзібаў, манастыроў і цэлых гарадоў.

9 мастацкіх музеяў і галерэй за межамі Менска

Пранізлівыя пейзажы, яскравыя маляванкі і нават манументальныя мазаікі.

6 цікавых беларускіх музеяў, якія варта наведаць

Унікальныя старадаўнія артэфакты і традыцыйная культура.

Як Ветка стала культавым цэнтрам стараабрадніцтва?

Беларускі культурны феномен ад уцекачоў з Маскоўскага царства.

Якія беларускія традыцыі і абрады трапілі ў спіс культурнай спадчыны ЮНЕСКА?

Падстава для гонару.

10 абарончых храмаў Беларусі

Культавыя пабудовы, якія за сваё жыццё ўжо шмат чаго пабачылі.

Цяпер на галоўнай

Менск

Лепшае, што ёсць у Менску, у новым гайдзе ад 34travel.

Як прайшоў Багач – галоўнае восеньскае свята беларусаў?

Будзь багаты, як восень!

Падкаст пра беларускую гастраномію: Экзотыка ў меню

Распавядаем пра моду на памаранчарні і нетыповыя прадукты ў Мінску 1920-х.

Падкаст пра беларускую гастраномію: Кава ці гарбата?

Гісторыя ўлюбёных напояў і традыцыйных дэсертаў.

9 мастацкіх музеяў і галерэй за межамі Менска

Пранізлівыя пейзажы, яскравыя маляванкі і нават манументальныя мазаікі.

Тут нават камяні жывыя. Этнограф – пра палескія традыцыі, якія захаваліся да нашых дзён

Міфалогія старажытнага беларуса, якую можна назіраць ужывую.

Забытая Беларусь: славутасці, якіх ужо няма

Спадчына, памяць пра якую застаецца толькі на малюнках.

Месца тыдня: Лынтупы

Касцёл, сядзіба і старыя могілкі.

Маршрут па беларускім Палессі: едзем у Пінск і ваколіцы

Унікальныя музеі народнай культуры, мясціны Напалеона Орды, загадкавыя пахавальні.

Паказаць больш Паказаць больш