34 славутасці Беларусі

|

Культурная праграма

|

Аўтар:   34travel

|

  5977

34 славутасці Беларусі

Разам з аўтамабільным брэндам Kia мы склалі спіс лакацый для пачаткоўцаў і больш дасведчаных падарожнікаў па Беларусі. Тут і класічныя славутасці, і менш вядомыя мясціны: ад замкаў і сядзіб, якія не страцілі сваёй раскошы, да камерных музеяў, экасцежак і магутных аб'ектаў ваеннага турызму.

 

 Змест: 

Гродзенская вобласць  |  Брэсцкая вобласць  |  Менская вобласць

Гомельская вобласць  |  Магілёўская вобласць  |  Віцебская вобласць

 

 ГРОДЗЕНСКАЯ ВОБЛАСЦЬ 
 

Мірскі замак

Мір, Карэліцкі раён
(53.451295, 26.473257)

 

 

Класіка жанру! Замак мусіў стаць рэзідэнцыяй магнацкага роду Ільінічаў, якія пачалі будаваць яго яшчэ ў XVI стагоддзі. Але род хутка скончыўся, а квадратныя метры карыснай плошчы перайшлі да Радзівілаў, якія ператварылі яго ў святочны шматслаёвы торт. Паводле легенды, яны яшчэ й збацалі падземны ход на тры паласы да другой сваёй рэзідэнцыі – Нясвіжскага замка. Апошнім уладальнікам Мірскага замка быў князь Міхаіл Святаполк-Мірскі, бацька якога пры загадкавых абставінах патануў у замкавым рове, што сам жа і загадаў выкапаць. За савецкім часам тут знаходзілася працоўная арцель, а падчас акупацыі – гета і лагер для ваеннапалонных. У 2000-я замак перажыў маштабную рэканструкцыю, тут размясцілі бізнес-цэнтр і гатэль.

  Ішкалдзь, Мір і возера Свіцязь за адну паездку
 

 

Барысаглебская царква

Гродна
(вул. Каложа, 6; 53.678444, 23.818591)

 

 

Барысаглебская, або Каложская, царква з'явілася на паганскім капішчы ля Замкавай гары ў Гродне яшчэ ў XI стагоддзі – гэта адзін з нешматлікіх будынкаў перыяду Старажытнай Русі ў Беларусі, праўда, дабрэнна перабудаваны. Царква не абтынкаваная звонку, а таму можаш паглядзець на ўсе інжынерныя рашэнні тагачасных будаўнікоў. Царква стаіць на стромым беразе Нёмана – і від адтуль адкрываецца чароўны.

 Немалая радзіма: Гродна ад фатографа Дзіяны Маліноўскай 

 

 

Касцёл Святой Тройцы

Гервяты, Астравецкі раён
(54.687086, 26.144446)

 

 

Самы высокі ў Беларусі касцёл – 61 метр (24-павярховы дом!), і адзіны пабудаваны па ўсіх канонах неаготыкі. Ён быў узведзены на месцы драўлянага касцёла XVI стагоддзя архітэктарам Альшалоўскім. Для будаўніцтва адмыслова арганізавалі цагельню і паралельна з усіх наваколляў збіралі яйкі – іх дадавалі для ўмацавання ў раствор вапны. Шыфер спецыяльна прывозілі з Германіі. Тут ты можаш даведацца, як выглядае аркбутан – вонкавая паўарка, якая размяркоўвае нагрузку з асноўнай сцяны і стаіць асобна (згадвай Нотр-Дам дэ Пары) – для Беларусі гэта зусім не тыпова. Абавязкова паслухай імшу (яна ідзе на беларускай, польскай і літоўскай) і прагуляйся па парку – ён, магчыма, нават круцейшы за касцёл.

 Крэва, Гервяты і сядзіба Агінскага за адну паездку 

 

 

Аўгустоўскі канал

Нямнова, Гродзенскі раён
(53.870468, 23.756378)

 

 

Суднаходны канал, пабудаваны ў XIX стагоддзі, каб стварыць шлях ад Чорнага мора да Балтыйскага. Крутых інжынерных збудаванняў, прадуманых так хітра, даўно і якія захаваліся практычна ў першародным выглядзе, усяго два – у Вялікабрытаніі і Швецыі. Даўжыня канала – 101 км, 22 з іх на тэрыторыі Беларусі ў памежнай зоне. Шлюзы, разводныя масты, калоны – усё працуе вельмі зладжана. Па канале можна пракаціцца на цеплаходзіку «Нёман», прагуляцца ўздоўж пешшу, схадзіць у музей канала, сплавіцца на байдарцы, паглядзець на ацалелую сядзібу ў Свяцку, створаную ў XVIII стагоддзі па праекце італьянскага архітэктара Джузэпэ дэ Сака.

  Падрабязней 

 

 

Слонімская сінагога

Слонім
(вул. Савецкая, 1; 53.093556, 25.317701)

 

 

Барочная сінагога 1642 года, адна з самых старых у краіне. Сінагога моцна пацярпела падчас вайны 1812 года, але хутка была адноўленая – габрэйская супольнасць у Слоніме лічылася тады адной з самых магутных у краіне. У канцы XIX стагоддзя ў горадзе працавала 21 сінагога, а больш за 70 % жыхароў былі габрэямі. У 2000-м будынак вярнулі вернікам, але рэстаўрацыйных работ не праводзілася. Цяпер будынак выстаўлены на продаж.

  Падрабязней  

 

 

Царква Раства Багародзіцы

Мураванка, Шчучынскі раён
(53.697636, 25.000033)

 

 

600-гадовы храм задумваўся не толькі як месца для богаслужэння, але і як абароннае збудаванне – у XVI стагоддзі аж ніяк інакш. Царква выглядае як сапраўдны замак – сцены двухметровай таўшчыні, вокны-байніцы, вежы. Храм у Мураванцы перажыў шмат калатнеч і быў моцна пашкоджаны падчас руска-польскай вайны. У 1882 годзе была праведзеная сур’ёзная рэстаўрацыя, на адной з вежаў зрабілі званіцу. У архітэктурным плане гэта ўдалы мікс готыкі і рэнесансу: камень, цэгла і акно-ружа. Цагліны, дарэчы, асаблівыя – «царская лілея» – сімвал чысціні Маці Божай. Гістарычныя факты і легенды апавядаюць, што з царквы было пракапана мноства падземных хадоў – праўда, цяпер не зразумела, адкуль яны пачыналіся і куды вялі.
 

 

Навагрудскі замак

Наваградак
(53.601475, 25.827696)

 

 

Наваградак – старажытны беларускі горад, які быў першай сталіцай ВКЛ. Галоўны пункт прыцягнення ў горадзе – руіны замка, што стаяў тут яшчэ ў XII стагоддзі. Праз 6 стагоддзяў пасля першай згадкі яго разбурылі шведы – амаль да цяперашняга стану. З усіх канструкцый засталіся дзве сцяны – Касцельная і Шчытавая – адна насупраць другой. З Замкавага ўзгорка адкрываецца цудоўны від – лепшага месца для пікніка не знайсці. Абавязкова наведай дом-музей Адама Міцкевіча, які нарадзіўся і жыў у Наваградку, зайдзі ў касцёл Перамянення Гасподняга, што выдатна захаваўся з 1714 года, звярні ўвагу на Барысаглебскую царкву, якой ужо больш за 500 гадоў.

  Падрабязней

 

 

Царква Міхала Арханёла

Сынкавічы, Зэльвенскі раён
(53.123117, 25.157628)

 

 

Самы буйны ў Беларусі храм абарончага тыпу. Магутная непрыступная царква пабудаваная ў XV стагоддзі – вежы, байніцы на сур'ёзнай вышыні, тоўстыя сцены – гэта сапраўдны маленькі замак. Уязная брама, дарэчы, таксама вартая ўвагі – яна захавалася з 1880 года. Крыху прайсці пешшу – натрапіш на будынак сядзібы XIX стагоддзя, якую потым ператварылі ў спіртзавод. Дарэчы, цікавая легенда, чаму месца называецца Сынкавічы. Храм будавалі бацька з сынам. У нейкі момант сын сарваўся з лясоў і разбіўся да смерці. Бацька ў роспачы крычаў яму: "Сынку, сынку!" Так з'явілася назва гэтай вёскі. Над уваходам у царкву можна ўбачыць выступ, які нагадвае вечка дамавіны.
 

 

 

Палац Чацвярцінскіх

Жалудок, Шчучынскі раён
(53.600943, 24.957530)

 

 

Адно з самых кінематаграфічных месцаў краіны – нездарма тут здымалі першы (і апошні) беларускі хорар пад назвай «Масакра». Кіношныя дэкарацыі ёсць і цяпер: фанерная плітка, намаляваныя сляды пажару на фасадзе. Ад савецкіх часоў у палацы застаўся кінаклуб з будкай і зорная сімволіка.

Першапачаткова палац задумваўся як месца для прыёму гасцей сям'і Чацвярцінскіх. Пабудавалі яго ў 1908 годзе пасярод вялізнага парку – тыповы мадэрн, праект знакамітага італьянца Марконі. Унутры будынка захаваліся аўтэнтычная лесвіца і кафля, дзверы і пара метраў шпалер.

  Падрабязней 

 

 

Крэўскі замак

Крэва, Смаргонскі раён
(54.309163, 26.282477)

 

 

Бадай, самыя маляўнічыя руіны з нашага гайда. Замак у Крэве датуецца XIV стагоддзем. Гэтыя сцены бачылі шмат: у 1382 годзе тут забілі князя Кейстута, бацьку Вітаўта, у 1385-м падпісалі унію, у XVI стагоддзі замак адбіваў атакі татараў і масквічоў, а ўжо ў XIX стагоддзі яго перасталі разглядаць як талковае ўмацаванне і закінулі. Руіны закансервавалі ў 1929 годзе – так яны стаяць да гэтага часу.

Паслухай, як паміж сценамі гуляе вецер, зайдзі ў прыгажэнную царкву Аляксандра Неўскага ці строгі касцёл, знайдзі былое капішча язычнікаў – хоць цяпер Крэва і лічыцца вёскай, сведак былой велічы тут дастаткова.

  Крэва, Гервяты і сядзіба Агінскага за адну паездку 

 

 

 БРЭСЦКАЯ ВОБЛАСЦЬ 
 

Палац Пуслоўскіх

Косава, Івацэвіцкі раён
(52.765616, 25.121675)

 

 

Неагатычны палац шыкоўна мог бы ўпісацца ў ландшафт Вялікабрытаніі – ён выглядае зусім нетыповым як для тагачаснай Беларусі (палац датуецца пачаткам XIX стагоддзя), так і сённяшняй. Палац пабудаваў Казімір Пуслоўскі, а яго ўнук Лявон па-заліхвацку прайграў спадчыну ў карты. У вайну будынак палілі партызаны. Нядаўна пасля маштабнай рэканструкцыі ў палацы запрацаваў музей.

У магутным будынку 12 веж – кожная адказвае за адзін месяц года. «Летнія» вежы ў цэнтры – гэта самыя «хлебныя» месяцы – з траўня па жнівень. Кожны год два дні сонца цалкам асвятляе адзін пакой – Пуслоўскія ў гэты час праводзілі ў ёй «дні пакоя». У Чорнай зале гулялі ў карты, у Белай, аздобленай мармурам, ладзілі балі, а Ружовая прызначалася для канцэртаў. У палацы нават была шкляная падлога, пад якой плавалі яркія рыбкі. Калі вырашыш адправіцца ў Косава, абавязкова зайдзі і ў дом-музей Касцюшкі – ён знаходзіцца ў пешай даступнасці ад палаца.
 

 

 

Палацавы комплекс Сапегаў

Ружаны, Пружанскі раён
(52.859966, 24.895641)

 

 

У даведніках руіны палаца ганарліва называюць «беларускім Версалем», але прыязджаць сюды варта не дзеля шыкоўных відаў і інтэр'ераў (захавалася тут не так ужо і шмат), а хутчэй дзеля магутнай энергетыкі, уласцівай такім месцам моцы. Толькі ўяві: на пачатку XVII стагоддзя тут заклалі замак – у гэтай справе браў удзел канцлер ВКЛ Леў Сапега. Каб жыць у ім было не толькі камфортна, але і бяспечна, комплексу дабавілі тры магутныя абарончыя вежы. У Ружанах абмяркоўваліся важныя дзяржаўныя пытанні, прыходзілі прыёмы топ-менеджараў ВКЛ, тут жа размяшчаўся архіў Сапегаў і дзяржаўная скарбніца. Пасля разгрому паўстання Сапегі пакінулі рэзідэнцыю, і ў палацы арганізавалі ткацкую фабрыку. У гады Першай сусветнай ансамбль гарэў, потым яго спрабавалі аднавіць, але пасля Другой сусветнай вайны гэтую справу закінулі.
Цяпер ты можаш зазірнуць у музей (вул. Урбановіча, 15а) і даведацца пра ўсю гісторыю месца – для гэтага ёсць 4 залы і захапляльная экскурсія.
 

 

 

Брэсцкая крэпасць

Брэст
(52.085603, 23.655606)

 

 

Магутны абарончы будынак і маштабны музей савецкай гераічнай манументалістыкі пад адкрытым небам. Сама крэпасць была пабудаваная ў XIX стагоддзі, і гісторыя ў яе ўражлівая. Трымай храналогію: на Валынскім умацаванні зазірні ў музей «Бярэсце» – археалагічныя раскопкі, дзе можна разгледзець рэшткі гарадзішча і драўляных пабудоў XI–XIII стагоддзяў, вулічныя брукаванкі, нават некалькі прадметаў побыту. Далей руш у музей абаронцаў Брэсцкай крэпасці. Тэрыторыя музея проста велізарная – каб абысці ўсё і не збіць дыханне, спатрэбяцца гадзіны тры. Больш за ўсё прабірае ў V форце – паўзакінутым умацаванні з браніраванымі дзвярамі, вузкімі байніцамі, падземнымі калідорамі і поўнай цішынёй. Хутчэй за ўсё, ты будзеш тут адзіным турыстам.

  Падрабязней  

 

 

Альманскія балоты

Столінскі раён

 

 

Гэтыя балоты займаюць 75% плошчы Столінскага раёна – адзіны комплекс верхавых, пераходных і нізінных балот, які захаваўся ў нас у натуральным стане. Эколагі не могуць нарадавацца: тут жывуць 687 відаў раслін, 151 від птушак (25 з Чырвонай кнігі) і 26 відаў млекакормячых. Цікава, што ў 60-х гадах мінулага стагоддзя ў Альманах знаходзіўся авіяцыйны палігон, таму ў балотах да гэтага часу ёсць снарады і бомбы, якія не разарваліся.

Асаблівую цікавасць уяўляе з сябе экасцежка даўжынёй амаль паўтара кіламетра. Яна ідзе да возера Вялікае Засомінае, на другім беразе якога ўжо Украіна. Другі маршрут прывядзе цябе да 40-метровай вышкі, з якой вельмі зручна аглядаць наваколлі і біяразнастайнасць. Спытай у мясцовых, дзе тут «мора Герадота» – Вялікае і Малое Засомінае і яшчэ 23 возеры.
 

 

 

Белавежская пушча

 

 

Беларуская нагода для гонару – самы вялікі лясны масіў Еўропы, пад аховай ЮНЕСКА. Так, тут у дзікай прыродзе водзяцца зубры. Так, на іх можна нават паляваць (калі сумленне дазволіць). Так, гэта тут падпісалі пагадненне аб развале СССР. Так, менавіта тут жыве беларускі Дзед Мароз (яго рэзідэнцыя працуе нават улетку – але строй у дзядулі аблегчаны). Дыхай рэліктавым паветрам, гойсай на ровары, кармі зубра ў вальеры хлебушкам з рукі, зганяй паглядзець на Камянецкую вежу, якой ужо больш за 700 гадоў.

  Падрабязней 

 

 

Езуіцкі калегіум

Пінск
(вул. Леніна, 1; 52.111976, 26.101673)

 

 

Пінск – другі ў Беларусі па колькасці славутасцяў (на першым месцы – Гродна). Варты ўвагі перадусім будынак калегіума, узведзены ў XVII стагоддзі як суперпрэстыжная навучальная ўстанова. Бралі туды таленавітых студэнтаў незалежна ад іх дастатку. Калі абыходзіць будынак, від будзе розны: з ракі гэта непрыступная крэпасць, з двара – разгорнутая кніга. Цяпер у калегіуме сімпатычны музей беларускага Палесся.

Далей па Леніна – манастыр францысканцаў з «Пінскай мадоннай» і крутымі магніцікамі, палац Бутрымовічаў (у ім цяпер ЗАГС), дом Орды і кампус Палескага ўніверсітэта. Набярэжная ў Пінску даўжынёй у 2,5 км – гуляць з прыгожым відам можна доўга.

  Падрабязней  

 

 

Палессе

 

 

Самая вялікая з еўрапейскіх балотных тэрыторый, якая займае прыкладна 30 % карты Беларусі. Тэра інкогніта памерам з кампактную краіну, з ізаляванымі вёскамі і карэннымі жыхарамі, палешукамі, у якіх свая асаблівая мова. Каб адчуць усё хараство жыцця на Палессі, трэба дачакацца вясновага разліву Прыпяці. Ідэальны варыянт – узяць лодку і паплаваць па беларускіх вёсках, якія затапляе кожную вясну. Выбірай на свой густ – ад Турава да Пінска.

 

 

Гэты спецпраект падрыхтаваны ў супрацоўніцтве з брэндам Kia, аўтамабілямі якога мы аб'ехалі ўжо амаль усю Беларусь. Можам сказаць упэўнена і ад душы: падарожнічаць з Kia лёгка і прыемна, а аўта брэнда выдатна пачуваюцца як на шырокіх трасах, так і на грунтавых і нават лясных дарогах.

Манеўраны і прасторны Kia Rio X-Line, стылёвы Kia Rio, камфортны і тэхналагічны Kia Sportage – кожная з гэтых мадэляў можа стаць тваім паплечнікам у падарожжах роднай краінай. Да таго ж аўтамабілі Kia так арганічна і эфектна глядзяцца на фоне беларускіх архітэктурных скарбаў. Прыемных паездак!

 

 


 
 
 МЕНСКАЯ ВОБЛАСЦЬ 
 
 

Нясвіжскі замак

Нясвіж
(53.222635, 26.692563)

 

 

У XVI стагоддзі Нясвіж стаў радавым гняздом Радзівілаў, галоўнай дынастыі ў гісторыі Вялікага Княства Літоўскага. Напрыклад, сюды часцяком наведваўся кароль Польшчы, а прадстаўнікі магнацкага роду займалі найважнейшыя пасады ў дзяржаве. Разумееш размах забудовы – палацава-паркавы комплекс займае 90 га. У Нясвіжскім замку можна паглядзець на ранні рэнесанс, барока, неакласіцызм і мадэрнізм. Папрасі расказаць табе пра помсту Боны Сфорцы і паказаць пазалочаных апосталаў вышынёй з чалавека.

  Падрабязней 

 

 

Горад Сонца ў Менску

Менск

 

 

Менск – сведка і ахвяра імперскіх амбіцый савецкіх уладаў. Адчуць гэта можна падчас шпацыру па праспекце Незалежнасці – прамой асфальтаванай страле, якая цягнецца 15 км і разразае горад напалову. Пісьменнік Артур Клінаў для абазначэння сталінскага ампіру ў Менску прыдумаў тэрмін «Горад Сонца». Менск як галоўная артэрыя Вялікай Камуністычнай Мары, пабудаваны па падабенстве Рыма. Прывакзальная плошча з «варотамі», плошча Леніна, вуліцы Маркса, Кірава, Свярдлова – суцэльная забудова ідэальнага горада для жыцця, на думку савецкіх уладаў.

  Падрабязней 

 

 

Хатынь

Мокрадзь, Лагойскі раён
(54.534882, 27.948068)

 

 

Якасная савецкая дакументалістыка. Мемарыяльны комплекс (спас. на бел.) быў створаны на месцы вёскі, якую спалілі фашысты падчас Другой сусветнай. Усіх жыхароў сагналі ў свіран і падпалілі яго – і гэтак жа паступілі з жыхарамі 628 вёсак. Для падрыхтоўкі да паездкі абавязкова паглядзі фільм «Ідзі і глядзі» 1985 года рэжысёра Элема Клімава. Інфармацыя па білетах і часе працы комплексу тут.
 

 

 

Налібоцкая пушча

Валожынскі раён

 

 

Самы вялікі ў Беларусі лясны масіў – у тры разы большы за Мальту! Тут найбагацейшая флора, чвэрць раслін з'яўляюцца лекавымі, шматлікія занесены ў Чырвоную кнігу. З жывёламі таксама ўсё ў парадку – напрыклад, тут жыве 29 відаў рэдкіх птушак. Пушча аточаная трыма буйнымі рэкамі – Нёманам, Бярэзінай і Усой, а таму месцы тут неверагодна маляўнічыя. І не асабліва даступныя – як Сванэція ў Грузіі. Напрыклад, падчас Другой сусветнай у Налібоцкай пушчы хаваліся 20 тысяч чалавек. Будзь смелым або смелай і здзейсні марш-кідок у гушчу векавога лесу. Абавязкова паглядзі на возера Кромань, Лаўрышаўскі манастыр, заснаваны ў XIII стагоддзі, сядзібу Тышкевічаў у вёсцы Вялае і паплавай у рацэ галышом – тут ты можаш сабе гэта дазволіць.

  Падрабязней 

 

 

Музей народнай архітэктуры і побыту Строчыцы

Азярцо, Мінскі раён
(53.834194, 27.374062)

 

 

Сялянская Беларусь у мініяцюры. Музей пад адкрытым небам, дзе прадстаўлена старадаўняя забудова трох рэгіёнаў Беларусі: Цэнтральнай часткі, Паазер'я і Падняпроўя. Этналагічнае даследаванне давядзецца праводзіць на матэрыяле царквы, парафіяльнай школы, млына, лазні і сялянскіх хат. Усё гэта раскідана ў маляўнічых палях – не забудзься зарадзіць тэлефон для фота. Калі прагаладаешся, зазірні ў аўтэнтычную карчму!

  Народная культура: Музеі пад адкрытым небам непадалёк ад Менска 

 

 

 

 ГОМЕЛЬСКАЯ ВОБЛАСЦЬ 
 

Гомельскі парк

Гомель
(52.422307, 31.016644)

 

 

У палацава-паркавы ансамбль у Гомлі трэба ехаць вясной, калі вялізны парк рэзка зелянее і квітнее, Сож становіцца паўнаводным, а вечары ўжо дастаткова цёплыя, каб задуменна блукаць каля Палаца Румянцавых-Паскевічаў і глядзець на цёмную ваду. Палацавы ансамбль – самы вялікі па памерах кавалак гістарычнай забудовы, які захаваўся без парушэння маналітнасці. Расійская імператрыца Кацярына II прэзентавала Гомель свайму фаварыту графу Румянцаву for fun, і той пабудаваўся на беразе Сожа. Потым палац перайшоў да палкаводца Паскевіча, які валявым рашэннем узвёў цэлы комплекс гаспадарчых пабудоў: домік паляўнічага, зімовы сад, некалькі цэркваў. Найлепей захаваўся пейзажны парк на 24 га – тут можна гуляць паўдня, калі папярэдне падсілкавацца гомельскім шакаладам «Спартак» з 90 % какавы.

  Падрабязней 

 

 

Сядзіба Герардаў

Дзям'янкі, Добрушскі раён
(52.529126, 31.471513)

 

 

Сімпатычная сядзіба ў псеўдарускім стылі – у зоне адсялення. Будынак з чырвонай цэглы ўзвялі на сродкі рускага чыноўніка, генерал-губернатара Фінляндыі Мікалая Герарда у другой палове XIX стагоддзя. Сядзіба стаіць на пагорку, перасечаным ровам, – дэкаратыўную ролю адыгрывае мост, выдатна захаваўся парк з рэдкімі відамі дрэў і дзівосная цішыня. Калі ты шукаеш месца, дзе дакладна не будзе турыстаў, – табе сюды. Дарэчы, патрапіць сюды можна зусім легальна: на Радаўніцу пускаюць без пропуску, а ў астатні час пропуск трэба афармляць у Добрушы.
 

 

 

Музей стараабрадніцтва

Ветка
(Красная пл., 5; 52.558131, 31.171878)

 

 

У XVII стагоддзі Ветку аблюбавалі гнаныя стараверы. Талерантныя беларусы іх не чапалі, а таму ў горадзе да гэтага часу ў выдатным стане захаваліся стараабрадніцкія іконы, рукапісы і друкаваныя кнігі XVI–XIX стагоддзяў, калекцыі тканін і прадметаў побыту. Музей інтэрактыўны – тут, напрыклад, можна навучыцца традыцыйнаму ткацтву.
 

 

 

 МАГІЛЁЎСКАЯ ВОБЛАСЦЬ 
 

Бабруйская крэпасць

Бабруйск
(53.141361, 29.241188)

 

 

Гэтая магутная фартыфікацыя – планавая пабудова ў рамках падрыхтоўкі да вайны з Напалеонам. Для яе будаўніцтва фактычна разбурылі горад, які існаваў тут да гэтага. Крэпасць такі вытрымала працяглую аблогу французаў, а пасля вайны выконвала функцыю турмы. Пагаворваюць, што ў адным з фартоў Бабруйскай крэпасці ёсць камера ў форме яйка, у якой вязні вар'яцелі пасля пары тыдняў зняволення. Нездарма Герцэн, успамінаючы Бабруйск, пісаў: «Няхай Сібір, няхай што заўгодна, але не гэтая страшная турма на рацэ Бярэзіна». Цяпер па ўрослай у зямлю крэпасці проста прыкольна палазіць, напрыклад пабываць у закінутай гаўптвахце, перабудаванай з езуіцкага касцёла. Сёння крэпасць – гэта 7 бастыёнаў, расцягнутых на плошчу ў некалькі км. Некаторыя забетанаваныя, іншыя можна аблазіць уздоўж і папярок. Прыхапі ліхтарык! Крэпасць некалькі разоў гарэла, а таму не апранай парадныя штонікі – можна выпацкацца ў сажу.

  Немалая радзіма: Бабруйск ад рэдактаркі 34travel Юлі Міронавай 

 

 

Сядзіба графскага роду Талстых

Грудзінаўка, Быхаўскі раён
(53.636041, 30.481587)

 

 

Адно з самых прыгожых і таямнічых месцаў у краіне – графскі дом Талстых. І хаця Леў Мікалаевіч так і не даехаў да яго, зазірнуць сюды варта. Цябе чакае двухпавярховая сядзіба з купаламі, калонамі, параднай лесвіцай і адкрытай тэрасай з размашыстым відам. Паблукай як след па 10-гектаравым парку, знайдзі сібірскі кедр, які расце тут ужо больш за 100 гадоў і прайдзіся па палацы. Зусім нядаўна тут месціліся школа і санаторый для хворых дзяцей, а таму захаваліся фарбаваныя зялёным сцены і саўковы гардэроб з нумаркамі – дзіўны кантраст з архітэктурай і ўзрушальнымі векавымі дубамі.

  Маршрут: падарожжа па Магілёўскай вобласці 

 

 

Буйніцкае поле

Буйнічы, Магілёўскі раён
(53.861859, 30.255309)

 

 

Нават скептыкі ваеннага турызму атрымаюць тут прышчэпку патрыятызму – менавіта па Буйніцкім полі праходзіла лінія абароны Магілёва ў 1941 годзе. Нягледзячы на колькасную і тэхнічную перавагу немцаў, магілёўцы трымалі абарону 23 дні. Музей пад адкрытым небам падтрымліваецца ў ідэальным парадку, экспазіцыя ваеннай тэхнікі сапраўды вялікая, а капліцу прыбіраюць кожны дзень з такім клопатам, што здаецца, у кожнага супрацоўніка музея тут загінуў нехта са сваякоў. Праз дарогу – заасад, дзе можна падсілкавацца ў кавярні і паглядзець на зубра.
 

 

 

«Блакітная крыніца»

Слаўгарад
(53.379304, 31.044382)

 

 

Невядомая, але дакладна крутая беларуская славутасць – самая вялікая ва Усходняй Еўропе крыніца. Бяры шасцілітровік і выпраўляйся па лекавую ваду. Можна паспрабаваць тры разы акунуцца, але рыхтуйся пасля гэтага цэлы дзень стукаць зубамі – вада сцюдзёная нават у ліпені. У вады смарагдавы колер – выглядае ўсё вельмі маляўніча, праўда, ахвочых прычасціцца заўсёды маса. У праваслаўныя рэлігійныя святы заўсёды біток – раім зверыцца з календаром загадзя. Дарэчы, легенда гаворыць, што ў старажытныя часы вада з крыніцы біла слупам з чалавечы рост.
 

 

 

Вуліца Ленінская ў Магілёве

 Магілёў

 

 

Каб раз і назаўжды закахацца ў Магілёў, дастаткова прайсці яго пешаходнай вуліцай. Вялікая Садовая, Ленінская – гэта ўсё пра яе. Два гарадскія палацы XVII–XVIII, музей Бялыніцкага-Бірулі, плошча са Звездаром, кінатэатр, драматычны тэатр і магутны касцёл Святога Станіслава, дзе праходзіць галоўны беларускі фэст царкоўнай музыкі «Магутны Божа», – і ўсё гэта адна вуліца. Тут жа знойдзеш гімназію, дзе вучыліся матэматык і даследчык поўначы Ота Шміт і першы прэзідэнт Гаваяў Мікалай Судзілоўскі. У іншым канцы вуліцы – абноўленая ратуша. Трэба ехаць!

  Немалая радзіма: Магілёў ад гурта Akute 

 

 

 

 ВІЦЕБСКАЯ ВОБЛАСЦЬ 
 

Браслаўскія азёры

 

 

Браславы – гэта вялізны нацыянальны парк, у склад якога ўваходзяць 60 азёр, магутныя лясныя і балотныя масівы, сотні рэдкіх відаў фаўны і флоры. Каб адчуць сябе героем Discovery, бяры машыну і выпраўляйся ў трып па прыазёрных вёсках і касцёлах. Калі захочаш пагнаць з намётам – выдатны план, у нацыянальным парку ёсць 47 стаянак, дзе можна цывільна адпачыць без шкоды для ўнікальных экасістэм. Марыш пакідаць вуду? Няма праблем, выбірай бясплатнае ці платнае месца, адключай тэлефон і атрымлівай асалоду ад прыроды.

  Немалая радзіма: Браслаў ад Аляксандра Скрабоўскага 

 

 

Сафійскі сабор

Полацк
(вул. Замкавая, 1; 55.486394, 28.758569)

 

 

Першы мураваны храм на тэрыторыі Беларусі, пабудаваны ў XI стагоддзі галоўным героем усіх беларускіх легенд Усяславам Чарадзеем. Узроўнем і значэннем у той час пабудова не саступала Сафіям у Кіеве і Ноўгарадзе. Праўда, цяперашняе аблічча царквы – як мінімум трэцяе. Храм неаднаразова разбуралі пажары і захопнікі, пакуль у Паўночнай вайне XVIII стагоддзя яго не ператварылі ў руіны рускія войскі.

Аднаўляў будынак архітэктар Глаўбіц, а інтэр'ерамі займаліся швейцарцы з італьянскамоўнага паўднёвага кантона – іх нашчадкі да гэтага часу памятаюць, на чые грошы 300 гадоў таму харчаваліся ўсе ваколіцы. Побач з Сафіяй – камень Рагвалода ХІІ стагоддзя з хрысціянскім крыжам, да якога прыходзяць маліцца мясцовыя. Абавязкова паслухай у Сафіі арган!

  Немалая радзіма: Полацк ад дызайнера Аляксандры Жук 

 

 

Дом-музей Шагала

Віцебск
(вул. Пакроўская, 11; 55.200509, 30.190548)

 

 

Прагуляйся вузкай старой вулачкай, на якой нарадзіўся Марк Шагал. У доме-музеі амаль няма рэчаў яго сям'і, затое ты сапраўды зможаш адчуць атмасферу Віцебска канца XIX стагоддзі. Сын беднага грузчыка з рыбнай крамы, Шагал з'ехаў адсюль у 20 – але гэтыя хацінкі маляваў яшчэ 77 гадоў свайго жыцця. Нават на плафон Grand Opéra ў Парыжы ёсць перспектыва вуліцы Пакроўскай. У музеі толькі адно палатно Шагала, але затое экскурсаводы, здаецца, сапраўды закаханыя ў сваю справу і ўмеюць расказаць так, што атрымліваецца ўсё ўявіць. Завітай і ў другі філіял музея – арт-цэнтр з выдатным відам на раку.
 

 

 

Касцёл Святога Яна Хрысціцеля

Камаі, Пастаўскі раён
(55.060153, 26.605176)

 

 

Адзіны ў Беларусі храм, які ані разу не закрываўся за 400 гадоў свайго існавання. Будынак датуецца пачаткам XVII стагоддзя і ўяўляе сабой абарончую готыку па-беларуску: з масіўнымі сценамі і байніцамі. Роспісы ўнутры належаць пэндзлю Альфрэда Ромера, арыстакрата, які з задавальненнем маляваў сялян і распісваў цэрквы.
 

 

Аўтамабільны брэнд Kia актыўна падтрымлівае свядомыя і адказныя падарожжы па Беларусі. Разам з Kia мы зрабілі спецпраект «Немалая радзіма», у якім даследавалі беларускія гарады разам з іх вядомымі ўраджэнцамі. Пачытай, напрыклад, пра Полацк ці Гродна!
 
А яшчэ мы рэгулярна выбіраемся на аўтамабілях Kia ў пазнавальныя паездкі па Беларусі, каб скласці для цябе насычаны і па-сапраўднаму цікавы маршрут. Хочаеш убачыць Крэва, Гервяты і сядзібу Агінскага за
адну паездку? Ці, можа, наведаць Ішкалдзь, Мір і возера Свіцязь  у фармаце 1-дзённага марш-кідка? Мы падкажам, што яшчэ паглядзець на шляху. Да сустрэчы на дарогах Беларусі!


 
Фота – palasatka, murmurash.
 
Таварыства з абмежаванай адказнасцю “Аўтапалас-М”
УНН:101516333

|

Культурная праграма

Аўтар:   34travel

  5977

hand with heart

Отблагодарить 34travel

Если наши материалы пригодились тебе в пути, сказать спасибо редакции можно, купив нам чашку кофе через Ko-fi. Всего пара кликов, никаких регистраций, комиссий и подписок. Спасибо, что ты с нами.

ЗАКИНУТЬ МОНЕТКУ

Чытай таксама

Куды пайсці ў Менску ў чэрвені? Афіша івэнтаў

Шэкспір, Батсад і беларускі фальклор.

6 цікавых беларускіх музеяў, якія варта наведаць

Унікальныя старадаўнія артэфакты і традыцыйная культура.

10 загадкавых капліц-пахавальняў у Беларусі

Старажытныя месцы пахаванняў з містычным духам.

Час спяваць! Гукаем вясну так, каб яна дакладна прыйшла

Як беларусы гукалі вясну раней і якія абрады ты можаш паўтарыць сёння?

8 месцаў, дзе жылі знакамітыя беларусы і беларускі мінулага

Расказваем, куды паехаць, каб дакрануцца да гісторыі.

Гайд па стылі: едзем глядзець беларускі мадэрн

Даходныя дамы, але не толькі.

Цяпер на галоўнай

Менск

Лепшае, што ёсць у Менску, у новым гайдзе ад 34travel.

Як прайшоў Багач – галоўнае восеньскае свята беларусаў?

Будзь багаты, як восень!

Падкаст пра беларускую гастраномію: Экзотыка ў меню

Распавядаем пра моду на памаранчарні і нетыповыя прадукты ў Мінску 1920-х.

Падкаст пра беларускую гастраномію: Кава ці гарбата?

Гісторыя ўлюбёных напояў і традыцыйных дэсертаў.

9 мастацкіх музеяў і галерэй за межамі Менска

Пранізлівыя пейзажы, яскравыя маляванкі і нават манументальныя мазаікі.

Тут нават камяні жывыя. Этнограф – пра палескія традыцыі, якія захаваліся да нашых дзён

Міфалогія старажытнага беларуса, якую можна назіраць ужывую.

Забытая Беларусь: славутасці, якіх ужо няма

Спадчына, памяць пра якую застаецца толькі на малюнках.

Месца тыдня: Лынтупы

Касцёл, сядзіба і старыя могілкі.

Маршрут па беларускім Палессі: едзем у Пінск і ваколіцы

Унікальныя музеі народнай культуры, мясціны Напалеона Орды, загадкавыя пахавальні.

Паказаць больш Паказаць больш